Зэльманаўская геаграфія
Сьпярша хачу падзякаваць Сяргею Шупу, які абдарыў нас першымі перакладамі на беларускую твораў Мойшэ Кульбака “Панядзелак” і “Мэсія з роду Эфраіма”. Шчасьлівы час – вяртаньне пісьменьніка ў культурную прастору, і мы зараз, у студзені 2020 году, назіраем жывое абмеркаваньне ягоных тэкстаў, якое шчэ гадоў 10 таму цяжка было сабе ўявіць. Адна з тэмаў для дыскусіі – дзе месьціўся двор Зэльманавічаў, рэб Зэльмачкавы, ці, па-простаму, “рэбзэвы” двор. Нехта кажа пра “Тры Карчмы”, хтосьці – пра Пярэспу…
* * *
מינסק דליטא. Горад ценяў Яшчэ адзін факт у тэксьце: героі Цалка і Тонька ідуць купацца – ідуць за горад, палямі. Не ПРАЗ горад. Сьвіслач у Ляхаўцы (там дзе галоўны цэх Камунаркі) – гэта ўжо ўніз па цячэньні, з усімі гарадзкімі міязмамі, памыямі, адкідамі гарбарных фабрык (не для слабых нэрваў), біяадпад з шпіталёў… – там купацца немагчыма! Трэба ісьці праз увесь горад на паўночны захад – у раён сёньняшняга Камсамольскага возера, дзе напэўна і адбываецца дзея з купаньнем. Калі яны вяртаюцца з купаньня – бачаць будаўнікоў трамвайнай лініі. У 1929 годзе – калі пісаўся раман – якраз вялі лінію па Старажоўскай да вул. Крапоткіна. І гэта ўсё там!
Дмитрий Наумов А я мяркую, што зельманцы жылi ў Трох Корчмах :). I мяркую назаўсёды.
מינסק דליטא. Горад ценяў А дзе купаліся???
Дмитрий Наумов У Свiслачы, вядома. Трохкарчомны тракт рыхтык да сучаснай Камунаркi даходзiў.
Anton Rudak Я версію пра Пярэспу апублікаваў яшчэ ў 2014 годзе ў ЛіМе. З тых часоў толькі пераконваюся ў яе праўдзівасці)
Дмитрий Наумов Тут можна шмат чаго казаць… Але на месцы бiсквiткi яшчэ з 1881 года было прадпрыемства: вiнакурны завод Гатоўскага. Якiя тут зельманцы? :).
מינסק דליטא. Горад ценяў А хто сказаў, што Кульбак тапаграфічна дакладна апісвае месцы падзеяў? Гэта ж мастацкі твор 🙂 Але купацца ў раёне Трох Корчмаў канкрэтна было б небясьпечна для жыцьця. Перачытайце тую сцэну з купаньнем – як яны туды ідуць і як вяртаюцца.
Дмитрий Наумов Так, кожны лiчыць па-свойму. Гэта добра.
Аляксандр Белы Ай, а дзе ж быў гарбарны завод Бальшавік пабудаваны на месцы некалькі старых саматужных гарбарняў, і чаму Тоньке з Цалкам каталіся на лодцы паўз Ляхаўку? Не ганіце хвалю дэзы.
מינסק דליטא. Горад ценяў 1. Ня варта шукаць у мастацкім творы тапаграфічнай канкрэтыкі. Магчыма, што там усё – нейкія зборныя гарадзкія вобразы. 2. Гарбарны завод з Рэбзэдваром напрасткі не зьвязаны. Там працуе дзядзька Фоля, і гэта ўсё. Калі ён крадзе скуры, то ўцякае палямі-лясамі і ідзе дахаты паўночы. 3. На лодцы героі катаюцца ўніз па вадзе – і так, натуральна, даплываюць і да Камунара, і да Ляхаўкі. Дзе яны стартавалі свой заплыў – не ўдакладняецца. 4. Адзіны момант, які падтрымлівае вэрсію Трох Корчмаў – гэта мокрая цагляная сьцяна. Але гэта можна падвесьці пад п. 1. І наагул, у гэтай спрэчцы пераможца немагчымы (бо гл. п. 1).
Аляксандр Белы І Камунарка і Бальшавік былі ударнымі будоўлямі пяцігодкі. А раён Ляхаўка – знакавым габрэйскім фабрычным раёнам, з галоўнай уліцай, названай у гонар героя габрэйскага пралетарыята № 1 – Гірша Лекерта. Гэта ўсё канцэнтрацыя тыповасці, таму як месца дзеяння рамана прачытваецца перш за ўсё Ляхаўка, хаця яе вобраз можа быць трохі размыты.
מינסק דליטא. Горад ценяў Ніякіх “габрэйскіх раёнаў” у Менску не было. Калі ўжо шукаць нешта сапраўды знакавае ці тыповае – то гэта Балота (якое апяяў Харык як сымбаль пралетарскага яўрэйскага Менску). Калі не пралетарскае, а проста мяшчанскае – то Замчышча або Няміга з Шулэфам. Ну і самі Зэлмэняне – гэта ніяк не фабрычная пралетарская бедната. Ляхаўка – гэта амаль што фавэла, гэта ня іхны кантэкст.
Аляксандр Белы Хто пабудаваў усе без выключэння заводы Ляхаўкі? Які пераважна пралетарыят там працаваў? Чаму галоўную вуліцу назвалі ў гонар самага культавага бундаўскага героя (калі яшчэ гэтаму культу канчаткова не скруцілі галаву)? Гэта быў насычаны сімваламі раён, а побач вароняя слабодка – Тры Карчмы, там, значыцца, жылі ну зусім адсталыя старарэжымныя “хвасты”. І як сімвалічна, што на гэтым месцы разгортваецца велічнае сац. будаўніцтва. Заміж саматужных гарбарняў – вялікі завод. Заміж Вароняй Слабодкі – вялікая цукеркавая фабрыка. Сацыялізм наступае па ўсім фронце, а сраны ідішкайт сыходзіць у мінулае. І гэта адбываецца на Ляхаўцы. Хутка і таварыша Гірша [Лекерта] – спадарожніка – здадуць у архіў.
מינסק דליטא. Горад ценяў Для Зэлмэнянаў гэта ўсё маргінальна. Як бы там ні было, Ляхаўка не была яўрэйскім раёнам par excellence, знакавым або характэрным. У пачатку ХХ ст. яўрэйская гісторыя Менску адбывалася на Балоце, вакол Нямігі, на Камароўцы, Пярэсьпе. Ляхаўка ў розных яўрэйскіх успамінах і хроніках бадай што і ня згадваецца.
Аляксандр Белы Прамысловая рэвалюцыя ў Мінску пачалася з Ляхаўкі. Не было да рэвалюцыі нідзе такога прамысловага раёну, ды і пазней не было ў пэўным сэнсе. У міжваенныя гады пабудавалі Бальшавік, Камунарку і ТЭЦ, і пасля вайны прамысловае развіццё Мінска працягнулася па той самай дарозе на Магілёў, сённяшнім Партызанскім праспекце. Лагічна, што, калі Кульбак апявае (паводле ідэялагічнай разнарадкі між іншым) сацыялістычныя пераўтварэнні, дык і лакалізуе іх у самым іх эпіцэнтры.
* * *
У гэтай дыскусіі я не пачуваю сябе пэўна, бо не адчуваю ў самога Кульбака жаданьня прышпіліць сваіх герояў да канкрэтнага месца. Падкрэсьлю – гэта мае суб’ектыўныя ўражаньні. На пытаньне “дзе яны месьцяцца?” я б даваў такі адказ – яны месьцяцца ў прасторы мовы ідыш. Ідыш ёсьць топасам рамана “Зэлмэнянер”, і гаворка ідзе пра ідыш літвацкі з усімі дыялектнымі “холт хобн”, “пролэвкэ (пролубка)”, “влучка-бручка”, “дзяслы-яслы” і г.д., а як ужо літвацкі, дык тады і маем тапаграфію.
Як жа так – у першай кнізе рамана на 115 старонак толькі адзін урбанонім – Даўгінаўскі тракт, і па ім ідзе ўпрочкі дзядзька Юда (другі раз па ім будзе ўязджаць Бэра ў другой кнізе), а іншых вуліц не названа?.. Тапаграфія і веданьне гораду не дапамогуць, калі не браць у разьлік біяграфію ды сантымэнт, які і задае гэтую тапаграфію. На гугл-мапе варта набраць Даўгінаўскі тракт – Кабыльнік (Нарач), і мы ўбачым прамусенькі вэктар. Гэта кірунак на родны кут. Другі вэктар – вандроўка Бэры ад белапалякаў да сваех – такі ж вэктар з Захаду на той жа родны кут. І толькі прыканцы другой кнігі, на апошніх старонках, вядзецца пра “Камунарку”, такая раптам рэтраспэктыўная рэкагнасцыроўка на мясцовасьці.
Затое Кульбак дае падрабязную лякалізацыю Зэльманаўскай гаворкі, і яна, насуперак чаканьням, выступае далёка за межы менавіта рэб Зэльмачкавага двору. У “Зэльманавічах”, у другой кнізе, ёсьць адмысловае дасьледаваньне Цалкі пра Зэльманавічаў (“Зэльмэніяда”), чацьвёрты разьдзел якога так і называецца – “Зэльманаўская філалогія”: “Граніца Зэльманаўскай гаворкі цягнецца на сёньняшні дзень ад заходняга боку з-пад Менску, Лагойску, Самахвалавіч, Смілавіч і Пагосту да Сяльца, што вобач Молэва (Магілёў), і далей ва ўсходне-паўднёвым напрамку”.
Відавочна, Кульбак тут імкнуўся паказаць Зэльманавічаў як нашчадкаў біблейнага Саламона, такія не зусім мудрацы, але ж Саламонавічы-Зальмановічы. Безумоўны аргумент на карысьць “сантымэнтальнай” вэрсіі тапонімаў у Кульбака – Майсея Саламонавіча, які і сам быў “Зэльманавічам” па бацьку.
Само слова “Zelmen’aner” — вельмі адметнае з пункту гледжаньня марфалогіі. Можна лічыць яго наватворам, нэалягізмам, створаным Кульбакам. Справа ў тым, што суфікс ער– [-er] (варыянты: ער-, נער-, אנער-) [-aner, -ner, -er] утварае назоўнікі, якія азначаюць асоб мужчынскага полу па роду заняткаў, прафэсіі, па якой-небудзь уласьцівасьці, а таксама назоўнікі са значэньнем “жыхар дадзенай мясцовасьці”. Але ж тут коранем – імя ўласнае “Залмэн” (усходнеэўрапейская традыцыя вымаўленьня біблійнага імя Шлоймэ-Саламон). “Этымалагічны слоўнік англійскай мовы” таксама тлумачыць: -er, назоўнік, азначэньне “які пастаянна пражывае ў…, карэнны жыхар, ураджэнец якой-н. мясцовасьці”, як у Londoner, foreigner, villager (лонданец, чужаземец, вясковец); вытворнае ад назоўніка ці прыметніка, можа быць супастаўлена з -er у нямецкай “Engländer” – англічанін.
Доў-Бэр Кэрлэр у гутарцы са мной прыгадаў цікавую фармацыю ווילנעאנער – [vilneaner] “віленчук(-скі)”, прычым толькі ў стылістычным звароце з ноткамі іроніі: יונג-ווילנעאנער[jung–vilneaner] “маладыя віленчукі”, утвораным ад יונג-ווילנע [jung–vilne] “Вільня маладая”. Гэтая іронія дазваляе правесці сувязь з такімі паняцьцямі, як [berliner] “бэрлінец” і [berlinčik] “бэрлінчык”. Першы перыяд руху да сьвецкай адукацыі яўрэяў у Эўропе пачаўся ў Прусіі, у другой палове ХVIII ст., таму яго называюць “бэрлінскім”, а яго пасьлядоўнікаў – “бэрлінерамі”. Паступова ідэі “бэрлінскай” асьветы пранікалі ў яўрэйскае грамадства Расійскай імперыі – праз Прусію і Галіцыю. Спярша гэта было толькі зьнешняе перайманьне, і ў пачатку ХІХ ст. у Варшаве ўжо з’явіліся “бэрлінеры”, якіх насьмешліва і зьняважліва менавалі “бэрлінчыкі”. [berlinčik] “бэрлінчык” – ерэтык, недаверак (удзельнік яўрэйскага асьветніцкага руху ў ХVIII—ХIХ стст.). Не варта забывацца на “бэрлінскі” перыяд жыцьця Кульбака.
І апошняе ў маім кароткім допісе прадстаўленьне геаграфіі ў тэксьце “Зэльмэніяды” (“IV. Зэльманаўская геаграфія”). Вось першы абзац з яго:
“Нэйрок. Цётка Хая-Матля са сваем мужам жывуць ужо трыццаць год у Нэйроку. Яна паехала была ў Амэрыку, толькі лепей яна абжылася-абшылася ў Нэйроку.” [Nojrok. Di mume Xaje–Matle mit ir man vojnen šojn drajsik jor in Nojrok. Zi iz avekgeforn in Amerike, nor zi hot zix beser bazect in Nojrok].
Тройчы паўтораны “Нэйрок” (пішу вымаўленьне на літвацкім дыялекце, бо менавіта тады яно і набывае сэнс) – гэта, як нам зразумела Нью-Ёрк, які Зэльманавічам анічога не гаворыць. Затое, напрыклад, дзядзька Зыся, кравец, мог, пачуўшы яго, адразу перакруціць на “nej rok” – “шыю капот (сурдут)”. У 15 главе ён, напрыклад, сьпявае: “nej ix sermiages vatove…” – “шыю я сярмягі ватовыя…”
Апошні сказ абзацу пра Нэйрок у літаральным перакладзе незразумелы, бо што такое “лепей пасялілася”? Нейкая бязглузьдзіца: “Яна паехала была ў Амэрыку, толькі лепей яна пасялілася (hot bazect zix) ў Нэйроку.” Але ўлічым іншыя сэнсы лексемы “bazecn”: 1. Заняць, займаць (месца); па-, за-|сяліць, па-, за|сяляць; 2. Абшы(ва)ць; 3. Абляпіць, абляпляць (аб мухах). У зьвязцы з “Нэйрок-Шыюсурдут” “яна лепей пасялілася” (“zi hot zix beser bazect”) магчыма ўцямна прадставіць у двухсэнсоўным выглядзе: “толькі лепш за ўсё яна абжылася-абшылася ў Нэйроку-Шыюсурдуцку”. Тады ўвесь абзац для нас зазьвініць чыстым сьмехам – сьмехам гаворкі тых Зэльманавічаў…
Андрэй Дубінін, Менск
12.01.2020
Ілюстрацыі з маскоўскага выдання “Zelmenіaner”, 1971 (мастак Л. І. Мароз)
Яшчэ колькі слоў пра геаграфію
Цалкам згодзен са старэйшым таварышам – як дакладная лакалізацыя асноўнага месца дзеяння ў рамане “Зельманцы” не была патрэбная Кульбаку на пачатку 1930-х гадоў, то, можа, і нам праз 90 год яна не дужа патрэбная. Пытанні ў нашай традыцыі часам важнейшыя за адказы, працэс пошуку – важнейшы за вынік… Тым не менш у верасні 2017 г., прамаўляючы ў кнігарні Логвінава пра Мойшэ Кульбака, я выказаўся за “адпраўку” зельманцаў у раён вуліцы Аранскай, дзе цяпер фабрыка “Камунарка”, і не бачу прычын “высяляць” іх у раён Пярэспы/Старажоўкі, на вул. Камуністычную або Старавіленскую (адзін дзівун іх адпраўляў і на Ракаўскую/Зыбіцкую). Вось тыя мае развагі 2017 г.:
Дзе жылі самыя вядомыя героі Кульбака – зельманцы? У канцы рамана гаворыцца пра тое, што на месцы іх двара будуецца фабрыка “Камунарка” (якая і цяпер існуе на вул. Аранскай). Здавалася б, усё ясна, але апошнім часам усё часцей гучаць сцвярджэнні аб тым, што меўся на ўвазе бісквітны цэх “Камунаркі”, які знаходзіўся ў лукавіне Свіслачы… (вул. Камуністычная, раён Старажоўкі). Некаторыя намёкі на Старажоўку сапраўды ёсць у рамане, але час дзеяння не супадае з адкрыццём бісквітнага цэху ўвесну 1929 г. Напрыклад, распавядаецца пра пуск трамвая (які адбыўся ўвосень 1929 г.). З тэксту вынікае, што “цукеркавую фабрыку” пачалі будаваць у канцы лета 1930 г. Такім чынам, нават метадам “ад праціўнага” можна высветліць, што зельманцы жылі ўсё ж у раёне Аранскай, на Ляхаўцы.
Цяпер бы я ўдакладніў, што месца, дзе ў 1930 г. паўсталі новыя карпусы “Камунаркі”, – не зусім-такі Ляхаўка… Але да Ляхаўкі з Аранскай куды бліжэй, чым з той лукавіны, якую згадваў А. Рудак 🙂
І яшчэ ўдакладню: вялікай будоўлі кандытарскай фабрыкі ўлетку 1930 г. на Старажоўцы, каб там лезла “мокрая, вымураваная сцяна”, не было. У памяшканне па вул. МОПРа (цяпер – Камуністычная) менская кандытарская фабрыка “Прагрэс” – яшчэ не “Камунарка” – была пераведзена ў сакавіку 1929 г. Падкрэслю – пераведзена, г. зн. хаты дзеля яе не руйнаваліся.
Аднаго прыведзенага доваду, па-мойму, зусім дастаткова, але ўсё ж крыху паразважаю і на тэмы, закранутыя ў fb-дыскусіі.
- Калі б Цалка і Тонька жылі на Старажоўцы, ім не давялося б, каб выкупацца, ісці садамі і палямі – Свіслач тамака зусім побач, у крайнім выпадку яны б ішлі ўздоўж яе. Ніхто не спрачаецца з тым, што Свіслач у раёне Ляхаўкі брудная цяпер і, мабыць, не вылучалася чысцінёй у канцы 1920-х гг. – але ў рамане і не сказана, што героі купаліся менавіта ў Свіслачы! Пад апісанне рэчкі, што ляжыць за пару вёрстаў ад горада (dos tajxl ligt a por viorst hinter shtot), а не перасякае яго, падыходзіць Лошыца – прыток Свіслачы, апрыёры чысцейшы і больш прыдатны для купання. Да яе з раёна “Трох Корчмаў” можна было дабрацца менавіта цераз палі-гароды.
- Тое, што Ц. і Т. купаліся не ў Свіслачы, ускосна даказвае іншы фрагмент, дзе гаворыцца пра Фалку і Ханэле, якія катаюцца на лодцы менавіта па галоўнай воднай артэрыі горада (Er fort mit ir af a shifl ibern Svisloch). Свіслач называецца не “рэчка” (tajxl), а больш паважліва – “рака” (Zej shvimen arop tajx). I наўрад ці гэтыя героі б узялі лодку на Старажоўцы, каб потым плысці цераз увесь горад, ажно да Ляхаўкі… З усяго відаць, што Фалка жыве недалёка ад той “прамзоны”: “Уначы стаіць ужо тая лодка далёка ўнізе па рацэ, пад вярбой. Месяц сцякае ў лодку з густых сырых галінак. На лузе ля берага ракі пасвіцца конь; тупае спутанымі нагамі ў цемры, храпе, а Фалкэ з Ханэлэ цалуюцца… Пасля поўначы пускаецца Фалкэ ў дом” (пераклад А. Дубініна). Лодку яўна пакінулі ў такім месцы, каб можна было яе лёгка забраць: а ці лёгка было б Фалку, калі б ён жыў на Старажоўцы, пусціцца дахаты з Ляхаўкі пасля паўночы, і потым яшчэ вярнуцца па лодку? 🙂
Вольф Рубінчык, г. Мінск
wrubinchyk[at]gmail.com
12.01.2020
Апублiкавана 12.01.2020 23:10