ЛЕАНІДУ ШВАРЦМАНУ – 99!

Беларускаму аўтару вобразаў Чабурашкі і кракадзіла Гены 99 гадоў

30-08-2019  НЧ

Сёння, 30 жніўня, 99 гадоў спаўняецца Леаніду Шварцману — мультыплікатару, аўтару вобразаў герояў любімых савецкіх мультфільмаў, які нарадзіўся ў Мінску. «Новы Час» сабраў некалькі цікавых фактаў з жыцця мастака, пра якія вы, магчыма, не ведалі.

Леанід Аронавіч з двума сваімі галоўнымі персанажамі — кракадзілам Генам і Чабурашкам. Фота: Маскоўскі музей анімацыі

Леанід Аронавіч з двума сваімі галоўнымі персанажамі — кракадзілам Генам і Чабурашкам. Фота: Маскоўскі музей анімацыі

Старая Шапакляк з Чабурашкам і кракадзілам Генам, Удаў з мульціка «38 папугаяў», кацяня па імені Гаў — знешнасць усіх гэтых улюбёных з дзяцінства персанажаў прыдумаў Леанід Аронавіч Шварцман.

Нарадзіўся ў цэнтры сучаснага Мінска

Будучы мультыплікатар нарадзіўся ў Мінску на вуліцы Ракаўскай у 1920 годзе. Некалькі гадоў таму ў інтэрв’ю газеце «Комсомольская правда» Леанід Шварцман, які цяпер жыве ў Маскве, узгадваў Мінск свайго дзяцінства: драўляныя дамы (некаторыя — з каменным першым паверхам), Нямігу і Свята-Петра-Паўлаўскі сабор, сінагогу, куды яго маленькага вадзіў бацька. Роднаму гораду Шварцман прысвяціў серыю карцін «Стары Мінск. Успаміны дзяцінства».

Серыя карцін «Стары Мінск. Успаміны дзяцінства» адкрываецца так: хлопчык здзіўлена глядзіць, як па яго роднай Ракаўскай ідуць салдаты ў касках. Фота: асабісты архіў

Так 7-гадоваму хлопцу запомнілася 10-годдзе Кастрычніцкай рэвалюцыі ў 1927-м. Разам з мамай будучы мастак стаіць каля святочных вітрын, а ў іх — партрэты Леніна і Троцкага. Фота: асабісты архіў

У такіх кварталах і прайшло мінскае дзяцінства Леаніда Шварцмана, такім ён яго захаваў на сваіх карцінах. Фота: асабісты архіў

Вучыўся ў славутага Валянціна Волкава

У 1935 годзе ў Мінску пачала працаваць мастацкая студыя, дзе выкладаў Валянцін Волкаў (аўтар знакамітай карціны «Мінск. 3 ліпеня 1944 года»). Леанід Шварцман паспяхова здаў іспыты і паступіў у студыю. Пазней ён узгадваў, што менавіта Валянцін Волкаў заклаў у яго асновы прафесійнага майстэрства мастака. Таксама Волкаў паспрыяў таму, каб адбылася першая выстава Шварцмана. У 1930-я да святаў на цэнтральных вуліцах Мінска вітрыны крамаў упрыгожвалі працамі навучэнцаў мастацкай студыі. І творы Леаніда Шварцмана трапілі на вітрыны ГУМа. Гэта была серыя работ па матывах «Прыгодаў Гулівера» Джонатана Свіфта.

Не паступіў у ленінградскую Акадэмію мастацтваў

У 1938 годзе разам з сябрам па мастацкай студыі Леанід Шварцман прыехаў у Ленінград, каб паступіць у Акадэмію мастацтваў. Але абодва не здалі экзамены. Тады мінчанам прапанавалі паступіць у падрыхтоўчую школу пры акадэміі. Таварыш Шварцмана адмовіўся і з’ехаў у Маскву, а Леанід застаўся і працягнуў навучанне.

«Пасяліў» сваіх герояў у Мінску

Шмат якія элементы роднага горада Леанід Шварцман выкарыстоўваў потым у сваіх мультфільмах. Так, многія героі мастака гуляюць па старым Мінску. Апроч таго мультыплікатар неаднаразова прыязджаў у Мінск пасля вайны, хадзіў па горадзе з эцюднікам, рабіў эскізы. І хоць гарады, у якіх жывуць персанажы Шварцмана, прыдуманыя, у маленькіх дамках і вулачках можна разгледзець Мінск яго дзяцінства.

Дэкарацыі мультфільма мастак змаляваў з Мінска свайго дзяцінства. Фота: асабісты архіў

Дамкі за спінай у мамы-малпачкі нагадваюць кварталы старой Нямігі — такая асацыяцыя была ў Леаніда Шварцмана. Фота: асабісты архіў

Паводле матэрыялаў kp.by

«Новы Час» шчыра віншуе Леаніда Аронавіча з Днём народзінаў і зычыць здароўя і добрага настрою!  

Апублiкавана 30.08.2019  20:28