ГОД «БЕЛАГА КЛОУНА» (тут Керэт!) / אתגר קרת בבלרוסית

Э. Керэт у Мінску, выступ у лінгвістычным універсітэце (20.04.2016)

Этгар Керэт нарадзіўся ў сям’і выхадца з Беларусі ў горадзе Рамат-Гане, у 1967 годзе. Вучыўся ў Тэль-Авіўскім універсітэце, служыў у войску. Аўтар зборнікаў кароткай прозы «Мая туга па Кісінджэры», «Піцэрыя “Камікадзэ”» ды інш., дзіцячай кнігі «Тата ўцякае разам з цыркам». Кінасцэнарыст, аўтар фільма «Медузы» (і не толькі). Па-беларуску выходзілі зборнік яго выбраных апавяданняў «Кіроўца аўтобуса, які хацеў стаць Богам» (Мінск, 2007) і кніга эсэістыкі «Сем добрых гадоў» (Вільнюс, 2016). «Белы клоун» сучаснага пісьменства, лаўрэат прэміі прэм’ер-міністра Ізраіля (Ізраіль, 1998), стаў кавалерам ордэна мастацтваў і літаратуры (Францыя, 2010). Акурат год таму наведаў Беларусь, чаму і прысвячаецца гэтая публікацыя.

Апавяданні з кнігі «Раптам стук у дзверы» (Вільнюс… а можа, Мінск, 2017)

Гуаява

Шуму самалётных матораў не чуваць. Нічога не чуваць. Акрамя, можа быць, галасістага плачу сцюардэс за пару шэрагаў адсюль. Праз ілюмінатар эліптычнай формы Шакедзі глядзіць на аблачыну, якая лунае проста пад ім. Ён уяўляе, як самалёт валіцца – не раўнуючы камень, робіць у аблачыне гіганцкую дзірку, якая хутка зацягнецца першым ветрам і не пакіне пасля сябе нават шнара. «Не падаць! – кажа сабе Шакедзі. – Толькі не падаць!»

За сорак секунд да смерці прыляцеў анёл увесь у белым і сказаў, што Шакедзі выйграў апошняе жаданне. Шакедзі паспрабаваў высветліць, што значыць «выйграў». Вядзецца пра выйгрыш на манер латарэйнага або гаворка пра перамогу ў нечым больш ганаровым: «выйграў» у сэнсе «заслужыў», як узнагароду за праведныя ўчынкі.

Анёл паціснуў крыламі.

– Не ведаю, – сказаў ён з анёльскай шчырасцю. – Мне сказалі прыляцець і хуценька выканаць тваё жаданне, а чаму – не паведамілі.

– Шкада, – сказаў Шакедзі. – Бо гэта якраз мегацікава. Асабліва цяпер во, калі я хутка пакіну наш свет, і ўсё такое. Мне вельмі важна ведаць, пакідаю я яго проста як шчаслівы пераможца латарэі або як праведнік, якому перад зыходам па-сяброўску ляпаюць па плячы.

– Сорак секунд – і цябе расплюшчыць, як блінец, – сказаў анёл абыякавым голасам. – Калі хочаш укласціся ў гэтую саракоўку, я паспею. Далібог! Толькі давай варушы мазгамі: тваё акно магчымасцяў хутка зачыніцца.

Шакедзі паварушыў мазгамі і хутка загадаў жаданне. Але да таго, як тое жаданне агучыў, зрабіў анёлу заўвагу, маўляў, у таго дзіўная манера выказваць свае думкі. То бок, як для анёла.

Анёл абразіўся:

– Што значыць «як для анёла»? Ты што, чуў як размаўляюць іншыя анёлы, каб казаць мне такое?!

– Не, не чуў, – прызнаўся Шакедзі.

Анёл стаў выглядаць значна менш анёльскім і прыемным. Але яшчэ менш прыязным ён стаў выглядаць, калі пачуў само жаданне.

– «Мір ва ўсім свеце»?! – гняўліва выгукнуў ён. – Мір ва ўсім свеце? Ты здзекуешся?

І Шакедзі загінуў.

Шакедзі загінуў, а анёл застаўся. Застаўся сам-насам з самым прыкрым жаданнем, якое яму толькі замаўлялі. Збольшага людзі просяць новую машыну для жонкі, кватэру для дзяцей. Здзяйсняльныя рэчы. Канкрэтыка. Але «мір ва ўсім свеце»? – той яшчэ клопат на галаву! Спярша хлопец дакучае пытаннямі, нібыта ён, анёл – тэлефонная даведка, потым – абражае наконт яго мовы, і на дэсерт – бач, падсоўвае мір ва ўсім свеце! Калі б хлопец не разбіўся, анёл дачапіўся б да яго не раўнуючы герпес і прымусіў змяніць жаданне. Але хлопец ужо рынуў душою ў сёмае неба, ідзі шукай яе там.

Анёл уздыхнуў. «Ат, пыл і драбяза – мір ва ўсім свеце, – прамармытаў ён сабе, – мір ва ўсім свеце – для анёлаў гэта пыл».

Тым часам душа Шакедзі ўжо паспела забыцца, што колісь была чалавекам, якога звалі Шакедзі, і не раўнуючы ўдала падабраны сэканд-хэнд, паспяхова ўцелавілася па новым коле ў садавіну. Ну, так, у садавіну. У гуаяву.

У новай душы думак не было. У гуаявы няма думак. Але яна адчула. Адчула жуду. Страх, што ўпадзе з дрэва. У яе не было словаў, каб апісаць гэтую жуду. Але калі б нават і былі, гучалі б яны, пэўна, так: «Мамачка, толькі не падаць!»

У час, калі зледзянелая ад жуды гуаява вісела на дрэве, у свеце ўсталяваўся ўсеагульны мір. Людзі перакавалі свае мячы на аралы, а атамныя рэактары пераабсталявалі для мірных мэтаў. Але ўсё гэта гуаяву не суцешыла, бо дрэва было высокае, а зямля – далёкая і мулкая.

«Не падаць, – пераймалася гуаява бязгучна. – Толькі не падаць!»

Іншасвет

Кілеры, яны, як палявыя кветкі, – ёсць усякія-розныя віды. Ведаў я аднаго, якога звалі Максіміліян Шэрман. Напэўна, насамрэч яго клікалі неяк інакш, але так ён заўжды называўся. Супер-кілер, эліта, класіка жанру, з тых, хто заключае кантракт не больш за два разы на год. Колькі ён атрымліваў за галаву – больш і марыць цяжка. Гэты Максіміліян яшчэ падлеткам зрабіўся вегетарыянцам з рэлігійных перакананняў і ўсынавіў хлопчыка Нуры з Судана. Ён ніколі не сустракаў Нуры, але крэмзаў яму доўгія лісты, а Нуры пісаў яму ў адказ і нават дасылаў фотаздымкі. Карацей, звычайны кілер. Максіміліян не быў гатовы забіваць дзяцей. Кабет – праблематычна таксама. Праз гэта за ўсё сваё жыццё ён страціў купу грошаў. Вельмі шмат ганарараў.

Дык вось, ёсць Максіміліян, а ёсць я. Вось што цудоўна ў нашым свеце, што ўсе мы розныя. Я не ўмею так прыгожа размаўляць, як Максіміліян, або паглыбляцца на ўніверсітэцкіх сайтах у артыкулы пра таксіны, што не пакідаюць слядоў у крыві і маюць назвы, якія мне не па сіле нават вымавіць па літарах. Але ж я, у процівагу яму, згаджуся зарэзаць для вас любых дзяцей і баб. Ціха-свята, не міргнуўшы вокам, не патрабуючы за гэта даплаты.

Мой адвакат кажа, што менавіта праз гэтую усёеднасць я атрымаў смяротнае пакаранне. Сёння, кажа ён, не тое што даўней, калі людзі аддавалі перавагу публічнаму павешанню перад сытным абедам. Сёння ў людзей няма ранейшага імпэту забіваць кілераў, ад гэтага ім зробіцца млосна, і яны адчуваюць гвалт над сабою. Але забойцы дзяцей пакуль атрымліваюць па карку. Шчыра? Я не вельмі разумею, з якой прычыны. Жыццё – гэта жыццё. І Максіміліян Шэрман, і прысяжныя-праўдарубы могуць круціць носам хоць да заўтра, але я скажу – звесці са свету дваццацігадовую студэнтку-булемічку з факультэта па гендарных даследаваннях або шасцідзесяцігадовага аматара паэзіі, які робіць шафёрам лімузіна, гэта не менш і не больш нармальна, чым выняць жытку ў смаркатага дзетсадаўца. Ведаю, пракуроры любяць зрабіць з гэтага шоу. Затлуміць галаву пра дзіцячую нявіннасць і нямогласць. Але жыццё – гэта жыццё. Як той, праз рукі якога прайшло нямала карумпаваных адвакатаў і палітыкаў, магу сказаць, што ў момант ісціны, у момант, калі цела б’е дрыготка, а вочы круцяцца, што шалёныя – усе пагалоўна нявінныя і ўсе нямоглыя, без адрознення паводле рэлігійнай, узроставай, расавай ці полавай прыкметы. Але ідзі патлумач гэта прысяжнай, паўглухой пенсіянерцы з Маямі, якая адзінае, што бачыла ў сваім жыцці, акрамя мужа, якога не надта трывала, – гэта хамячок на імя Чарлі, які здох ад раку прамой кішкі.

На судзе таксама казалі, што я ненавіджу дзяцей. У прыклад прывялі выпадак шасцігадовых блізнюкоў, якіх я забіў за кампанію, бо іх імёны не фігуравалі ў дамове. Можа, ёсць нейкая рацыя ў гэтых словах. І не тое што ў мяне праблемы з тым, як яны выглядаюць. Знешнасць у дзетак сімпатычная. Як людзі, толькі маленькія такія, як малюпасенькія бляшаначкі з колай на спробу, якія колісь раздавалі ў самалётах. Але іх паводзіны?! Тут я пас, прызнаюся. Я не ў захапленні ад усіх гэтых пастаянных крыўдаванняў, іхніх сцэн, якія яны ўсчынаюць на падлогах гандлёвых цэнтраў. Увесь гэты лямант, усе гэтыя «не хачу больш татку», «не люблю больш мамку»… Цьху! І ўсё праз што? Праз паскудныя цацкі за два баксы, з якімі, нават калі ты ім купіш, яны пагуляюць максімум пару хвілінаў! Апавяданняў перад сном я таксама гіджуся. І не толькі самой няёмкай сітуёвіны, калі ты мусіш ляжаць у вузкім і нязручным ложку поруч з дзіцёнкам, колькі іхняга псіхалагічнага шантажу, які яны не пасаромеюцца ўжыць, толькі каб ты прачытаў яшчэ адну старонку. І ў дадатак самі гэтыя казкі. Заўсёды такія салодзенькія, са звярушкамі-сімпампушкамі, пазбаўленымі пашчаў і кіпцяў. Ілюстраваная хлусня пра дэкафеінізаваны свет без бедаў і ліха, адным словам, нуда смяротная. І калі мы загаварылі пра смерць – мой адвакат лічыць, што мы можам падаць апеляцыю. Ну, не тое што гэта дапаможа, але пакуль будзем звяртацца да вышэйшых інстанцыяў, мы можам выгадаць трохі часу. Я адмовіўся. Паміж намі, што я магу з гэтага “трохі часу” атрымаць? Яшчэ пару дзён пакачаць прэс у камеры? Зазырыць яшчэ адну бяздарную серыю баскетбольных гульняў паміж задрыпознымі каледжамі і калдырныя рэаліці-шоу па тэлевізары? І калі ў канцы мяне ў любым выпадку чакае ўкол з атрутай, дык замест залішняй цяганіны, давайце хутчэй гэта зробім і пойдзем далей.

* * *

Калі я быў малы, бацька заўсёды размаўляў пра замагільны свет. Так шмат размаўляў, што большасць часу ўжо не заўважаў, з кім за яго спінай у гэтым свеце спіць мама. І калі ўсё што ён распавёў пра замагільны свет праўда, дык нудна там не будзе. Бацька быў іудзеем. Але калі спыталі ў турме, я папрасіў, каб прывялі ксяндза. Мне неяк здаецца, што гэтыя хрысціяне менш аперуюць адцягненымі паняццямі. А ў маёй сітуёвіне філасофскі аспект не надта істотны. У дадзены момант галоўнае – практыка. Тое, што я выпраўляюся ў пекла – гэта факт. І чым больш я здолею выцягнуць з ксяндза звестак пра тагасвет, тым больш падрыхтаваны я туды выпраўлюся.

З досведу: нішто не можа так падняць твой аўтарытэт, як раструшчаная галёнка ці праламаны чэрап, і не важна – адбылося гэта ў папраўчай калоніі для няпоўналетніх крымінальнікаў у Грузіі, ці на курсе маладога байца ў марской пяхоце ЗША, або ў бангкокскай турме строгага рэжыму. Самае галоўнае тут – ведаць дакладна, каму канкрэтна трэба раструшчыць. І тут ксёндз можа дапамагчы. І, можа, лепей было запрасіць рэбе або глухога індыйскага брахмана, бо балбатун ксёндз нічарта не дапамог. Ён выглядае рыхтык як японскі турыст, але вырабляецца, што чацвёртае пакаленне ў Амерыцы, і што нават такога нельга сказаць пра мяне.

– Пекла, – кажа ён мне. – Гэта ўсё вельмі асабістае. Гэтаксама як рай. Урэшце кожны атрымае пекла ці рай, якія яны заслужылі.

Я не здаюся:

– А хто там пахан? І якія там расклады? Колькі было ўцёкаў?

Але ксёндз не адказвае, адно хітае галавой, як сабачкі, якіх ставяць на панель у машыне. Калі ў трэці раз ён просіць мяне спавядацца, я трываць больш не ў стане і як след яму ўмазваю. Мае рукі і ногі звязаныя, таму ўдар трэба наносіць галавой, але гэта больш, чым трэба. Не ведаю, з якіх матэрыялаў яны лепяць гэтых японскіх ксяндзоў, але мой развальваецца за імгненне.

Ахоўнікі, які адцягваюць мяне ад яго, даюць мне прачуханца: кухталі, выспяткі, поўхі. Гэта нібыта каб уціхамірыць мяне, але яны проста лупцуюць для асалоды. Я іх разумею. Лупцоўка – гэта кайф. Шчыра? Мне больш спадабаўся гэты ўдар галавой па ксяндзу, чым стэйк са смажанай бульбай на маю апошнюю вячэру, хаця стэйк быў зусім непаганы. Лупцоўка – кайф, і што б там па другі бок уколу з атрутай мяне ні чакала, і нават нягледзячы на тое, што мне будзе паскудна, сукіну сыну, які апынецца побач са мной, будзе яшчэ больш паскудна, і мне пляваць, ці гэта будзе проста грэшнік, ці які чорт, ці нават сам Шатан. Гэтаму акрываўленаму ксяндзу-японцу ўдалося распаліць мой апетыт.

* * *

Укол баліць. Ясна – гэтыя праведныя гняўліўцы маглі даць якісьці небалючы, але выбралі менавіта балючы. Каб пакараць. Канаючы, я прыгадваю ўсіх, каго я пазабіваў, выразы, якая расплываліся ў іх на тварах за імгненне да таго, як душа вылятала ў іх праз вушы. Можа быць, яны, узлаваныя, чакаюць мяне там, па другі бок. Я адчуваю, як маё цела апошні раз здрыганулася, нібы кулак, што з сілай патрапіў у сэрца. Чакайце, чакайце! Будзе прыемна забіць вас яшчэ адзін раз.

* * *

Я расплюшчваю вочы. Вакол мяне зялёная трава, высокая, бы ў джунглях. Мне здавалася, што пекла – гэта падвальныя памяшканні, змрочны такі свет, але тут вакол зеляніна і ўгары скварыць сляпучае сонца. Я працярэбліваюся праз траву, шукаючы на зямлі што-небудзь, што можна ператварыць у зброю: палку, камень, завостраную галіну. Няма. Вакол мяне няма нічога, акрамя высокай травы і вільготнай зямлі. Паблізу я згледзеў пару вялізных чалавечых ног. Хто б там ні быў, ён вышэйшы за мяне ў восем разоў, а я няўзброены. Трэба знайсці ў яго слабое месца: каленная рэпка, яйцы, кадык. Біць хутка і моцна і спадзявацца на вынік. Асілак нахіліўся. Ён спрытнейшы, чым я спадзяваўся. Сілком падымае мяне ў паветра і разяўляе рот.

– Ну вось і ты, – кажа ён і прытуляе мяне да грудзей. – Вось ты дзе, маё малое і салодкае медзведзяня! Ты ж ведаеш, што я моцна люблю цябе.

І я намагаюся скарыстаць тое, што апынуўся да яго ўшчыльную, каб укусіць яго ў шыю, ткнуць яму палец у вока. Я хачу, але цела не падпарадкоўваецца, і я мімаволі абдымаю гіганта ў адказ. Я адчуваю як мае вусны насуперак майму нежаданню варушацца, растульваюцца і кажуць шэптам:

– Я таксама цябе люблю, Крыстафер Робін. Люблю цябе больш за ўсё на свеце!

Верасень круглы год

Крызіс моцна прайшоўся па «эН-Дзі». Іх паслугі, можа, і прызначалася залатой тысячы, чый дабрабыт паводле логікі мусіў быць крызісанепрабіўным, але пасля чыкагскага лінча іх перасталі замаўляць нават мільярдэры. Частка з іх – праз раптоўнае падзенне прыбыткаў, але большасць – праз страх быць лінчаванымі, або таму, што проста зрабілася няёмка перад суседзямі.

Цана акцый апусцілася ніжэй за плінтус біржавой залы і працягвала нямогла краваточыць на падлозе. Назва «эН-Дзі» зрабілася сінонімам крызісу. «Ўол-стрыт Джорнал» прысвяціў кампаніі першую старонку пад загалоўкам «Снег у верасні», які быў своеасаблівай пераробкай іх колішняй рэкламы «Верасень круглы год».

На той рэкламнай абвестцы была выяўленая апранутая выключна ў плаўкі і купальнікі сям’я, якая сонечным адвячоркам аздабляе калядную ялінку. Свайго часу гэтая рэкламная кампанія шырылася, быццам лясны пажар. У тыдзень пасля першага эфіру яны ўжо прадавалі тры тысячы сістэм на дзень. Сістэмы куплялі грашавітыя бізнесоўцы, а таксама людзі менш заможныя – каб зрабіць уражанне на партнёраў. Эн-Дзішныя паслугі ператварыліся ў сімвал статусу. Nice Day, выдатны дзянёк для багатых.

…Калі ты жывеш у стылай Ісландыі і снег ды шэрая непагадзь зводзяць цябе з розуму, дастаткова сунуць картку ў тэрмінал і з дапамогай аднаго-двух спадарожнікаў кожны Божы дзень нашы спецыялісты будуць заліваць тваю тэрасу сонцам і напусцяць у яе аксамітны брыз а-ля Ібіца…

Мукі Аялон стаў адным з першых, каму правялі гэтую сістэму. Мукі любіў свае грошы і яму было цяжка з імі расставацца, аднак больш за свае мільёны, якія ён зрабіў на продажы зброі і медыкаментаў у Радэзіі, Мукі ненавідзеў вільготнае нью-ёркскае лета, непрыемны цяжар спатнелай майкі, якая ліпне да спіны. Ён купіў сістэму не толькі для сваіх апартаментаў, але для ўсяго кварталу. Былі такія, якія палічылі гэтую пакупку дабрачыннасцю, але, па праўдзе кажучы, Мукі зрабіў гэтак толькі дзеля таго, каб добрае надвор’е суправаджала яго да мінімаркета на рагу. Мінімаркет, акрамя таго, што прадаваў Мукі танныя ізраільскія цыгарэты «Ноблес» (дзеля яго іх адмыслова імпартавалі з Хайфы), у дадатак як нішто іншае акрэсліваў арэал яго пражывання. З моманту, калі Мукі падпісаў чэк, надвор’е ў квартале зрабілася проста райскім. Без мярзотных дажджоў і свалачных сухавеяў. Верасень круглы год. Але, барані Божа, не гэтаеманхэтанскаепаскудства, а нармальны хайфскі верасень, у якім змалку гадаваўся Мукі.

І тут здарыўся лінч у Чыкага, і суседзі сталі патрабаваць, каб ён неадкладна скасаваў гэтую вечную восень. Спярша ён ігнараваў патрабаванні, але тут пасыпаліся лісты ад адвакатаў. Нехта нават кінуў зарэзанага паўліна на лабавую шыбу яго лімузіна. Пасля выпадку з паўлінам да групы просьбітаў далучылася жонка.

Гэта было ў студзені. Мукі адрубіў цёпленькае сонца. Дзень у момант вока зрабіўся кароткі і маркотны. І ўсё праз зарэзанага паўліна ды настрашаную жонку-анарэксічку, якая зноў здолела падпарадкаваць яго, прыкінуўшыся слабой і нямоглай.

Тым часам крызіс толькі мацнеў. Акцыі «эН-Дзі» на Ўол-стрыт абрынуліся да плінтусу. Не толькі яны, але таксама акцыі Мукі. Апынуўшыся на падлозе, акцыі на гэтым не спыніліся – зрабілі ў падлозе дзірку і штурмануліся ў сутарэнне. Нават дзіўна! Логіка кажа, што падчас сусветнага крызісу зброя і медыкаменты мусяць разлятацца, як гарачыя піражкі, але ў рэальнасці ўсё выйшла наадварот. У радэзіянцаў не засталося грошай купляць медыкаменты, і неўзабаве яны ўспомнілі тое, што даўно забылі: агнястрэльная зброя – збыткоўная раскоша, і калі хочаш раскроіць камусьці чэрап, дык часам дастаткова ўзяць на падворку вялікі камень. Досыць хутка ўсе ў Радэзіі здолелі няблага ўладкавацца без Мукавых аўтаматаў, прынамсі, хутчэй, чым Мукі здолеў прыстасавацца да тужлівага лютаўскага надвор’я. І Мукі Аялон, або Мукі «Мільён», як яго любілі называць мясцовыя газетчыкі, збанкрутаваў.

Апартаменты засталіся – спрытны бухгалтар паспеў перапісаць іх задняй датай на жонку-анарэксічку – але ўсё астатняе пайшло з дымам. Забралі нават мэблю.

Праз чатыры дні пасля канфіскацыі прыйшоў тэхнік з «эН-Дзі» абрубіць кабелі. Калі тэхнік пастукаў у дзверы, ён быў мокры да ніткі – знадворку ліло. Мукі прыгатаваў збан кавы і яны трохі пагаварылі. Мукі распавёў тэхніку, што неўзабаве пасля чыкагскага лінча ён перастаў карыстацца сістэмай. Тэхнік адказаў, маўляў, шмат хто з кліентаў тады таксама адключыўся. Яны паразмаўлялі пра лінч, калі ўзлаваны, галодны і змерзлы натоўп спагнаў сваю лютасць на дагледжанай віле.

«Персанальнае сонца па-над іхнай вілай проста сарвала нам дах, – прызнаўся адзін з лінчавальнікаў у тэлепраграме расследаванняў праз некалі дзён пасля інцыдэнту.– Мы замярзаем ад холаду без грошай на ацяпленне, а гэтыя сабакі, гэтыя сабакі…» – тут лінчавальнік расплакаўся.

Яго твар у кадры быў размыты, – каб не змаглі пазнаць, так што слёз відаць не было, але ж можна было пачуць, як лінчавальнік енчыць як, не раўнуючы, збітая машынай жывёлка. Тэхнік, які быў чорны, паведаміў, што ён нарадзіўся ў Чыкага, у тым самым раёне, і што цяпер ён саромеецца пра гэта казаць.

– Гэтыя грошы, – сказаў ён Мукі, – гэтыя клятыя грошы спаскудзілі нам увесь свет.

Пасля кавы, калі тэхнік ужо збіраўся адключыць сістэму, Мукі папрасіў запусціць яе ў апошні раз. Тэхнік пацепнуў плячыма – Мукі палічыў гэта за згоду. Ён націснуў колькі кнопак на пульце, і раптам з-за хмары вылезла сонца.

– Ты ж ведаеш, што гэта несапраўднае сонца? Візуальная імітацыя… – з гонарам у голасе запытаўся тэхнік. – Яе робяць з дапамогай лазераў.

Мукі падміргнуў:

–Ціха ты, не псуй уражання! Для мяне гэта сонца.

Тэхнік пасміхнуўся і сказаў:

– Сонца як мае быць. Шкада, нельга пакінуць яго, пакуль я буду ісці пад дажджом да машыны. Каб іх спаліла, гэтыя дажджы!

Мукі не адказаў – адно заплюшчыў вочы, дазваляючы промням сонца палашчыць твар.

З іўрыту пераклаў Павал Касцюкевіч

Творы надрукаваныя паводле часопіса «Дзеяслоў», № 1 (86) 2017.

Крытык Леанід Галубовіч пра гэты «Дзеяслоў»: «Друкуецца вялікая падборка перакладаў з сучаснай украінскай літаратуры… На гэтым рубрыка не сканчваецца, бо ў дадатак выстаўленая проза ўжо вядомага нам Этгара Керэта ў перакладзе з іўрыту Паўла Касцюкевіча. Гэтым разам перакладчык выбраў кароткія арыгінальныя прытчавыя аповеды ізраільскага пісьменніка з яго кнігі “Раптам стук у дзверы”, вартыя прачытання і траты часу» (газета «Новы час», 31.03.2017).

Яшчэ пару апавяданняў Керэта ў перакладзе на белмову, бясплатна і без рэгістрацыі? Шукайце чытайце тут. Няўжо яшчэ пару? Тады вам сюды. І бонусам адно ранейшае – «Вожык, які хацеў абрабаваць банк»…

Апублiкавана 17.04.2017  16:59