В. Прусак. Крумкачы рассеяння (І)

Вольга Прусак

КРУМКАЧЫ РАССЕЯННЯ

Прысвячаецца Мойшу Кульбаку, беларуска-габрэйскаму паэту, раманісту і драматургу, расстралянаму ў 1937 годзе ў Курапатах

Дзеючыя асобы:

Мойша — сіні габрэй

Зэлік — зялёны габрэй

Харык — чырвоны габрэй

Нейкі пісьменнік — магчыма я, магчыма ты

Вязень зямлі — магчыма, Нейкі пісьменнік

Крумкач

Голуб

Дрозд

Сойка

Канарэйка

Выканаўцы (3 чал.)

АКТ 1

1Праапістыс

Круглае памяшканне з чорным і белым слупамі на ўваходзе, а таксама па іншых баках свету. Левы слуп выразаны з чорнага оніксу, правы — з белага мармуру. Падлога выкладзена ў шахматным парадку квадратнымі плітамі з чорнага оніксу і белага мармуру. У цэнтры памяшкання, на стыку чатырох квадратаў стаіць белы мармуровы куб, на ім сядзіць чорная птушка.

Крумкач: Паспрабуй бліжэй, толькі лепш не кратайся.

Вязень зямлі: Не магу наступіць! Пліты адрынулі мае ступні, і чорныя ды белыя, і чорныя ды белыя слупы ціснуць мой стан, я зараз вылечу адсюль, як корак!

Крумкач: Ты так прывязаны да зямлі, што цябе нічога не трымае.

Вязень зямлі: Вядома, прывязаны. Слухай, я хачу быць жывы. Я яшчэ жывы? (валіцца на белую плітку) Хай бы я жывы! (пачынае задыхацца ад бязгучнага смеху і бясслёзнага плачу)

Крумкач: Ты будзеш тут, пакуль не пазбавісся гэтае звычкі. Як прывыкнеш — тады пойдзеш.

Вязень зямлі: А калі не пайсці? Тут даюць несмяротнасць?.. (яго кідае на чорны квадрат)

Крумкач: Табе дужа пашанцавала, між іншым. Ты маеш час. Табе не пашанцавала, што ты не маеш часу.

Вязень зямлі: Дык што я мушу рабіць?

Крумкач: Навошта?

Вязень зямлі: (задумаўся) Не ведаю… (лежачы слізгае, зноў падскоквае ў няўтульную бязважкасць —пліты адштурхоўваюць яго) Ай!

Крумкач: Прапаную табе лянівы адпачынак на спіне. Знясільвай сябе, выказваючы ўсім целам пазяханне.

Вязень зямлі: Варта ўсё прыгадаць…

Крумкач: Нямая ліцера, падобная да вады, шыпучая ліцера, падобная да агню. Заплюшчы вочы, глядзі сваё адлюстраванне.

Вязень зямлі: Яно мяне не пазнае!

Крумкач: Што ж, няхай сплывае, як мёртвы ліст.

Вязень зямлі: Але я ёсць!

Крумкач: Адзіна правільнае сцверджанне, якое можна зрабіць пра сябе самога. Нерухомасць — пачатак усіх кручэнняў. Зручна?

Вязень зямлі: Не! (круціцца, плюхаецца на белы) Навошта я бачу цябе і чую? Ты павінен быць схаваны на сваім начным баку! Я хачу назад, хачу назад… (здзіўляецца раптоўнай думцы) Але там я незадаволены! (плюхаецца на чорны) Чакай, калі я бачу цябе і чую — значыцца, я на начным баку? Так проста? Варта аднойчы адчуць незадавальненне…

Крумкач: (выпраўляе) Нязгоду.

Вязень зямлі: Чакай, чакай… Што ж мяне так абурыла…

Крумкач: Не трэба зараз заглыбляцца ва ўспаміны — іначай адразу ж вернесся перажываць свой час. Ты ж не жадаеш, праўда?

Вязень зямлі: Не жадаю. Але я не памятаю, чаму.

Крумкач: Гэта добра, адпачывай. Галоўнае, памятай, што быў нязгодны.

Вязень зямлі: Я зрабіў штось насуперак, раз трапіў сюды?

Крумкач: Не хвалюйся, на начны бок не так проста трапіць. Гэта акт волі ўсвядомленага. А тут толькі… Праапістыс. Чорны онікс, белы мармур. Слуп суворасці, слуп міласэрнасці. І ты — паслухмяны сабе самому.

2. Шахматы

Паўзмрок. Сціплае святло газавай лямпы.

З падлогі пацягваецца мяккі цень. Расце, перакочваецца цёплай хваляй. Чалавек ля стала падкручвае кноцік, пляма святла робіцца ярчэйшая. З ценю вырастаюць рукі. Пальцы складаюцца ў фігуры, што ствараюць праекцыі розных птушак (варона, лебедзь, чыюк…) Распраўляюцца ў голуба, што ляціць. Крылаты цень набліжаецца, распаўзаецца па сцяне хісткай плямай.

Рэзка загараецца электрычнасць.

Пры поўным святле бачна, што паўсюль у пакоі стаяць клеткі, укрытыя адрэзамі тканіны, падлогу шчодра высцілае шматколернае пер’е, у паветры кружляе птушыны пух. Азірнуўшыся, чалавек знаходзіць свой цень пляската нацягнутым на сцяну і пазбаўленым чароўнасці. Нарастае гвалт патрывожаных птушак.

Спахапіўшыся, выключае электрычнасць. Счакаўшы секунду цемры, пакуль птушкі прыцішэлі, запальвае зноў сціплую газнічку. На стале сядзіць Голуб.

Голуб: Ты чаго тут?

Мойша: Прабач, забыўся. Падобна, усіх пабудзіў.

Голуб: А што ты робіш?

Мойша: Ніколі не задумваўся, як чалавечы цень перажывае прыход новага жыцця.

Голуб: Што яму? То ж проста цёмная пляміна.

Мойша: А вось і што. Ён жыве ад святла. А святло перамянілася. І цень перамяніўся. У нас зараз нават цені іншыя.

Голуб: Ну тады гэта прыемна.

Мойша: Уяві, стары дзядзька-кравец у нейкім габрэйскім мястэчку. Паўстагоддзя стукаў на машынцы пад такім вось кноцікам, а цень ягоны напаўзаў на печ. І раптам печ стаіць як новая, як пабялілі — няма ценю! А дзе? Неспакой чалавеку. У такім месцы, дзе ён бачыў яго цэлае жыццё — і раптам яго няма! Нібы зусім забралі — жахліва! Падумае — навошта мне тая электрыфікацыя, прагрэс, калі ўласным ценем за яго трэба плаціць.

Голуб: Вось так зацемненая дробнабуржуазная свядомасць, неадукаванасць і лубачны традыцыяналізм супраціўляюцца святлу рэформаў сацыялістычнага адраджэння.

Мойша: Пагуляй са мною ў шахматы. (раскладае дошку, расстаўляе фігуры)

Голуб: Дык я ж іх блытаю.

Мойша: Я ведаю, што ты блытаеш, але хачу зараз у шахматы пагуляць. Вось твае, белыя.

Голуб: Ты як быццам цябе ўвесь час цягне назад.

Мойша: Я яшчэ не пачынаў.

Голуб: Не, я пра цень. Ты не спіш з-за яго — і ў цябе не пачынаецца новы дзень.

Мойша: На шчасце, яшчэ не надумалі такое святло, каб пазбавіць чалавека ценю зусім.

Голуб: Падумаеш. Я ж неяк абыходжуся без яго.

Мойша: Ты і без зорак абыходзісся, і без месяца. У цябе дзень кароткі! Вось, я зрабіў ход.

Голуб: Я таксама зраблю такі ход. Буду за табой пераймаць.

Мойша: (наступная фігура) Ты не зможаш увесь час за мной пераймаць. Аднойчы табе давядзецца ад мяне бараніцца.

Голуб: Табе таксама давядзецца бараніцца.

Мойша: Ты страціш фігуру.

Голуб: Ты таксама страціш фігуру!

Мойша: (смяецца) Гэта будзе сумная гульня!

Голуб: Чаго ты скрозь так дзіўна смяесся?

Мойша: Так смяяліся ўсе мужчыны ў нашым двары. Смех праўда асаблівы. Зірні, трэба ўздыхнуць вось так, ні з пушчы ні з поля, і на выдыху выпусціць паміж вуснаў вясёлае і пяшчотнае іржанне… Брррргыгыгы! Такое можна пачуць ля стойла, дзе коні стаяць і ядуць авёс…

Голуб: Як можна! Вучыць дзяцей смяяцца конскім смехам! Падазраю, гэта яшчэ самае бяскрыўднае з цемрашальстваў габрэйскага панадворка!

Мойша: (смяецца) Не, ніхто нікога не вучыў. Гэты смех перадаецца ў спадчыну. І яшчэ пах. У нас усе мужчыны мякка пахлі сапрэлым сенам…

Голуб: Добрая спадчына, нічога не скажаш!

Мойша: Ну, гэта яшчэ не ўся спадчына… Яшчэ месца ў сінагозе, сто рублёў пад шостай цаглінаю печы, швейная машынка, павелічальнае шкло майстра па гадзінніках, срэбная лыжка, патэльні і гаршкі, тупыя нажы, тупыя цвікі, самаробнае радыё і яшчэ сляпая бабуля.

Голуб: Гэта завецца: ноша мінулага, што абцяжарвае будучае жыццё.

Мойша: Бабуля не абцяжарвае, яна больш падобная да курыцы, чым да чалавека, і не ведае, што свет зрабіўся нейкі іншы.

Голуб: Нават не ведае пра стварэнне габрэйскай аўтаномнай вобласці?! Пра тое, што СССР зрабіўся піянерам у паспяховым вырашэнні шматвекавога габрэйскага пытання?!

Мойша: Прабач, гэтая фігура табе, відаць, дужа падабаецца? Ты каторы ўжо ход соваеш яе то крыху наперад, то крыху назад… Насамрэч ёсць шмат іншых фігур, і ўсе яны цікавыя!

Голуб: Вось ты — народны інтэлігент, інтэлектуальная, значыцца, падмога ў пабудове новага грамадства!

Мойша: Значыцца, значыцца…

Голуб: То адкуль гэтая дробнабуржуазная рамантыка? Цені, газнічка?… Павелічальнае шкло майстра па гадзінніках?

Мойша: Ты зноў паблытаў. Ты ходзіш на сябе. Гэта твая фігура, навошта ты яе б’еш?

Голуб: Таму што яна маленькая. А гэта вялікая.

Мойша: Гэта няважна, яны ж аднолькавага колеру.

Голуб: На табе такая адказнасць — асвета працоўных, развіццё пралетарскай культуры! А ты замест гэтага вырабляеш зараз нейкія застойныя настроі, што не адпавядаюць патрэбам габрэйскай працоўнай класы!

Мойша: Белыя ўсе твае. Усе рухаюцца па-рознаму і ўсе патрэбныя. Маленькія таксама патрэбныя. Нічога застойнага. За апошнія месяцы я бачыў, як на небе перамянілася шмат зорак…

Голуб: Перспектыва савецкага росквіту супраць мізэрнага мадзення мястэчак! (збівае фігуру)

Мойша: Я і не спрачаюся. Я акурат з вялікай радасцю падтрымаў неабходнасць упісацца ў новае жыццё, зрабіцца сапраўдным савецкім чалавекам…

Голуб: Ты махлюеш.

Мойша: Нічога не махлюю, гэта конь, ён так рухаецца. Толькі не думай, што калі ён рухаецца не напрасткі, то можа наогул стаць на любую клетку.

Голуб: Ну што ты паробіш з гэтай саматужніцкай псіхалогіяй! Савецкая дзяржава дала вам усё — і Бірабіджан!

Мойша: Вядома. І мы мужна працягваем адгукацца на тое, што партыя лічыць важным.

Кадр з пастаноўкі, кастрычнік 2020 г. (рэж. Уладзімір Шчэрбань)

Голуб: Табе шах.

Мойша: Гэта не кароль, гэта слон. І глядзі, ты адкрыў мне сваю ладдзю.

Голуб: Можна, я перахаджу?

Мойша: Ну ўжо не, гуляем як гуляем. Сібірскі Ізраіль, вядома, натхняльная спроба пазбавіць габрэяў ад ідэі Зыходу, але такім чынам, падобна, вырашылі пазбавіцца ад габрэяў наогул…

Голуб: Мне сумна, дай мне паесці, і я пасплю.

Мойша: Не будзем дагульваць?

Голуб: Не будзем.

3. Памяць

Вязень зямлі: Хіба я тут па ўласнай волі? Не па тваёй?

Крумкач: Ты мяне дэманізуеш. Навошта ты мне патрэбны.

Вязень зямлі: Але сам я ніколі не надумаў з’явіцца сюды. Я мог уявіць сябе толькі жывым ці мёртвым.

Крумкач: Не хацеў казаць, карацей… Табе засталося пажыць толькі некалькі хвілін. І на гэтыя некалькі хвілін ты задумаўся, што цябе падманулі. Так і трапіў сюды. Гэты храм — прыступка, што ўзвышаецца над галавою кожнага.

Вязень зямлі: А ты тут са мной навошта?

Крумкач: Таму што я ад самага пачатку пра гэта задумаўся. Як узнялася вада, знішчыла ўсё і ўсіх на зямлі, а я чамусьці застаўся… Першы раз задумаўся пра сябе і адразу — пра тое, што падмануты.

Вязень зямлі: Застаўся — дзеля новага жыцця! Ты павінен быў адчуць шчасце!

Крумкач: Павінен, павінен… А адчуў горыч. Але я кажу: горкае не можа ўквяліць, калі верыш у салодкае.

Вязень зямлі: Што табе салодка? Баляваць на трупах, што гніюць?

Крумкач: Прабач. Не я іх складаў. Як жа я стаміўся апраўдваць гэтыя дурыкі! Пабудую горад — раскідаю па каменьчыках, зляплю чалавечкаў — размачу іх у калатушу… Чаго гэта варта?

Вязень зямлі: Ты быў адабраны працягнуць свой род — гэта ганарова!

Крумкач: Чарговыя дурыкі. Чым я лепшы за таго, каго еў? За тую кашу адборных глуздоў і сэрцаў, што агалілася пасля патопу? Я еў і плакаў па іх.

Вязень зямлі: То было пакаленне, што скрывіла ідэю тварэння, не павінен уратаваны плакаць па іх!

Крумкач: Вось я і плакаў, грэбуючы быць чыёйсьці ідэяй.

Вязень зямлі: Застаўся спачуваць мерцвякам і не падумаў пра нас! А мы ж былі жыццё, мы былі з табою адно!

Крумкач: Заадно — ты меў на ўвазе? Так, нам было па дарозе. Нам і зараз па дарозе. Нам і зараз па дарозе, як бачыш.

Вязень зямлі: Пасланец міру, што спакусіўся на падлу, завецца вестуном смерці!

Крумкач: Я не прынёс ніякай весткі, у чым мая здрада?

Вязень зямлі: Ты мусіў вярнуцца на каўчэг і распавесці пра тое, што бачыў, пра тое, што зямля яшчэ не гатовая прыняць нас.

Крумкач: А цікава, што я мог прыкласці да справаздачы пра стан глебы — кавалак гнілога цела? Чыёсьці вока? Ці костку?… (смяецца доўга) О так, тады б я заслужана зваўся вестуном смерці!

Вязень зямлі: Цябе чакалі!

Крумкач: Вы не ведалі, што чакаеце вестуна смерці, а я не ведаў, чым сустрэне мяне зямля. Што гэта будуць набраклыя вадою парэшткі майго пакалення. Гісторыя мае мінулы час, як і будучы, ці не так? Мінулае было знішчана, але сляды знішчэння за сорак дзён нікуды не падзеліся. Выгляд адкрыўся вусцішны. Спрэс густая поліўка… Вось гэта насамрэч выглядала як скрыўленая ідэя тварэння! Ды толькі хто яе скрывіў?.. Ніводны з тых няшчасных, нават дваццаць, нават тысяча жывых істот не здатныя так вынаходліва і маштабна знявечыць зямлю! То хто ж гэта, хто?! Змаўчым?.. Мы далікатныя. Мы пасвімся ў моры мірна і па-дурному, ды чакаем цудоўны новы свет… Я быў адзін там. Зусім адзін. Адзін у гэтым музеі вычварэнняў, сведка пэцкання шалёнага маляра. Адзін! Я адзін бачыў гэтае хворае, смуроднае ўлонне, з якога свету вашаму, нашаму — цудоўнаму, новаму — паходзіць. Я адзін з усіх атрымаў памяць. Як мне было жыць далей з памяццю — і з вамі? Я нават не мог выбіраць — новае жыццё ці памяць, таму што памяць нікуды не падзенеш. Таму адзінае, што я мог зрабіць — я рабіў для вас. Нехта павінен быў закаркаваць мінулае, і працягнуць час… пакуль мяне чакалі… Я з апетытам працаваў над знішчэннем слядоў.

4. Райсн

Раніца. Мойша падыходзіць да клетак, адведаць птушак і насыпаць зерня.

Мойша: (Канарэйцы) Ты нездаровая? Амаль нічога не ясі. І не спяваеш даўно.

Канарэйка: Мне трывожна.

Мойша: Што цябе трывожыць, любая?

Канарэйка: Не магу і не скажу.

Мойша: То як я даведаюся, чым табе дапамагчы?

Сойка: Нічым ты не дапаможаш. Нам усім трывожна.

Канарэйка: Ну добра, я…

Мойша: Давай-давай, кажы!

Канарэйка: Мойша… Так блага табе сядзелася ў Вільні? Дзе ўсе паэты, нават Гамер, мелі твой твар?

Мойша: Ах, ты сумуеш… Я і сам часта сумую. Напэўна, мой голад вінаваты. Ён вечна ганяе мяне — ідзі, ідзі, не азірайся… Голад — мой сябар на свеце!

Дрозд: Свеце-пеце-меце. Выпетраная кабыла твой сябар.

Канарэйка: А твае вучні? Яны беглі за цягніком, што зносіў цябе, несуцешныя — крычалі наўздагон тваё імя! Дзе гэта бачана, каб дзеці так любілі свайго паэта?..

Сойка: Ты разбіў дзіцячае сэрца, нягоднік?

Канарэйка: Ён яшчэ да гэтага аднойчы разбіў яго — калі грыз яблык. Ім давялося прыняць, што паэты таксама грызуць яблык! Вось так — раскрываюць рот, упіваюцца зубамі, адкусваюць і храбусцяць! І сок цячэ па барадзе — як у звычайных людзей… Бедная дзяўчынка выбегла на вуліцу сама не свая!

Дрозд: Варта замыкацца, калі зьбіраесся грызці яблыкі!

Мойша: Я быў у настаўніцкай адзін, гэта быў перапынак!

Канарэйка: Яна потым бегла доўга, доўга, да самага парку — а там залезла на дрэва і ў ім плакала доўга, доўга.

Сойка: Гэта праўда? Яны так любілі цябе, Мойша?

Канарэйка: Яшчэ не так! Нават даравалі, што ён мае жонку і дзіця, сапраўдную жонку і сапраўднае дзіця!

Дрозд: Але яблык… гэта занадта!

Канарэйка: Мойша, то я не зразумела, што так блага табе сядзелася ў Вільні?..

Мойша: Блага… Так, нешта ў гэтым было блага. Суворыя габрэі сярод суворых вуліц, сцены — пергаменты, камяні — талмуды… Ідзі, ідзі, не азірайся, пакуль твой лоб не адубеў і бровы не параслі імхом!

Дрозд: Гэта твая выпетраная кабыла нашаптала табе?

Мойша: Мая выпетраная кабыла нашаптала, што няма чаго стаяць на даху сінагогі і перапытваць будучыню. Мы пакаленне адважных і нам патрэбная прастора — нам далі прастору. Савецкая ўлада, што вызваліла габрэйскі свет ад нацыянальнага прыгнёту. Давай, руш, ты носіш вянок з дубовага лісця — ідыш, тваю жывую мову. Ты маеш Райсн — зямлю з тваім дзяцінствам, з усімі роднымі…

Дрозд: (перабівае) Беларуская ССР.

Мойша: Райсн…

Дрозд: (настойліва перабівае) Беларуская ССР!

Мойша: Яна жадае чуць цябе, размаўляй з ёй на ідыш! (узбуджана) Хіба ёсць на свеце ўрачыстасць большая, чым гэтая размова, гэтае… злучэнне?! Калі зямля, твая па нараджэнні, слухае цябе, што прамаўляеш на роднай мове? Ты і ёсць тваё слова — насенне, што падае ў разнасцежаную цвердзь, каб выспяваць з яе — зноў і зноў. (расчыняе вакно, дыхае на поўныя грудзі, радасна смяецца) Вось мая Палестына! Тут!

Дрозд: Зусім з глузду з’ехаў.

Канарэйка: Ён жа паэт…

Сойка: Уранні ён апявае сваю здабытую Палестыну, а ўвечары згарае ў адвечным выгнанні…

Канарэйка: А што, Менск — сімпатычны горад?

Сойка: Не, ён ужо не такі сімпатычны…

Дрозд: Такі нават несімпатычны!

Канарэйка: А Вільня была вельмі нават сімпатычная…

У адчыненае вакно залятае Голуб.

Голуб: Габрэйскі рабочы, абапіраючыся на перамогу пралетарыяту і кастрычнікавай рэвалюцыі, абвяшчае дыктатуру пралетарыяту ў габрэйскім двары!

Канарэйка: Зноў ён!

Сойка: Мо, ён так жартуе?

Канарэйка: Грубіян!

Дрозд: Жарт — гэта добрая навіна пра тое, што нехта думае. Гэтая птушка не носіць такіх навін.

Мойша адыходзіць ад вакна.

Канарэйка: А што, Мойша, ты скажаш, Менск — сімпатычны горад?

Мойша: Горад. Слова, што сарвалася з каменнага языка. Слова, закаванае ў цвёрдую сталь. Проста горад, якімі бываюць гарады.

Канарэйка: А Вільня, між іншым…

Дрозд: (перабівае) Не, калісьці нам зайздросцілі нават адэсіты! Здзіўляліся: такія рэчы — і ў такі час! Так, тут можна было пабыць правінцыйным, крыху старамодным… Па пятніцах перад заходам сонца хадзіў па вуліцах рабін: завяршайце справы-ы, сустракайце суботу-у!.. Заўтра субота, дарэчы.

Голуб: Спыніць неадкладна! Праводзіць гэтую ганебную палітыку зацямнення класавай свядомасці працоўных габрэйскіх мас!

Канарэйка: Мойша, чаму ты дазваляеш яму казаць?

Мойша: Ён дарагі мне. Як і ўсе вы.

Дрозд: …А на святы ў сінагогу хадзілі нават камсамольцы! Вядома, можна было сустракацца з суседзямі і ў клубе, на лекцыях і канцэртах… Але неяк не зраслося. Ды і як можна не паслухаць габрэйскую бабулю…

Канарэйка: Тое, што ты распавядаеш — вельмі сімпатычна.

Дрозд: Я распавядаю пра тое, чаго ўжо няма. А што сімпатычнага зараз, калі па галоўных габрэйскіх могілках блукаюць козы. А габрэяў яшчэ і абавязваюць плаціць за ўтрыманне гарадскога выгану!

Сойка: Бязбожнікі! Як далёка яны могуць зайсці, Мойша?

Мойша: (вярнуўшыся са сваіх думак) Хто? Козы? Я сам часта думаю пра тое. Як далёка… калі набыць на кірмашы казу за два грошыкі, і не навязваць — а проста пайсці, пайсці за ёю…

Дрозд: І будзе каза ісці шэсць дзён, і ў пятніцу скажа табе, што гэта добра. Ці не, яна прывядзе цябе на край свету, дзе мірна ляжа каля барса, а леў і вол…

Мойша: Дык ніхто ж не спрабаваў.

Дрозд: Па-мойму, усе толькі гэтым і займаюцца.

Сойка: Толькі незразумела, чаму абавязкова на габрэйскіх могілках!

Дрозд: А дзе ж яшчэ будаваць самую справядлівую ў свеце дзяржаву!

Канарэйка: Але гэта дыскрымінацыя!

Дрозд: Ты што! Усё ў інтарэсах гараджанаў!

Голуб: (з набітай дзюбай) Габрэйскія лідары апазіцыі, выклікаючы пратэст супраць апазіцыі як такой, выклікаюць незадавальненне габрэямі як такімі.

Дрозд: Вось вам прыклад вынаходніцтва навейшага часу. Габрэй як рупар антысемітызму.

Голуб: Нt трэба нагаворваць на савецкую ўладу! Яна горача шануе наш габрэйскі народ…

Дрозд: Ваш — можа, і шануе…

Голуб: …За тое, што ён нарадзіў геніяльнага творцу ідэі вызвалення чалавецтва! Карла Маркса — вы пра каго падумалі?

Дрозд: Яго і думалі. А наогул у нас шмат…

Голуб: Але! Вядома. Партыя занепакоеная наяўнасцю ў вышэйзгаданай нацменшасці роднасных сувязяў практычна з усімі часткамі несавецкага свету…

Дрозд: (смяецца) Моцная, як смерць, любоў — лютая, як апраметная, рэўнасць…

Сойка: Зірніце, ён пачырванеў!

Голуб: Гэта брацкія пачуцці! Яны акрэсліваюцца тым, што габрэйскі рэвалюцыйны рух даваў і працягвае даваць народу буйнейшых прадстаўнікоў навукі і мастацтва, таленавітых кіраўнікоў і арганізатараў… Але!

Дрозд: Ізноў — але! Што ты будзеш рабіць…

Голуб: Вядома, партыя занепакоеная адсутнасцю ў гэтых шэрагах працоўных буйной прамысловасці.

Дрозд: Што ж такая неспакойная, партыя твая.

Сойка: Ой, як непрыгожа.

Канарэйка: Праўда, несімпатычна.

Дрозд: Ды што сімпатычнага — чырвоны голуб.

Голуб: (прыладжваецца на плячы Мойшы) Вось. Нават жывы інвентар габрэйскага панадворку мае зараз шкоднае антыпралетарскае выхаванне. Даўно варта было перадаць яго мясцоваму камісарыяту.

Сойка: За што ты так любіш яго?

Мойша: За тое, што ён заўсёды вернецца да мяне.

Дрозд: Вядома. Каб паесці.

Мойша: Каб паесці з маіх рук.

5. Голуб

Вязень зямлі: Звычайная маладушнасць.

Крумкач: Што, мая памяць?

Вязень зямлі: “Мой”, “твой”, “ягоны”, “ейны” — гэтых слоў няма ў прамове пра агульны дабрабыт. Ты меў грамадскае даручэнне, і ты яго нt выканаў.

Крумкач: Не вярнуўся — не азначае не выканаў. Усе ж усё зразумелі.

Вязень зямлі: Не, гэта было нічога! Ты ж мог проста загінуць па дарозе.

Крумкач: Хай сабе. Адсутнасць навін — таксама навіны. У кожным разе, на момант майго знаходжання на глебе — раслін там не было, а пад’ядаць са мной тлен дурнога пакалення — жадаючых бы не знайшлося. Уласна, зямля ўсё яшчэ была непрыдатная для жыцця… вашага.

Вязень зямлі: Нашага. І ты быў часткай жыцця нашага. А мог жа ад пачатку быць часцінай таго карыснага ўгнаення, пах якога так затлуміў табе галаву.

Крумкач: І таксама прынёс бы карысць будучаму жыццю!

Вязень зямлі: Таксама? І ў чым жа карысць ад тваёй маладушнасці?

Крумкач: Гэта так простасардэчна — заняць пазіцыю вінаваўцы, каб схавацца ад уласных сумневаў. А ты ж з’явіўся сюды. Значыцца, нехта недарупіўся ва ўласнай несумненнасці… Ці выпадкова?

Вязень зямлі: Гэта ты недарупіўся ў грамадскім даручэнні.

Крумкач: Сваю рупнасць я ведаю. Усё гэта надзвычай сумна і прадказальна.

Вязень зямлі: А ў мярзоце? Не сумна?

Крумкач: Вельмі… І непрадказальна…

Вязень зямлі: Ты злаўжыў даручэннем. А ты ж быў годны яго.

Крумкач: Мая годнасць — у волі занядбаць сваю годнасць.

Вязень зямлі: Мэта даручэння не здалася табе значнай?

Крумкач: Значнасць тая павялічылася з маім занядбаннем.

Вязень зямлі: Ці не зашмат ты сабе прыпісваеш?

Крумкач: (горка смяецца) Я? Зірні — я, вычарпаны і высахлы ва ўсім! Я прыняў на сябе ўвесь спуд, усю жудасную арганіку цуду — каб рушыць наперад гісторыю цудаў. Я прысвяціў сябе тлену, каб ніхто з праведных пачынальнікаў роду не ведаў пра выдаткі прышлага адраджэння, і мэта па-ранейшаму заставалася вышэйшай за сродкі. Ты лічыш, я змаладушнічаў, выйшаў з гульні — а я паддаўся, каб у гульні ўсё ж быў пераможца. Каб былі чорныя клеткі і белыя. Таму што насамрэч іх няма. Няма куды хадзіць! І калі табе прыадчыняецца ўся бездапаможнасць задумы — ты вымушаны зрабіцца яе суаўтарам. Дзеля агульнай карысці, дзеля таго, каб няшчасны карабель дасягнуў глебы, я вымушаны быў пазначыць сабою чорную клетку, каб Голуб, выпушчаны праз сем дзён, пазначыў сабою белую. Я даў ход Голубу, даў яму веліч. Я падняў яго, узнёс, я ўзвысіў яго надзвычай і даў верны шлях дасягнуць поспеху. Ад гэтага часу веліч Голуба належыць вам. Зараз кожны з вас можа ажыццявіць у сабе таямніцу Голуба. Весніка новага свету. Проста, не задумваючыся, выконвайце грамадскія даручэнні. Вам больш няма патрэбы пытацца ў сябе, і берагчы, і цешыць сябе. Любіць і памятаць, урэшце, няма патрэбы! Пошук і збянтэжанасць — я ўсё прайшоў за вас. Вось з чаго насамрэч складалася маё даручэнне. І яго — я выканаў.

Вязень зямлі: То ўсё гэта — падман?

Крумкач: Падман у іншым. Тое, што ён прынёс зь зямлі… Плады алівы, горкія.

6. У рэдакцыі

Рэдакцыя часопіса “Штэрн”. З шамаценнем разлятаюцца паперы, адбівае рытм друкарка, дымок над сталамі.

Зэлік: Што, Ізі, з цябе сёння святло бруіцца?

Харык: Рыхтую для нумара цудоўную падборку! Гэтулькі маладых парасткаў прабілася! Не стамляюся знаходзіць новыя імёны! Неверагодна таленавітыя! Жывуць на мове народнага сэрца, без усялякай талмудычнай закамянеласці. Чытаеш — і цешысся пра сябе: недарма, усё не дарма…

Зэлік: За што я цябе насамрэч люблю, Ізі, — за твой клопат пра гэтых птахаў — бо менавіта ты даеш ім крылы!

Харык: Час дае ім крылы! Мы, вядома, рыхтавалі час — клалі цэглу, саміх сябе цэглай закладалі, усё ў марах пра тыя крылы… І вось — яны прыходзяць, маладыя, і яны ўжо крылатыя!

Зэлік: Хай сабе крылатыя, але ўсё адно, гэта проста чарговае пакаленне габрэйскай бядноты зь мястэчак! У тых умовах крылы хутка слабеюць. А твае рэкамендацыі вельмі дапамагаюць ім зрабіцца патрэбнымі грамадскаму жыццю, перабрацца ў горад…

Харык: Я нічога асаблівага не раблю. Выконваю сваю працу! Вось хто насамрэч робіць, дык гэта…

Мойша: Ізі, не пачынай.

Харык: Не пачынай?! А хто ўсё гэта зрабіў для нас? Для нас, што стагоддзямі гібелі за рысай аселасці — у адвечным ценю прагрэсу і заняпадзе вымушанага месіянства?

Мойша: Ну-ну, месіянства яшчэ пераабуй.

Харык: Хто? Суворы і велічны геній — таварыш Сталін!

Мойша: Я спадзяваўся на Маркса хоць бы.

Харык: А на што б ты спадзяваўся, калі б зараз прыйшоў да мяне — не галоўнага рэдактара часопіса “Штэрн”, а да мяне — сына шаўца з мястэчка Зэмбіна? Прыйшоў бы не па пытаннях выдання новай кнігі на ідыш ці стыпендый для маладых габрэйскіх талентаў — а прыйшоў, каб я скляпаў табе новыя боты! І я скажу, якая была б тады твая надзея: каб я меней узяў! І мы доўга б палілі з табой самасейку і кемілі, як тут можна танней… І не было б ніякай рэдакцыі, і ніякай секцыі габрэйскіх пісьменнікаў! А ты? Хочаш, распавяду, як бы ты сам выглядаў зараз, Мойша, — калі б не было савецкай улады? Ганяў бы плыты, як твой дзед з Кабыльнікаў, бярвенне цягаў з раніцы да вечара. Звычайны габрэй з сякерай і конікам — ніякай творчасці б не прагнуў!

Зэлік: А я, мабыць, развозіў бы піва па мястэчку, як тады мы з бацькам… Вельмі прыемны занятак, дарэчы — цэлы дзень на вольным паветры, і ўсе табе радуюцца…

Харык: Ні добра — ні дрэнна, ні тудэма — ні сюдэма! Халупкі, урослыя ў зямлю, і іх гаспадары, урослыя ў зяленіва барод, мізэрныя малітвы, суботні храп… Ага, памятаеце? Клятая субота! Гэтыя сумныя вечары ў глухой дзірцы — на вуліцы ні душы не адшукаеш! А дома — увесь час падаецца, пудзіла смерці ў паганым рыззі на гарышчы вісіць… Мне ўжо тады, у дзяцінстве, хацелася, каб усё гарэла — агонь і дым усяму, дым і агонь! Бух, бах, яшчэ ўдар — куйся, новае жыццё! І ў гэтым жыцці, я ведаў, не надарыцца больш такога — калі пад дажджом на полі мокне сена, прападае сена ў людзей, а яны, у белых талесах, глядзяць безудзельна і ківаюць галовамі — у нас жа субота! Ніякай суботы. І ніякай нядзелі таксама.

Мойша: Ізі, і як жа ты з гэтай марай пра несупыннасць — уваходзіў у партыю сіяністаў? Я добра памятаю?

Харык: Як уваходзіў — так і выходзіў. Чалавек некалі таксама быў прамаходзячым. Неабходная ступень эвалюцыі.

Мойша: То мы ж так проста і ходзім…

Зэлік: Сябры, зараз трэба быць больш стрыманымі. Каб не ўпусціць момант, калі ўставаць на карачкі.

Мойша: Згодны, галоўнае, што мы дома і ўсё яшчэ пры сіле.

Суладна, не згаворваючыся, бяруцца за працу. Нейкі час пануе маўчанне, толькі шамаціць папера ды грукае друкарка.

Харык: Добра, што прыгадаў! Усё кідайце, у нас сур’ёзная грамадская замова!

Зэлік: Артыкул нейкі?

Харык: Так! Ён павінен выйсці ўжо гэтым нумарам!

Мойша: Чарговы знішчальны ўдар па контррэвалюцыйных нацдэмах?

Харык: Пазачарговы! Дунца арыштавалі.

Зэлік: Ды чым жа ён ім прыпякаў? Працаваў сабе ціха чалавек культработнікам на заводзе. Яго ж і так ужо з партыі выключылі, з саюза, зьнялі з усіх пасад…

Харык: Ну вось! Відаць, усё не сцішваўся!

Мойша: У чым не сцішваўся? У сваёй непрыкметнай пасрэднай пісаніне?

Харык: Не нашага розуму справа.

Мойша: Як не нашага, калі нам пра яго артыкул пісаць. Асабіста мне, па шчырасці, сказаць пра яго няма чаго.

Харык: А ты толькі ўяві, якога кшталту “артыкулы” зараз яму давядзецца пісаць у вязніцы! Пры тым, што ён наш былы калега. Добра ўявіў? Ну, чакай, зараз натхненне з’явіцца.

Зэлік: Прызнацца, Ізі, мяне палохае, з якім імпэтам ты апошнім часам хапаесся за выкананне падобных замоў…

Харык: (крычыць) Сказаць не?! (паўза) Таму і тэрмінова. Каб адкляпацца ад яго! (папраўляе касцюм, вяртае сабе раўнавагу) Я наогул ганаруся, калі мне давяраюць грамадскія даручэнні! І гэта мяне радуе не менш, чым творчы поспех!

Мойша: Ізі, мы заўважылі гэты надлом.

Харык: Мойша, чым кпіць, лепш дапамагай пісаць пра Дунца. Гэта агульная справа, у рэшце рэшт! Хай непрыемная, але дзейнічаць трэба хутка, і ты разумееш… І горш, чым ёсць, яму ўжо не зробіш. А нам яшчэ можна зрабіць добра.

Мойша: Добра, Ізі. Я напішу пра недахоп пільнасці.

Харык: Так, Мойша. Пішы пра недахоп пільнасці.

Бяруцца за працу. Паўза.

Харык: Ледзьве не забыўся. У новы выпуск увойдуць урыўкі з паэтычных зборнікаў “Гарачым крокам”, “Напрасткі” і “За новы фундамент”. А таксама цудоўная паэма пра габрэйскіх земляробаў “Не сумаваць”.

З шамаценнем разлятаюцца паперы, адбівае рытм друкарка, дымок над сталамі.

7. Пусцілі палётаць

Мойшы няма ў пакоі. У паветры, ўзварушаным крыламі, кружляе пыл і пер’е. Голуб ганарыста проходжваецца перад клеткамі, зазіраючы ў кожную.

Голуб: Ну што! Бундаўцы, сіяністы, контррэвалюцыянеры. Такі працягваем выказваць нездавальненне Камуністычнай партыяй у вузкіх колах?

Дрозд: Пачынаецца.

Голуб: Не пачынаецца, а працягваецца! Таму цікаўлюся. Ці паспяхова рухаецца абмеркаванне падрыву дзяржаўнай прамысловасці, транспарту, гандлю, грашовага звароту, як прасунуліся ў падрыхтоўцы тэрарыстычных актаў…

Сойка: Дзе ты набіраесся такой брыдоты за цэлы дзень?

Голуб: Дзе. Вядома! У вярхах!

Дрозд: Пусцілі палётаць.

Голуб: А вы ненадзейныя, вас выпусці — то вы на іншы бок шмыг, адразу даручэнні пойдуць шпіёнскага характару, потым дыверсіі…

Сойка: (стомлена) Ой, не кажы.

Голуб: (накідваецца на клетку Сойкі) Я тут кажу, каму не казаць! І каму казаць — таксама буду казаць я!

Сойка: Зусім дурылка, ці што?!

Голуб: Значыцца, вы маеце намер і далей хаваць ад савецкіх карных органаў звесткі пра вашу контррэвалюцыйную арганізацыю і яе ўдзельнікаў?!

Дрозд: Маем намер! Выбіць з цябе дурноту пры нагодзе!

Голуб: А гэта ўжо цікава!

Дрозд: Ну, можа, не самі…

Голуб: А наконт кіраўнікоў партыі і савецкай улады — такі самы намер маеце?

Дрозд: Заяўляю з усёй шчырасцю! Канчаткова вырашыў цалкам прызнацца!

Голуб: Ну-ну, вось і заявы пайшлі!

Дрозд: Кожны вечар…

Голуб: Та-ак?

Дрозд: Мружачы сном вочы…

Голуб: Так-так?

Дрозд: Малю Усявышняга ўсяліць у цябе новую душу.

Паўза.

Голуб: (губляецца) Гэта яшчэ для чаго?

Дрозд: Для таго, каб ты старую аддаў кошцы.

Пачынае весела смяяцца Канарэйка.

Голуб: Што, весела ў нас у Беларускай ССР? У Польшчы не так весела? Значыцца, нездарма разведорганы пуцёўку выпісвалі! А то ўсё — Вільня, Вільня!

Дрозд: Слухай. Вось ты ж малады. Прыгледзеў бы сабе якую горліцу, дый лётаў бы да яе, а не псаваў сваё светаадчуванне…

Голуб: З табой, у цэлым, усё зразумела. Усіх вашых даўна распусцілі, ты адзін справа на курасадні сядзець застаўся.

Дрозд: Шкада цябе, бесталковая птушка. А то ж пачне вуркатаць — то і на слёзы прабівае…

Голуб: Ды ну цябе. (вылятае ў вакно)

Дрозд: (сентыментальна) Як песня дажджу — нешта саладжава-сумнае пра мінулае, і абуджае надзею на будучыню… Калі здаецца, што завеса між мінулым і будучым станчэла, і можна пачынаць усё спачатку, і стварэнне новага дасяжнае — мне, і ўсялякаму, і кожнаму… Дарэчы, выдатны голуб, генеральскай пароды — адэскі турман!

Сойка: Круціцца?

Дрозд: Так, з вертуноў. На вышыні кідаецца ад далягляду да далягляду, танчыць…

Канарэйка: Мала, што з нашых, дык яшчэ і пародзісты?

Дрозд: Кажу ж — выдатны! Гэта не маё захапленне, гэта падчас агульнай ацэнкі якасці экзэмпляру… (за вакном чуюцца дзіўныя гукі — валтузня, шоргат крылаў). Галубы могуць быць: выдатныя, вельмі добрыя, добрыя, задавальняючыя і дрэнныя. Выдатны голуб напоўніцу адпавядае патрабаванням стандарту і іншым якасцям, уласцівым дадзенай пародзе. (сярдзітае буркатанне нейкага звера, піск, барацьба) Вельмі добры голуб адпавядае апісанню стандарту, але можа мець нязначныя недахопы па адной-двух прыкметах. (нізкі стогн, роспачны пляск крылаў) Добры голуб мае нязначныя адхіленні ад стандарту па дзух-трох прыкметах, што не псуюць знешняга выгляду. (вусцішнае хрыпенне, азартнае фырканне) Здавальняючы голуб мае адно-два значныя адхіленні і шэраг дробных недахопаў. (злавесная цішыня) Дрэнны голуб мае грубыя адхіленні ад стандарту і дрэнныя асноўныя паказчыкі для дадзенай пароды. (чмяканне, храбусценне і задаволенае вуркатанне нейкага звера)

Пераклад з рускай Людмілы Сіманёнак

(заканчэнне будзе)

Апублiкавана 26.11.2020  18:33