Падарожжы Беньяміна ІІІ (②)

Мендэле Мойхер-Сфорым

Падарожжы Беньяміна ІІІ

Другі раздзел,

у якім Беньяміна запісваюць у бажаволкі, а Зэлду – у саламяныя ўдовы

Беньямін, наш славуты ваяжор, быў ад прыроды рэдкасным баязліўцам. Выйсці ўначы на мястэчкавую вулку? Пакласціся спаць аднаму ў прыбудове на вуліцы? Нізавошта – хоць ты яго азалаці! Выправы па-за межы Дармаедаўкі лічыў рызыкоўнай авантурай. Хто там ведае, што можа, цьху-цьху-цьху, здарыцца? Малюпасенькі цюцька наводзіў на яго смяротную жуду.

“Aднойчы быў выпадак, і памятаю яго, нібыта ўчора было, – кажа Беньямін. – Той, чыё Імя Блаславенае, дастаў з похваў сонца, якое скварыла, нібыта печка. Наш рабін з вучнямі пайшоў зрабіць акунанне ў адной з крыніц па-за рысай мястэчка. А мы з сябрам, дваіх безбародых юнакоў, на пашанотнай адлегласці крочылі за імі. Перакананыя: рабін – наш заступнік! Калі нам, бронь Божа, сустрэнуцца перашкоды ці злачынствы, ён нас атуліць крылом, правядзе праз пакуты смяротнага ценю, і мы пасля ўсіх прыгод з мірам вернемся дадому. Бо хто, калі не ён, якому ўвесь свет дае павагу і ломіць перад ім спіну?

Наш настаўнік, апякун і апірышча шыбаваў паперадзе з высока ўзнятай галавою, і калі прыйшоў да крыніцы, пачаў самавіта раздзявацца. Але знянацку прыбег нейкі вясковы хлопец і нацкаваў на яго сабаку. Рабін – лахі пад пахі, і давай дзерака! Правай рукой падтрымлівае прыспушчаныя порткі, у левай руцэ – галаўны ўбор.

І калі бацька падціснуў хвост, дык уяўляеце, як нажахаліся мы, ягоныя дзеткі? Калі на кручку трапечацца Левіятан, што тут казаць пра дробную плотку! Мы падпярэзалі нашы сцёгны і, не раўнуючы казулі ў момант небяспекі і пагрозы, прыпусцілі ў мястэчка – а наш настаўнік-павадыр сярод нас. Вэрхал, пярэпалах. Бягуць настрашаныя мужчыны і жанчыны. Лямант, гвалт. Гарым! Абрабавалі! Забілі! Гармідар – Божа, злітуйся!”

Пасля таго, як жаданне вырвацца ўмацавалася ў галаве Беньямінавай, вырашыў ён упакорыць баязлівую натуру і ўтаймаваць страх. Прымушаў сябе ісці гуляць насупраць ночы, спаў у прыбудове на дварэ адзін. Выходзіў па-за рысу Дармаедаўкі – хоць адразу ўпадаў на сілы, а ягоны твар ад страху палатнеў. Новая лінія паводзін дома і на людзях, а таксама схуднелы твар, блуканні па-за мястэчкам і знікненні на колькі гадзін, шмат каго ўразілі і сталі прадметам размоў.

Некаторыя казалі:

– Здурнеў Беньямін, так-так, з’ехаў з глузду.

І абгрунтоўвалі:

– У яго заўжды не ставала клёпкі ў галаве і быў ён такі сабе паўдурак, аднак асабліва гэта праявілася цяпер – у чэрвені. Цяпер, у спёку, з глузду з’язджаюць нават вялікія начальнікі, дык што казаць пра Нёмку! Да таго ж існуе спаконвечная завядзёнка: у мястэчку павінны быць свае мудрацы і свае вар’яты. Мудрацоў, як вы ведаеце, нам ужо папрызначалі.

Але былі іншыя (іх узначаліў рэб Айзік-Довід, сын Арона-Ёсла), і яны казалі:

– Хвілінку, спадарства! І яшчэ адну!.. Беньямін сапраўды абух-абухом, і нават дурны як пень, але ж гэта не робіць з яго вар’ята. І чаму ён звар’яцеў менавіта цяпер, а не, скажам, раней? Больш за тое, самы час яму з’ехаць з глузду быў пазалетась, ці прынамсі летась, калі на вуліцы шалела сапраўднае пекла… Усё цячэ, усё мяняецца. Яскравы таму доказ – наша рэчка. Як мы ведаем, штогод яна мае забіраць па чалавеку, а вось бачыце – ужо два гады ніхто не тоне. Можна яе перайсці і ног не замачыць. Таму пакіньце Беньяміна ў спакоі.

Але былі і трэція, – да іх меркавання схіляліся жанчыны, – маўляў, усе гэтыя выбрыкі ясныя як дзень, бо зразумела, адкуль хвост расце, і ясна, у якім кірунку капыты кіруюць ды з кім чалавек можа знюхацца. З ім… З д’яблам! Вось чаму Беньямін блукае ўначы сам-адзін, вось чаму знікае з вока на некалькі гадзін, вось чаму ён спіць адзін у прыбудоўцы на дварэ! Сама ж Зэлда распавядала, што калі падысці да дзвярэй прыбудоўкі, дык чуваць топат і чыесьці цоканне.

Дыскусія з гэтай нагоды павандравала да Запечкавага камітэта, а пасля – да лазні, у Вярхоўны Суд. Там не здолелі выпрацаваць маналітнай пазіцыі стасоўна Беньяміна, але прызначылі адмысловую камісію, што складалася з паважаных людзей і пісарчука. Тая камісія мелася хадзіць ад хаты да хаты і на ўсякую бяду правяраць наяўнасць мезузы, прыдзьвернай дошчачкі з блаславеннямі, што служыць магутным абярэгам супраць нячыстых сіл. Працу камісіі палічылі грамадска-значнай, здольнай паўплываць на лёс усёй Дармаедаўкі, а з гэтай прычыны пастанавілі, што для пакрыцця выдаткаў, звязаных з працай камісіі, трэба павысіць таксу на мяса.

У нашай Дармаедаўцы ёсць прымаўка: “Што б людзі ні абмяркоўвалі, гутарка з’едзе на тэму смерці, а калі нашы людзі прыйшлі на пахаванне, дык абавязкова загавораць пра таксу на мяса”. І гэта зразумела, нат не вымагае тлумачэння. Бо доля чалавека – памерці, а лёс нашага чалавека – плаціць таксу. Смерць і такса – тыя рэчы, якіх ніяк не ўнікнеш. Такім Усявышні стварыў гэты свет. І як Ён стварыў, то і добра, так мусіць быць. Няма тут чаго гайдаць асноваў. Пытанні задаюць недаверкі ды ерэтыкі.

Аднойчы здарыўся выпадак, які выставіў Беньяміна ў пэўным арэоле. На згоне чэрвеня, падчас дзённае спёкі, перакрочыў Беньямін рысу мястэчка і пакіраваў у лес. Прытуліўся там да дрэва і чытаў кнігі, якія заўжды пхаў за пазуху. Даў нырца ў глыбокае здуменне. Яму хапала аб чым паразважаць: у думках Беньямін выправіўся ў далёкія краіны. Туды: проці ліха на ўзгорачку, на самы канец свету. Уяўляў, як мінае горы й долы, крочыць па далінах і пустэльнях, па ўсіх тых мясцінах, апісаных у кнігах, шыбуе ўслед за Аляксандрам Македонскім і Эльдадам з калена Данава. Бачыў у сваіх марах і Левіятана, і рагатую гадзюку, жахлівую і дзівосную, і Саламонава чарвяка, які свідруе дыяманты, і полчышчы цмокаў ды ўсякую іншую набрыдзь. Намроіў, што патрапляе да ізраільцаў, тварам чырвоных, і гутарыць з Майсеевымі сынамі.

Ілюстрацыя Саламона Юдовіна (1935), з pinterest.com

Прачнуўшыся ад крозаў, Беньямін пачаў разважаць, як дапраўды выправіцца ў падарожжа і ўбачыць усё ўяўленае на свае вочы.

Гэтак за развагамі і летуценнямі мінуўся дзень. Беньямін устаў і папрастаў ножкі, каб пайсці дадому. Ідзе, ідзе ён і ніяк не можа выйсці з лесу. Ідзе гадзіну, дзве, тры… чатыры! Няма канца-краю, а наадварот – усё больш ублытваецца ў гушчар. Цёмна – хоць на воўка лезь. Раптам усчалася навальніца, маланкі й грымоты, і паліўся дождж, як з цэбра. Стаіць Беньямін пад ім, ад ападкаў зубамі звініць. І ад гэтага лязгату зубнога думае, што на яго рыкае мядзведзь, леў выскоквае з засады ці лезе пачвара Матул, што, як сказана ў кнізе “Цень Свету”, “нагадвае мажнага серафіма з даўжэзнымі лапамі, якімі можа заваліць слана ды іншых гігантаў”. Да таго ж Беньямін агаладаў, здарожыўся і сасмяг. Макавай расінкі ў роце не было ўвесь дзень, і ў час скрухі чытае ён вечаровую малітву, злівае душу заўзята і засяроджана ўзносіць модлы.

Ілюстрацыя Мендла Горшмана

Госпад дапамог – блаславілася на дзень. Узбіўся Беньямін на сцежку. Ідзе гадзіны дзве па гаі, ды раптам чуе, як далятае зык, нібыта пісталет лязгае. Жахнуўся, і ну драпака! – гэтаксама як некалі з рабінам.

Аднак адразу ў скронях загрукацела: “Стоп, стоп, Беньямін! Сорам табе! Ты хочаш вандраваць па пустэльні, заселенай бестыямі і дзікунамі? Але жахаешся тут, у тваім краі? Палохаешся і даеш дзерака так, нібы табе злыдні перасякерылі дарогу? Авохці табе, Беньямін! Які ж з цябе Аляксандр Македонскі? Адчаіўся быў таксама Аляксандр Македонскі, калі ляцеў вярхом на арле і ў яго скончылася мяса, якія ён мусіў даваць птушцы на наканечніку дзіды, каб яны такім манерам узносіліся ўсё вышэй і вышэй. О, не, Беньяміне! Аляксандр драла не даў! Аляксандр, уласнай персонай, вырваў са свайго цела кавалак мяса і начапіў яго на дзіду. Далібог, Беньямін, збірайся з духам! Сам Госпад Блаславены выпрабоўвае цябе. І калі пройдзеш выпрабаванне, адужаеш дарогу, дык добра, дык ты сапраўдны чалавек, Беньямін. Здабудзеш славу, а Ён выканае ўсе твае жаданні і перанясе з мірам да дзесяці кален, і ты нагаварышся з усімі згубленымі братамі, і раскажаш ім падрабязна пра паводзіны нашых літвакоў, як ім жывецца і што яны парабляюць у тутэйшых мясцінах. Калі пройдзеш выпрабаванне, дык вернешся дадому, і трубны голас заканцуе на векі вечныя ўсе твае нялюдскія нягоды і турботы. Пакрыеш сябе славай і блаславеннем ва ўсіх зямных межах, і прынясеш пашану ды гонар. Дармаедаўку і Македонію стануць прыгадваць разам. Аляксандр Дармаедаўскі і Беньямін Македонскі – браты навек!”

Гэтак наш Беньямін узброіўся адвагай і ўпэўненасцю, ды пакрочыў з паднятай галавой. Яму напярэймы – селянін, сядзіць на возе, нагружаным мяхамі і кашамі, і ў іх харчы, і пара валоў, якімі кіруе:

– Дзень добры! – ускочыў Беньямін і паклікаў дзіўным голасам, у якім было адразу некалькі эмоцыяў: і крык, і малітва, і просьба, і роспач. Нібыта казаў свайму бліжняму: “Вось ён я, у тваім кулаку, і рабі са мной, што хочаш!” Нібыта лемантаваў і ўпрошваў, кажучы: “Ой, уладар мой, злітуйся з мяне, дома ў нас жонкі і дзетак гурба!”

Аддаўшы “добрага дня”, – а як праўдзівей, то кінуўшы яго пад ногі, а яшчэ дакладней – выплакаўшы яго, Беньямін замаўчаў. Яго твар пабялеў, галава пад цяжарам згрызотаў нахілілася, вочы палезлі ўгору. Ногі зрабіліся кісельныя, і ён паваліўся, страціўшы прытомнасць.

Калі Беньямін апрытомнеў і адплюшчыў вочы, то ўбачыў, што ляжыць ён, ахінуты дзяружкай з тоўстай воўны, на вялікім меху, поўным бульбы. Ля галавы трапечацца звязаны певень і касавурыцца на яго адным-адзіным сваім вокам, выпусціўшы кіпцюры. Побач – поўныя кашы цыбулі і часныку, і яшчэ гародніна пад нагамі. Выдае на тое, што побач былі таксама яйкі, бо асцё і салома лезлі ў вочы. Селянін з люлькай у зубах спакойна сядзіць на месцы, падсцёбвае валоў і цокае языком: “Цоб табе, гайда!“

Валы гультаявата перасоўваюцца дробнымі крокамі, колы моцна грукацяць, кожнае на свой манер, – ды усе гэтыя гукі злучаюцца ў дзіўную сімфонію, што дзярэ вушы. І выдае на тое, што мелодыя не прыпала да душы пеўню; кожны раз як колы завяршалі абарот магутным рыпам, падобным да бразгату ланцугоў, певень абураўся і драпаў Беньяміна кіпцюрамі. Да таго ж певень гэтак зласліва і гучна кукарэкаў, ажно потым колькі хвілін рэха матлялася і скакала ў ягоным горле.

Нейкі час Беньямін ляжаў збянтэжаны і злаваўся. Колькі ўсялякіх прыгодаў навалілася – ён зведаў страх, голад, холад. Ляжаў у возе ды як на яве бачыў далёкія краі, як яго ўзялі ў палон бедуіны і цяпер вязуць да аазісу, каб прадаць у няволю.

“Каб жа мяне прадалі нашаму чалавеку! – думае Беньямін. – Бо як збаграць якому задрыпознаму замежніку ці замежніцы, усё, хавайся ў бульбу, капцы прыйшлі!” І ўспамінае гісторыю пра Язэпа Егіпцяніна і фараона, пра тое, як праца за мяжой стала рабствам. І цяжка ўздыхае ад горычы і смутку.

Вясковец павярнуўся да спадарожніка, што ляжаў і сапеў, напоўніўся літасці і спытаў па-беларуску:

– Ну што, габрэйчык, табе трошкі лепей?

Беньямін занурыўся ў вялікую разгубленасць. Размаўляць на іншаземнай мове ён не ўмее, і што рабіць? Як адказаць суразмоўцу, як спраўдзіць у яго дарогу? Намагаецца сесці – не ў стане.

– Трошкі лепш? – зноў пытаецца яго вясковец і прысцёбвае валоў:

– Каб цябе, гайда!

Дух мовазнаўства падаў у Беньяміне азнакі жыцця – ён адкрыў рот:

– Лепей, хіба ногі бо-бо!

Кажучы гэта, паказаў на ногі, і выгукам “бо-бо” намякнуў суразмоўцу, маўляў, баляць моцна.

– Адкуль ты, габрэйчык? – працягнуў суразмоўца.

– “Ад-куль ты га-брэй-чык”, – нараспеў паўтарыў Беньямін так, нібыта чытаў малітву ў сінагозе. – Я Нёмка, Беньямка. Дармаедаўка.

– Ты з Дармаедаўкі? Кажы! Што ты вылупіў на мяне вочы і глядзіш як шалёны? А мо ты праўда шалёны, трасца тваёй мацеры!

Гэтак прамовіў вясковец, паглядзеўшы на Беньяміна, потым скіраваў твар на валоў і зацокаў языком: “Гайда, пайшоў!”

– Я табе ад пачатку казаці, што я – Нёмка, сам з Дармаедаўкі.

І раптам забалбатаў па-ханаанску:

– Гевалт оў Дармаедаўка жонка табе зугаты дам чарке шліш кос ёш і хала шабасову булке і добра гевалт дзянькуе табе цуот-хэн, то бок, у Дармаедаўцы паднялі гвалт, мая жонка табе адшкадуе чарку гарэлкі, то бок траціну шклянкі, і суботнюю булку, а таксама за ласку заслужыш паклоны і падзякі.

І, здаецца, вясковец зразумеў словы Беньяміна.

– Зробім, як ты сказаў, габрэй, – усцешаны і залагоджаны павярнуўся да валоў і стаў заложна сцябаць іх:

– Гайда, гайда!

Праз дзве гадзіны воз прыбыў на вуліцу, пад ясныя вочы дармаедаўцаў. Мужчыны і жанчыны сустракалі яго, перакрыкваючы адно аднаго. Нехта гарлае:

– Чалавеча, чуеш? За пеўня колькі хочаш? А за цыбулю?

А гэны голасна цікавіцца:

– А за бульбу і яйкі?

І сярод вэрхалу нехта незнаёмы папытаў селяніна:

– Чуеш, ці не бачыў ты мужчынку па дарозе? Аднаго нашага, Беньямку? Учора як цукар у вадзе растаў.

Не паспеў вясковец задаволіць попыт і адказаць на пытанні, як у воз палезлі жанчыны. Паднялі дзяружку над мяхамі і давай галасіць:

– Ой, Беньямін! Ён жа тут! Цыпа-Кройна! Басшэва-Брэйндл! Бяжыце хутчэй да Зэлды і нясіце ёй добрую навіну! Яе прапажа знайшлася, бо ён тут. Дзякуй Богу! Не будзе больш гаротніца саламянай удавой.

Шум і гармідар – Дармаедаўка стаіць на вушах. Усе жыхары ад мала да стара лятуць што ёсць змогі, каб сустрэць Беньяміна. Закідалі пытаннямі, расказваюць, што шукалі яго са свечкамі ўчора ад вечара да ранку, і ўжо не верылі, што вернецца. І што прылічылі яго да бажаволкаў, а яго гаротную жоначку – да саламяных удоваў.

І раптам яна прапхнулася з плачам, раскрыла абдоймы, убачыўшы свайго сужонца, які ляжыць як нябожчык і не варушыцца. Разгубленая, не ведае, што рабіць з мужам: ці то лаяць валацугу, ці то цешыцца шчасліваму ацаленню, што мілажальны Госпад у сваёй найвялікай літасці не пакінуў яе саламянай удавой. Праз нейкі час усім кагалам суправадзілі Беньяміна дадому. І вось, ён па-ранейшаму ляжыць на мяху бульбы, а ўсе местачкоўцы ад мала да стара ідуць на манер світы. Аддаюць вялікую павагу і выгукаюць:

– Бажаволак, бажаволак… Бажаволак!

Стуль мянушка “бажаволак“ прыляпілася да Беньяміна, а “саламяная ўдава” – да Зэлды.

У той жа дзень прыйшоў дармаедаўскі фельчар і заняўся лекаваннем Беньямінавых гузакоў на руках, бровах і макаўцы. Спрытна змыў кроў і пагаліў Беньяміну галаву. А выходзячы, паабяцаў:

– Калі схоча Госпад Усёмагутны, то агойтаешся. Неўзабаве зможаш схадзіць да сінагогі і нават прачытаць падзяку за хуткую папраўку.

Эксперыментальны пераклад з іўрыта Паўла Касцюкевіча

Працяг будзе…

Апублiкавана 05.09.2019  14:30