(заканчэнне; дзве першыя часткі тут і тут)
А жахлівая вайна ішла ды ішла! Ужо было многа ахвяр, і канца гэтаму хаосу не было відаць. У горадзе стала цяжка з харчамі, усё даводзілася «даставаць». Жыццё ўскладнялася з кожным месяцам. Нягледзячы на ўсе гэтыя цяжкасці, мы не ведалі пагалоўнага голаду, як у іншых краях імперыі, дзе ва ўладзе ўжо стаялі бальшавікі. У 1917-м і часткова ў 1918 годзе мы, праўда, паспелі «пакаштаваць» савецкай улады, а таксама з’явіўся антысемітызм, і ён мацнеў. Гэта было брыдка. Мамуля стала нават пабойвацца за тату, але ён толькі аджартоўваўся.
Неўзабаве бальшавікоў змяніла Белая армія на Доне. У канцы 18-га, начуўшыся пра паспяховае прасоўванне бальшавікоў, мама выказала настойлівае, непераадольнае жаданне з’ехаць на Каўказ. Татаў вучань Віця Каклюгін (сын міністра ўнутраных спраў пры Данскім урадзе) быў пасля Лёні Сарокіна маім лепшым сябрам. Дый увогуле, пасля шматгадовых зносін з нашай сям’ёй ён стаў як бы нашым «сямейнікам»: мы ўсе яго шчыра любілі. У Каклюгіных была дача ў Геленджыку, і Віця велікадушна прапанаваў нам перажыць «трывожны час» у іх на дачы. Наладзілі «ваенную раду», дзе пастанавілі: мама і я едзем у Геленджык, перасядзім там неспакойныя часы, потым вернемся дадому і зажывем па-старому. Тата ў час нашай адсутнасці будзе ў Таганрогу, у яго там быў кантракт на сезон. А ў выпадку «зацягнутай трывогі» тата да нас далучыцца!
Пачалося лета 1919 года. Вайна набліжалася да нас! Я затужыў па бацьку, па Лёню, майму любімаму сябру. Я стал угаворваць маці вярнуцца дадому, і ў канцы жніўня, на параходзіку «Гурзуф», мы дабраліся да роднага горада. Я быў вельмі рады захапляльнай сустрэчы на нашым «падворку». Усё там было на сваіх месцах, хлапчукі і дзяўчынкі прыкметна падраслі. Лёня за час маёй адсутнасці хварэў на сыпны тыф; неўзабаве на гэты тыф захварэў і я. Пакуль я адсутнічаў у горадзе і хварэў, моцна адстаў ад таварышаў па гімназіі, трэба было наганяць. У бацькі быў вучань Юра Смаленскі, які ўзяўся мяне «падагнаць па прадметах». Пачалі мы з ім займацца, і справа скончылася, нягледзячы на розніцу ва ўзросце, моцнай дружбай паміж намі; мне толькі споўнілася 12, а яму ўжо ішоў 21-ы. Юра мне падараваў вялікі альбом з маркамі, на якіх я няблага знаўся. Потым Юру мабілізавалі ў Белую армію і ён «стаяў на варце» ў раёне станцыі Таганрог. Я бегаў яго наведаць, прыхапіўшы Лёню. Так і неслі мы службу ўтраіх. Канец майго сябра быў трагічны: пры адступленні Белай арміі Юра памёр на падлозе ў вясковай хаце. Адзін-адзінюткі. Я дагэтуль яго аплакваю.
Тады шмат гаварылі пра Распуціна, пра тое, як яго забілі. Я кепска цяміў у сітуацыі, таму што быў дзіцём, але памятаю словы бацькі: «у цывілізаванай дзяржаве такіх з’яў, як гэты мужык, што кіраваў краінай, быццам манарх, быць не можа. І гэта за жывым царом!» Няўдачы на франтах, агульная неўладкаванасць жыцця, злоўжыванні ў арміі і ўрадзе – усё гэта стварала ў народзе нездавальненне і прыводзіла да неспакою. Пагаворвалі пра магчымую рэвалюцыю. А тата ў тыя дні часта ўспамінаў 1905 год. У лютым 1917 года Мікалай ІІ выракся царства, і была ў яго адзіная просьба: пакінуць для яго сям’і адзін маёнтак, Лівадыю. У мяне гэта тады пакінула глыбокае ўражанне. Я сабе ўяўляў, як былы цар з сям’ёй едзе ў хуткім цягніку з Пецярбурга ў Севастопаль: уявіць гэта ўсё было лёгка, бо геаграфію і шляхі зносін я ведаў віртуозна. Але так і не задаволілі яго дастаткова сціплую просьбу. Забілі іх усіх, усю сям’ю, дзяўчынак, маленькага цэсарэвіча. Мае бацькі абураліся забойствам царскай сям’і, шчыра аплаквалі дзяцей, перадусім жа мой тата не мог дараваць забойцам іхняга злачынства. Да канца жыцця паўтараў: «але дзетак-та за што? Такія слаўныя, выхаваныя, нявінныя дзяўчынкі! А хлопчык, дзіця ж было хворае, у яго кепска згортвалася кроў!»
Ад самага заснавання «рэвалюцыйнага парадку» ў народзе пачаў расці страх. З розных франтоў вайны арганізавана і не арганізавана вярталіся салдаты дадому, вярталіся на Дон і казакі. Данскі атаман, генерал Каледзін, трымаў перад казакамі прамову, ён заклікаў іх згуртавацца і не пускаць на Дон бальшавікоў. Але казакі на «вайсковым кругу» (казацкі парламент) вырашылі так: «нікуды мы не пойдзем, але і на Дон нікога не пусцім!» Казакі былі згодныя: «няхай будзе савецкая ўлада, толькі… без камуністаў!» Не вытрымала казацкае сэрца генерала Каледзіна такой недальнабачнасці і анархіі! Ён застрэліўся, і хавалі яго ў Новачаркаску. Падобныя факты, аднак, ужо мала каго краналі; людзі проста спрабавалі выжыць у гэтым шалёным віры падзей. І мала хто разумеў, што дзеецца ў велічэзнай краіне.
У сакавіку 1918 года бальшавікі заключылі Брэсцкі мір з Германіяй. Умовы для былой імперыі былі цяжкія: немцы занялі Беларусь, Украіну і частку Расіі. Атаман Красноў запрасіў нямецкія войскі ў Данскую вобласць, ліст з гэткай просьбай быў пасланы самому імператару Вільгельму. Прыкладна к маю 1918 года немцы ўвайшлі ў Новачаркаск: вельмі скора спыніўся бандытызм і быў наведзены парадак у горадзе. У вольны час мы з Лёням хадзілі на станцыю, дзе ў немцаў была камендатура. Усё было вельмі цікава. Яны да нас, хлапчукоў, ставіліся добразычліва, дый з дарослымі ў іх былі паважлівыя адносіны, усе іх паводзіны мелі мірны характар. Але і ў немцаў здарылася бяда – таксама рэвалюцыя! І яны паціху згортвалі акупацыю: усё менш і менш іх заставалася ў нашым краі, і, у рэшце рэшт, сышоў іх апошні эшэлон. Пакідалі немцы Расію амаль без зброі; так і скончылася першая нямецкая акупацыя поўдня Расіі.
Пасля немцаў у раёне стаялі данскія казакі і асобныя часткі Дабравольніцкай арміі. Наколькі я памятаю, справы на фронце пайшлі кепска: бальшавікі не без поспеху напіралі, а казакі падзяліліся на белых і чырвоных. Жыхары станіц вярхоўя Дона – Ніжне-Чарская, Цымлянская, Вешанская – сімпатызавалі чырвоным, але жыхары нізавых гарадоў і станіц – Новачаркаск, Растоў-на-Доне, Канстанцінаўская, Старачаркаская – былі пагалоўна супраць. Так надышоў 1919 год – апагей грамадзянскай вайны. Па ўсёй былой імперыі многа крыві пралілося! Чырвоныя марудна, але пэўна прасоўваліся на поўдзень Данской вобласці, які быў заняты белымі. У харчовым плане было, вядома, нашмат горш, чым у «стары добры час», але жыць яшчэ было можна. А вось з цэнтральных, заходніх і ўсходніх губерняў імперыі даходзілі трывожныя весткі: там ужо запанавалі голад, разруха, бандытызм. Усе вакол казалі, што з Расіі трэба ехаць, чакаць тут няма чаго. Да гэтага імкнулася і мая мама. Бацька ж сумняваўся, хаця пазней не раз горка шкадаваў, што не паслухаў маму, яе родных і сваіх сяброў. Дапраўды, пасля яго неабачлівага ад’езду з Пецярбурга наша неадбытая эміграцыя стала яго другой фатальнай памылкай у жыцці!
У Новачаркаску 1919 года мы «пасмакавалі» ўсю мярзоту запусцення, спароджанага вайной і бальшавіцкай рэвалюцыяй. Фронт рухаўся да нас марудна, але пэўна. Бальшавіцкія палкі паспяхова займалі Данскую вобласць. Гэта ўсё было ўжо ў 1920 годзе, а ў 1921-м і да нас дакацілася навіна пра новую эканамічную палітыку (НЭП). Паводле росчырку сіфілітыка Леніна, савецкая ўлада змяніла суворасць жахлівага «ваеннага камунізму» на палёгкі для прыватнага прадпрымальніцтва. НЭП доўжыўся гадоў сем, а ў палітычных адносінах тым часам кансалідаваліся аўтарытарызм і дыктатура.
Пра Растоў-на-Доне
Бацька мой вырашыў пакінуць Новачаркаск і перабрацца ў Растоў-на-Доне менавіта тады, у 1921 годзе. І вось у цудоўны веснавы дзень я з татам пайшоў на вакзал, мы селі ў цягнік Новачаркаск – Растоў-на-Доне і паехалі… Да Растова блізка, усяго-та гадзіны паўтары язды. А вось і ён! Я там часта бываў у дзяцінстве, але той прыезд пакінуў ашаламляльнае ўражанне. Які вакзал, колькі цягнікоў, і на ўсе напрамкі! Трамваі, аўтамабілі! Які рух! Колькі тлуму! Якія вуліцы! Галоўная вуліца Садовая – раскоша! А якія крамы і колькі іх! І ўсе яны прыватныя. НЭП дэманстраваў дастатак і нават багацце.
Майго тату многія ведалі і цанілі ў Растове. Дабраліся мы да нашых знаёмых па прозвішчы Паперыны (ён – скрыпач). Спыніліся ў іх. Прынялі нас цудоўна. Жылі яны на Сянной вуліцы, недалёка ад цэнтра. На наступны ранак прыехала цягніком мама, Растоў яе таксама ўзрушыў. Ёй гэты горад нагадваў, ні многа, ні мала, сам Парыж! У хуткім час бацька мой уладкаваўся на працу ў сімфанічны аркестр: ён заняў, як заўсёды, месца канцартмайстра. Дырыжор быў з Таганрога – Валерыян Гаэтанавіч Мола, наш стары сябар. Для адкрыцця сезона выбралі канцэртны вальс Глазунова. Канцэрт праходзіў на вольным паветры, у Аляксандраўскім садзе. Калі над скрыпачамі ўздымаўся лес смыкоў і лілася незвычайная музыка, проста хацелася плакаць ад асалоды. Божа, як было добра!
А я тым часам знаёміўся з цудоўным горадам Растовам. Увосень я паступіў у музычны тэхнікум і з вялікім здавальненнем займаўся з выкладчыкам Я. Ф. Гіроўскім. Вось шчаслівы час! Потым была знойдзена кватэра на Крапасным завулку ў дом № 72. Мы пераехалі туды і зажылі там на славу. А Растоў усе прыгажэў, я памятаю яго дастатак. Крама «Праваднік» гандлявала гумовым адзеннем і абуткам; крама мужчынскай гатовай вопраткі «Альшванг» – раскоша! Гастранамічныя крамы – фантастычныя! А фрукты ў краме «Абрыкос»! Цяжка апісаць прысмакі – сочыва, цукеркі – якія прадаваліся ў крамах нэпмана Бландова і іншых. Так і жылі мы ўсёй сям’ёй у гэтым цудоўным горадзе. Скора ў Растоў прыехалі мае сябры, Ірачка і Каця Зазерскія. Які я быў рады, і яны таксама цешыліся з сустрэчы. Мае лепшыя сябры Віця і Лёня почасту завітвалі да нас. Праўда, у 1921 годзе савецкая ўлада «прыняла новыя формы кіравання», і ўсе гэтыя іх «формы» пачыналіся і канчаліся найбольш жорсткім тэрорам і бязлітаснасцю. Гэта было жахліва. Горы трупаў усіх узростаў, эпідэміі хвароб уносілі мільёны ахвяр у магілы. Але «вялікі настаўнік усяго прагрэсіўнага чалавецтва» казаў: «Класавая барацьба прыняла новыя формы». Усё, што казаў Ленін, прымалася як закон, запярэчыць якому было найвялікшым злачынствам, за якое кара адна – смерць! Ну, а пасля Леніна прыйшоў наступны бальшавіцкі цар-вылюдак, Сталін, і іншае гадаўё, што жывіліся крывёю ўласнага народа.
Калі я пастаянна жыў у Растове, то часта наязджаў у Новачаркаск. Там у мяне засталося нямала сяброў па Пятроўскай гімназіі, дый увогуле было многа знаёмых, пра якіх я часта ўспамінаў, сумаваў па іх. Не магу забыць і сям’ю Болдыравых. Барыс Болдыраў быў старым, звыклым сябрам. Жылі яны ў вельмі добрым уласным доме на Ратнай вуліцы, № 18. Будаваў гэты дом сам Сяргей Іванавіч Болдыраў, інжынер-архітэктар. Дом быў трохпавярховы, і як жа там было добра гасцяваць! Сяргей Іванавіч для гэтага дома нічога не шкадаваў: усё было прысвечана выгодам і камфорту. Маці Боры, Зінаіда Андрэеўна – «пані» – найрахманейшая жанчына, безразважна любіла свайго Бору, мужа, свой дом і гаспадарку. У двары гэтага дома, у флігелі, жыў прафесар Габрычэўскі. Яго сын, Міша, таксама быў вялікім маім сябрам. Я часта наведваў іх у Новачаркаску, а яны мяне ў Растове, карацей, сяброўства не слабла, а нават мацнела! Часам я прыязджаў у Новачаркаск з канцэртамі і заўсёды радаваўся дзіцячай радасцю, калі сустракаўся з родным горадам. Цяпер, калі ўспаміны пра Новачаркаск адносяцца да далёкага мінулага, хочацца зняць капелюш у яго гонар! Хаця, у разе цвярозай ацэнкі, незвычайнага там быццам бы нічога і не было. Правінцыйны горад, населены спакойнымі, добрымі людзьмі. Але ў той жа час трэба прызнаць: Данская вобласць мела свае «спецыфічныя» рысы, якія адрознівалі яе ад іншых тэрыторый Расійскай імперыі. Прыкладамі могуць служыць асаблівыя «данскі характар» і «данская мова». І тое, і іншае вылучалася сваімі нюансамі. А данскія песні! Цяжка на словах перадаць прыгажосць мелодый гэтых песень. Аднак з такім апісаннем выдатна даў рады Шолахаў у «Ціхім Доне».
Казацкія прозвішчы таксама гучаць своеасабліва. Вось тыповыя: Гыдоскаў, Валошынаў, Курмаяраў, Ломаў, Селіванаў, Касаротаў і г. д. Майму бацьку пісалі на канвертах па-казацку: «Оберу Сакычу Камінскаму». Данцы любілі свой народ і казалі пра сябе так: «Мы прыродныя нацыянальныя данскія казакі!» Усе яны жылі на сваёй зямлі як душа жадае, без клапот. І нікому яны не заміналі, пакуль не з’явіўся Ленін са сваёй хеўрай. Гэтыя параджэнні пекла пачалі знішчаць не толькі данскіх казакаў, але і вольных стэпавых калмыкаў. Колькі ў некаторых чалавечых істотах закладзена злосці! І гэтую «якасць» ці то спарадзіла, ці то разбудзіла ленінская рэвалюцыя. Толькі падумаць, гэта ж недаступна розуму! Мужчын-казакаў па-зверску забівалі ледзь не з дзіцячага ўзросту! А жорсткае, ліхадзейскае абыходжанне з казáчкамі! З пункту гледжання Леніна, як данскія, так і кубанскія казакі падлягалі вынішчэнню, таму што яны былі «памагатымі» царскага рэжыму і, адпаведна, «ворагамі рэвалюцыі»! Няхай яна, гэтая рэвалюцыя, і ўсе яе прыслужнікі будуць праклятыя на векі вечныя!
Наша, Камінскіх, прырода, не такая. Як тата казаў: «Для шчасця патрэбная годнасць сэрца, каб берагчы і помніць толькі добрае ў людзях. Людзей, асабліва блізкіх, трэба любіць і песціць». І дадаваў: «Дый добра жыць на свеце!» Я помню, як ён часта гэта паўтараў у розных варыянтах. Я добра памятаю вучняў бацькі і іх узаемную любоў. У гэтых адносінах я бачыў нешта «боскае». А якія «балі» ладзіла мая мілая, незабыўная мамуля! І з нагоды прыходу вучняў, і ў дні імянін майго бацькі ды маіх, і ў дні нашых народзінаў! Дый проста так, парадаваць нас і сяброў. Як я любіў усё гэта, што патанула ў бяздонні рэвалюцый і войнаў.
У 1935 годзе, з парады бацькі, я паступіў у Маскоўскае музычна-педагагічнае вучылішча (тэхнікум; цяпер інстытут імя М. Ф. Гнесіна) па двух аддзяленнях: фартэпіянным і кампазіцыі. Я быў вельмі рады гэтай акалічнасці. Навучальная ўстанова была зусім прыстойная, вядома, не кансерваторыя, але ў 1935-м я быў для кансерваторыі пераросткам – 29 гадоў. За навуку я ўзяўся з энтузіязмам. Асабліва мяне прыцягвала кампазіцыя, і, папраўдзе, займаўся я няблага. У гэтых жа сценах вучыўся Арам Хачатуран, але ён быў там перада мною. У СССР пра Хачатурана было прынята выказвацца з доляй іроніі. Я заўжды тлумачыў гэта асабістай зайздрасцю. Арам Ільіч быў чалавек вельмі таленавіты – вось, напрыклад, яго балет «Гаянэ»… А яго скрыпічны канцэрт, гэта ж проста шэдэўры!
З задавальненнем успамінаю маіх педагогаў: Генрыха Густававіча Нейгауза, Яўгена Іосіфавіча Меснера, самога Міхаіла Фабіянавіча Гнесіна! У 1940 годзе я скончыў гэтую адметную ўстанову як піяніст і кампазітар, і мяне размеркавалі ў Мінск. Там жа я напісаў 1-ы канцэрт для фартэпіяна з аркестрам на беларускія народныя тэмы. Грала мінская піяністка Ева Якаўлеўна Эфрон, і грала добра! Ёй падабаўся канцэрт, што спрыяла натхнёнаму выкананню. Потым канцэрт запісалі ў Маскве на плёнку з аркестрам радыёкамітэта (дырыжор – А. М. Кавалёў). Неўзабаве ён быў выкананы ў Калоннай зале той жа піяністкай, Е. Я. Эфрон, але з дырыжорам Натанам Рахліным. Наступнае яго публічнае выкананне было ў Мінску, перад самай вайной і з маім удзелам. Я граў канцэрт з дырыжорам Барысам Афанасьевым і з мінскім філарманічным аркестрам. Зразумела, я пісаў музыку і даўней, але з гэтым канцэртам зведаў першы творчы поспех.
А ў 1941 годзе пачалася жахлівая вайна!!! Яе немагчыма апісаць, дый ці трэба? Гінула ўсё. Гэты вар’ят Шыкльгрубер – Гітлер! З самага пачатку нечакана гнюсна паказалі сябе немцы. «Саветы» таксама былі не на «вышыні». З аднаго боку, выявілася поўная бяздарнасць камуністычных правадыроў (пра гэтую бяздарнасць няможна расказаць ні на якой чалавечай мове). А шалёная жорсткасць гэтых правадыроў, пачынаючы з іх «вялікага» Леніна? Дый тых, хто прыйшоў яму на змену, адзін Сталін чаго варты… Я пайшоў на фронт у 1941 годзе, мяне прызначылі камандзірам выязной канцэртнай брыгады на Паўднёва-Заходнім фронце. Мы рэдка, амаль ніколі не выступалі ў тыле да канца 1943 года. А на перадавой было «спякотна» і страшна. Мае любімыя гарады выгаралі: Севастопаль, Новачаркаск, Таганрог, Растоў-на-Доне – гарэлі, Ялец гарэў! Варонеж згарэў на 94%, Мінск практычна на 100%… А людзі! «Саветы» прыхоўвалі сапраўдныя даныя, але падобна, што колькасць ахвяр гэтай страшнай вайны толькі ў СССР наблізілася да 30 мільёнаў чалавек. Божа мой, які гэта быў бясконцы кашмар! Самалётныя і артылерыйскія бамбёжкі! А танкі і кулямёты! А голад і смага! Мне пашанцавала больш за іншых, а колькі сяброў загінула! Лёня, мой любімы сябар, Лёня Сарокін, ніколі не перастану аплакваць цябе… З якой радасцю я аддаў бы табе або тваім дзецям мае ваенныя ўзнагароды! Але каму патрэбныя гэтыя савецкія бляшкі? Ды што там! Жыццё б за цябе аддаў! Але ў цябе, як і ў мільёнаў іншых загіблых, няма дзяцей. І ўсё гэта праз брыдкую троіцу – Ленін-Гітлер-Сталін – ды кагорты іх памагатых, якім няма супыну!
Д. Камінскі на фронце (1942) і ў мірны час (1970)
Так, у канцы 1943 года мяне дэмабілізавалі, накіравалі ў Варонежскі дзяржаўны драматычны тэатр загадчыкам музычнай часткі. Разбураны бамбёжкамі ў 1942 годзе будынак тэатра аднавілі неўзабаве па маім прыездзе, у пачатку 1944 года. За шэсць гадоў да мяне ў горадзе жыў Восіп Мандэльштам, яго там жа арыштавалі, і неўзабаве паэт загінуў. Не давялося сустрэцца… Агулам праца ў Варонежы была добрай па тых часах, але мне хацелася займацца педагагічнай дзейнасцю і кампазіцыяй, а амаль увесь час марнаваўся на тужлівую адміністратыўную работу. І мяне цягнула ў Мінск, куды я і вярнуўся ў 1946 годзе.
Нягледзячы на тое, што бацькам маім не дазвалялася жыць у сталічных гарадах (праз паходжанне мамы), я спадзяваўся, што пасля такой ПЕРАМОГІ і столькіх ахвяр паветра ў СССР разрэдзіцца, бацькі прыедуць да мяне, і мы зноў зажывем разам. Але гэтага не здарылася. Я змог прывезці зусім хворую маму толькі пасля смерці таты.
У Мінску я многа і шчасна працаваў. Мяне ад самага пачатку скарылі багатыя народныя мелодыі краіны, дзе вясёлыя, жыццярадасныя, танцавальныя рытмы перапляталіся часам са своеасаблівай песеннай поліфаніяй. Усё гэта почасту проста «прасілася» ў тэму сімфанічнага і поліфанічнага абрамлення. Дзякуючы гэтым тэмам я напісаў сем фартэпіянных канцэртаў, два скрыпічных, адзін віяланчэльны і многа канцэртных п’ес для народных інструментаў – з акампанементам як народных, так і сімфанічных аркестраў. Мне вельмі мілыя былі беларускія тэмы з выкарыстаннем цымбалаў (сола) у суправаджэнні сімфанічнага аркестра. Асабліва я любіў поліфанічнае пісьмо: напісаў у суме 24 прэлюдыі і фугі на беларускія народныя тэмы (па 12 кожнай). Вядома, з аднаго боку мне можна закінуць падабенства маіх фуг на фугі Баха. Але, з другога, мова поліфаніі заўсёды нагадвае чароўныя інтанацыі вялікага Баха. Дарэчы, чым больш мае фугі прыпадабняліся да Бахавых, тым больш яны мне падабаліся.
Аўтарскі канцэрт у Беларускай дзяржфілармоніі
У Мінску я знайшоў Дору Абрамаўну, таленавітага выкладчыка па фартэпіяна ў музычнай школе-дзесяцігодцы для адораных дзяцей. Потым Дора Абрамаўна стала маёй жонкай, і мы з ёй пражылі шчасліва не адзін дзясятак гадоў у гэтым горадзе. Там жа мяне прызначылі старшынёй Саюза кампазітараў БССР, прысвоілі званне «Заслужанага дзеяча мастацтваў», чамусьці ўзнагародзілі «Ордэнам дружбы народаў», увялі ў камітэт па ленінскіх прэміях пры савеце міністраў СССР. Зрэшты, апошняе прызначэнне я ўпадабаў: можна было мець зносіны з Шастаковічам. Дзмітрыя Дзмітрыевіча я заўсёды вельмі любіў, дый цяпер з пяшчотай шаную яго памяць.
Аднак я аднесся з пагардай да ўсіх гэтых «выгад» (адзін Бог ведае, што я да іх за Саветамі ніколі і не імкнуўся) і не стаў хаваць жадання пакінуць Савецкі Саюз для «ўз’яднання сям’і». Я на ўсё жыццё ўдзячны Доры Абрамаўне за тое, што яна дапамагла мне з’ехаць з Савецкага Саюза ў Канаду, дзе мы шчасліва жывем з ёй, дочкамі і ўнукамі. Ну, а да ад’езду было некалькі спектакляў разыграна. Так, быў скліканы спецыяльны сход Саюза кампазітараў БССР, на якім мяне павінны былі з «трэскам» выключыць з гэтага саюза. Я, вядома, не прыйшоў, але мае «сабраты» і без мяне «справіліся»! Пазней, выпадкова мяне сустракаючы, кожны з іх паўтараў адно і тое ж: «вы ж разумееце, што мяне прымусілі!» Гэта было настолькі аднастайна, што я стараўся да ад’езду іх усіх абмінаць…
Нагадаем, поўны тэкст мемуараў рыхтуецца да публікацыі ў альманаху «Запісы БІНіМ», № 39 (Нью-Ёрк-Менск). Гэты нумар «Запісаў» мае выйсці ўвосень 2017 года.
Апублiкавана 30.04.2017 08:58