Cесіль Кузніц пра Сямёна Дубнава

Ад belisrael.info. Прапануем пачатак вялікага артыкула амерыканскай даследчыцы (Cecile E. Kuznitz), перакладзены з некаторымі скарачэннямі.

Артыкул «YIVO’s “Old Friend and Teacher”: Simon Dubnow and his Relationship to the Yiddish Scientific Institute» быў надрукаваны ў гадавіку Інстытута Сямёна Дубнава («Jahrbuch des Simon-Dubnow-Instituts», або «Simon Dubnow Institute Yearbook») за 2016 г., ды застаўся практычна незаўважаным у Беларусі, на радзіме вялікага гісторыка Дубнава (1860, Мсціслаў – 1941, Рыга). Між тым праца навуковай супрацоўніцы «Bard College», як вы самі ўбачыце, багатая на каштоўныя факты.

Калі чытачы прадэманструюць рэальную цікавасць да закранутых тут сюжэтаў, то апублікуем па-беларуску і астатнюю частку артыкула. Пішыце, пішыце…

Д-р Сесіль Э. Кузніц і малады Сямён Дубнаў. Крыніцы: thejdc.convio.net і wikipedia.org

* * *

Cесіль Эстэр Кузніц

«Стары сябар і настаўнік». Сямён Дубнаў і ягоныя сувязі з Даследчым інстытутам ідыша (ІВА)

Імя Сямёна Дубнава чырвонай ніткай праходзіць скрозь усю гісторыю «Yidisher visnshaftlekher institut» – «Ідышнага навуковага інстытута», або «Даследчага інстытута ідыша», вядомага паводле сваёй англійскай абрэвіятуры YIVO (у беларускім варыянце – ІВА). Будучы першым навуковым цэнтрам па вывучэнні ідыша, гісторыі і культуры ідышамоўнага яўрэйства, ІВА вельмі шмат чэрпаў з прац Дубнава-гісторыка, гэтаксама як з яго тэорый нацыяналізму ў дыяспары. Да таго ж Дубнаў ахвотна падтрымліваў асабістыя стасункі з некаторымі заснавальнікамі ІВА, якія лічылі яго і сябрам, і настаўнікам.

Кіраўнікі інстытута часта выказвалі сваё захапленне Дубнавым. Выдаўцы другога тома «Historishe shriftn» («Гістарычных запісаў») ІВА, прысвечанага Дубнаву, менавалі яго «старым сябрам і настаўнікам, вельмі шчыльна звязаным з Даследчым інстытутам ідыша». З іншых нагодаў яго называлі «адным з заснавальнікаў» і «стаўпоў» ІВА.

Аўтарытэт Дубнава быў такі, што Якаў Ляшчынскі, кіраўнік эканамічна-статыстычнага аддзела ІВА, настойваў на тым, што канферэнцыю ІВА 1929 г. трэба адкласці, бо Дубнаў адмовіўся яе наведаць, а без яго яна, маўляў, вырачана на правал. Дубнаў таксама дзяліўся цёплымі пачуццямі – называў ІВА «наш інстытут», усхваляў яго значнасць для «інтэлектуальнага адраджэння нашага народу».

Улічваючы гэткае ўзаемнае прызнанне, беручы пад увагу цесныя прафесійныя і асабістыя стасункі гісторыка з інстытутам, можна было б чакаць, што Дубнаў пастаянна і з энтузіязмам удзельнічаў у дзейнасці ІВА. Між іншага, мовазнавец і журналіст Залман Рэйзен, адзін з кіраўнікоў ІВА, у 1934 г. пісаў пра Дубнава як пра «сузаснавальніка ІВА, які заўсёды бярэ актыўны ўдзел у працы інстытута». Аднак рэчаіснасць была крыху больш складаная. Траекторыя стасункаў Дубнава з ІВА адлюстроўвае ваганні гісторыка паміж навуковымі і грамадскімі абавязкамі, прычым і тыя, і другія служылі яўрэйскаму народу.

Закладваючы падмурак ідышнай навукі

Важнасць навуковых дасягненняў Дубнава для заснавання ІВА цяжка перабольшыць. Эліягу Чэрыкавер, кіраўнік гістарычнага аддзела інстытута, пісаў, што да высілкаў Дубнава ў ідышнай навуцы не ставала «агульнага плану, асноўнай ідэі і жывой душы».

Як Дубнаў, так і ІВА меркавалі, што мэтаскіраванае захаванне ўзораў яўрэйскай культуры – найважнейшая перадумова для таго, каб навукоўцы займаліся аналітычнымі доследамі. У 1891 г. Дубнаў апублікаваў знакаміты нарыс у расійскім часопісе «Восход», наракаючы на тое, што ўсходнееўрапейскія яўрэі не ведаюць сваёй мінуўшчыны, заклікаючы іх збіраць гістарычныя памяткі. Праз ягоны заклік многія чытачы выслалі Дубнаву каштоўныя кнігі і дакументы, частка якіх у рэшце рэшт трапіла ў архіў ІВА. У выніку гэтай ініцыятывы ІВА самастойна заняўся зборам матэрыялаў з мінуўшчыны і сучаснасці, каб забяспечыць глебу для сваёй далейшай працы. Гэты збор вёўся перадусім замлерамі (адмысловымі збіральнікамі), мужчынамі і жанчынамі, якія працавалі ад імя інстытута ў ідышамоўных супольнасцях па ўсім свеце. Дзякуючы працы замлераў народ – г. зн. маса звычайных яўрэяў – стаў актыўным удзельнікам адбудовы яўрэйскай культуры.

Нарыс Дубнава прывёў і да стварэння інстытуцыйнай базы для яўрэйскай навукі. У 1892 г. «Hevrah Mefitse Haskalah» (Таварыства для распаўсюду асветы, вядомае таксама паводле сваёй рускай абрэвіятуры ОПЕ) заснавала гісторыка-этнаграфічную камісію, якая ў 1908 г. стала Санкт-Пецярбургскім яўрэйскім гісторыка-этнаграфічным таварыствам. З 1909 да 1918 гг. гэтае таварыства фундавала «Еврейскую старину» – часопіс пра расійскую яўрэйскую гісторыю, рэдагаваны Дубнавым. Такім чынам, Дубнаў праклаў шлях для распаўсюду вынікаў яўрэйскіх даследаванняў у форме навуковых публікацый (што было адной з асноўных мэтаў дзейнасці ІВА).

Кіраўнікі ІВА пісалі, што Дубнаў, у адрозненне ад навукоўцаў ранейшых перыядаў, не разглядаў яўрэяў як «гістарычную мумію» або «рэлігійнае племя», але як «жывы народ… С. Дубнаў цалкам секулярызуе яўрэйскую гісторыю, абапірае яе на сацыяльную базу».

Традыцыйна яўрэйская гістарыяграфія засяроджвалася на рэлігійных тэкстах і постацях вялікіх знаўцаў іудаізму, але як Дубнаў, так і ІВА карысталіся «сацыяльна-эканамічным» падыходам. У рамках гэтай метадалогіі акцэнтаваўся досвед «сярэдніх яўрэяў», а не эліт, штодзённыя сацыяльныя варункі, а не інтэлектуальныя дасягненні. Падыход выпукляў ролю звычайных мужчын і жанчын як асноўных дзеючых асоб гістарычнага працэсу, што, у сваю чаргу, падмацоўвала адзін з пастулатаў Дубнава: нязменную жыццяздольнасць яўрэйскага народу ў сутыкненні з антысемітызмам і асіміляцыяй.

Збіральніцкія ініцыятывы Дубнава ды ІВА ператваралі звычайных яўрэяў у найважнейшы чыннік для стварэння яўрэйскай навукі. Нарэшце, і Дубнаў, і ІВА жадалі, каб вынікі іхніх доследаў успрымаліся далёка па-за межамі навуковага кола. Калі ІВА планаваў кнігі і часопісы для шырокай аўдыторыі, ён апісваў дубнаўскую «Сусветную гісторыю яўрэйскага народу» як «працу, што мае чыста навуковы характар, але даступную таксама шырокаму колу чытачоў; яна стане папулярнай кнігай у поўным сэнсе слова». Публікуючы працу Дубнава і стымулюючы ўласныя доследы, ІВА імкнуўся выканаць запавет гісторыка – стварыць навуку «пра народ і для народу».

Адданасць Дубнава народу і ягонае бачанне яўрэйскай гісторыі вялі навукоўца да глыбокай заангажаванасці ў справы сучаснасці. На практыцы сумяшчаць навуковую і грамадскую дзейнасць было няпроста; Дубнаў часта разрываўся паміж цягай да свайго пісьмовага стала і пакліканнем да грамадскай актыўнасці, дарма што падкрэсліваў наяўнасць грані паміж навукай і палітычнай ідэалогіяй. І ў гэтым сэнсе ён служыў мадэллю для ІВА, бо інстытут таксама імкнуўся сумяшчаць навуковую нейтральнасць з адданасцю абшчынным справам, пазбягаючы адкрытага далучэння да той ці іншай групы інтарэсаў. Як зазначыў Чэрыкавер, праца Дубнава «наводзіць масты паміж мінулым і сучаснымі праблемамі», расчышчаючы шлях для маладзейшых навукоўцаў, якія «адчуваюць сябе шчыльна звязанымі з нацыянальнымі і грамадскімі праблемамі сучаснага яўрэйскага жыцця».

Чэрыкавер працягваў: Дубнаў быў больш, чым навукоўцам, ён служыў таксама арганізатарам, настаўнікам, палітычным актывістам, тэарэтыкам, якім рухала «не так зацікаўленасць даследчыка, як апантаны пошук новай ідэалогіі». Гэтай ідэалогіяй быў нацыяналізм дыяспары, які трактаваў яўрэяў як народ без дзяржавы, што з’яўляецца мінарытарнай групай у краінах Усходняй Еўропы і змагаецца за свае правы.

У гады пасля Першай сусветнай вайны прапановы Дубнава аб дзяржаўнай падтрымцы нацыянальных меншасцей знайшлі адлюстраванне (хоць і ў цьмянай форме) у дамовах аб меншасцях, падпісаных Польшчай і іншымі краінамі рэгіёну. У міжваенны перыяд гэтыя ўмовы дазволілі кіраўнікам ІВА прасоўваць нацыянальную культуру на ідышы ў адсутнасць яўрэйскай дзяржавы. Такім чынам, калі гістарычная метадалогія Дубнава натхняла навуковую дзейнасць ІВА, яго палітычныя тэорыі дазволілі інстытуту быць нечым большым, чым сціплы даследчы цэнтр. Прыхільнікі ІВА апісвалі інстытут як нацыянальную ўстанову для народу ў дыяспары. Залман Рэйзен назваў ІВА «інтэлектуальным маяком для выгнаннікаў, якія належаць да міжнароднай ідышнай нацыі».

Сувязі, якія звязвалі Дубнава з ІВА, тычыліся не толькі да яго грамадскай кар’еры як навукоўца і палітычнага тэарэтыка – яны мелі і асабістае вымярэнне. Дубнаў пазнаёміўся з многімі будучымі кіраўнікамі ІВА за дзесяць і больш гадоў да яго заснавання. Ужо ў 1908 г. ён слухаў палымяныя прамовы ў абарону ідыша ад Нохема Штыфа, лінгвіста і літаратуразнаўцы, які пазней сфармулюе першую падрабязную праграму для ідышнага навуковага інстытута. Дубнаў і Штыф працавалі разам у «Фолькспартэй» («Народнай партыі»), якую Дубнаў заснаваў на прынцыпах нацыяналізму дыяспары (аўтанамізму).

Група яўрэйскіх інтэлектуалаў з жонкамі і дзецьмі на адпачынку. Літва, пачатак 1920-х гадоў. Уперадзе сядзяць Зэлік Калмановіч (пазначаны на фота лічбай «7»), Якаў Ляшчынскі («8»), Нохем Штыф («9»). Крыніца: yivoencyclopedia.org

У час расійскай рэвалюцыі Дубнаў жыў у Петраградзе побач з некаторымі будучымі лідэрамі інстытута. Маюцца на ўвазе Штыф, Зэлік Калмановіч (лінгвіст, які стане адным з галоўных адміністратараў ІВА і рэдактарам многіх выданняў інстытута) і Макс Вайнрайх, шматгранны даследчык, найважнейшая постаць ІВА.

Cвяткаванне «дня Іцхака-Лейбуша Пераца» ў Дзятлаве, 1937 г. У 2-м радзе бліжэй да цэнтру стаіць Залман Рэйзен (у акулярах), у 3-м радзе трэці справа – Макс Вайнрайх. Крыніца: yivoencyclopedia.org

Дубнаў у рэшце рэшт уцёк ад вайны і голаду ў Расіі, пасяліўшыся ў Берліне ў верасні 1922 г. Там ён падтрымаў праект па дакументаванні нядаўніх хваль пагромаў ва Украіне. Гэтым дакументаваннем пры ўдзеле Штыфа і Ляшчынскага займаўся Эліягу Чэрыкавер, будучы кіраўнік гістарычнага аддзелу ІВА.

Дубнаў ведаў Штыфа і Калмановіча таксама як перакладчыкаў на ідыш ягонай «Сусветнай гісторыі яўрэйскага народу». Гэтым перакладам яны заняліся ў 1909 г. і працягвалі ў 1920-я гады. Дубнаў прыгадвае спрэчкі са Штыфам, якога гісторык характарызаваў як «гарачую галаву», занадта закаханага ў свой ідышны стыль. А вось Ляшчынскі і Чэрыкавер сталі ў Берліне яго нярэдкімі гасцямі, іх Дубнаў называў «хеўрай блізкіх сяброў». Трое навукоўцаў наведвалі адзін аднаго, бавілі разам яўрэйскія святы, адпачывалі разам са сваімі жонкамі і дзецьмі, і Чэрыкавер сцвярджае: «Мы жылі як адна сям’я». Цікава, што і Ляшчынскі, і Чэрыкавер звярталіся да старэйшага Дубнава «Шымен Маркавіч», а Вайнрайх звычайна ўжываў больш пашанотны зварот «Пан прафесар Дубнаў».

Роля Дубнава ў працы ІВА

Беручы пад увагу працяглыя ўзаемаадносіны Дубнава з яго маладзейшымі калегамі, яго цэнтральную ролю ў фармаванні самой ідэі ідышнага навуковага інстытута, заснавальнікі ІВА трактавалі Дубнава як галоўнага хаўрусніка ад самага пачатку. Калі Штыф склаў свой мемарандум «Vegn a yidishn akademishn institut» («Пра ідышны акадэмічны інстытут»), у якім заклікаў стварыць орган для навуковай дзейнасці на мове ідыш, ён мог дазволіць сабе разаслаць толькі некалькі асобнікаў людзям, якіх ён лічыў патэнцыйнымі хаўруснікамі. Адным з іх, што не дзіўна, быў Дубнаў, берлінскі сусед Штыфа.

Дубнаў адказаў неўзабаве па атрыманні дакумента ў лютым 1925 г. Калі ў ягонай прынцыповай падтрымцы няможна было сумнявацца, то з практычнай падтрымкай праекта Дубнавым усё было куды менш аптымістычна: «Ідышны даследчы інстытут, вядома, патрэбны, але чаго чакаць пасля ўстаноўчага сходу або канферэнцыі ў Берліне?» Дубнаў дадаў, што аддае перавагу тэрміну «даследчы» заміж «акадэмічны». Ён пісаў: «Баюся, што мы прымем некалькі прыгожых рэзалюцый, і на гэтым усё скончыцца… Я не бачу матэрыяльнага падмурку для такога праекта». Скончыў жа Дубнаў сваё пісьмо так: «Трымайце мяне за мілю ад гэткіх праектаў», адзначыўшы, што заняты ўласнымі публікацыямі. Аднак агаварыўся: «Пазней, калі нешта канкрэтнае вылупіцца з ідэй, вы зможаце залучыць мяне для якой-небудзь працы».

Дубнаў даў гэткі ж абачлівы адказ праз некалькі месяцаў – на запрашэнне ачоліць гістарычны аддзел новага інстытута. Ён згадзіўся падтрымаць працу інстытута, але настойваў, што яго ўласныя планы выключаюць актыўны ўдзел у гэтай працы: «Дарагія браты, не ўцягвайце мяне ў арганізацыйныя клопаты… Узяць на сябе кантроль над вашым гістарычным аддзелам мне ніяк не выпадае. Магу паабяцаць толькі адно: калі будуць выходзіць Запіскі інстытута, я з радасцю адпраўлю вам артыкул нароўні з іншымі аўтарамі».

Нават пасля дзесяці гадоў існавання ІВА Дубнаў усё яшчэ вагаўся, калі яго папрасілі даць сваё імя для новай інстытуцкай ініцыятывы – аспірантуры.

Удзельнікі навуковай канферэнцыі ў ІВА, Вільня, 1935 г. На фота – С. Дубнаў (сядзіць трэці справа), Э. Чэрыкавер (сядзіць чацвёрты справа) і інш. Крыніца: yivoencyclopedia.org

Усё гэта можа падацца дзіўным, але мы мусім помніць, што ў год заснавання ІВА (1925) 65-гадовы Дубнаў быў ужо выбітным навукоўцам. Больш за тое, менавіта ў той час пачалі ажыццяўляцца яго найбольш амбітныя планы. У 1925–1929 гг. у Берліне выходзіла першае поўнае выданне ягонай «Weltgeschichte des jüdischen Volkes» («Сусветнай гісторыі яўрэйскага народу»). Апрача таго, у 1929–1931 гг. упершыню выйшла яго «Toldot ha-Hasidut» («Гісторыя хасідызму»), а ў 1934–1940 гг. публікаваліся тры тамы яго мемуараў «Книга жизни» («Кніга жыцця»). Пераклады яго кніг з’яўляліся ў той час на розных мовах. Такім чынам, для Дубнава перыяд заснавання і развіцця ІВА наклаўся на інтэнсіўную працу па ўкладанні, рэдагаванні і перакладзе яго найважнейшых работ. Зразумела, што ён не жадаў траціць час на адміністратыўныя абавязкі, якія лічыў больш прыдатнымі для маладзейшых навукоўцаў.

Як ён і абяцаў, Дубнаў стаў нярэдкім аўтарам у часопісах ІВА. Інстытут жа зрабіўся выдаўцом ідышных перакладаў многіх дубнаўскіх работ. Так, у 1931 і 1933 гг. выйшла «Geshikhte fun khasidizm» («Гісторыя хасідызму») у ідышным перакладзе Калмановіча – якраз тады, калі кніга ўпершыню з’явілася на іўрыце…

Пераклаў з амерыканскай В. Рубінчык

Арыгінал: Cecile E. Kuznitz, YIVO’s “Old Friend and Teacher”: Simon Dubnow and his Relationship to the Yiddish Scientific Institute, in: Jahrbuch des Simon-Dubnow-Institut/Simon Dubnow Institute Yearbook 15 (2016), 477–507.  

Апублiкавана 24.10.2018  08:19