МЭІР ШАЛЕЎ ПА-БЕЛАРУСКУ! (ІІІ)

Мэір Шалеў

Дом вечнасці для першапраходцаў

Урывак з раманa. Раней друкаваліся два ўрыўкі – тут і тут.

Трэці раздзел

Мешулам Цыркін хітаў галавой пры канцы кожнага сказу, а чупрына яго сівых валасоў цягнулася следам, нібыта шлейф. Горкія зморшчыны на шчаках сабраліся ў столкі. Змалку не любіў я гэтага гультая, што жыў на другім канцы вёскі. Заўжды ён ляпаў мяне па плячы і казаў:

– Чаму так мала мазгоў і так шмат мяса? – і тонка смяяўся.

Мешулам быў сынам Цыркіна-Мандаліны, які разам з дзедам, бабуляй Фейгай і Эліезэрам Ліберзонам заснавалі “Працоўную сябрыну імя Фейгі”. Цыркін-Мандаліна – руплівы селянін, першарадны музыка, і сёння ён пахаваны ў мяне.

Песя Цыркіна, мама Мешулама, была грамадскай дзяячкай і рэдка сядзела дома. Мешулам пад’ядаўся ў літасцівых суседак, праў уласную і бацьковую бялізну, але багоміў маму і ганарыўся яе ўнёскам у дабрабыт працоўнага руху. Яна адведвала яго раз-два на месяц, прыязджаючы са сваімі вялікімі грудзьмі і важнымі гасцямі. Гэта былі “таварышы з цэнтральнага камітэта”. Толькі нам, дзецям, якія гойсалі па вёсцы без справы, выпадала іх бачыць. Заўважаўшы шэры “кайзер”, што паркаваўся ля дзялкі Цыркіна, мой стрыечны брат Уры паведамляў, што “гэтыя прыехалі зноў: панюхаць гной і пафоткацца з цялятамі і пучком радыскі”.

У свеце, дзе мама – сыходзячая натура, Мешулам шукаў печкі-лавачкі ў іншых месцах. Ён не аддаваўся звычайным дзіцячым мроям. Паколькі ён валодаў чэпкай памяццю і магутнай прагай ведаў, дык старыя першапраходцы аплялі яго павутай, што адрознівалася ад той, якую яны спавілі вакол мяне, – і ён прыпаў да даследванняў, калецыянавання і дакументацыі. Мешулам вывучаў старыя статуты, расшыфроўваў лісты, прагортваў паперы, нагэтулькі старыя, што рассыпаліся падчас гартання, і гэтак суцяшаўся.

Ужо ў юнацтве ў яго атрымалася сабраць колькі экспанатаў, і ля кожнага ён пакінуў цыдулку, напісаную ад рукі.

“Матыка Ліберзона”, “Малочны бідон, 1923 г.”, “Першы плуг – выраб кузні братоў Гольдман”, і, вядома ж, “Першая мандаліна майго бацькі”. Калі вырас, ён дастаў са старога барака іржавыя дыскі з культыватара і старыя апырсквальнікі свайго бацькі, паправіў страху і запоўніў два малыя пакоікі дзіравым посудам і спарахнелай мэбляй. Гэтак паўстаў “Барак Першых”. Мешулам зрабіў рэвізію на падворках і па хатах, сабраў паедзеныя шашалем рэшаты для мукі, пральныя дошкі, медзяныя рондалі, якія ўжо пазелянелі. Нават адкапаў санкі, што ездзілі па балотнай твані.

– Трэба, каб ведалі, што тут было, – казаў ён. – Каб ведалі, што колісь, да таго як тут праклалі дарогу, тут узімку топлі вазы, і таварышы вязлі малако на малачарню балотнымі санкамі.

Асабліва ён ганарыўся нехлямяжым пудзілам Хагіт, каровай Эліезэра Ліберзона, бейруцка-галандскіх крывей, якая ў свой час зрабілася чэмпіёнкай краіны ў надоях і працэнтах тлушчу. Калі Хагіт састарылася, і Даніэль, сын Ліберзона, надумаў здаць яе на клейстар, Мешулам выскачыў, як піліп з канапель. Запатрабаваў тэрміновага сходу рады, дзе выказаў думку, што “нашу працавітую рагатую таварышку нельга пускаць на кілбасу і жэлацін”.

– Хагіт не ёсць банальным сельскагаспадарчым феноменам, яна колісь паслужыла важкім доказам кіраўніцтву габрэйскага паселішча, што ва ўмовах Блізкага Ўсходу не варта рабіць стаўку на чыстакроўных гальдштэйнаўскіх кароваў.

Камітэт кампенсаваў Ліберзону перадачу старой каровы Мешуламу, і нават паабяцаў узяць на сябе частку выдаткаў па яе ўтрыманні. Але Мешулам неўзабаве ўмярцвіў “працавітую таварышку” ладнай дозай мыш’яка, і пры дапамозе вэтэрынара набіў з вялізнага трупа пудзіла.

Цяпер Хагіт, з рота якой тырчалі сцябліны люцэрны, каторы год стаяла, наладаваная смярдзючымі сродкамі муміфікавання, на пярэдняй верандзе дома Цыркіна. Сa смочкаў яе славутага вымені тачыўся фармалін. Мешулам паліраваў яе поўсць, дзе мышыная атрута пакінула свой след у выглядзе вялікіх праплешын. Чысціў яе здзіўленыя вочы-шкельцы і зашываў разрывы ў скуры, бо вераб’і павыцягвалі адтуль саломінкі і вату для пабудовы гнёздаў.

Пудзіла наганяла жуду на ўсё паселішча, а асабліва засмучала старога Зайцэра, які вельмі сябраваў з Хагіт, і бачыў у аб’ёмах яе малака сімвал “узварушэння духу народнага”. Каб пабачыць яе, ён калі-нікалі прабіраўся з нашага падворка. Штораз як ён апынаўся перад ёй, дык, паводле ягоных словаў, у ім прачыналася мяшанка “агіды і ашаломленасці”.

– Горкая гарота наша Хагіт! – мармытаў ён сабе пад нос. – Пасля смерці ў Мешулама Цыркіна ёй давялося праглынуць сена больш, чым ёй адшкадоўваў Ліберзон за ўсё яе жыццё.

Але мой стрыечны брат Уры, які пляваць хацеў на ўсіх з высокай вежы і паглядае на ўсё паселішча з птушынага палёту кпіны, высунуў версію, маўляў, у гісторыі з музеефікаванай каровай калекцыянерства Мешулама ды яго даследванні ні пры чым.

– Хоць вы рэжце мяне, смочкі Хагіт нагадалі Мешуламу матку, – пастанавіў ён. І стуль я глядзеў на яго так, як гляджу да сённяшніх дзён – з зайздрасцю і замілаваннем.

У нашу вёску прыязджае шмат наведнікаў. Аўтобусы набіткаваныя турыстамі, школьнікамі – усе хочуць пабачыць справу рук бацькоў-заснавальнікаў. Расчуленыя, турысты паволі едуць па вулках паселішча, захапляюцца кожнай грушкай і курыцай, удыхаюць пахі зямлі і малака. Сваю экскурсію яны заўжды заканцоўваюць у гаспадарцы Міркіна, на маіх могілках.

Мешулам выставіў патрабаванне, каб аўтобусам забаранілі заязджаць у вёску да “Дома вечнасці для першапраходцаў” пакуль яны спярша не наведаюць “Барак Першых”, карову-рэкардсменку, не ўбачаць медаль, што звісае цяпер з набітай сенам шыі, – медаль, якім уганараваў Хагіт брытанскі генерал-губернатар.

“Дом вечнасці для першапраходцаў” калоў вочы вёсцы і яе ўстановам, але асабліва ненавідзеў яго Мешулам Цыркін. Аўтобусы прыязджалі ў гаспадарку Міркіна, дзеці з шырока расплюшчанымі вачыма, уражаныя турысты як зачараваныя блукалі паміж памытымі помнікамі і ружовымі кустамі, шэптам чытаючы па бронзавых літарах легендарныя імёны і п’ючы халодны сок, які малодшы брат Бускілы прадаваў наведнікам ля брамы – усё гэта рабіла Мешулама злосці поўныя косці.

Мешулам Цыркін ненавідзеў мае могілкі, бо я адмовіўся хаваць побач з ягоным бацькам яго матку, ветэранку кібуцнага руху Песю Цыркіну. Я хаваў тут толькі дзедавых сяброў, прадстаўнікоў другой аліі⃰. Песя Цыркіна была з трэцяй.

– На жаль, – сказаў я Мешуламу, які махаў перад маім носам прафсаюзным штогоднікам, дзе пісалася пра справу ўсяго жыцця ягонай маці – узаемны крэдыт сеткі агульнаізраільскіх універсамаў. – Твая мама – не з другой аліі⃰.

———————————————————————————————————————-

⃰Алія – даслоўна “ўзыходжанне”. Тут – хваля рэпатрыяцыі габрэяў у Зямлю Ізраіля. Адрозніваюць першую (1882–1903), другую (1904–1914), трэцюю алію (1919–1924) і гэтак далей – заўв. перакл.

———————————————————————————————————————-

– Нябожчыца не адпавядае ўмовам прыёму, – патлумачыў яму Бускіла.

Мешулам стаў пагражаць, што звернецца ў вышэйшыя інстанцыі. Я нагадаў пра ягоную колішнюю скаргу, калі стары Ліберзон укладаў “Альбом першапраходцаў”. Той не пагадзіўся надрукаваць у ім Песін здымак з тае самае прычыны.

– І акрамя таго… – дадаў Бускіла. – Твой тата яшчэ пры жыцці не хацеў, каб Песя была поруч.

Больш за ўсё злавалі Мешулама цынкавыя дамавіны, якія я прывозіў з аэрапорта. Ён ведаў – кожная труна, якая прыбывала з Амерыкі, прыносіла мне некалькі дзясяткаў тысяч даляраў.

– Якім правам ты хаваеш тут гэтых здраднікаў, а маю маці – не? – Мешулам сышоўся на крык.

– Кожны, хто прыбыў сюды з другой аліёй, мае права купіць у нас магілу, – адказаў я.

– Кожнага альтэр-какера, які прыцёгся сюды з усходняй Еўропы, два тыдні памахаў тут матыкай і даў драпака ў Амерычку, цяпер хаваюць у нас як героя?!

– Калі ласка – Роза Мунькіна! – закрычаў Мэшулам і паказаў на адзін з помнікаў, – матка ўсіх грахоў!

Роза Мунькіна, якая пазнаёмілася з дзедам яшчэ ў Макараве, была маім першым гешэфтам.

– Я распавяду табе пра Розу Мунькіну, – прамовіў Мэшулам з пагардай у голасе, пасля таго як убачылі ружовы помнік ля дзедавай магілы.

– Роза Мунькіна рэпатрыявалася з Украіны. Пазавіхалася які тыдзень у мігдаловым садзе ля Рэховата і ўбачыла, што гэтыя ўвіханні дрэнна адбіваюцца на скуры яе далікатных пальчыкаў. Тады Роза закідала ўвесь свет сваімі крамзолямі, маўляў, каб яе нехта выбавіў з гэтай краіны. У яе быў брат, ювелір, які іміграваў у Амерыку. Гэты брат зрабіўся габрэйскім першапраходцам па крымінальнай лініі, іншымі словамі, бруклінскім гангстэрам. Ён і даслаў Розе квіток да Нью-Ёрку.

Мэшулам з пагардай і пачуццём маральнай вышэйшасці паставіў бот на ружовую пліту.

 

KIBBUTZ MEMBERS WORKING IN THE STONE QUARRY OF KIBBUTZ EIN HAROD.

Працаўніцы ў Палесціне, пачатак ХХ ст.

– Падчас Першай сусветнай вайны, калі твой дзед і бабуля, мой бацька і Эліезэр Ліберзон траха не памёрлі ад голаду, а Зайцэра гвалтоўна мабілізавалі ў войска султана, Роза Мунькіна ўжо набывала чацвёртую краму гарсетаў у Бронксе. Калі “Працоўная сябрына імя Фейгі” атабарылася на землях нашай вёскі, Роза Мунькіна навярнулася ў рэлігію, узяла ў Балтымары шлюб з тамтэйшым галоўным рабінам і стала друкаваць за свой кошт антысіянісцкія пашквілі. У часе Другой сусветнай, калі твайго гаротнага дзядзьку Эфраіма паранілі немцы падчас службы ў брытанскіх камандас, Роза Мунькіна аўдавела, пасялілася ў люксе маямскага гатэлю і стала адтуль кіраваць некалькімі казіно свайго брата. Дасёння ў тэчках ФБР яна фігуруе як “Чырвовая каралева”.

– І цяпер во яна пахаваная ў цябе! – збіўся на крык Мэшулам. – У зямлі легендарнай Даліны. Як першапраходніца, будаўніца, маці-заснавальніца!

– Хай ёй зямля будзе пухам, – адгукнуўся Бускіла. Падышоўшы да помніка, ён ветліва спіхнуў нагу Мешулама, дастаў фланелевую хустачку з кішэні і працёр літару “а” на імені “Роза”.

– Забі ты зяпу, Бускіла! – пабялеў Мешулам. – Гаўнюк! Стаяць “на зважай”, калі размаўляеш пра заснавальнікаў!

– Нябожчыца, між іншага, заплаціла сто тысяч даляраў, – сказаў Бускіла, якога падобныя абразы даўно ўжо не краналі.

– Грошы мафіі.

– Чаго ты хочаш, Мешулам? Яна таксама рэпатрыявалася падчас другой аліі, – заўважыў я.

– А Саламея? Яна таксама прыехала падчас другой аліі?!

– Э, не пераходзь край! – узлаваўся я. – Саламея – прыватная справа нашай сям’і.

Калі прыйшоў ліст ад Розы Мунькінай з Амерыкі, дзед і Саламея, – каханне яго старасьці, што рэпатрыявалася з Украіны пяцьдзясят гадоў пасля яго (“крымская шлёндра”, як менавала яе Фаня Ліберзон), – былі адзіныя, каго я пахаваў у садзе. Бускіла, які тады рабіў вясковым лістаношам, галопам прыскакаў на Зісе, паштовым асле, і загарлаў яшчэ з дарогі:

– Аэраграма, аэраграма, ліст з Амерыкі!

Я паліваў ружы Бербанка, што квітнеюць круглы год. Я пасадзіў іх вакол магілы дзеда і Саламеі.

Лютэр Бербанк таксама пакінуў дом праз засмучанае каханне. Дзед мне заўжды распавядаў пра пладовыя дрэвы Бербанка, ягоныя кактусы без калючак і светлую бульбу, але ўрыўкі, прысвечаныя каханцы Бербанка, дзед прачытаў чамусьці Уры і Ёсі, блізнюкам дзядзькі Абрагама. Маё сэрца напоўнілася страшэннай рэўнасцю – я ледзь не заплакаў.

Я пляснуў з сілай дзверы барака, выскачыў вонкі і праз вакно пабачыў, як дзед працягвае чытаць, нібыта ігнаруе мае пакуты:

“У тыя дні я з усёй юнацкай палкасцю закахаўся ў адную прыгожую маладзіцу, якая выявілася не такой узрушанай на пачуцці. Козачкі і козліка, што ўзяліся ў рожкі, сваркі, узмоцненай парай-тройкай крыўдных словаў, сказаных у гарачцы, было дастаткова, каб пераканаць мяне, што маё сэрца разбітае ўшчэнт. Выдае на тое, я шмат каму я ўжо казаў, маўляў, гісторыя гэтага кахання спрычынілася да маіх блуканняў і перасялення на заходняе ўзбярэжжа”.

– Не крычы! – загырчаў я. – Тут крычаць няможна.

Бускіла перадаў канверт і застаўся стаяць поплеч.

Бускіла прыехаў у паселішча на пачатку пяцідзесятых. Дзед быў яшчэ жывы, а я яшчэ хадзіў у “ягоных малятках-немаўлятках”. Бускіла зайшоў у сельскую краму і спыніўся ля касы, за якой сядзеў Шлёма Левін. Бускіла, абуты ў паўботы, на галаве – смешны блакітны берэт. Ён зазірнуў у рахункі і з голаснай асалодай сёрбнуў грэйпфрутавы сок. Левін пісаў на цыдулцы спіс пакупак кліенткі, што стаяла ля касы, і пачаў мармытаць, лічачы ў думках.

– Дзве ліры і пяцьдзясят грашэй, – прамовіў Бускіла цераз плячо, яшчэ да таго як Шлёма Левін ужыў аловак для напісання першых лічбаў.

Асабістая гісторыя рэпатрыяцыі зрабіла Левіна чуллівым да заўваг. Асабліва не любіў ён, калі ягоным дзеянням давалі ацэнку. Ён павярнуўся назад і ўтаропіўся ў някліканага госця лютым позіркам. Ліберзон адразу згледзеў, што чалавек прыйшоў з намётавага лагера для новых рэпатрыянтаў з арабскіх краін, які пабудавалі на пагорку па-за эўкаліптавым лесам. Лагер той узняў быў у паселішчы, населеным ашкеназамі, хвалю пагарды і літасці. Вяскоўцы выклікаліся апекавацца новымі рэпатрыянтамі: давалі ім збыткі і дапамагалі з прыладамі. Аднак па павароце дадому распавядалі, што нізкарослыя людзі ў сініх берэтах піячаць дзень навылёт, гуляюць у карты і нарды, “сумуюць па сваіх пячорах і выціраюць дупу камянямі”.

Ад нечуванага нахабства ў Левіна растуліўся рот, але, нічога не сказаўшы, ён звярнуўся да наступнага пакупніка.

– Ліра сямнаццаць, – учасна сказаў Бускіла. Левін занатоўваў цэны прадуктаў і яшчэ не паспеў накрэсліць выніковую рысу.

Шлёма Левін, які трымаў прадуктовую краму дваццаць гадоў, падняўся, зняў коркавы шалом і выказаў жаданне дазнацца, з кім ён мае гонар.

– Бускіла Мардэхай, – адказаў нягеглы чужаніца. З усяе моцы высмактаўшы парэшткі соку, ён дадаў:

– Новы рэпатрыянт з Марока. Шукаю працу.

– Гэта я бачу, – сказаў Шлёма Левін. – Тлумачыць не трэба.

У мараканскім Мекнэсе Бускіла быў настаўнікам арыфметыкі і пісаў лісты на трох мовах у суды ды іншыя ўстановы. Цяпер шукаў працу ў бухгалтэрыі, школе ці інкубатары.

– Я заўжды любіў цыплянят, грошы і дзетак, – сказаў ён.

Левін раз’юшыўся, але распавёў Ліберзону, які тады быў вясковым скарбнікам, пра гэтага рэпатрыянта. “Нахаба, але лічыць умее”.

Бускілаву просьбу ўзважылі з найвялікшай зычлівасцю, хоць грошалюбства большасць сяброў камітэта палічыла безумоўнай заганаю. “І гэта не кажучы пра берэт, – кажа Уры. – Толькі людзі без каштоўнасцяў носяць шапкі без казырка”.

– Мы абмеркавалі ягоную кандыдатуру, выходзячы з нашых прынцыпаў, увагі да патрэбаў новай аліі ўвогуле і да здольнасцяў Бускілы ў прыватнасці, – распавёў потым Ліберзон. – І ўрэшце размеркавалі хлопца на ўборку ссохлай цыбулі.

Два гады пасля гэтага, падчас якіх Бускіла вучыўся шанаваць гістарычную радзіму пры дапамозе самых утомных прац: апырсквання, праполкі, сяўбы і збору ўраджаю – вясковы паштар пачуў рогат гіены ў палях і з’ехаў з глузду. Купіў чорную туш і пачаў цэнзураваць усю пошту, якая выходзіла з вёскі. Камітэт адхіліў мужчынку ад працы, а Бускіла ўспадкаваў паштарову пасаду і асла. Бускіла пасадзіў бліскучыя хмызы па абводзе адзялення пошты, гатаваў гарбату, – чый водар даводзіў да шалу ўсіх, хто набліжаўся, – і ўбіўся ў ласку жыхароў тым, што стаў забіраць лісты проста з іхніх дамоў, што вызваліла іх ад патрэбы цягацца да будынка пошты.

Я адляпіў канверт. Стуль як рэпатрыявалася Саламея з Палесся, да нас з замежжа лісты не прыходзілі.

– Што пішуць, Барух? – лагодна запытаўся Бускіла.

– Гэта асабістае, – адказаў я.

Бускіла адышоўся колькі крокаў назад і прыхінуўся да помніка Саламеі. Ён чакаў, калі я папрашу перакласці мне ліст з ангельскай.

– Гэта старая кабета з Амерыкі, – сказаў ён, глянуўшы ў напісанае. – Клічуць яе Роза Мунькіна. Яна, гэтаксама як твой дзед з Палесся, жыла тут шмат гадоў назад, працавала з ім у Рышон-ле-Цыёне і Рэховаце, багоміла яго. Ёй напісалі з Ізраілю, што ты пахаваў дзеда ўдома, і яна хоча, калі памрэ, каб ты пахаваў яе тут, побач з дзедам.

Ён працягнуў мне канверт.

– Тут яшчэ сёе-тое ўкладзена, – дадаў ён.

Унутры ляжаў чэк на маё імя. На чатырохзначную суму ў далярах.

– Гэта задатак, – сказаў Бускіла, – вельмі хворая жанчына, ёй тры чвэрткі да смерткі, і тады адвакат прывязе яе цела разам з рэштай грошай.

– І што мне з гэтым рабіць? – збянтэжаны перапытаўся я. – Гэта ж чэк, а не грошы.

– Табе спатрэбіцца дапамога, Барух, – паволі вымавіў Бускіла. – тут справы з вялікімі грашыма, з іншаземцамі. Гэта ангельская мова, гэта юрыспрудэнцыя, гэта хаджэнні да сельскага камітэтa і падаткавай інспекцыі. Адзін ты не здужаеш.

За дзясяткі тысяч даляраў, падумаў я, можна пасадзіць прыгожыя дрэвы на магіле дзеда – каралеўскі дэлонікс, Юдава дрэва, алеандр. Я змагу выправіцца на пошук майго зніклага дзядзькі Эфраіма, вылекаваць брушную поласць старога Зайцэра.

– Нікому нічога не распавядай, Барух, – сказаў мне Бускіла. – Нікому! Нават стрыечнаму брату.

Увечары прыйшоў Бускіла ў барак, несучы друкарскую машынку, і напісаў мне ліст па-ангельску. Роза Мунькіна даслала адказ, і праз тры месяцы адной ноччу прыехала сама, у бліскучай дамавіне, якую суправаджаў кудлаты адвакат. Ён насіў гарнітур з адлівам і выліў быў на сябе нечуваныя для нашых мясцін аб’ёмы ласьёна пасля галення. Калі я капаў яму, адвакат стаяў наводдаль, выпраменьвачы самавітасць і агіду.

– Глянь на яго, – прамовіў Бускіла, – Ведаю я гэтых. Яўна не першы раз, што ён хавае чалавека сярод ночы.

Адвакат сеў на магіле дзеда, нашмараваныя штыблеты боўталіся па-над пылам. Ён жаваў саломінку і з пагардай ветрыў вясковыя пахі, які заляталі праз гарачае паветра ночы з кароўнікаў і куратнікаў. Мы спусцілі Розу Мунькіну ў зямлю Ізрээльскай даліны.

Амерыканец дастаў з кішэні цыдулку і ярмолку. Узнёс куртатую малітву на нечытэльным іўрыце. Пасля загадаў выліць на магіле бетонны куб. З задніх дзвярэй гіганцкага “стэйшэна” выцягнуў чорны кейс.

Бускіла палічыў купюры намочаным спрытным пальцам і паставіў подпіс пад квітанцыяй.

Праз колькі дзён адвакат вярнуўся, з ім – крыху такі цацачны помнік, ружовы і адшліфаваны. Дагэтуль сярод помнікаў, вычасаных з белых і шэрых мясцовых камянёў, вылучаецца помнік Розы Мунькінай, які нагадвае каробку цукерак.

Купюры я схаваў у кароўніку. Зайцэр спаў сном праведніка, ахінуты вайсковай коўдрай, якая засталася ад часоў першай сусветнай, а мяне і маіх маніпуляцый не чуў. Я пайшоў з Бускілам у барак. Мы паселі пры кухонным стале дзеда, папілі гарбаты і паелі хлеб з алівамі.

– Ты, ясная рэч, захочаш пагаварыць пра гэта з дзядзькам Абрагамам і Пінэсам. Не размаўляй пакуль што, крыху счакай і ўжо тады, – параіў ён.

Назаўтра Бускіла звольніўся з пошты і прыйшоў да мяне.

– Я буду весці твае справы, і ты будзеш плаціць мне, колькі палічыш належным, – вымавіў.

Так пачалася дзедава помста вёсцы. Прыспела помста, якую дзед напрарочыў з усёй грунтоўнасцю і скрупулёзнасцю, уласцівымі добраму садаўнічаму. Набіткоўваючы свае мяхі грашыма, я раніў вёску ва ўсе яе чуллівыя кропкі.

– Яны выгналі майго сына, Эфраіма, – паўтараў ён мне і Пінэсу перад смерцю. – А я нанясу ім удар у самае балючае месца. Па зямлі.

Але тады мы не разумелі, што ён мае на ўвазе.

Вясковы камітэт узважыў кандыдатуры на замену Бускіле, і ўрэшце выбар быў зроблены на карысць самаго Зіса. Асёл жа як след вывучыў усе адрасы, і калі пазбудзецца цяжару паклажы, дык зможа назад несці пасылкі. Зіс быў унукам легендарнага Качкэ, які рэпатрыяваўся разам з бацькамі-заснавальнікамі і насіў ваду з крыніцы, пакуль яго не забіў укус змяі.

Пасля двух месяцаў працы Зіса звольнілі.

– Таварышы з камітэта выявілі, што Зіс злізвае маркі з канвертаў, – кажа Уры, мой здзеклівы кузэн.

Камітэт звярнуўся да Бускілы, каб той павяртаўся на пошту. Аднак, надрукаваўшы сабе візітоўкі на іўрыце і па-ангельску, на якіх красавалася “Дом вечнасці для першапраходцаў, менеджэр”, мараканец “ужо пасвіў статак у сто нябожчыцкіх галоваў” (як любіў казаць з пагардай Ліберзон), – ажно пакуль каханне ўсяго жыцця Ліберзона, жонка Фаня, не выправілася ў лепшы свет і не зрабілася сто першай кліенткай Бускілы.

 

Пераклад з іўрыта ад Паўла Касцюкевіча

Апублiкавана 28.10.2017  17:29