(працяг; першыя дзве часткі там і тут)
Віновая Паня
Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы
У ціхую сінюю ноч.
Джэк-вантробшчык
Адной рукой можна штурхаць перад сабой дзіцячы вазок, а другой — гартаць фотачкі ў Інстаграме. Скажы, багіня Дурга, як ты спраўлялася пры такой колькасці рук толькі з двума вачыма?
Марыя давала рады не толькі везці вазок, у якім спала Хрысця, ды зазіраць у смартфон, але яшчэ весці няспешную гутарку з сяброўкай Букай Лоскай.
У пашпарце Бука была запісаная як Вольга. “Аскабалкі мінулага жыцця”, — махала рукой яна.
Як і Марыя, Бука была пісьменніцай і сябрай ТЭНа. Як належыць моднай постмадэрновай творцы, псеўданім, які яна ўзяла сабе, быў амаль поўнай анаграмай аднаго з класікаў. Перастаўляеш літары — і атрымліваецца, што ты Бука Лоская! Як той казаў, сачыце за рукамі — і ніякага махлярства…
Цяпер яны няспешна ішлі па дарожцы парку і гэтак жа павольна, з доўгімі тэатральнымі паўзамі, размаўлялі. Інстаграм жа сам сябе не паглядзіць! А калі глядзіш Інстаграм, хутка адказваць проста не паспяваеш.
— І што ты надумала? Будзеш пераязджаць? — Марыя адарвала позірк ад смартфона, бо вазочак аб нешта зачапіўся. А, нічога страшнага — з-пад разбітай пліткі на дарожку вызірнуў корань дрэва.
Бука пераступіла перашкоду, якая прыпыніла Марыю з вазком, і задуменна прамовіла, бы снайпер, які вядзе ў скрыжаванні прыцэла абраную мішэнь:
— Я яшчэ ў роздуме. Вагаюся.
Выносістая, бы хваіна, Бука некалькі месяцаў таму выявіла, што стала лесбіянкай. Гэтае радаснае адкрыццё было ёй пасланае падчас міжнароднага літаратурнага фэсту ў Польшчы: пасля гарачай паэтычнай ночы з чытаннем вершаў, спяваннем песень і спажываннем неймаверна складаных кактэйляў Бука прачнулася ў адным ложку з чарнаскурай Трэмбі.
Па вяртанні дадому Бука пачала насіць замест ранейшых сукенак невыразныя шырокія штаны і віслыя швэдры. Яна пахудзела, і на раней круглым твары цяпер драпежна тырчаў нос.
Бука не магла дазволіць чалавецтву надалей жыць у няведанні таго ашаламляльнага здарэння, што адбылося з ёй. Таму яна напісала раман пра сваё новае каханне — сапраўднае, жаночае.
За жыццём Трэмбі Бука сачыла праз інтэрнэт — ва ўсіх сацыяльных сетках. Тая рабіла тое самае і ўжо некалькі разоў клікала Буку пераехаць да яе — удваіх ім, маўляў, будзе лепш, бо што гэта за адносіны на такой адлегласці, ды яшчэ з перашкодай у выглядзе дзяржаўных межаў…
Марыя ведала ад сяброўкі пра ўсе перыпетыі ейнага складанага міждзяржаўнага рамана.
— Правільна, не спяшайся, — працягнула яна размову пра пераезд. — Я на цябе разлічваю, на тваю падтрымку. Ты на з’ездзе ТЭНа павінна абавязкова выступіць.
Сяброўка працягвала ісці побач моўчкі. Потым, марудна выдзіраючыся з сіропу інтэрнэт-мэсэнджара, выціснула з сябе пытанне:
— А што, нешта здарылася хіба?
— А ты хіба не ведаеш? — у голасе Марыі гучала такое непрыхаванае здзіўленне, што Бука адарвала позірк ад смартфона і ўважліва паглядзела на яе. Потым адмоўна пакруціла галавой.
— Белазорца аднавілі ў ТЭНе, бо ён заплаціў усе запазычанасці. Цяпер ён плануе прыйсці на з’езд, каб там наладзіць бучу!
Звычайна непрыемныя навіны паведамляюць не такім трыўмфальным тонам, якім спартовыя каментатары крычаць “Го-о-ол!”, але Марыя не магла стрымацца. Яна першая даведалася такую сенсацыйную навіну і першая расказала пра яе сяброўцы!
Бука ўявіла, як Белазорац на з’ездзе стане кіраўніком ТЭНа і пачне змяняць арганізацыю пад сябе. На яе твары адлюстраваўся жах ад такой перспектывы, а нос нібыта яшчэ больш выцягнуўся, ператвараючыся ў ваяўнічую дзюбу.
— Не, не дапусцім! Толькі бой! — яна рашуча ўскінула галаву.
…На паркавую дарожку з бліжэйшага ясеня саскочыла вавёрка і паглядзела ўслед дзвюм паненкам з дзіцячым вазком, якія працягвалі свой няспешны шпацыр. Праўда, цяпер яны ішлі, горда ўзняўшы галовы, быццам над імі развінаўся нябачны баявы штандар. Але вавёрку гэта мала абыходзіла: ёй было важней, каб яны не надумалі вяртацца і перашкаджаць ёй, вавёрцы, скакаць па сваіх вавёрчыных справах.
Жалудовы Валет
Нас падзялілі — хто? Чужаніцы…
Містэр Хайд
Медзведзяватаму, мажному Георгію Варштацкаму было цеснавата ў кабінеце старшыні Саюза пісьменнікаў: тры працоўныя сталы на дваццаці квадратных метрах! Ды яшчэ сюды ж уплішчылі дзве шафы з дакументацыяй і кнігамі.
Неакуратна паварушы плячыма — і ўтворыцца тут апошні дзень Пампеі, загрувасціўшы падлогу бланкамі ды кніжкамі. Але без кніг ніяк нельга — пісьменнікі ж!
От раней у Саюза пісьменнікаў быў свой Дом — вялікі трохпавярховы будынак. Там хапала месца і на залы, і на рэстаран, і на прасторныя кабінеты для старшыні ды сакратароў… У такім кабінеце можна было танчыць, не пасоўваючы стол старшыні!
Вось толькі цяперашняя ўлада пісьменнікаў незалюбіла. Моцна незалюбіла. Таму забрала ў іх Дом з тымі самымі танцавальна-прасторнымі кабінетамі.
І даводзіцца цяпер кіраўніку пісьменніцкага Саюза туліцца ў гэтым нішчымным пакойчыку, дзелячы яго і з намеснікам, і з сакратаром.
Сюды ж прыходзяць і пісьменнікі. Хтосьці па старой памяці зазірае пагаманіць з калегамі пра сваё, літаратарскае — свае новыя кнігі, чужыя новыя машыны… Кагосьці ж прыносіць іншы вецер — заходзяць, каб абмеркаваць падрыхтоўку свайго твора для публікацыі ў часопісе. Бо старшыня Саюза пісьменнікаў Якуб Александровіч — яшчэ і галоўны рэдактар літаратурнага часопіса “Коска”.
Варштацкі зайшоў акурат для таго, каб абмеркаваць будучую публікацыю рамана ў “Косцы”. Раман насіў кароткую, але ёмістую назву — “Юр”.
— Гэта вельмі правільна, што вы ўзяліся друкаваць мой раман, — басавітым чмялём гудзеў ён. — У наш час усеагульнай страты шкалы каштоўнасцяў павінна быць нешта нармальнае — тое, што вяртае ўсіх да разумення, хто мы і дзе нашае месца ў гэтым свеце.
Александровіч правёў рукой па лысай галаве ад ілба да патыліцы, нібы адкрываючы ў мазгу нябачны словапрыёмнік для выказванняў Варштацкага.
— Што мы бачым цяпер? — працягваў наведнік, патэтычна ўздымаючы цяжкую руку жэстам, які скульптары любілі надаваць правадыру сусветнага пралетарыяту. — Разбэшчанасць, непераборлівасць… Нашыя дзяўчаты самі ідуць у ложак да гэтых чарназадых азіятаў, да брудных неграў! Але ж прыроду не падманеш. Навука ўжо даўно ўсё даказала: калі першы мужчына ў такой дзявулі быў негр ці азіят, то і дзеці яе будуць мець рысы таго самага негра або азіята. Тэлегонія — не прыдумка ілжэвучоных, а самы сапраўдны факт!
Варштацкі памахаў у паветры пальцам, пагражаючы нябачным ілжэвучоным, якія насмеліліся сумнявацца ў тэлегоніі. Потым прыгадаў, як мала вольнага месца ў кабінеце Александровіча, і троху сумеўся, працягваў ужо прыцішаным голасам:
— Я гэта ўсё паказаў, вядома ж, у мастацкай форме, але зрабіў устаўкі, дзе разважаю пра гэтую праблему. Наш народ губляе сваё спаконвечнае аблічча гэтак жа імкліва, як губляе мову. Але калі пра мову ёсць каму біць у званы, то пра небяспеку ператварыцца ў нацыю неграазіятаў акрамя мяне ніхто не піша. Быццам усім ці то мову заняло, ці то вочы заляпіла!
Александровіч не пярэчыў госцю і не спыняў яго. За гады кіравання пісьменніцкай арганізацыяй ён цвёрда засвоіў: калі пісьменнік пачынае выказвацца, яму трэба даць дагаварыць, бо ў гэтыя моманты творца прыпадабняецца да цецерука, які не чуе нічога, апроч уласнай песні.
Але Варштацкі сам спыніў хваласпевы свайму раману і здзіўлена паглядзеў на дзверы кабінета. Там паказалася маладзенькая сакратарка, чыё з’яўленне кожны раз шакавала прыхільніка тэлегоніі: валасы ў дзяўчыны былі пафарбаваныя ў ружовы і сіні колеры.
— Спадар Якуб, — праспявала яна мядовым галаском, — вы моцна заняты? Там прыйшоў хлопец, кажа, што хоча падаць заяву на ўступленне ў наш Саюз. Клічуць Андрэй Таксін…
Імя Александровічу нешта нагадала. Але! Гэта ж той хлопец, які напісаў скандальны раман пра ТЭН.
Кіраўнік Саюза пісьменнікаў зларадна пасміхнуўся: ён не любіў ТЭН, як дварняк не любіць канкурэнтаў, якія прыходзяць на ягоную тэрыторыю. Ну, навошта прыдумалі гэты ТЭН — было ж так добра, калі ўсе пісьменнікі сабраныя ў адным Саюзе…
І вось гэты Таксін адпомсціў канкурэнтам, паказаў усю іх нікчэмнасць і дробязнасць.
— Папрасі пачакаць пару хвілінак, калі ласка, — сказаў ён сакратарцы. — Мы хутка завершым гутарку, і я яго прыму…
Званковы Кароль
Калі ідуць на абардаж
І поўніць полымя прасцяг,
Да верху мачты экіпаж
Цвікамі прыбівае сцяг.
Джон Сільвер
З’езд ТЭНа набліжаўся няўхільна, як Армагедон.
Павел Белазорац рыхтаваўся да яго, адчуваючы сябе Напалеонам перад Тулонам: усё, што было дагэтуль — толькі падрыхтоўка, а наперадзе чакае светлы шлях да вяршыняў, бліскучыя перамогі і ззянне славы.
Калі рашучы дзень наступіў, Белазорац сустрэў яго ў белай кашулі, антрацытавым касцюме і барвовым гальштуку. Гама была падабраная з глыбокім сэнсам: каб было ўрачыста і каб падкрэслівала два асноўныя колеры — белы і чырвоны. Алюзія на сцяг і на колеры народных строяў.
Ён мусіў прыгожа і імпазантна выглядаць на трыбуне падчас выступу.
Белазорац крытычным вокам ацаніў сябе ў люстэрку, паправіў пасмачку, якая легла няроўна, і выйшаў на вуліцу. Там яго чакаў Барыс Крозін — паплечнік, аднапартыец, рэдактар сайта chrystos.by. Белазорац ведаў яго як чалавека не толькі крэатыўнага, але і надзейнага. Такога можна весці за сабой, не баючыся ўдару ў спіну.
Крозіна Павел планаваў таксама ўцягнуць у ТЭН, каб лягчэй было авалодваць свавольным пісьменніцкім аб’яднаннем. Далучэнне навічка да шэрагаў ТЭНа мусіла адбыцца акурат на з’ездзе.
— Ну што, пойдзем разам — на вялікі сход, па Бацькаўшчыну? — прывітаўся Белазорац цытатай з класіка.
Крозін маўкліва пагадзіўся: начальства сказала “па Бацькаўшчыну” — значыць, па яе і пойдзем.
Для з’езду ТЭН арандаваў залу ў Саюзе мастакоў. Іх вялікі будынак у цэнтры горада быў прыстасаваны пад правядзенне выставаў, таму меў велічэзныя залы. Прыемным бонусам быў рэстаранчык з ціхай інструментальнай музыкай, які ненавязліва прытуліўся за будынкам. “Няблага-няблага, — падумаў Крозін. — Пасля прыняцця ў ТЭН можна будзе зазірнуць, каб адзначыць падзею”.
Барыс агледзеўся: вакол іх з Белазорцам утварылася пустая прастора, якую іншыя нібыта баяліся парушыць. Крозіну адразу прыгадалася вока тайфуна, у якім гаспадаруе поўны штыль і спакой у той час, як па-за гэтым колам усё раве, становіцца старчма, узлятае да нябёсаў і ападае ў прадонне.
На іх глядзелі з падазрэннем, з насцярожанасцю, з недаверлівым здзіўленнем… Ад нейкай дзяўчыны ў віслым швэдры проста выпраменьвала абурэнне, быццам ад АЭС. Твар маладзёна з мушкецёрскай бародкай, які глядзеў на іх з пагардай, падаўся Крозіну знаёмым. Праз нейкі час ён успомніў — гэта быў Стас Жыткевіч, музыка і паэт, лідар гурта “Сэр Вантуз”. Побач з ім ганарыста ўздымаў галаву Вітаўт Шабаневіч, які дэманстрацыйна ігнараваў прысутнасць Белазорца.
Раптам да іх падляцеў жыццярадасны паэт Недасекаў — колішні апявальнік камсамолу, потым палітык, а цяпер пенсіянер-франдзёр:
— Павел! Рады цябе бачыць! А то тут пра цябе такое абы-што пішуць… Я за цябе, за цябе! І патрабаваў, каб ТЭН аднавіў цябе ў сваіх шэрагах.
Белазорац засяроджана паціснуў працягнутую руку і дапытліва зазірнуў у твар паэту:
— І вас рады бачыць, спадар Мікалай! Асабліва цяпер. Вашая падтрымка мне надзвычай дарагая і каштоўная, бо я планую вылучацца ў прэзідэнты. Хачу вас запрасіць у сваю каманду: ваш досвед і інтэлект будуць неацэнным унёскам у нашу агульную перамогу!
Твар Недасекава працягваў ззяць шчасцем ад сустрэчы, але, абаяльна ўсміхнуўшыся, франдзёр прасакатаў:
— Гэта ты малайчына! Трэба высока трымаць наш штандар і не здавацца. Толькі наперад, не зважаючы на ўсе перашкоды і бар’еры!.. Прабач, мне адысці трэба, яшчэ хачу тут аднаго чалавечка знайсці.
І Недасекаў знік у навакольным віры, быццам сом, які, вільнуўшы хвастом, залягае на дно. Але ён прарваў негалосную блакаду вакол Белазорца і Крозіна — цяпер і іншыя сябры ТЭНа не баяліся падысці і звярнуцца да скандальнага выкрывальніка “марксісцкага гей-лобі”.
Першым падышоў раманіст Паперскі з шырокай барадой на круглым твары і з такой жа неагляднай лысінай. Паперскі працаваў на замежнае радыё, атрымліваў добрыя ганарары, і на іх штогод выдаваў сваім коштам новую кнігу, якую ніхто акрамя ягоных сяброў не чытаў. Тым не менш ён упарта грукаўся ў дзверы літаратуры і цаніў такую ж упартасць у іншых. Белазорца ён стаў хваліць за прынцыповасць і за бязмежную любоў да радзімы.
“Павел усё ж тонка адчувае момант, — думаў Барыс, назіраючы, як новыя і новыя людзі падыходзяць парукацца з ягоным прыяцелем. — Ён выказаў тое, што многія думаюць, але асцерагаюцца сказаць. На гэта патрэбнае не толькі чуйка, але і адвага”.
Нечакана ў холе быццам пранёсся парыў ледзянога ветру. Праз купкі людзей ледаколам пёр невысокі кучаравы маладзён, і пісьменнікі расступаліся, бесперашкодна прапускаючы яго.
— Хто гэта? — ціха спытаўся Барыс.
На твары Белазорца праскочыла неўразумелая грымаса:
— А гэта і ёсць наш галоўны апанент — Андрэй Таксін, шэры кардынал гей-марксісцкага лобі.
Крозін прыгледзеўся, і яму падалося, што прысутныя проста не хочуць дакранацца да Таксіна. Так баяцца дакранацца да хворага, каб самому не падчапіць гэтую хворасць.
Ён падзяліўся сваім назіраннем з прыяцелем, і Белазорац павесялеў:
— Значыць, нашыя шанцы выраслі!.. Таксін нядаўна ўляпаўся ў скандал — напісаў раман “Прэмія”, дзе абліў памыямі сваіх жа калег. Вось гэтага яму не могуць дараваць.
І ў гэты момант міма Белазорца і Крозіна пранеслася, як цеплавоз, нейкая мажная фігура. З пранізлівым “А-а-а-а!” трэцяй актавы фігура падляцела да Таксіна і ўчапілася яму ў валасы.
— Э-э-э! — абурана, але ва ўнісон далучыўся Таксін, галава якога тузалася ва ўсе бакі, рызыкуючы адваліцца.
Некалькі чалавек кінуліся раздымаць гэты шумны дуэт. Атрымалася далёка не адразу, і Таксін відавочна не мог паручыцца за цэласнасць усіх сваіх органаў. Прынамсі, Барыс разабраў галасы, якія цікавіліся медпунктам, бінтам і зялёнкай.
— Хто гэта быў? — твар Крозіна ад здзіўлення выцягнуўся.
— Марыя Саматыя. Не зважай, яна заўжды такая — б’ецца з тымі, хто яе пакрыўдзіў, — Белазорца, здавалася, нішто не выводзіла з раўнавагі. — Кажуць, Таксін пра яе напісаў у сваім апошнім рамане, і яна гэтага не змагла яму дараваць.
— Значыць, мы можам разлічваць, што яна будзе на нашым баку?
— Не, яна абавязкова будзе супраць мяне.
Крозін асцярожліва агледзеў Саматыю, якая, яшчэ не астыўшы ад бойкі, цяжкімі крокамі баксёра-пераможцы ішла ў залу…
Нарэшце ўсіх запрасілі праходзіць, бо трэба ж пачынаць з’езд.
Чырвовы Кароль
Біце ў сэрцы іх, біце мячамі…
Дэвід Бэкхэм
Назіральнік, які мог бы агледзець залу з вышыні, скажам, столі, заўважыў бы, што ў гэтым памяшканні ёсць цэнтр сілы. Быццам прыцягнутыя магутным магнітам, згуртаваліся вакол Шабаневіча пара дзясяткаў хлопцаў і дзяўчат, гатовых, як той казаў, каменя на камені не пакінуць дзеля міру. У сэнсе, дзеля светлай будучыні, дзе ўсе будуць браты і сёстры, усе будуць паважаць адзін аднаго і, вядома ж, ніяк не будуць паважаць такога цемрашала, як Белазорац. Ды што там паважаць — такім абскурантам і месца-то не будзе!
Але пакуль што Белазорац таксама сядзеў у гэтай жа зале, на гэтых жа мяккіх крэслах з фіялетавымі спінкамі. І вакол яго таксама сабраліся свае прыхільнікі — Крозін, раманіст Паперскі ды яшчэ пара-тройка немаладых пісьменнікаў.
Колькасная перавага была яўна на баку Шабаневіча і яго групы. Але і Белазорац здавацца відавочна не збіраўся: ён памятаў, што з ім Бог, а значыць, будзе і перамога.
Шабаневіч ацаніў гэтае шаленства храбрых: будзе нялёгка. Прыйдзецца перацягнуць на свой бок “балота” — тых, хто не вызначыўся, хто прыйшоў на сход, каб назіраць, а не ўдзельнічаць у змаганні. А яны могуць заняць як адзін, так і другі бок.
З трыбуны тым часам даносіўся нізкі голас старшыні ТЭНа Тодара Тумбая:
— За справаздачны перыяд колькасць сябраў нашай арганізацыі змянілася наступным чынам: уступілі ў ТЭН…
Крозін адчуў сябе гледачом тэленавінаў: там таксама лічбы надояў ды ўраджайнасці ў цэнтнерах з гектара даўно з’елі чалавека з ягонымі прыватнымі радасцямі і смуткам. “Няўжо гэта з’езд пісьменнікаў — тых, хто піша пра чалавечую душу?” — глядзеў ён з недаверам то на выступоўцу, то на прысутных.
Адна за адной з трыбуны гучалі лічбы — пра колькасць новых чальцоў, выдадзеных кніг, праведзеных семінараў. Шабаневіч, як і большасць прысутных, не ўслухоўваўся: усе ведалі, што самае важнае будзе пазней.
І нарэшце дачакаліся.
— Асобна хацелася б спыніцца на асобе Паўла Белазорца, якога мы выключылі з шэрагаў ТЭНа за нявыплату ўнёскаў, але нядаўна ён пагасіў запазычанасць і хоча, каб яго аднавілі ў нашай арганізацыі.
Зала ўхвальна зашумела.
— Я не адзін, — крыкнуў з месца Белазорац. — Вы шмат вартых людзей выключылі, не разабраўшыся.
— Павел, не парушайце парадак, калі ласка, — Тумбай строга паглядзеў у яго бок. — Так, мы выключылі каля пяці чалавек за нясплату ўнёскаў, але апошнім часам гучаць абвінавачанні, што зрабілі гэта, не разабраўшыся ў сітуацыі. Таму прагучала прапанова аднавіць у складзе ТЭНа выключаных, у тым ліку Белазорца. Якія ёсць прапановы? Хто хоча выказацца?
У задніх шэрагах пачулася бадзёрае ажыўленне. Падскокваючы як мячык, да сцэны міма Шабаневіча пасунуўся немалады таўставаты мужчына. Пінжак ён купляў яўна ў тыя часы, калі быў худзейшы — цяпер вопратка на жываце не сыходзілася.
— Я лічу самым важным і надзённым на сёння пытанне выпраўлення імёнаў. Мы як літаратары мусім гэта разумець найбольш востра, — пачаў ён, адсопваючыся ад хуткай хады. — Мы забыліся на сваё гордае найменне “літвіны” і называемся нейкімі “белымі рускімі”. Гэта каланіяльная назва, якой мы павінны пагарджаць і пазбягаць яе. Мы літвіны, і дзяржава нашых продкаў Вялікае Княства Літоўскае. Каб забіць нашую памяць пра гонар продкаў, расейскія цары ад Кацярыны да Мікалая Палкіна забаранялі называць наш край Літвой і прыдумалі нейкую Белую Русь. Гэтым яны хацелі прывязаць нашую зямлю да сваіх уладанняў — бач ты, Вялікая, Малая і Белая Расія. Не! Скулля! Сапраўдны нашчадак ВКЛ ніколі не пагодзіцца называцца “белым рускім”, бо гэта кактэйль, а не назва нацыі.
— Прабачце, вы па тэме штосьці можаце сказаць? — уклініўся ў паўзу Тумбай.
— Не перапыняйце, калі ласка! Я вас не перапыняў, — з апломбам адказаў прыхільнік літвінства і працягнуў: — Ніякіх “белых рускіх”, ніякіх прыдуманых “спадароў”! Нашым сапраўдным спаконвечным зваротам было і будзе толькі “пан” і “пані”. Мы не павінны паддавацца на русіфікатарскія правакацыі. Не павінны шанаваць усіх гэтых псеўдапісьменнікаў, якіх хвалілі ў савецкія часы, — усіх гэтых Брылёў, Караткевічаў і Бураўкіных. Бо мы разумеем, у якую бездань яны нас усіх вялі… Так пераможам, бо з намі Бог і святы Казімір!
Таўстун узняў кулак у ротфронтаўскім вітанні і з выглядам трыумфатара вярнуўся ў свой задні шэраг. Здзіўленыя позіркі прысутных ён высакамерна ігнараваў.
— Так, — перапыніў няёмкую паўзу Тумбай. — Можа, хтосьці хоча выказацца па парадку дня?
Званковы Кароль
Ой у нядзельку параненька
Узышло сонца хмарненька,
Узышло сонца над борам,
Па-над Селецкім таборам…
Прагноз надвор’я ад Настрадамуса
Белазорац быў сабраны і гатовы даць бой сваім праціўнікам. Ён засяроджана і неадрыўна глядзеў на трыбуну, дзе выступала Бука Лоская, быццам гіпнатызуючы яе. Але гіпнатычных здольнасцяў Белазорцу, відаць, бракавала: выступоўца працягвала пляжыць яго пазіцыю.
Бука разлівалася салаўём:
— Мы абараняем правы ўсіх людзей, незалежна ад іх палітычных поглядаў, сэксуальных пераваг, гендэрных самавызначэнняў. Гэта пазіцыя міжнароднага аб’яднання, куды ўваходзіць наш ТЭН, і яна была прынятая на міжнародным з’ездзе. Калі парушаць правы Белазорца, мы будзем абараняць і іх… Але пакуль што мы бачым процілеглую сітуацыю: чалавек, які хоча стаць сябрам ТЭНа, не пагаджаецца з тымі пастулатамі, на якіх грунтуецца наша аб’яднанне. Таму я хачу спытацца: Белазорац, вы не паблыталі арганізацыю? Як кажуць у народзе, у чужую парафію са сваім звычаем не ходзяць!
Азірнуўшыся, Белазорац пабачыў, як група вакол Шабаневіча радасна запляскала ў ладкі. Ён абвёў вачыма залу: сёй-той далучыўся, але без вялікага энтузіязму. Большасць быццам чакала, што і як адкажа сам Белазорац.
Заўважылі гэта і ў кампаніі Шабаневіча. І на трыбуну, як на амбразуру, кінуўся Стас Жыткевіч, ваяўніча выставіўшы наперад сваю мушкецёрскую бародку.
— Прашу слова, прашу слова! — гучна казаў ён па дарозе да трыбуны. Тодар Тумбай паблажліва-лагодна ківаў: “Анягож”.
Белазорац насцярожыўся, але, пачуўшы словы Стаса, расслабіўся: такога аратара можна было не баяцца. Музыка прывык прамаўляць перад сваімі прыхільнікамі, выкарыстоўваючы слэнгавыя слоўкі. Адно з іх зараз і зачапілася за язык Жыткевіча, улазячы, дзе трэба і не трэба.
— Мы з’яўляемся тупа дэмакратычнай арганізацыяй, гэта значыць, меншасць падпарадкоўваецца рашэнню большасці, так? Акрамя таго, мы тупа бярэм на сябе абавязкі перад міжнароднай супольнасцю, так? А калі нехта тупа з гэтым не пагаджаецца, то мы тупа выключаем яго са сваіх шэрагаў. Таму мая пазіцыя такая: давайце будзем рабіць тупа прыгожа і правільна.
Белазорац прыклаў рукі да рота, зрабіўшы імправізаваны рупар, і голасна абвясціў:
— Тупа падтрымліваю аратара!
Пад агульны рогат Жыткевіч, сумеўшыся, сышоў з трыбуны. А яго месца заняў сам Белазорац, якому старшыня даў слова з яўнай неахвотай.
— Сябры! — пачаў сваю прамову скандальны хрысціянін-літаратар. — Вы чулі маіх апанентаў: яны лічаць, што мне не месца ў шэрагах ТЭНа. Я не настолькі крыважэрны і не стаўлю пытанне рубам: альбо яны, альбо я… На маю думку, ТЭН апошнім часам займаецца не тое каб другаснымі, а хутчэй — неактуальнымі для нас праблемамі. У той час, калі востра стаіць пытанне пра выжыванне нацыі, пра захаванне культуры, ТЭН заклапочаны субкультурамі, якія сведчаць хутчэй пра дэкаданс, чым пра культурны ўзлёт. Прыгадайце Залаты век нашай культуры — шаснаццатае стагоддзе: кнігадрукары, асветнікі, перакладчыкі… Францішак Скарына, Васіль Цяпінскі, Сымон Будны, браты Мамонічы — вось хто нёс і пашыраў у нас еўрапейскую культуру. І ўсе яны звязаныя з хрысціянствам, з верай у Госпада нашага. І ўся нашая культура грунтуецца на Бібліі — без гэтай кнігі яе ўявіць проста немагчыма. А што нам прапануюць узамен?
Задаўшы пытанне, Белазорац агледзеў залу, але адказваць яму ніхто не спяшаўся. Аднак ён трымаў паўзу, пакуль не пабачыў, што Шабаневіч штосьці прашаптаў суседу і той, з гатоўнасцю кіўнуўшы, хацеў нешта крыкнуць. Апярэджваючы саперніка, Белазорац працягнуў:
— Пад выглядам еўрапейскіх каштоўнасцяў нам прапаноўваюць брыдкую і непрыхаваную распусту! Не трэба рабіць выгляд, што нашы еўрапейскія продкі аддавалі свае жыцці ў шматлікіх войнах за гендар і фемінізм — гэтымі рэчамі яны пагідзіліся б займацца… Я заклікаю ўзгадаць, што ТЭН — гэта найперш аб’яднанне літаратараў. Таму давайце вернем арганізацыю да абароны культуры, а не да апраўдання грахоў. Творчасць, Энергія, На-ра-тыў! Творчасць, Энергія, На-pа-тыў! Творчасць, Энергія, На-ра-тыў!
Апладысменты засведчылі, што зала яўна сімпатызавала Белазорцу. Пенсіянер-франдзёр Недасекаў нават падняўся, каб Павел мог пабачыць, як ён апладуе.
(заканчэнне будзе)
Апублiкавана 14.01.2022 18:00