Tag Archives: вирус истерических чрезмерных реакций

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (70b)

Белы дзень! Ахвоты працягваць ненавукова-фантастычны серыял бракуе як ніколі (абленаваўся?), але ж за некалькі дзён падсабралася кур’ёзаў ды смяхотаў, таму вырашыў урэзаць дадаткова-пабочны выпуск… А дарэчы, у «калегаў» з evrei.by з’явіўся анонс, які лічу патрэбным перакласці на белмову і прапанаваць нашай публіцы:

* * *

Мерапрыемства да Міжнароднага дня памяці ахвяр Халакоста

Перад Міжнародным днём памяці ахвяр Халакоста ў вёсцы Парэчча пройдзе мерапрыемства, прысвечанае вязням гета і Праведнікаў свету.

У гады Другой сусветнай вайны 40 яўрэйскіх дзяцей уцяклі з Мінскага гета. Уратавалі дзяцей жыхары вёскі Парэчча. На знак падзякі за гэты подзвіг былыя малалетнія вязні гета Мая Крапіна і Фрыда Рэйзман у 2000 годзе ўсталявалі помнік Праведнікам Свету – усім тым, хто ўратаваў яўрэйскіх дзяцей у перыяд Халакоста.

Мая Левіна (Крапіна) і яе ратавальніца Настасся Хурс; Фрыда Рэйзман

24 студзеня мы разам ушануем памяць ахвяр Халакоста і Праведнікаў Свету – жыхароў вёскі Парэчча, якія здзейснілі сапраўдны подзвіг.

ПРАГРАМА СУСТРЭЧЫ:

12-30, помнік Праведнікаў Свету, в. Парэчча:

– Мітынг з удзелам дыпламатычных прадстаўнікоў, супрацоўнікаў дзяржаўных і грамадскіх арганізацый і СМІ.

– Памінальная малітва (кадыш).

14-00, Раённы краязнаўчы музей, г. Мар’іна Горка:

– «Урок памяці» – сустрэча былых вязняў гета і Праведнікаў Свету з навучэнцамі школ.

– Адкрыццё экспазіцыі, прысвечанай Міжнароднаму днём памяці ахвяр Халакоста.

– Урачыстае запальванне свечак у памяць пра шэсць мільёнаў бязвінных ахвяр.

Мерапрыемства падрыхтаванае Мінскім дабрачынным грамадскім аб’яднаннем «Гілф», Іудзейскай рэлігійнай абшчынай г. Мінска «Бэйс Ісроэль», МДГА «Дыялог», «The Together Plan» (Беларусь-Вялікабрытанія).

Падрабязнасці ў каардынатара праекта МДГА «Гілф» Курдадзэ Тамары Сямёнаўны. Маб. тэл. +375293646019.

* * *

Нягледзячы на казённае слоўца «мерапрыемства», можа атрымацца штосьці кранальнае… Выпадак з «вёскай Праведнікаў» не адзінкавы ў гісторыі Другой сусветнай, ды не ў кожную такую вёску праз 75 гадоў завітваюць уратаваныя.

Пра абяцаныя цікавосткі. Як выявілася, «першы беларускі партал» не здольны карэктна прадказаць надвор’е нават на колькі гадзін уперад. Прагноз ад 16.01.2018, 11:29 (і як было насамрэч):

Памыліцца на 4-6 градусаў па Цэльсію трэба ўмець… І не першы раз падобнае. Калі плануеце наведаць якое мерапрыемства на адкрытым паветры, раю аддаць перавагу хоць бы сайту openweathermap.org – там 16 студзеня амаль не памыліліся 🙂

Крыху перабольшыць будучы мароз усё ж лепей, чым прыменшыць.

Амаль гэткі ж паводле важнасці кур’ёз – ліст ад нейкай Рэгіны Л., няюнай настаўніцы з Паставаў, якая «на 100% супраць» заснавання ў РБ універсітэта з адной беларускай мовай навучання. Допіс, адрасаваны «паважанаму Паўлу Ізотавічу» і змешчаны на сайце «ягонай» газеты, настолькі бязглузды і паранаідальны, што не варты абмеркавання па сутнасці. Тым не менш яго кінуліся абмяркоўваць «вялікія палітыкі», у тым ліку экс-старшыня БНФ. Адна мілая спадарыня даслала адказ у рэдакцыю аж на дэпутацкім бланку. Як на мой одум – чарговая праява ВІПР

Кур’ёзна, што імя Якубовіча ўжо другі раз асацыюецца з лістом «не для публікацыі», які ў рэшце рэшт фігуруе на старонках газеты. Першы быў у 2011 г., калі ў «СБ» «усплыў» зварот тагачаснага галоўнага рабіна Іудзейскага рэлігійнага аб’яднання РБ, грамадзяніна ЗША Аўраама Бенянсона («Не нужна нам, евреям, другая власть»). Выявілася, рэбэ пісаў не Якубовічу, а свайму прэзідэнту Абаму – нехта перадаў цыдулу ў рэдакцыю без ведама Бенянсона… Тым не менш р. Аўром не стаў публічна пратэставаць, калі ўбачыў сваё прозвішча, памножанае на 400 тысяч.

Дагэтуль не цямлю, што выйграў «галоўны яўрэйскі саюз» ад пралазу П. І. Якубовіча ў праўленне (або як яно ў іх завецца – каардынацыйная рада?) Сімвалічны капітал? Ды ён спрэс таксічны. Грошы? Дык непадобна, каб іх дадалося; газета «Авив» летась ажно двойчы выйшла накладам па 200 ас., і з афіцыйным сайтам саюза праблемка…

Звышкаштоўнае інтэрв’ю з прэзідэнтам Шымонам Перэсам, быццам бы ўзятае Ізотавічам у 2007 г., не дайшло да чытачоў і праз дзесяцігоддзе. Год таму я быў заўзятым аптымістам 🙂

Вяртаючыся да тэмы «нацыянальнага ўніверсітэта»: у колах, блізкіх да Таварыства беларускай мовы, ідэя мусоліцца бадай 20 гадоў. На сайце таварыства доўга вісела (дый сёння вісіць :)) інфа пра тое, што «створана і працуе ініцыятыўная група па арганізацыі Беларускага нацыянальнага універсітэта, у склад якой уваходзяць 68 найаўтарытэтнейшых дзеячоў беларускай навукі і культуры». Група з 68 асоб – калі, вядома, яна хоць раз рэальна збіралася – была б знаходкай для брытанца Сірыла Паркінсана, які паўжартоўна разважаў: «Трэба высветліць аптымальную колькасць членаў камітэта. Шуканая велічыня ляжыць недзе паміж 3 (калі немагчыма сабраць кворум) і 21 (калі арганізм пачынае гінуць)».

Летась кіраўнік суполкі Алег Трусаў усё ж дамогся рэгістрацыі т. зв. універсітэта «Альбарутэнія», але неспадзяванка ў тым, што назва была ўжо занятая фірмай, якая вырабляе… надмагільныя помнікі. Чакаюцца новыя сюрпрызы і выдаткі; іх арганізатары спадзяюцца пакрыць за кошт спонсараў, цана пытання – 7-8 мільёнаў долараў на год. Будучыя студэнты таксама мусяць плаціць.

Тым часам з афіцыйнага сайта ТБМ нямала цікавага можна даведацца. Напрыклад, пра тое, што сп. Трусаў, які, паводле пэўных крыніц, пакінуў капітанскі мосцік 29.10.2017 на карысць Алены Анісім, – старшыня «па сённяшні дзень», што распрацавана «Стратэгія развіцця беларускай мовы ў ХХ [sic] стагоддзі» 🙂

Ніхто, здаецца, i не сумняваўся, што спн. Алена працуе ў «парламенце» дужа-дужа плённа 🙂 🙂

Не, я не супраць універсітэта з беларускай мовай навучання. Адно сумняюся, што зараз яго ствараюць «апантаныя і прабіўныя» ((C) З. Бандарэнка) людзі, для якіх вынік больш істотны, чым працэс. Ужо ж «сабралі» мільён подпісаў пад маніфестам 2014 г. у абарону незалежнасці…

Яшчэ міні-прыкол. Пастаянны аўтар газеты ТБМ «Наша слова», мовазнавец Павел Сцяцко ўнёс у спіс «Прозвішчы Беларусі» пад п. 1035 такую інфу (№ 1 «НС» за 2018 г.): «Рубінчык (Вольф) – вытвор з суфіксам -чык ад антрапоніма Рубін і значэннем “нашчадак названай асобы”: Рубін-чык. ФП: рубін (апелятыў з двума значэннямі 1) “каштоўны камень чырвонага колеру”; 2) “рабін” (духоўны кіраўнік вернікаў у яўрэйскай рэлігійнай грамадзе) – Рубін (мянушка, потым прозвішча) – Рубінчык».

Усе іншыя даступныя мне даведнікі па антрапаніміцы сцвярджаюць чамусьці, што прозвішча наша паходзіць ад біблійнага імя Рэувен (Рувен, Рубін) 🙂

Тым часам не спяць у шапку ідэйныя (?!) апаненты БНФ і ТБМ… Працуе сайт «Тэлескоп», дзе на мінулым тыдні з’явілася карцінка:

Тыповы прыклад «чорнага піяру»: змяшаць апанентаў Лукашэнкі з тымі, хто пад акупацыяй менаваў Гітлера «асвабадзіцелем». На 120% упэўнены, што пахмурныя людзі са здымка не маюць дачынення і да Беларускай Народнай Рэспублікі, якой у сакавіку споўніцца 100 гадоў. І – так, без яе не было б савецкай Беларусі ў 1919 г., а хутчэй за ўсё, і сучаснай беларускай дзяржавы.

Напэўна, за такую падачу матэрыялаў, як на «Тэлескопе», не судзяць, але руку рэдактару я б не паціснуў і ў разведку з ім не пайшоў. Як ні дзіўна (насамрэч не дзіўна), Леў К. – і доктар філасофскіх навук, і начальнік навукова-даследчага аддзела ў дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў. Ён перакананы, што без агульнарускай свядомасці беларусам будзе кірдык. Усё б нічога, але «даследчык» паклёпнічае на ахвяр бальшавісцкай улады, во як 19.01.2018: «Язэп Лесик охотно включал в белорусский литературный язык всевозможные полонизмы, а также навязывал нашему народу несвойственное для белорусского языка произношение, употреблявшееся только в среде ополяченной шляхты в Белоруссии». NB: сталіноідны міф пра Я. Лёсіка (1883–1940) як паланізатара беларускай мовы абверглі звыш 25 гадоў таму – у прыватнасці, мовазнавец Сяргей Запрудскі ў часопісе «Нёман», № 6, 1991 (а потым ён жа ў зборніку «З гісторыяй на “Вы”» – вып. 2, 1994).

Дзівакі з «першай беларускай газеты» ваююць то з прыватным барбершопам «Чэкіст» (акурат як у старой показцы – «чаму перарабляць сістэму трэба, пачынаючы з цырульні?»; Шэндэровіч згадаў тут), то з «чарнасоценскім» расійскім інфармагенцтвам (насамрэч «Рэгнум» далёкі ад «веры і цара»; гэта хутчэй лявацкі сайт, не ультраправы). Без меры цешацца з вышыванак, etc. Тым часам «філосафы» тыпу К. спакойна рыхтуюць сабе змену за кошт грамадства… «А можа, так і трэба?»

Яшчэ адзін уладальнік доктарскай ступені, гісторык Алесь Б., вычварыў нешта больш канструктыўнае: павесіў шчыт з даведкай пра Валожынскую ешыву (і рэкламай сваёй аграсядзібы, як жа без яе!) там, дзе яму дазволілі.

Пазнавальна… Дарма што сказ «Учитывая многочисленность важных религиозных и светских деятелей, происходящих из Воложинского района (из Вишнева, Ракова, Ивенца) и близость Налибокской пущи, давшей спасение от нацистов тысячам евреев-партизан 2-й мировой войны, Воложин и район, еврейская община которых в 1941-43 гг. потеряла около 6.000 человек и прекратила свое существование являются важным местом национальной памяти евреев Беларуси и всего мира» дачытае да канца не кожны. Агулам, турыстычна-палітычныя праекты Алеся – не для слабых на нервы. За тое яго і любяць 🙂

А гэта – новаствораны мінскі «Мур лямантаў» для індывідуальных прадпрымальнікаў. «Кажуць, у шчыліны паміж блокамі можа ўмясціцца ваша дэкларацыя», – дасціпнічае гарадскі інтэрнэт-партал. Адзіная нестыковачка: на іўрыце напісана «Hakotel hamaaravi», г. зн. «Заходні мур», а Уручча – на ўсходзе Мінска…

Міністр замежных спраў РБ з яго заявайПерамовы па Украіне можна перанесці хоць у Антарктыду») – той яшчэ «гукапераймальнік». Пэўна, чытаў мой даўні артыкул пра сёгі… («Японія ды Кітай ад Беларусі далёка, але ж сапраўдны homo ludens хоць у Антарктыду паедзе, каб знайсьці годнага партнэра»). Так трымаць, Валодзя 🙂

Яшчэ запрашаю пасміхнуцца над тым, як расшыфравалі запіс размовы з Уладзімірам Вайновічам вузкія спецыялісты з расійскай радыёстанцыі «Эхо Москвы». Аказваецца, апавяданне Вайновіча пачатку 1960-х гадоў «Хочу быть честным» – не аб прарабе, а «про рабби» 🙂 🙂

* * *

Працэс «рэгнумаўцаў» у Мінгарсудзе, які цягнецца другі месяц, – ужо не кур’ёз, а дзікая сумесь спраў Дрэйфуса (французскі афіцэр, як і беларускія публіцысты, быў не самай прыемнай асобай у сваёй краіне) і Сіняўскага & Даніэля. Паводзіны ж «экспертак» прымушаюць згадаць Свіфта з яго лапуцянскай акадэміяй, дзе сляпым даручалася змешваць фарбы для жывапісцаў: «Праўда, на маё няшчасце, яны не вельмі ўдала давалі рады, дый сам прафесар пастаянна рабіў памылкі. Навуковец гэты карыстаецца вялікай падтрымкай і павагай з боку сваіх сабратоў».

Cправа налева: Д. Алімкін, Ю. Паўлавец, С. Шыптэнка. Снежань 2017 г.

Зычу падсудным скарэй выйсці на свабодку. Яны вольныя «тапіць» за еўразійскую інтэграцыю і весці прарасійскую прапаганду; мы не ў стане вайны з Расіяй, дзеянне артыкула 33 Канстытуцыі ніхто не прыпыняў. Зміцер Левіт, чытач belisrael.info з Нью-Ёрка, дзён 10 таму даводзіў, што апраўдальны вырак дасць сігнал тутэйшым бюракратам, якія адмовяцца ад «мяккай беларусізацыі»… Магчыма-то наадварот: наяўнасць зацятых ідэалагічных канкурэнтаў раскатурхае чыноўнічкаў, і «мяккая», лалітычная беларусізацыя (тыпу білбордаў на вуліцах: «Ма-ма = мо-ва. Любіш маму?») стане больш «зубастай». А ў прынцыпе, я ніколі не падпарадкоўваў сваё жаданне размаўляць і пісаць па-беларуску волі нейкіх «слуг народу», прызначаных або самазваных. Дый мала хто падпарадкоўвае.

Вольф Рубінчык, г. Мінск

21.01.2018

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 21.01.2018  20:20

***

Ад Вiктара Жыбуля: “Добры дзень, шаноўны Вольф! З цікаўнасцю прачытаў “Катлеты і мухі”. Вёска Парэчча, у якой усталяваны помнік Праведнікам свету, – гэта, можна сказаць, мае родныя мясціны. Недалёка адтуль – вёска Міжылішча, дзе стаіць хата маіх продкаў і куды я звычайна езджу на летні адпачынак. А ў Парэччы ў мяне пахаваныя дзед, бабуля, прадзед, прабабуля і нават прапрадзед і прапрабабуля“.  23.01.2018  19:11

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (68)

Проста шалом. Год завяршаецца, хто толькі не падводзіць вынікі (або падвёў ужо). Закарцела прапанаваць і ўласныя, катлетна-мушыныя развагі.

У 2017-м стаў сведкам – ці нават удзельнікам – некалькіх лакальных перамог. У публічных месцах краіны (папр-р-рашу не блытаць з бардэлямі) пабольшала пісьменных надпісаў. Выпадак з вакзалам раскрыўся ў красавіку, а ўвосень выправілі і паказальнік на паўднёвым выездзе са слаўнага горада Шчучына, што ў Гродзенскай вобласці.

Было 24.04.2017 і стала 07.10.2017 (слушна праз «Шч»)

Як і многія ў Мінску, спрабую прайсці паміж Сцылай згодніцтва з уладамі і Харыбдай адмаўлення ад кантактаў. На мой одум, асцярожна супрацоўніцаць з мясцовымі адміністратарамі для ліквідацыі «рэзруху ў галовах» – гэта нічога, гэта кашэрна, абы застацца сабой. Не ўсе чыноўнікі – боўдзілы, як і не ўсе грамадскія актывісты – супергероі (тут я ступаю на тэрыторыю Кэпа Відавочнага…). Пісаў ужо, што ад некаторых работнікаў дзяржустаноў бачыў больш дабра, чым ад «блізкіх» прадстаўнікоў «трэцяга сектара». Шкада, вядома, калі пад удар трапляюць карысныя ініцыятывы, але ў нечым разумею Еўрапейскі Саюз, які скараціў фінансаванне мясцовых хітрых канторак… Адна з іх, што месяц таму быццам бы правяла «тыдзень асветніцкіх дзеянняў супраць фашызму і антысемітызму», нават не пажадала прыслаць прэс-рэліз, дый проста адказаць на мой запыт.

На стагоддзе расійскай рэвалюцыі ў Беларусі «нацыянальнага круглага стала», пра неабходнасць якога так доўга гаварылі бальшавікі Сярэдзіч і Со., не адбылося, quod erat demonstrandum. Агулам, газета, якой звыш 20 год кіруе ініцыятар «рыцарскай сустрэчы», дэградуе ўсё болей… На старонцы «акына» Бараніча падрабязна расказана, як «НВ» разам з іншымі «змагарамі за свабоду слова» падцерла звесткі пра затрыманне і адседку ў 2015 г. небезвядомага айцішніка Віктара Пракапені. Ну дзіва што, пасля адседкі таварыш зрабіўся ледзь не даверанай асобай гаспадара «Чырвонага дома»! Кажуць, «дэкрэт № 8» пра блокчэйн, майнінг і токены – заслуга былога вязня… Нормы ўступяць у сілу толькі праз тры месяцы, але офіс падпісанта ўжо хваліцца, што «дакумент… дае сур’ёзныя канкурэнтныя перавагі краіне ў стварэнні лічбавай эканомікі ХХІ стагоддзя».

І тэкст, і кантэкст дакумента, і кадры, якія да яго спрычыніліся – усё дае падставы засумнявацца, што ў Беларусі рэальна будуць істотныя перавагі. Хутчэй за ўсё, мы чуем «размовы на карысць бедных» і назіраем чарговую піяр-акцыю… Ну, а парк высокіх тэхналогій у Мінску, тэрыторыя якога пашыраецца аж на 10% (да 55 гектараў), становіцца чымсьці накшталт сярэдневечнага яўрэйскага гета. Туды запрашаюць спецыялістаў з усяго свету, вабячы іх падатковымі ды іншымі льготамі аж да 2049 г., аднак, здаецца, у яўрэяў Сярэдневякоўя аўтаноміі было паболей… Напрыклад, персанальны склад Назіральнай рады («юдэнрата»?) зацвярджаецца прэзідэнтам. Адміністрацыя ПВТ апісваецца ў дэкрэце як «дзяржаўная ўстанова»… карацей, усё пад кантролем. Рэзідэнты ПВТ маюць пэўны імунітэт ад рэпрэсіўнай сістэмы РБ, але пастка ў тым, што радзе, згодна з Палажэннем, лёгка пазбавіць фірму або ІП статуса рэзідэнта – і тады «шчасліўчыка» запакуюць па поўнай, у тым ліку і падатковыя органы.

Так жартуны малююць «біткойн па-беларуску»

Калі вы – патэнцыйны кліент ПВТ, майце на ўвазе: я не выступаю ні за, ні супраць вашага далучэння да спісу рэзідэнтаў, у якім амаль 200 радкоў… «Думайце сами, решайте сами» (С). Проста ўпаўнаважаны заявіць: калі праблемы ва ўсім арганізме (краіне), у рэшце рэшт і асобна ўзятаму органу можа быць балюча.

Яшчэ больш сумнеўны праект – зборка ў Беларусі «народных» легкавых аўтамабіляў «Geely» паводле кітайскіх тэхналогій. Завод «Белджы» пад Барысавам (асноўны ўладальнік – дзяржаўны БелАЗ) працуе ўжо не адзін год, але толькі ў верасні 2017 г. распачаты серыйны выраб легкавікоў. Праз пару месяцаў на заводзе паказаўся «найвысачэйшы госць» і паставіў задачу «прадаваць мінімум 35 тыс. аўтамабіляў за год», бо, маўляў, 10 тыс. штук прыбытку не дадуць… Паабяцаў перасадзіць падначаленых на «Geely» – дапусцім, на год дасць рады, а далей што?.. Продажы на Захадзе праблематычныя праз перанасычанасць рынку, продажы ў Расіі – праз непапулярнасць гандлёвай маркі… На пытанне дэпутата намеснік міністра прамысловасці РБ Агароднікаў адказаў, што «Geely прадаецца ў Расіі лепей за іншыя кітайскія аўто», але ж не. За студзень-кастрычнік 2017 г. у суседзяў прадалося каля 25 тыс. машын з радзімы Канфуцыя; з вялікім адрывам лідзіравалі «Lifan» і «Сhery», а «Geely» не выпаўзае з 3-га месца (аж 1872 штукі за 10 месяцаў). Публічная мана або дэманстрацыя некампетэнтнасці – кепскі пачатак для будзь-якога праекта.

Сітуацыю магла б падправіць нізкая цана аўтамабіля, аднак, улічваючы заявы віцэ-прэм’ера, цана будзе яшчэ тая… Карацей, ёсць нямалая рызыка таго, што з «Белджы» атрымаецца прыкладна тое, што з «Фордам». Або з мінскім велазаводам, аka ААТ «Матавела».

Я далёка не аўтааматар. Па горадзе лепей гойсаць на грамадскім транспарце або на ровары (а між гарадамі пашырыць сеціва лятучак-электрычак, на крайняк пусціць «бусы»). Шмат дзе ў мінскіх дварах і так не прадыхнуць, а навала «народных аўтамабіляў» станецца для некаторых стымулам павысякаць апошнія дрэўцы… Усё ж, калі б мне давялося выбіраць аўто, то пры іншых роўных умовах улічваў бы і маральны аспект. У ліпені 2017 г. у Кітаі памёр Лю Сяабо, нобелеўскі лаўрэат, зацкаваны ўладамі. Ён пісаў:

Кітайскі эканамічны бум крочыць дзякуючы экспарту недарагіх тавараў, якія вырабляюцца на фабрыках з патагоннымі ўмовамі, дзе рабочыя не маюць ні прафсаюзаў, ні страхоўкі, ні юрыдычнай дапамогі, карацей, не маюць правоў. Падыход «максімальная прадукцыйнасць любым коштам», які практыкуецца гаспадарамі гэтых прадпрыемстваў, прыводзіць да вялізных страт энергіі і бессэнсоўнага здзеку з навакольнага асяроддзя.

Да таго ж на радзіме «Geely» групы людзей дагэтуль публічна асуджаюць на смяротную кару перад натоўпам на стадыёнах. Пры ўсёй павазе да вялікага кітайскага народа, гэта – дзікунства, і ніякія мільённыя інвестыцыі ў нашу эканоміку маёй пазіцыі не зменяць. Паўднёвая Карэя, дзе доўга думаюць, перш чым пакараць нават аднаго забойцу, неяк больш сімпатычная… Як там у Талмудзе? Сінедрыён, які асуджае на смерць часцей, чым раз на 7 (або нават 70!) гадоў, мянуецца «крыважэрным».

Раз пра суды завялася гамонка, не магу не вярнуцца да «рэгнумаўскага» працэсу ў Мінску. Нарэшце бок абвінавачвання апрылюдніў цытаты, за якія судзяць траіх грамадзян РБ. Прайшло некалькі дзён ад пачатку пасяджэнняў, аднак доказаў таго, што іхнія артыкулы прывялі да распальвання варожасці паміж народамі, здабыта не было. Так, заявы накшталт «Абсалютная большасць беларусаў жадае аб’яднацца са сваёй гістарычнай радзімай — Расіяй» і «Беларусь — частка рускай тэрыторыі» — глупства, але за глупствы не судзяць, іначай прыйшлося б пасадзіць за краты 90-95% чыноўнікаў і журналістаў.

На маю думку, ініцыятары крымінальнага пераследу ў канцы 2016 г. былі апантаныя страхам, які ажывіў у іх вірус істэрычных празмерных рэакцый (ВІПР). Вірус гэты сядзіць у крыві многіх сучасных людзей – не толькі фанатыкаў (успомнім гісторыю з «двушачкай» для «Рussy Riot» у Расіі-2012). Паўтару свой запіс ад 14.01.2017: «Усе чацвёра (плюс А. Лапшын – В. Р.) інтэрнэт-аўтараў “награшылі”, хутчэй за ўсё, на штраф, а іх да суда кінулі ў турму…» Зараз найбольш разумнае – спыніць справу за адсутнасцю складу злачынства, выпісаўшы кожнаму па 92–230 рублёў ($46–115) у парадку адміністрацыйнага спагнання за абразу дзяржаўнай мовы. «У беларускай мовы ўсё роўна няма ніякіх шанцаў», «беларуская мова – мёртвая», «У беларускай мове нават няма ўсіх словаў, каб выказацца», – усё гэта, хутчэй за ўсё, падпадае пад арт. 9.22 КоАП РБ («Парушэнне заканадаўства аб мовах»).

Натуральна, свае пасады мусяць пакінуць чыноўнікі, «эксперты» і следчыя, якія найбольш актыўнічалі ў справе. Не ведаю, ці рэальна вылічваць з пенсіі экс-міністаркі інфармацыі Ліліі А. кампенсацыю за незаконнае ўтрыманне людзей у турме, але што яна страціла маральнае права на кіраўнічыя пасады, нават няўрадавыя (у Саюзе выдаўцоў і распаўсюднікаў друку), гэта без пытанняў.

Цікава, што пасля леташняга выступу пра Ірыну А., з гвалтам над заканадаўствам «выбраную» дэпутаткай палаты прадстаўнікоў у 2004 г., яна перастала-такі быць старшынькай мінскай арганізацыі ўсебеларускага «Саюза жанчын» (480 пярвічных партарганізацый). Год таму Ірыну перавялі ў намесніцы – дзякуй чэсным жэншчынам, хоць трохі менш сораму за тое, што адбываецца ў краіне.

Ахтунг! Небяспека! Убачыце гэтых прыгажуньабыходзьце за кіламетр 🙂

Затое нейк асабліва вінавачуся ў апошнія дні за Аксану Мянькову – кідальніцу молата, летась пазбаўленую «золата» за Пекін-2008 (праўда, Міжнародны алімпійскі камітэт прыпазніўся на 8 год; за гэты час дама паспела «вызначыцца» з анаболікамі і ў Лондане-2012). Мала таго, што яна кіруе магілёўскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школай, дык яшчэ пнецца ў дэпутаткі гарсавета. Калі ў лютым 2018 г. высветліцца, што яе «выбралі» – будзе сорам у квадраце. А ўвогуле-то Магілёў пакінуў у мяне добрыя ўспаміны…

Вясёлы дацэнт Ігар Пушкін (у цэнтры & y акулярах) вядзе экскурсію для ўдзельнікаў міжнароднай навуковай канферэнцыі. Магілёў, май 2014 г.

З пазітыву адзначу тое, што асабіста не знаёмы мне прадпрымальнік Валерый Сарока спрабуе даказаць: яўрэі ў Беларусі не толькі паміралі… Па адукацыі В. С. гісторык, што не ўратавала яго ад кпінаў (хамаватых, як на мой густ) шэфа мінскіх прагрэсіўных паралітыкаў іудзеяў, маўляў, «няпрофільны чэл прыскакаў з боку… няхай паскача». Сароку падтрымлівае паважаная мною, дапраўды таленавітая Валерыя Гайшун, і я спадзяюся, што ўвесну (афіцыйны старт «яўрэйскага маршруту») у яго ўсё атрымаецца, нягледзячы на даволі спрэчны цэннік.

Тым часам ізраілец Аўраам адкрыў у Мінску рэстаран з кашэрнай кухняй – хай пашанцуе і яму. Рэкамендаваць не бяруся, бо пакуль не наведваў. Задума добрая, але ж дадам, што рэстарацый з «яўрэйскімі матывамі» цяпер не так ужо мала ў сталіцы, і на адным кашруце выехаць будзе цяжка.

Майстар-клас па дыпламатычнай мове (як сказаць так, каб нічога не сказаць) далі супрацоўнікі міністэрства замежных спраў, напісаўшы пра сустрэчу Софы Ландвер з паслом Беларусі ў Ізраілі. Ах, ну сапраўды, у дзвюх краін ёсць «графік узаемных візітаў» – прама-такі атракцыён нечуванай дружбы… Якая Ізраілю карысць ад такіх сустрэч, адразу не вымавіш: нягледзячы на шырокую ўсмешку міністаркі Ландвер, пенсіі жыхарам Ізраіля ўрад РБ дагэтуль не выплачвае, а 21.12.2017 Беларусь прагаласавала за тое, каб дыппрадстаўніцтвы не адкрываліся ў Іерусаліме як сталіцы Ізраіля, хоць магла б устрымацца…

Расчуліла тое, як тутбаеўскі «эксперт у міжнародным праве» Аляксандра Б. пракаментавала крок амерыканскага прэзідэнта ад 06.12.2017: «Рашэнне Дональда Трампа перанесці сталіцу Ізраіля [sic], а разам з ім і пасольства сваёй краіны з Тэль-Авіва ў Іерусалім… Вы толькі падумайце, што заўтра прэзідэнт ЗША раптам вырашыць, што не прызнае Мінск сталіцай Беларусі і пераносіць яго ў іншае месца!» Няўжо Мінск – гэта як Тэль-Авіў у Ізраілі? У чым «неправамернасць» заявы Трампа, я так і не зразумеў. Але жэстыкулюе і ўсміхаецца Аляксандра годна – іспыт на (аб)сурдаперакладчыцу, пэўна, здала б 🙂

Вольф Рубінчык, г. Мінск

wrubinchyk[at]gmail.com

24.12.2017

Апублiкавана 25.12.2017  07:13

***

От редактора сайта

В конце публикации Рубинчик положительно отметил неизвестного ему Валерия Сороку.

Отмечу, что ссылку на проект Сороки, незадолго до того, как В.Р. начал начал писать КиМ (68), я ему отправил лишь в плане ознакомления. Но коль он, который в течение ряда лет практически на голом энтузиазме делает огромную работу, решил сделать бесплатную рекламу, то следовало ожидать, что люди, которые делают бизнес, хотя бы для начала поблагодарят. Поскольку они не захотели заметить очевидное, то 5 января я отправил письмо в адрес В. Сороки, предлагая не идти по такому пути и как-то договориться. Уж слишком дорого достается сам сайт, который будет еще рекламировать бизнес с достаточно высокими ценами. Прошло уже 4 дня, но ответа от В.С. я так и не получил. А потому вынужден написать дополнение, которое будет иметь значение для желающих поехать по еврейским местам Беларуси. Тем более, что сайт становится все более известен, как среди белорусов, так и израильтян, и не только русскоговорящих, а также живущих в Америке и др. странах. Кроме того считаю, что мы сами постепенно можем начать организовывать такие поездки, привлекая к сотрудничеству тех из  живущих в Беларуси, кто заслуживает достойного поощрения.

09.01.2018  06:44 

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (50)

Шаноўных чытачоў вітаю поўным шаломам! Вось і нейкае падабенства юбілейнага выпуску, у якім дазволена азірнуцца назад. Але найперш, па завядзёнцы, азірнуся наўкол.

У краінy паўзуць перамены… Калі стаць на марксісцкую купіну, то феадальны лад – або яго рэцыдывы – не можа ў нашых палястынах не змяніцца на капіталістычны. Пра балячкі апошняга нашрайбаны цэлыя бібліятэкі, але самі Карл i Фрыдрых не аспрэчвалі прагрэсіўных бакоў грамадства, у якім жылі. Так, у краіне «развітога капіталізму» наўрад ці сталі б усур’ёз асуджаць чалавека за сімвалічны жэст (пятлю, накінутую на статую гарадавога ў Мінску 12.03.2017). Гаворка пра анархіста Вячаслава К., які цяпер у СІЗА пад крымінальнай справай. Начальнік сталічнай міліцыі лепіць з яго банальнага хулігана, які апаганіў «святое для ўсіх міліцыянтаў месца». Статую сумнеўнай гістарычнай і мастацкай вартасці паставілі ў лютым г. г., а ўрачыста адкрылі 02.03.2017, і не ўсе супрацоўнікі МУС паспелі нават даведацца пра яе, не тое што сакралізаваць. Тожа мне «вечны агонь»… Правабаронцы ўважаюць Вячаслава за палітзняволенага; з імі цяжка не згадзіцца. А Пэйсах – cамы час успомніць пра тое, што ідалапаклонства шкоднае для здароўя, будзь ты фараон, святар Аарон або генерал-маёр міліцыі 🙂

Шлях інфантыльных крыўдаў за статуі ды інш. – бесперспектыўны, тым болей у эпоху, калі ў Беларусі рэальна ігнаруецца спакой жывых і мёртвых людзей. Каму, напрыклад, лепей ад будоўлі шматпавярховіка ў Мазыры на тэрыторыі могілак, хоць і даўно закрытых? Афіцыйны прадстаўнік РБ не адмаўляе таго, што «ў працэсе падрыхтоўчых работ да рэканструкцыі будынкаў былога дыспансера былі знойдзены некалькі дробных фрагментаў чалавечых парэшткаў». Дапусцім, пасол Беларусі ў Ізраілі сам не ездзіў у Мазыр – але з яго бюракратычным досведам не здагадацца, што «некалькі» там значыла «нямала» або «мноства»… Ладна, няхай «адмазка» пра «дробныя фрагменты» застаецца на сумленні дыпламата ды тых, хто рыхтаваў для яго даведку.

Нямала ў «сінявокай» і такіх, каму не дае спаць «жыдоўскае золата». Ракаўскі мастак Фелікс Янушкевіч пад канец 2016 г. казаў пра «чорных капальнікаў», якія шчыруюць у лесе, на месцы забойстваў землякоў-яўрэяў: «Гадоў 10-20 таму таксама капалі, але капацелі былі больш культурнымі, закапвалі за сабой. А гэтыя маладыя… Спытай у іх, што яны там шукаюць? Іх цікавяць зубы — гэта ж паскуды… Таму я і пішу лісты ў розныя інстанцыі і кажу, каб перавезлі астанкі і пахавалі ў нармальным месцы».

Летась на скрыжаванні вуліц Жудро і Матусевіча ў Мінску цэнтр тэніса пачаў «пашырэнне» за кошт парка. Будаўнікі аператыўна, без намёку на грамадскае абмеркаванне, пасеклі дзясяткі дрэваў, што выклікала справядлівае абурэнне жыхароў раёна. Пратэстоўцы абклеілі будаўнічы плот паперкамі; да гонару кіраўніцтва цэнтра (гендырэктар – Сямён Каган), абвінавачванняў у «замаху на святыя пачуцці» тэнісістаў не выстаўлялася. Праўда, і будоўля не спынена.

Паперкі ад незадаволеных усё яшчэ дзе-нідзе вісяць на слупах. Крэатыўныя абаронцы «зялёных сяброў» даўмеліся вешаць улёткі… у форме лісткоў на дрэвы, якія яшчэ засталіся на вул. Матусевіча.

Мінск, 02.04.2017

9 красавіка ўпершыню ў сучаснай Беларусі здарыліся дзве падзеі, здольныя істотна і пазітыўна паўплываць на будучыню, хоць пакуль яны амаль не заўважаны публікай. Быў з’езд Саюза беларускіх яўрэйскіх грамадскіх аб’яднанняў і абшчын, і сярод 76 дэлегатаў – ажно 3 кандыдаты на пасаду аднаго старшыні, калі такое было ў «афіцыйных яўрэяў»? Плюс – выбралі не ранейшага кіраўніка (Барыс Герстэн стаў першым, хто ў названым саюзе сышоў добраахвотна; яго папярэднік «кіраваў» да скону), не ідэолага і не дачку лаўрэата Ленінскай прэміі, а больш-менш самастойную асобу – прадпрымальніка Уладзіміра Ч., рэзідэнта Парка высокіх тэхналогій. Не скажу, што яўрэйскае «грамадскае жыццё» зараз пышным цветам забуяе, але нейкі подых перамен данёсся. Чалавек, для якога Майсей Гальдштэйн (aka рэвалюцыянер Валадарскі) і Якаў Свярдлоў – з’явы таго ж парадку, што Змітрок Бядуля ды Ісай Казінец, не цураецца традыцый і нават навучае чытачоў беларускага часопіса: «Калі ты ходзіш у сінагогу, ты яўрэй. Калі не – то не». Забаўны постмадэрн, такі характэрны для тутэйшых…

Другая падзея – сустрэча аўтарытэтнага дзеяча шахмат (гросмайстар ІКЧФ, міжнародны арбітр і г. д.) Дзмітрыя Лыбіна з шахматыстамі Саюза беларускіх пісьменнікаў. Ён прачытаў кароткую лекцыю пра паходжанне слова «ракіроўка», даў сеанс адначасовай гульні. Д. Л. – яшчэ і музыка, знаны кампазітар, які адказвае за міжнародныя сувязі ў адпаведнай творчай суполцы. Дарма што ён завітаў да літаратараў хутчэй як прыватная асоба, гэта знак таго, што творцы краіны здольныя ўзаемадзейнічаць без падказкі/пасярэдніцтва чыноўнікаў. Калі так пойдзе і далей, то што ж будзе – няўжо і «Беларуская канфедэрацыя творчых саюзаў» зробіцца дзеяздольнай арганізацыяй? 🙂 Можа, нават перастануць прападаць са сцэны цікавыя праекты made in Belarus? Толькі за апошні год згаслі зоркі гурта «Серебряная свадьба» і тэатра «Хрыстафор»; прычыны розныя, але, мяркую, памылкі менеджменту & брак грошай у абодвух выпадках адыгралі сваю ролю. Гурта і тэатра мне шкада, тым болей што бываў на іх імпрэзах.

Перад сеансам; Д. Лыбін справа (фота Л. Хейдаравай). Міні-лекцыя (фота В. Р.)

Ход жа сеансу ў офісе СБП быў даволі прадказальны: гросмайстар выйграў 6:0… Праўда, яму давялося шмат папрацаваць галавой – а перад гэтым памагаў цягаць сталы – і праз тры гадзіны пасля пачатку маэстра паўтарыў тое, што казаў на зыходзе сеансу ў «Нашай Ніве» 2005 г.: «Узмакрэў».

* * *

Не ўсе чытачы нашага рэсурса зразумелі, пра што быў верш Змітра Дзядзенкі «Крымінальная гісторыя літаратуры», апублікаваны 02.04.2017. На аршанскім сайце аўтар патлумачыў: «Па так званай «справе баевікоў» затрымалі супрацоўніка выдавецтва «Кнігазбор» Міраслава Лазоўскага і кнігараспаўсюдніка Алеся Яўдаху. Гэтай ганебнай справе і прысвечаны верш». Не ведаю, наколькі справа ганебная (ускрыццё пакажа), але тое, што яна дзіўная, факт. У прынцыпе, ухваляю супольную заяву Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына» і СБП (28.03.2017 – бел., англ. варыянты). Суверэнная дзяржава мае права сябе бараніць, але ў гэтым выпадку прэвентыўнае затрыманне некалькіх дзясяткаў асоб з’яўлялася празмернай рэакцыяй на іх актыўнасць.

Днямі абвінавачванне ў адносінах да 20 чалавек з 35 дапоўнілі «Стварэннем незаконнага ўзброенага фармавання» (арт. 287 Крымінальнага кодэкса РБ, да 7 гадоў пазбаўлення волі), што выглядае зусім ужо абсурдна. Прыпомнілі членства абвінавачаных у напаўпадпольным «Белым легіёне», распушчаным гадоў 15 таму. «Галоўная газета краіны» 11.04.2017 засведчыла, што ў бездань кадэбэшнай «журналістыкі» можна падаць бясконца. Замест фактаў парушэння заканадаўства арыштаванымі «аддзел расследаванняў» «Беларуси сегодня» штампуе дадумкі тыпу «У закрытых групах удзельнікі ведалі адно аднаго толькі па “ніках”. Нават сустракаючыся на супольных зборах і трэніроўках, далёка не ўсе ведалі адно аднаго. Напэўна, было што прыхоўваць…»

Паўлаякубовіцкі ўзровень праявіўся і ў драбязе. Так хацелася даць дыхту Станіславу Шушкевічу, пасварыць яго з абвінавачанымі (якія нібыта мелі дачыненне да «Беларускага згуртавання вайскоўцаў», ліквідаванага ў 1990-х), што дапісаліся: «16 лютага 1994 года, яшчэ пры Шушкевічу, Вярхоўны Суд забараніў БЗВ». З 26.01.1994 Шушкевіч, адстаўлены з пасады старшыні Вярхоўнага Савета, нават фармальна не меў улады ў краіне.

Крывадушная, небяспечная заява з боку Ізотавіча: «Грамадства мае права абыходзіцца як без “грамадскіх абвінаваўцаў”, так і без “грамадскіх адвакатаў”». Ролю абвінаваўцы ягонае выданне, што навязваецца беларусам з усіх прасаў за іх жа грошы, якраз дэ-факта і бярэ на сябе… А без грамадскіх абаронцаў, голасу якіх у Беларусі праз інфармацыйны шум амаль не чуваць, дзяржава захлынецца ў таннай канспіралогіі тыпу «Маладняк слухаў лідара, наліваўся злосцю, рыхтаваўся да вайны з “маскалямі”легіён ператвараў маладых байцоў у бязлітасных зомбі». І яшчэ мяркую, што без такіх абаронцаў суды ніколі не апраўдалі б ні Альфрэда Дрэйфуса ў Францыі, ні Менахема Бейліса ў Расійскай імперыі.

Карціць спадзявацца, што новы кіраўнік «галоўнага яўрэйскага саюза» (гл. вышэй) цішком-нішком адгародзіць сваю суполку ад цынічнага лаўрэата прэміі «За духоўнае адраджэнне», экс-кандыдата на пасаду пасла Беларусі ў Ізраілі… Эх, «за дзяржаву абідна».

Апаненты лукашэнкаўскіх ідэолагаў, у прыватнасці, пазнякоўцы, таксама, бывае, самі сабе псуюць рэпутацыю. Во нядаўна аблілі брудам мужнага чалавека, Барыса Хамайду з Віцебска (гл. фота; інтэрв’ю з Б. Х. чытайце, напрыклад, у «Мы яшчэ тут!» за 2008 г.). Камусьці падалося, што ён няправільна распаўсюджвае недзяржаўную прэсу – пад чырвона-зялёным «БССР-аўскім» сцягам. Насамрэч гэта быў штандар Віцебскай вобласці… Папрасіць прабачэння? Не, за тыдзень не даўмеліся. Ды што казаць пра «пешкі», калі «кароль»-Зянон змяшаў з г… нябожчыка Булахава і лічыць гэта нармальным.

Каб разбавіць сумны наратыў, прапаную зірнуць на каробку з мацой, спечанай у Кіеве ў лютым 2017 г. ды прывезенай у Мінск «Джойнтам», і ацаніць зычэнне.

Можа, мелася на ўвазе пажаданне паэтам – «Счастливого Пегаса»? 🙂

Агулам час ад часу здаецца, што сплю і бачу сон: y сне нярэдка гаворыш, а цябе не чуюць… Так і з ідэяй «Злучаных штатаў», або Вялікага княства Беларусі, Украіны і Літвы, якую падтрымаў у студзені, амаль тры месяцы таму. Зеро водгукаў з тутэйшай «палітычнай супольнасці», не кажучы пра нейкія практычныя крокі. Вядома, за гэты час улады РБ прыкладалі намаганні, каб дадаткова пасварыцца з урадамі Літвы і Украіны (усталёўка статара турбагенератара і «бітага» корпуса рэактара Астравецкай АЭС, заявы пра падрыхтоўку беларускіх баевікоў ва Украіне), але ж не заўсёды будзе так?

Нядаўна дэпутат-гісторык Ігар Марзалюк заявіў расійцам, што «Беларусь – гэта адзіная краіна, якая не дазваляе стварыць Міжмор’е. Гэты [міжморскі] ланцуг не замкнёны. І пакуль ва ўладзе будуць тыя ж людзі, што і цяпер, ён не закрыецца…» Аднак не цямлю я, што жахлівага ў хаўрусе дзяржаў ад Балтыйскага і да Чорнага мора, дзе наедак ад таго, што беларусам няпроста з’ездзіць на экскурсію ў суседні Вільнюс?.. Яшчэ 25 год таму іншы спецыяліст па мінуўшчыне, Адам Мальдзіс, разважаў: «Што ж датычыцца беларуска-літоўскай супольнасці, то само жыццё, эканамічны і палітычны крызіс падштурхоўваюць нас (як бы мы таму ні супраціўляліся) да такога з’яднання. Гэта адпавядала б нашай гістарычнай традыцыі (залаты век у Вялікім княстве Літоўскім), інтарэсам абодвух народаў. Тая граніца, на якую цяпер затрачваецца столькі сродкаў, была праведзена адвольна, “па жывому”…» (з кнігі Ю. Залоскі «Версіі», Мінск, 1995).

Cёння – апрача іншага, і Дзень касманаўтыкі. Дазволю сабе змясціць карыкатуру расійскага шахматыста-гумарыста Уладзіміра Чакаркова, прысланую ў 2003 г. для «Шахмат-плюс» (друкавалася ў 2-м выпуску гэтага мінскага часопіса).

Да таго ж раю паслухаць песню «Космас» нашага аўтара Федзі Жывалеўскага (напрыклад, тут), не пашкадуеце 🙂

Вольф Рубінчык, г. Мінск

12.04.2017

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 12.04.2017  19:18

Кароткі змест папярэдніх дзесяці серый:

№ 49 (02.04.2017). Прымітывізацыя вобраза пратэстоўцаў асобнымі аўтарамі. Разгон дэманстрантаў як анахранізм. Адмова верыць, што “ўсё прапала”. Аптымістычныя назіранні Л. Мірзаянавай, А. Горвата. Як час працуе супраць сістэмы. Казус з сатырычнай налепкай ля станцыі мінскага метро. Вынікі афіцыйнага даследавання хатніх гаспадарак. Адступленне з жыцця беларускай пошты 2010 г. (як адміністрацыя шкадавала вады ў спёку). Пошук адказу на пытанне, што будзе далей з “сілавікамі”, нежаданне іх агулам “расчалавечваць”. Прапанова “перавыхоўваць” іх у творчых саюзах. Уражанні ад прэзентацыі кнігі Л. Паўлікавай-Хейдаравай 29.03.2017. Ліст дэпутатаў Еўрапарламента пра Беларусь як уратаванне гонару “Еўропы”.

№ 48 (27.03.2017). Думкі пра волю і няволю ў беларускім грамадстве. Фактычнае паўтарэнне А. Лукашэнкам слоў персанажа п’есы Б. Брэхта (у 1997 г.). Перайманне “праваахоўнай” сістэмай РБ сюжэтаў Ф. Кафкі (“Працэс”, “Замак”). Прагрэсіўнасць канстытуцыі Кракава 1815 г. у параўнанні з сучасным беларускім заканадаўствам. Зноў пра абяцанку 2010 г. увесці суд прысяжных. Адмова старшыні Вярхоўнага суда ад канцэпцыі рэформ. Прапанова бачыць нашу сітуацыю хутчэй праз прызму Я. Шварца, чым Дж. Оруэла. Прэвентыўнае затрыманне актывістаў. Слізкасць спецдакладчыка АБСЕ і многіх еўрапейскіх палітыкаў. Назіранне А. Сідарэвіча – нямецкія “шмайсэры” на вуліцах Мінска. Рэакцыя М. Акуліч на візіт у Беларусь С. Ландвер. Крытыка ізраільскай міністаркі ў сеціве. Меркаванне пра наступны “Дзень Волі”. Супярэчлівасць уражанняў ад шэсця 15 сакавіка. Адзначэнне “Дня Волі” ў Ашдодзе.

№ 47 (23.03.2017). “Справаздача” пра паход у клуб С. Алексіевіч, на сустрэчу з краязнаўцамі, дадатковыя звесткі пра з’езд СБП. Затрыманне А. Яўдахі. Эпізоды масавага забегу ў Мінску 8 сакавіка. Прэзентацыя кнігі Л. Кэрала 12 сакавіка ў “Галіяфах”, “Марш недармаедаў” 15 сакавіка. Паводзіны анархістаў і міліцыі, згадка пра В. Шчукіна. Традыцыйны шахматны турнір у СБП 19 сакавіка. Анонс дзвюх культурніцкіх падзей. І. Марзалюк і Курапаты; абяцанне ўладаў навесці там “парадак” 25 сакавіка. Крытыка артыкула “каталіка” Сяргея М., дзе ад імя яўрэяў высоўваюцца прэтэнзіі да хрысціян, а таксама “галоўнай яўрэйскай газеты” Беларусі, якая перадрукавала артыкул М.

№ 46 (12.03.2017). Значная саступка ў выкананні “Дэкрэта № 3”. Абяцанне накіраваць атрыманыя ад яго грошы “дзецям”. Згадка фрагмента з кнігі Э. Кузняцова. Пра матывацыю пратэстоўцаў і “выкалупванне разынак з булкі”. Трагедыя ў Скідзелі і дэградацыя прадпрыемстваў, знос фондаў. Несамавітасць эканамістаў тыпу І. Целеш. Пра з’езды СБП 2002 і 2017 гг. Адносна дэмакратычныя выбары, памылкі арганізатараў, палеміка з тымі, хто пляжыць Саюз. Распаўсюд кніг у кулуарах з’езда; гістарычныя анекдоты з кнігі Л. Казлова. Імпрэза ў гонар Я. Купалы ў Мінску, чытанне на ёй верша ў перакладзе на іўрыт.

№ 45 (06.03.2017). Ізноў пра “дэкрэт № 3” – “задні ход” уладаў. Кур’ёзнае апытанне на афіцыйным сайце. Самасцвярджэнне “начальства” за чужы кошт. “Міліцэйскія” і народныя жарты. Патлумачаная прычына блакіроўкі “Луркамор’я” – непераканаўчасць тлумачэнняў. Выпраўленне і невыпраўленне памылак. Падзел на групоўкі ва ўладзе. Падзеі ў Курапатах і страта даверу бізнэсоўцаў да чыноўнікаў. Максімалізм некаторых “абаронцаў Курапатаў”. Празмерны аб’ём спіртнога ў РБ; ідэя “алкатураў”. Новы пасол Ізраіля ў Беларусі, яго вялікае інтэрв’ю. Затрыманне ў Ізраілі “беларуса”, які планаваў далучыцца да “Ісламскай дзяржавы”.

№ 44 (27.02.2017). Паблажлівасць карэспандэнта “Радыё Свабода”. Гісторыя “Піянерскай зоркі”. Штрыхі да стану беларускай адукацыі. Згадка антыўтопіі Лаа Шэ. Як “наверсе” бачаць ролю юрыстаў. Пра стаўленне да юрыстаў у Германіі 1930-40-х гг. “Маўклівая большасць” супраць дэкрэту № 3. “Вечнае вяртанне” ў Беларусі: адчуванне таго, што надышоў 1989 г. Змрочныя сведчанні пра наступствы Чарнобылю з афіцыйнага даклада 2016 г. Трагедыя на Скідзельскім цукровым камбінаце. Як мінінфармацыі “заблакавала” “Луркамор’е”. Параўнанні 1989 і 2017 гг. не на карысць апошняга. Шарлатанства некаторых мясцовых эканамістаў. Парада адправіць на “газавыя перамовы” з Расіяй гросмайстраў Жыгалку або Азарава.

№ 43 (21.02.2017). У. Чавес і Беларусь. Крытычны агляд афіцыйных венесуэльскіх выданняў, атрыманых на мінскім кірмашы. Успамін пра тое, як Л. Ананіч у 2003 г. стала “сааўтаркай” кнігі В. Вараб’ёва. Дыялог У. Чавеса і А. Лукашэнкі 2006 г. Напамін пра памыснасць пабудовы адносін з бліжэйшымі суседзямі. Падзенне ВУП у Беларусі і павольны рост ва Украіне. Водгукі на “дэкрэт № 3”. Падвышэнне пенсійнага ўзросту ў РБ. Назіранні за кар’ерай прэс-сакратаркі Н. Эйсмант (“феномен Псакі”?) Пажаданне ўзяць у адміністрацыю блазна. Ухвала рашэння міністра ўнутраных спраў Украіны не выдаваць А. Лапшына Азербайджану. Крытыка рашэння мінкульта РБ не ўключаць Саюз беларускіх пісьменнікаў у спіс творчых саюзаў, выказвання А. Карлюкевіча пра “кнігі няпэўнага зместу”.

№ 42 (17.02.2017). Антысеміцкія матывы ў Расіі. Успамін пра тое, як гэта было ў Беларусі на пачатку 2000-х гг. Адчуванне прыкрасці ад паводзін “Нашай Нівы”, якая галаслоўна прычапіла творам А. Бузіны цэтлік “антыўкраінская літаратура”. Нападкі “НН” на арыштаваных аўтараў “Рэгнума”. Цытата з С. Шыптэнкі пра гаротны стан беларускай прамысловасці. (Сада)мазахізм у Беларусі і свеце – магчымая прычына правядзення “хіджабнага” чэмпіянату свету ў Іране. Перастаноўкі ў адміністрацыі Лукашэнкі. Думкі пра тое, што намеснік міністра А. Карлюкевіч мог бы падтрымаць выданне літаратуры на ідышы.

№ 41 (15.02.2017). “Абдымашкі” І. Сярэдзіча з Лукашэнкам, ідэя “круглага стала”. Параўнанне палітычных сістэм у Беларусі і Іспаніі (пад Ф. Франка). Пустая абяцанка прызначыць омбудсмена. Ідэі для канстытуцыйнай рэформы. Сумнеўныя спасылкі гісторыка І. Марзалюка на ізраільскі досвед. Крытыка выказванняў З. Пазняка пра Ізраіль і “няўдзел” беларусаў у Халакосце. Цытаты з кнігі Л. Рэйна. Згадка пра А. Лапшына, якога не шукаў Інтэрпол.

№ 40 (05.02.2017). «Вялікая сустрэча» з Лукашэнкам 03.02.2017. Парушэнне норм і нейтралізацыя апанентаў. Няўменне сфармуляваць нацыянальную ідэю, працяг лалітыкі. Расказ аратара пра Трампа і яўрэяў. А. Лапшын як прадмет гандлю. “Казус Губарэвіча” (вызваленне ад судовай адказнасці). Рэдкасць апраўдальных прысудаў у Беларусі. Пра ганаровага консула Беларусі ў Ізраілі Г. Магнезі. Схема “сваім – усё, чужым – закон”. Пазітыўныя рэкламныя ролікі для тых, хто едзе ў Беларусь. Прапанова развіваць хостэлы з нізкімі цэнамі на жытло.

Змест ранейшых серый гл. у №№ 40, 30, 20, 10 🙂

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (37)

Чэсць! Адна з магістральных тэм першага ў 2017-м годзе выпуска ненавукова-квазіфантастычнага серыяла – такая з’ява, як празмерная рэакцыя (overreaction). Тым болей што год у Мінску пачаўся з нешараговай падзеі: 1 студзеня на праспекце Любімава 23-гадовы міліцыянт у шматпавярховым доме абстраляў нецвярозага жыхара, які нібыта на яго накінуўся, і цяжка параніў гэтага чалавека.

Маці стралка не ўхваляе службу сына ў міліцыі, спачувае маці абстралянага, але просіць дачакацца высноваў следства, затое «найлепшы сябар усіх сілавікоў» ужо ўставіў свае дзве капейкі: «Ніхто не мае права аказваць супраціў работнікам міліцыі…» У перакладзе з лукашэнкаўскай на беларускую: бойцеся, бойцеся…

Чаму ўзнікаюць такія сітуацыі ў мірным Мінску (чалавека, які перапіў у навагоднюю ноч, нават калі ён сваволіць, пры ўсім жаданні цяжка выдаць за тэрарыста-экстрэміста), пытанне складанае. Можа, справа і ў нервах… Як казаў тав. Троцкі ў 1926 г., калі яму яшчэ давалі трыбуну ў савецкай прэсе: «Нервы моцна зношаны. Патрэба ў якіх-небудзь узбуджальных або, наадварот, усыпляльных сродках вялікая. Патрэба ў алкаголі… вельмі моцная ў гарадах у рабочых» (менская газета «Звезда», 19.01.1926). Дый кніга Міхаіла Зошчанкі «Вернутая маладосць» (1933) пацвярджае, што ў 1920-х – пачатку 1930-х праблема душэўнай спустошанасці савецкіх грамадзян была надзвычай вострай і турбавала многіх. Пазней, мяркую, назапашаная злосць спрычынілася да масавых рэпрэсій сярэдзіны 1930-х.

Часам думаю: колькі такіх выпадкаў, як выбух у метро 2011 г. (афіцыйнае тлумачэнне паводзін асуджаных – прага двух хлопцаў праславіцца, прадэманстраваць «уседазволенасць і неапраўданую агрэсію»), напад з сякерай на гандляроў мінскай «Еўропы» 2016 г., страляніна 2017 г., мусіць прагрымець, каб грамадства і ўлады даспелі да стварэння эфектыўнага сеціва псіхалагічнай дапамогі, не кажучы пра акадэмічны інстытут псіхалогіі? Баюся, што сотні, калі не тысячы.

Тое, што ў Беларусі, Расіі, Украіне безліч асоб, якія перагружаны рознастайнымі комплексамі і штодня выплюхваюць сваю злосць на іншых, бачна няўзброеным вокам. Пад уласнае паскудства падводзіцца няхітрая філасофія тыпу «падштурхні таго, хто падае», «памры ты сёння, а я заўтра». Прыкра, што пераймаюць яе і яўрэі, якім варта было б трымацца наводдаль ад паганскіх і бальшавіцка-вертухайскіх ідэй. Прыкра, але зразумела: калі ў гісторыі яўрэі доўга заставаліся ад чагосьці наводдаль?

Дзіўлюся, напрыклад, з Аляксандра Майсеевіча Гарадніцкага, доктара геолага-мінералагічных навук, якому даўно за 80: навошта яму было віцэ-прэзідэнцтва ў Расійскім ПЭН-цэнтры? У снежні 2016 г. з гэтай арганізацыі выключылі публіцыста Cяргея Пархоменку, які крытыкаваў кіраўніцтва за парушэнні статута і інш. Рашэнне аб выключэнні было, мякка кажучы, спрэчнае, пасля яго члены ПЭН-цэнтра – напрыклад, раўналетак Гарадніцкага Аляксандр Гельман, Святлана Алексіевіч, Леў Рубінштэйн – пачалі разбягацца…

Гарадніцкі тлумачыць, што «мы стаміліся» ад Пархоменкі, і смела заяўляе: «У нас ёсць другі статут, які яшчэ трэба зарэгістраваць, але ўжо некалькі гадоў увесь ПЭН па ім жыве». І гэты шукальнік ідыша «вучыў» сваіх апанентаў юрыдычным тонкасцям не дзе-небудзь, а ў афіцыйным звароце! Моцна, доказна адлупцаваў Гарадніцкага & Со. Аляксандр Мінкін тут. Беларускаму начальніку таксама не зашкодзіла б часцей укладваць у вушы, што памілаванне – яго неад’емнае права, замацаванае ў Канстытуцыі, якое можа ажыццяўляцца і без просьбы асуджаных, а то ён у гэта, здаецца, не дужа верыць.

У цяжкія часы лепей быць разам. Аднак нават авіякатастрофа – а мо і тэракт – 25 снежня, калі загінулі дзясяткі людзей, не паяднала ні расійцаў з украінцамі, ні расійцаў міжсобку, ні тым больш яўрэяў постсавецкай прасторы. Хаця, здавалася, чаго прасцей: выказаць спачуванне або прамаўчаць, не забойцы ж упалі ў мора, а музыкі, журналісты (якія б ні былі), доктарка… Пра гэта, у прынцыпе, слушна напісаў Яфім Шыфрын, але адразу атрымаў водпаведзь былога суайчынніка Паўла Ш., які перабраўся ва Украіну.

Кажуць, у Расіі Павел да нядаўняга часу быў знаным змагаром з пуцінскім рэжымам… Ох, па-мойму, такія допісы (асабліва «дастаўляе» фінал, дзе пра Яфіма: «вы ні разу ні маральны лідэр ні ў Расіі, ні тым больш за яе межамі. Вы ўсяго толькі таленавіты акцёр, які цешыць натоўп і ўладу ў сталіцы Мордара») надаюцца хіба, каб скампраметаваць дысідэнцтва ў сучаснай Расіі. Як і прапанова пад канец снежня «ў знак жалобы» прыносіць да расійскага пасольства ў Кіеве корм для рыбак і пляшачкі з настойкай глогу – удар па новай Украіне. Бабруйскі паэт Дзмітрый Р., якога я да нядаўніх часоў паважаў за дасціпнасць і эрудыцыю, апраўдаў прапанову Юрыя Б., дарадцы прэзідэнта Украіны ад жніўня-2014… і надалей знік з маіх гарызонтаў.

З іншага боку, вось яскравы прыклад празмернай рэакцыі на цынізм тых, хто пакпіў з трагедыі. Небезвядомы «Шарлі Эбдо» надрукаваў серыю з трох карыкатур, дзе звязаў «хор Чырвонай Арміі» з Пуціным. Адну з іх, дзе музыкі ў вайсковай форме выступаюць перад рыбамі на марскім дне, «пашыраючы» сваю аўдыторыю, можна з нацяжкай лічыць дасціпнай; дзве астатнія – трэш і безгустоўнасць. Ды ці варта было расійскім дзеячам паліць па клоўнах з усіх гармат? Выказаліся чыноўнікі міністэрства замежных спраў, мінабароны (!), прадстаўнікі абедзвюх палат парламента… Ой-вэй, якая «клаака, мярзота» ў прыватным французскім выданні! Хай бы чыноўнічкі з такім жа імпэтам сачылі за сабой і за падначаленымі, каб у іх самалёты з невядомых прычын не падалі…

Я-та жыву не ў Расіі, дый не хацеў бы там жыць, але бяда ў тым, што істэрыкі падхопліваюць і многія беларусы. І тое, што Аляксандр Лапшын ужо месяц сядзіць за мінскімі кратамі, а трое аўтараў агенцтва «Рэгнум» – нават больш за месяц, даказвае, што вірус істэрычных празмерных рэакцый (ВІПР) перадаецца паветрана-кропельным шляхам, нягледзячы на зімовыя маразы. Усе чацвёра інтэрнэт-аўтараў «награшылі», хутчэй за ўсё, на штраф, а іх да суда кінулі ў турму… Кур’ёзна, што за дваіх арыштаваных заступіўся «Пакістанскі фонд прэсы»; дзе Пакістан, а дзе мы! Лапшына ж дыпламатычна абараніў юрыдычны дарадца ўрада Ізраіля… ну, лепей позна, чым ніколі.

Празмерным выглядае пакаранне маладой жанчыны з Гродна, якая апублікавала ў сваім альбоме «Вконтакте» нейкі малюнак. Экспертыза (прыклаў руку філолаг (!) з Мінска) цвердзіць: ён парнаграфічны, утрымлівае «мярзотна-цынічную, непрыстойную фіксацыю палавых зносін». Асуджаная, якой выпісалі немалы штраф і 2 гады з адтэрміноўкай, кажа, што захавала эрацічную карцінку, а не збіралася яе рассылаць. Доказам распаўсюду, відаць, з’яўляецца тое, што фотку ўбачылі людзі ў пагонах і яна абразіла іх пяшчотныя пачуцці: ВІПР такі ВІПР…

Ад Беларусі не адстае Украіна са сваёй прагай цэнзуры: то ёй карціць пашыраць «чорны» спіс расійскіх артыстаў, якія некалі сказалі або падпісалі штосьці не тое, ды не пускаць іх праз мяжу (наадварот, няхай бы прыехалі, паглядзелі, што ў Харкаве людзей не ядуць жыўцом), то трэба перакрыць вяшчанне тэлеканала «Дождж»… Адной з прычын украінская Нацыянальная рада па пытаннях тэлебачання і радыёвяшчання назвала паказ 31.12.2016 камедый, дзе сярод персанажаў – недалёкія расійскія мянты. Паводле Нацрады, гэтыя фільмы «папулярызуюць праваахоўныя органы дзяржавы-агрэсара». І як адны тупыя амерыканцы знялі, а другія ў 1942 г. не забаранілі камедыю «Быць альбо не быць», дзе цэлы штаб эсэсаўцаў дэманструецца? 🙂

Экс-беларускі, а цяпер украінскі журналіст Вадзім Д. падтрымаў рашэнне Нацрады і абрынуўся на канал, які ў рэпартажах раз-пораз праводзіў граніцу паміж Украінай і Крымам. Тэлеканал, маўляў, трэ было закрыць з павагі «перад памяццю загіблых абаронцаў Айчыны, тварамі яе ваюючых байцоў і палітзняволеных, якія пакутуюць у варожых вязніцах». Адразу ўспомнілася, як гэты самы Д. 17.04.2015 маляваў забітага на дзень раней Алеся Бузіну «вельмі арыгінальным блазнам або гарадскім вар’ятам», і цыркаў праз зубы: «У нейкім сэнсе калега дабіўся, нарэшце, поспеху. Пра яго загаварылі ўсур’ёз». Ці знойдзецца дно ў падзення былога супрацоўніка «БДГ» і «Радыё Рацыі»?

«Ёсць маса прычын, каб адчуць сябе вольным і быць чалавечным», – спяваў лідэр беларускага рок-гурта «Голая манашка» Фёдар Жывалеўскі. Прычыны-та ёсць, жадання часцяком няма… Парадаваў у апошнія дні хіба зварот Ганны Канапацкай 10.01.2017 да самі-ведаеце-каго з патрабаваннем скасаваць фармальна «антыдармаедскі», а па сутнасці антыгуманны, антыканстытуцыйны і антыдзяржаўны дэкрэт № 3 ад 02.04.2015. Нават не сам зварот – можна было прадбачыць, што дэкрэт у бліжэйшы час не будзе адменены, што і пацвердзілася 12 студзеня – а тое, што 40-гадовая жанчынка не загрузла ў прыстасаванстве, дагэтуль не баіцца адна ісці «супраць усіх» на месцы сваёй працы, у «палатцы № 6».

Калі азірнуцца назад, то не ўсё было звышкепска і ў мінулым годзе. У 33-й серыі мы згадвалі праяданне золатавалютных рэзерваў беларускімі ўрадоўцамі ў 2012-2015 гг.; дык вось, калі статыстыкі не хлусяць (а хутчэй за ўсё, не хлусяць), у 2016-м рэзервы раслі 11 месяцаў запар. Праўда, яны так і не дасягнулі ў эквіваленце 5 млрд долараў: 4,927 мільярды – вельмі мала для краіны з насельніцтвам 9,5 мільёнаў чалавек, дый дзяржаўны доўг Беларусі ў разы вышэйшы. На рост рэзерваў адзін з наведвальнікаў talks.by 05.01.2017 адрэагаваў так: «Усё прыцягнута за вушы для атрымання чарговага крэдыту», другі параўнаў край з бадзягам, які хваліцца айфонам, ды не мае сімкарты…

Далёка не ўсе беларусы страцілі аптымізм. Паводле апытання tut.by (якое заслугоўвае ўвагі праз ахоп выбаркі – 34,5 тыс. чал.! – хоць яна і не зусім рэпрэзентатыўная), на «выдатна» 2016-ы ацанілі 8,15%, на «добра» – 22,69%, на «пасрэдна» – 33,41%, на «кепска» – 21,49% і на «зусім кепска» – 14,26%. Тых, хто адмоўна ацэньвае год і сваё месца ў ім, вельмі многа, больш за трэць, ды ўсё ж нам пакуль далёка да месцаў, дзе «99 плачуць, а 1 смяецца». Вось і беларусізацыя харчовых прадуктаў цешыць сэрца… У 2000-х гадах на мае прапановы падпісваць прадукты пісьменна і па-беларуску тутэйшыя прадпрыемствы не рэагавалі.

Скідзельскі цукровы камбінат прапагандуе сямейныя каштоўнасці ды эрас (no porno)

Яшчэ працытую вялікага летуценніка Міколу Шаляговіча, які ў 1990-х марыў пра адраджэнне на Піншчыне ды Кобрыншчыне «яцвягаў» (у мяне захоўваецца легендарная брашура Сцяпана Давыдзюка 1992 г. з шахматнымі задачамі, пракаментаванымі на «яцвяжскай мове», хаця многія аднеслі б гэтую мову да заходнепалескіх дыялектаў). Цяпер Мікола ўспомніў пра ідыш:

Калі параўноўваць жыццё расійскага Брэста/Брыска i паруска-германскага Кёнігсберга/Тваньгоста на рубяжы ХIX-XX стагоддзяў, то і ў адным яцвяжскім горадзе, і ў другім гучала ў асноўным гаворка ідыш-рус, а асноўная маса насельніцтва (да 75 працэнтаў) наведвала сінагогі і ешыботы.

Іншыя «інтрыгі, загадкі, сенсацыі» можна знайсці тут. Не ведаю, праўда, навошта было гуляцца са словамі «ідыш-рус», «ідыш-іудзейская і ідыш-лютэранская традыцыі», «руські ведызм», «руські іудаізм» і г. д. Буду лічыць новыя тэрміны выдаткамі альтэрнатыўнай гісторыі…

Вольф Рубінчык, г. Мінск,

14.01.2017

wrubinchyk[at]gmail.com

Ад рэдакцыі. Мы не заўсёды згодныя з суб’ектыўнымі ацэнкамі нашых аўтараў, у тым ліку і В. Рубінчыка.

Апублiкавана 15.01.2017  00:11