Падарожжы Беньяміна ІІІ (③)

Мендэле Мойхер-Сфорым

Падарожжы Беньяміна ІІІ

Трэці раздзел,

у якім Беньямін знаходзіць служку і сябруе з Сэндэрэлай

Выпадак з Беньямінам, што спрычыніўся да жончыных пакут і таго факту, што ён патрапіў мястэчку на язык, не толькі не вытруціў з ягонай душы прагу далёкіх краёў, а наадварот, укараніў той поцяг яшчэ мацней. Беньямін вырас у сваіх вачох як знаўца чалавечай натуры і адмысловец па крызісных сітуацыях, як дасведчаны чалавек. Ён запаважаў сябе яшчэ больш за адвагу перад цяжкімі выпрабаваннямі, як асобу, што ідзе насуперак натуры ды здольная ўтаймаваць страх і сардэчную млявасць. Пачаў лічыць сябе навукоўцам, даследчыкам з уласным поглядам на сем мудрасцяў, пра якія вядзецца ў кнізе “Цень свету”. Мудрацом, які насыціўся разумнымі кніжкамі, накшталт прыведзенага вышэй твору. Беньямін пачаў жыва цікавіцца актуальнымі падзеямі за мяжой і драць нос, маўляў, людзі такога маштабу, як ён, тут нібыта ружа сярод калючак. І дзе?! У Дармаедаўцы, у глухмені, паміж прасцякамі, якія сена ад саломы не адрозняць!

Ён саспеў у сваім жаданні як мага хутчэй пакінуць мястэчка. Будзе жаданне – гэтак маліўся сам сабе, – прыйдзе патрэбная часіна, дык з’едзе, куды прагне сэрца, і па каторым часе мірна вернецца адтуль. З павагай і рэпутацыяй, з добрымі весткамі ды збаўленнем, суцяшэннем для ўсяго нашага народу! Вось тады і расплюшчацца ў дармаедаўцаў вочы на тое, хто такі Беньямін, у чым яго веліч і цнота.

Ніхто і нішто ўжо не ўтрымлівала яго ад выправы, хіба дробныя перашкоды. Не ведаў Беньямін, дзе ўзяць на падарожныя выдаткі, бо гол як кол быў, ані медзяка за душой. Зазвычай бавіўся ён у сінагозе дні напралёт, а Зэлда, яго ўзорная жоначка, зарабляла на сям’ю ў крамцы, адчыненай тады, калі яе бацька пусціў маладых на вольныя хлябы. Але што ў краме за тавар? Слёзы! Калі б яна ў дадатак не вязала шкарпэтак, калі б у даўгія зімовыя ночы не шчыпала пер’я, калі б не вытоплівала на Пэйсах гусінага смальца і не перакупала ў знаёмых вяскоўцаў усялякую драбязу, ды не прадавала яе з невялікім наварам, то былі б у іх пустыя прыгаршчы.

Прадаць нешта з хатняга рыштунку? Але што? Ёсць у наяўнасці два суботнія падсвечнікі, якія атрымала Зэлда ад свайго бацькі – на іх яна наводзіла бляск са спакойнай душой. Упрыгожванняў няма ў яе, акрамя срэбнага пярсцёнка, у які ўштукаваная пярліна, прэзент ад свацці. Прадаць нешта з вопраткі? Якое там, усе Беньямінавы апранахі – выцвілы лапсердак на будні ды падораны на вяселле ядвабны суботні лапсердак, ладна падзёрты і пацёрты. Ядваб падраны, а жоўтая тканіна вызірае знутры, паміж дзірак.

Папраўдзе, ёсць яшчэ нібыта кажух, але скура яго палысела, а каўнер ад самага пачатку увогуле быў суконны. Калі яму справілі гэты кажух на дзень вяселля, то цесць, мір яго праху, выявіў жаданне сшыць зяцьку шляхецкі кажух, не эканоміць на каўнеры. Больш за тое, хацеў той каўнер пашырыць і падоўжыць, каб ляжаў і спадаў накшталт мантыі, як носіць кіроўны эшалон, і пусіць льняную іскру спаміж, і справіць падшэўку з матар’ялу, які застаўся ад лапсердака. Калі б сплаціў Беньямін пасаг за нявесту, дык якраз на гэтыя грошы цесць справіў бы яму, з Божай дапамогай, каўнер з нутрыі. Але з пасагам Беньямін не даў рады – адмяніўся і каўнер. Таму кажух быў голы і кволы аж да сяння.

Беньяміну цяжка было вырашыць, якім чынам яму выйсці з дому. Распавесці пра падарожжа Зэлдзе і атрымаць за гэта фаеру? Начорта? Гэтак ён перакуліць усё у доме з ног на галаву. Жонка бы галасіла па ім, перакананая ў ягоным вар’яцтве. Ці здольная жонка асягнуць розумам яго задумы і намеры? Жонка, нават узорная, – усяго толькі жонка. Пратачыцца і ўцячы? Гэта таксама няварта, хоць у нашых літвакоў і практыкуецца. Застацца ўдома, забыцца на вандроўкі? Гэта ўвогуле немагчыма, усё роўна што сядзець і чакаць смерці. Падарожжа набрыняла, увабралася ў плоць Беньяміна і безупынна песцілася ў ім. Беньямін не выпускаў яго з галавы нават у сне. Падарожжа апанавала Беньяміна, захапіла яго напоўніцу, падпарадкавала настолькі трывалым падпарадкаваннем, ажно той перастаў бачыць на свае вочы і чуць на свае вушы. У розум пратачаліся навіны і звесткі з далёкіх краёў, з незвычайных далёкіх мясцін…

Падчас размовы з сябрамі з рота ў яго вылятаюць словы: “Індыя”, “Самбат’ён”, “рагатая гадзюка”, “антыподы”, “Саламонаў чарвяк”, “вярблюд”, “караван”, “Ізмаілава племя”, “Левіятан”, “фінікі”, ”оф крылаты”, “ліхадзей”. Блытаюцца, зліваюцца гэтыя дзіўныя і рэдкія словы, афарбаваныя надзвычайнай палымянасцю. Але як даць рады перашкодам, што затрымліваюць яго? Беньямін шукаў, ды не знаходзіў шляхоў да выбаўлення. Адчуваў глыбока ў сэрцы, што яму патрэбен падобны да яго чалавек, каб параіцца ў гэткім маштабным тэмаце.

Жыў-быў чалавек у Дармаедаўцы і клікалі яго Сэндэрл, гэтаксама як сівога старца, ягонага дзеда рэбе Сэндэра, мір яго праху. Гэты Сэндэрл быў чалавекам прастакаватым, наіўным, без збыткоўных звілін. Яго месца ў сінагозе было далёка ад амбону, што выразна кажа пра Сэндэрлаву несамавітасць.

Калі гутарылі ў сінагозе і іншых месцах, ён не казаў нічога, адно слухаў і прыслухоўваўся, як той, хто падслухоўвае праз фіранку. Калі ж надаралася, што адкрываў рот і нешта казаў, усе каціліся са смеху. Але не таму, што Сэндэрл дасціпнічаў – сам лад яго размовы пацяшаў людства, дарма што ў ім не было нічога смешнага. Ён і сам здзіўляўся, няўцямна зіркаў, з якой нагоды зубы прадаюць. І ніколі не абураўся з чужых кпінаў, бо быў далікатны і рахманы ад прыроды – гэтак і сярод статка можна сустрэць выдатную, але пакорлівую цялушку. І нават у голаў яму не заходзіла, што можна крыўдаваць.

“Шаноўны пан смяецца. Мне што, шкада? Хай смяецца да схочу, відаць, ён мае ад гэтага вялікую насалоду”.

Аднак трэба прызнацца, што ў словах Сэндэрла часта мелася рацыя. Не маючы нічога сур’ёзнага на ўвазе, ён казаў яе па наіўнасці.

Усе лічылі за лепшае паздзеквацца з Сэндэрла. Калючкі дзядоўніка, якімі прынята шпурляцца ў дзень посту з нагоды разбурэння Ерусалімскага храму, ляцелі і ўблытваліся збольшага ў бараду і пэйсы Сэндэрла. Ладная купа забруджаных прасцін, якія ўскладалі адно на аднаго ў сёмы дзень Сукота ў сінагозе, патрапляла на месца Сэндэрла. І як жа мала грачанікаў і гарэлкі, якія спажывалі падчас рэлігійнай вячэры, даставалася яму!

Сэндэрл – казёл адпушчэння. Сам не ўпарты. “Хочаце – маеце”, і кропка! Сэндэрл выконваў чужую волю не таму, каб іншы потым пайшоў яму на саступкі – ён адмаўляўся ад сваёй волі шчыра, бязвыплатна. Яго словы: “Хочаш? Маеш! Мне што, шкада?”

Спаміж дзецьмі быў дзіцём: бегаў у іх кумпаніі, гаманіў і гуляўся з імі разам, цешыўся з гэтага. Нават сярод малых быў як пакорлівая цялушка, якая дазваляе ездзіць на спіне. Яму драпалі твар, а самыя нахабныя дзеткі ўзлазілі на спіну і скубалі яму пэйсы. Здаралася, нехта з дарослых (не са шкадавання да Сэндэрла, а хутчэй для захавання ўсеагульнай гіерархіі) гукаў:

– Гэй, нахабы! Майце пашану да дарослага, да мужчыны з барадой!

– Ат, не бяры да галавы, – адгукаўся тады Сэндэрл. – Мне што, шкада? Хай трохі паскубаюць.

Удома Сэндэрл не бачыў добрага жыцця. Рэй вяла жонка, і вельмі ацяжэла яе рука на Сэндэрле. Жонка наводзіла жах, почасту даючы кухталёў у нос. Сэндэрл уцягваў галаву ў плечы і прымаў іх з пакораю. Наконадні святаў яна прымушала вапнаваць дом, надзявала яму на галаву хустку і завязвала хустку пад барадой. Ён абіраў ёй бульбу, скручваў і адбіваў локшыну, фаршыраваў карпа. Насіў дровы, кідаў ля печкі, распальваў агонь – усё роўна як жанчына. Менавіта таму яго і сталі клікаць “Сэндэрэла”.

І вось гэтага Сэндэрла абраў Беньямін у свае канфідэнты, каб раскрыць душу, каб зладзіць з ім раду і пачуць адказы на ўсе пытанні. Але чаму Беньямін выбраў менавіта яго? Бо ў сэрцы сваім Беньямін адчуваў нейкую прыязнасць і цягу да Сэндэрла. Той быў лёгкі на думку, памяркоўны, заўжды задаволены і цешыўся Беньямінавымі выказваннямі. Яшчэ можна дадаць, што Беньяміну падабалася ўласцівасць Сэндэрла, які ніколі не стаяў на сваім. Беньямін сказаў сабе, што Сэндэрл прыме ўсё рашэнні з радасцю і пагодзіцца на ўсе прапановы, і нават калі ў нечым заўпарціцца, ён у рэшце рэшт пераканае яго з Божай дапамогай.

І прыйшоў Беньямін да Сэндэрла, і ўбачыў, што той сядзіць на зэдліку для даення ды абірае бульбу. Адна шчака палае агнём, пад вокам – сіняк, драпіна і апухласці, як бы след ад пазногця. Сам Сэндэрл ціха-моўчкі занурыўся ў смутак і журбу, усё роўна як саламяная ўдава, чый муж сышоў за далягляд, або як жонка, чый муж даў ёй поўху…

Жонкі Сэндэрла дома не было.

– Дабры дзень, Сэндэрл! Чаму, браце, душу тваю крануў сум? – у дзвярах запытаўся Беньямін, паказваючы пальцам на шчаку. – A гэта што за азнака? Зноў ейная рука? Дзе яна, твая мегера?

– На рынку.

– О, чароўная навіна! – на радасцях выгукнуў Беньямін. – Кінь ты, дружа, адвечны свой бульбус! Хадзем у пакой – пагамонім сам-насам. Там нікога няма? Мне зараз не трэба, каб над намі крукам згіналіся староннія… Хацеў табе прызнацца, больш не магу стрымлівацца. Кроў віруе, хачу табе распавесці пра сваю жарсць. Хадзем хутчэй за мной! Абы раптоўна не прыйшла мегера і не перарвала нашу размову.

– Хочаш хутка, маеш хутка. Мне што, шкада? – сказаў Сэндэрл і зайшоў у пакой.

– Сэндэрл! – пачаў Беньямін, – cкажы, ці ты ведаеш, што там, па-за межамі Дармаедаўкі, там?.. Там?!

– Ясна, ведаю. Карчма “Спатыкач”. Можна дастаць трохі ніштаватай гарэлкі.

– Ну, і абалдуін жа ты ніштаваты! Я пра далёкія мясціны, значна-значна далейшыя за карчму.

– Не-а, далей за “Спатыкача” не ведаю нічога, – здзіўлены, адказаў Сэндэрл, – далей – не ў курсе. А ты?

– Ці ведаю я, пытаешся? Ясна, ведаю! Там канец свету, – загарачыўся Беньямін, быццам той Калумб, што ўбачыў на даляглядзе Амерыку.

– І што там?

– Там вушастыя змеі, Саламонаў чарвяк…

– Чакай, ці не той Саламонаў чарвяк, што падчас пабудовы Ерусалімскага Храму свідраваў дыяманты? – прастадушна перарваў Беньяміна Сэндэрл.

– Анягож, рахманы мой дружа! ТАМ – УСЁ! Усе славутыя мясціны – там, а таксама Абяцаная Зямля. Хочаш туды?

– А ты?

– Што за пытанне?! Ясна, хачу. І нават хутка паеду.

– Зайздрошчу табе, Беньямін. Набіткуеш там лантух пладамі ражковага дрэва, фігамі і фінікамі. Шчаслівец!

– Ты таксама, Сэндэрл, зможаш пакаштаваць плады бацькаўшчыны. Абяцаная зямля – гэтаксама як для мяне абяцаная.

– Гэта праўда – мне яе таксама абяцае Госпад. Але як туды патрапіць? Там жа сядзіць турак.

– Што кажуць пра ізраільцаў, тварам чырвоных?

– Шмат прыпавесцяў пра іх я чуў на паседжаннях Запечкавага камітэта. Але сказаць, дзе яны дакладна і якой дарогай туды трапляюць, дык паняцця не маю. Каб жа ведаць, я б табе сказаў. Чаму ж не? Мне што, шкада?

– Глянь, Сэндэрле, я ведаю, – з гонарам сказаў Беньямін, дастаўшы з-пад пахі кнігу “Ерусалімавы праслаўленні”, – паслухай, прачытаю табе, што напісана там: “Па прыездзе ў Бруці я пазнаёміўся з чатырма бабілонскімі габрэямі і размаўляў з адным з іх, знаўцам старадаўняга іўрыта. Клікалі яго рэб Машэ, і распавядаў ён праўдзівыя гісторыі пра Самбат’ён, Каменную рэчку. Бо чуў ад сыноў Ізмаілавых, які бачылі яе на свае вочы, і туды без сумневу патрапілі сыны Майсеевы”. І там яшчэ напісана: “І таксама гэты годны вяльможа, хай яго доўжыцца яго жыццё, распавёў, што трыццаць гадоў таму спыняўся ў яго адзін сын з калена Сымонава і сказаў, што ў яго краі жывуць дзесяць згубленых кален Ізраілевых. Калена Ісахарава вучыць Біблію, і з таго ж калена ў іх уладар”. А ў кнізе, што зараз перад табой, у “Падарожжах Беньяміна Тудэльскага”, можна прачытаць наступнае: “Ішоў адтуль восемь і яшчэ дваццаць дзён да гары Нісбону, на рацэ Газан, і сядзяць там чатыры калены: Данава, Звулонава, Ашэрава і Нафталева. У іх свае дзяржавы і вялікія гарады ў гарах. З аднога боку іх атачае гара Газан, і жывуць яны не пад чужым ярмом, бо ў іх на чале Язэп Амаркела Галеві, а таксама заключаны хаўрус з уладаром-язычнікам Эль-Торахам”. І яшчэ там напісана сёе-тое пра рэхавітаў у краіне Тэйма, дзе пануе габрэйскі кароль: “Яны пасцяць і моляцца Госпаду Ўсёмагутнаму пра збаўленне Ізраілю”. І што, даражэнькі, ты думаеш? Калі, напрыклад, яны раптам убачаць мяне, свайго брата Беньяміна з Дармаедаўкі, які прыйшоў да іх? Што скажаш на гэта, Сэндэрл? Не бянтэжся.

Ілюстрацыя Мендла Горшмана

– Ім будзе страх як прыемна, вось што я скажу табе, Беньяміне! Такі ганаровы госць – гады ў рады. Кожны запросіць цябе на абед, і кароль Амаркела абавязкова зладзіць пачостку, пакажа вялікае багацце свайго царства і бляск сваёй велічы. Тады, зрабі мне ласку, прашу, – перадай ім ад мяне прывітанне. Каб я мог, далібог, я б пайшоў за табою туды.

– І пойдзеш! – паклікаў яго Беньямін з думкай, што завіравала ў яго галаве. – Даражэнькі Сэндэрл, сапраўды, каб жа ты далучыўся да вандроўкі! Цяпер, дурненькі, самы час і добрая магчымасць. Хай там што, я зараз туды іду, і возьму цябе з сабою. Нашто вяртацца сюды, дурненькі, і цягнуць ярмо тваёй мегеры? Глянь, што сталася з тваёй шчакой! Авохці табе і авохці тваёй душы, доля твая гаротная, гаркотны твой лёс. Паслухай мяне, Сэндэрл, паўстань і ідзі. Упэўнены, ты не пашкадуеш.

– Хочаш? Маеш! А наконт яе, то бок жонкі, мне што, шкада? Шаленец я ці не?! І казаць, куды пайшоў, не буду!

– Мая душа і дух мой, можна, я табе дам буську? – усцешана загукаў Беньямін, абдымаючы Сэндэрла з замілаваннем. – Як і ты, пытаюся, што мне тая жонка? Але яшчэ такое пытанне. Дзе ўзяць грошы на дарогу?

– Грошы на дарогу? Дык што, Беньямін, ты маеш намеры справіць нам новыя шаты, або паднавіць нашы старыя лапсердакі? Ці ты не чуў, як я казаў, што ў гэтым няма сэнсу? Наадварот, падарожным людзям найлепш пасуе трэсці латамі. Бо ў далёкіх далях нам справяць новыя прыгожыя лапсердакі.

– Сапраўды, там няма пра што будзе турбавацца. Але пакуль мы туды прыйдзем, нам трэба трохі грошыкаў, каб сілкавацца ў дарозе.

– Што ты, Беньямін, так пераймаешся наедкам? Ты што, пацягнеш ссабойку і прысмакі? Начорта? Хіба няма табе дамоў па дарозе?

– Не зусім разумею цябе, Сэндэрл, – няўцямна прамармытаў Беньямін.

– На ўвазе я маю адно, – проста адказаў Сэндэрл, – як па дарозе ёсць дамы, то можна ў іх заходзіць. Што робіць рэшта нашых людзей? Яны старцуюць па хатах сваіх братоў, гэты пасля гэнага, той сёння, іншы заўтра, ні сораму ні ганьбы, цьху-цьху-цьху, бронь і даруй Божа. Бо гэткія нашы традыцыі і наша дабрачыннасць, такая наша каса ўзаемнай дапамогі.

– Добра пяеш! – усцешана выгукнуў Беньямін. – Падперці душу ўмееш. Я цяперака як новы-гатовы і ўсё маю пад рукой, дзякаваць Богу. Заўтра на досвітку, калі ўсе будуць спаць, выправімся ў дарогу. Нашто марнаваці час? Згода?

– Хочаш заўтра? Маеш заўтра! Мне што, шкада?

– На досвітку я неўзаметкі вырушу з дому, і на руінах ветрака буду цябе чакаць. Сэндэрл, заўтра на світанку як прачнешся, прыходзь сюды, дамовіліся? Гэта вельмі важна, – паўтарыў Беньямін і пакіраваў да дзвярэй.

– Чакай-пачакай, Беньямін, яшчэ трошкі, – сказаў Сэндэрл, пашныпарыў у халаце і выцягнуў адтуль кавалак бруднай скуры, капшук, звязаны з усіх бакоў і ўсеяны вузлікамі.

– Беньямін, гэта мой мой капітал. Капітал, які мне ўдалося схаваць ад пільнага вока жонкі, ад часоў вясельнага балдахіна і дасёння. Гэтых грошыкаў хопіць нам на пачатак вандроўкі.

– І вось цяперака ты заслужыў буську! З ног да макаўкі пакрыю цябе пацалункамі! – усцешана загукаў Беньямін, абняў Сэндэрла і адарыў яго пешчамі і мілошчамі.

– А-а, каб вам тое, што я думаю! Толькі гляньце на гэтых саладзенькіх галубочкаў, на іхнія муцы-пуцы і цюхці-мухці! Стаяць сабе, прытыркі, абдымаюцца, а тымчасам у дом залез казёл і жарэ бульбу, каб яго чарвякі елі! – пачуўся раптам гучны крык.

Гэта заспела хаўруснікаў Сэндэрлава жонка. Злосці поўны косці, адна рука магутна ўзнялася па-над казлом, а другая выцягнулася ў бок Сэндэрла, вабіць яго пальчыкам. Сэндэрла б’е дрыготка, ён ступае нясмела, схіліўшы голаў, быццам хлопчык, які нарабіў шкоды, якому кажуць ісці да ганебнага слупа з розгамі.

–  Мацуйся, дружа! Апошні раз табе гэтакая кара, – шапнуў Беньямін у вушы Сэндэрлу, – памятай, заўтра!

І ну з хаты!

Эксперыментальны пераклад з іўрыта Паўла Касцюкевіча

Апублiкавана 07.09.2019  13:15