В. Рубінчык. Рэкапітуляцыя-2

Першая «рэкапітуляцыя» здарылася чатыры тыдні таму (каму цікава, зірніце, што я меў на ўвазе пад гэтым словам). Тады я віртуальна адхвастаў па шчаках «калектыўнага Рыгорыча», а ўпаасобку – твар цяперашняй сістэмы, Наталлю Качанаву.

Працэдура не дапамагла пацыентцы, чаго, у прынцыпе, можна было чакаць – і Полацк не адразу будаваўся… Качанава 04.12.2020 сустрэлася са студэнтамі журфака; сярод іншага, паказала ім відэа са злавесным «тэстаментам Далеса» – тым самым, дзе «мы кінем усё золата на абдурванне рускіх людзей», etc. Ну, калі амерыканскі нябожчык і прыпісаны яму СССР-аўскімі дэмагогамі план – апошні довад тутэйшага чынавенства, то можна канстатаваць: чарговае днішча прабіта. Далей – толькі «Пратаколы сіёнскіх мудрацоў»?!

У першае дзесяцігоддзе незалежнасці тэорыямі сусветнай змовы захапляліся народны пісьменнік Іван Шамякін, радыёістэрычка Ніна Чайка, адыёзны дэпутат Сяргей Касцян… Самым уплывовым канспіролагам быў, здаецца, Эдуард Скобелеў; ён пэўны час, бадай, з сярэдзіны 1990-х да сярэдзіны 2000-х гг., круціўся ў адміністрацыі прэзідэнта, а потым «выйшаў з даверу», страціў пасаду рэдактара казённага «Информационного бюллетеня» і нават у 2008 г. быў выключаны з чаргінцоўскага Саюза пісьменнікаў. Вось гэты палітінфарматар з грандыёзным досведам, набытым яшчэ ў ЦК КПБ, у 2004 г. вяшчаў студэнтам пра магутнасць масонаў, якім процістаіць самотная Сінявокая: «Сыдзе Лукашэнка — будзе страшна».

У 2010-х гадах тэорыі змовы быццам бы выйшлі з моды, але «ніколі не было – і вось ізноў». Часам думаю, што дарма тутэйшыя апазіцыянерчыкі «дзяўбуць і дзяўбуць» гэтую ўладу – яна сама сябе закопвае. Зрэшты… мо’ сярод высокіх службоўцаў і хапае параноідаў, аднак лыжкі міма рота яны ўсё-ткі не праносяць. I я па-ранейшаму лічу, што іх квазістратэгіям неабходна проціставіць Вялікую і Мудрую Народную Стратэгію («зубрызм» :)) Нямала спрэчнага нагаварыла Ганна Севярынец у чарговым інтэрв’ю, але ў тым, што «беларусы ўмеюць упірацца і стаяць як вол, як зубр, уперціся рогам», яна мае рацыю. Мабыць, Ганна – таемная зубрыстка 😉

Будка ў раёне вул. Гая. Мінск, 16.12.2020

Не паспеў адысці ў лепшы свет Вячаслав Кебіч, прэм’ер-міністр Беларусі ў 1990–94 гг., як адзін прыўладны чудзіла на вядомую літару (1977 г. нар. – мой раўналетак…) патаптаўся па яго памяці, выставіўшы Кебіча & Co. нейкімі паўдуркамі: «Як патлумачыць цяперашняй моладзі, што ўсяго 30 год таму не было ні-чо-га, што завецца самастойнай дзяржавай?.. Мы стартавалі з абсалютнага нуля, калі кіраўнікі дзяржавы стаяць на прывакзальнай плошчы з трыма капейкамі ў кішэні і не разумеюць, з чаго пачынаць» (11.12.2020). Ну, з такімі настаўнікамі гісторыі, як д-р Марзалюк, не дзіўна…

Добра, скажу некалькі слоў «для моладзі». У Беларусі 30 год таму былі больш-менш стабільныя крыніцы даходаў, ВУП, характэрны для сярэднееўрапейскай краіны, свая афіцыйная мова (Закон «Аб мовах», які замацаваў прыярытэт беларускай, Вярхоўны Савет БССР прыняў у студзені 1990 г.), Акадэмія навук і многія іншыя «задаткі» для самастойнага развіцця. Не апошнім паводле значнасці быў ганаровы статус краіны-заснавальніцы ААН. У 1991 г. Мінск зрабіўся каардынацыйным цэнтрам новастворанага СНД – каб быў тут поўны рэзрух, наш горад не выбралі б для «штаб-кватэры»!

Мядзведзі ў канцы 1990 г. па вуліцах сталіцы Беларусі (і нават «сталіцы Палесся», Пінска) не блукалі… Будучы юным першаразраднікам, нярэдка выступаў тады ў шахтурнірах, дык помню і цёплыя светлыя залы для гульні, і прымальны асартымент у сталоўках: на 2 р. 50 кап. сутачных можна было добра пад’есці, нягледзячы на ўсе гарбачоўскія дэфіцыты. «Беларусь шахматная» ўвогуле пачувалася, бадай, лепей, чым цяпер: мінчанін Барыс Гельфанд пастаянна перамагаў у буйных турнірах і меў то трэці (пасля Карпава з Каспаравым), то пяты рэйтынг Elo ў свеце. За апошнія 20 год ніводзін прадстаўнік РБ і блізка не падабраўся да такога выніку.

З рэпартажа пра дзіцячы міжнародны турнір у Пінску, адбыты ўвосень 1991 г. («64-ШО», №№ 23-24, 1991). Маскоўскі кар. паблытаў прозвішча будучага майстра Славы Чакурава, напісаўшы «Чепуров»

Калі б у пачатку 1990-х Беларусь рызыкнула і заявіла пра свае правы на Сусветную шахматную алімпіяду, то мела б не меншыя шансы на поспех сваёй заяўкі, чым у 2018 г. – у шахматным свеце свежыя былі ўспаміны пра паспяхова праведзеныя ў Мінску чэмпіянаты СССР 1979 і 1987 гадоў. Розніца ў тым, што «старыя кадры» дзяржаўных кіраўнікоў (ну, гэтыя, з «прывакзальнай плошчы» :)) пры ўсіх сваіх заганах і памылках разумелі: даўшы абяцанне, трэба яго датрымаць. Мяркую, Багданкевіч і Кебіч з Шушкевічам не дазволілі б сабе адклікаць заяўку, як тое зрабіў урад Лукашэнкі-Галоўчанкі ўлетку 2020 года… «Парваліся б», але знайшлі б эквівалент 13 мільёнаў USD.

This image was originally published on Onliner.by web site (http://www.onliner.by/). All rights reserved.

Яшчэ адзін дзівун – топ-менеджар Беларускай федэрацыі шахмат – у кастрычніку г. г., пасля скасавання імпрэзы ў Мінску-2022, суцяшаў сябе (і чытачоў «Трыбуны»): «Ва ўсім свеце ўсё адмяняецца, а спаборніцтвы пераносяцца на іншыя гады». Неўзабаве прыйшла навіна пра тое, што алімпіяду 2022 г. бярэцца правесці Расія…

З «лакальных» успамінаў: на пачатку 1990-х гадоў кожнае лета працаваў фантан ля кінатэатра «Кіеў» (станам на 2020 г. ён ужо колькі гадоў не дзейнічае), і яшчэ не былі скрадзены памятныя шыльды з галоўнай алеі Кіеўскага сквера. Зімою гарадскія ўлады прывозілі пад кінатэатр вялікую яліну, і жыхарам раёна было куды выходзіць на пагулянку. У снежні 2020 г. мясцовыя «дачакаліся» ад улады хіба што ўзброеных патрулёў па вуліцах Кахоўскай і Чарвякова.

З 15.11.2020 каля «плошчы Перамен» адноўлена пастаяннае дзяжурства «сілавікоў» (мела месца і ў сярэдзіне верасня) – звярніце ўвагу на шаломы за смеццевымі бакамі

Але вернемся да шахмат і шахматнай супольнасці. На тое, што перамены блізкія, як бы намякае адсутнасць подпісаў вядучых шахістаў Беларусі пад калектыўным лістом cупраць «некаторых незаконных псеўдаспартыўных структур». Нікога з гросмайстраў-мужчын за тры тыдні так і не ўдалося завабіць у «кумпанію» з тысячамі падпісантаў (на сёння cайт выдае 4257, але, ведаючы, як арганізоўвалася гэтая колькасць, лічбу можна зменшыць мінімум на чвэртку). З «сярэдняга звяна» бачу толькі мм Вячаслава Зарубіцкага – так сабе процівага міжнародным гросмайстрам Сяргею Азараву, Андрэю Жыгалку, Уладзіславу Кавалёву, якія падтрымалі «Свабоднае аб’яднанне спартоўцаў». Няма ў афіцыёзным спісе і Насты Зязюлькінай, Вольгі Бадэлька, Ланіты Стацко, Рахілі Эйдэльсон – ёсць гросмайстарка Генрыета Лагвілава (здаўна больш чыноўніца, чым шахматыстка) і, нечакана, майстарка ФІДЭ Кацярына Бейненсон, якая ў кастрычніку 2020 г. стала віцэ-чэмпіёнкай Беларусі. Сярэдні рэйтынг чэмпіянату быў 1940, што пра многае кажа…

Такім чынам, у цэлым шахматная супольнасць не падтрымала «праўладны» праект. Я не сцвярджаю, што кваліфікаваныя шахматысты разумнейшыя за астатніх, але пралічваць на колькі гадоў хадоў уперад яны ўмеюць. Напрошваецца вывад, несуцяшальны для цяперашняй «эліткі».

Сапсаваліся адносіны той «эліткі» не адно з ФІДЭ, а і з цэлым Міжнародным алімпійскім камітэтам… Сёмага снежня амаль усім членам выканкама Нацыянальнага алімпійскага камітэта РБ, уключна з прэзідэнтам, забаранілі ўдзельнічаць у мерапрыемствах МАК. Што самае крыўднае для тутэйшых чыноўнікаў ад спорту, грошы для беларускіх атлетаў МАК абяцае пераводзіць у абыход НАК РБ (праўда, не зусім ясны механізм гэтых выплат).

Эх, і папярэджваў жа я ў чэрвені 2017 г.:

Вясна пачалася з масавых пратэстаў у розных гарадах Беларусі, а завяршылася даволі ганебным «мерапрыемствам»: сходам Нацыянальнага алімпійскага камітэта 30 мая… Слушна заўважылі журналісты, што статут НАК прадугледжваў (пера)выбары кіраўніка арганізацыі кожныя 4 гады. Апошнія перавыбары адбыліся 9 красавіка 2010 г. – значыць, «прэзідэнт» к маю 2017 г. ужо не адзін год быў «ненастаяшчы»… Калі ўсчаўся шум, то нехта (пытаннечка да былога генсакратара НАК Анатоля Котава, хто менавіта – В. Р.) на сайце НАК хітрамудра пазначыў, што А. Лукашэнка перавыбіраўся не толькі ў 2010 г., а і ў 2012 г. Маю вялікія сумневы… Так, 26.10.2012 праводзіўся сход НАК з удзелам А. Л., ды ён быў прысвечаны іншым праблемам, у прыватнасці, не зусім удаламу выступленню беларусаў на Алімпіядзе ў Лондане. Нідзе ў справаздачах пра сход не фігуруе тэма выбараў прэзідэнта, дый навошта праз 2 гады пацвярджаць сваю легітымнасць, якую ніхто тады не аспрэчваў?.. Чалавек, які груба ігнаруе рэгламент, наўрад ці зможа «навесці парадак» у арганізацыі, колькі б гучных слоў ні вымаўляў.

А ў сакавіку 2019 г., пасля «Вялікай размовы з прэзідэнтам», напісаў прасцей:

Маё пытанне да прамоўцы, адпраўленае 27.02.2019 («Чаму б Вам добраахвотна не сысці ў адстаўку з пасады прэзідэнта Нацыянальнага алімпійскага камітэта?»), агучана не было, хоць я ведаю, што ў агенцтве БелТА, якое збірала «галасы народныя», яго атрымалі. Пытанне менш наіўнае, чым выглядае; калі «першая асоба» дэманструе кепскі прыклад сумяшчэння дзвюх адказных пасад, кожная з якіх вымагае пастаяннай працы, то іншым чыноўнікам таксама карціць… У выніку «сумяшчальнікі», як правіла, нідзе не працуюць з поўнай самааддачай, да таго ж губляецца сам сэнс грамадскай дзейнасці (калі яна – «даважак» да пасады, то пры чым тут грамадскасць?)

От паслухалі б мяне сваечасова Рыгорыч і яго атачэнне – не было б ім цяпер ганьбы на ўвесь свет, і не давялося б кідацца марнымі словамі: «Трэба нам звярнуцца ў суд. Няхай [Томас] Бах і банда раскажуць, у чым мая віна, што я сваю краіну абараняю?!» (08.12.2020). Ну, нават калі дапусціць «добрыя намеры» чалавека, які бароніць перадусім і збольшага сваю ўладу, карысна перачытаць развагі пра сумяшчальнікаў…

Драбнейшыя-то чыноўнікі, падобна, часам прыглядаюцца і прыслухоўваюцца да публікацый на belisrael. Прыводзіў прыклады са шчучынскім паказальнікам, будоўлямі на сталічнай вул. Прытыцкага, прывакзальнымі балконамі… Не выключаю, што і сёлета расповед пра cкульптуру, дзе бракавала кавалу мятлы, натхніў кагосьці на «подзвіг» – рэстаўрацыю аб’екта, што знаходзіцца ў Цэнтральным раёне Мінска.

Было 01.06.2020 і стала 15.12.2020

А тым часам кандыдат мастацтвазнаўства Яўген Малікаў, зволены з гомельскага ўніверсітэта транспарту за, як цяпер прынята казаць, «актыўную грамадзянскую пазіцыю», звяртаецца да тых, каму неабыякавая гісторыя Гомеля. Вырашыў абвясціць краўдфандынг і плануе па выніках падрыхтаваць «кнігу па гісторыі развіцця фотасправы ў Гомелі ў ХІХ – першай палове ХХ ст.» Без сумневаў, у такой кнізе будзе нямала яўрэйскіх імёнаў і прозвішчаў 🙂

Сёлета выйшла іншая каштоўная кніга, дакладней, нават альбом: «І рай і боль на Песеннай Зямлі… Беларусь вачыма мастакоў 1920 – 1930-х гадоў». Пад дзяржаўным «дахам» («Беларуская энцыклапедыя»), наклад 700 экз., укладальніца – Н. В. Мартынава.

У альбоме нямала і рэпрадукцый работ мастакоў-яўрэяў: Меіра Аксельрода, Льва Зевіна, Якава Кругера… Напрыклад:

Аксельрод М. М. Мястэчка (1926). Папера, аловак, вугаль, гуаш. 33,2X49,7

Зевін Л. Я. Мястэчка (1929). Папера, акварэль. 35,6Х52,8

Глядзіш і думаеш: многія рысы мястэчак не дужа-то і змяніліся… Таму, відаць, старая частка Барысава даволі арганічна ўпісалася ў «рэканструктарскі» фільм «Чароўныя нажнічкі» (2017), зняты паводле сцэнару Наты Голавай.

Між іншага, заўтра, 17.12.2020, фільм упершыню плануюць паказаць праз інтэрнэт – у рамках праекта «Штэтлфэст». Трансляцыя пачнецца прыблізна а 8-й вечара па мінскім часе. Даведацца болей можна па адрасе: https://www.facebook.com/shtetl.fest Або тут: https://www.instagram.com/shtetl.fest Сам я бачыў «Чароўныя нажнічкі» акурат год таму: няўрымслівая Н. Голава са сваёй капелай прыязджала ў бібліятэку імя Я. Купалы.

Вольф Рубінчык, г. Мінск

16.12.2020

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 16.12.2020  20:20

* * *
PS. Інфа ад чытача: «К. Бейненсон, 1998 г. нар., – супрацоўніца апарату мінспорту (пакінулі пасля ВНУ і практыкі). Яна не магла не падпісаць зварот». Ой, не ведаю… У свае 22 – і нават 32 – я не баяўся начальства.
17.12.2020  13:23