В. Рубінчык. Безназоўнае-2

Дзень добры, для каго ён добры! Чарговы «так сабе» тэксцік. Магчыма, ён і глядзеўся б лепей у фармаце відэадыскусіі, але я, на жаль ці на шчасце, не даспеў да таго, каб стаць: а) медыягладыятарам; б) бясплатным медыягладыятарам.

Тым не менш дазволю сабе нагадаць інтарэсант(к)ам, што ўлетку 2019 г. зарэгістраваў ютуб-канальчык, дзе цяпер амаль 18 відэа рознай якасці і даўжыні. Яны чакаюць на вашы прагляды, каменты. Напрыклад – вось яна, рэальная Шчучыншчына:

Чытач(к)ам, упэўненым, што мінулым разам я напісаў нешта не тое пра 100-годдзе БНР і дзейнасць Паўла Белавуса. Прапаную цікавыя ўрыўкі з кнігі «Беларускі Данбас» (аўтары – Кацярына Андрэева, Ігар Ільяш, 2020) у перакладзе з рускай:

Жорсткае задушэнне пратэстаў недармаедаў [у 2017 г.] і сфабрыкаваная «справа патрыётаў» зусім не паставілі крыж на прымірэнчым курсе. Гэты курс набіраў папулярнасць, нягледзячы ні на што. Праз год пасля таго, як па Мінску гойсалі аўтаматчыкі і раз’язджалі армейскія бронемашыны, галоўнай імпрэзай у дзень стагоддзя БНР стане не акцыя пратэсту, а святочны канцэрт з фудкортамі. Канцэрт (які атрымае назву «Свята незалежнасці») будзе санкцыянаваны ўладамі, пройдзе каля Опернага тэатра і збярэ амаль трыццаць тысяч гасцей. Мерапрыемства, без аніякіх сумневаў, было вельмі паспяховым, насамрэч святочным і патрыятычным. Але паралельна больш за сто чалавек будуць стаяць тварам да сцяны – так скончыцца спроба правесці мітынг пратэсту ў Дзень Волі. Больш за тое, нават гасцей «Свята незалежнасці», якія пасмеюць пакідаць канцэрт з нацыянальнымі сцягамі, АМАП будзе адлоўліваць на вуліцы і кідаць у аўтазакі. Нічога незвычайнага для Беларусі ў гэтым, здавалася б, няма. За выняткам адной акалічнасці: ініцыятыва правядзення паралельнага несанкцыянаванага мітынгу была паддадзена масаваму цкаванню з боку прыхільнікаў канцэрту. А больш за сотню адвольных жорсткіх затрыманняў прайшлі амаль незаўважанымі – галоўнай падзеяй дня ўсё роўна стаў святочны канцэрт каля Опернага тэатра. Культавая для нацыянальна-дэмакратычных сіл дата – Дзень Волі 25 сакавіка – упершыню за 22 гады пазбавілася акрэсленых пратэстных аспектаў. І ў 2019-м гэтыя аспекты не вернуцца.

Усё гэта было сведчаннем глыбокіх тэктанічных зрухаў у свядомасці беларускага грамадства. Адгэтуль ледзь не кожная спроба несанкцыянаваных пратэстаў набывала кляймо маргінальнасці і правакатарства… Каб стаць вядомым як «радыкал», зусім не трэба было рыхтаваць рэвалюцыю і запасацца «кактэйлямі Молатава». Досыць было заклікаць на несанкцыянаваны (няхай і абсалютна мірны) мітынг, шэсце або хаця б пікет. «Памяркоўныя» ж сыходзілі з таго, што варта пазбягаць прамых канфліктаў з уладамі і дзейнічаць толькі ў дазволеных рамках, каб унікнуць бессэнсоўных ахвяр. Гэткі ход думак пасля 2014 года паступова запанаваў.

Ясная рэч, бальшыня прыхільнікаў канструктыўнай (я б узяў гэтае слова ў двукоссе – В. Р.) пазіцыі прытрымліваліся названых перакананняў цалкам шчыра. Але гэтак жа відавочна, што маргіналізацыя пратэстнага руху была на руку рэжыму Лукашэнкі.

Дарэчы, Кацярына Андрэева разам з аператаркай Дар’яй Чульцовай была кінута за краты за дзёрзкі лістападаўскі стрым з «Плошчы Перамен», а яе з мужам кнігу ўлады РБ, падобна, рыхтуюцца ўнесці ў спіс «экстрэмісцкай літаратуры»: журналіста Рамана Васюковіча цягнуць да судовай адказнасці за яе перавозку. Таму, дый не толькі таму, – спяшайцеся чытаць і/або замаўляць (напрыклад, тут). Адзначу, што да тэлеканала «Белсат» здаўна стаўлюся насцярожана, але некаторыя яго карэспандэнты – малойцы.

Ілюстрацыя адсюль

Колькасць палітзняволеных у Беларусі набліжаецца да 300; мінімум адзін з іх (Ігар Лосік) ужо, выглядае, ні на кога і ні на што не спадзяецца… У ліпені 2020 г. я падзяліўся назіраннямі не без прагнастычных матываў:

Заходнія эліты, як паказвае практыка, усё часцей імкнуцца да Realpolitik. Іначай кажучы, панаракаюць на «недэмакратычнасць» выбараў, пагрозяць пальцам, можа быць, увядуць палавінчатыя санкцыі (як у пачатку 2011 г.), але «ўсё» не будзе адсунута «на гады», а галоўнае, не закрыюцца рынкі збыту і крэдытныя ліні… Калі гаварыць пра Трампа і яго атачэнне, яны не будуць рабіць рэзкіх рухаў перад выбарамі ў ЗША (дамовіліся ў пачатку 2020 г. з Лукашэнкам пра абмен пасламі – дык дамовіліся). Агулам, праз COVID-19 і гарадскія бунты амерыканскаму ўраду зараз і ў бліжэйшы час – яўна не да беларускіх пытанняў.

Цяпер, праз 8 месяцаў, магу сцвярджаць, што прагнозы ў цэлым спраўджваюцца. Пасол ЗША у Беларусі быў прызначаны ў снежні 2020 г. (з Джулі Фішар на пачатку лютага 2021 г. сустракалася Святлана Ціханоўская; няясна, што вырашылі дзве шляхетныя дамы, апрача таго, што кантакты трэба працягваць). Украіна – нягледзячы на баявую рыторыку – супрацоўнічае з Беларуссю эканамічна, купляе электраэнэргію. Дый тая ж Германія не вельмі згортвае супрацу: «15 студзеня 2021 г. адбыўся Навагодні Прыём Прадстаўніцтва нямецкай эканомікі (ПНЭ) ў Рэспубліцы Беларусь».

Яшчэ пасольства ЗША ў РБ адзначыла ў твітары 04.02.2021: «Злучаныя Штаты прадоўжаць выступаць за тых людзей у Беларусі і ва ўсім свеце, якія сутыкаюцца з велізарнай жорсткасцю, рэалізуючы свае фундаментальныя свабоды» (тут я наўмысна імітую бюракратычны слэнг; «Еўрарадыё» пераклала словы пасольства больш літаратурна, але менш дакладна). Вось толькі пяць тыдняў, якія мінулі пасля векапомных сустрэч «Фішар-Латушка» і «Фішар-Ціханоўская», не прынеслі палёгкі апанентам рэжыму ў Беларусі… 🙁 Абвінаваўчымі прысудамі скончыліся справы Кацярыны Андрэевай & Дар’і Чульцовай, Кацярыны Барысевіч & Арцёма Cарокіна, шытыя збольшага «белымі ніткамі», пакінуты без змен у абласным судзе даволі жорсткі вырак смаргонскаму прадпрымальніку Рамуальду Улану. Днямі следства прадоўжыла (да 8-9 мая) тэрміны ўтрымання пад вартай Максіма Знака & Марыі Калеснікавай. І г. д.

М. Калеснікава і М. Знак 

Крыху пра іншае. Ад самага пачатку яго прэзідэнцкай кар’еры Лукашэнку закідвалі нелюбоў да яўрэяў. Учынкі «самога» (напрыклад, у 2007-м, 2015-м), замалоты яго прапагандыстаў у апошні год як бы намякаюць, што папрокі не былі зусім беспадстаўныя, і вось «Еўрарадыё» падрыхтавала матэрыял «“Гэты поц зламаўся”: беларуская прапаганда не грэбуе антысемітызмам» (09.03.2021). Усё б нічога, ды многія прыклады прыцягнуты за вушы… Асабліва праблематычным выглядае раздзельчык «Гешэфт як сімвал зла» («Асобная любоў як у афіцыйных прапагандыстаў, так і ў нібыта ананімных тэлеграм-каналаў — да слова гешэфт. Гэта слова з ідыш, якое азначае выгадную здзелкуГэта слова з відавочным падтэкстам выкарыстаў і памочнік Лукашэнкі Валерый Бельскі: У Telegram-каналаў, якія выраслі на публікацыі матэрыялаў правакацыйнага, антыдзяржаўнага зместу, цяпер выдатны гешэфт»).

Хоць рэжце, не скемлю, з якога перапуду ў апошнім сказе быў заўважаны «відавочны» падтэкст. Алена Ціхановіч паведамляла гадоў 20 таму ў «Слоўніку Свабоды»:

Гешэфты — асноўны занятак гандляроў, перакупшчыкаў. Зрэшты, гэта шырэй, чым гандаль — любыя зьдзелкі, у аснове якіх — асабісты інтарэс. Слова, якое апярэдзіла англамоўны «бізнэс», — запазычанае зь нямецкай і асвоенае найперш беларускімі габрэямі. Гешэфт мае адценьне сакрэтнасьці — дасьведчаныя дзялкі вядуць свае справы не афішуючы іх, негалосна, з хітрымі манэўрамі, з лабавой ці абходнай тактыкай. Прадаць за тое, за што купіў, — ня бізнэс. Зрабіць добры гешэфт — мастацтваНайбольш выгадныя гешэфты цяпер робяцца палітычнымі мэтадамі.

Cлова «гешэфт» (далёка не самае абразлівае ў беларускай мове) даўно не адсылае ў працэсе камунікацыі найперш да ідышу і яўрэяў… «Буферная РБ выгадная і Крамлю, і Захаду – і як дыпламатычная пляцоўка, і як своеасаблівая афшорная зона для розных гешэфтаў», – пісаў я ў кастрычніку 2018 г.; чамусь ніхто не ўбачыў у гэтым сказе прыхаванага антысемітызму 🙂 Як і ў прымаўцы, некалі запісанай Рыгорам Барадуліным: «Дзе шэпты, там і гешэфты».

Калі больш сур’ёзна, то з пачатку 2000-х заўважаю дзіўную тэндэнцыю: «эксперты» ўсё часцей корпаюцца ў сімвалічных «антыяўрэйскіх актах», часцяком надуманых, кшталту продажу маечак з надпісам «Holocoste» на Нямізе ў 2017 г. або дзейнасці капелы «Жыдовачка» ў Барысаве. Разам з тым рэальныя праявы юдафобіі ды іншых фобій адступаюць на задні план… Зрэшты, у «грамадстве-спектаклі» наўрад ці можа быць інакш; у любым разе, лягчэй бараніць яўрэяў ад слова «жыд» або цёмнаскурых людзей ад слова «негрыта», чым рэальна ўкладвацца ў развіццё яўрэйскай або афраамерыканскай культуркі. Беларусь не аддзелена ад свету «жалезнай заслонай»; даведзеная да абсурду паліткарэктнасць мае прыхільнікаў і ў нашых краях.

* * *

Сёння зволены начальнік Следчага камітэта Беларусі Іван Наскевіч – мажліва, за тое, што ў лістападзе 2020 г. дапамог сесці ў лужыну «галоўнаму начальніку» (спярша СК, а потым Лукашэнка заяўлялі на публіку, што збіты 11.11.2020 Раман Бандарэнка быў п’яны). На месца Наскевіча прызначылі выхадца з КДБ. Ракіроўкі вышэйшых чыноў мяне мала хвалююць, але, раз ёсць нагода, звярну ўвагу на кур’ёз. Савецкі раённы аддзел Следчага камітэта па г. Мінску знаходзіцца па адрасе вул. Крапоткіна, 47, на тэрыторыі раёна… Цэнтральнага.

Шо, так можна было? Не, напэўна, закон гэткую «інтэрвенцыю» не забараняе, але дзіўнавата ўсё ж, што кіраўнікі Савецкага раёна не адшукалі на двух дзясятках квадратных кіламетраў памяшкання для «асоба важнай» установы! На месцы адміністрацыі Цэнтральнага раёна я б, турнуўшы людзей у пагонах, вярнуў у будынак ля трамвайнай лініі дзіцячую паліклініку, дзе яна і змяшчалася гадоў 25-30 таму. Гэта праўда, што высяляць следчых – «хлопотное дельце» (С); прасцей, вядома, змагацца з ды-джэямі ды графіці…

Агулам, нялішне паразважаць, а ці патрэбны народу Беларусі Следчы камітэт, які зрабіў берасцейца Генадзя Шутава вінаватым у тым, што яго забілі 11.08.2020? Жылі ж мы да 2012 года без гэтага ведамства – неяк выстарчала МУС, КДБ, пракуратуры, камітэта дзяржкантролю… Калі ўсё ж дапусціць, што СК патрэбны, застаюцца сумневы ў тым, што ён не мог бы абысціся без раённых прадстаўніцтваў, прынамсі ў Мінску. Стваралася новае ведамства ў 2011 г. як «мазгавы штаб» сілавікоў; ergo, для яго важнейшая канцэнтрацыя сіл, а не шматлікасць офісаў (для спраў лакальнага маштабу існуюць раённыя аддзелы ўнутраных спраў з участковымі).

Вольф Рубінчык, г. Мінск

11.03.2021

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 11.03.2021  20:53