Май драматычны і трывожны (В. Р.)

Шалом. У прынцыпе, загаловак – усё, што вам трэба ведаць пра маё самаадчуванне, дый пра далейшы тэкст. Але… Наконт «атмасферы татальнага страху» ў Беларусі паспрачаўся б – у прыватнасці, з «Еўрарадыё». Так, «оптам» прымаюцца манструозныя папраўкі ў заканадаўства, палітвязням за закрытымі дзвярыма судоў раздаюць драконаўскія прысуды (напрыклад, Паўлу Севярынцу і Сяргею Спарышу – сем і шэсць гадоў калоніі), у калоніі памёр палітвязень, партал tut.by прыдушаны «фінансавай міліцыяй» ды мінінфармам.

Збянтэжыла, што адносна малады чалавек – мінспортаўскі начальнік нацыянальнай каманды па шахматах – узяў на ўзбраенне рыторыку 1930-х гадоў…

З ліста Ю. Борсука ад 12.05.2021, апублікаванага на openchess.by. Я б на месцы суддзі чэмпіянатаў РБ усё ж не выказваўся «ад імя і па даручэнні» шахматыстаў краіны

Трыста смерцяў ад COVID-19 штомесяц (паводле афіцыйных звестак) аптымізму таксама не дадаюць. І тым не меней запалоханасць грамадства дыскрэтная, а не татальная.

У ноч на 8 мая нейкія зухі, скарыстаўшыся з адсутнасці віжоў, аднавілі мурал на мінскай «Плошчы Перамен»… Але ўжо к 10:30 08.05.2021 ён быў зафарбаваны; неўзабаве ў дворык вярнуліся міліцэйскія патрулі. Было і стала

Ёсць такая думка – мяркую, тыповая: «У нас зараз антыжнівень, і пакуль што не зразумела, калі ён скончыцца. Розніца паміж антыжніўнем і жніўнем [2020 г.] у тым, што тады ўсе падзеі выклікалі спадзяванні на пазітыўныя перамены ў краіне. Навіны сёння – гэта контррэвалюцыя» (Аркадзь Несцярэнка, nmnby.eu, 26.05.2021). Ну, я-та не дужа зачароўваўся жнівеньскімі падзеямі, таму не расчараваны дазвання, і цяпер не так «балюча падаць». Вернемся на 9 месяцаў назад?

Пасля правалу перамоў аб зняцці кандыдатур Дзмітрыева і Чэрачня на карысць Ціханоўскай размовы пра тое, што «грамадства яднаецца», і без таго мала абгрунтаваныя, гучаць як летуценні… Да згуртавання альтэрнатыўных сіл у Сінявокай – як да Масквы пехатою (03.08.2020).

З нэймінгам у альтэрнатыўных сіл нешта зусім не бліскуча. Уцякач з Беларусі Валерый Цэпкала, які прапанаваў стварыць «Фронт нацыянальнага ратавання», няйначай настальгуе па сваёй дыпламацкай маладосці. Арганізацыя з такой назвай («Фронт национального спасения», ФНС) актыўнічала ў Маскве пачатку 1990-х, у ёй вялі рэй усялякія Зюганавы і Макашовы (13.08.2020).

Не я адзін апасаўся, што «каардынацыйная рада пры Ціханоўскай» будзе эвалюцыянаваць у бок чарговай гаварыльні (успомніўся «Нацыянальны выканаўчы камітэт» – «ценявы ўрад» Беларусі 1998 г.). Як склад прэзідыума рады, агучаны 19 жніўня, так і тое, што прэзідыум вырашыў не выбіраць сабе старшыню (усе сем чальцоў быццам бы раўнапраўныя), не пераканалі мяне ў адваротным (20.08.2020).

Вынікі палітычных баталій падводзіць пакуль што рана, але я схіляюся да думкі, што адміністрацыя РБ у цэлым адбіла пратэстныя хвалі… Прызнайма, што за апошні тыдзень рэакцыянеры скарысталі з памылак «прагрэсіўных колаў» і адваявалі сабе нямала прасторы (31.08.2020).

У катэгорыю ныцікаў/панікёраў мяне за тыя тэксты не запішаце, бо ўсцяж адзначаў і станоўчыя моманты. Справа не ў тым, што аўтар дужа праніклівы… Проста мне даўно за 40, і многае ў жыцці, на жаль ці на шчасце (хутчэй на шчасце, бо «што не забівае, тое робіць мацнейшым»), ужо здаралася. Напрыклад, гісторыя з пасадкай самалёта «Ryanair» у Мінску на фоне «пісьма ад салдат Хамаса» жыва нагадала… эпізод з перахопам аднаго майго сціплага праекта, а менавіта шахматнага часопіса.

Папраўдзе, не было і няма ахвоты заглыбляцца ў акалічнасці інцыдэнту 23 мая. Да афіцыйнай версіі (дакладней, версій, бо паведамленні службоўцаў розняцца) хапае пытанняў, але мяне найбольш уразіла тое, што электронны ліст пра ўяўнае мінаванне самалёта, паводле паштовага сэрвісу ProtonMail, быў адпраўлены ў аэрапорт «Мінск» праз 24 мінуты пасля таго, як з аэрапорта паведамілі пілотам «Ryanair» пра мінаванне. Што нямала гаворыць пра тое, cui bono i cui prodest.

Скажаце, буржуазныя паштары ўсё высмакталі з пальца? Ды наўрад ці. Гэта ж вельмі па-тутэйшаму: зрабіць штосьці пазней, чым трэба, без клопатаў аб прычынна-выніковых сувязях, у спадзеве, што ніхто нічога не будзе правяраць (самае брыдкае, па-мойму, – замоўленыя следчымі «экспертызы», скіраваныя на тое, каб апраўдаць і прадоўжыць арышт «экстрэмістаў»). І, калі што, спісаць праблему на «выпадковасць».

Вось як было з адным звальненнем у пачатку стагоддзя… Паводле Працоўнага кодэкса, наймальнік абавязаны быў пісьмова паведаміць прычыны, з якіх звальняе, але мне падсунулі на подпіс «голы» загад, што само па сабе з’яўлялася падставай для аднаўлення на працы і выплаты кампенсацыі. Калі я звярнуўся з іскам у раённы суд, адказчык прынёс паперку з «абгрунтаваннем» звальнення, змайстраваную постфактум, з якой у дзень звальнення работнік быццам бы адмовіўся знаёміцца. Мае пратэсты не ўразілі ні пракурора, ні суддзю, ні вышэйшыя інстанцыі.

Маладую юрыстку, якая заднім чыслом падпісала акт аб адмове і «вызывающем поведении» (так, гэтае клішэ ўжо тады цыркулявала ў дзяржустановах), неўзабаве таксама зволілі. Знайшоў беспрацоўную, пагутарыў… Ёй было няёмка, але ж адклікаць свой подпіс не пажадала, спаслаўшыся на цяжарнасць і нежаданне «зноў лезці ў бруд з гэтым выдавецтвам». Як той казаў, «я чалавек незлапамятлівы – зраблю зло і забудуся». Бог табе суддзя, Юля Чэ… Прынамсі дзякуючы табе і тваім калегам я лепей зразумеў дробязнасць і помслівасць сістэмы.

Паводле заявы мінадукацыі, мяне ў 2003 г. выпадкова ўзялі на працу ў створаны мною ж часопіс. Загадчык кафедры, былы генпракурор і старшыня канстытуцыйнага суда, у 2015 г. выпадкова праліў каву на ведамасць, пасля чаго была выпраўлена «тэхнічная памылка» ў дачыненні да асоба цэннага студэнта («не залічана» ператварылася ў «залічана»). Калі ў жніўні 2020 г. «Комсомольская правда» крыху асмялела і пачала актыўна асвятляць масавыя пратэсты, у буйной друкарні, падначаленай мінінфармацыі, раптоўна зламаліся машыны для тыражавання газеты. Чамусьці менавіта ў «пратэстным» мікрараёне «Новая Баравая» (не так даўно пабудаваным) знікалі вада і ацяпленне – у лістападзе 2020 г., а потым у студзені 2021 г. Асуджаны закрытым судом Вітольд Ашурак ні з пушчы ні з поля валіўся на падлогу ў шклоўскай калоніі, а 21 мая ўзяў ды памёр у 50-гадовым узросце. У «Боінгу», прыземленым у Мінску 23.05.2021, зусім выпадкова апынуліся Раман Пратасевіч і Софа Сапега, да якіх у КДБ РБ была парачка пытанняў.

Р. Пратасевіч, С. Сапега. Крыніца

Гібрыдная вайна з іншадумствам? Ладна, рабяты, але тады не абурайцеся, што ў вашых «залатых пёраў» выпадкова знікаюць мікрафоны на кніжнай выставе – гэта шчэ паўбяды. Горай будзе, калі ў затуканых вашай сістэмкай дактароў выпадкова не акажацца патрэбных вам прэпаратаў, або медычны транспарт захрасне ў дарозе, або… Не пагражаю, а разважаю – «эфект бумерангу», ён такі. Дарэчы, а ў кнізе прарока Асіі (8:7) што было сказана?

В. М. Ашурак (19702021). Фота адсюль

Нават не буду, на манер небезвядомых персанажаў, лемантаваць «Спыніцеся!» Каб спыніцца, трэба мець спраўныя тармазныя прылады, а я не ўпэўнены ў іх наяўнасці на нашым «Тытаніку»… хай будзе «караблі».

Усяго толькі мульцік, павучальны мульцік з пародыяй на «My heart will go on»

У парадку інфармацыі: капітан «Тытаніка» Эдвард Сміт, які ў красавіку 1912 г. загінуў разам з ім, к таму часу прыблізна чвэрць стагоддзя кіраваў рознымі пасудзінамі, яму было за 60, збіраўся быў пайсці ў адстаўку… Не-не, ні на што не намякаю 🙂

Паслухайце яшчэ адно выкананне кшталту «Lo-Fi», пачытайце апісанне.

На ютуб-канал ніколі насамрэч не рабіў стаўку, ды «няхай будзе».

***

Сумна ад таго, што ў маі наш свет пакінулі двое беларускіх гісторыкаў, якія, між іншага, мелі дачыненне і да іудаікі. З Яўгенам Анішчанкам (27.10.1955 – 16.05.2021) некалі перамаўляўся па тэлефоне, калі ён быў чытачом газеты «Анахну кан»/бюлетэня «Мы яшчэ тут!». Мае самвыдавецкія намаганні спецыялісту падабаліся; прыйшло ад яго пару лістоў…

Яшчэ ў тым стагоддзі я занураўся ў кнігу Я. Анішчанкі, прысвечаную тутэйшым яўрэям: «Черта оседлости. Белорусская синагога в царствование Екатерины II» (1998). Але, каб яе асіліць, пажадана ўсё ж мець адмысловую падрыхтоўку, якой тады не меў. Зараз прапаную спасылку на іншае, больш актуальнае выданне «Эвакуацыя апазіцыі», укладзенае апальным гісторыкам пазней.

Ганаровы архівіст Беларусі Сяргей Жумар (10.11.1958 – 19.05.2021) ведаў пра маё існаванне, але на кантакт не выходзіў, а я не напрошваўся, пры тым, што чытаў і цаніў некаторыя яго тэксты. Лепей пра асобу гісторыка распавядзе мінчанін Пётр Рэзванаў, які працаваў з C. Жумарам у адной установе:

Ён усё збіраўся павандраваць па Ірану (увогуле любіў падарожжы і іх абмяркоўваць). У Ізраілі быў каля 20 гадоў таму на нейкай канферэнцыі ў «Яд-Вашэме»; сказаў, што з пункту гледжання архівазнаўства нічога цікавага не было…. Пра Веру баха’і мы з ім таксама размаўлялі, але неяк «па перыметры» (у т. л. і таму, што яна звязана з абедзвюма названымі краінамі). Сяргей Жумар прыгадваў свае турэцка-татарскія карані. Ён не хацеў быць намеснікам дырэктара ў нашым інстытуце, але яго прымушалі. Спрабаваў захаваць нашу бібліятэку.

Я. К. Анішчанка, С. У. Жумар

Д-р Уладзіслаў Гарбацкі, каторы працуе ў ЕГУ і піша ў «Новы час» (напрыклад), пабываў у літоўскай вёсцы Вялючоны, яна ж Вялючоніс, і падзяліўся фотаўражаннямі:

 

Ну, а мне ўдалося пабываць у Мінску на Даўгінаўскім тракце, па каторым смела крочыў у светлую калгасную будучыню дзядзька Юда, адзін з «Зельманцаў» Мойшэ Кульбака. На суседнім Смаргоўскім завулку натрапіў на пасольства Паўночнай Карэі, адкрытае гадоў пяць таму… Не выпінаецца яно, але і не дужа хаваецца – нават сцяг над ім лунаў.

Фотa 17.05.2021

Калі ў Беларусі ўсё пойдзе, як ідзець, то як бы не давялося прасіць тамака палітычнага прытулку 😉

А на вул. Шчадрына па вільготным асфальце поўзаў слімак, які вёз на сабе слімачаня.

Цяпер я бачыў усё?..

Нагадаю: Святлана Ціханоўская і яе офіс-менеджары ў лютым-сакавіку мудра прадугледжвалі, што ў траўні г. г. пачнуць перамовы з уладамі РБ – пад эгідай «міжнародных партнёраў», такіх як ЕС, ЗША і Расія. З перамовамі штось выпадкова не склалася – ну, затое Святлана Георгіеўна анансавала канферэнцыю па беларускіх праблемах і атрымала званне «Чалавек года» паводле версіі паважанай польскай газеты. «У любой незразумелай сітуацыі ладзь анлайн-канферэнцыю»… Яшчэ ўспомніўся барадаты анекдот пра тое, што на 1980-ы год Хрушчоў запланаваў пабудову камунізму ў СССР, але партыя і ўрад далі адлуп кукурузніку-валюнтарысту, вырашыўшы правесці Алімпійскія гульні.

Вольф Рубінчык, г. Мінск

30.05.2021

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 30.05.2021  17:36