Ц. Акудовіч. ПРАЕКТ БУТРЫМОВІЧА

«Яўрэйскі праект» пінскага мечніка Мацея Бутрымовіча: спробы сацыялізацыі яўрэяў на Чатырохгадовым Сойме 1788-1792 гг.

У 1788 годзе ў Варшаве распачаў працу чарговы Сойм. Дзякуючы таму, што пасольствы Кароны і ВКЛ “завязаліся” ў дзве асобныя канфедэрацыі, права liberum veto губляла сваю сілу. Гэта адкрыла для шляхты магчымасць прасоўваць і прымаць смелыя рэформы ў любых сферах грамадскага, палітычнага і эканамічнага жыцця краіны. У выніку Сойм зацягнуўся і атрымаў у гісторыі назву Вялікі, ці Чатырохгадовы.

Прадказальна, што шляхту Рэчы Паспалітай найбольш турбавалі пытанні войска, спадчыннасці каралеўскага трона, падаткаў і іншыя глабальныя рэформы. Сацыяльная праблематыка, у тым ліку праблемы яўрэйскага насельніцтва[1], заставалася на другім плане.

На папярэдніх Соймах пра яўрэяў гаварылі толькі ў сувязі з павелічэннем падаткаў. Так было на пасяджэннях 1768 і 1775 гг., хоць “яўрэйскай праблемы” цяжка было не заўважыць. Яўрэі ў Рэчы Паспалітай жылі па асобных законах, падпарадкоўваліся кагальнай сістэме, насілі іншую вопратку. Існавала пастаянная напружанасць як паміж хрысціянамі і яўрэямі (апошнія абвінавачваліся ў захопе гандлю, нежаданні працаваць на зямлі, ліхвярстве і антыхрысціянскіх акцыях), так і ўнутры самой яўрэйскай супольнасці, дзе цягам XVIII ст. нарастала размежаванне паміж багатымі і беднымі[2].

Упершыню комплексна да праблемы яўрэйскага насельніцтва падышлі менавіта на Чатырохгадовым Сойме. І зрабіў гэта 30 лістапада 1789 г. пінскі пасол Мацей Бутрымовіч, калі прачытаў на паседжанні пасольскай ізбы (ніжняй палаты Сойма) свой праект “Рэформа яўрэяў”[3].

Мацей Бутрымовіч – прадстаўнік старадаўняга роду Бутрымовічаў гербу “Тапор”, у 1788 годзе ён быў пінскім мечнікам і падстарастам. У канцы XVIII ст. у Пінску пражывала каля 2000 яўрэяў, г. зн. прыблізна палова ад агульнай колькасці жыхароў горада. Амаль усе яўрэі кампактна сяліліся ў прадмесці Каралін, ізалявана ад астатняй часткі насельніцтва горада. Нягледзячы на фінансавыя цяжкасці і запазычанасці пінскага кагала, яўрэйская супольнасць грала значную ролю ў эканамічных справах горада, бо канцэнтравала ў сябе вялікую частку тавара-грашовага абароту Пінска. Падобная сітуацыя мела месца ў шмат якіх іншых гарадах Вялікага Княства Літоўскага. У 1780-х гадах Бутрымовіч узяўся за правядзенне актыўных эканамічных пераўтварэнняў на Піншчыне (арганізоўваў будаўніцтва канала Агінскага, пракладку грэблі з Пінска на Валынь, у сваім маёнтку Крысцінава пад Пінскам стварыў узорную гаспадарку)[4]. Ясна, яму часта даводзілася сутыкацца з яўрэямі ў час сваёй дзейнасці, што, магчыма, і падштурхнула пінскага мечніка больш актыўна ўзяцца за пераадоленне яўрэйскай ізаляцыі ў ВКЛ. Праект “Рэформа яўрэяў” быў, хутчэй за ўсё, асабістай ініцыятывай пінскага пасла, а не патрабаваннем мясцовай шляхты, бо ў пінскай інструкцыі 1788 г. пра яўрэяў не было ні слова.

М. Бутрымовіч

Праект, прачытаны 30 лістапада, складаўся з 12 пунктаў. Па некаторых ускосных дадзеных (у праекце ўзгадваюцца ваяводскія камісіі, а яны былі створаны 17 лістапада) мяркуецца, што ён быў напісаны незадоўга да прачытання ў Сойме[5].

У прадмове да гэтых пунктаў ад імя караля зазначалася, што яўрэі “хоць і не маюць да гэтага часу прызначанага спецыяльна для іх класа грамадзянства, праз правы і прывілеі розных часоў… для сябе атрымалі… свабоду гандлю і пражывання ў гарадах, а таксама трымання зямлі”[6]. Аднак пры гэтым, адзначаецца ў прадмове, яўрэі працягваюць падпарадкоўвацца кагальнай сістэме, насіць асобную вопратку і прытрымлівацца сваіх старадаўніх звычаяў.

Адной з галоўных мэтаў Бутрымовіча было знішчэнне ізаляцыі яўрэйскага насельніцтва, таму у першым жа пункце праекта ён абвяшчае яўрэяў людзьмі вольнымі, абароненымі ўсімі правамі і заканадаўствам, як і іншыя абывацелі. Паводле праекта, яўрэі атрымлівалі права абараняць сваю годнасць у судзе, як і мяшчане, і не плаціць дадатковых канцылярскіх збораў. За яўрэямі прызнавалася права на сваё веравызнанне. Забаранялася выкарыстанне слова “няверны” і іншых абразаў. Для назвы іудзеяў у афіцыйных паперах мусіла ўжывацца слова “старазапаветны” (starozakonny)[7].

З іншага боку, зразумела было, што адасобленасць яўрэяў грунтуецца не толькі на адсутнасці агульнаграмадзянскіх правоў, але і на самой сістэме кагалаў. Таму другі пункт праекта ліквідоўваў уладу кагалаў над цывільнымі справамі яўрэяў. Пад юрысдыкцыяй кагалаў заставаліся толькі справы рэлігіі і збор яўрэйскага падатку. Выхад за гэтыя межы караўся штрафам. Праект таксама патрабаваў, каб усе яўрэйскія дакументы пісаліся па-польску, а яўрэйскія друкарні толькі рэлігійную літаратуру выдавалі на сваёй мове, а астатнія кнігі выключна на польскай мове[8].

Кірмаш з удзелам яўрэяў

Наступныя 3 пункты (3-6) меліся кардынальна змяніць увесь жыццёвы лад яўрэяў, якія ў Рэчы Паспалітай у асноўным займаліся гандлем і трымалі корчмы ў мястэчках і вёсках. Пінскі мечнік лічыў, што “арэнда імі (яўрэямі – Ц. А.) корчмаў і шынкоў у вёсках каралеўскіх, духоўных, земскіх і гарадскіх адцягвае тых жа яўрэяў ад карыснага і прыстойнага прыбытку, але да п’янства падданству нашаму давала падставы”[9], а таму прапаноўваў забараніць яўрэям арэндаваць корчмы ў вёсках і на трактах, пад пагрозай шасцімесячнага зняволення, пакінуўшы за імі такое права толькі ў мястэчках і гарадах. Тэрмін выканання гэтага пункта быў вызначаны да 1 ліпеня. Аднак п’янства было не галоўнай прычынай. Бутрымовіч лічыў, што, пазбавіўшы яўрэяў асноўнага занятку, іх можна схіліць да карысных дзяржаве прафесій, у першую чаргу – рамяства, і таму наказваў ваявoдскім камісіям дапамагаць ў гэтым яўрэйскаму насельніцтву, а гарадскім цэхам загадвалася прымаць яўрэяў да сябе ў вучні. Гэтая сацыяльная рэформа тычылася і жанчын. Выходзіць замуж маладая яўрэйка мела права толькі тады, калі навучыцца прасці, шыць ці рабіць якую-небудзь іншую карысную працу. На час шлюбу, паводле Бутрымовіча, жаніху мусіла споўніцца 17, а нявесце 14 гадоў, і абодва павінны былі ўмець чытаць і пісаць па-польску[10].

Схіляў праект і да дзяржаўнай службы. У адпаведнасці з пунктам 6 кожны яўрэй, які 6 год адслужыў паштальёнам, возным ці пры гаспадарчай службе ў войску, вызваляўся на ўсё жыццё ад падушнага падатку.

Яшчэ Бутрымовіч прапаноўваў, каб усе асобы, якія не працуюць у гарадскіх корчмах ці пры кагалах, знайшлі сабе якую-небудзь рамесніцкую прафесію ці перайшлі на земляробства. На гэта па праекце ім адводзілася 1,5 года. Да 1 ліпеня 1790 года ўсе яўрэі мусілі прадставіць ў ваяводскія камісіі свайго павета дакументы (лісты з цэхаў ці ад гаспадароў зямлі, на якой яны працуюць) са звесткамі, дзе яны жывуць, якую маюць прафесію і склад сям’і[11].

Калекі і нямоглыя, у адпаведнасці з праектам, размяркоўваліся пад апеку кагалаў. Усе, хто не падалі дакументы у ваяводскія камісіі да 1 ліпеня 1790 года, прызнаваліся валацугамі, і ў адпаведнасці з законам мусілі накіроўвацца на грамадскія працы, якія праводзіліся ў ваяводстве. Маладых яўрэяў-“валацугаў” праект прадпісваў накіроўваць на службу вознымі ці фурманамі. Што цікава, праект патрабаваў ад рабінаў, каб тыя выдавалі дазвол яўрэям, занятым на грамадскіх працах, на права работы па суботах і іншых рэлігійных святах.

Для поўнай “сацыялізацыі” яўрэяў прадпісвалася ўтрымліваць пры кожным кагале бакалаўра, які б вучыў дзяцей чытаць і пісаць па-польску (пункт 8). Акрамя таго, звярталася ўвага на адзежу яўрэяў, якая рознілася ад адзежы іншых мяшчан і “дае падставы людзям нашым да нянавісці” (пункт 12)[12]. А таму загадвалася, каб яўрэі перайшлі на тыповы для свайго краю тып адзення, прычым пашытага з мясцовага сукна (для павелічэння прыбыткаў мясцовых фабрык).

Выявы з бюлетэня «Форум» (Мінск, № 5, лета 1997)

Вельмі істотным быў і эканамічны аспект. Паколькі яўрэі выроўніваліся ў правах з мяшчанамі, несправядліва было, як гаварылася ў праекце, браць з іх асобны падатак. Таму пагалоўны падатак адмяняўся і яўрэі пераходзілі на тую ж падатковую сістэму, што і астатнія. Што праўда, адбыцца гэта павінна было толькі пасля наступнага Сойма, а да таго часу падушны падатак павялічваўся да 3 злотых (пункт 7)[13].

Фінансавы кантроль кагалаў – утрыманне бажніц і іх служкаў, продаж рэлігійных прадметаў, друк кніг – быў ускладзены на ваяводскія камісіі (пункт 11)[14].

Такім чынам, галоўнай мэтай праекта была ліквідацыя ізаляванасці яўрэяў і аб’яднанне іх з мяшчанскім саслоўем. Праект кардынальна мяняў жыццёвыя aстоі яўрэяў: у адпаведнасці з рэформай яны мусілі асвоіць новыя прафесіі (перайсці да рамяства ці земляробства), цэнтр улады яўрэяў перамяшчаўся з кагалаў на мясцовыя дзяржаўныя органы, адбывалася ўмяшанне ў сямейныя і адукацыйныя справы яўрэяў.

Выглядае, галоўным матывам гэтых рэформаў для Бутрымовіча быў не клопат пра яўрэйскае насельніцтва, але ў першую чаргу эканамічны фактар, а таксама ліквідацыя напружанасці ў гарадах ВКЛ паміж яўрэямі і мяшчанствам. Зліццё гэтых сацыяльных слаёў, як меркавалася, павялічыла б прыток грошай у скарб, а таксама давала магчымасць кантролю і рэгулявання ўнутры яўрэйскай супольнасці. Разам з тым Бутрымовіч меў намер досыць жорстка ўмяшацца ва ўнутраны лад жыцця яўрэяў, абмяжоўваючы іх у выкарыстанні ідыша, патрабуючы ад іх працы па суботах, разбураючы кагальную сістэму і нават вызначаючы іхняе адзенне.

Меў праект і станоўчыя моманты для іудзеяў – у першую чаргу гэта датычыцца паляпшэння іх прававога становішча, гарантыі свабоды веравызнання. Аднак абавязкі яўрэяў у праекце (выплата падаткаў, змена прафесій, дзяржаўны кантроль над кагаламі) прапісаныя значна падрабязней, чым правы, якія толькі акрэсліваюцца агульнымі словамі.

Сярод паслоў Сойма было некалькі чалавек, якія выступілі ў падтрымку Бутрымовіча – гэта браслаўскі пасол Ваўжэцкі, лукаўскі кашталян Язерскі і каронны чашнік Чацкі. Інфляндскі пасол Кубліцкі на пасяджэнні 12 кастрычніка заявіў, што не баіцца выступіць абаронцам яўрэяў, нават калі гэтага не зробяць іншыя паслы [15].

Аднак агулам на гэтым этапе ідэі Бутрымовіча былі сустрэтыя адмоўна. Пра гэта сведчыць і тое, што праект пінскага пасла не абмяркоўваўся ні на наступны дзень, ні пазней, і тое, што Сойм не дапусціў чытанне “Pokornej prosby”, складзенай яўрэямі розных гарадоў Рэчы Паспалітай і прывезенай у Варшаву ў канцы лістапада 1789 года[16].

Тут трэба адзначыць, што стаўленне да яўрэяў у шляхты з Кароны і з ВКЛ часта адрознівалася. Гісторык В. Калінка прыводзіць сведчанні, як польскія паслы папракалі беларуска-літоўскую і ўкраінскую шляхту тым, што яна, жывучы ў гарадах, запоўненых яўрэямі, прывыкла да іх і не можа існаваць без яўрэйскага гандлю[17]. У 1790 годзе ў Варшаве выйшла невялікая ананімная праца “Заўвагі пра становішча яўрэяў і некаторыя літоўскія гарады” (“Uwagi nad stanem żydowskim i niekturymi miastami litewskiemi”) з кароткімі даведкамі пра становішча яўрэяў у розных гарадах ВКЛ. На прыкладах Менска, Берасця, Коўна і Гародні аўтар паказваў, як яўрэйскае насельніцтва за апошняе стагоддзе запаланіла гэтыя гарады, выцясніўшы гандляроў і рамеснікаў-хрысціянаў. З успамінаў аднаго з паслоў ВКЛ Ю. Нямцэвіча можна даведацца пра тое, што ён з дзяцінства быў досыць блізка знаёмы з жыццём яўрэяў у Берасці, шмат часу праводзіў у корчмах, якія трымалі іудзеі[18]. Шмат яўрэяў было і ў Польшчы, аднак там яны былі выцесненыя з гарадоў спецыяльнымі прывілеямі, у ВКЛ жа найбуйнейшыя гарады – Берасце, Пінск, Менск, Гародня – мелі вялікую долю іудзейскага насельніцтва. Часцейшае перасячэнне з жыццём старазапаветнага народа прымушала шляхту ВКЛ (параўнальна з польскімі пасламі) па-іншаму глядзець на праект пінскага мечніка.

Так ці іначай, праца Бутрымовіча мела свой вынік. У 1790 годзе Гуга Калантай, адзін з лідэраў “патрыятычнага” лагера, апублікаваў твор “Палітычны закон польскага народа” (“Prawo Polityczne polskiego narodu”), дзе ў “яўрэйскім пытанні” амаль паўтарыў праект Бутрымовіча.

Быў яшчэ адзін момант, які спачатку зацягваў разгляд яўрэйскага пытання, а пасля, наадварот, паўплываў на яго актывізацыю. У адпаведнасці са статутам 1525 года мазавецкага князя Януша, Варшава вызвалялася ад прысутнасці яўрэяў на ўвесь час, акрамя перыяду правядзення ў горадзе вальных Соймаў. Падобныя законы мелі іншыя польскія гарады. К 1790 году яўрэі жылі ў Варшаве 2 гады і паспелі выцесніць некаторых мясцовых гандляроў і рамеснікаў. Усё гэта выклікала незадаволенасць як сярод варшавякаў, так і сярод польскіх паслоў, не звыклых да такой колькасці яўрэяў[19]. У рэшце рэшт у сярэдзіне мая 1790 года ў Варшаве адбыўся вялікі пагром са знішчэннем яўрэйскай маёмасці. Ужо на наступны дзень Бутрымовіч скарыстаўся гэтым інцыдэнтам і нагадаў на пасяджэнні Сойма пра свой праект. Уражаныя апошнімі падзеямі, польскія паслы змянілі пазіцыю, і 22 чэрвеня 1790 года была створана “Дэпутацыя па разглядзе праекта рэформы яўрэяў”[20]. Ад ВКЛ у ёй удзельнічалі віцебскі кашталян Фелькежамб і паслы Сойма: наваградзкі – Бярновіч і пінскі – Бутрымовіч. На распрацоўку праекта даваўся месяц.

Праект быў гатовы 16 жніўня, і знаёмства з тэкстам дае падставы сцвярджаць, што ён быў напісаны на аснове праекта Бутрымовіча. Гэта не дзіўна, бо пінскі мечнік уваходзіў у склад дэпутацыі і, хутчэй за ўсё, браў актыўны ўдзел у яе працы. Да таго ж на баку ягонага праекта быў аўтарытэт Калантая, чыё бачанне праблемы, як ужо адзначалася, супала з пазіцыяй Бутрымовіча.

Тэкст праекта дэпутацыі мае падобную паслядоўнасць пытанняў, не асабліва адрозніваецца ён і зместам. Адзіным істотным дадаткам у праекце дэпутацыі можна лічыць стварэнне новай пасады “настаўніка” (nauczyciela), на якога ўскладваліся судовыя функцыі (у пытаннях рэлігіі) і падтрыманне парадку. Гэта пасада была выбарнай (раз на 2 гады). Акрамя гэтага ўводзілася забарона на перакупку пасады рабіна. У астатнім праект дэпутацыі, хоць і ў больш скарочаным выглядзе, паўтарае праект Бутрымовіча[21].

Аднак разгледзець гэты праект на першай кадэнцыі Сойма не атрымалася. Брацлаўскі пасол Халанеўскі выступіў супраць гэтага, бо, як ён сцвярджаў, малапольскія паслы не ўдзельнічалі ў яго распрацоўцы. У выніку разгляд сарваўся, справа была перанесена на другую кадэнцыю.

На другой кадэнцыі да абмеркавання праекта не дайшло. 3 мая 1791 года была прынятая “Урадавая устава”, у якой пра яўрэяў узгадвалася толькі ўскосна і ў самым “традыцыйным” рэчышчы: у 10-м пункце гаварылася пра тое, што ў гарадскія спісы мяшчан могуць быць унесены толькі хрысціяне, а 8-ы пункт забараняў гандаль у гарадах немяшчанам[22]. Кантраст гэтых пунктаў з навейшымі напрацоўкамі Бутрымовіча і камісіі быў настолькі відавочны, што цягам 1791 года адбыўся шэраг падзеяў, якія маглі моцна паўплываць на змену сітуацыі. Нягледзячы на збольшага непрыязную да яўрэйства публіцыстыку і настрой шляхты, кароль абвясціў аб вялікім зборы яўрэйскіх дэлегатаў у Варшаве. Цягам восені прадстаўнікі яўрэйскіх грамадаў збіраліся ў сталіцы, а ў снежні 1791 года былі прынятыя каралём. У час сустрэчы прадстаўнік грамадаў Абрам Гіршовіч уручыў каралю мемарыял са сваім бачаннем вырашэння яўрэйскіх пытанняў. Яўрэі прасілі дазволу займацца ўсімі рамёствамі без абмежавання, права на засяленне ўкраінскіх стэпаў, абмежавання лічбы рабінаў і размяшчэння ў гарадах яўрэйскіх агентаў – пасрэднікаў паміж горадам і яўрэйскімі гандлярамі[23].

Усе гэтыя падзеі нарабілі розгаласу ў Варшаве. Скарыстаўшыся такім фонам, Мацей Бутрымовіч 30 снежня чарговы раз падняў пытанне на Сойме. Яго падтрымаў кашталян Езерскі. Неўзабаве дэпутацыю ўзначаліў сам Гуга Калантай, і дыскусія па яўрэйскім пытанні “закіпела” з новай сілай. Вынікам стаў прыняты праект пад назвай “Урэгуляванне яўрэйскага люду ва ўсім народзе польскім”.

Гэтае “Урэгуляванне” будавалася на першым праекце Бутрымовіча, але было значна пашыранае як па аб’ёме, так і па колькасці свабодаў, якія атрымлівалі яўрэі. Змякчаўся і тон дакумента. Напрыклад, у дачыненні да вопраткі пісалася (артыкул I, п. 7): “Каб розніца, якая залішне б’е ў вочы, вопраткі яўрэяў з іншымі жыхарамі Польшчы, была для іх [яўрэяў] уласнага дабра адменена”[24]. Істотным дадаткам да праекта Бутрымовіча быў падзел усіх яўрэяў на 5 класаў згодна з матэрыяльным становішчам.

“Праект Калантая” так і не быў прыняты Соймам з-за падзеяў 1792 года. Аднак дзейнасць дэпутацыі не прайшла бясследна. Сам факт пазітыўнага разгляду яўрэйскага пытання завабіў нямала польскіх, літоўскіх і беларускіх яўрэяў у лагер прыхільнікаў Канстытуцыі 3 мая. Падзеі 1792-1794 гг. паказалі, што яўрэйскае насельніцтва актыўна ахвяравала грошы і маёмасць на карысць войска, на паўстанне Касцюшкі. Шмат хто з яўрэяў, якія так афіцыйна і не атрымалі мяшчанскіх правоў, уступілі ў шэрагі інсургентаў.

Рэзюмуючы, можна адзначыць, што яўрэйскае пытанне, верагодна, увогуле не было б агучана на Сойме, каб не асабістая ініцыятыва пінскага пасла Мацея Бутрымовіча (альбо было б агучана запозна і справа не дайшла б да прапрацаванага праекта). Менавіта Бутрымовіч першы агучыў пытанне яўрэяў на Сойме, распрацававаў праект, ад якога адштурхоўваліся далейшыя працы ў гэтым накірунку, нягледзячы на шматлікія перашкоды, дабіўся стварэння дэпутацыі па праблеме яўрэяў. Падтрымлівалі праект Бутрымовіча ў першую чаргу паслы з тэрыторый ВКЛ і Украіны: магчыма, гэта тлумачыцца вялікай колькасцю яўрэйскага насельніцтва (асабліва ў гарадах) у ВКЛ і на Украіне, што рабіла яўрэйскае пытанне больш вострым для жыхароў гэтых земляў. Як ужо адзначалася, мэтай Бутрымовіча былі не гуманістычныя памкненні ці спроба павысіць статус яўрэяў, а досыць прагматычнае жаданне ліквідаваць эканамічна адасоблены і сацыяльна непадпарадкаваны дзяржаве народ Рэчы Паспалітай. Ён імкнуўся максімальна сцерці тыя рысы, што адрознівалі іудзеяў ад мяшчанства і рамеснікаў. Некаторыя ідэі Бутрымовіча выглядаюць ідэалістычнымі і паспешлівымі, бо ў рэальнасці патрабаванне ад яўрэяў працаваць па суботах ці насіць неіудзейскае адзенне магло прывесці да сур’ёзных сацыяльных канфліктаў.

Цімафей Акудовіч, гісторык (Мінск)

[1] Яўрэйскае пытанне на Чатырохгадовым Сойме пакуль што не вельмі цікавіць і прафесійных гісторыкаў. У ХХ ст. выйшлі толькі некалькі адносна невялікіх артыкулаў, прысвечаных гэтай тэме, сярод якіх: Hirszhorn S. Historia żydów w Polsce. Od Sejmu czteroletniego do wojny europejskiej. Warszawa, 1921; Penkalla A. Kwestia żydowska w Polsce w dobie Sejmu Wielkiego// „Więź”, 1967, nr 11–12; Ziółek J. Sprawa żydów na Sejme Czteroletnim // Teka Komisji Historycznej, VI. Lublin, 2009.

[2] Ziółek J. Sprawa żydów na Sejme Czteroletnim // Teka Komisji Historycznej, VI. Lublin, 2009. S. 10.

[3] Archiwum Główne Akt Dawnych. Archiwum Sejmu Czteroletiego, sygn 15, s. 593-600.

[4] Waniczkówna H. Butrymowicz Mateusz. Polski Słowni Biograficzny. Tom 3. Wrocław-Kraków, 1937. S. 153.

[5] Materialy do dziejow Sejma Czteroletniego. Tom VI. Wroclaw, 1969. S. 118.

[6] Там жа, с. 119.

[7] AGAD. Archiwum Sejmu Czteroletiego, sygn 15, s. 595.

[8] Там жа, c. 596.

[9] “…zajmowanie się przez nich arendami karczem i szynków po wsiach króliewskich, duchownych, ziemskich i miejskich odciągało tychże żydów od pożyteczniejszych i przyzwoitszych zysków, a do pijaństwa poddaństwu naszemu dawało okazyja”. AGAD. Archiwum Sejmu Czteroletiego, sygn 15, s. 595.

[10] AGAD. Archiwum Sejmu Czteroletiego, sygn 15, s. 596.

[11] Там жа, с. 597.

[12] “Daje okazją pospolstwu naszemu do nienawiści” AGAD. Archiwum Sejmu Czteroletiego, sygn 15, s. 597.

[13] Папярэдняя сума падатку была ўсталявана на Сойме 1764 г. і складала 2 злотых. Дубнов С. М. История евреев в Европе. Т. 4. Москва, 2003. С. 273.

[14] AGAD. Archiwum Sejmu Czteroletiego, sygn 15, s. 598.

[15] AGAD, ASCz, sygn 3, s. 635

[16] Miroslaw Branczyk. Hugo Kollataj wobec kwestii zydowskiej w okresie Sejmu Czteroletniego // Cztery lata Nadziei. 200 rocznica sejmu wielkiego. pod red. Henryka Kocoja. Kotowicie, 1988. S. 17

[17] Kalinka W. Sejm Czteroletni. Tom IІ. W-wa, 1991. S. 253

[18] Goldbierg Jakub. Juliusz J. Niemcewicz wobiec polskich żydów // Juliusz Urstyn Niemcewicz: pisaż, historyk, świadek epoki. W-wa, 2002. S. 173

[19] Kalinka W. Sejm Czteroletni. Tom IІ. W-wa, 1991. S. 251.

[20] “Do roztrząsnienia projektu reformy zydow” Volumina legum. T. IX. Kraków, 1889. S. 177.

[21] Materialy do dziejow Sejma Czteroletniego. Opr. J. Wolinski, J. Michalski, E. Rostworowski. Tom VI. Wroclaw, 1969. S. 218.

[22] Konstytucja 3 Maja czyli tzw. Ustawa Rządowa z 3 V 1791 r.

[23] Projekt do reformy i poprawy obyczajów starozakonnych mieszkanców Królestwa Polskiego // Smoleński W. Ostatni rok Sejmu Wielkiego. Kraków, 1897. S. 446–451.

[24] Urządzenia ludu żydowskiego w całym narodzie polskim // Smoleński W. Ostatni rok Sejmu Wielkiego. Kraków, 1897. S. 432.

Артыкул у крыху іншай рэдакцыі друкаваўся ў зборніку “Гарадзенскі соцыум” (Мінск, 2016)

Апублiкавана 26.03.2017  07:39