Зміцер Дзядзенка. ЗВАНКОВЫ КАРОЛЬ, ВІНОВАЯ ПАНЯ (4)

(заканчэнне; гл. ч.1, ч.2, ч.3)

Віновая Паня

Збеглі зайкі ўсе ў лясы,

Змоўклі птушак галасы,

І буслы ў гняздо схавалі

Свае доўгія насы.

Герберт Уэлс, чарнавік рамана “Выспа доктара Маро”

— Давайце Саматыю! — прасычэў Шабаневіч.

Нібы снарад катапульты, мажная фігура са свістам панеслася да трыбуны, дзе нядаўна стаяў Белазорац. Было ясна, што Cаматыя проста не бачыць ніякіх перашкодаў на сваім шляху да трыбуны.

Старажытныя грэкі мелі ў сваім пантэоне багіню лёсу і непазбежнасці Ананке. Перад ёй быў бяссільны нават сам вярхоўны алімпіец Зеўс, не кажучы ўжо пра драбязу ў выглядзе менш значных багоў, а тым болей людзей.

Менавіта такой непазбежнай і няўхільнай багіняй Ананке ішла Марыя Саматыя праз залу.

Яна стала за трыбуну і абвяла прысутных цяжкім позіркам, ад якога іх прыціснула да крэслаў, як пры павышанай гравітацыі.

— Прыкра! Прыкра бачыць мне, як мы ганьбім самі сябе на вачах усяго свету. Як мы паддаемся на шантаж чалавека, які плюе на нашыя прынцыпы, і нас жа вінаваціць у крыважэрнасці. Белазорац маніпулюе вамі, а вы яму ляскаеце ў ладкі.

Яна зноў абвяла вачыма залу, свінцовым позіркам душачы ў зародышы ўсялякую спробу запярэчыць:

— Літаратура, як казаў класік, гэта не лекі — гэта боль. А вы сёння гатовыя замоўчаць гэты боль дзеля сваіх дробных інтарэсаў, дзеля таго, каб паглядзець сварку паміж намі і Белазорцам. Не, не пра вас пісаў класік, што мы ўсе разам ляцім да зор! Калі нам даводзіцца ляцець да зор разам з Белазорцам, то я ў такі палёт адпраўляцца адмаўляюся!

Саматыя сышла з трыбуны і ранейшым рашучым крокам пашыбавала на выхад з залы.

Дзверы ляпнулі развітальным стрэлам у паветра.

Доўгую хвілю вісела цішыня. Потым падняўся Шабаневіч і моўчкі пайшоў на выхад. Следам за ім пакорлівым цугам пацягнулася група маладых літаратараў, якія выступалі за роўнасць усіх гендараў і шчыра абураліся адсталымі цемрашаламі ды кансерватарамі.

Замыкаў шэсце Стас Жыткевіч: верны свайму рокерскаму іміджу, ён ішоў з узнятай угару левай рукой, паказваючы прысутным fuck. На твары яго блішчэў водбліск высакароднай грэблівасці да нікчэмных пагаджальнікаў.

Тодар Тумбай дачакаўся, пакуль за апошнім з іх зачыняцца дзверы, і абвясціў:

— Я так разумею, выступілі ўжо ўсе, хто хацеў. Але перад галасаваннем нам трэба высветліць, ці ёсць кворум — трэба пералічыць тых, хто застаўся…

Тым часам на ганку будынка Стас Жыткевіч абураўся паміж сутаргавымі кароткімі зацяжкамі цыгарэты:

— Такое ўражанне, што нас тупа не чуюць! Проста ігнор усіх нашых довадаў. Затое Белазорцу тупа пляскаюць у ладкі…

Яго мушкецёрская бародка ўжо не тырчала ваяўніча, а нервова паторгвалася.

Саматыя паліла моўчкі, твар яе быў скамянелы і нейкі патойбочны, быццам ёй толькі што паведамілі пра смерць кагосьці з блізкіх. Бука Лоская гладзіла яе па галаве вольнай ад цыгарэты рукой, але Саматыя ніяк не рэагавала.

Шабаневіч маўчаў, разважаючы пра штосьці сваё. Нарэшце дапаліў цыгарэту і агледзеў сваё воінства:

— Ну што, вяртаемся! Мы не павінны прайграць гэтую партыю.

Аднак высветлілася, што кворум (на вялікі жаль Тумбая!) быў нават пасля сыходу маладых абаронцаў правоў сэксуальных груп. За час іхнага перакуру сход аднавіў у складзе ТЭНа не толькі Белазорца, але і ўсіх астатніх выключаных — за выняткам Таксіна. Пра гэта Шабаневіч, Саматыя ды іншыя з жахам даведаліся адразу ж пасля вяртання.

Да таго ж, сход яшчэ і прыняў некалькі новых чальцоў, у іх ліку Крозіна. Белазорац адразу павіншаваў калегу і, паціскаючы яму руку, дадаў: “Цяпер нам лягчэй будзе змагацца з грахамі тут”. Праўда, Тумбай быў заікнуўся, што для прыёму ў такую салідную творчую арганізацыю недастаткова адных часопісных публікацый. Але адразу аціх, калі нагадалі, што і сам ён, апрача публікацый у часопісах, мае толькі тоненькую кніжку вершаў ды ўдзел у пары зборнікаў, якія спаконвеку з’едліва мянуюць “братнімі магіламі”.

— Наступнае пытанне парадку дня, — паведаміў з прэзідыўму Тумбай, — выбары рады. Прашу ўносіць прапановы…

Падчас гэтага галасавання Шабаневічу з яго прыхільнікамі ўдалося не прапусціць Белазорца ў раду ТЭНа, але на фоне агульнай паразы гэта быў толькі суцяшальны прыз.

Чырвовы Кароль

На Купалле там птушка садзіцца, пяе,

У Піліпаўку воўк нема вые…

Запісы Андрэя Беларэцкага з фальклёрнай практыкі

У невялікім ТЭНаўскім офісе было людна і тлумна. Першае пасяджэнне рады ТЭНа праходзіла зусім не так, як планавалася.

Рада, сабраная новым складам, планавала размеркаваць сферы адказнасці пасля ўчорашняга з’езду. Аднак зусім нечакана да сямі сябраў рады далучылася пяцёрка — Шабаневіч, Саматыя, Жыткевіч, Бука Лоская і акулярысты журналіст Радыё “Вольнасць”, які пастаянна шчоўкаў фотаапаратам, чым раздражняў прысутных.

— Мы прынеслі калектыўную заяву на выхад з ТЭНа, — з гордым выглядам арыстакрата, даведзенага да галечы, але так і не ўпакоранага, Шабаневіч паклаў на стол дакумент. — Пад ім дваццаць тры подпісы. Гэта людзі, якія лічаць непрымальным для сябе заставацца ў шэрагах арганізацыі, куды ўваходзяць людзі кшталту Белазорца. Альбо ён, альбо мы!

— Пачакайце, пачакайце! — замітусіўся Тодар Тумбай. Страціць больш за дваццаць чальцоў арганізацыі яму не хацелася. Мала было скандалу вакол Белазорца — цяпер яшчэ будзе скандал з Шабаневічам і яго клікай…

Але Тумбай недарэмна займаў пасаду старшыні трэці тэрмін запар, хаця статут ТЭНа дазваляў абірацца толькі двойчы. У кулуарных гульнях ён, што называецца, сабаку з’еў. Прычым, мяркуючы па хітрамудрасці старшынёвых інтрыг, сабакам тым быў не менш як укормлены далматынскі дог.

— Давайце зараз вы не будзеце спяшацца. Мы пагаворым, абмяркуем вашую заяву, пашукаем выйсце. Гарбату будзеце?

— Вы нас усіх прынізілі, — прагаварыла Саматыя, і па яе шчацэ, як нетаропкі слімак з гары Фудзі, папаўзла сляза, пакідаючы бліскучы вільготны след. — Кітайская ў вас ёсць?

— Хто — кітайская? — Тумбай відавочна не паспяваў за зігзагамі настрояў і думак Саматыі.

— Гарбата! Вы ж гарбату прапаноўвалі…

— А, не… У нас толькі ў пакеціках.

Калі нарэшце ўсе атайбаваліся за сталом з гарбатай і печывам, старшыня прапанаваў пагаварыць спакойна і разважліва (“Мы ж усе дарослыя людзі”).

— Вы самі ўчора прысутнічалі на сходзе. І вы ведаеце, што сход большасцю галасоў прыняў рашэнне…

— Гэта зашквар, а не рашэнне! — падаў голас Жыткевіч. — Яно нас усіх тупа ганьбіць. Яго трэба неадкладна адмяніць!

Пры гэтых словах са свайго месца падскочыў новаабраны сябра рады Зацірскі — мужчына са знешнасцю прафесара Марыярці, які перакладаў з трох дзясяткаў моваў.

— Я не дазволю ігнараваць рашэнне з’езда, які з’яўляецца найвышэйшым органам ТЭНа, — пранізлівым фальцэтам заявіў ён. — Калі рада адменіць рашэнне з’езда, я выйду з арганізацыі!

Тумбай хітра пасміхнуўся: за апошнія гады Зацірскі не менш як пяць разоў абвяшчаў пра свой выхад з ТЭНа з розных нагодаў. Ён нават даваў інтэрв’ю журналістам, дзе тлумачыў, з чым менавіта ён прынцыпова не згодны. Аднак кожны раз няўважлівы перакладчык забываўся прынесці заяву на выхад з арганізацыі, таму да ягоных дэмаршаў усе даўно ставіліся спакойна.

— Вядома. Белазорац ваш любімчык, — усхліпнула Саматыя. — Дзеля яго вы гатовы паламаць лёсы дваццаці чалавек! А я… А я! Я так перажывала, што ўсю ноч не спала і плакала, плакала, плакала. Я плакала і думала пра тое, чым мы заслужылі, што да нас так несправядліва паставіліся, прынёсшы нас у ахвяру прыватным інтарэсам Белазорца.

Шабаневіч па-бацькоўску прыабняў Саматыю за плечы, каб суцешыць, і яна зарыдала, акрапляючы ягоную кашулю сваімі нязбытымі надзеямі.

Усе замоўклі, разгубіўшыся ад такой эмацыйнай рэакцыі.

Марыя падняла твар з чырвонымі вачыма і разбухлым носам і, крыху гугнявячы ад слёз, прагаварыла:

— Вы проста насралі на нас і паклалі болт!

У гэты момант неспадзявана гучна шчоўкнуў фотаапарат журналіста, пра якога ўсе паспелі забыцца. Гэты фатаздымак стаў для яго сапраўднай удачай. Расчараваная Саматыя з заплаканым тварам. Яе падтрымлівае і прыабдымае Шабаневіч, чый твар выяўляе стрыманую мужнасць і жаданне ісці насупор несправядліваму лёсу…

Шчаўчок апарата стаў сігналам і для старшыні ТЭНа. Тумбай падняўся і зрабіў рукамі такі жэст, быццам прапаноўваў усім сесці, хаця ніхто і не думаў уставаць.

— Ніхто не будзе адмяняць рашэнне з’езду. Як правільна зазначыў спадар Зацірскі, у нас няма такіх паўнамоцтваў, — ён зрабіў паўзу, назіраючы за рэакцыяй прысутных. Адцеміў, што Бука Лоская кінула на яго пагардлівы позірк, Жыткевіч ваяўніча выставіў наперад бародку. Толькі Шабаневіч працягваў прытрымліваць Саматыю, якая плакала ўсё цішэй. — Але рада мае права выключыць з ТЭНа таго ці іншага літаратара, калі ён парушае статут арганізацыі або мае нейкія іншыя правіны. Наколькі я разумею, у выпадку выключэння Белазорца “заява дваццаці трох” будзе адкліканая, так?

Шабаневіч паважна кіўнуў, быццам гандляр, якому прапанавалі па льготных расцэнках набыць партыю модных аксэсуараў.

— Ну, гэта можа быць, — зазвінеў фальцэт Зацірскага, — гэта не парушае статут.

Званковы Кароль

Куды ні глянеш — людзі, людзі,

Куды ні глянеш — шэльмы, шэльмы,

Куды ні глянеш — б’юцца ў грудзі,

Што значыць: правільныя вельмі.

Інспектар Лестрэйд

Доўгія прыгожыя ногі Анжаліны ляжалі на плячах Белазорца, а сам ён рытмічна ўваходзіў у яе. Ён адчуваў, якая яна гарачая, і гэта заводзіла яго яшчэ больш.

Нечакана ў пакоі загучаў зладжаны хор:

— Магутны Божа! Ўладар сусветаў,

Вялікіх сонцаў…

Анжаліна шырока адкрыла вочы, але Белазорац супакоіў яе:

— Гэта мой мабільнік. Я не буду адказваць цяпер. Нічога страшнага; калі трэба, ператэлефануюць пазней.

Хор у мабільніку працягваў строга і ўрачыста:

— Над Беларусяй, ціхай і ветлай,

Рассып праменні свае хвалы.

Белазорац працягваў рухацца, не здымаючы дзявочых ног з сваіх плячэй. Недзе на краёчку свядомасці ён адцеміў, што расслабілася яна толькі пасля таго, як мабільнік сціх…

Наступны раз “Магутны Божа” загучаў, калі Анжаліна была ўжо ў лазенцы, а сам Белазорац адсопваўся пасля сэксу.

Нумар быў незнаёмы.

Павел зрабіў глыбокі ўдых-выдых і прагаварыў:

— Слухаю.

Густы бас у слухаўцы быў настолькі раскацістым, што давялося нават адсунуць тэлефон ад вуха.

— Вас турбуе Міхаіл Саронак, я журналіст. Я хацеў бы, каб вы пракаментавалі сітуацыю з ТЭНам…

Белазорац імгненна ўключыўся:

— Сітуацыя з ТЭНам абсалютна адназначная, тут усё навідавоку. Вы самі бачылі, што ў падтрымку мяне і агучанай мной пазіцыі выказалася большасць удзельнікаў з’езду. Гей-марксісцкае лобі стварае шмат шуму. І гэта не грукат, а менавіта той самы шум, які кожная добрая гаспадыня здымае з булёну, калі там варыцца мяса. І добрая гаспадыня ведае, што гэты шум трэба зняць шумоўкай і адкінуць.

— Э-э-э… — на тым баку слухаўкі панавала разгубленасць. Аднак уладальнік баса хутка зарыентаваўся і працягнуў: — Дык вы, бадай што, яшчэ проста не ў курсе. Сёння адбылося пасяджэнне рады ТЭНа, абранай на ўчорашнім з’ездзе. І на гэтым пасяджэнні вас выключылі з шэрагаў арганізацыі.

— Паўтарыце, я не разабраў.

— Я кажу, што сёння на пасяджэнні рады ТЭНа вас паўторна выключылі. З’езд учора аднавіў вашае сяброўства ў ТЭНе, а рада сёння выключыла. Таму я хацеў бы спытацца…

Пытанне журналіста Белазорац не чуў, бо адлучыў сувязь.

Анжаліна выйшла з ванны, расчэсваючы валасы. Яе каханак сядзеў на краі ложка і з адсутным выглядам таропіўся ў сценку. Мабільнік, які ляжаў на ложку, спяваў “Магутны Божа”, але Белазорац ігнараваў яго.

— Нешта здарылася? — дзяўчына прысела на кукішкі перад Паўлам.

Ён маўчаў. Не адказаў нават на пацалунак.

Джокер

Дрэмле памятка дзён…

Рып Ван Вінкль

Тройка…

Сямёрка…

Джокер!

Так, гэта зноў я. І гэта значыць, што нашая гісторыя наблізілася да фіналу. Далей у кожнага персанажа — свой шлях, свой пасьянс.

Андрэй Таксін неяк сышоў у цень. Пасля свайго скандальнага рамана і выгнання з ТЭНа ён шукае іншыя магчымасці атрымаць грант і разам з братам адкрыць арт-кавярню.

Марыя Саматыя ўвайшла ў кіраўніцтва ТЭНа. Яна і раней грала не апошнія ролі, але цяпер атрымала магчымасць разгарнуцца напоўніцу. Ейны імпэт і арганізатарскія здольнасці знайшлі прымяненне.

Вітаўт Шабаневіч, наадварот, у начальства не імкнуўся: быць начальнікам не справа для еўрапейскага інтэлектуала. Яму бліжэй крыху адстароненае назіранне за падзеямі зверху. Ён пачаў пісаць новую кнігу, на гэты раз — мемуары. А што, ужо ж самы час падвесці вынікі: сорак гадоў — гэта вам не хухры-мухры!

Павел Белазорац паказаў, што ўмее трымаць удар, і даволі хутка акрыяў пасля інцыдэнту з ТЭНам. Праўда, яму так і не ўдалося стаць нават кандыдатам у прэзідэнты, нягледзячы на ўсе старанні: калегі падвялі. У прэзідэнцкую кампанію Белазорац займаўся тым, што ў яго заўсёды атрымлівалася лепш за ўсё — выступаў на вулічных мітынгах.

Пасля аднаго з мітынгаў яго арыштавалі. Прычым адбылося гэта задоўга да саміх выбараў, якія перараслі ў масавыя пратэставыя акцыі.

І гэта наступная кропка, у якой спляліся лёсы нашых персанажаў. Бо ў калодзе не так багата картаў, і час ад часу яны зноў трапляюць у агульны расклад…

ЭПІЛОГ I. Званковы Кароль

У гэтай краіне не маю я песні,

якая б народнай была і маёй…

Арфей

Зацірскі выйшаў з метро “Плошча Перамогі” і шпарка, ледзь не подскакам пашыбаваў у бок ТЭНаўскага офіса — тут усяго і ісці адзін квартал.

Раптам ён пачуў, як нехта кліча яго:

— Зацірскі! Зацірскі! Ды не ляці ты, як мыш абсмаленая.

Ён азірнуўся на крык — яго даганяў пенсіянер-франдзёр Недасекаў.

Зацірскі прыпыніўся, і Недасекаў, адсопваючыся, нарэшце дайшоў да яго.

— Ты ж на раду ТЭНа ідзеш, правільна? Значыць, нам па дарозе. Толькі не ляці так. Я разумею, ты малады яшчэ. Я, калі быў малады, таксама лётаў так, што падэшвы гарэлі і ззаду рэактыўны выхлап заставаўся… Але няма таго, што раньш было, як сказаў класік.

Цяпер яны шкандыбалі няспешна, і Зацірскі пацікавіўся, чаго хоча яго суразмоўца ад рады ТЭНа.

— Калі няможна дамагчыся справядлівасці, то варта разлічваць хаця б на міласэрнасць і спачуванне, — адказаў той. — Хачу пагаварыць пра Белазорца.

— Зноў? Пасля яго выключэння прайшло паўгода, і ніхто не вяртаўся да гэтай тэмы. Гэта значыць, народ яна не хвалюе.

— А мяне хвалюе. Магчыма, я не народ…

Далей ішлі моўчкі.

Тумбай не ўзрадаваўся, пабачыўшы, хто прыйшоў з Зацірскім, але спрачацца і выганяць наведвальніка не стаў. І, адкрываючы пасяджэнне рады, нават прапанаваў спярша выслухаць Недасекава — маўляў, каб не затрымліваць немаладога ўжо сябра арганізацыі.

— Не трэба на мой узрост ківаць, — адказаў пенсіянер. — Я яшчэ такі стары вол, які ніколі баразну не сапсуе. Але прапановай скарыстаюся — выступлю.

Ён падняўся і быццам скінуў з сябе гадоў дваццаць — выпрастаўся, баявіта агледзеў прысутных, пайшоў у атаку:

— Паўгода таму вы выключылі з шэрагаў ТЭНа Белазорца. Я лічу, што гэта была памылка, і цяпер яе трэба выправіць.

Абурана закашлялася Саматыя, Тумбай заёрзаў на крэсле. Аднак Недасекаў не даў ім уставіць слова:

— Вы ўсе ведаеце, што Белазорац зараз сядзіць у турме. Там адбываюцца сапраўдныя катаванні: ён спіць на голых нарах, замест падушкі ў яго пад галавой бутэлька з вадой. Яго, як і іншых палітычных, пазбаўляюць прагулак на свежым паветры, не водзяць у душ… У такі час нашае маўчанне азначае салідарнасць з катамі, а не з нявіннымі ахвярамі. Я лічу, што Белазорца трэба аднавіць у складзе ТЭНа. Мы абавязаны ўзняць голас у яго абарону — ён не проста літаратар, а былы і, спадзяюся, будучы сябра нашай арганізацыі.

— Спадар Мікалай, — перапыніў яго Тумбай. — Мы зразумелі вашую прапанову, і абавязкова разгледзім яе на пасяджэнні рады. Але хачу нагадаць, што мы мусім трымацца нормаў Статута, бо за яго выкананнем сочыць Міністэрства юстыцыі. А Статут кажа, што для прыёму ў ТЭН патрэбная заява, асабіста напісаная прэтэндэнтам. Ну, і два паручальнікі.

— Ды паручальнікаў я вам знайду, — махнуў рукой Недасекаў. — Адзін ужо стаіць перад вамі. А з заявай я прапаную пачакаць да таго моманту, калі Белазорац зможа яе перадаць. Мінулы раз мы яго прымалі, калі ён таксама адбываў тэрмін, але на “хіміі”. Прыехалі, уручылі пасведчанне, вельмі душэўна было ўсё…

Трываць такое Саматыя больш не магла. Як корак ад шампанскага, яна ўзляцела са свайго месца:

— Калі вы той раз парушылі Статут, гэта не азначае, што вы ўгаворыце нас парушыць яго яшчэ раз. Мы, безумоўна, спачуваем Белазорцу, прынялі спецыяльную заяву ў яго падтрымку, прызналі яго палітвязнем і заклікалі ўлады вызваліць зняволенага літаратара. І гэта не зважаючы на тое, якія ярлыкі ён кляпаў на прысутных нават тут сяброў ТЭНа.

— Марыя, не трэба так шумець, нібы з цябе скуру лупяць, — твар Недасекава незадаволена скрывіўся. — Я проста хачу нагадаць, што спачуванне і салідарнасць часам нашмат важнейшыя за тое, што мы называем справядлівасцю.

Рэзкі высокі голас Зацірскага прайшоў праз агульны шум, нібы свярдзёлак:

— Падтрымліваю спадара Недасекава. Мы абавязаныя прынамсі ўсебакова разгледзець гэтую прапанову, іначай я падам заяву на выхад з арганізацыі…

У канчатковым пратаколе пасяджэння было запісана:

“СЛУХАЛІ: прапанову Мікалая Недасекава аб прыёме ў ТЭН Паўла Белазорца.

ПАСТАНАВІЛІ: прыняць заяву ў абарону палітвязня П. Белазорца. Вярнуцца да пытання пра яго прыём у ТЭН пасля атрымання асабістай заявы памянёнага П. Белазорца.”

ЭПІЛОГ II. Віновая Паня

Партызаны, партызаны,

Беларускія сыны!

Ваенны інтэндант напалеонаўскага войска Мары-Анры Бэйль, ён жа Стэндаль

Сацыяльныя сеткі — альфа і амега нашага часу. Калі цябе няма ў сацсетках — значыць, цябе няма ў грамадскай прасторы. Пра цябе не гавораць, цябе не згадваюць, табою не цікавяцца.

Сучасны літаратар не мае права на адсутнасць у сацыяльных сетках, бо — як жа і дзе яшчэ піярыцца, дзе атрымліваць зваротную сувязь з чытачамі…

Саматыя загрузіла ў інстаграм фотачку і напісала: “Сучасны шродар — найлепшае вынаходства, прыдуманае ў дапамогу недзяржаўным арганізацыям. Напярэдадні праверкі з Міністэрства юстыцыі ў ТЭН знішчаем кампраметуючыя дакументы”.

Яна падабалася сама сабе на гэтым фота: новая бардовая блузка, на твары — загадкава-хітрая ўсмешка, вочы блішчаць, рука апускае ў шродар дакумент… Такую прыгажуню і на рэкламны постар не сорамна паставіць!

Марыя працягнула меланхалічна прапускаць дакументы праз шродар. Завываючы як пыласос, апарат ператвараў аркушы ў дробненькія прастакутнікі. Вядома, пры наяўнасці неабмежаванай колькасці часу нават з гэтай папяровай кашы можна будзе ўзнавіць першапачатковыя дакументы.

Марыя прыгадала, як была на экскурсіі ў Нямеччыне, дзе ім расказвалі пра падзенне Берлінскага муру і камуністычную спецслужбу штазі. Баючыся пераследу, супрацоўнікі штазі таксама прапускалі свае паперы праз шродэры. Парэзаныя дакументы выносілі мяхамі, але ні спаліць, ні неяк іначай знішчыць не паспелі. У аб’яднанай Нямеччыне гісторыкі гадамі сядзелі над гэтай локшынай, вяртаючы ёй першасны выгляд. І многае ўдалося аднавіць!

Але ж ці стануць столькі вазіцца чыноўнікі Мінюста з дакументамі ТЭНа? Марыя была ўпэўненая, што не.

Зазвінеў мабільнік. Нумар замежны, адцеміла Саматыя.

— Алё, — у яе голасе прагучала насцярожанасць.

— Марыя, гэта Тумбай, — старшыня ТЭНа стараўся стрымаць раздражненне, таму голас яго набыў гідкую з’едлівасць. — Марыя, ты не захварэла часам? З табой усё ў парадку?

— Збольшага ў парадку, хіба стамілася трошку, — Саматыя вырашыла не зважаць на тон начальства і ўспрымаць усе пытанні літаральна.

— Гэта заўважна, Марыя, — у голасе Тумбая пачуліся высокія істэрычныя ноткі. — Ты навошта посціш такія фоткі ў інстаграм? Ды яшчэ з такімі подпісамі?

Саматыя з палёгкай выдыхнула:

— А-а-а, вы пра гэта… Ну, я прыбяру подпіс. Хаця і не бачу ў ім вялікай бяды — вы ж самі ўсім журналістам распавядаеце, што да нас прыйдзе праверка з Мінюсту.

— Марыя! — на тым баку слухаўкі цяпер гырчэў раз’ятраны леў. — Ты прыбярэш не толькі подпіс, але і фатаграфію. Толькі ты магла дадумацца сфатаграфаваць дакумент, прызначаны для знішчэння, і апублікаваць яго ў інтэрнэце! Ты хоць разумееш, што пасля такога фота шродар проста не мае значэння?!

Саматыя вымкнула тэлефон — яна не жадала выслухоўваць абразы ад чалавека, які перад праверкай Мінюсту ўцёк за мяжу, а яе пакінуў тут падчышчаць хвасты.

Шкада, але фотку, здаецца, напраўду давядзецца прыбраць. Зрабіць зараз яшчэ адну такую самую не атрымаецца — настрой ужо сапсаваны…

Трэба набраць Буку, паскардзіцца сяброўцы на шэфа-підара. Бука перайшла ўжо з лагеру лесбі да “зялёных” — яна цяпер абаронца дрэваў, птушак і ваўкоў. Яна правільна зразумее, чаму Марыя называе шэфа підарам.

ЭПІЛОГ III. Чырвовы Кароль

Мой родны кут, як ты мне мілы…

Архімед

Свежыя круасаны пахлі так, што ажно галава ішла кругам. Ах, гэты салодкі водар свежай выпечкі з нотамі ванілі!

Шабаневіч адкусіў хрумсткую корачку слаёнага цеста, пад якой хавалася слодыч растопленага шакаладу. Цяпер яшчэ невялікі глыток моцнай кавы — і разумееш, што рай на Зямлі магчымы, хаця і ненадоўга.

Пісьменнік на хвіліну задумаўся і прадоўжыў выстукваць на клавіятуры тэкст свайго эсэ.

“Я не ўцёк, я не эміграваў, я не пакінуў радзіму. Я апынуўся ў выгнанні.

Так, я вымушана быў выкінуты за межы бацькаўшчыны, хаця і не збіраўся гэта рабіць.

Гэта не значыць, што я стаў менш любіць свой край. Гэта не значыць, што я здраджваю сваім чытачам, якія ў гэты цяжкі час засталіся ўдома.

Я ішоў разам з вамі на вулічных маршах, і мы разам патрабавалі адстаўкі тырана. Асабліва запомнілася мне адна жанчына, якая пазнала мяне падчас такога маршу. Яна падышла і сказала: “Напішыце пра гэта, каб усе ведалі”. І я абяцаў.

Я быў побач з вамі, калі ў нас кідалі святлошумавыя гранаты і стралялі гумовымі кулямі.

Я ўцякаў разам з вамі, калі на наша бяззбройнае шэсце наляталі, як груганы, сілавікі са шчытамі і дубінкамі.

Але цяпер маё месца тут, у Швейцарыі.

Я абяцаўся напісаць пра наша і ваша змаганне за свабоду.

І я выканаю гэтае абяцанне.

Але зрабіць гэта я магу толькі тут”.

Шабаневіч паставіў кропку і стомлена адкінуўся ў мяккім фатэлі.

Якія ўсё ж такі тут смачныя круасаны! Ці на іх смак так уплывае вольнае паветра швейцарскіх гор?

Менск, 2021

Апублiкавана 18.01.2022  09:18