ТВОРЫ ЯЎГЕНА ЗАМЯЦІНА (2)

Першая казка пра Фіту

Завёўся Фіта самаадвольна ў падполлі паліцэйскай управы. Складзены былі ў падвал старыя паперы, і чуе ўчастковы Пятровіч – нехта ўсё шкрабецца, пагруквае. Адкрыў Пятровіч: пыл, не прачхаесся, і выходзіць шэранькі, прыпылены Фіта. Полу – пераважна мужчынскага, чырвоная сургучная пячатка з нумарам на вяровачцы боўтаецца. Кропельны, бы немаўля, з выгляду самавіты, лысаваты, з брушкам, акурат надворны саветнік, і твар – не твар, а так… Фіта, адным словам.

Дужа ўпадабаў Фіту Пятровіч. Усынавіў яго ўчастковы і тутсама, у кутку, у канцылярыі, пасяліў – і гадаваўся Фіта ў кутку. Панацягаў з падвалу старых рапартаў, адносінаў за нумарам, у рамачках у куточку сваім развесіў, свечку запаліў – і моліцца паважна, адно пячатка шамаціць.

Аднойчы Пятровіч, бацька названы, прыходзіць, а Фіта, бач, да чарніліцы прыпаў і смокча.

– Гэй, Фіцька, ты чаго ж, вісус, робіш?

– А чарнілы, – кажа, – п’ю. Мне ж таксама трэба чагосьці.

– То добра, пі, усё адно казённыя.

Так і харчаваўся Фіта чарніламі.

І да таго дайшло – смешна нават сказаць: пасмокча пёрка ў роце – і піша. З Фітавага ратка – чарнілы самыя настаяшчыя, як ва ўсёй паліцэйскай управе. І ўсё Фіта розныя рапарты, адносіны, прадпісанні крэмзае і ў сябе развешвае.

– Ну, Фіта, – кажа ўчастковы, каторы названым бацькам, – быць табе губернатарам.

Што прадказаў Пятровіч, то і выйшла: увадначас зрабіўся Фіта губернатарам.

А год быў цяжкі – ну які там год, той самы: і халера, і голад.

Прыкаціў Фіта ў губерню на кур’ерскіх, адразу абывацеляў сабраў – і давай разносіць:

– Гэт-та што ў вас такое? Халера, голад? У – я вас! Чаго глядзелі, што рабілі?

Тыя пачухваюцца:

– Дык мы што, мы нічога. Дахтуры вось – халерку выганялі трохі. Ізноў жа да смаленскіх па хлеб пасылаць…

– Я вам – дахтуры! Я вам – смаленскіх!

Пасмактаў Фіта пяро:

“Прадпісанне № 666. З дадзенага чысла, уступіўшы належным чынам ва ўладу, голад у губерні мною строга адмяняецца. Катэгарычна прадпісваецца жыхарам адгэтуль быць сытымі. Фіта”.

“Прадпісанне № 667. З дадзенага чысла пастаноўлена мною неадкладнае спыненне халеры. Зважаючы на вышэйсказанае, неадкладна звальняюцца тыя, хто самавольна называе сябе дактарамі. Тыя, хто незаконна абвяшчае сябе хворымі на халеру, маюць атрымаць законную цялесную кару. Фіта.”

Прачыталі прадпісанні ў царквах, расклеілі па ўсіх платах. Жыхары адслужылі падзячны малебен і ў той самы дзень збудавалі Фіту манумент на базарным майдане. Фіта шпацыраваў паважны, лысаваценькі, з брушкам, пячаткай памахваў ды ўсё папырхваў: бадай так індык ходзіць і чыркае крыламі па пылу.

Мінуў дзень, потым другі. На трэці – бач ты, халерны з’явіўся проста ў Фітавай канцылярыі, стаіць там і курчыцца – от жа, не разумее народ сваёй карысці. Загадаў Фіта выдаць яму законную цялесную кару. Ды халерны сышоў – і ў проціўрадавы спосаб памёр.

І пайшлі, і пайшлі мерці – ад халеры і ад голаду, і ўжо паліцыянтаў не хапала для ўтаймавання злачынцаў.

Пачухаліся абывацелі і гуртом вырашылі: дактароў вярнуць і па смаленскі хлеб паслаць. А Фіту з канцылярыі выцягнулі і вучыць пачалі – па-мужыцку. Народ жа неадукаваны, цёмны.

І расказваюць, скончыўся Фіта гэтаксама не па-сапраўднаму, як і ўзяў пачатак: не крычаў і нічога такога, а толькі ўсё менш і менш, і таяў, як надзіманы амерыканскі чорт. І засталася толькі чарнільная пляма ды тая самая сургучная пячатка з нумарам.

Паглядзелі местачкоўцы: антыхрыстава пячатка. У анучку загарнулі, каб рукамі не чапаць, і закапалі край цвінтарнай агароджы.

1917

Другая казка пра Фіту

Указам Фіта адмяніў халеру. Жыхары вадзілі карагоды і працвіталі. А Фіта двойчы на дзень хадзіў у народ, зюкаючы з таксоўшчыкамі і адначасна з любасцю пазіраючы на манумент.

– А што, браткі, каму манумент, ці ведаеце?

– Як, паночку, не ведаць: пану выконваючаму Фіту.

– То ж бо. Ці не трэба вам чаго? Усё магу, мне нядоўга.

А быў таксапарк ля самога сабора. Паглядзеў кіроўца на манумент, на сабор, дый кажа Фіту:

– Ды вось, гаманілі мы надоечы: дужа ўжо нам вакол сабора ездзіць нязручна. Каб праз плошчу напрасткі…

Было ў Фіты правіла: усё для народу. І быў Фіта розумам хуткі, бы куля. Зараз у канцылярыю за стол – і гатова:

“Гэтым наяўны гарадскі сабор невядомага паходжання прадпісваю прыбраць неадкладна. На месцы вышэйназванага сабору заснаваць прамаезджую дарогу для таксоўшчыкаў. Для прадухілення забабонаў выкананне вышэйвыкладзенага даручыць сарацынам. Падпісаў Фіта”.

Раніцой жыхары так і самлелі:

– Сабор-та наш, людцы! У сарацынах увесь – зверху данізу: і на ўсіх пяці галовах, і на крыжы вярхом, і па сценах, чыста мухі. Ды чорныя, ды голыя – адно вяровачкай падперазаныя, і хто зубам, хто шылам, хто дручком, хто таранам – толькі пыл курэе.

І ўжо сініх галоў няма, і на сінім – зорак срэбраных, і чырвоная старадаўняя цэгла крывёю праступіла на белагрудых мурох.

Жыхары слязьмі захліпаюцца:

– Бацюшка Фіта, дабрадзею ты наш, злітуйся! Ды мы ўжо лепш кругалём ездзіць будзем, толькі сабор наш, госпадзі!

А Фіта ходзіць гогалем – паважны, з брушкам, на сарацынаў пазірае: тыя шчыруюць – аж гай шуміць. Спыніўся Фіта перад жыхарамі – рукі ў кішэнях:

– Дзівакі вы, абывацелі. Я ж – дзеля народу. Паляпшэнне шляхоў зносінаў для таксоўшчыкаў – жыццёвая патрэба, а сабор ваш – што? Так, фінціклюшка.

Тут успомнілі жыхары: не так даўно прыходзіў па сабор Мамай татарскі. Ад Мамая адкупіліся – мо і ад Фіты адкупімся. У складчыну паслалі Фіту ясак: трох дзевак найпрыгажэйшых і чарнілаў чвэртку.

Раззлаваўся Фіта, затупаў на жыхароў:

– А ну, зараз жа псік адсюль! Віш, Ма-май! Мамай ваш – мямля, а ў мяне сказана – і аман.

І сарацынам памахаў ручкай: пакуй, браткі, па поўнай, ужо статак дахаты ідзе.

Зайшло сонца – ад сабору застаўся адзін друз. Уласнаручна нарысаваў Фіта крэйдаю па лінеечцы прамаезджую дарогу. Усю ноч сарацыны шчыравалі – і на досвітку пралегла праз базарны майдан дарога. Простая, паглядзець прыемна.

У пачатку і ў канцы дарогі ўсталявалі слупы, размаляваныя ў пастарункавы чарнільны колер, а на слупах надпісана:

“Такога-та года і чысла невядомы сабор знішчаны выконваючым абавязкі Фітам. Ім жа пабудавана гэтая дарога са скарачэннем шляху таксоўшчыкаў на 82,6 аршыны”.

Базарны майдан быў нарэшце прыведзены ў культурны выгляд.

1917

Трэцяя казка пра Фіту

Жыхары паводзілі сябе зусім добра – і а пятай гадзіне Фіта абвясціў волю, а паліцыянтаў адмяніў назаўсёды. Ад пятай гадзіны апоўдні ля паліцэйскай управы, на ўсіх скрыжаваннях і вартах – паўсюль стаялі вольныя.

Жыхары жагналіся:

– Маці святая, дажылі-такі. Зірні: у скуранцы стаіць. Замест мундзіра – у скуранцы, га?

А галоўнае што: вольныя ў скуранках сваю справу ведалі, чыста мянтамі нарадзіліся. У пастарунак цягнулі, у пастарунку – і ў рэпу, і пад дыхавіцу – ну ўсё як мае быць. Жыхары ад радасці плакалі наўзрыд:

– Слава табе, Госпадзе! Давялося – не хто-небудзь, свае б’юць, вольныя. Стой, браткі, ватоўку скіну: вам гэтак па спіне будзе зручней. Лупі, браткі! Та-ак… Слава табе, Госпадзе!

Адзін перад адным ламіліся жыхары навыперадкі пасядзець у астрозе. Да таго там стала добра – слоў няма. І абшукаюць цябе, і на замочак зачыняць, і ў вочка зазірнуць – але ж усе свае, вольныя: слава табе, Госпадзе…

Аднак неўзабаве месцаў бракаваць стала, і пускалі ў астрог толькі тых жыхароў, каторыя больш пашаны маюць. А іншыя ля ўвахода ночы напралёт дзяжурылі і квіткі ў астрог перакупалі ў фарцы.

Якія ўжо тут парадак і стабільнасць! І прадпісаў Фіта:

«Злодзеяў і душагубаў прадпісваю выгнаць з астрога з ганьбай на ўсе чатыры бакі».

Злодзеяў і душагубаў выгналі з астрога на ўсе чатыры бакі, і ахвотныя жыхары патрохі ў астрозе размясціліся.

Абязлюдзелі вуліцы – адны вольныя ў скуранках; неяк яно не чапляе. І выдаў Фіта новы ўказ:

«Гэтым указам усім жыхарам прадпісваецца найстражэйшым чынам няўхільная свабода песнапенняў і шэсцяў у нацыянальных строях».

Вядома, калі што ў навіну – яно цяжкавата. І для палягчэння невядомыя людзі ўручылі кожнаму жыхару пад распіску тэкст прыблізнага зместу. Але жыхары ўсё-ткі саромеліся і хаваліся па завуголлях: цёмны народ!

Пусціў Фіта па завуголлях вольных у скуранках – вольныя пераконвалі жыхароў не саромецца, паколькі цяпер – воля, пераконвалі ў карак і пад дых. Урэшце пераканалі.

Увечары – як Вялікдзень… Ды што там Вялікдзень!

Паўсюль спявалі адмыслова запрошаныя салаўі. Паўзводна, у нагу, крочылі жыхары ў нацыянальных строях і каля кожнага ўзводу вольныя з пушкай. Аднагалосна і натхнёна жыхары пяялі, згодна з тэкстам прыблізнага песнапення:

Слаўся, слаўся, наш добры цар,

Богам нам дадзены Фіта-гаспадар.

А часова выконваючы абавязкі Фіта кланяўся з балкона.

З прычыны нечуванага поспеху жыхары тутсама, ля Фітавага балкона, пад кіраўніцтвам вольных, у аднагалосным узвесяленні пастанавілі – увесці штодзённую паўзводную свабоду песнапенняў ад гадзіны да дзвюх.

У тую ноч Фіта ўпершыню спаў спакойна: жыхары відавочна і хутка прасякаліся духам асветы.

1917

Апошняя казка пра Фіту

А быў яшчэ ў горадзе прамудры аптэкар: чалавека зрабіў, ды не як мы, грэшнікі, а ў шклянцы, ці ж яму чагосьці нe ведаць?

І распарадзіўся Фіта аптэкара даставіць.

– Скажы ты мне, будзь ласкавы: і чагой-та мае людзі ў неслужбовы час ходзяць сумныя?

Зірнуў прамудры аптэкар у акенца: каторыя хаты з канькамі, каторыя з пеўнікамі, каторыя жыхары ў нагавіцах, каторыя ў спадніцах.

– Вельмі проста, – адказвае Фіту. – Хіба гэта парадак? Трэба, каб усё аднолькавае. Наогул.

Так – так-так. Жыхароў – паўзводна за горад усіх, на выган. І ў пустым горадзе – агонь з усіх чатырох старон: дашчэнту выгарэла, толькі плеха чорная – ды манумент Фіту пасярод.

Усю ноч пілы пілілі, малаткі грукаталі. Пад ранак – гатова: барак, накшталт халернага, даўжынёю ў 8,215 км, па бакaх – закуткі з нумарамі. І кожнаму жыхару – масянжовую бляху з нумарам і шэрага сукна ўніформу з іголачкі.

Як гэта ўсё пашыхтавалася ў калідоры – кожны ля свайго шастка, бляхі на паясах – бы жар-птушкі, аднолькавыя ўсе, быццам новыя шэлегі… Да таго добра, што наколькі ўжо Фіта моцны, і тое ў носе заказытала, сказаць нічога не сказаў. Рукою махнуў – і ў свой пакойчык, № 1. Слава табе, Госпадзе, цяпер і памерці можна…

Раніцою, ледзь развіднела, яшчэ і званок не забомкаў (па званку ўставалі) – а ўжо ў дзверы № 1 грукаюць:

– Дэпутаты там да Вашай міласці, па неадкладнай справе.

Выйшаў Фіта: чацвёра ва ўніформе, пашанотныя такія жыхары, лысыя, у гадох. Паясны паклон Фіту.

– Ды вы ад каго дэпутаты?

І загаманілі шаноўныя – усе чацвёра адразу:

– Гэта што ж такое – ніяк немагчыма – гэта непарадак нейкі… Ад лысых мы, значыцца. Гэта, значыць, аптэкар кучаравы ходзіць, а некаторыя пад польку, а мы – лысыя? Не-е, ніяк немагчыма…

Памеркаваў Фіта – памеркаваў: паводле кучаравага ўсіх – не параўнаць, рабіць няма чаго, трэба паводле лысых раўняць. І сарацынам адмашку даў. Наляцелі – набеглі з усіх бакоў: усіх – нагала, і мужчынскі пол, і жаночы, усе – як калена. А прамудры аптэкар – дзіўны стаў, аблізаны, як кот з-пад дожджыка.

Яшчэ і пастрыгчы ўсіх не паспелі – зноў Фіту патрабуюць, ізноў дэпутаты. Выйшаў Фіта маркотны: якога шчэ ражна?

А дэпутаты:

– Гы-ы! – адзін у кулак. – Гы-ы! – другі. Макраносыя.

– Ад каго? –прабурчэў Фіта.

– А мы, ета… Гы-ы! Да вашай міласці мы: ад дурняў. Гы-ы! Жадаем, знычць, каб, знычць, усім, ета значыць, раўнамерна…

Хмара хмарай вярнуўся Фіта ў № 1. Па аптэкара.

– Чуў, брат?

– Чуў… – галасок у аптэкара баязлівы, галава ў сітцавай хустачцы ад холаду. Нязвыкла стрыжанаму.

– Ну, то што ж нам цяпер?

– Ды што-што: цяпер ужо чаго там. Назад нельга.

Перад вечаровымі модламі прачыталі загад жыхарам: быць усім чмурнымі дурнямі раўнамерна – ад заўтрашняга дня.

Войкнулі жыхары, а што будзеш рабіць: супроць начальства хіба пойдзеш? Разумныя кніжкі апошні раз паселі чытаць, да самага вечаровага званка ўсе чыталі. Па званку спаць палеглі, а раніцай усе ўсталі – чмурныя. Весялосці – поўныя штаны. Локцямі адзін аднаго падштурхоўваюць – гы-ы! Гы-ы! Толькі і гутаркі – зараз вольныя ў скуранках цэбар з кашай прыкоцяць: каша ячная.

Прагуляўся Фіта ў калідоры – восем кіламетраў і сто дваццаць пяць метраў, бачыць – вясёлыя. Ну, адлегла: цяпер ужо ўсё. Прамудрага аптэкара ў закутку абняў:

– Ну, брат, за парады дзякуй. Век не забуду.

А аптэкар Фіту:

– Гы-ы!

Во якая справа: адзін застаўся. Аднаму за ўсіх думаць.

І толькі Фіта зачыніўся ў № 1 – думаць, як ізноў у дзверы. І ўжо не грукаюць, а папросту ломяцца, лезуць, гахаюць:

– Э-э, брат, не, не ашукаеш! Мы хоць і чмурныя, а таксама, знычць, разумеем… Ты, брат, тожа чмурэй. А то віш ты… Не-е, брат!

Лёг Фіта на ложак, заплакаў. А рабіць няма чаго.

– Бог ужо з вамі, ладна. Дайце часу да заўтра.

Увесь дзень Фіта сярод чмурных цягаўся і ўсё дурэў патрошкі. І к ранку – гатоў, ходзіць і – гы-ы!

І зажылі шчасліва. Няма на свеце шчаслівейшых, як чмурныя.

1917

Пераклаў з рускай В. Рубінчык (арыгіналы тут)

Апублiкавана 23.09.2020  21:09