В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (70j)

Шалом ці не шалом? Шалом!

Яшчэ раз – каторы ўжо? – пра Беларускую народную рэспубліку. Тут некаторыя альтэрнатыўна адораныя гісторыкі даводзілі, што пра яе стварэнне трэба ведаць, але не трэба ганарыцца, а мінскі яўрэйскі актывіст Ю-н ім падтакваў. Дык вось, я з тых, хто ганарыцца, хоць і не скача да столі. Малавопытныя палітыкі, у тым ліку і яўрэі, прадчуваючы контррэакцыю на свае ініцыятывы, амаль не маючы грошай, у 1918 г. не збаяліся супердзяржаў і голасна заявілі пра палітычныя прэтэнзіі беларускага народу. Далей касякамі пайшлі памылкі (тая ж тэлеграма кайзеру), але прынамсі зачын заслугоўвае павагі.

Флаер мінскай крамы – наіўная камерцыялізацыя БНР (прад’яўніку зніжка 15% :))

На пачатку красавіка «грымнула» (а папраўдзе, не – апублікавалі і забыліся) даследаванне амерыканскага Цэнтра П’ю аб антысемітызме ва ўсходняй і паўднёвай Еўропе. Згодна з гэтай картай, 13% беларусаў у 2015-2016 гг. не хацелі бачыць яўрэяў грамадзянамі сваёй краіны.

Не вывучыўшы метадалогію даследавання, цяжка ўзяць і цалкам згадзіцца з гэтымі звесткамі. Але ж мой досвед – і досвед майго кола – збольшага пацвярджае вынікі. Вядома, калі cлухаць заявы афіцыйных асоб, чытаць тутэйшыя газеты або проста хадзіць па вуліцах, то можна нічога не заўважыць… Насамрэч апошнім часам бадай у кожным калектыве мінімум кожны дзясяты (або дзясятая) будзе балбатаць пра шкоднасць яўрэяў, іхняе засілле ў органах улады. Большасць калегаў не пажадаюць з ім (ёй) спрачацца – ці то праз частковую згоду, ці то праз нежаданне «пэцкацца».

Здавалася б, 10% або нават 13% – не так многа; вунь колькі юдафобаў даследчыкі налічылі ў Польшчы і Літве… Ды жывучы тут і цяпер, не надта зважаеш на становішча ў суседніх краінах – баліць найперш сваё. Мільён антысемітаў на краіну, а сярод іх, напэўна, кожны дзясяты не супраць перайсці ад слоў да справы?! Пачынаеш лепей разумець яўрэяў-кансерватараў, якім хоць які, абы «парадак у краіне»: умоўна, 100 тыс. патэнцыйных агрэсараў на 10 тыс. яўрэяў заўсёды будуць адчувацца як пагроза.

Нехта скажа, што вірус латэнтнай юдафобіі блукае ў краіне праз асаблівасці цяперашняга рэжыму – прававы нігілізм, нягегласць ідэалогаў… Часткова, можа, i так, але даўно назіраю таксама схільнасць да перакладвання адказнасці на яўрэяў (то мясцовых, то расійскіх, а то на «сусветнае яўрэйства») у асяродках апанентаў рэжыму.

На казусе з «Белсатам» 2015 года не карціць ужо спыняцца. На жаль, ён вырас не на пустым месцы, як і сайт аднаго прафесара медыцыны, некалі – прыкметнага дзеяча БНФ, а цяпер шчырага змагара з «сацыяльнымі паразітамі». Вось праглядаю акаўнт «ВКонтакте» нейкага А. Літвінскага… Віншаванні са стагоддзем БНР, антыпуцінскія і антылукашэнскія пасты – і побач з імі паганства, узоры самай брыдкай юдафобіі. За месяц такіх набраўся хіба дзясятак.

Подпісы да калажу: «Дэмакратыя = яўрэйская дыктатура. Берлін-45. Перамога дэмакратыі». Гэта яшчэ не самы паскудны пост; бачыў таксама карыкатуры пра рытуальнае забойства на Песах і заклік распраўляцца з жыдамі за пажар у Кемерава.

Ізноў жа, хтосьці скажа: «Ну, правакатар або маргінал гэты А. Л…» Магчыма, але я не паленаваўся і праверыў, хто лайкае яго брыдоту – дзясяткі рэальных людзей з Беларусі, як мужчыны, так і жанчыны (ад 19 і да 50+). Сацыяльна адаптаваныя – сярод іх выпускнікі БДУ, універсітэта культуры, педунівера, тэхналагічнага ўніверсітэта, інстытута правазнаўства… Геаграфія: Барысаў, Брэст, Гомель, Гродна, Ліда, Магілёў, Мазыр, Мінск, Рагачоў, Стоўбцы… Некаторыя беларускамоўныя, а сёй-той лічыць сябе лібералам і мае (або меў) дачыненне да руху «Разам» ці АГП. Такая вось «вяршыня айсбергу» 🙁

Што з гэтым рабіць, пакуль не надта ведаю. Скардзіцца ў дзяржаўныя органы? Дык яны ўмеюць толькі ствараць пакараным «арэол пакутнікаў». Перавыхоўваць шляхам асветы? Па-першае, перавыхаванне дарослых рэдка працуе, а па-другое, асветай займаюся з пачатку 2000-х, шмат гадоў спрабаваў наладзіць дачыненні паміж яўрэямі і беларусамі; прызнацца, плён ад маёй дзейнасці даволі сціплы. Лакальныя поспехі – так, здараліся.

Мяркую, «халодная вайна» паміж Расіяй і «Захадам» не ідзе на карысць ані грамадству ў цэлым, ані беларускім яўрэям у прыватнасці. Пашыраецца тутака дыскурс варожасці/нянавісці, зашмат становіцца асоб, якія навязваюць свой «марсіянскі гуманізм» (чытайце пра яго ў Анатоля Кузняцова). Яшчэ пяць год таму я глядзеў на многае больш аптымістычна, хоць і тады адзначаў высокі ўзровень ксенафобіі ў РБ.

Эканоміка ў першым квартале 2018 г. быццам бы выйшла з піке, а між тым сістэма кіравання надалей дэградуе… Не так ужо памыляюцца тыя, хто прагназуе росквіт нацыяналізму пасля Лукашэнкі, прычым не ў грамадзянскай, а ў этнічнай версіі – з падзелам на «карэнных» і «некарэнных», «нашых» і «нянашых». Праўда, з новабудоўлямі тыпу Астравецкай АЭС усё можа скончыцца іначай і яшчэ больш сумна, колькі б не трындзеў адзін вядомы персанаж пра «дыктатуру тэхналогій».

 

«Хутка…» i беларускі Тытанік. Пазычана з акаўнта «Беларускія рагатулькі & коміксы»

Тутэйшая тэхналагічная дысцыпліна, пра якую не раз пісалася ў «Катлетах…», яскрава паказала сябе і на прадпрыемстве ў Белаазёрску. У свой час яно расхвальвалася як супольны ізраільска-беларускі праект, а скончылася ўсё тым, што крэдытор (дзяржаўны, па сутнасці, «Белаграпромбанк») страціў не адзін мільён долараў.

«Усіх вас у чувства прывяду!..»

Ды што мільёны! Тут і грамадскіх мільярдаў не шкадуюць. Калі верыць кіраўнікам саюзаў прадпрымальнікаў (у гэтым выпадку не бачу падстаў ім не верыць), «эканамічна правальнай аказалася мадэрнізацыя цэментнай галіны, што каштавала краіне 1,2 млрд дол.» Як грамадзяніна & пастаяннага жыхара Беларусі неяк мала суцяшае тое, што крывагаловыя чыноўнікі і гора-спецыялісты не скідваюць усё на яўрэяў… Пакуль?

* * *

Мінулым разам я разважаў пра магчымае аднаўленне манархіі ў Беларусі. Цалкам верагодна, што стомленаму жыццём неаманарху зусім не патрэбная адказнасць за ўсялякія там Белаазёрскі і Крычавы. Што ж, ахвярую ідэю: абвясціць сябе самадзержцам толькі на тэрыторыі, якая не будзе перавышаць па плошчы Ліхтэнштэйн (у Еўропе з яе карлікавымі дзяржавамі гэта прымуць на ўра). Напрыклад, праз рэферэндум можна было б вылучыць таварышу і яго прыдворным частку Мінска – паўночна-заходнюю, з Драздамі, «Белэкспа» і рэзідэнцыяй ля Камсамольскага возера. Назваць прапаную «Бацікан»; «крэпкія хазяйсцвеннікі» тыпу Мішы Мясніковіча замуцяць там і афшорную зону, і майнінгавыя фермы, і турысцкія цэнтры, і блэкджэк са шлюхамі… «Цывілізаваны свет» крыху афігее, а потым панясе ў дзяржаву-анклаў свае нячэсныя капіталы. Ну, а астатняя частка Мінска будзе цешыцца самакіраваннем – Рым жа даўно не залежыць ад Ватыкана. Больш за тое, і астатняя частка Беларусі адпачне ад…

Тым часам кіраўніцтва Беларускай федэрацыі шахмат не парылася над «пабочнымі» пытаннямі, а ініцыявала падачу заяўкі на правядзенне ў Мінску Сусветнай шахматнай алімпіяды 2022 года, балазе ў нашым горадзе прайшоў і прэзідэнцкі савет ФІДЭ (7-8 красавіка). Па-добраму зайздрошчу тым, хто плануе сваё жыццё на 4 гады ўперад. Праўда, на тое, што к 2022 году ў Беларусі не будзе радыкальных змен (гл. вышэй), я б шмат не паставіў. Мясцовы «куратар» федэрацыі Максім Рыжанкоў можа страціць ключавую пасаду ў адміністрацыі Лукашэнкі ды зноў з’ехаць за мяжу, забугорны куратар імем Кірсан сваё месца ўжо фактычна страціў… І наўрад ці тыя, хто ідзе яму на замену (Макропулас, Азмайпарашвілі…), істотна лепшыя. Адылі візіт шахфункцыянераў пацешыў ужо тым, што паказаліся загалоўкі кшталту: «На пасяджэнні ў Мінску запатрабавалі неадкладнай адстаўкі прэзідэнта». Сёння – Ілюмжынава, а заўтра – хто ведае? 🙂

Федэрацыя адным разам запрасіла і Барыса Гельфанда, ізраільскага супергроса, які хуценька падтрымаў ейную заяўку на Алімпіяду… Зараз Барыс Абрамавіч трэніруецца з беларускімі гросмайстрамі, 14 красавіка мусіць адбыцца «музейны» сеанс адначасовай гульні, які ўжо анансаваўся, а 15 красавіка «вельмі светлы і шалёна цікавы чалавек» правядзе «творчую сустрэчу» з усімі ахвотнымі (уваход – 10 рублёў). «Ізраіль становіцца бліжэй» 🙂

А вось і яшчэ добрая навіна: Рыгор Васілевіч, былы старшыня канстытуцыйнага суда (да 2008 г.) і генеральны пракурор (2008–2011), а цяпер сціплы загадчык кафедры ў БДУ, на «круглым стале» ў палаце прадстаўнікоў выказаўся за тое, каб сесіі «парламента» часам вяліся па-беларуску, каб суддзі і пракуроры былі абавязаны ведаць беларускую мову. Не прайшло і 15 гадоў, як спахапіўся «заслужаны юрыст»: ну, лепей позна…

З газеты «Новы час», люты 2004

Нагадаю: колькі год таму д-р Васілевіч гучна выступіў за ўвядзенне ў Беларусі пасады ўпаўнаважанага па правах чалавека (омбудсмена), напісаў канцэпцыю з 27 старонак, прадстаўніцтва ААН гэта ўсё ўхваліла… І цішыня. У прынцыпе, загадзя было ясна, што «першая асоба» не захоча дзяліцца паўнамоцтвамі з нейкім там омбудсменам нават пасля вернападданай прапановы адстаўнога чыноўніка. Карацей, калі б Гогаль пісаў свае «Мёртвыя душы» ў сучаснай РБ, я здагадваюся, хто стаў бы прататыпам Манілава 🙂 Горш тое, што замежныя ды міжнародныя арганізацыі – не толькі ААН – упарта заахвочваюць манілаўшчыну па-беларуску.

Маё адчуванне такое: валтузня з «беларусізацыяй заканадаўства», рэгістрацыяй-ліцэнзаваннем «нацыянальнага ўніверсітэта» скарыстоўваецца збольшага для таго, каб інфармацыйны шум у краіне забіваў больш важныя праблемы. Той жа наезд на «дармаедаў», з якіх чыноўнікі зноў спрабуюць стрэсці ламаныя грошы (гл. пастанову ўрада № 239 ад 31.03.2018). Ірына Халіп небеспадстаўна лічыць, што збор інфармацыі пра грамадзян у працэсе рэалізацыі «дэкрэта № 1» – чарговы наступ на таямніцу прыватнага жыцця.

Калі ўжо займацца «малымі справамі», то без лішняга шуму… Ідэя (пера)назваць адну з вуліц аграгарадка Быцень Івацэвіцкага раёна ў гонар ураджэнкі мястэчка Быцень Цыўі Любеткінай, гераіні паўстання ў Варшаўскім гета, мне сімпатычная. Пад такім зваротам я б падпісаўся незалежна ад рознагалоссяў з ягоным ініцыятарам – гісторыкам Алесем Белым – аднак мой асобна ўзяты подпіс зараз не мае вагі, яго і не просяць.

Ц. Любеткін (1914–1976) у розныя гады. Па вайне яна жыла ў Ізраілі, засноўвала кібуц «Лахамей а-Гетаот».

Напэўна, Белы мае рацыю, турбуючы яўрэйскія суполкі, каб яны зацікавіліся справай; людзі ва ўладзе больш лічацца з петыцыямі ад «грамадскасці». Ды ўвогуле… «Калі ў вас ёсць якая-небудзь мэта і які-небудзь інтарэс, стварыце арганізацыю. Арганізацыя перажыве вас, палітычную фармацыю, змену сезонаў…», – раіць расійская паліталагіня Кацярына Шульман. Парада небясспрэчная, бо замнога фармальнасцей вымагае ўтрыманне грамадскіх арганізацый у Беларусі і Расіі (падазраю, што і ў Ізраілі), але тое, што змагацца лепей не самотна, а гуртом, тое зразумела.

Вольф Рубінчык, г. Мінск

wrubinchyk[at]gmail.com

10.04.2018

***

Рэд.: Мяркую, спадабалася? Жадаеце і далей атрымлiваць праўдзiвую iнфармацыю? Тады падтрымайце незалежны сайт.

Апублiкавана 10.04.2018  21:09