Працягваем друкаваць вершы Ізі Харыка ў перакладах з ідыша. Пераклады ўзятыя з дзвюхмоўнай кнігі «In benkshaft nokh a mentshn / Туга па чалавеку» (Мінск: Шах-плюс, 2008), што была ўкладзена адным з нашых сталых аўтараў. Калі нехта пажадае і здолее падрыхтаваць новыя пераклады – з радасцю надрукуем.
* * * («Mejle – zog ikh, – s’iz mir tsajt shojn…»)
Я сабе ўсё болей раю
Быць удумлівым як след,
Бо сталею і ўбіраю
У сябе вялізны свет.
Ціхім быць сябе прашу я,
А прыслухаюся –
жах:
Кроў вясёлая бушуе,
Сэрца грукае ў грудзях.
Рвуся ўперад, поўны моцы,
Неўтаймоўны, малады…
О хоць дайце шчасця хлопцу,
Неспакойныя гады!..
1925
(пераклад Генадзя Бураўкіна)
Кнігі Ізі Харыка: на беларускай (Мінск, 1969), ідышы (Масква, 1994), рускай (Мінск, 1998), ідышы і беларускай (Мінск, 2008)
* * * («Fajkhter farlorener vint…»)
Вецер прастуджаны дзьме,
Прамоклы хістае ліхтар
І дрэвы бязлістыя гне.
Вецер узрушаны дзьме,
Імчыцца праз сквер,
праз бульвар.
Горад змарыўся за дзень
І ў хатняй заснуў цішыні.
Іду я без жадных надзей,
Стомлены вельмі за дзень,
Свіст ветру лаўлю ў вышыні.
Выпаўз апошні трамвай
І спіць на хаду, нібы конь.
Крычу:
– Ты не спі, патрывай!
Цяжка нам,
дружа трамвай,
Асенняю слотай такой.
Скрыпнуў ён сонна і знік
За тым паваротам крутым.
…………………………………
Патухлі даўно ўжо агні.
Носімся толькі адны
Мы з ветрам –
Два родных браты.
1925
(пераклад Яўгена Шабана)
* * * («Ikh gej un gej – un s’ruft der veg alts vajter…»)
Іду, іду, а шлях удалеч кліча.
Плывуць лісты у восеньскай вадзе.
Здаецца, гэта нават не кастрычнік,
А самы ясны і вясновы дзень.
Іду, іду і не хачу спыніцца.
А восень у блакіце і агні.
І чую – нешта звоніць у зеніце,
А можа, сэрца ўласнае звініць?
Я не хачу і не магу згадзіцца,
Што будзе снег, і сцюжа, і імгла.
Іду, іду і не магу спыніцца
У гэтым свеце чыстага святла.
1926
(пераклад Сяргея Грахоўскага)
Вяртанне з кіно («Fun kino»)
Ноч пяшчотнаю вясной
Сее ў небе зоркі.
Я вяртаюся з кіно
Ціха, без гаворкі.
Я сачу, як горад мой
Гасіць вокан вочы.
Ахінуты цішынёй,
Я паціху крочу.
А ў вушах гучаць яшчэ
Водгаласы скрыпкі…
Я спяваю, і цячэ
Голас песні зыбкі.
На экране, нібы ў сне,
Высі гор каўказскіх
Прамільгнулі. Толькі мне
Ўсё здаецца казкай.
Стаў усход ужо яснець
Там, на небакраі.
Я іду. Здаецца мне…
Што? Я й сам не знаю…
1927
(пераклад Алеся Звонака)
Паштоўкі, якія Ізі Харык адпраўляў маскоўскім літаратарам у 1920-х гадах
* * * (A shtumer shternzeer blondzet iber shtern…»)
Блукае моўчкі ў небе сейбіт зорны
І тчэ на кветках ранішніх карункі,
А мае вочы, цяжкія, як жорны
Мядзведзямі равуць у промнях гулкіх:
– О, горад, горад!
Не пазней за 1922
(пераклад Вольфа Рубінчыка)
Апублiкавана 24.08.2017 00:28