В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (112)

Зноў шалом. Пазалетась даволі ганебны сход Нацыянальнага алімпійскага камітэта прайшоў пад канец вясны, а сёлета – пасярод яе, 15.04.2019, акурат у дзень пажару галоўнай парыжскай цікавосткі (супадзенне? :)) Паўтара месяца таму прэзідэнт НАК, вядомы таксама як першы прэзідэнт РБ, не прыслухаўся да закліку пайсці ў адстаўку… Тым не менш прапанова мела нечаканы працяг – Рыгорыч нарэшце з’явіўся на пасяджэнні выканкама сваёй улюбёнай арганізацыі ды «навёў шоргату». Напрыклад, было сказана (перакладу з рускай):

«На жаль, у апошні час НАК некалькі збавіў абароты. Калі раней у гэтым будынку віравала жыццё, праводзіліся рэзанансныя мерапрыемствы па алімпійскай адукацыі, падтрымцы дзіцяча-юнацкага спорту, то цяпер гэтай працы амаль не відно і не чутно. Павеяла нейкім халадком у адносінах з федэрацыямі».

Карацей, а-яй, «хто гэта зрабіў?» Рыба гніе з галавы, не?.. Напэўна, паглядзелі ў кіраўніцтве НАК, што іхні шэф не пнецца выконваць дадзенае 30.05.2017 ўрачыстае абяцанне – кожны квартал наведваць іхнія пашыраныя сходы – і самі вырашылі «збавіць абароты», а першы віцэ-прэзідэнт НАК увогуле склаў свае паўнамоцтвы, не адпрацаваўшы пасля іх набыцця і двух гадоў.

Пісалі, што да Андрэя Асташэвіча ў гэтую вясну з’явіліся пытанні ў праваахоўных органах. Пэўна, заслужаны майстар спорту РБ (атрымаў званне за ўдзел у аматарскіх хакейных турнірах разам з Рыгорычам) той яшчэ «жук», але хто быў вылучаны замест яго? Ні больш ні менш як сам памочнік прэзідэнта РБ Віктар Аляксандрыч Лукашэнка, а падтрымалі яго кандыдатуру выканкамаўскія аднагалосна.

Не палюбляю tut.by, і ёсць за што. Але яны даюць магчымасць выказацца «простым» людзям у каментарах, і за гэта сёе-тое магу дараваць. «Народная сацыялогія» паказвае, што рэпліка «Дык быццам бы нельга сямейным кланам займаць кіраўнічыя пасады ў адной арганізацыі?» (vadimkarako, 15.04.2019) на сёння мае рэйтынг +368-3, «А больш людзей у Беларусі няма?» (matutka-2) = +280-2…

Так, в. а. цара каторы раз стрэліў сабе ў нагу, зрабіўшы ў спартова-адміністрацыйнай сферы мінімум тры сур’ёзныя памылкі за два гады: 1) у маі 2017 г. «перавыбраўся» прэзідэнтам НАК і паабяцаў актыўна ўдзельнічаць у яго працы, хоць яўна не збіраўся гэтага рабіць; 2) у 2019 г. не сышоў у адстаўку следам за сваім першым намеснікам; 3) прасунуў – або дазволіў прасунуць – на месца Асташэвіча свайго сына, які да таго ж «будзе сумяшчаць гэтую дзейнасць са сваёй працай на пасадзе памочніка Прэзідэнта» (чытайце тут, што я думаю пра падобныя сумяшчэнні).

Пасля гэткіх камуфлетаў заявы Лукашэнкі – маўляў, няможна мірыцца з сітуацыяй, калі бяздарны кіраўнік перасаджваецца з аднаго цёплага месца на другое («зразумела, што непатапляльнасць гэтых гора-кіраўнікоў засноўваецца на такіх негатыўных з’явах, як кумаўство, пратэкцыянізм і кругавая парука…», 12.08.2014) – будуць успрымацца чыноўнікамі, у лепшым выпадку, з булгакаўскай іроніяй: узяў бы старушонак і сябе па патыліцы дручком пагрукаў… З другога боку, прызначэнне В. А. Лукашэнкі ў выканкам НАК, замаскаванае пад выбары, мае сваю логіку і можа ўспрымацца нават з аптымізмам: хіба «лаўка запасных» рэжыму ў кадравых пытаннях ужо зусім кароткая, змены наспелі і пераспелі. У справе падрыхтоўкі «Еўрапейскіх гульняў» на К. Маркса, 38 не давяраюць ні знакамітым спартсменам, ні буйным урадоўцам, іх вымушаны кантраляваць цэлы «сын галоўнакамандуючага», бо цяперашні спорт – ён такі: «не проста забаўляльнае відовішча, а бітва, калі хочаце – вайна»…

На першы погляд, кіраваць у спартовай сферы лягчэй, чым, напрыклад, у сельскай гаспадарцы: заўсёды можна зваліць няўдачы на саміх спартоўцаў, трэнераў, суддзяў, допінг-лабараторыі… Але ж, калі нехта бачыць у «віцэ-прэзідэнцтве» Віктара ў НАК прыступку да вышэйшай пасады ў дзяржаве, то, мяркую, памыляецца. Гадоў праз 5 большасці выбарцаў непрыемна будзе чуць само прозвішча «Лукашэнка», а тым часам няўмольна падрастаюць канкурэнты «клана», якія праяўляюць сябе і ў каляспартовых інтрыгах… Аднаго я згадваў у сакавіку.

Як ставіцца да чэрвеньскіх «Еўрапейскіх гульняў», дзеля якіх у Мінску ўжо шмат месяцаў вісяць рэкламныя стэнды? Я стаўлюся… стаічна. У іх правядзенні ёсць плюсы і мінусы; заклікаць да байкоту гэтай спартовай імпрэзы не бачу сэнсу. Верагодна, адбудзецца нешта падобнае да міжнароднай Універсіяды ў Краснаярску-2019, якая «пераразмеркавала грошы: забрала ў многіх і падзяліла сярод нямногіх». Але адметна, што ў рацыёне ўдзельнікаў – «меню еўрапейскай, беларускай, азіяцкай кухні» – плануецца і кашэрная ежа, прынамсі ў лютым яе абяцалі тут.

* * *

Моташна ўжо апісваць, а пагатоў аналізаваць падзеі, што надараліся ў Курапатах за апошнія паўмесяца… Выглядае, што «ястрабы» ва ўладзе не жадалі кампрамісаў з грамадскімі актывістамі, іначай зацягнулі б выкананне першасакавіцкага «загаду» свайго боса да грэцкіх календаў. З другога боку, ці так неабходна было абзываць «сатаністамі», «хунвэйбінамі», еtc., тых, хто 4 і 13 красавіка дэмантаваў больш за сотню крыжоў? Калі гэта навешванне ярлыкоў і расчалавечванне апанентаў (адзін журналіст-паэт абагульніў дэмантажнікаў словам «яно») рабілася шляхам да паразумення?

Гісторык Аляксей Братачкін, які ўдумліва пісаў пра Курапаты ў 2017 г., нядаўна задаўся пытаннем: «Як увогуле месца памяці ахвяр масавага забойства, звязанага з пэўным перыядам у гісторыі, можа быць па-за палітыкай?» Вядома, «па-за» не можа, а «па-над» – чаму б і не?

На мой одум, груз шматгадовага процістаяння будзе вісець над урочышчам яшчэ доўга. І разам з тым памяркоўная «дэпалітызацыя» не толькі магчымая, але – пасля ўсталявання «дзяржаўнага» помніка ахвярам сталінскіх рэпрэсій у 2018 г. – у нечым і памысная (аналагічны, але не тоесны казус – святкаванне ўгодкаў БНР, дый увогуле стаўленне да ейнай спадчыны ў апошнія гады).

Яшчэ ў канцы 1980-х па беларускай зямлі хадзілі ветэраны НКУС, мажліва, датычныя да расстрэлаў у Курапатах. Цяпер з верагоднасцю 99,9…% ніхто з іх не жыве, і заклікі да помсты перасталі быць дарэчнымі (тое, што пад канец ХХ стагоддзя помста не была чужая «народнай свядомасці», паказваюць хаця б велераўскія «Прыгоды маёра Звягіна» і быкаўскія «Народныя мсціўцы»). Многім з тых «абаронцаў Курапат», якія ў 2010-х дэкларуюць свой антысталінізм і антыбальшавізм, не зашкодзіла б здушыць таталітарныя парывы найперш у сабе. Напрыклад, у 2012 г. кіраўніцтва адной кансерватыўнай партыі заявіла, што абвяшчае персонай нон-грата ў Курапатах гісторыка Ігара К. Гэты К. мне не сват і не брат, але спачатку яго, потым – некага іншага…

У Курапатах, 09.04.2019

Наяўнасць металічнай агароджы вакол лесу, як і брам у ёй, з пэўнымі агаворкамі вітаю. Плот як бы падкрэслівае, што Курапаты – могільнік, месца смутку, а не плацдарм для атакі на «сталіністаў». Спадзяюся, каб трапіць на тэрыторыю ўрочышча, не спатрэбіцца адмысловых дазволаў. Не трэба і металашукальнікаў на ўваходзе пад маркай таго, што ў лесе бадзяецца рознае вандаллё: фотапастак, якія збіралася ўсталяваць лясніцтва ў канцы сакавіка (мо ўжо і ўсталявала), мусіць быць дастаткова для бяспекі мемарыялу.

Як бы ў адказ на маю – і не толькі маю – прапанову да ўраду выдзеліць магутную апаратуру (цеплавізары? геарадары?) для пошуку парэшткаў у Курапатах, каб устанавіць лік расстраляных з дакладнасцю +/-10–20%, намеснік дырэктара інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук, археолаг Вадзім Лакіза, учора заявіў: «Колькасць мы ніколі дакладна не даведаемся… сказаць, колькі менавіта людзей там пахавана, немагчыма. Я асабіста і мае калегі будзем заўсёды супраць работы, накіраванай на раскрыццё ўсіх западзін, якія ёсць у Курапатах. Там забітыя людзі пахаваныя, не трэба трывожыць іх». Але, карыстаючыся савецкай формулай, «гэта трэба не мёртвым, гэта трэба жывым». Для чаго ж тады атрады следапытаў і адмысловыя пошукавыя батальёны шукалі (і шукаюць) парэшткі ваяроў? А мо і археолагам не варта «варушыць косткі», як той казаў?!

У Курапатах няможна махнуць рукой: «якая розніца, хто, колькі і ў якіх месцах лесу», нават калі дадаецца «галоўнае, што бязвінныя людзі», дарма што гэткая пазіцыя выгадная асобным інтарэсантам і «наверсе», і «ўнізе». Пакуль навукова абгрунтаваных адказаў на вышэйпададзеныя пытанні няма, канфлікты ў грамадстве будуць тлець… і каб жа толькі паміж гісторыкамі Ігарам Марзалюком ды Дзянісам Марціновічам, як тут.

Яшчэ жменя вестак на развітанне.

Цікавы расповед пра Іцхака-Меера (Міхаіла) Южука, якому ўжо 93, пад назвай «Я еду туды, дзе пахаваны мае бацькі і родзічы», апублікаваны на сайце «Медыя-Палессе». Ізраільцянін родам з Пагоста-Загародскага штогод прыязджае на Піншчыну, а летась мясцовая тэлерадыёкампанія запісала з ім «урок памяці»… Пачытайце таксама, як у Пінску сёлета адзначылі міжнародны дзень памяці ахвяр Халакоста.

 

Рэдкая кніга братоў Южукоў (Пінск, 2002, рэдактура Вячаслава Ільянкова); І.-М. Южук у 2015 г. каля аднаго з пастаўленых ім помнікаў

Ад Іны Соркінай прыйшло запрашэнне на канферэнцыю: у рамках VIII Кангрэса даследчыкаў Беларусі (Вільнюс, 27-29 верасня 2019 г.) плануецца секцыя «Яўрэйскія даследаванні: беларускі кантэкст». Анкету пажадана запоўніць да 25 мая.

Выбары ў Ізраілі прайшлі 9 красавіка даволі прадказальна, як быццам пад спеў Лявона Вольскага «Ты не чакай, сюрпрызаў не будзе»: Бібі «заваліў»-такі Бені… Як кур’ёз рэкамендую агляд 15.04.2019 ад гомельскага гісторыка Глушакова, з каментарыямі малавядомага «незалежнага эксперта» Эфраіма Гроднера (затое родам з Беларусі!) Паводле гісторыка, вынікі ізраільскіх выбараў ілюструюць… «усебаковы крызіс неаліберальнай мадэлі» ў свеце.

У Мінску да 1 студзеня 2021 г. збіраюцца стварыць «Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк» для юных «яйкагаловых». Нішто сабе навіна; засмучае хіба тое, што ў Расіі «экатэхнапаркамі» пачалі менаваць не толькі цэнтры інавацыйных распрацовак, а і… ардынарныя звалкі. Дарэчы, у верасні 2018 г. заяўлялася, што мінскі дзіцячы тэхнапарк з робататэхнікай і праграмаваннем адкрыюць не да 2021-га, а да 2020 года.

«Вольфаў цытатнік»

«Навукоўцы прыйшлі да высновы, што чытачы фантастычных раманаў пражываюць больш насычанае і гарманічнае жыццё, чым астатнія людзі. Прычына ў тым, што яны (чытачы фантастыкі) лепш настроены на ўспрыманне рэчаіснасці, бяруць больш уражанняў і эмоцый з навакольнага свету. Таксама людзі, якія аддаюць перавагу чытанню мастацкай літаратуры перад рознымі часопісамі і сайтамі, нашмат болей суперажываюць навакольным і часцей прыходзяць на дапамогу» («Век», 2015)

«Здрабнеў увесь палітычны істэблішмент свету. Правы, левы, пасярэдні. Ідэалогіі, што вымагалі вялікіх духоўных і інтэлектуальных сіл, зніклі, застаўся адзін неаспрэчны капіталістычны эканамічны фон, які вырашае сацыяльныя праблемы ў той ці іншы спосаб. Дзе – добраахвотнай міласцю, дзе – накладзеным на прадукцыйную частку грамадства плацяжом, дзе – гвалтоўным адабраннем лішкаў. Сацыяльны ўтапізм не вабіць, маральныя нормы замянілі на фарысейскую палітычную карэктнасць» (Ганна Ісакава, fb, 12.04.2019)

«Калі чытаць у газетах і фэйсбуках, дык здаецца, што там бурліць жыццё, насамрэч жыццё за пісьмовым сталом, а ўсё іншае толькі падабенства жыцця» (Андрэй Федарэнка, з ліста 14.04.2019)

«Які этнас і якая дзяржаўнасць больш перспектыўныя – пытанне вельмі складанае. Трэба проста рупіцца, а там час пакажа» (Аляксандр Бур’як, 15.04.2019)

Вольф Рубінчык, г. Мінск

17.04.2019

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 17.04.2019  19:52