Д-р Гарбацкі наведаў Плунгяны

* * *

Плунгяны (Плунге па-летувіску) – маляўнічае жамойцкае места. Вядомае дзякуючы старому парку і палацу Агінскіх, якія сустракаюць усіх, хто прыязджае ў места праз вакзал ці аўтастанцыю.

Палац князёў Агінскіх

Яшчэ Плунгяны вядомыя тым, што зусім побач у маёнтку Буканты знаходзіцца дом-музэй Жэмайце, слыннай пісьменьніцы, пачынальніцы летувіскай літаратуры, «фэміністкі ў традыцыйнай хустцы», як часта называюць яе сучасныя летувісы. Бо пісьменьніца паходзіла зь вёскі і ўвесь час падкрэсьлівала гэта тым, што не скідвала з галавы хусткі: у Вільні, дзе пэўны час жыла пісьменьніца і драматургіня, у ЗША, куды яна езьдзіла, каб сабраць грошы для ахвяраў Першай сусьветнай вайны ці на шматлікіх жаночых і фэмінісцкіх публічных імпрэзах.

Музэй Жэмайце

А яшчэ Плунгяны цікавыя незабыўнымі жыдоўскімі маршрутамі. На сяньня, на жаль, у месьце не засталося ніводнага габрэя – апошні мясцовы жыд Якаваc Бунка памёр у 2014 годзе. Маладым хлопцам яго з сям’ей вывезьлі ў 1939 годзе ў Сыбір. Гэта быў скульптар па дрэве і актывіст жыдоўскай справы, які ствараў манумэнтальныя драўляныя скульптуры на месцах Галакосту па ўсёй Летуве. У Плунгянах ён часткова аднавіў разбураныя за саветамі жыдоўскія могілкі, на месца якіх пабудавалі школу. Цяпер каля школы выстаўленыя ў шэрагі, захавалыя пліты з старых могілак, рупліва сабрадзеныя Якавасам Бункам.

Зрэшты, сучасны шарм Плунгянаў палягае ў тым, што дасюль мясцовыя жыхары размаўляюць па-жамойцку – на сьцянох дамоў часам можна знайсьці пліты ці ўказальнікі не па-летувіску, а па-жамойцку.

Дуб Пяркунаса ў парку Агінскіх (дрэву больш за 600 год); на хрысьціянскіх могілках

Д-р Уладзіслаў Гарбацкі (Вільня). Здымкі аўтара.

* * *

Ад рэд. Каб не вяртацца па дзясятым коле да спрэчак пра словы «жыд», «жыдоўскі» і пад., спашлемся на меркаванне д-ра Зісла Сляповіча (верасень 2019 г.): «“Жыдовачка” – традиционный белорусский наигрыш. Жыд” – нормативный этноним евреев в белорусском языке, пока большевики его не выкорчевали, отправив ни в чем не повинных крестьян в Сибирь за их язык». Каму цікава даведацца болей, чытайце на нашым сайце серыю артыкулаў, падрыхтаваных у тым жа годзе: тут, тут, а яшчэ тут. Дарэчы, барысаўскі гурт «Жыдовачка» існуе і ў 2021 г.; цяпер яго ўжо не так дзяўбуць за назву, як два гады таму.

Апублiкавана 14.07.2021  02:28