Гутарка з Паўлам Касцюкевічам (2)

(канцоўка; пачатак тут)

– У Мінску праз тваё грамадзянства бываюць турботы?

– Пакуль што не было, але… Калі ў гасцініцах іншых гарадоў дастаеш ізраільскі пашпарт, то адразу нахлынае. Думаеш, што трэба неяк не так сябе паводзіць, трэба качаць правы, патрабаваць сабе найлепшы нумар 🙂

– Не абеларусіўся ты як след – відаць, мала вышыванак знасіў… А тутэйшай палітыкай цікавішся?

– Тут ёсць адзін палітык – палітыкі няма.

– Ну, можа, за апошнія 10 гадоў нейкае новае пакаленне падрасло?

– Я вось думаў нядаўна пра мясцовую моладзь – яна апалітычная зусім.

Катэгарычны ты… Не бярэм далёкі 2010 год, але ў 2017 г. на «недармаедскія пратэсты» шмат моладзі выходзіла, сам бачыў.

– Мабыць, набліжаецца старасць. Здаецца, раней усё было больш яскрава, усе выходзілі 🙂

– Табе ж толькі 40 гадоў споўнілася. Якога чысла, дарэчы?

– 24 траўня, у дзень нараджэння кірыліцы. Востра адчуваю гэтую дату – так, паводле яўрэйскіх традыцый, яшчэ далёка да паловы жыццёвага тэрміну, але мы жывем не ў эпоху прарокаў, арыентуемся на рэальнае жыццё. У 40 год трэба ўжо неяк інакш ставіць ступак, каб на спуск ісці. Іншае адчуванне жыцця – «няма таго, што раньш было».

– Па-мойму, за 11 год у Беларусі ты нямалага дабіўся. Свае найбольшыя дасягненні назавеш?

– Здаецца, што мала чаго дабіўся, хочацца большага.

ОК, спытаюся іначай. Колькі ты кніжак выпусціў?

– Штук 10 – сваіх і з перакладамі. Сваіх чатыры: «Зборная РБ па негалоўных відах спорту», «План Бабарозы», «Бульба ў райскім садзе», «Душпастарскія спатканні для дачнікаў». Ага, і «Блог Усяслава Чарадзея» – пяць. Пераклады: «Аўтаспынам па Галактыцы», «Бойня № 5», дзве керэтаўскія кніжкі, Вайля кніжка… Зараз у Логвінава выходзіць пераклад «Трое ў чоўне» Джэрома К. Джэрома. І перакладаю з іўрыта «Беньяміна Трэцяга» Мендэле Мойхер-Сфорыма.

«Рэчавыя доказы» ад П. К.

– Што з названага для цябе самае дарагое?

– «Бабароза», канешне. Вельмі важная кніжка, у ёй я скокнуў вышэй за пупок – баюся, што гэткага скачка не паўтару. Пісаў чатыры гады.

Сапраўды, адчуваецца, што ў яе многа ўкладзена, асабліва спадабаліся развагі пра каўтун. У Кульбака была зельманіяда, у цябе – каўтуніяда… Я нават паспрабаваў наведаць kautun.by 🙂

– Каўтун ратаваў кнігу ў апошні момант. Усё пісалася доўга, марудна, але не было «цэнтральнага цвіка». За некалькі дзён дапісаў фрагмент – абсалютную пародыю на «Горад Сонца» і «партызанаў» Артура Клінава. Да «Горада Сонца» прэтэнзій не маю, але хацелася спарадзіраваць той дыскурс і «канцэпцыю партызана».

– Не згаджаешся з тым, што беларусы – культурныя партызаны?

– Адкажу словамі з купалаўскіх «Тутэйшых»: «усё гэта як бы так і як бы не так». «Партызанская» канцэпцыя трохі смешная, камедная. Час прайшоў, трэба новыя канцэпцыі нараджаць – больш сур’ёзныя 😉

– А на чым можа (ці мусіць) грунтавацца новая канцэпцыя беларускасці?

– Пераходзячы да «Беньяміна Трэцяга», якога зараз перакладаю, – з гэтага твора вынікае канцэпцыя гета, якое было тут у ХІХ стагоддзі. Было вялікае гета, але не на адзін народ, а на два: на габрэяў і беларусаў. Рэзервацыя памерам у цэлую краіну – мабыць, адна з самых вялікіх у Еўропе. Тут і трэба ўсё шукаць, усе карані…

– Дапусцім, Беларусь была калоніяй, і што далей? Ідэя дэкаланізацыі? Дык яна не новая. І як бы ты люду паспалітаму патлумачыў, што рабіць? Проста выйсці з гета, стаць свабоднымі людзьмі?

– Так, свабоднымі, але я не ведаю, як гэта можна патлумачыць людзям, якія лічаць сябе пераможцамі ў Другой Сусветнай. Беларусь перамагла? Яна была ахвярай той вайны, а выпінаецца пастаянна пераможніцтва.

Кідаешся ў другую крайнасць. Ясна, што была ахвярай, але ясна і тое, што перамагла (разам з іншымі). Прапануеш перасунуць акцэнт на тое, што мы былі ахвярамі? Але ж гэта «вечны плач», з якога наўрад ці што канструктыўнае выйдзе.

– Прынамсі трэба прызнаць, што ў гета «адбівалі галаву», то бок не дазвалялі сваёй адукацыі. Абмяжоўвалася мабільнасць: ты мог пераехаць у горад, толькі памяняўшы сябе. Вядома, «адсяканне галавы» адбывалася па-рознаму ў габрэяў і беларусаў.

У любым разе тое, пра што ты кажаш, мела месца 150-200 гадоў таму. Няўжо ў мінулым cтагоддзі ўсё засталося, як у пазамінулым?

– Палову савецкага часу гета ў розных формах існавала – «не забалуеш». Першы кіраўнік Беларусі з мясцовых быў Мазураў (з 1950-х гадоў), усе ранейшыя кіраўнікі былі сюды прысланыя…

– З даваенных кіраўнікоў згадваецца беларус Шаранговіч, але гэта не так істотна. Былі тутэйшыя, мо нават горшыя за прысланых…

– Дык і пра Кубэ хтосьці кажа, што ён думаў пра Беларусь! А калі сур’ёзна, то Беларусь падпарадкоўвалася імперыі: гэтыя тэрыторыі максімальна выкарыстоўваліся. «Як зручна, так і зробім» – ва ўсім, і ў культурніцкім будаўніцтве, і ў эканамічным…

– Добра, не будзем замахвацца на глабальныя абагульненні. Вакол чаго можа зараз будавацца ідэнтычнасць беларускіх яўрэяў?

– Уявім сабе сучаснага беларускага габрэя. Яго ўнукі ў Амерыцы, дзеці ў Ізраілі, сам ён на чамаданах. Нават калі ён вырашыў жыць тут, ён глядзіць RTVI («рускае міжнароднае тэлебачанне»). Часу на беларускую культуру ў яго няма…

– Ты скептычна пазіраеш на мясцовыя яўрэйскія суполкі?

– Так, і гэта адно з вялікіх расчараванняў апошніх дзесяці гадоў – габрэйская супольнасць вельмі скіраваная на… Ну, па-першае, на дабрачыннасць. Гэта добра, але дапамога ідзе з замежжа (хаця і з Беларусі таксама). Па-другое, на апрацоўку тэмаў, якія важныя, але да сённяшняга дня не маюць дачынення. Канкрэтна, хопіць апяваць мястэчка. Жыццё ў мястэчку было вельмі цяжкім, дэпрэсіўным жыццём у рэзервацыі – давайце пра гэта пагаворым!

– Хіба нехта гэтак ужо апявае? Хаця, вядома, ёсць пэўная апалагетыка… пра што я пісаў яшчэ ў пачатку 2000-х гг.

– Апяваюць. Апрача таго, назіраю, як канцэпт ідэальнага жыцця ў мястэчку пераносіцца на БССР, дзе ўсё нібыта было гарманічна… Гісторыя беларускіх габрэяў цікавая і размаітая, але ў Беларусі ўсё зводзіцца да канцэптаў штэтла і Галакосту.

Зараз беларусы пачалі даведвацца пра сваю габрэйскую спадчыну, столькі з’явілася даследаванняў – той жа Іны Соркінай… Істэрыя (у добрым сэнсе), звязаная з Кульбакам, – гэта ж выдатна! А габрэйскія суполкі дыхаюць роўна.

– Усё ж на Кульбака звяртае ўвагу і тутэйшы яўрэйскі афіцыёз – газета «Авив», часопіс «Мишпоха» (праўда, рэдактар «Мишпохи» па-дурному паблытаў парадак літар у ідышных словах, і Юлій Марголін у яго «Юрий»)… Не забываюць і Мендэле – калі год таму адкрывалі дошку ў Капылі, была там і дэлегацыя «афіцыйных яўрэяў». Можа, ты крыўдуеш на тое, што беларускія яўрэі не чытаюць твае кнігі?

– Можа быць… Але я бачу, што «лыжы» навостраны на пераезд: «Не я пераеду, дык мае дзеці або ўнукі пераедуць». Такі чамаданны настрой. З іншага боку, беларускія яўрэі бачаць свет разгорнута – няма атэістычнага ўспрымання, маўляў, на мне ўсё сканчаецца. Прыглядаюцца да Трампа, да Ізраіля… Насуперак усім тэорыям, паводле якіх людзі схільныя жыць «тут і цяпер».

– Але многія беларускія яўрэі цешацца жыццём і не зацыклены на мінуўшчыне (дый будучыні). Узяць тыя ж «Дні яўрэйскай культуры» ў Мінску…

– Ну, магчыма, гэта мой асабісты плач па кніжнай культуры. Ад беларускай публікі мне ўвага перападае – кніжкі чытаюцца, глядзяцца… Ад габрэйскай – амаль не перападае.

– Якія літаратурныя прэміі ты атрымаў?

– У 2012 годзе – прэмію Ежы Гедройца за «Зборную РБ па негалоўных відах спорту», а сёлета – «Празрыстага Эола» за пераклады Узі Вайля.

– Падзеі 2012 г. шмат абмяркоўвалі, у тым ліку і ў сувязі са скандальчыкам вакол прысуджэння. А сёлета былі мітрэнгі?

– Макс Шчур, заснавальнік «Эола», у прынцыпе, чалавек скандальны, але гэтым разам ён чамусьці быў сама лагоднасць. Выдаў прэмію пятнаццаці літаратарам, і для скандалаў проста глебы не было.

Эолы самыя настаяшчыя

Пазюкаем пра «Беньяміна Трэцяга». Чаму ты ўзяўся перакладаць Мендэле, і чаму менавіта гэты твор?

– Я думаю, гэтае перастварэнне ўваходзіць у мае абавязкі. Твор даўно ўжо напрошваўся, з Баршчэўскім пра яго гаварылі…

– Няўжо з Янам? 🙂

– Твор такі патрапляе ў раздзел «Беларуская літаратура не па-беларуску», дзе фігуруе імя Яна Баршчэўскага, але размаўляў з Лявонам. Ён, бадай, апошні адраджэнец, які лічыць, што трэба ўсе асноўныя прабелы закрыць. Я так не лічу, але неперакладзены Мендэле – з тых прабелаў, якія закрыць неабходна. Гэта частка беларускай літаратуры, напісаная на ідышы і іўрыце.

– Я даўно ў курсе тваёй пазіцыі: «Літаратура, якая не ўзбагачаецца перакладамі, паступова робіцца правінцыйнай і вымірае» (2011 г.). А да цябе Мендэле Мойхер-Сфорыма перакладалі на беларускую?

– Пошукі ў сеціве паказалі, што ніхто толкам не перакладаў… На ўкраінскую пераклад ёсць, выйшаў у час «справы ўрачоў», і там усе ізраільцы ў тэксце заменены на «чырвонатворых габрэяў». Гэта асобная цікавая тэма – як былі прыбраны ўсе мудрасці біблійныя, зроблены з іх местачковыя мудрасці.

– Ты ставіш сабе за мэту зрабіць поўны, найбольш адэкватны пераклад?

– У мяне складаная задача, таму што Мендэле сам гуляўся з іўрыцкай версіяй – фактычна, перапісваў сам сябе… Выбраў быў спярша ідыш, зарабіў сабе славу, а іўрыт – гэта была для яго такая забаўка.

– Па-мойму, наадварот: ён пачаў пісаць на старажытнаяўрэйскай, потым ужо перайшоў на ідыш

– Ён эксперыментаваў, але калі зразумеў, што патрэбны нейкі «выхлап», выбраў ідыш, каб кніжкі пайшлі ў народ. Але ўсе літаратары ў той час адчувалі «непаўнавартаснасць» ідыша, і ў прадмове да «Беньяміна Трэцяга» сказана прыкладна так: «Добра было б, вядома, выдаць кнігу на іўрыце, але напісаў я на ідышы». І вось праз 30 гадоў ён спраўдзіў мару, выдаў іўрыцкую версію. Яе чыталі людзі, якія ўжо прачыталі кнігу на ідышы, г. зн. аўтар гуляўся і са сваім чытачом. У гэтым выданні шмат павыразана, зроблена больш універсалісцкіх высноваў пра яўрэйскую душу, менш местачковасці (дарэчы, думаю, што некаторыя жарты дарэмна выкінуты)…

– Аёй, няўжо ты параўноўваў іўрыцкі варыянт з ідышным?

– Ідышам, на жаль, не валодаю. Глядзеў даволі дакладны (так, прынамсі, я чытаў у навуковай літаратуры) польскі пераклад з ідыша, таму што ўкраінская і руская версіі – вельмі спецыфічныя. Ды насамрэч і выданняў на ідышы было тры, і яны розніліся даволі моцна… Карацей, я вывучаў пытанне. А наконт адэкватнасці – не ведаю, можа, ён і не адэкватны. Мяркую, што гэта мусіць быць антыкаланіяльны пераклад, з гэтага ўсё вынікае. Таму што ў Мендэле – падарожжа людзей, якія ідуць у Святую Зямлю, а патрапляюць у каменны мех казармы.

Мендэле любіў Танах, і насуперак тагачаснай модзе аддаваў яму перавагу перад Талмудам. Праблема ў тым, што многіх слоў у Танаху не было, і пісьменнік быў вымушаны даваць апісанне замест паняцця. Напрыклад, там, дзе гаворыцца пра раску або цвіль на вадзе, ён ужывае спалучэнне «штосьці зялёнае».

– І ты перакананы, што пераклад класіка яўрэйскай літаратуры варта асучасніць, даўшы волю перакладчыку? У тваім перакладзе гаворыцца пра Беньямінаву «фрустрацыю», а ці ёсць гэтае слова  ў арыгінале?

– Няма, канешне… Але пасля «няволі», доўгага падпарадкавання іўрыцкім аўтарам (што б ні казалі, там не мой стыль, а стыль Этгара Керэта, Узі Вайля і інш.), лічу магчымым паэксперыментаваць. Ну, слухай, Танах жа таксама перакладалі па-рознаму!

Часам, канешне, «прачынаешся» і ўсведамляеш, што італьянская прымаўка «перакладчык – хлус» мае пад сабой грунт. Тады я пачынаю нешта адкручваць назад.

Пераклаў ужо ўсю кнігу?

– Збольшага… Спадзяюся, выйдзе налета. Бачыш, па ўсіх паказніках гэта твор беларускі, хаця яго спрабуюць паказаць, што ён больш украінскі… І аўтар падае свайго героя («Мендэле-кнігар» – гэта ж не ён сам, гэта яго апавядальнік!) хутчэй як хасіда, чым як міснагеда, а хасідызм быў больш пашыраны сярод украінскіх габрэяў. Мне здаецца, аўтар хацеў спадабацца шырэйшай публіцы: не толькі беларускай і ўкраінскай, а і расійскай.

– Хасідскія матывы лёгка вытлумачыць, бо ў юнацтве Мендэле (тады яшчэ Шолем-Якаў) меў стасункі з хасідамі. Пра гэта сведчыць яго аўтабіяграфічная аповесць «Шлойме, сын рэба Хаіма» (герой выпраўляецца з «міснагедскага» Капыля ў Цімкавічы, дзе знаёміцца з хасідскім светам, пераймае пэўныя яго звычкі)…

– У той жа час аўтар выступае і супраць тых, і супраць гэтых – ён хутчэй займае пазіцыю маскіля, яўрэйскага асветніка (і нечым нагадвае нямецкага габрэя). Апавядальнік жа, яго альтэр эга – не зусім маскіль; адбываецца гэткае раздваенне ў аповедзе.

Я здагадаўся, чаму ты выбраў Мендэле – не толькі таму, што зямляк, а і таму, што ён блізкі да Гаскалы, асветніцтва. У цябе таксама ёсць гэтая жылка – прасвятляць тутэйшы люд. Нездарма ж ты чытаў лекцыі пра ізраільскую літаратуру ў БДУ і ў Беларускім калегіуме…

– Дык у многіх яна ёсць, а разам з тым… Чытаю зараз Алеся Бяляцкага пра адраджэнцаў 1980-х. Гэта выдатныя людзі, але, па-мойму, усё ўжо скончылася ў 1960-х – увесь нацыянальны рух. Потым было нейкае культурнае кола, сябраў якога не выпускалі на шырокі разлог і туды асабліва нікога не пускалі. Прыйшлі адраджэнцы, і як яны сябе паводзілі? Быццам бы дваццатага стагоддзя і не было. Сказалі, што народ трошкі русіфікаваны, але ў прынцыпе, нічога не забыў. Насамрэч жа ўсё было скончана, і ў габрэяў таксама (ну, у 1970-х дакладна).

– Зноў незразумелы песімізм…

– А можа, размаўляючы з табою, абкатваю прадмову да Мендэле Мойхер-Сфорыма 🙂

– Давай лепш да тваёй біяграфіі звернемся. Ну, прыехаў ты сюды ў 2008 г., паставіў сабе звышзадачу (умоўна – абнавіць беларускую літаратуру пры дапамозе ізраільскіх аўтараў)… Ці не ставіў?

– Такая звышзадача была, аднак, калі я абзавёўся сям’ёй (ажаніўся з Марыйкай Мартысевіч у 2011 г., потым нарадзіліся Сымон і Лявон), то стаў больш меркантыльным. Больш думаю пра сваё, менш – пра Гаскалу 🙂

Павел і яго жонка, Марыя Мартысевіч, у вобразах міжваенных беларускіх кантрабандыстаў. Фота адсюль

– Мяркуеш, Джэром К. Джэром і Мендэле па-беларуску будуць прадавацца? Адна наша былая суайчынніца, выпускніца журфака БДУ 1964 г., мяркуе: няма чаго перакладаць на беларускую тое, што ўжо выходзіла па-руску. Экзатычнае меркаванне, але тым не меней…

– Ну, паціху ўсё прадаецца. «Аўтаспынам па галактыцы» Дугласа Адамса – паспяховая кніжка, недзе 1000 асобнікаў прадалася. А самы паспяховы быў першы Керэт («Кіроўца аўтобуса, які хацеў стаць Богам»). Тады, у канцы 2000-х, і час быў іншы, і дапамога пасольства Ізраіля… Другая кніжка, выдадзеная ў Мінску гады 4 таму («Раптам стук у дзверы»), пайшла не так добра, хоць Керэт застаўся Керэтам.

Пасольства ўжо не ладзіла прэзентацыю гэтага зборніка ў Ізраільскім цэнтры?

– Разумееш, зараз жа фактычна няма пасольства Ізраіля, ёсць толькі адзін дыпламат. Мусіць быць аташэ па культуры, куча іншых людзей. Калі ёсць аташэ, ён хоцькі-няхоцькі адказвае за літаратуру. А калі адзін чалавек за ўсіх працуе, што гэта за работа?

– Таму, відаць, сёлета не дужа атрымалася выстава ізраільскіх дасягненняў на мінскім кніжным кірмашы

– Так, там быў проста правал. Кнігі павінны неяк цыркуляваць між чытачамі, пераходзіць ва ўласнасць чытачоў. Мусяць адбывацца сустрэчы… усё-такі 50 тысяч адукаваных беларусаў наведваюць гэты кірмаш.

– Можа, зноў-такі ўсё прасцей: цябе не запрасілі, таму і кляймуеш выставу?

– Усё можа быць 🙂 У мяне мама так і лічыць: усё зводзіцца да асабістага…

Я так не лічу, але думка пашыраная… А скажы, што табе перашкодзіла выпусціць іўрыт-беларускі слоўнік, анансаваны гадоў 12 таму?

– Ён напалову гатовы, ды час папяровых слоўнікаў мінуў… Паглядзеў на Алеся Астравуха з яго працай – і зразумеў, што папяровы я не агораю. Зараз думаю выдаць іўрыт-беларускі слоўнік у электронным выглядзе – не проста на нейкім сайце (ужо і час сайтаў прайшоў), а мабыць, на адмысловым, хіба на slounik.org. Але наконт затрымкі маеш рацыю – няма мне апраўданняў!

– Лічу, што якраз слоўнікі варта выдаваць на паперы, няхай абмежаваным накладам. Нават дзіўна, што ты прадстаўляеш кнігарню, куды людзі заходзяць, нешта купляюць (у тым ліку і Астравухаў ідыш-беларускі слоўнік), і будзеш казаць, што час паперы мінуў.

– Як бы ні было, іўрыт-беларускі слоўнік я дараблю. Гэта мой абавязак, як і пераклад Мендэле.

– Зараз мы павольна крочым ад дома-музея РСДРП да дома Касцюкевічаў, што на вуліцы Чарнышэўскага (завітаўшы да бронзавага Макса Горкага). Сам як мяркуеш: добра ты папрацаваў у гэтыя 11 гадоў? Якую адзнаку паставіў бы сабе?

– У прынцыпе, станоўчую. Па вычарпанасці – 100, я ўжо вычарпаў сябе (у сэнсе думак, ідэй), з калена выламаў усё, што можна. Па выніковасці – 60-70…

– А калі б застаўся ў Ізраілі?

– Хутчэй за ўсё, зацягнула б стыхія грошай. Хто б нам дазволіў жыць багемна ў Ізраілі? Карацей, не шкадую, што вярнуўся.

– Часта бываеш там?

– Пасля 2008-га ні разу не быў.

– Хацеў бы?

– Так, але няхай дзеці падрастуць. Старэйшаму няма чатырох, малодшаму цяпер год. Баюся, яны шмат чаго не зразумеюць, калі зараз ехаць. Хочацца, каб быў нейкі плён ад вандроўкі. Во ездзілі з Сымонам на экскурсію ў Лідскі замак, там паказаныя прылады для катавання – дык казалі малому, што яны служаць, каб масажык рабіць 🙂

– Між іншага, якое тваё ўлюбёнае месца ў Мінску?

– Лошыца. Лошыцкі парк.

– І вось мы ўжо набліжаемся да плошчы Перамогі, яна ж Круглая. Сама састаўная частка горада-героя падказвае, што пара закругляцца. Чытачам сайта штось пажадаеш?

– Пасля сарака ўсё становіцца зразумела. Маладзейшым жадаю дажыць да 40, а тым, хто дажыў – паспрабаваць гэта перажыць 🙂

Мо ў тваёй левай кішэні заваляліся парады для маладых літаратараў?

– Думаю, што трэба спрабаваць рассмяшыць альбо засмуціць чытачоў у кожным сказе. Альбо забіваць каго-небудзь у кожным сказе, і рабіць гэта ў КОЖНЫМ сказе. З гэтага трэба пачынаць. Потым ужо разгарнецца сітуацыя.

– А калі не?

– Трэба працягваць у тым жа духу – альбо ў кожным сказе смяшыць, альбо ў кожным сказе забіваць.

– Гэтак і персанажаў не застанецца…

– Тады забіваць трэба не персанажаў, a нейкі канцэпт. Каб кожны сказ уяўляў з сябе змаганне, удар па мазгах.

– Гм, наводзіць на думкі пра апавяданне «Бунін». Але ж у творах Паўла Касцюкевіча не заўжды прысутнічае тое, што ты раіш! Узяць той самы «План Бабарозы», дзе лірыка ўплятаецца ў сатырыку…

– Я ўжо выпрацаваў свой стыль, мне можна. Увогуле, ведаеш што? Апавяданне – гэта пра тое, як забіць існую светабудову. А ў рамане наадварот: мусіш стварыць сваю планету, сваю галактыку.

Распытваў Вольф Рубінчык

Ад belisrael.info: фрагменты «Падарожжаў Беньяміна Трэцяга» ў перакладзе П. Касцюкевіча скора пачнем выстаўляць на сайце.

Апублiкавана 01.09.2019  13:57

Водгук на дзве часткі

Усе арабы супраць Ірана? Няўжо?

50 тысяч адукаваных беларусаў наведваюць кніжны кірмаш. Я не трапіў у лік 50 тыс., бо аніразу тамака не быў.

Пра інструменты для масажыку ў Лідскім замку – дасціпна. Парагатаў.

Анатоль Сідарэвіч, г. Мінск    07.09.2019  22:22