Барыс Іофе (1918–1943) і яго твор

Барыс Ісакавіч Іофе нарадзіўся 23 лістапада 1918 г. у г. Горкі Магілёўскай вобласці.

У 1937 г. з адзнакай скончыў Горацкую беларускую сярэднюю школу і паступіў у Ленінградскі ўніверсітэт на філалагічны факультэт. У першыя дні Вялікай Айчыннай вайны ўдзельнічаў у пабудове абарончых умацаванняў пад Ленінградам. У ліпені 1941 г. закончыў універсітэт (дыплом з адзнакай). Працаваў на абарончым заводзе. У пачатку 1942 г. быў эвакуіраваны з блакаднага Ленінграда, апынуўся на Валагодчыне (Расія). Пасля заканчэння Свярдлоўскага пяхотнага вучылішча ў хуткім часе па ўласнай просьбе накіраваны на фронт (люты 1943 г.). Загінуў 15 снежня 1943 г. у баях пад горадам Радомышль на Украіне.

Друкавацца пачаў у школьныя гады. Яго допісы і мастацкія творы былі змешчаны ў раённай газеце “Ленінскі шлях”, а таксама ў газетах “Піянер Беларусі” і “Пионерская правда”. Літаратуразнаўчай працай актыўна займаўся ў 1939-1940-х гг. Цікавіўся беларускай літаратурай XIX ст., а таксама даследаваў творчасць Янкі Купалы. Апублікаваў артыкулы “Паэма “Тарас на Парнасе””, “Літаратурна-гістарычнае значэнне “Тараса на Парнасе””, “Лірычная паэма Купалы “Яна і я””, “Аб рамантызме Купалы”.

Рэд. belisrael. Гэта даведка з кнігі “Скрыжалі памяці”, т. 1, Мінск, 2005, укладальнік – праф. А. Бельскі. У той жа кнізе можна прачытаць артыкулы Б. Іофе “Паэма “Тарас на Парнасе””; “У истоков белорусской литературы”, “Лірычная паэма Купалы “Яна і я””. Мы ж прапануем ніжэй іншы твор юбіляра – на нашу думку, ён таксама шмат у чым не страціў свайго значэння. Пры наборы з газеты 1940 г. былі ў асноўным захаваныя асаблівасці тагачаснай арфаграфіі.

 

Б. Іофе і Я. Купала

Аб рамантызме Купалы

(да 35-годдзя літаратурнай дзейнасці Я. Купалы)

«У буйных мастакоў рэалізм і рамантызм заўсёды як-бы спалучаны»

М. ГОРКІ

Яшчэ да Янкі Купалы рэалістычны напрамак заняў у беларускай літаратуры вядучае месца. Ужо дудка Багушэвіча – нашага першага нацыянальнага паэта – грала аб нядолі беларускага народа. “Жалейка” Купалы як-бы падхапіла замоўкнуўшую дудку Багушэвіча. З першага свайго друкаванага верша “Мужык” Купала ішоў “шляхам жыцця”, шляхам рэалізму. Рэалізм Купалы пакінуў далёка за сабою творчасць усіх папярэднікаў. Істотным адрозненнем творчасці Купалы ў параўнанні з яго папярэднікамі з’яўляецца пранікненне ў рэалізм рамантызму.

Рамантызм уключаецца ў творчасць Купалы двума шляхамі. Адзін шлях намечан паэмай “Забытая скрыпка” і вершамі “Дыктатура працы”, “Настане такая часіна” ды некаторымі іншымі. У гэтых творах Купала прадстае як паэт мары аб лепшым жыцці. Мы ведаем дарэволюцыйную паэзію Купалы, што “апявала няволю, апявала нядолю”. Разам з другімі народамі Расіі беларускі народ мужна вёў рэволюцыйную барацьбу за сваё вызваленне з-пад прыгнёту эксплаататараў. Купала верыў у сілы свайго народа і марыў аб яго лепшай будучыні. Яго мара абганяла гістарычны ход падзей і яшчэ няяснымі фарбамі малявала будучыню:

Я пакажу ўсе вам чары –

Чары ўсе неба, зямлі, –

Шчасця другога пажары,

Дзе-б вы сагрэцца маглі.

Праўду ў лад новы настрою,

Новыя песні злажу…

(“Забытая скрыпка”)

Мара Купалы не аказалася ў супярэчнасці з сапраўднасцю. Вялікая Кастрычніцкая соцыялістычная рэволюцыя вызваліла беларускі народ з-пад соцыяльнага і нацыянальнага ўціску. Народны паэт настроіў сваю праўду “у новы лад” і злажыў новыя песні аб шчаслівым жыцці ў нашай краіне, аб новых людзях ды іх гераічных справах. Пасля рэволюцыі Купала не змяніў свайму рэалістычнаму метаду. Але мара Купалы няспынна імчыцца наперад – да тых часоў, калі ва ўсім свеце “развеюцца ў попел кароны” і “рабочых грамады ў свае возьмуць рукі заводы і фабрыкі, шахты і домны”.

Я веру – настане

такая часіна

І руняй совецкай

уквецяцца гоні,

Дзе Віслы, дзе Сены,

дзе Тэмзы даліны,

Дзе праца людская

сягоння ў прыгоне.

(“Настане такая часіна”, 1932).

Купала мае права марыць: ён пяе аб будучыні, якая не разыходзіцца з тэндэнцыяй гістарычнага развіцця. Гэта характарызуе ў Купалы той гістарычна-прагрэсіўны рамантызм, што дазваляе… “зрэдку забягаць наперад і сузіраць выабражэннем сваім у цэльнай і закончанай карціне тое самае тварэнне, якое толькі-што пачынае складвацца…” (Ленін, т. ІV, стар. 493).

Купалa добра разумее рэволюцыйную дзейнасць такога рамантызму:

Песня і казка

Як у крышталі

Свету пакажуць

Ясныя далі.

Шляхі намецяць

К сонцу і зорам

Для людской долі,

Скованай горам.

(“Песня і казка”, 1921)

Другі шлях, праз які ў творчасць Купалы ўключаецца рамантызм, намечан паэмамі: “Магіла льва”, “Курган” і, часткова, “Адплата кахання”. Усе яны з’яўляюцца рэалістычнымі паэмамі, але ў іх ёсць асобныя элементы рамантызму. Разгледзім гэтыя элементы і іх функцыю ў рэалістычнай паэме.

Сюжэты пералічаных паэм пабудаваны на эфектным, выключным факце. У “Магіле льва” Натальку любіць не проста вясковы хлопец, а асілак, што жыве ў пушчы. Ён забівае свайго саперніка – пана і жыве ў лесе з любімай. У паэме “Курган” праслаўленага старца-песняра пан жывым закапвае ў магілу. З таго часу кожны год ноччу “з гуслямі дзед з кургана, як снег белы, выходзіць”. У паэме “Адплата кахання” Янка, “сын мужыцкі”, любіць Зосю-шляхцянку. Багаты шляхціч Лаўчынскі палае помстай. Падбухторваемы чортам, ён “схапіў тапор войстры рукой подлай, смелай”, як жудасны “звер-прывід” падышоў да сваёй пуні, у якой спаў Янка, і запаліў яе. Зося “з жалю над Янкам звуглёным” павесілася “у родным садзе на сасонцы”.

Тут усё па-рамантычнаму незвычайна і эфектна. Для ўсіх разглядаемых паэм Купалы характэрны своеасаблівы гістарызм. Па сутнасці, ніякага гістарызму ў строгім сэнсе слова ў паэмах няма: мы не ведаем сапраўдных гістарычных падзей, якія леглі ў аснову павествавання. Усе паэмы ідуць у плане апавядання аб мінулым. Так, здарэнне, апісанае ў “Кургане”, адбылося “лет назад таму сотню ці болей”. Дзеянне ў “Магіле льва” прыпадае на той час, “што згінуць мусіў у беспрасветнай векаў мгле”. Такое няяснае ўказанне часу, апавяданне аб “мінулым наогул” з’яўляецца рамантычнай дэталлю. Але гэта дэталь, як і рамантычны сюжэт, падпарадкавана агульнаму соцыяльнаму заданню паэм. Паэта не цікавіць, калі дакладна адбылося здарэнне з Машэкам ці гусляром. Важна тое, што і даўней быў жудасны ўціск працоўных, былі багатыя шляхцічы і шмат слуг, якія на іх працавалі, што гэтыя сілы змагаліся паміж cабою. Ад мінулага здарэння паэт перакідвае мосцік у сучаснасць:

Пачнем дакапывацца самі

Разгадку нашых крыўд і бед,

Што леглі цёмнымі лясамі

На нашай долі з даўных лет.

Словы гусляра ў паэме “Курган” не звернуты да князя “у часы, што ў нябыт уцяклі”, а выяўляюць самую актуальную тэму капіталістычнай рэчаіснасці.

Для пералічаных паэм характэрны рамантычны герой. Абмяжуемся характарыстыкай двух герояў – Машэкі з паэмы “Магіла льва” і песняра з паэмы “Курган”.

Вобраз благароднага разбойніка распрацоўваўся сусветнай рамантычнай літаратурай і з’яўляўся спадарожнікам бунтарскага, прагрэсіўнага напрамку рамантызму. Ён паяўляецца ў “Разбойніках” Шыллера i прадаўжаецца ў творчасці Байрана (“Карсар”), Пушкіна (“Браты-разбойнікі”), Лермантава (“Вадзім”). Усіх герояў гэтых твораў аб’едноўвае нянавісць да грамадства, у якім яны жывуць. Гордыя адзіночкі, яны не маюць сіл змагацца з навакольнымі несправядлівасцямі і становяцца разбойнікамі ў імя дабра, злачынцамі ў імя справядлівасці. На вобразе Машэкі традыцыя “благароднага разбойніка” сказалася асабліва яскрава.

Як і належыць незвычайнаму герою, Машэка надзелен агромнай фізічнай сілай. Машэка – “разбойнік страшны на ўвесь мір” – жыве адзін у пушчы на сотні гоняў. Ён адзяваў воўчую скуру і так –

З сваёй бярлогі на дарогу

Вылазіў з грознай булавой.

Пушча бароніць славу крывавага жніва Машэкі, “а гімн пяе яму сава” (тыповы рамантычны матыў).

Пакуль не здрадзіла яму Наталька, Машэка быў працавітым, сумленным і добрым чалавекам. Але Машэка вымушан пакінуць Натальку, яму выпала гнаць на Украіну плыты, каб што-небудзь зарабіць к жаніцьбе. Праца была такой цяжкай, што нават асілак “марнеў з нягоды”. Калі Машэка вярнуўся дадому, Наталька была ўжо ў сецях ліслівага пана. На глебе кахання сутыкаецца ён з сваім ворагам:

Але не меў Машэка сілы

Такой, што сцены-б разваліў

Туды, дзе вораг з яго мілай

Пасцель пуховую дзяліў.

Не мог на мак яму змяць косці,

Пракляцце толькі прызываў.

Ад сцен адходзіў з большай злосцю

І штосьці жудкае кнаваў.

Бяссільны рамантычны пратэст адзіночкі тым больш трагічны, што ён выходзіць ад чалавека, які, акрамя аграмаднай фізічнай сілы і другіх дабрадзецелей, мае на сваім баку праўду. Гэта – байранаўскі матыў. Наш Машэка становіцца адступнікам свету, разбойнікам.

Калі-б Купала застанавіўся на гэтым, ён не ўнёс-бы ў літаратуру нічога новага. У традыцыйную рамантычную тэму Купала ўносіць істотныя карэктывы. Паэт-рэаліст, ён асуджае метафізічны пратэст свайго героя, яго індывідуалізм. Вестка аб забойстве разбойніка Машэкі ўзрадавала вёску, забойцу Машэкі – Натальку – “віталі добрай чэсцю”.

Машэка развенчан. У асуджэнні свайго героя Купала блізак тут к Пушкіну. Успомнім, што ў апошняй рамантычнай паэме “Цыганы” Пушкін, які ў гэты час (1824) становіцца на шлях рэалізму, адвяргае індывідуалізм Алеко. Супадзенне тут не выпадковае і яго нельга тлумачыць уплывам Пушкіна на Купалу. Самы метад мастацкага рэалізму не можа не адвергнуць ідэалістычны пратэст адзіночкі там, дзе справа датычыць барацьбы з нянавісным грамадствам.

Вобраз гусляра ў паэме “Курган”, як і сама паэма, адносіцца да ліку самых моцных сярод створаных Купалай. У яго ўкладзена агромная доля аўтарскага лірызму, бо тут закрануты самыя блізкія для Купалы тэмы – аб долі народа, аб ролі народнага паэта і яго трагічным лёсе пры грамадстве паноў і абшарнікаў.

Партрэт гусляра пададзен у рамантычным плане. Гэта традыцыйна-велічны сівы старац з лірай – вобраз, створаны рамантыкамі.

“Сумнага, як лунь, белага дзеда” прыводзяць у князёўскі палац з “ніўных сяліб”. Світка, белая барада, незвычайны агонь, задумныя вочы, ніўныя сялібы – усё гэта неабходныя аксесуары рамантычнага песнебая. Пры ўсім гэтым паэтычны дар гусляра надзелен чараўнічай сілай:

Кажуць, толькі як выйдзе і ўдарыць як ён

Па струнах з неадступнаю песняй, –

Сон злятае з павек, болю цішыцца стогн,

Не шумяць ясакары, чарэсні;

Пушча-лес не шуміць, белка, лось не бяжыць,

Салавей-птушка ў той час сціхае;

Паміж вольхаў рака, як штодзень, не бурліць,

Паплаўкі рыба-плотка хавае.

Гусляр пададзен як рамантычны вобраз не толькі знешне. Самая яго творчасць рамантычная. Песня гусляра, звернутая да князя, хоць і заключае ў сябе вялікую долю аўтарскага лірызму, характарызуе перш за ўсё вобраз самога гусляра. Рамантык-гусляр, згодна агульнай рамантычнай традыцыі, глядзіць на паэта, як на чалавека, выбранага багамі:

Небу справу здае сэрца, думка мая.

Сонцу, горам, арлам толькі роўна.

Самая песня вытрымана ў рамантычных тонах яркіх кантрастаў: чырвонае віно, якім пацяшаецца князь – і слёзы сірочай нядолі, адшліфаваныя храмы (так у артыкуле; у Купалы ж гаворыцца пра “хорам” князя, дзе “адшліфованы цэгла і камень” – В. Р.) – і пліты няўчасных магіл, і г. д. Але якімі-б фарбамі ні маляваў гусляр соцыяльны кантраст паноў і жабракоў-сялян, ён пяе толькі аб праўдзе. І тут паяўляецца і ўмешваецца ў песню гусляра лірык-рэаліст Купала.

Гусляр, пасля Машэкі, прадаўжае матыў соцыяльнага пратэсту. Але ў ім адсутнічае рамантычны індывідуалізм Машэкі. Яго пратэст асэнсаваны і выходзіць ад імя паэта-грамадзяніна. Гусляр хоча волі не толькі для сябе, а выражае думкі народа.

Гусляр авеян глыбокай любоўю Купалы. Пахаванне гусляра (ХІ частка паэмы) напісана з такім непаддзельным драматызмам, з такой мужнасцю, на якія здатна толькі ісцінная паэзія. І пасля смерці пясняр застаецца жыць. Гэта сімвалізіруе нават прырода:

На гусляравым наспе жвіровым

Палыны узышлі, вырас дуб малады,

Зашумеў непанятлівым словам.

Засталіся жыць песні гусляра. Народ верыць у яго песні.

Тэма паэта, на вяселлі “пры шуме музыкі і пляскі” кідаючага сваім ворагам “жалезны верш, абліты горыччу і злосцю”, навеяна пэўна славутым вершам Лермантава “1 студзеня 1840 года” (з якога мы ўзялі словы, заключаныя ў двукоссі). Сама аратарская, эмацыянальная мова паэмы навеяна энергічнай мовай лермантаўскіх вершаў, што пракладвалі шлях к стварэнню шырокага аратарскага стылю з яркай эмацыянальнай моўнай патэтыкай, з гучнай дэкламацыйнай інтанацыяй, з вострымі экспрэсіўнымі элементамі. Усе гэтыя характэрныя рысы мовы Лермантава можна аднесці да мовы “Кургана”.

Пейзаж Купалы таксама вытрыман у рамантычных фарбах. Пушча, у якой жыве Машэка, “змагала громы і віхры”; яна не ведала людзей, нават бурнаму Дняпру яна не давала волі і ён “з пушчы вырваўшысь на поле, шумеў і грозны слаў праклён”. У канцы паэмы “Магіла льва” даецца магільны пейзаж, улюбёны ўсёй рамантычнай паэзіяй:

І ціха, ціха на гары тэй

Чарнеюць пліты і крыжы,

То летнім сонейкам сагрэты,

То ззябшы ўзімку ў маразы.

У пейзажы Купалы адсутнічае фантастычны, а тым больш містычны элемент, які з’яўляецца спадарожнікам змрочнага “оссіянаўскага” пейзажу.

Мы разгледзелі асобныя рамантычныя элементы ў паэмах Купалы – гераічныя вобразы, фабулу, пейзаж. Колькасць такіх кампанентаў можна было-б павялічыць. Мы бачылі, што традыцыя рамантычнага вобраза, сюжэта і пейзажу не зрабілася аб’ектам рабскага пераймання, а набыла ў Купалы новае, арыгінальнае выражэнне.

Але было-б памылкай на аснове асобных рамантычных кампанентаў аб’яўляць паэмы Купалы цалкам рамантычнымі, а тым больш Купалу – паэтам-рамантыкам.

Рамантычныя элементы не з’яўляюцца пераважаючымі ў паэмах Купалы. Рамантычнымі героямі кіруюць жыццёвыя матывы. Машэка расстаецца з Наталькай не з-за рамантычнага падарожжа ці з-за рыцарскага матыву. Ён едзе гнаць плыты, каб зарабіць што-небудзь к жаніцьбе. Галоўнай тэмай разглядаемых паэм з’яўляецца соцыяльная тэма. Яна вырашана цалкам у рэалістычным плане. Ва ўсіх паэмах дзейнічаюць дзве варожыя сілы – не абстрактныя неба і зямля, ангел ці дэман, несправядлівасць і справядлівасць, як наогул у паэтаў-рамантыкаў, а гаротнікі-сяляне, рабочая бедната, “хаты апушчанай вёскі” – і паны і князі, “белыя харомы” палацаў. Рамантычныя элементы закліканы зрабіць гэту тэму больш выпуклай, прызваны не зацямніць, а праясніць тэму. Да Купалы наша паэзія малявала беларускага селяніна як забітага і цёмнага чалавека, якога патрэбна падняць, абудзіць. Рамантычныя вобразы Купалы былі прызваны паказаць народ-волат, народ герояў. Поруч з Машэкай і гусляром варожы свет паноў здаецца нікчэмным.

Рэволюцыйны рамантызм Купалы з’яўляецца, такім чынам, як-бы вобразным сродкам у агульным рэалістычным напрамку яго творчасці. Сінтэз рэалізму і рэволюцыйнага рамантызму састаўляе адно з галоўных дасягненняў паэтычнай творчасці Купалы.

Подпіс: Б. Іоффе

(газета “Літаратура і мастацтва”, 02.11.1940)

Чытайце таксама:

Уладзімір Ліўшыц. “23 лістапада – 100 гадоў з дня нараджэння Барыса Ісакавіча Іофе

Про Янку Купалу и евреев

Апублiкавана 28.11.2018  22:22

Leave a Reply