П. Севярынец i яго «Беларусалiм»

Аўтар на мiнскай вулiцы Сердзiча, 18.06.2017. Фота В. Рубiнчыка.

ЗОРКА

А зямля была нябачная і пустая,

І цемра над безданьню…

Быцьцё 1:2

Па-над гатэлем “Беларусь” задрыжэла халодная зорка. Ледзь бачная кропля сьвятла. Сьлязінка ў прадоньні.

Чалавек у чорным сьпінжаку, які стаяў на Траецкім мосьце праз Сьвіслач, плюнуў уніз. Маленькі згустак цяпла аддзяліўся ад цела і празь імгненьне пацалаваў цемру.

Чалавек ачомаўся, дрогка пацепнуў плячыма і пашукаў рэшткі цеплыні ў кішэнях. З таго часу, калі ён спыніўся тут, ля парэнчаў мосту, па-над вадой, увесь горад да самых дахаў пагрузіўся ў ноч. Змрок скрадваў астатнія ўспаміны, гасіў апошнія варушэньні душы, і ўвесь сьвет незваротна страчваў сэнс.

Ён стаяў на беразе бездані – бог, які за тры з паловай гады зрабіў гэтую краіну бліскучым чорным полем для шахматнай партыі цаною ў сьвет.

Бязьвідна і пуста было вакол, толькі сьцюдзёны вецер зрэдку серабрыў рабізну на Сьвіслачы, ды пара ягонага дыханьня тлела. Касьмічныя скарбы вагнёў. Гірлянды – рубінавыя, сапфіравыя, смарагдавыя, залатыя. І шары сьвятла, распаленыя сярод холаду. Пранізьліва. Казачна. Злавесна. Прашумлівалі рэдкія машыны, а ён стаяў перад цьмянай Нямігай і ніяк ня мог зразумець.

Бліскучыя ад сьлёзаў, невыносна мілыя і такія страшныя вочы Воленькі, вывальваюцца крывавыя вантробы, выбух айфона зь іскрамі, квадратны правал у цемру – і бах! – канец сьвету.

У мінака сьпехам дзынькнулі бутэлькі ў сьвяточным пакунку; нейкая парачка, прыабняўшыся, прыпынілася непадалёк на мосьце, трапіла ў ягоны акаём і кранальна, да болю ў сэрцы, пацалавалася; з грукатам, ледзь не рассыпаўшы на асвальтавым стыку ўсё сваё жалезнае начыньне, праехаў тралейбус.

А ён стаяў перад тысячагадовай нутробай Менску, на беразе самага глыбокага логу ў беларускай гісторыі, паміж Верхнім горадам і Траецкім, і халадзеў ад думкі, што зараз калі хто яго і шукае, дык толькі забіць.

З такой самай глыбокай цемры вывяргнула яго на белы сьвет трыццаць гадоў таму. Так, ён, мабыць, расплюшчваў вочы, ліпкія ад слізі, у краіне сьвятла і холаду, сярод белі і пырскаў крыві, рэзаны віск маці праз бой гадзіньніка перайшоў у стогн, і ўсё тое, што ён сіліўся вычхнуць, выплюнуць у гэты сьвет скрозь рот, забіты родавай тваньню, выбухнула стрэламі шампанскага, салютамі й тостам наперабой: “Ооо! З Новым годам!..”

Зараз, дрыжучы ад холаду, такі ж навагодні, голы й няцямны, Белазор згадаў, як шэптам, сарамлівая ад шчасьця, маці расказвала, што ўсёй палатай спрачаліся, у якім годзе ён зьявіўся на сьвет, што ў пасьведчанні аб нараджэньні ў яго 31 сьнежня, а ў пашпарце 1 студзеня, і што кропку, цокатам чаркі на эмаліраваным століку для інструментаў паставіў п’яны дзяжурны лекар: “Ша! Ціха ўсе… Пацан прыйшоў у самы час.”

О, у самы час ён, супрацоўнік Інстытуту гісторыі Акадэміі навук, дасьледчык Залатога веку, тры з паловай гады таму прыйшоў у аграмаду цемры ў яго за сьпінай – Палац рэспублікі, толькі што арандаваны “Непагасным”.

На сумоўі кашчавы, змаршчыністы стары, у белым доктарскім халаце, з кругамі пад вачыма, якога ён адразу назваў пра сябе стомленым д’яблам, адным мезенцам адсунуў ад сябе рэкамендацыю ягонага гуру, акадэміка Майсейчыка, ня слухаючы, расьсеяна перавярнуў аркуш, каб пераканацца, што на абароце пуста, ды так і пакінуў на стале.

– А-а… што тут у вас, у Беларусі… ёсьць? – гэты рыпучы голас вышкрабаў да дна, – ну… увогуле?

І праз колькі хвілінаў ягоных нястрымных выліваньняў пра дзясятае стагоддзе, Статут, віленскае барока, габрэйскія ешывы і карэньні геніяў, нецярпліва, ужо паміраючы, перапыніў:

– А… а… у двух словах? Проста… вось… ээ… Беларусь. Та-ска-аць, знак.

І паглядзеў бясколернымі вачыма, якія не выражалі ўжо нічога. Павісла цішыня, вось-вось гатовая абарвацца.

Белазор утаропіўся на аркуш белай паперы перад ім на стале, моўчкі глядзеў на яго. Беларусь. Раптам заплюшчыў вочы і сказаў:

– Чорны квадрат.

Стомлены д’ябал дрогнуў векам, нахіліўся і паднёс свой старэчы зморшчаны твар блізка-блізка:

– Ш-што?..

Чорны квадрат. Першая сусьветная вайна, перад самай рэвалюцыяй. Наш беларускі геній Малевіч. На выставе ў Піцеры, у “красным куце”, дзе звычайна вешаюць абраз – чорны квадрат на белым тле. Ікона новага бязбожнага часу. Так, працягваў ён з сэрцам – душу вырашыў выкласьці ўсім гэтым прыхадням, маць тваю! – чорны квадрат. Ну, а як інакш акрэсьліць чорную дзірку на мапе Еўропы, адгароджаную з усіх бакоў, пра якую ніхто ў сьвеце нічога ня ведае, і якая нават сама без паняцьця пра тое, чым яна ёсьць!

Доктар Ліхтштайнер, стары мудры нямецкі габрэй, ужо тады прачнуўся і паглядзеў на яго адпаведнымі выпадку квадратнымі вачыма. Ідэальны брэнд.

З адным чорным квадратам пад пахай, сьледам за афіцэрам аховы па гулкіх, яшчэ пустых залях Палацу, ён ледзь пасьпяваў за зданямі адлюстраваньняў па калідорах – і надломваўся ў новых плітах глянцу, у мармуровым тумане, у тускнай рассеянай смузе прывідны сьвет, які заўтра авалодае ўсёй краінай. Постаць перад агромністым, ва ўсю сьцяну, вакном, абярнулася – і калідор, бясконца адлюстраваны, праваліўся ў далячынь, разбураючы начны горад, і той, пра каго ўсе гаманілі, але ніхто не бачыў, паглядзеў Андрэю Белазору ў вочы. Ён ледзь пасьпеў падхапіць сэрца, што раптам абарвалася ў глыбіню.

Бяскроўны, моцна сьцяты рот і надламаныя бровы крывіліся, ня ў сілах прысутнічаць побач з расьсечанымі наўскось, нібы ўдарамі шаблі, чорнымі вачыма. Скулы западалі, і адно аграмадны лоб з залысінамі ды жалезабетоннае падбароддзе стрымлівалі гэты твар, каб ён не праваліўся ў цемень вачніцаў цалкам.

…Цяпер апошнюю цыгарэту, і ўсё.

Белазор нервова выбіў з пачаку астатні тытунёвы патрон, выскаліўся і паднёс запальнічку. Рука дробна дрыжэла. Агеньчык ледзь трымцеў, адчайна ўнікаючы канчара.

Ён заўжды ганарыўся сваёй здольнасьцю пранікаць у сутнасьць рэчаў, бачыць схаваны сэнс. А Беларусь – гэта суцэльны стоены сэнс! Зь “Непагасным”, цэлай імпэрыяй гандлёвых і забаўляльных цэнтраў, кіно і казіно, са сваёй тэлевізіяй, са звышзадачай прыцягнуць сюды, у Беларусь, увесь сьвет – ён, маньяк-гісторык, сам тварыў гісторыю. Беларусь, адсутнасьць сутнасьці, ледзь бачнымі абрысамі на чорных квадратах, цяпер прыцягвала, як чорная дзіра, што паглынае зоры. І калі ўся краіна, за тры гады заселеная ягонымі ідэямі, задраўшы голаў, глядзіць на тваё, дастанае пару тыдняў таму з галавы – о, ад гэтага каму хочаш зьнясе дах.

Ад заробку, які павышаўся ў разы штомесяц, ад усіх гэтых тачак ды люксаў на перамовах, а найбольш ад размаху працы – так, у яго рэальна зносіла. За шэсьць дзён, з панядзелка па суботу, ты мог стварыць цэлую галактыку: бігборды, экраны, ролікі акуналі раёны, кварталы, жылыя масівы ў белазоравы мроі. Ён жыў, еў і спаў у Палацы. Ён шалёна выдыхаў цыгарэтны дым у адчыненыя вокны, запальваў каманду крыэйтараў, кампутаровых геніяў ды прад’юсараў – і выдаваў на плазьменную сьцяну ў кабінэце Цімура новую эру.

Шкада гэтага агеньчыку. Шкада гэтай апошняй цыгарэткі. І самае галоўнае, шкада сябе самога, да сьлёзаў. Адзіны беларус, які меў шанец нарэшце абеларусіць Беларусь.

Ён зло ўсмактаў ірдзеючае пекла ўсярэдзіну, і лёгкія перапоўніў едкі дым. Дым ня грэў, а выпальваў – і ён моцна выдыхнуў у твар усяму сьвету.

Дым на імгненьне затуманіў катлавіну Нямігі, выпарыўся, і расхінуў перад ім цьмянае прадоньне. Нібы ў кашмары, па-над ім стаялі і глядзелі незьмігутна дзьве цыклапічныя постаці: вежа Цімура ў “Раял Плазе” і чорны гранёны крышталь “Хілтану, дабл тры”, дзе цяпер месьціўся сусьветны штаб “Непагаснага”.

Павал Севярынец

(урывак з рамана “Беларусалiм” прысланы аўтарам адмыслова для belisrael.info; раман рыхтуецца да публiкацыi)

Апублiкавана 27.06.2017  22:03