Вольф Рубінчык. Гросмайстар Анатоль Карпаў і Беларусь

Ад аўтара. Публікацыя з’явілася на сайце газеты «Новы час» 5 чэрвеня 2021 г. Для belisrael я трохі дапрацаваў артыкул.

***

У мінулым месяцы, а дакладней, 23 мая, грукнула 70 год Анатолю Карпаву. Гэта 12-ы чэмпіён свету па шахматах (у 1975—1985 гг.), наступнік Роберта Дж. Фішара і папярэднік Гары Каспарава… Выдатны гулец і даволі супярэчлівая асоба; дзеяч, якога прылашчваў Леанід Брэжнеў, дый цяперашнія ўлады Расійскай Федэрацыі. Шахматыст не адзін год засядае ў Дзярждуме і падтрымлівае, лагодна кажучы, спрэчныя ініцыятывы, кшталту анэксіі Крыма.

Фота 2015 г. з kremlin.ru. У маі 2021 г. Пуцін узнагародзіў Карпава ордэнам«за вялікі ўклад ва ўмацаванне расійскай дзяржаўнасці, развіццё парламентарызму і актыўную законатворчую дзейнасць»…

Як бы ні было, Карпаў валодае каштоўным досведам: паўстагоддзя ён навідавоку, і цэніць яго не толькі афіцыёз.

«Эпоха савецкіх шахмат, Анатоль Карпаў вядомы нават далёкім ад шахмат людзям савецкага пакалення. А тым, хто маладзейшы, карысна пачытаць пра яго ў вікіпедыі. З майго пункту гледжання, ягоная гульня вылучалася неверагоднай логікай, глыбінёй і ўпартасцю ў абароне… Ужо шмат гадоў Карпаў не выступае ў сур’ёзных турнірах, а вядзе вялізную грамадскую дзейнасць. Але часам гуляе і выдае цудоўныя вынікі з гульцамі ўзроўню “топ”», — пісаў у 2018 г. брэсцкі трэнер і майстар ФІДЭ па шахматах Уладзіслаў Каташук з нагоды «Кубка Карпава» ў горадзе над Бугам.

Натуральна, пад юбілей у сусветных СМІ выйшла мноства матэрыялаў, прысвечаных Анатолю Яўгенавічу. Аднак у іх альбо няма «беларускага следу», альбо ён амаль не прасочваецца. Між тым біяграфія славутага гросмайстра, ураджэнца расійскага Златавуста, шмат у чым знітавана з Сінявокай.

Пачаць з таго, што трэнер, які, бадай, і вывеў А. Карпава на чэмпіёнскую арбіту — Сямён Абрамавіч Фурман — паходзіць з Пінска (летась адзначалася стагоддзе з дня яго нараджэння). Так, ужо ў 1920-я гады сям’я Фурманаў перабралася ва ўсходнюю Беларусь, а адтуль — у Ленінград, але тым не менш…

С. Фурман і А. Карпаў. Фота публікавалася тут

Пад канец 1960-х у гросмайстра Фурмана (1920—1978) і Карпава, тады яшчэ юнага майстра, усталяваліся адносіны даверу. Пазней вучань выкажацца пра настаўніка ў тым сэнсе, што Фурман валодаў адметным падыходам да шахматнай гульні, свежым поглядам «зверху». Лічыцца, што Сямён Абрамавіч не столькі вучыў Карпава, колькі раскрываў яго патэнцыял, вёў ад дылетантызму да высокага мастацтва.

Пра два памятныя візіты Карпава ў Беларусь хочацца коратка распавесці.

1979

А. Карпаў прыязджаў у Мінск на піку сваёй славы (у 1978-м ён з вялікім напружаннем адолеў у філіпінскім матчы на першынство свету «адшчапенца» Віктара Карчнога). У снежні 1979-га ў сталіцы БССР «сышліся зоркі»: адначасова ў горадзе знаходзіліся дзеючы чэмпіён свету па шахматах, ранейшы (Міхаіл Таль) і будучы (Гары Каспараў; пра яго сувязі з Беларуссю мажліва даведацца з артыкула Юрыя Тэпера). Праўда, калі Таль і Каспараў рубіліся ў чэмпіянаце СССР па шахматах, які ладзіўся ў клубе імя Дзяржынскага, то Карпаў прыязджаў хутчэй як ганаровы госць, і крыху — як рэвізор перад Алімпіядай-1980… Яго, члена ЦК усесаюзнага камсамола, на вакзале з кветкамі сустракалі, паводле газеты «Физкультурник Белоруссии», «адказныя работнікі камсамольскіх, прафсаюзных і спартыўных арганізацый рэспублікі, а таксама вядомыя спартоўцы».

14 снежня Анатоль Карпаў быў прыняты Пятром Машэравым, кіраўніком кампартыі Беларусі, які перад гэтым (у ліпені) асабіста ўзгадніў правядзенне шахматнага чэмпіянату ў Мінску. Надоечы Карпаў распавядаў пра сустрэчу гэтак:

Я ў турніры не ўдзельнічаў, але прыязджаў у сталіцу Беларусі па сваіх справах. У адзін з дзён сустрэўся з Машэравым… І кажу: “Пётр Міронавіч, цікавасць да чэмпіянату вялізная, штодзень прыходзіць безліч гледачоў, а свайго клуба ў мінскіх шахматыстаў дагэтуль няма!” Машэраў быў чалавек вельмі рашучы і тут жа сказаў “Абяцаю, што клуб будзе!”

Гэтая частка мемуараў Карпава цалкам праўдападобная, але наступную — запісаную ім, відавочна, з чужых слоў — давядзецца аспрэчыць:

На бліжэйшым пасяджэнні Палітбюро Пётр Міронавіч узняў пытанне пра тое, што ў Мінску мае быць Палац шахмат, і прапанаваў аддаць шахматыстам толькі што пабудаваны дыхтоўны дом у цэнтры горада. Яму запярэчылі, што той будынак будавалі для пісьменнікаў.

Але ў іх ужо ёсць дом! адказаў Машэраў. Пісьменнікі хочуць палепшыць свае ўмовы, а ў шахматыстаў нічога няма.

Пасля гэтага пасяджэння Савет міністраў змяніў сваё рашэнне, і будынак аддалі шахматыстам.

Насамрэч дом на вуліцы Карла Маркса, 10, дзе ў 1980—90-х знаходзіўся Рэспубліканскі палац шахмат і шашак, ад пачатку будавалі не для пісьменнікаў. Пра тое, што ў Мінску мае быць Палац шахмат заміж старога, цеснаватага шахматна-шашачнага клуба на Змітрака Бядулі, 6, тагачасныя «вяршкі рэспублікі» былі начуты і да візіту Карпава — ім гэта шматкроць тлумачылі асабіста і праз прэсу прафесар медыцыны, старшыня шахматнай федэрацыі БССР Мікалай Місюк (1919–1990), знакамітыя майстры Гаўрыла Верасаў (1912—1979), Віктар Купрэйчык (1949–2017) і інш. Рэальна падрыхтоўка да пабудовы Палаца распачалася за нейкі час да чэмпіянату, рухалася марудна… Выглядае, дыялог Карпава з Машэравым паскорыў працэс, але будынак быў гатовы адно праз колькі год – яго ўрачыстае адкрыццё адбылося ўвосень 1985 г. Таму не будзьма ні прымяншаць, ні перабольшваць ролю расійскага чэмпіёна ў з’яўленні мінскага Палаца шахмат і шашак.

Сучасная выява Палаца шахмат і шашак, які ў ХХІ cт. ператварыўся ў Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі. Фота С. Зыгмантовіч, крыніца: lookmytrips.com

Трэба прызнаць, Карпаў цягнуўся не толькі да «наменклатуры». Ён паназіраў, як гулялі яго калегі ў чэмпіянаце СССР, а ўвечары выйшаў на кантакт і з аматарамі: распавёў пра развіццё шахмат як віду спорту, пра буйныя шахматныя спаборніцтвы. Таксама Карпаў падзяліўся планамі на будучыню і адказаў на пытанні слухачоў.

Карпаў другі злева; крайні справа праф. Місюк (гл. таксама тут)

На той безінтэрнэтны час такая форма камунікацыі са славутасцямі, як вечары пытанняў і адказаў, карысталася значным попытам.

Фота Дзмітрыя Церахава падказвае, што А. Карпаў меў адмысловую гутарку з В. Купрэйчыкам. Шахматысты добра ладзілі, нягледзячы на тое, што сухаваты карпаўскі стыль гульні наўрад ці вабіў імпэтнага мінчаніна. Купрэйчык (2003): «Раней Карпаў, як старшыня фонду міру, рэгулярна наведваў Беларусь. Цяпер радзей стаў прыязджаць, але кожны раз сустракаецца з аматарамі шахмат, ведае пра нашыя справы, маральна дапамагае». Карпаў (2019): «З Віктарам Купрэйчыкам я пазнаёміўся ў 1963 годзе на чэмпіянаце СССР сярод школьнікаў. Мы нават жылі ў адным нумары гасцініцы, але блізка не сышліся. Мне было тады 12 год, яму – 14, і розніца ў два гады яшчэ моцна адчувалася. А моцна пасябравалі праз тры гады ў час паездкі ў Чэхаславакію, дарма што я ўсё яшчэ быў школьнікам, а ён ужо студэнтам».

1996

Адышоў у мінулае Савецкі Саюз. Карпаў паспеў прайграць шэраг матчаў Каспараву, але і ва ўзросце за 40 заставаўся адным з лідараў сусветных шахмат (і нават чэмпіёнам свету – праўда, па «другаснай» версіі ФІДЭ). Майстар Уладзімір Палей, малады і авантурны кіраўнік Беларускай федэрацыі шахмат, які пазней эмігруе ў Швецыю, вырашыў запрасіць чалавека-легенду, каб упрыгожыць міжнародны шахматны фестываль у Мінску ды ўмацаваць свае тылы.

У цэлым план Палея спрацаваў. Па тутэйшай завядзёнцы, Карпаў не згуляў у турніры, а толькі наведаў яго; затое сустрэўся з кіраўніком краіны, падарыў яму набор шахмат і… зноў закінуў слоўца за Палац на К. Маркса, які нібыта хацелі забраць чыноўнікі.

А вось іміджавая «бітва гігантаў» – Анатоля Карпава і топ-гросмайстра Барыса Гельфанда, тады яшчэ мінчаніна – чамусь не адбылася. Карпаў згуляў паказальны матч з 17-гадовым Аляксеем Чарнушэвічам, ураджэнцам Ліды, чэмпіёнам Еўропы сярод юнакоў. Барыс Тасман пісаў у «Прессболе»: «У кожным з двух паўбліцаў маэстра меў па 10 мінут на партыю, а яго візаві па 15. Карпаў двойчы даказаў сваю перавагу, а потым, на радасць прыхільнікам Каісы, якія запоўнілі залу, пракаментаваў хаду гульні».

 

Здымкі з архіва Ігара Стральца, публікаваліся тут

Фота з таго ж архіва публікуецца ўпершыню (дзякуй І. Стральцу і Э. Харавец)

У 2012 г. А. Чарнушэвіч стаў гросмайстрам – няможна выключаць, што «карпаўскія ўрокі» дапамаглі яму.

Фестываль прыпаў акурат на 10-годдзе аварыі на ЧАЭС, і Карпаў заяўляў, што адкрые ў Беларусі філіял шахматнай школы «Дзеці Чарнобыля», ужо дзейнай у Расіі (сэнс праекта быў у тым, каб юныя шахматысты з забруджаных тэрыторый атрымлівалі дадатковыя магчымасці). Шматразовая чэмпіёнка Беларусі па шахматах Эльміра Харавец, якая тады працавала на БТ, успамінае: «Імя 12-га чэмпіёна свету, вядома, дзейнічала на ўсіх магічна. Як і фразадзеля дзяцей: вынікам знаходжання Анатоля Яўгенавіча ў Мінску сталі набытыя для школ 20 тысяч камплектаў шахмат. І галоўнае – Карпава прымалі ў вярхах”». У прэсе паведамлялася, што, апрача Лукашэнкі, маскоўскага госця прымуць прэм’ер-міністр Міхаіл Чыгір і старшыня Вярхоўнага Савета Сямён Шарэцкі, але сам госць, мяркую, зараз хацеў бы забыцца на тое…

Яшчэ Карпаў выбраўся ў Маладзечна, дзе правёў сеанс адначасовай гульні для «новых беларусаў» (згуляць з чэмпіёнам каштавала 200 USD – як для 1996 г., вялізная сума). Паўдзельнічаў у папулярным ток-шоў «Карамболь» і даў інтэрв’ю Пятру Рабухіну, які, сярод іншага, спытаўся: «Ці здаволены Вы паездкай у Беларусь?» Адказ быў такі: «Безумоўна. Тут я не першы раз. Праўда, пахадзіць пешшу па горадзе мне асабліва не даюць, у асноўным перасоўваемся на машыне. У мінулы мой прыезд удалося крыху прагуляцца па цэнтры… Уся праграма вельмі насычаная, і ўсё служыць адной мэце – папулярызацыі шахмат як сярод дарослых, так і сярод дзяцей. Я рады, што ў Мінску яшчэ захаваўся Палац шахмат і шашак, і ён выконвае сваю першапачатковую функцыю…» Карпаў згадваў візіт 1996 г., падкрэсліваючы сваю ролю ў захаванні Палаца ў Мінску, і ў інтэрв’ю расійскай газеце «Шахматная неделя» (№ 35, верасень 2004). Лукашэнка быццам бы сказаў яму: «Калі Машэраў даў, то я забіраць не буду».

А. Карпаў на фестывальных урачыстасцях. Фота з архіва І. Стральца, публікавалася тут

Пасля 1996 г. вялікі шахматыст вяртаўся ў Беларусь – напрыклад, улетку 2019 г. наведаў Салігорск. Не без уплыву Карпава ў другой палове 2000-х на нашых землях пачала развівацца праграма «Шахматы ў турмах». Але ж гэта, напэўна, ужо іншая гісторыя.

Вольф Рубінчык, г. Мінск

wrubinchyk[at]gmail.com

PS. Гісторыю ўзаемаадносін А. Карпава з Беларуссю пасля 1996 г. хай пішуць іншыя – мне ўжо не вельмі цікава. Асабліва пасля таго, як пачуў выказванні Карпава ў нядаўняй перадачы «Познер», маўляў, СССР – адзіная краіна ў Еўропе, якая выстаяла перад «фашысцкай машынай» (Брытанскія астравы – не Еўропа?), Сталін для яго – са знакам «плюс», і г.д.

З аднаго боку, гросмайстар услаўляў шахматы, з іншага, cваімі сервільнымі паводзінамі бурыў/бурыць імідж гульні – і, мажліва, другі бок якраз пераважае. Прынамсі я б зараз не сеў гуляць у сеансе з Карпавым нават задарма (ну, хіба калі б арганізатары моцна папрасілі). Пару-тройку яго старых кніг захоўваю, а набываць новыя няма ахвоты.

В. Р.

Апублiкавана 07.06.2021  17:39