В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (53)

Сайт belisrael.info неабыякавы да кур’ёзаў… Бабруйская фірма «Чырвоны харчавік» выпусціла разрэкламаваную навінку – зефір з мацовай абсыпкай, 15 штук у каробцы на 249 грамаў, з надпісамі на іўрыце. Чаму б не на ідышы?

Мо варта было б падскочыць у Бабруйск, забраць у фірмы грошы за піяр… Ну ды ладна, матстановішча там і так наўрад ці бліскучае – не было каму падказаць, што 28 красавіка ўжо позна рэкламаваць гэты «ўнікальны прадукт» як «падарунак да Песаха». Хіба што да Пэйсаха-2018? Аднак чаму тады тэрмін захоўвання зефіру толькі 4 месяцы? 🙂

На вул. Дуніна-Марцінкевіча ў Мінску. Гаспадар адмывальні яўна не без гумару…

* * *

Cкора праграма «Вольная Беларусь» (згаданая ў мінулай серыі) адпусціць мяне і тутэйшую палітбагему, ды пакуль не адпусціла. Адзін з аўтараў дакумента, калега Усаў, расхваліў сваё дзецішча ў інтэрв’ю 28.04.2017: «гэтая праграма стала такой папулярнай… праграмы іншых палітычных рухаў былі прывязаныя да канкрэтных палітычных партыяў, а палітычныя партыі ня вельмі папулярныя ў краіне». Падкрэсліў, што «Вольная Беларусь» – «адкрыты праект, і крытычныя моманты, заўвагі будуць улічаныя ў наступнай рэдакцыі праграмы».

Цягне паспрачацца з тым, што праграма «такая папулярная». Сумняюся, што большасць беларусаў за апошнюю дэкаду красавіка нават даведалася пра ініцыятыву Пазняка і яго памочнікаў, не кажучы аб падтрымцы апошняй. Інтэрнэт-хвалі прыходзяць, сыходзяць; масавы «вірусны» прагляд не гарантуе таго, што праз месяц-два віртуальны праект не садзьмецца. Перасцярогай служыць, напрыклад, лёс расійскай спявачкі Алісы В., выканаўцы песні «пра лабутэны», мегапапулярнай на прасторах СНД у пачатку 2016 г. Ужо ў лістападзе на яе канцэрт у Мінску не ламіліся.

Магчыма, разважаючы пра «адкрыты праект», д-р паліталогіі выдае пажаданае за сапраўднае, бо нішто не паказвае на тое, што ён упаўнаважаны выступаць ад імя ўсяго аўтарскага калектыву (амаль 10 чалавек). Паўтаруся – магчыма… Бо наступная заява паказвае, што выдае-такі: «Калі раней… беларусы ня бачылі альтэрнатывы сёньняшняй сыстэме, то гэтая праграма на тэарэтычным узроўні паказвае, што ёсьць альтэрнатыва, шлях і мэханізмы яе дасягнуць».

Чаму праграма не з’яўляецца – і наўрад ці з’явіцца – эфектыўным мабілізацыйным рычагом, крыху пісаў ужо. Асноўная праблема, аднак, не ў «тарашкевіцы» і памылках друку (што паддаецца карэкцыі), дый не ў тым, што першая прэзентацыя кніжачкі прайшла ў Польшчы заміж Беларусі. Праблема ў іншым.

Лейтматыў пераважнай часткі тэксту – змаганне «супраць», а не «за», г. зн. аўтары наступаюць на тыя ж граблі, што і апазіцыя БНФ у Вярхоўным Савеце 25 год таму (тады многім здавалася, што дастаткова скінуць Вячаслава Кебіча, «чырвоных дырэктароў» – і зажывем…) Пачаць з уводзін: «Сельская гаспадарка – калгасная, эканоміка – стратная, тэхналягічна састарэлая, спынілася на савецкім узроўні». «Энэргетычнае забесьпячэньне эканомікі штучна прывязана толькі да рэсурсаў чужой дзяржавы (Расеі)». Нават калі б гэта было на 100% праўдай, лозунгі без канкрэтыкі выклікаюць адштурхоўванне… Аднак ярлык «калгасная» і несправядлівы ў дачыненні да фермераў, якія ўносяць важкі ўклад у беларускую сельгасвытворчасць, і здатны пакрыўдзіць саміх «калгаснікаў» – работнікаў сельскіх унітарных прадпрыемстваў і акцыянерных таварыстваў – бо ў кантэксце яўна паказвае на нешта другараднае… Энергетычнае ж забяспечэнне «прывязана» не толькі да расійскіх рэсурсаў – былі пастаўкі нафты і з Азербайджана, а электраэнергію Беларусь у асноўным вырабляе сама. І г. д.

Досыць рэзкую крытыку ад добразычлівага, у прынцыпе, каардынатара супольнасці хрысціянскіх журналістаў на адрас «рэлігійнага» раздзела праграмы можна пачытаць тут. Максім Г. канстатуе дыскрымінацыйнае стаўленне «Вольнай Беларусі» да праваслаўнай епархіі, і цяжка не згадзіцца з тым, што «вынікам можа стаць рост міжканфесійнай і ўвогуле сацыяльнай напружанасці ў краіне, калі дзясяткі, калі не сотні прыходаў будуць пазбаўленыя сваіх храмаў».

Той «канструктыў», што фігуруе ў праграме (адмова ад «царскіх» паўнамоцтваў прэзідэнта ў Канстытуцыі, узмацненне ролі парламента), істотна псуецца праз агаворкі і спробы тлумачэнняў, «як яно павінна быць насамрэч». На думку аўтараў, у заканадаўчым органе маюць засесці 360 народных прадстаўнікоў, як на пачатку 1990-х. Вядома, у парламенце Францыі аж 577 дэпутатаў (+348 сенатараў), але ж на радзіме Заля і Дэ Голя трохі больш насельнікаў, чым у нас, усяго-та ў сем разоў 🙂 У Ізраілі, з колькасна блізкім да беларускага насельніцтвам (перавысіла 8,65 млн), заканадаўчы орган складаецца са 120 членаў Кнэсета. Мяркую, і ў Беларусі хапіла б 120 дэпутатаў, ну, максімум 150.

Аўтары спасылаюцца на «слабасьць і вынішчэньне палітычнага клясу за часы аўтарытарнай дыктатуры», што нібыта вымагае сфармаваць вялікі «народны парлямант». Між тым іхні довад працуе акурат супраць іх. У Беларусі небагаты вопыт парламентарызму. Да 1991 г. большасць у Вярхоўным Савеце кантралявалася з ЦК КПБ, з 1992 г., пасля некалькіх месяцаў разгубленасці, ёю пачаў апекавацца ўрад Кебіча. «Непаслухмянасць» многіх дэпутатаў да 1996 г. не варта перабольшваць: лік самастойных палітыкаў у Вярхоўным Савеце ніколі не перавышаў 100. Так што і 110 прафесійных дэпутатаў, якія б аргументавана баранілі свае погляды, умелі ісці на кампрамісы etc., у бліжэйшы час нялёгка будзе знайсці. І трэба ж эканоміць рэсурсы… (пагаджуся з планамі скасавання верхняй палаты, амаль бяздзейнага «Савета рэспублікі»).

«Фішка» праекта – адмова ад абласнога і раённага падзелу Беларусі, пераход на ваяводствы і паветы cа зменай межаў. Ідэя, мякка кажучы, няўчасная… Зараз сілы, альтэрнатыўныя лукашэнкаўскай «вертыкалі»,  расцярушаны; у Мінску, іншых буйных гарадах яшчэ можна казаць пра «грамадзянскую супольнасць», а шмат дзе «на месцах» – на жаль… У райцэнтрах ды невялікіх паселішчах актывістаў лягчэй маргіналізаваць… Карацей, ёсць у Беларусі раёны, дзе даўно не бачылі жывога «бээнэфаўца». У гэткіх умовах новая ўлада сутыкнецца з тым, што ў рэгіянальныя органы ўлады пасля «люстрацый» праточацца людзі малакампетэнтныя, і на нейкі час узнікне крызіс кіравання. Калі ж яшчэ памяняць межы адміністратыўных адзінак, то верагоднасць хаосу павялічыцца ў разы. І каму тое выгадна?..

Дэкларатыўным і занадта сціслым – на адну старонку – выйшаў параграф «Навука, культура». Мала ў наш прагматычны час паабяцаць: «Прыярытэт акадэмічных дасьледваньняў будзе скіраваны на разьвіцьцё фундамэнтальнай навукі і новых тэхналёгіяў», варта ўдакладніць, якія сферы маюцца на ўвазе… І няма ў гэтым параграфе разлікаў, худа-бедна зробленых у раздзелах «Адукацыя», «Палажэнні сацыяльнай палітыкі», «Войска. Абарона». Колькі ж працэнтаў ад ВУП/бюджэту пойдзе на навуковыя даследаванні? Ужо і акадэмік, старшыня рэспубліканскага фонда адзначае, што «ў Беларусі невялікая навукаёмістасць ВУП. Так, у краінах з развітай эканомікай гэтая доля перавышае 3%. У Беларусі ж гэтая лічба звыш 20 гадоў не перасягае 1%. У такіх умовах, лічыцца, навука не можа ўплываць на эканоміку». Няўжо Зянон П. следам за загадчыкам кафедры ў Акадэміі кіравання Сяргеем К. (хутчэй ідэолагам, чым навукоўцам) верыць, што маладых даследчыкаў можна ўтрымаць у краіне і навуцы дзякуючы «патрыятычным» пропаведзям?

* * *

Хто радуе, дык гэта Беларуская чыгунка, дакладней, яе мінскае аддзяленне. Летась некаторыя надпісы на дэкаратыўнай канструкцыі (уваход у залу чакання сталічнага вакзала) былі выкладзены з памылкамі. Пасля зваротаў у канцы сакавіка – пачатку красавіка 2017 г. усе дзесяць памылак тыпу «КарЕлічы» і «ФаніпОль» выправіліся цягам месяца – а гэта ж не папяровую раздрукоўку памяняць, там мастацкая праца… Павага майстрам-скульптарам і іхняму куратару Грыбанаву Івану Іванавічу, намесніку начальніка аддзялення.

Як было 25.04.2017 і стала 30.04.2017

Вось тое, што 24.04.2017 сфоткаў на выездзе са Шчучына Гродзенскай вобласці (і ўездзе на вул. Пушкіна):

Можа, гэтую недарэчнасць (у беларускай мове няма літары «Щ») адпаведныя службы прыбяруць яшчэ да афіцыйнага звароту?

А тут – «усяго» тры памылкі на афіцыйным бланку. Хіба толькі ў асобна ўзятым раёне такое? Хацелася б верыць.

Нямала прыкладаў чынавенскай непісьменнасці сабраў і апублікаваў гомельскі актывіст Ігар С. Каб даць рады, ён прапануе заснаваць у Беларусі «моўную інспекцыю» пад дахам міністэрства адукацыі. Помню, з аналагічнай ідэяй на пачатку 1990-х насіўся дэпутат Яўген Цумараў, а Сямён Букчын кпіў з яго. Дарма што далёка не Букчын, лічу прапанову… не тое што бессэнсоўнай або звышнебяспечнай, а рызыкоўнай. Кантрольныя органы ў сучаснай Беларусі імкнуцца да пашырэння сваіх паўнамоцтваў за кошт правоў чалавека, да ператварэння ў карныя – раз. З цяперашняй сістэмай падбору кадраў у інспекцыю трапілі б, хутчэй за ўсё, «знаёмыя знаёмых», а не кваліфікаваныя юрысты і лінгвісты – два. Аб’ектыўна, дзяржава, змагаючыся за пісьменнасць, мусіць найперш звяртаць увагу не на цэтлікі, а на дзіцячыя садкі/школы/універсітэты – тры.

Іншымі словамі, я аддаю перавагу дэцэнтралізаваным рухам: канструктыўнай крытыцы, калі гэта магчыма (як у выпадку з чыгункай), або высмейванню малапісьменных «слуг народа». А таксама самадасканаленню, бо маральна цяжка патрабаваць пісьменнасці ад іншых, калі сам усцяж прапускаеш «ляпы».

Практычна не сачу за тым, што кажа/піша Ірына Хакамада (усё ж яна ў сваёй краіне, мы ў сваёй), але надоечы натрапіў на інтэрв’ю, насычанае цікавосткамі. Прынамсі высвятліў для сябе, чаму вострая на язык Ірына сышла з палітыкі… Калі Святлана Алексіевіч запросіць яе ў свой «інтэлектуальны клуб», як мерылася, то можна будзе падтрымаць суму маналогаў дыялог.

Я не хаджу туды, дзе няма перспектыў, калі ад цябе нічога не залежыць.

Лібералы – не тыя, хто супраць дзяржавы. Лібералы тыя, хто лічыць, што мусіць быць акрэсленае функцыянальнае раздзяленне ролі дзяржавы ў эканоміцы (мабыць, мела на ўвазе, што дзяржава павінна ведаць межы ўмяшання ў эканоміку. – В. Р.)

Большасць расійцаў – побытавыя лібералы. Таму што адсутнасць дзяржаўнай дапамогі пачала рабіць вельмі незалежнымі, схільнымі да рызыкі і адказнымі… Што да палітычнага лібералізму, то іх [лібералаў] вельмі мала, гэта проста 0,2%… Там, наверсе, арыентуюцца толькі на большасць.

Пэўны песімізм прасочваецца ў І. Х. – дама дагэтуль перажывае, што была толькі «маленькім міністрам», а не віцэ-прэм’ерам. Адчуваю, што ў Беларусі прыхільнікаў ліберальнай мадэлі не 0,2% – можа, у сто разоў больш. Іх і ў Расіі не бракуе. Пытанне ў тым, як канвертаваць прагу побытавых выгад у дасягненне палітычных свабод…

Свежая прычына для ўцехі – беларускі суд, самы гуманны ў свеце. 27 красавіка суддзя Аляксандр Петраш адмовіўся караць турмой (нават і «хіміяй») мясцовага перформера ад анархізму Вячку Касінерава. За пятлю на статуі гарадавога – 5 базавых, або каля 60 USD, яшчэ прымальна. Ці не?.. З падсудным не знаёмы, сам са скульптурамі не ваюю, ды матывы яго ўчынку зразумець няцяжка. Дапраўды, абышлася б сталіца без гэткага «сімвала стабільнасці».

Вольф Рубінчык, г. Мінск

30.04.2017

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 30.04.2017  18:58