Да юбілею Аркадзя Ракітніцкага

* * *

8 красавіка споўнілася 110 гадоў з дня нараджэння Аркадзя Ракітніцкага – чалавека, які зрабіў неверагодна многа для папулярызацыі і развіцця беларускіх шашак.

Аркадзь Венядзіктавіч – майстар спорту СССР, заслужаны трэнер БССР, чэмпіён Беларусі па рускіх шашках 1952 і 1954 гадоў, шматгадовы дырэктар Рэспубліканскага шахматна-шашачнага клуба, вядучы шашачнага клуба «Белыя і чорныя» на Беларускім тэлебачанні, аўтар васьмі кніг, рэдактар шашачных аддзелаў у шматлікіх газетах і часопісах.

Аркадзь Ракітніцкі нарадзіўся 8 красавіка 1911 года ў Мінску. Бацька займаў высокую пасаду на Лібава-Роменскай чыгунцы. Неўзабаве пачалася Першая сусветная вайна, і сям’я Ракітніцкіх была эвакуіравана ў горад Рамны Палтаўскай губерні. Вярнуліся ў Мінск яны толькі ў лістападзе 1925 года.

Юны Аркадзь актыўна ўключыўся ў шашачнае жыццё Мінска і Беларусі – удзельнічаў у турнірах, стаў складаць задачы і эцюды. Прыйшлі першыя поспехі: ён перамог у чэмпіянаце Мінска, пачаў рэдагаваць аддзел шашак у адной з рэспубліканскіх газет. У 1931 годзе прыняў удзел у другім малым чэмпіянаце СССР у Маскве.

З 1928 па 1941 гг. Ракітніцкі працаваў ліцейшчыкам на заводзе «Чырвоны інвалід» і паралельна вучыўся. Ён скончыў рабфак БДУ (1934) і вячэрнюю драматычную студыю пры БДТ-1 – тэатры імя Я. Купалы (1938).

У гады вайны Аркадзь Ракітніцкі быў на фронце, у партызанскім атрадзе. Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені, пяццю медалямі.

Пасля вайны пачаў вясці шашачны гурток у мінскім Палацы піянераў, змяніўшы там загінуўшага на Ленінградскім фронце маэстра Іллю Гардона. Ракітніцкі, аднак, працуе там нядоўга і па рэкамендацыі вядомага беларускага шахматыста Гаўрылы Верасава становіцца інспектарам па шахматах і шашках у Спарткамітэце Беларусі, а затым, у 1947 г., дырэктарам Рэспубліканскага шахматна-шашачнага клуба, які ўзначальваў больш за 30 гадоў.

У 1959 годзе Беларускае тэлебачанне вырашыла правесці конкурс няштатных каментатараў па розных відах спорта. У ім прыняло ўдзел мноства жадаючых, у тым ліку і Аркадзь Ракітніцкі. Акторская адукацыя дапамагла, і ў тым жа годзе пачаў выходзіць тэлевізійны шашачны клуб «Белыя і чорныя», які стаў унікальнай з’явай не толькі беларускага, але і сусветнага тэлебачання – 37 (!) гадоў бесперапыннага выхаду з нязменным вядучым.

Вось што пісаў мінскі майстар Барыс Берлінкоў у часопісе «Шашки» (1979, №2) у артыкуле, прысвечаным 20-годдзю тэлеклуба.

На ютуб-канале Аляксандра Прэсмана ёсць некалькі алічбаваных фрагментаў выпускаў тэлеклуба «Белыя і чорныя» пачатку 1990-х гадоў: 1, 2, 3, 4.

У 1971 годзе да 60-годдзя Аркадзя Ракітніцкага выйшаў артыкул у газеце «Физкультурник Белоруссии» (№ 80).

ы вырашылі прапанаваць чытачам пераклад гэтага артыкула з рускай. – belisrael)

І трэнер, і спартсмен

Увосень 1946 года да нас у студэнцкі інтэрнат зайшоў незнаёмы чалавек, адрэкамендаваўся: інспектар Рэспубліканскага камітэта фізкультуры. Ён тады толькі пачынаў працаваць, шукаў шахматыстаў і шашыстаў для ўдзелу ў першым пасляваенным чэмпіянаце Мінска. З той пары жыццё Аркадзя Венядзіктавіча Ракітніцкага, цяпер – заслужанага трэнера БССР, майстра па шашках, непарыўна звязанае са спортам.

Успамінаючы той, ужо далёкі час нашага першага знаёмства з Аркадзем Венядзіктавічам, я думаю пра тое, колькі сіл і энергіі ён аддаў развіццю шашак і шахмат у рэспубліцы. І ў тым, што за чвэрць стагоддзя ў нас з’явілася ў гэтых відах спорту многа вядомых майстроў, ёсць і яго пэўная заслуга. Гэта ён нястомна арганізоўваў турніры і матчы. Гэта ён быў першым пасля вайны выкладчыкам шашак у мінскім Палацы піянераў. І гэта яго вучні неўзабаве сталі чэмпіёнамі краіны сярод юнакоў. Навучаючы іншых, ён заставаўся спартсменам і сам дабіваўся поспехаў у розных спаборніцтвах, быў чэмпіёнам Беларусі.

Цяпер, магчыма, трэнерская і спартыўная дзейнасць А. Ракітніцкага не такая прыкметная. Многія вучні перараслі свайго настаўніка, самі сталі майстрамі і трэнерамі. Што ж, гэта натуральна, але гэта і сведчанне таго, што ў іх быў вельмі добры настаўнік. Зрэшты, з’яўляючыся дырэктарам Рэспубліканскага шахматна-шашачнага клуба, Аркадзь Венядзіктавіч па-ранейшаму знаходзіцца ў гушчы спартыўных падзей Беларусі.

Вялікае жыццё пражыў (дзіўны выраз, як для 1971 г. – belisrael) А. В. Ракітніцкі. Працоўны шлях ён пачаў у 16 год рабочым-ліцейшчыкам. У гады вайны быў на фронце, у партызанскім атрадзе. І амаль чвэрць стагоддзя аддаў вялікаму спорту. І вось А. В. Ракітніцкаму спаўняецца 60 год. Ад усяго сэрца віншуючы яго з гэтай падзеяй, хочацца пажадаць яму вялікага асабістага шчасця, спартыўнага даўгалецця.

Ул. Шыцік,

кандыдат у майстры спорту СССР

* * *

Пражыўшы доўгае і цікавае жыццё, памёр Аркадзь Ракітніцкі ў 2004 годзе. Цяжка пераацаніць яго ўклад ў папулярызацыю шашак у Беларусі. Акрамя тэлеклуба «Белыя і чорныя», гэта безліч лекцый і сеансаў адначасовай гульні па ўсёй рэспубліцы. Арганізацыя шматлікіх турніраў. Велізарная колькасць шашачных аддзелаў у газетах і часопісах, якія ён рэдагаваў. Восем кніг, на якіх выраслі многія пакаленні шашыстаў.

Дарчы надпіс Аркадзя Ракітніцкага Ізраілю Бельскаму на першай кнізе Ракітніцкага «У дапамогу пачынаючаму шашысту» (1954). З архіва Міхаіла Бельскага.

Падрыхтаваў Віталь Аніська, г. Мінск

Крыніца

* * *

Дадам некалькі слоў. Ніколі спецыяльна не займаўся шашкамі, але ў дзяцінстве з цікавасцю глядзеў тэлевыпускі «Белых і чорных», у тым ліку і таму, што яны вяліся (цалкам або часткова) на беларускай мове. Таксама падкупала інтанацыя вядучага. Пазней я рэзюмаваў свае ўражанні ў рубрыцы «Нашы шашкі»: «Нават людзям, аддалена знаёмым з правіламі шашак, дастаткова было пару разоў паслухаць яго выступы ў перадачы “Белыя і чорныя” на БТ, каб далучыцца да шахматнага ўніверсуму» («Наша Ніва», 14.10.2005).

Дзякуючы разбору партый з кнігі «Шашачныя партыі беларускіх майстроў» (Мінск, 1983), у канцы 1980-х я больш-менш упэўнена стаў адчуваць сябе, гуляючы ў шашкі-64 (мяркую, другі разрад бы зарабіў :)) У 1990-х набыў і колькі іншых кніг А. Ракітніцкага, мо ў чымсьці недасканалых, але створаных з любоўю.

Улетку 1994 г. пашэнціла пазнаёміцца з аўтарам – у Палацы шахмат і шашак. Аркадзь Венядзіктавіч паставіўся да мяне з сімпатыяй і распавёў штось цікавае пра 1930–40-я гады, але я, на жаль, нічога не запісаў, і з цягам часу расповеды забыліся. Помню толькі, што мой суразмоўца добра адгукаўся пра яўрэяў, з якімі яго зводзіў лёс, казаў, што спрыяў камусьці ў час ганенняў на «касмапалітаў». Дазнаўшыся, што я збіраў шахматныя і шашачныя кнігі, прасіў па магчымасці дапамагчы літаратурай школьнаму гуртку, які вёў яго сын.

Аўтограф, пакінуты маім суразмоўцам на кардоннай шахматна-шашачнай дошцы

Вышэй можна бачыць матэрыял, прысвечаны А. Ракітніцкаму, са зборніка «Шахматы, шашки в БССР» за 1986 г.

Так, многія шахматысты былі не ў захапленні ад таго, як А. Р. кіраваў шахматна-шашачным клубам (і выконваў абавязкі інструктара па шахматах і шашках пры спорткамітэце) у 1950-70-х гг. Некаторыя дагэтуль не могуць яму дараваць тое, што Ісак Баляслаўскі ды Аляксей Сакольскі атрымалі званне «заслужаны трэнер СССР» са спазненнем. Але не Ракітніцкі быў вінаваты ў тым, што партыя і ўрад, якія з пачатку 1950-х гадоў прызнавалі асобныя федэрацыі шахмат і шашак, усё ж «заганялі» шахматыстаў і шашыстаў у агульную прастору, прымушаючы канкураваць за рэсурсы. Працаваў бы на месцы Ракітніцкага шахматыст – магчыма, бурчэлі б шашысты…

Вольф Рубінчык, Мінск

Апублiкавана 12.04.2021  05:06

***

З успамінаў былога мінчаніна Дзмітрыя Ноя, 1935 г. нар. (з 2001 г. жыве ў ЗША):

У шахматнай арганізацыі Беларусі я быў больш за паўстагоддзя. У 1951 годзе А. В. Ракітніцкі прапанаваў мне, школьніку, папрацаваць дэманстратарам на занальным турніры чвэрцьфінала чэмпіянату СССР: «Чаму б табе не падпрацаваць?» Потым ён гэтае пытанне задаваў мне да свайго сыходу на пенсію. Такім чынам я адсудзіў з ім, пачынаючы з чэмпіянату БССР сярод калгаснікаў у тым жа годзе, да 30 буйных рэспубліканскіх і ўсесаюзных турніраў. «Чаму б табе не паехаць у Стайкі на тры тыдні, падрыхтаваць юнацкую зборную рэспублікі, а потым у Харкаў на “саюз”?» – і гэтак далей.

Аднойчы набліжаўся чэмпіянат рэспублікі. Ён катэгарычна адмаўляўся яго судзіць з-за Г. Верасава, тое самае зрабіў і А. Сагаловіч. Яны суддзі ўсесаюзнай катэгорыі. У мяне ўвогуле не было судзейскай катэгорыі; я яму так і сказаў, што гэта абсурд. Ён на пасяджэнні шахматнай федэрацыі (я на ёй адсутнічаў) прапанаваў прысудзіць мне рэспубліканскую катэгорыю. Сам яе ў спарткамітэце аформіў і ўручыў мне пасведчанне. Так я стаў галоўным суддзёй таго чэмпіянату.

Я ніколі нікога не прасіў зрабіць мяне рэдактарам шахматных аддзелаў газет і часопіса. А. Суэцін запрасіў мяне ў рэдакцыю «Звязды», адрэкамендаваў штату. Я ім, відаць, спадабаўся і працаваў там пазаштатным карэспандэнтам 20 гадоў. Па яго слядах пайшлі Б. Гальдэнаў, У. Шыцік. У газетнай справе настаўнікам маім быў А. Ракітніцкі. Ён нават на паўгода даў мне друкарку са шрыфтом. Аркадзь Венядзіктавіч быў чалавекам разнастайных талентаў. Шахматысты і шашысты любілі яго і паважалі.

Дадана 19.04.2021  22:11