Выкарыстанне патэнцыялу былых і існуючых сінагог Гомельшчыны: гісторыя, праблематыка, магчымасці
Для беларускіх мястэчак пачатку ΧΧ ст. былі характэрныя царква, касцёл і сінагога (часам – і мячэць), якія звычайна стаялі ў цэнтры. Паводле этнічнага складніка пасля беларусаў на другім месцы былі габрэі, якія складалі 14,1% (каля 1,2 млн. чалавек) ад усяго насельніцтва [1]. Даследчык Бэн-Цыён Пінчук прадставіў дадзеныя аб тым, што ў 1897 г. габрэйскае насельніцтва дамінавала (складала звыш 80% насельніцтва) у 462 мястэчках ва ўсёй рысе аседласці [3].
Усе змянілася пасля 1940-х гг., калі габрэйскае насельніцтва пацярпела ў час Халакоста (з тых, хто застаўся на акупаванай тэрыторыі, загінула каля 96% – статыстыка Яд Вашэм, 1991 г.). У апошнія дзесяцігоддзі існавання Савецкага Саюза ў беларускіх габрэяў з’явілася магчымасць з’ехаць у Ізраіль або іншыя краіны. Але засталося матэрыяльнае ўвасабленне габрэйскай культуры – сінагогі, вакол якіх некалі круцілася ўсё жыццё абшчыны. Што ж такое сінагогі і як яны выкарыстоўваюцца цяпер? Сінагога – гэта любое памяшканне, прызначанае для грамадскай малітвы, якая заўсёды была і застаецца яе галоўным прызначэннем. Аднак у Талмудзе сінагога толькі адзін раз названа «домам малітвы» (бейт-тфіла). Як правіла, яе функцыі значна шырэй – з старажытных часоў і па сённяшні дзень яна завецца «дом сходу» (бейт-кнесет), ці ў больш звыклай для нас грэчаскай версіі – «сінагога» (συναγωγή). У адпаведнасці са сваёй назвай, сінагога з’яўляецца месцам адукацыі, правядзення сустрэч, сходаў, розных урачыстасцяў як для ўсёй абшчыны, так і для яе асобных чальцоў [4].На сённяшні час у Беларусі дзейнічае каля дзесяці сінагог, з іх тры – у г. Мінску [5]. Будынкаў сінагог, якія не выконваюць свае першапачатковыя функцыі, захавалася каля 70, і выкарыстоўваюцца яны пад розныя гаспадарча-бытавыя патрэбы: складскія памяшканні, рамонтныя майстэрні, крамы, жытло і г.д. І гэта – у лепшым выпадку, бо некаторыя з іх проста пустуюць і стаяць у руінах [2, 5]. Я вырашыла разгледзець сінагогі Гомельшчыны – вобласці Беларусі, дзе іх захавалася менш за ўсё. Навізна даследавання – у тым, што сінагогі Гомельшчыны дагэтуль падрабязна не вывучаны і не апісаны (аднак ёсць асобныя публікацыі пра жыццё габрэйскіх суполак Беларусі).
Мал. 1. Касцялянскі А. Р. Сінагога ў Нароўлі. 1927 г. Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь (фота аўтаркі). Будынак страчаны.
Падчас даследвання я высветліла, што сінагогі, якія дзейнічаюць у першапачатковым будынку, знаходзяцца ў самым г. Гомелі.
Мал. 2. Былы будынак сінагогі «Рош-Піна» у Гомелі, дзе зараз знаходзяцца ўсе габрэйскія суполкі горада (фота аўтаркі)
Так, будынак сінагогі «Рош-Піна» (год пабудовы – 1870) пасля ўсіх выкарыстанняў і перабудоў усё ж такі вярнулі габрэйскай суполцы Гомеля. Зараз асноўны карыстальнік будынка – грамадскае аб’яднанне «Гомельская абласная габрэйская суполка “Ахдут”». Па адрасе вул. Чырвонаармейская, 1а, зараз знаходзяцца дзве сінагогі: «Бейт Якаў» (артадаксальны іўдаізм) і «Кадзіма» (рэфармісцкі іўдаізм). Акрамя гэтага, у будынку размешчаны наступныя габрэйскія суполкі: супольная бібліятэка, клуб «Менора», грамадскае аб’яднанне «Гомельскі абласны габрэйскі дабрачынны цэнтр “Хэсэд Бат’я”», грамадскія аб’яднанні «Сахнут» і «Кэшэр», моладзевае аб’яднанне «Тхія», гарадская арганізацыя Беларускага саюза габрэяў – ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, габрэйскі навучальна-інфармацыйны цэнтр, культурна-гістарычнае таварыства «Арыэль», габрэйская нядзельная школа, дзіцячы садок-школа «Атыква», танцавальны гурток, ВІА «Мішпаха», хор «Аідышэ Лід», праграмы «Умелыя ручкі» і «З рук у рукі» і іншыя [9]. Тут можна зрабіць выснову, што ў абласным цэнтры існуе моцная габрэйская суполка, намаганнямі якой атрымалася не толькі захаваць і вярнуць будынак сінагогі, але і ўключыць у супольнае жыцце каля 1000 габрэяў горада [6, 9].
Зусім іншая сітуацыя склалася ў населеных пунктах, дзе засталіся будынкі былых сінагог, а габрэйскія суполкі невялікія (і дзе жывуць пераважна габрэі сталага ўзросту). Так, будынак сінагогі ў Калінкавічах да нядаўняга часу быў заняты пунктам аховы грамадскага правапарадку, але цяпер ахоўнікам перадалі новы будынак, а стары пустуе. Габрэйская супольнасць г. Калінкавічы збіраецца ў хаце, пераробленай унутры пад сінагогу (на той жа вуліцы) [10].
Мал. 3. Былы будынак сінагогі ў Калінкавічах, у якім да нядаўняга часу быў размешчаны пункт аховы грамадскага правапарадку, зараз пустуе (фота аўтаркі)
У гарадскім пасёлку Парычы будынак былой сінагогі займае дзіцячая бібліятэка, а ў Чачэрску – малітоўны дом хрысціян-баптыстаў.
Мал. 4. Былы будынак сінагогі ў г.п. Парычы, зараз – дзіцячая бібліятэка (фота: globus.tut.by)
Мал. 5. Былы будынак сінагогі ў Чачэрску, гісторыка-культурная каштоўнасць, зараз – царква хрысціян-баптыстаў (фота: globus.tut.by)
Дарэчы, гэта адзіны будынак сінагогі на Гомельшчыне, які мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці з часткова захаванай аўтэнтычнай архітэктурай [2, с. 142, с. 144]. Кіраўнік праекта «Гісторыя габрэяў у Беларусі» у Тэль-Авіўскім універсітэце, доктар гістарычных навук Л. Смілавіцкі (паводле нашых звестак – кандыдат гістарычных навук, або PhD. – belisrael) піша, што ў г. Рэчыцы захаваўся будынак былой сінагогі насупраць гарвыканкама, але навукова гэта не падцверджана [7].
Таксама былі выяўлены асноўныя праблемы выкарыстання будынкаў былых сінагог:
1. Зніклая памяць (пра габрэйскую культуру і спадчыну сярод беларусаў);
2. Выпадкі неталерантнасці і вандалізму (Калінкавічы, Гомель);
3. Адсутнасць запыту на выкарыстанне будынкаў былых сінагог у першапачатковым выглядзе (невялікая колькасць наведвальнікаў габрэйскіх суполак у Калінкавічах і Парычах, адсутнасць суполкі ў Чачэрску).
У сувязі з гэтым паўстаюць пытанні інтэрпрэтацыі былой/сённяшняй матэрыяльнай габрэйскай спадчыны. Прааналізаваўшы сітуацыю з сінагогамі Гомельшчыны, я бачу наступныя шляхі яе вырашэння:
• Вывучыць па розных крыніцах (навуковыя публікацыі, архівы, сайты габрэйскіх суполак і арганізацый) метамарфозы, што адбываліся з сінагогамі Гомельскай вобласці ў перыяд 1945-2000 гг.;
• Вывучыць сітуацыю са станам існуючых і перабудаваных сінагог «на месцы»;
• Высветліць адносіны да гэтых будынкаў як мясцовага насельніцтва, так і габрэйскіх суполак (падрыхтаваць апытальнікі і правесці інтэрв’юіраванне).
Таксама мае быць праведзены SWOT-аналіз:
Унутраныя фактары | Strengths (моцныя бакі):
– багатая і драматычная гісторыя габрэяў у Беларусі (у тым ліку – і ў Гомельскай вобласці); – прысутнасць габрэйскіх суполак Гомельшчыны ў сацсетках (Фэйсбук, Укантакце, Аднакласнікі, Інстаграм); – зацікаўленасць сярод габрэйскіх суполак матэрыяльнай спадчынай свайго народа |
Weaknesses (слабыя бакі):
– абмежаваная інфармацыя пра габрэйскую спадчыну Гомельшчыны; – адсутнасць адзінага сайта пра габрэйскую спадчыну Гомельшчыны (у т. л. пра сінагогі); – няма фінансавых укладанняў з боку ўладаў; – адсутнасць рэкламнай прадукцыі пра габрэйскую спадчыну на «месцах» |
Знешнія фактары | Opportunities (магчымасці):
– магчымасць вывучаць архіўныя і іншыя крыніцы для далейшай інтэрпрэтацыі матэрыялу; – магчымасць папулярызацыі габрэйскай спадчыны на тэматычных выставах, кірмашах, этнафэстах і г.д.; – магчымасць дапамогі з-за мяжы (Ізраіль, ЗША і г.д.) |
Threats (пагрозы):
– выпадкі і спробы вандалізму; – адсутнасць зацікаўленасці і інфармаванасці сярод мясцовага насельніцтва, уладаў і г.д.
|
Пасля гэтага можна вывучыць станоўчыя прыклады выкарыстання будынкаў былых сінагог на патрэбы мясцовай супольнасці. І тут самы яскравы прыклад – праца Беларускага камітэта ICOMOS па выкарыстанні будынка былой Ашмянскай сінагогі [8].
А далей ужо можна прапанаваць наступны набор дзеянняў:
• Распрацоўка турыстычнага маршруту «Па слядах былых штэтлаў Гомельшчыны»;
• Здымкі фільма/рэкламнага роліка пра жыццё былых штэтлаў Гомельскай вобласці ў фокусе з сінагогамі як «сведкамі» матэрыяльнай габрэйскай культурнай спадчыны;
• Развіццё зацікаўленасці мясцовых супольнасцяў у вывучэнні гісторыі Палесся (можна на базе краязнаўчых музеяў);
• Распрацоўка рэкламнай прадукцыі пра габрэйскую спадчыну Гомельшчыны.
Н. Агарэлышава, г. Мінск
Крыніцы
- Беларусы: Т. 4: Вытокі і этнічнае развіццё. Мінск: Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору, 2001, 221 с. – 4 т.
- Синагоги Беларуси. Каталог существующих зданий /сост. А. Еременко, М. Райхинштейн. – Иерусалим, 2019, 148 с.
- Pinchuk,B. C. How Jewish Was the Shtetl? // Polin. 2004. №17. P. 112.
- https://toldot.ru/articles/articleshtml?fbclid=IwAR01hK7jUuWBalwZB_qVqrbvCdQA0bHnt5XHIT_iR_HHbjUu7TkGV7DF_GQ
- https://globus.tut.by/type_tn_sinag_dejstv.htm
- https://toldot.ru/blogs/toldotplus/toldotplushtml
- http://nashkraj.info/evrejskie-adresa-rechitsy/
- https://nash-dom.info/54337
- Матэрыялы інтэрв’ю №№ 1 і 2 з прадстаўнікамі габрэйскіх суполак г. Гомеля.
- Матэрыялы інтэрв’ю № 3 з прадстаўніком габрэйскай суполкі Калінкавічаў.
Опубликовано 26.03.2020 15:23