Да 100-годдзя паэта Гiрша Рэлеса

 

 
Вітаю Вас, сп. Арон! Заўтра споўніцца 100 гадоў з дня нараджэння паэта Гірша Рэлеса (23.04.1913 – 17.09.2004). Суполка “Шах-плюс” толькі што выдала яго зборнік на ідышы і беларускай – гл. вокладку і некаторыя матэрыялы, якія ўвайшлі ў кнігу. Таксама вось спасылка на выкананне Рэлесам куплета з песні пра сваё роднае мястэчка Чашнікі: http://www.youtube.com/watch?v=o8yVeWC0P_M
Вырашайце самі, што з гэтага ставіць на Вашым сайце…
З павагай, Вольф Рубiнчык.
Мінск, 22.04.2013.

 

Анатацыя

Рэлес Гірш. Цяпер так… – Мінск: Шах-плюс, 2013. – 96 с. Гэты зборнік складзены з трох дзясяткаў вершаў вядомага яўрэйскага пісьменніка Рыгора Львовіча Рэлеса (1913–2004). Усе вершы падаюцца на ідышы і па-беларуску; многія пераклады (пазначаныя ў змесце зорачкай * ) друкуюцца ўпершыню. Прапанаваны таксама біяграфічныя звесткі пра юбіляра і нарыс Рыгора Барадуліна, прысвечаны Рэлесу.

Прадмова

Аўтар гэтага зборніка – наш зямляк Гірш (Рыгор) Рэлес, з дня нараджэння якога сёлета мінае акурат 100 гадоў. Пяру Гірша Рэлеса належаць шматлікія нарысы, апавяданні, аповесці, п’есы, жартаўлівыя і лірычныя мініяцюры, але сам ён сябе ўважаў перадусім за паэта. Таму да яго юбілею мы вырашылі падрыхтаваць менавіта зборнік вершаў і надрукаваць яго паралельнымі тэкстамі: на мове аўтара – ідышы – і ў перакладзе на беларускую.

У арыгіналах мы палічылі патрэбным захаваць познесавецкую граматыку мовы ідыш, якою нязменна карыстаўся Гірш Рэлес і якую ён выкладаў на курсах ідыша пры Мінскім аб’яднанні яўрэйскай культуры імя Ізі Харыка. Прычынаю таму не толькі даніна павагі самому пісьменніку, але і тая акалічнасць, што не ўсе чытачы на ідышы ў Беларусі прывыклі да граматыкі, прынятай у замежжы.

Дзякуй усім, хто спрычыніўся да выдання кніжкі, а перадусім шаноўным фундатарам праф. Алесю Бельскаму, Ісаку Рабіновічу, Святлане Рубінчык (усе з Мінска). Асобная падзяка – Сусветнай асацыяцыі беларускіх яўрэяў.

Кароткая біяграфічная даведка

Рыгор (Гірш) Рэлес нарадзіўся 23 красавіка 1913 года ў мястэчку Чашнікі на Віцебшчыне. Закончыў Віцебскі яўрэйскі педтэхнікум, Мінскі педагагічны інстытут імя М. Горкага. Працаваў настаўнікам у яўрэйскіх сярэдніх школах, а пасля іх закрыцця ў рэчышчы сталінскай нацыянальнай палітыкі – у рускай сярэдняй школе і школе працоўнай моладзі ў Слуцку, Наваградку і Мінску. У час Другой сусветнай вайны служыў у Чырвонай Арміі. Пэўны час працаваў у рэдакцыі беларускага сатырычнага часопіса «Вожык».

Вершы Р. Рэлес пачаў складаць у дзяцінстве, падахвочаны сваім бацькам Лейбам – аматарам яўрэйскай і сусветнай літаратуры, які сам рабіў літаратурныя спробы, але без колькі-небудзь заўважнага поспеху.

У 1931 годзе ў яўрэйскім савецкім друку пачалі з’яўляцца нарысы Рэлеса. Перад самай вайной у Мінску выйшлі першыя зборнікі яго вершаў на мове ідыш – «Пачатак» (1939) і «Вершы» (1941).

Пасля вайны пэўны час пісьменнік быў змушаны перапыніць літаратурную дзейнасць у сувязі з разгромам Яўрэйскага антыфашысцкага камітэта і разгорнутай у СССР шырокай антысеміцкай кампаніяй, што цягнулася да самай смерці Сталіна. Рэлес быў выключаны з Саюза пісьменнікаў БССР. Зрэшты, магчыма, гэта ўратавала яго ад арышту.

Пасля смерці Сталіна Р. Рэлес быў адноўлены ў Саюзе пісьменнікаў, пісаў на рускай мове аповесці, прысвечаныя жыццю савецкіх педагогаў. Гэтыя аповесці перакладаліся на беларускую мову і друкаваліся ў рэспубліканскіх выданнях.

У 1960-я гады, пасля адкрыцця часопіса «Саветыш геймланд» і газеты «Бірабіджанэр штэрн» (на ідышы), зноў вярнуўся да творчасці на сваёй матчынай мове, рэгулярна выходзіў да чытача з вершамі, нарысамі, гумарэскамі. З’явіўся шэраг кніг яго паэзіі і прозы на ідышы і ў перакладах на беларускую і рускую мовы. Пісьменнік шмат ездзіў па былых мястэчках Беларусі, збіраючы яўрэйскі фальклор.

У гады «перабудовы» і пазней Р. Рэлес актыўна працаваў у Мінскім аб’яднанні яўрэйскай культуры, вёў курсы мовы ідыш. У гэты перыяд творы Рэлеса пачалі друкавацца ў яўрэйскіх выданнях ЗША, Велікабрытаніі і Ізраіля.

Р. Рэлес шчыра вітаў набыццё Беларуссю незалежнасці. У гэты час ён пачаў працаваць над кнігай мемуараў «Яўрэйскія савецкія пісьменнікі Беларусі». Працу гэтую пісьменнік скончыў незадоўга перад тым, як пакінуў жыццё. Кніга была выдадзена ў Мінску на ідышы ў 2004 годзе. На шчасце, Рыгор Рэлес паспеў патрымаць у руках свой апошні твор і парадавацца з гэтае нагоды.

Да апошняга дыхання Р. Рэлес прапагандаваў творы яўрэйскіх пісьменнікаў, выступаў перад чытачамі, спрыяў вывучэнню мовы ідыш. Ён быў гарачым прыхільнікам шырокага перакладання яўрэйскай літаратуры на беларускую мову, якой свабодна валодаў і ахвотна карыстаўся.

Рыгор Барадулін

ІСКРА Ў ПОПЕЛЕ

Драўляны дом па вуліцы Энгельса. Халодная падлога, бо зямля блізка. На вакне ляжаць спелыя, сакавітыя, як лаянка балаголаў, ігрушы. П’ём нейкае саматужнае віно. Не слабое й не моцнае. Хаім Мальцінскі, якому радзіма аддзячыла ссылкай за тое, што дайшоў да Берліна, страціў нагу, ды я, востракадыкі і стогачупрынны малады паэт, у высокага, танклявага, спакойнага настаўніка школы рабочае моладзі й яўрэйскага паэта. Мне гаспадар дае самую большую ігрушыну. Мне ў выдавецтве даверылі перакласці кнігу вершаў Рыгора Рэлеса. З гэтае кнігі, якая выйшла й называлася «Бяроза пад акном», пачыналася мая перакладчыцкая праца, праца, якую аднойчы Васіль Быкаў назваў дужа смалістай.

Вершы й разважлівыя, роздумныя, й па-яўрэйску хітравата-мудрыя, паэмы з незабытым местачковым каларытам. Перакладаць было й цяжка, бо першы раз цалкам кніжку рабіў, і ўсцешна, бо пазнаваў і сваё мястэчка. Вушача й Чашнікі – радзіма Рыгора Львовіча Рэлеса – геаграфічна й душэўна блізкія.

Быў у рукапісе верш «Іскра ў попеле», ён тагачаснай рэдактуры на чале з загадчыкам, якога мастак Юзаф Пучынскі называў варшаўскім афіцыянтам, здаўся крамольным. Відаць, адчулі, што гэта была не марксісцкая іскра ды яшчэ ў попеле. Знялі, каб не азмрачаць ясныя й пільныя вочы цэнзуры, якая цнатліва, быццам тая прасталытка, называлася Галоўлітам. Пра аплату й казаць не варта. І аўтару й перакладчыку заплацілі па стаўках меншых, чымся плоцяць машыністкам за перадрук. Яшчэ ва ўмовах канспірацыі па-бальшавіцку насіў аўтар сувеніры ў шкляной упакоўцы памянёнаму загадчыку рэдакцыі. Але кніга выйшла й разышлася. Не залежалася. Хоць, як цяпер разумею, рабіў я з сырадою парашковае малако.

Потым перакладаў падборкі вершаў Рыгора Рэлеса й паэмы. Што называецца, ужыўся ў паэтычны свет. (…)

Рыгор Рэлес з’ездзіў усю Беларусь, запісваў, збіраў рэшткі мудрасці свайго народа. Пісаў пра яўрэяў, якія ацалелі ад навалы. Дый сам паэт цудам ацалеў ад перадваеннага й пасляваеннага хапуна. Можа, таму, што прымаў, як яўрэі кажуць, лыжку нематы. І яшчэ ратаваў Рыгора Рэлеса гумар. Відаць, і ў пекле жыве гумар. Забылася чорнае, страшнае, засталося ў памяці вясёлае. Смех праз слёзы, ці што. Помняцца Чашнікі, помняцца землякі, якія таксама ратаваліся гумарам.

У першыя гады савецкай улады суддзёй зрабілі шаўца Мэндэле. Першы суд. Судзяць канакрада. Новапрызначаны суддзя пытаецца:

– Як па старым кодэксе, колькі гадоў?

– Чатыры.

– А скідкі ёсць?

– Парабак.

– Два гады далоў.

– У Чырвонай Арміі служыў.

– Яшчэ два гады скінуць.

– У арцель уступіў першы.

– Яшчэ два гады далоў.

Атрымалася шэсць гадоў скідак. І ў выніку вынеслі рашэнне: цяпер, калі ўкрадзе збрую, будзе ў разліку.

Праўда, пазней, калі савецкая ўлада ўбралася ў пер’е, як кажуць, судзілі прасцей. Суд над Ізі Харыкам са смяротным прысудам доўжыўся 15 хвілін. Нарасло савецкіх прафесіяналаў.

А чаго варта лірычна-камічная навела пра чашніцкага ваданоса. Калі Рэлес вучыў Біблію, дык Майсей уяўляўся яму гэтым ваданосам. Насіў ваду з крынічнай Вулянкі. За суды (два вядры) браў пяць капеек. Калі яму аднойчы гаспадыня хацела заплаціць тры капейкі, аднёс ваду назад і выліў у рэчку. Палічыў за абразу вады. Па ваду йшоў задворкамі, каб не сустрэць каго з пустымі вёдрамі. Шанаваў беларускую традыцыю. Бо сустрэць каго ці перайсці дарогу з пустым – на няўдачу. І наадварот, ад рэчкі з поўнымі вёдрамі йшоў па галоўнай вуліцы. З поўным – на шчасце, на шанцаванне. Ваданос дужа клапаціўся пра рэчку. Глядзеў, каб не пралі бялізну, каб дзеці купаліся ўніз па плыні. І калі пабудавалі каля ракі фарбавальню, прыгразіў, што спаліць яе. За гэта пасля прыпісалі яму правы ўхіл. Нейкі час працаваў на каланчы ў пажарнай. А пасля змушаны быў уцякаць ад рэпрэсіі як праваўхіліст.

У тых жа Чашніках цырульнік некага галіў і на момант пакідаў яго намыленага, каб паглядзець у вакно, якая ўлада на вуліцы.

У Віцебску, як малады журналіст, часта сустракаўся Рэлес з Пэнам – настаўнікам Шагала. Неяк Пэн расхвалявана заўважыў пра свайго вучня:

– Я яго вучыў-вучыў, а ён малюе чорт ведае што.

– І сапраўды, мазня, – захацеў падтрымаць старога майстра Рэлес.

Ды Пэн адразу ўзарваўся:

– Не ўздумай так называць!

Рэлес не здаваўся:

– У яго й людзі й каровы лётаюць.

Пэн працягваў:

– Ты пішаш як усе. У цябе ў вершах могуць людзі лётаць?

– Могуць. Гэта ж у вершах, – пасмялеў малады паэт.

– Дык вось у Шагала яны лётаюць на палотнах. Вуха да гэтага прывыкла, а вока не прывыкла й ніколі не прывыкне, – скончыў гаворку Пэн.

Альбо як Пэн хадзіў на базар. Усе яго ведалі. Віцебск да вайны быў хатнім горадам. Пэнавы творы выразалі з газетаў і на сцены вешалі. І, зразумела, прадавалі яму ўсё віцяблянкі за сімвалічную цану. А Пэн, прыйшоўшы з базару, дзівіўся:

– І чаму гэта скардзяцца, што на базары дарагоўля? Усё дужа танна…

Ахвотна распавядае Рэлес пра літаратурнае жыццё з яго рэвалюцыйным пафасам.

Ізі Харык сабраў маладых ударнікаў у літаратуры. Перад гэтым на нейкай гарбарні сказалі напісаць хто што можа, бо будуць вызначаць па жанрах. І напісалі, й сабраліся. Адзін чытае: «Шумеў лес. Па лесе бегла дарога. Па дарозе ехала фурманка». Значыцца, празаік. Другі чытае: «На суку сядзела варона. Лісіца пытаецца ў вароны…» Байкар. Самы нервовы пачынае лямантаваць: «Рукі мае, ногі мае, вочы мае…» Заключаюць:

– Лірык.

– Абы не поц! – сказаў той пакрыўджана й сеў.

А нехта заяўляе, што ён на беларускай мове напісаў, і чытае:

Іду па цаху я,

А вецер лютуе.

Андрэй Александровіч, пралетарскі паэт, зазначае, што паэт піша адразу на некалькіх мовах. (…)

Пра свайго таварыша Хаіма Мальцінскага ўзгадвае паэт і такое. Мальцінскі злавіў ката з чатырма белымі лапкамі ды занёс у кабінет да кіраўніка БелАППа, кажучы: «Вы не БелАППы, во сапраўдны белап».

Гарэзлівы ўспамін у Рэлеса пра Цодзіка Даўгапольскага, якога я застаў і запомніў старым класікам яўрэйскай літаратуры. Малады Цодзік Даўгапольскі ў творчае камандзіроўцы ў мястэчку ходзіць і лічыць зоркі ў небе. Падыходзіць стары яўрэй і пытаецца:

– І чым вы гэта займаецеся?

– Паэзіяй, – адказвае Даўгапольскі.

– А што такое паэзія?

– Ну як вас завуць?

– Мота.

– Ну вось: Мота, сюкай у балота.

– І гэта паэзія? Дык і я так сумею. Ну, а як вас завуць?

– Цодзік.

– Цодзік, сюкай у лазні.

– Дык не гучыць.

– А ты падстаў тазік.

Дарэчы, калі я сказаў неяк Рэлесу, што ён яшчэ маладзявіта выглядае, ён мне адказаў: «Цодзік Даўгапольскі ў такіх выпадках удакладняў – пераніцаваны на трэці бок».

І вясёлыя й сумныя гісторыі, здарэнні, прыгоды. Усё гэта можна пачуць ад Рыгора Рэлеса, рупнага ахавальніка агменю яўрэйскага.

І калі я даволі-такі не мякка запытаўся ў Рыгора Рэлеса, чаму ён не едзе ў зямлю абяцаную, адказаў мне яўрэйскі паэт прыпавесцю свайго старога знаёмага: «Бачыш гэтую шафу, яна стаіць, а пачні рухаць – рухне».

Выпіўшы чару гаркоты поўную, аж з коптурам, Рыгор Рэлес захаваў мудрую ўсмешку і нават насмешку з сябе. Гэта й трымае яго.

Як іскра ў попеле, паэзія Рыгора Рэлеса. Не дае прыску роднае мовы астыць.

P.S. У чарнавіках знайшоў я гэтую «Іскру». Перачытаў, і не магу даўмецца, што ў ёй крамольнае знайшлі ў Галоўліце.

Іскра ў саломе –

жах.

Полымя ўспыхне кудлата.

Сотні па сцежках, шляхах

з торбамі пойдуць па хатах.

Іскра ў снезе –

вада,

Кропля, што знаку не кіне.

Дзьмухне вятроў валадар –

Белай лядзяшкай застыне.

Іскра ў прысаку –

тлен.

Нельга атухлай сагрэцца.

Бо адпалымнеламу –

тлець,

Двойчы вагню не ўзгарэцца.

Гэтая іскра –

ўспамін,

Робіць далёкае блізкім.

Ёй полымна цемру не змыць,

Ды ўсё-такі гэта –

іскра.

1993, 1998

Крыніцы: Барадулін Р. Збор твораў. Т. 4. Крытычныя артыкулы, успаміны, літаратурныя запісы. Мінск: Маст. літ., 2002. С. 262–266; Барадулін Р. Толькі б яўрэі былі!.. Кніга павагі і сяброўства. Мінск: Кнігазбор, 2011. С. 23–27.

А так выглядае вокладка зборнiка (малявала Алена Сарока):

vokladka

 

ПАМЯЦІ СЛАВУТЫХ ЗЕМЛЯКОЎ
Чашніцкая цэнтральная раённая бібліятэка правяла для вучняў старэйшых класаў СШ №1 літаратурны вечар «Праз скрыжаваны агонь», прысвечаны 100-годдзю са дня нараджэння Рыгора Рэлеса. Школьнікі даведаліся пра цікавыя звесткі з яго біяграфіі, пазнаёміліся з творчасцю.  На літаратурным вечары ўзгадалі пра нашых пісьменнікаў-землякоў Г. Пашкова і А. Шашкова.
У чытальнай зале была аформлена выстава «Сэрцам з родным краем», на якой — творы трох аўтараў. Увазе хлопцаў і дзяўчат прадставілі таксама буклеты, якія спецыяльна падрыхтавалі да юбілейных дат славутых землякоў супрацоўнікі Чашніцкай цэнтральнай раённай бібліятэкі.
Наталля СТУКАЛАВА. (http://www.chyrvonka.by/?p=5565 29.04.2013)

Апублiкавана 22.4.2013