Мендэле Мойхер-Сфорым
Падарожжы Беньяміна ІІІ
* * *
Мендэле-Кнігар кажа:
Хай блаславіцца і ўславіцца Творца, які загадвае сферамі ў надхмар’ях і жывунамі ў падполлях, ды крэсліць іхнюю хаду. Да кожнай былінкі прымацаваў па анёлу-ахоўніку, які падсцёбвае: “Расці давай у свет белы!”
А як такая мілота напаткала расліну, дык што ўжо казаць пра чалавецтва, людзей і адмыслова пра чалавека нашага? Ці то гаворка ідзе пра нашага дурня, што скокнуў вышэй за пупок. Ці пра горкага абалдуіна, якога вышкалілі на круцяля. Ці пра шчырага невука, што зрабіўся знянацку светачам пакалення. Яго, – будзьце пэўны, – у свой час таксама пляснуў крылом анёл, схіліўшы стаць тым, хто той ёсць цяпер. Вакол нашага чалавека ў прымусовым парадку ад рана да рана віўся карагод херувімаў, што падбадзёрваў і падсцёбваў, і нашэптваў на вушка наступнае: “Вылазь ты, абібок, з балота!”
Але не тое хацеў я сказаць. Меў намер распавесці, шаноўнае спадарства, пра выбітны ўчынак іншага нашага. Узяў ён ногі ў рукі ды пакіраваў да далёкіх краёў, што ляжаць за Імглістымі гарамі, ды здабыў сваімі падарожжамі міжнародную славу і сусветную рэпутацыю.
Усе фальшыўкі, зробленыя ў Англіі і Нямеччыне, летась бразгаталі аб “шакуючых адкрыццях”, што зрабіў Беньямін, – “гэты рэчпаспалітаўскі габрэйчык” – цягам сваёй “дзівоснай вандроўкі ў краіны Усходу”.
“Здурнець можна! – пісалі газецёнкі. – Не ўзбаімся гэтага слова – сансацыя, геры і джэнтэльмены! Уявіце, ветрам падшыты літвак, у якога ані механізьмы, ані прыладаў, адно торба за плячыма і псалтыр пад пахай, патрапіў уласнымі пяткамі ў такія мясціны, куды не ступаў бот брытанскіх першаадкрывальнікаў! Цяперака глобус дакладна чакаюць кардынальныя пертурбацыі”.
Наская прэса падхапіла гвалт і вазюкала сенсацыю цэлы год. Лічыла-парадкавала ўсіх мудрацоў ад часоў Адама да нашых дзён, каб давесці, які ж мы ўсё-ткі разумны і перадавы народ. Папавыцягвала з далёкіх паліц стосы падарожнікаў, ад Беньяміна Тудэльскага да Беньяміна ІІ, каб паводле спаконвечнай нашай завядзёнкі змяшаць запыленых папярэднікаў з гразёю. Каб сказаць: “Гляньце, тыя, іншыя – абы-што! Хеўра гультаяватых шмэндрыкаў, што вылезлі за родны парог адно каб лаўчэй пажабраваць па чужых хатах. Бо побач з нашым Нёмкам-Беньямінчыкам, праўдзівым экспедытарам, яны, не раўнуючы, як малпа побач з чалавекам!”. Пасля газетчыкі нараілі чытачам набыць ягоныя мемуары, зборнікі, падарожныя кніжыцы. І зацягнулі асанну: “Нічога падобнага вы яшчэ не чыталі!”
І вось ужо зусім наастатак у адзін голас прыпячаталі:
“Блаславёны будзе той, каторы гэтыя пярліны і дыяманты – перакладзеныя ўжо на ўсе магчымыя замежныя мовы, – перакладзе на нашу, матчыну. Бо добра і нашаму чалавеку душу падперці – пакаштаваць з борцяў мядку, які нашай пчолкай і зроблены”.
І тут я, Мендэле-Кнігар, які ўсё жыццё ўвіхаўся на ніве бескарыслівага прынашэння карысці, запаліўся горачным жаданнем. Пакуль наш братка-літаратар, у якога рукі таўсцейшыя за мае ногі, прачухаецца, прадзярэ вочы ад летаргічнага сну і перакладзе падарожжы Беньяміна, абдарыўшы чытачоў поўным зборам твораў вельмішаноўнага падарожніка… Тым часам я, не мудруючы надта, нашрайбаў кароткі пераказ.
Падпярэзаўся сваёй зброяй як даўнейшы дзяцюк перад бітвай, дарма што стары я ўжо корч – не пра вас кажучы – і, дастаўшы ўсе гэтыя пажыўныя і прыдатныя для нашых людзей скарбы, распавёў пра падарожжы на нашай мове, у нашай манеры.
Вось нібыта святы дух пляснуў мяне па плячы і загадаў: “Вылазь, Мендэле, з-за печкі! Акуні прыгаршчы ў жытніцы Беньяміна, выцягні каштоўнае зерне і спякі з вылаўленай мудрасці ласункі і пачастункі!” Дык вось, згламэздаў я пачостку – наце! Смакуйце, спадарства, запаўняйце пустоты!
Першы раздзел,
аб тым, хто такі Беньямін, адкуль ён, ды з якое прычыны яму ўроілася цёгнуцца ў далёкія далі
“Усё сваё жыццё, – гэтак апавядае сам Беньямін ІІІ, – усё жыццё я жыў у Дармаедаўцы, дзе мяне зачалі і нарадзілі, дзе я вучыўся і розумам наладоўваўся. Дзе пабраўся шлюбам – любоў ды згода – з дастойнай маёй жоначкай Зэлдай, дай ёй Бог здароўечка і да ста дваццаці”.
Дармаедаўка – невялікае мястэчка, куды не ступала нага падарожніка. Так, населены пункт. Калі патрапляе туды пахаджанін, яго абглядаюць праз вокны і цікуюць за ім праз шчыліны, чухаючы патыліцу: “Адкуль ты і навошта такі? Начорта і нахалеру табе тут? Якая мэта твайго візіту?”
Ат, без дай прычыны людзі сюдой не цёгаюцца!
Сітуацыя патрабуе разабрацца. І вось, з шумам і крыкам дармаедаўцы ідуць на сход, прамаўляюць кожны на свой глузд і лад. Размахваючы побытавай мудрасцю і жыццёвай дасведчанасцю, дармаедаўцы бяруцца ў рожкі, узброеныя дапушчэннямі і гіпотэзамі. Усчынаецца лямант і вэрхал. Дзяды і юныя падшыванцы стаяць-муляюцца, і распавядаюць байкі, які прылучыліся ў Дармаедаўцы ў сівой даўніне. Палошчуць рот жартамі, – а ўжо лепей бы яны памаўчалі.
Сталыя мужчыны хапаюць адзін аднаго за бароды і пачынаюць целяпаць. Кабеты напускаюць на твар суворасць, такую сабе міну здзеклівага дакору. Маладзіцы хіляць галовы, рукой прыкрываючы рот, і гігічуць, нібыта ў бубен бомкаюць.
Дыскусія коціцца з хаты ў хату, бы снежны ком, які па дарозе расце-пухне, пакуль не закочваецца ў сінагогу. Там патрапляе ў капцёрку за печку. У гэтае Святое святых, якое ёсць прытулкам усялякіх дынастычных таямніц ды спраў нябеснага парадку і дылем сусветнага маштабу.
У Запечкавага Камітэта ўсё на жэстачайшым кантролі: і стамбульская палітыка, і аўстрыйскі кайзер, і памеры капіталу Ротшыльда, і эканамічны баланс дзесяці зніклых каленаў, і лёс “ізраільцаў, тварам чырвоных”.
І ўсё гэта не дзеля прыбытку! Размова захапляе дармаедаўцаў, людзей чулых і спагадлівых, ажно яны кідаць на волю лёсу сваіх жонак і дзетак, ды заўзята ўцягваюцца ў дэбаты.
З памостаў гэтага аўтарытэтнага судзілішча дыскусія перакочваецца ў апошнюю інстанцыю, – на верхнюю паліцу гарадской лазні. Там ужо палымнее Страшны Суд. Узвышаюцца вярхоўныя постаці і расцякаюцца мястэчкавыя вяршкі.
Цары і каралі Ўсходу могуць стаць дагары нагамі, а потым вярнуцца ў зыходную пазіцыю, аднак аніводнай літаркі ў тутэйшым вердыкце яны не зменяць. Стамбул аднойчы чуць не праваліўся ў тартары, і, можа, так яно і здарылася б, калі б аднаго ваяўнічага элемента не трымалі сямёра. Зацюканы Ротшыльд тутсама, у дармаедаўскай лазні, ледзьве не страціў усе свае актывы ды інвестыцыі, – сто ці дзвесце мільёнаў. Яму пашэнціла: на паліцы ў той вечар панавала пачуццё паблажлівай шчодрасці, – бо, скажам шчыра, некаторыя дзеячы прыйшлі ў парылку нападпітку. Цягам адной хвілі Ротшыльду не толькі вярнулі канфіскаванае, але і прэміравалі патройным прыбыткам, накінуўшы яму на хлеб з масліцам пару мільёнаў дукатаў.
Зрэшты, самі дармаедаўцы – не пра вас кажучы – збольшага басота і горкія жабракі. Але паўтараюць, што басота яны вясёлая, жабракі – сардэчныя, незлапомныя.
Калі запытаецеся дармаедаўца:
– Добры чалавек, дзе працуеш і з чаго жывеш?
Той няўцямна ўталопіцца, муляючыся, што адказаць. І калі нутраная бура ў ім урымсціцца, то ён, крыху заікаючыся, адкажа:
– Жыву, з чаго я жыву, цікавіцеся?.. Э-эх, пытаеце, спадарства, абы-што! Госпад Бог жа ўсюды прысутны, дбае аб кожнай кузюрцы. Э-э… Будзе дзень, будзе і пажытак. М-м-м… Бог даў дзетак, дасць і на дзетак. Вось што я вам скажу, каб вы былі здаровенькія.
– Але, шаноўны, працуеце вы дзе? Якія ўмельствы ці прыбыткі маеце?
– Пахвалёны Госпад Бог, хай Ён свяціцца і ўславіцца. Я, як тут ёсцека перад вамі, такі сабе сціплы харашун, маю блаславенне ад Госпада мілажальнага – спрытныя рукі і прыемны голас! У дні святога посту прыходжу і чытаю літургію ў суседнім мястэчку. Калі трэба, магу абрэзаць немаўлятка. І дзіраўлю мацу я прафесійна, абсалютна адметным чынам. І хлопца з дзеўкай на прадмет сур’ёзных намераў магу пазнаёміць. І нерухомасць, як бачыце, ёсць – замацаванае за мной месца ў сінагозе. Дарэчы кажучы, дома ляжыць – але хай гэта застанецца паміж намі – трошкі прадукту, – такі сабе чысты спірытус на продаж. Акрамя таго, дойная каза, а яшчэ адзін заможны сваяк, які таксама часам доіцца. Госпад нам бацька ў вышынях, хай Ён блаславіцца і ўзвялічыцца, таму няма чаго бацьку гнявіць.
Ілюстрацыя Анатоля (Танхума) Каплана
Дзеля справядлівасці варта адзначыць – дармаедаўцы надта не перабіраюць. Ежку і адзежку маюць, якую маюць. Нават калі суботні лапсердак парваны і аблезлы, а яго фалды зацвэганыя ў сажу, – няма чаго гвалт падымаць. Галоўнае, ён зроблены з чыстага ядвабу, і калі сям-там вопратка і бялізна пайшла лахманамі, а дзе-нідзе бліскае пята, дык хіба мы будзем пераймацца такімі драбніцамі? Што, пята – ужо не людское цела?! Хай дурань зерыцца і рагоча.
І калі ежа – мякіна і крупнік, дык тое прыстойная вячэра. І як набіў лантух, дык няма патрэбы ў булцы з чыстай мукі і рабрынках. Але калі ўсё ж такое атрымалася дастаць – гэта каралеўскі наедак, лепш якога не існуе на ўсім белым свеце.
І вось ты стаіш перад дармаедаўцамі і спрабуеш распавесці пра рэшту сусветных кухняў і страваў – хіба толькі не пра селядзец і цымес з кампотам, – дык твае словы і назвы лунаюць па-над імі, як дзівосныя і незнаёмыя істоты. Урэшце дармаедавец пачынае строіць кпіны і сыпле досціпамі, выстаўляючы цябе паўдуркам, які зачмурыў галаву, маўляў, “грушы на вярбе растуць”, “певень лётаў-лётаў і знёс яйка”.
Аднойчы нехта прывёз у мястэчка фінік. Ад мала да вяліка дармаедаўцы пабеглі глянуць. Кінуўшы-рынуўшы ў школе кнігі і спешна загарнуўшы вучэбны матэрыял. Збягаліся, мацалі яго:
– Матухна, фінік! Апісаны яшчэ ў Святым пісьме!
Зірнулі на фінік – і вось перад дармаедаўцамі паўстае Абяцаная Зямля… “Вось мы перабавіліся праз Ярдан! Вось пячора з грабніцамі бацькі Абрагама і мацеры Рахілі. Вось Ерусалім, вось Сцяна Плачу! Цяпер падняліся мы на Аліўную гару і аб’ядаемся ў прахалоднай засені пладамі ражковага дрэва ды фінікамі. А вось сыпем у прыгаршчы пыл святой радзімы. А-а, божачкі, божачкі!..” Уздыхнулі дармаедаўцы, змахваючы залётную слёзку.
“У гэтую хвіліну, – кажа Беньямін, – усе дармаедаўцы вокамгненна як бы перанесліся ў Абяцаную зямлю, а некаторыя нават голасна звеставалі хуткі прыход Месіі. Стаялі-тапталіся, ажно пакуль не наступіла святая субота і не нахапілася цемра… А тут, у дадатак, у мястэчка прыслалі новага асэсара з жалезнай рукой. Гэты паліцыянт убачыў забароненыя ярмолкі на галовах двух мужчын і ўласнаруч сарваў іх. Аднаму адарваў пэйсы. Апоўначы затрымаў у цёмным завуголлі дваіх без пашпартоў. Канфіскаваў казла, заспетага на ядзенні саламянай страхі. Праз гэтыя карныя акцыі быў тэрмінова скліканы Запечкавы Камітэт, які спярша доўга пінаў нагамі туркаў. У гэтую чорную часіну грамада ў бажніцы звярнулася з прэтэнзіяй да вышыняў: “Дакуль?! Госпад Усёмагутны, да якога часу на зямлі будзе кіраваць чужынскі бот ды Ізмаілавы сыны?” Потым гутарка, натуральна, пераскочыла на дзесяць згубленых кален, і ўсе ўспомнілі, які прыемны лёс склаўся ў іх там, у тых далёкіх мясцінах, там… там! У ізраільцаў, тварам чырвоных, сыноў Майсеевых, якія ўзышлі на палубу і адплылі, каб выхваляцца перад тубыльцамі сваёй адвагай і магутнасцю”.
Ясная рэч, не абышлося без Эльдада з калена Данава, што паехаў у краіну Куш, за эфіёпскія горы, і падрабязна апісаў свае прыгоды. І вось менавіта ў гэтую самую хвілю мяне апанаваў дух і распалілася прага падарожжаў, якая надалей палымнела і мацнела дзень пры дні”.
Колісь Беньямін быў замкнуты ў сваім зацішку, нібыта цыпляня ў яйку або чарвяк, што пасяліўся ў хрэне. Лічыў, што за Дармаедаўкай свет перапыняецца, і жыцця няма ніякага.
“Я лічыў, што ніяк не можа быць больш багацця і дабрабыту, чым у нашага арандара, – піша Беньямін у адным са сваіх твораў. – Не можа быць хаты, большай за ягоныя харомы. А набытку – аж з горла прэ, усяго-ўсялякага! Медзяныя свяцільні – чатыры пары, медзяны семісвечнік з булдавешкай і арлом на вянцы, медзяныя рондалі – дзве штукі. Пяць медзяных патэльняў, глянцаваныя алавяныя місы, што вісяць радамі ў кухні. Тузін, а мо і больш, мельхіёравых лыжак, два срэбныя кубкі, партабака, ханукальны падсвечнік, старажытны гадзіннік-цыбуліна ў срэбным футарале на бірузовым матузку, які ў дадатак аздоблены далікатнымі шкельцамі розных колераў. Ажно два суботнія лапсердакі, а звыш усяго – дзве каровы і цялушка. І яшчэ, яшчэ незлічоныя скарбы!.. Лічыў я – няма чалавека разумнейшага і больш кемнага за рэба Айзіка-Довіда, сына рэба Арона-Ёсіля, пра якога казалі, што ў маладыя годы ён зрабіў кар’еру на калькуляцыях у прамысловых маштабах, бо гандляры і камерсанты цугам хадзілі па яго падлікі. Рэбе Айзік-Довід, – калі б стаў іншай нацыянальнасці, дык мог бы зрабіцца міністрам ва ўрадзе, сядзець праваруч кіраўніка дзяржавы… Я верыў, што няма больш прыгажосці і красамоўства, чым у Хайкла-Заікі, нашага дармаедаўскага трыбуна. І хто тут самы-самы, калі не наш местачковы фельчар, які без сумневу здольны ўваскрашаць мёртвых, бо набраўся медычных таямніц ад аднаго цыгана, каторы ў сваю чаргу быў нашчадкам старажытнаегіпецкіх святароў?!”
Зрэшты, хараство месца і манеры жыхароў набіла аскоміну. Шчыра кажучы, Беньямін быў горкім бедаком, жыў з плеч у печ. На ім ды жонцы – толькі рыззё ды латкі. Але хіба Адам і Ева ў Эдэмскім садзе разумелі, што былі голыя і босыя?
І тут гэтыя байкі пра геройствы ізраільцаў, тварам чырвоных, а таксама пра дзесяць згубленых кален працялі Беньяміна ў самае сэрца. І зрабілася яму ў мястэчку цесна. Душа трапяталася і прагнула туды… Туды! У далёкія далі. Сэрца рвалася за гарызонт, усё роўна як немаўля, што цягне свае ручкі да поўні.
Але пры чым тут, скажаце вы, фінік, асэсар, садраныя з галоваў ярмолкі і парэзаныя пэйсы? У чым уплыў чалавека, якога злавілі без пашпарту? Якая моц казла і саламянай страхі? Х-м-м. Праўда палягае ў тым, што няма каму, апрача іх, падзячыць за Беньямінавы прыгоды. Яны абудзілі дух. Дзякуючы ім гісторыя атрымала новы паварот, і Беньямін здзівіў свет цудоўным падарожжам.
Шматкроць мы бачылі ў свеце, як з лёгкаважкіх прычын выцякаюць манументальныя гісторыі. Селянін пасеяў жыта, ураджай якога млынар змалоў у муку. Частка той мукі трапіла на спіртзавод і яе перагналі ў гарэлку. З другой жа паловы тае мукі шынкарка Гітля наляпіла на закуску клёцак. А тут яшчэ, як на тое, тры тысячы гадоў назад, фінікійцы вынайшлі шкло, і гэтак патрапілі да нас на стол пляшкі і келішкі. З усяго гэтага суплёту нібыта легкаважных прычын, паўсюль, у кожным нашым шынку ці на лавачках з’явіліся “дзеячы”, якіх усе цудоўна ведаюць.
Мабыць, яскарка падарожніцтва мільгала ў Беньяміна адпачатку, але гэтая яскарка згасла б ды знікла, калі б векапомныя падзеі не распалілі, не раздзьмухалі яе. І нават калі яскарка гэтая не загасла б дашчэнту, усё ж, калі б не ўсе прыгаданыя лёсавызначаныя падзеі, яна б ледзь ліпела, і хіба што ператварыла б Беньяміна ў вадавоза ці фурмана. Шмат фурманаў ды іх памочнікаў я бачыў на гэтым свеце, што маглі стаць першаадкрывальнікамі, вандраваць самі або вяртаць падарожнікаў у межы гістарычнай радзімы… Але не тое я хацеў сказаць.
Дзякуючы апісанням дзіўных і жудасных звяроў у кнігах Эльдада з калена Данавага, сведчанням свайго папярэдніка, Беньяміна Тудэльскага, які семсот гадоў назад вырушыў на Усход, а таксама псальмам, што апяваюць хараство Ерусаліму, а яшчэ – кнізе “Цень свету”, у якой на сямі малых старонках дэталёва распісаныя сем цудаў свету, расплюшчыліся ў Беньяміна вочы і стаў ён новым чалавекам.
“З рассыпанымі на старонках кніг цудамі і дзіўнотамі, – кажа Беньямін у адным са сваіх твораў, – душа мая залунала ў надхмар’і. Госпадзе Божа ты мой! Ратуй жа! Каб жа мне пабачыць хоць сотую частку тваіх дзівосаў! Сэрца прагне за мора-ваду, розум зносіцца на крылах ветру – далёка-далёка…”
Стуль зрабілася Беньяміну ў Дармаедаўцы зацесна. Ён умацаваўся ў думцы выбрацца з мястэчка, не раўнуючы цыпляня, якое пачало цярэбіцца і вылуплівацца, каб з шалупіння выбавіцца на свет белы.
Эксперыментальны пераклад з іўрыта Паўла Касцюкевіча
Працяг будзе…
Апублiкавана 04.09.2019 19:18