Васіль Жуковіч. ЛІРЫКА ЖНІЎНЯ

В. Жуковіч у час дыялёгу з У. Сьцебуракам (лістапад 2020 г., гл. тут)

Адносна выбараў

Мы – народ незвычайнай пробы:

Мы – супроць палітычнай халтуры,

Культу нізкай пасрэднай асобы,

Мы – за культ высокай культуры,

За імя, за якое ня сорам,

За таго, хто ўсёй нацыі годна

Будзе радасьць прыносіць, ня гора,

Будзе з родным народам згодны.

Беларусь, бласлаўлёная Небам

Будзь,

мудрэй, каб ня ведала скону!

Дыктатур нам ніякіх ня трэба,

Акрамя дыктатуры закону.

5.08.2020

Крыніца фота

Жалоба

Глыбокі мой смутак,

Мне зь ім не расстацца.

Журботна чаму так,

Ня трэба пытацца.

Сілай збройнаю і злачыннаю

Кроў пралітая;

Маладзенькія і нявінныя

Жорстка зьбітыя!

Ёсьць забітыя!

Дакуль гэтак будзе

У нашых абшарах?

Чаму церпім, людзі,

Садыстаў-пачвараў?

* * *

Ружы белыя і чырвоныя

Ў вянкі складзены.

Жыцьці юныя пакалечаны,

Жыцьці скрадзены.

Ганьба!

Не магу я душою крывіць!

Пекла ў нас, бы садом і гамора!..

Ганьба тым, чые рукі ў крыві,

Хто ўчыніў беларускае гора,

Хто хапаў чыста мірных людзей

І валок па асфальце за ногі,

Хто дубасіў жанчын і дзяцей,

Набіваў аж данельга астрогі!

Ганьба ўсім, лёсы хто распінаў

Акрываўленымі рукамі,

Хто зьняволеных тых катаваў,

Адбіваў і здароўе і памяць!

Змардаваных шчэ будуць судзіць

Суддзі і пракуроры-пілаты.

Хто на шыі народа сядзіць,

Не баіцца народнай адплаты?

Злы рэжым пад крыламі Крамля

Чыніць зьверства зацята, з гневам.

Як жа носіць яго Зямля

І ня хрысьціць маланкай Неба?!

Блізка апатыя?

Быў я дужы й вясёлы,

Быў у справах заўзяты я.

Пачуваюся кволым,

Сумным –

блізка апатыя?

Чую: ў сэрцы нягода

Пасялілася вечная.

Так забітых мне шкода!

Гэтак шкода зьнявечаных!

Не да зорак!

Я забыў, што па начах

Жнівень дорыць неба зорнае:

Не да зорак, бо ў вачах

Тэрарыстаў маскі чорныя.

Сучасны сатана

Не пакаяўся Каін, як брата забіў…

Сатана шмат каго загубіў

І пакаяцца не зьбіраецца,

Зло чыніць не стамляецца

З д’ябламі-памагатымі.

Ён ня бачыць свае віны,

Свая логіка ў сатаны –

Робіць праведных вінаватымі.

Кат ваюе ў хаўрусе з катамі,

А на словах – супраць вайны.

Не плявузгай!

Хворай фантазіі прывід Майдана

Бачыцца. Страх крывіць рот.

Што ж ты палохаеш справе адданы,

Дужа трывушчы, мірны народ?!

Гіцаль, дрыжыш, бо ўсё страціць ты можаш,

Ды не плявузгай ты нам пра Майдан,

Ведай, што панікаваць непрыгожа,

Лепш неадкладна пакуй чамадан…

Людзі й нелюдзі

Ява, а не жахлівая казка:

Людзей зь ветлымі тварамі,

Людзей з сьветлымі марамі

Б’юць амапаўцы-нелюдзі ў масках.

Людзі з кветкамі йшлі як на сьвята,

Сьвет харошылі ўсмешкамі мілымі,

Іх жа, схопленых чорнымі сіламі,

Упяклі нізавошта за краты…

Ява нашая, о, калі ласка,

Ты зьмяніся, зрабіся цудоўнаю,

Вязьням дайся, свабода грунтоўная,

Хай зьняволяцца нелюдзі ў масках!

Прыстасаванец

Ты на падзеях не драмаў –

Злачынства ўлады падтрымаў:

“Улада ўсякая – ад Бога…”

Не дабрачынны ты сьвятар!

Хоць храм высокі твой – да хмар,

Ты мысьліш нізка, сьлепа, ўбога!

Відаць, уладу нездарма

Рашуча гэтак падтрымаў:

Падобна, штосьці атрымаў,

І вось душа твая сьвяткуе.

Дзіўлюся я, што ты – сьвятар

І што даносчыкам ня стаў;

Мо Сталіна табе бракуе?

Культурная сьвятыня

Купалаўскі тэатр пражыў сто год,

А жыць такой сьвятыні вечна трэба.

Не дапаможа ні бальзам, ні мёд,

Калі душы не даць паветра й хлеба!

Дроў наламалі ўлады. Ім турма

Важней тэатру… Сьмерч на нашай ніве,

“Тутэйшых”, жаль, на сцэне больш няма –

Сышла майстроў няскораных гурма!

Не, Зносака няма ў тым калектыве!

Абуджэньне

Паўстань, народ! Прачніся, беларусе!

            ……………………………………………………………

            На цябе, наша моладзь, надзея

            Нашай сумнай забранай зямлі.

            …………………………………………………..

            Беларусы ня будуць рабамі!

            Янка Купала

Праспаў народ наш процьму год,

Дарэшты змучаны тыранамі

І паганятымі паганымі.

Ды ўсё ж прачнуўся наш народ.

Паўстаў народ, прачнуўся ён

Ад сну цяжкога летаргічнага,

Ад лёсу рынуўся трагічнага

За добрай доляй наўздагон.

Народ сказаў: тыраны, прэч!

Краіна наша будзе вольная,

Абараніць яе мы здольныя –

Паслужыць слынных продкаў меч!

…Ноч, а сям’я мая ня сьпіць,

Рэальнасьці глядзім у вочы мы:

Купала словамі прарочымі

Натхніў. Рабамі нам ня быць!

Мроя

Беларусь, між Усходам і Захадам

Ты ня мост і ня двор прахадны –

Быць табе самастойнай краінаю

І з Эўропаю цэлым адным!

У хаўрусах вайсковых ня будзеш ты,

Зброяй бразгаць забудзеш навек.

Быць табе натуральнай, нейтральнаю;

Мая даўняя мроя жыве!

Сейбіту бяды

Зло сеяў шмат гадоў

І горкіх пазьбягаў пладоў.

Ён выхаваў садыстаў

Ды іх прыгрэў рублём.

Уведаў сталініста

Нацыянальны дом.

Відушчы люд на сходзе

Даў сейбіту бяды

Прысуд: “Цярпець нам годзе—

Жні, пажынай плады!..”

11– 31.08.2020

Дадатак

***

Узрушальная Ахеджакава,

Абураны Співакоў!

Нам, цяжкапараненым

Зьверствам сілавікоў,

Вы далі донарскую

Салідарнасьці кроў,

Кроў мужных учынкаў,

Кроў асуджальных слоў.

Вы асудзілі злачынцаў,

Хіжых двухногіх зьвяроў!

11.09.2020

Ідуць беларусы

А хто там ідзе, а хто там ідзе

У агромністай такой грамадзе?

– Беларусы.

     Янка Купала

Глаза их полны заката,

Сердца их полны рассвета.

     Иосиф Бродский

Па плошчах, праспэктах, па вуліцах шумных

Ідуць беларусы,

Парой драматычнай, і тлумнай, і сумнай

Ідуць без прымусу,

Душой яны гвалт і хлусьню не прымаюць –

Яны гонар маюць,

Па вольную волю, па лепшую долю

Ідуць грамадою.

Са шляху сыдзіце вы, карнікі ў чорным!

Народ – у паходзе.

Ёсьць вера у сілах яго незьлічоных,

Ёсьць сіла – у згодзе!

Антыхрыстаў войска вайной пагражае,

Нам засьціць дарогу.

Ідзем, беларусы, і ўсё набліжаем

Над злом перамогу.

31.10.2020

Фота з lit-bel.org

Ля Курапатаў 1 лістапада 2020 году

На Дзяды,

Як заўжды,

Людзі йшлі ў Курапаты

Пакланіцца ахвярам трыццатых

Ля крыжоў,

Але ўжо

Забаронена справа сьвятая…

Восень не залатая

Цяпер,

а крывавая;

Груганьнё наляцела аблаваю

На міранаў, юнцоў

З усіх канцоў,

Іх у полі лавілі

І жорстка лупілі,

Быццам злачынцаў,

Валаклі непрытомных

Да машынаў да цёмных…

На паляваньне ў полі

Людзі глядзелі з болем

І з дарог, і з вакон,

Абураліся: “Дзе закон?!”,

“Няўжо гэта канец сьвету?!”

І маліліся Богу кабеты,

І, сьціскаючы кулакі,

Мацюкаліся мужыкі.

Вось такая кантрастная ява,

Вось якая глыбокая яма,

Нелюбоў і нязгода

Між правіцелем і народам

На Беларусі.

Курапацкія сосны ў скрусе

Шумяць, а ці душы забітых,

Простых і знакамітых,

Ды нявінных людзей –

На Дзяды, пасьля горкіх падзей.

Сонца зноўку глынулі хмары.

Зноў – ахвяры, ахвяры, ахвяры.

1-5.11.2020

* * *

Яшчэ адзін верш В. Жуковіча чытайце на нашым сайце тут: “Нашэсце

Апублiкавана 30.11.2020  13:16