Было паўдня. Я ляжаў у ценю грыбка на пясчаным пляжы, а за колькі метраў ад мяне плюхалася Міжземнае мора. Ліпеньскае паветра было такое напаленае, што нават чайкі, якія зазвычай турбавалі ўзбярэжжа сваім рэзкім гартанным крыкам, у той дзень маўчалі. Стаяў такі неймаверны сквар, што стамляла адна толькі думка пра які-небудзь рух або размову. Здавалася, што цішыня гэтая – нешта натуральнае, арганічна злучанае з усім наваколлем, і што яна гэткая ж бясконцая, як прыбярэжны пясок.
Але неўзабаве цішыня была парушана. Пачуліся галасы, і з-за раздзявальняў выйшлі трое падлеткаў з дзяўчынкай гадоў сямі, адзетай у паветраную белую сукеначку. Мальцы крочылі да мора, са смехам нешта гаворачы, а дзяўчынка бегла побач і не адводзіла вачэй ад чарапахі, якую адзін з іх трымаў у руцэ. Яны зайшлі пад суседні грыбок і спыніліся. Заўважыўшы погляд дзяўчынкі, які палаў ад цікаўнасці, малец шырокім жэстам працягнуў ёй чарапаху: «Дару». Дзяўчынка замерла. «Ну, бяры ж!» – рука з чарапахай амаль датыкалася да ейнага твару. І чым даўжэй дзяўчынка глядзела на чарапаху, тым больш яе ахоплівала агіда.
А чарапаха марудна паварочвала сваю галаву на доўгай, як у змяі, шыі з неразумнымі вачыма, і бездапаможна варушыла ў паветры крывымі лапамі. Дзяўчынка адхінулася ад працягнутай рукі.
– Натан, навошта палохаеш яе? – умяшаўся хлопец у дымчатых акулярах. – Я летась прынёс з лесу вужаку, дык яна толькі ўбачыла яго – самлела.
– Выбачай, Шымон. Я ж не ведаў, – вымавіў Натан. – Зараз выкіну гэтую чарапаху, дый годзе.
– Дай яе сюды, – сказаў трэці і, забраўшы чарапаху, падышоў да лагчынкі ў пяску, у якую прыбой пасля нядаўняга шторму выкінуў водарасці, дошчачкі, трэсці і іншы хлуд. Хутка склаўшы іх у колца, ён змясціў чарапаху ўсярэдзіну і, чыркануўшы запальнічкай, падпаліў яго адразу з некалькіх бакоў. Высушаныя сонцам водарасці ўспыхнулі, бы палітыя бензінам.
– Ілья, ты што робіш? – жахануўся Натан.
– Я неяк вычытаў у адной кніжцы, што смажаная ва ўласным панцыры чарапаха – далікатэс новазеландскіх і аўстралійскіх тубыльцаў. Баюся толькі, што нам без солі яна падасца трохі прэснай. Але на галодны страўнік з’ямо яе і без солі, – адказаў Ілья, падкладваючы трэскі.
– Можа, не варта, Ілья? – ціха спытаў Шымон, з апаскай пазіраючы на сціхлую сястру.
– А мне нешта і есці расхацелася, – сказаў Натан. – Пайшлі лепей купацца!
– Што, зломкі? – Ілья з пагардай паглядзеў на сяброў. – Эх вы, кісейныя паненкі! А вось я з асалодай паем ча-ра-па-ша-ці-ны.
Чарапаха марудна поўзала ўнутры кола. Трэск вогнішча палохаў яе, а вочы, звыклыя да сутоння ў падводным царстве, былі аслеплены агнём. Яе падганяў інстынкт самазахавання, і чарапаха рухалася ўперад у пошуках выратавальнага выйсця, штораз тыцкаючы сваёй неразумнай галавой у полымя. Ілья падкладваў трэскі з унутранага боку кастра, сціскаючы вакол ахвяры вогненнае колца.
Чарапашыя кругі рабіліся ўсё меншыя, меншыя, і вельмі скора яна закруцілася ваўчком, соўгаючы лапкамі па вогненным друзе. Яны тапталі распаленыя вуголлі, як быццам жадаючы патушыць касцёр, і праз гэта ўзняўся цэлы сноп іскр. Засмярдзела паленым мясам.
Нечакана чарапаха спынілася і, ратуючыся ад жару кастра, падняла сваю змяіную галоўку з маленькімі, як пацеркі, вачыма. І ў гэты момант вочы чарапахі сустрэліся з пільным поглядам дзяўчынкі. У чарапашых вачах, як у люстэрку, адбіваліся сполахі агня. Яны былі пустыя і бессэнсоўныя, але ўсё ж там было столькі невыказнай мукі, што дзяўчынка так і не змагла адарваць ад іх свой погляд. І тут яна ўбачыла, а можа, гэта ёй толькі здалося, што з чарапашых вачэй скаціліся дзве вялікія празрыстыя слязіны. Пачуццё бязмежнага шкадавання да жывой істоты, якая церпіць гэткія жахлівыя пакуты, запаланіла яе.
– Нельга! Не! – выгукнула яна, і, паваліўшыся на калені, сунула рукі ў касцёр акурат у той момант, калі над чарапахай змыкалася полымя.
Выхапіўшы яе з агню, дзяўчынка ўскочыла на ногі. Па твары цяклі слёзы шкадобы і спачування, а крохкія плячукі скаланаліся ад ледзь стрыманых рыданняў.
Нешта няўцямна лапочучы, дзяўчынка кінулася да мора. Зайшоўшы ў ваду, яна клапатліва апусціла чарапаху ў набеглую хвалю. Але мора чарапаху не прыняло: хваля мякка вынесла яе на бераг і з ціхім шоргатам адышла назад. Чарапаха ляжала на пяску і не варушылася, а над ёй стаяла дзяўчынка і горка, наўзрыд, плакала ад адчаю і бяссілля, размазваючы па твары слёзы чорнымі ад куродыму рукамі.
Марская хваля асцярожна абмывала чарапаху. Неўзабаве тая аджыла. Спачатку прыўзняла галоўку, потым заварушыла абгарэлымі лапкамі.
Чарапаха, пакідаючы след на пяску, паўзла ў мора. Нарэшце, заграбаючы лапкамі, яна паплыла ўсё далей і далей ад берага.
– Гэта ж трэба, і не самлела… – задуменна вымавіў Шымон, гледзячы на сястру.
Хлопцы паглядзелі адно аднаму ў вочы і адразу апусцілі вочы.
А ў моры, па калена ў вадзе, стаяла маленькая дзяўчынка. Усё яшчэ скаланаючыся ўсім целам ад нядаўніх рыданняў, яна махала чарапасе ценькай ручкай…
Чарапаха сплыла. Рабяты падышлі да дзяўчынкі. Яны доўга пра нешта гаманілі, але з-за пошуму марскіх хваль ніхто іх чуць ужо не мог.
Шымон і Натан, узяўшы дзяўчынку за рукі, пайшлі ўдоўж берага. Ілья яшчэ некаторы час глядзеў ім услед, а потым пабрыў у процілеглы бок.
І толькі касцёр, які падзяліў іх, патрэскваючы, дагараў на распаленым пяску.
Пераклаў з рускай Вольф Рубінчык (г. Мінск)
Паслухаць, як Ілья Змееў з Варшавы чытае гэтае апавяданне Леаніда Нузбраха ў арыгінале, можна тут.
Апублiкавана 08.02.2018 01:22