Tag Archives: Василий Верещагин

Два рассказа о Стене Плача (бел.)

Шолам-Алейхем

МУР ЛЯМАНТАЎ

– Ну, распавядзіце ж мне кропелька ў кропельку, малю вас… Значыць, вы самі, на ўласныя вочы бачылі Заходні мур? На саменькай справе? Вы добра яго бачылі? Распавядзіце ж мне, як, што, калі?..

Так мой рэбе распытваў яўрэя, што кагадзе прыехаў у мястэчка з Зямлі Ізраіля, з Іерусаліма.

– Скажыце ж мне, прашу вас, апішыце мне ўсё дакладна, як, і што, і калі?

Яўрэй, які пабываў у Іерусаліме, падрабязна ўсё абмаляваў – як, што, дзе, калі. Мой рэбе праглынуў пачутае і расцвіў, распавіўся, як чалавек, што атрымаў прывітанне ад блізкага чалавека з далёкай краіны.

Рэбе так пільна ўзіраўся ў вяртанца, што не заўважыў, як мы, бэйбусы, паціху выбраліся па адным з-за стала, праслізнулі ўва двор і пракаціліся па коўзанцы.

Калі мы зноў увайшлі ў пакой, то яны ўдвух яшчэ сядзелі на ранейшым месцы.

– Мур лямантаў! – казаў рэбе іерусалімчыку. – Мур лямантаў! Вось што засталося нам ад усяго нашага Храма, ад усёй нашай дзяржавы! Мур лямантаў! Мур лямантаў…

І рэбе расплакаўся.

1888

Пераклаў з ідыша Вольф Рубінчык

Васіль Верашчагін. «Саламонава сцяна» («Сцяна плачу»), 1884-1885

Ад перакладчыка: Дзякуй за дасланы арыгінал апавядання ізраільскаму прафесару Берлу Котлерману (בערל קאָטלערמאַן) . «Kotel Maaravi» можа перадавацца і як «Саламонава сцяна», і як «Сцяна плачу», і як «Мур лямантаў», і як «Заходні мур», апошні пераклад – літаральны. Кожны з варыянтаў, безумоўна, мае сваё сэнсавае адценне. Тут я свядома вырашыў пакінуць два апошніх варыянты.

На ідышы апавяданне можна паслухаць тут:

 

Шолам-Алейхем і В. Лапцік. Партрэты з litakcent.com i naroch1.by

Вячаслаў Лапцік

CЦЯНА ПЛАЧУ

Наша група рухалася каля крапасных сцен, па каменных прыступках спускалася ў бок тысячагадовых муроў, дзе штодзень пляц бурліць ад іудзеяў з доўгімі і густымі бародамі, а насустрач нам крочыла мноства паломнікаў, счырванелых турыстаў, засяроджана-панурых багамольцаў. Прыпыніліся на высокай пляцоўцы, адкуль, як на далоні, бачылася ўся плошча Заходняй сцяны.

Народ на плошчы нібы раздзяліўся на дзве паловы. Злева стаялі ў цесным яднанні і маліліся мужчыны. Хтосьці выражаў свае эмоцыі ціха і маўкліва, а некаторыя звярталіся да Госпада занадта эмацыянальна, пачынаючы ад жэстыкуляцыі і заканчваючы пранізлівымі словавыразамі. Справа групаваліся жанчыны.

Жадаючых прабіцца да Сцяны сабралася зашмат. Але ўсіх туды не пускалі, баючыся тэрарыстаў і ўсялякіх недалужнікаў. Уваход за метраў дзвесце перакрываў бар’ер з камп’ютэрным пеленгатарам, які высвечваў тыя металічныя штучкі, якія людзі мелі з сабой у кішэнях, сумачках ці скрутках. Дзве вабныя ізраільцянкі, месцам працы для каторых лепш за ўсё з’яўлялася б сцэна тэатра, а не гэты стык разнашэрстнай масы людзей, з аўтаматамі напагатове стаялі тут жа, каля ўваходу, і засяроджана пераглядалі кішэнную маёмасць кожнага.

Я прайшоў уважлівую праверку, доўга патрасаючы над бар’ерам звязкай сваіх мінскіх ключоў. Ахоўніцы прапусцілі мяне туды, далей, на вялізную плошчу. І раптам я спыніўся, як укапаны. Бо вось так раптоўна, як кажуць у нас на Мядзельшчыне – ні з таго ні з сяго – зусім нечаканая думка прыйшла ў галаву. Паглядзеў я на іудзеяў і запаланіла мяне гэта думка ўсяго, быццам варам хто абліў. Мне хтосьці цвердзіць так ласкава, але з доляй настойлівасці на роднай беларускай мове: «Паглядзі на іх, на гэты некалі няшчасны і разбіты народ! Як яны акрыялі, як яны вераць, жывуць і моляцца Госпаду! А ты, беларус? Нават сувеніры са Святой зямлі набыць не можаш?»

І нейкі другі голас, нечы чужы, быццам адчуваючы свайго непрыяцеля, злосна пярэчыць, але зноў жа – на маёй роднай мове: «Чаго ты імі ўміляешся? Няма каго хваліць. Яны – пранырлівыя і дзелавыя, таму і паядналіся, утварылі сваю дзяржаву…»

Праходзяць дзве-тры секунды – і зноў даносіцца да мяне той голас, першы. Душой адчуваю, што гэта мае думкі, таму голас спакойны і лагодны: «Адзін раз у жыцці памаліся тут, каля славутай Сцяны… Уваж пакутнікаў-іудзеяў, апусці галаву, стань плячо ў плячо з гэтым старажытным народам зямлі нашай і, нарэшце, уваж самога сябе… Тут разам з імі звярніся да Бога…»

І другі голас, той жа, зласлівы, пярэчыць з нейкай доляй горычы: «Заціхні! Яны для цябе чужыя і нават варожыя. Не хачу і не буду! Сказаў не – значыць не! І ніяк ты мяне не выправіш, хоць лопні!»

Двое аматараў дыскусіі неяк аддаліліся і сплылі. Я і цяпер не хачу паглыбляцца ў разважанні пра анёлаў боскіх і чорных, пра сілы зла і дабра, бо стараюся звяртацца ў сваіх задумах толькі да Бога і абыходзіць усялякую містыку бокам. А тады…

Я пайшоў да Сцяны плачу. Перакананы, што раблю правільна. Настолькі быў паглыблены ў свае думкі, што па дарозе спакойна абмінуў доўгі столік з двума дзяжурнымі, якія ўсім па чарзе выдавалі чорненькія шапачкі на самую макушку – ярмолкі. Наблізіўся ўшчыльную да Сцяны, стрымана пакруціўся сярод тых, хто маліўся, каб нікога не таўхануць, выбраў для сябе месца, больш-менш не забітае народам, уціхара і непрыкметна, каб не наклікаць пярэчанняў іудзеяў, перажыгнаўся і пачаў маліцца.

Раптам я ўздрыгнуў ад нечаканасці: нешта лёгка шлёпнула па маёй галаве, якраз па самой макушцы. Рэзка павярнуўся назад і сустрэўся з дакорлівым позіркам пажылога яўрэя. Праўда, на яго твары я ўбачыў і лёгкую ўсмешку, маўляў, а-я-яй, што вы, малады чалавек, да таго ж яўна не іудзей, у нас замудрылі?.. Пажылы мужчына ад таго доўгага століка, дзе ўсім выдавалі ярмолкі, заўважыў, што адзін нейкі небарака моліцца ля Сцяны плачу без галаўнога ўбору, таму прынёс мне і надзеў на галаву неабходную шапачку.

Гэты чалавек быццам адчуў боль маёй душы і зразумеў, што менавіта мне, выхадцу з далёкай Беларусі, варта звяртацца да Бога найбольш, як нікому з велізарнейшага натоўпу турыстаў, якія ля Сцяны і не маліліся. І маліць Госпада, не заціхаючы, прасіць безперастанку.

Потым я адшукаў у сваім партманеце чыстую паперчыну і напісаў нашаму Госпаду свае прашэнні. Вывеў тэкст уціхара, нікому не паказваючы, хаця каб хто яго ўбачыў, то нічога не зразумеў бы, бо пісаў я на сваёй роднай беларускай мове. Старажытныя муры патыхалі даўнінай і вечнай неадольнай сілай. Я пашукаў між муроў тоненькі паз або дзірачку, куды можна было б запхнуць сваё прашэнне. Аднак усе шчылінкі паміж векавых камянёў былі густа пазапіханы тысячамі, сотнямі тысяч запісак з усяго свету, канешне ад яўрэяў, якія так нацярпеліся ўсялякай нечысці і апошні паратунак бачылі толькі тут, у прашэнні да Бога. Такога вечнага Заступніка і магутнага Збавіцеля.

Нарэшце, адшукаў свабоднае месца ўнізе вялікага абчасанага валуна, куды я акуратна і засунуў сваё пасланне. Так тут прынята – няхай так і будзе.

Пасля гэтага я адчуў сябе самым акрылёным і шчаслівым чалавекам. І не толькі таму, што жыў на велічнай і такой старажытнай зямлі. Бо таму яшчэ, што Папа рымскі Ян Павел II на Святой зямлі здзейсніў нечаканы крок. У час свайго візіту ён падышоў да Сцяны плачу і адслужыў там вялізны малебен. Цвёрда заявіўшы пра тое, што Бог ва ўсіх нас адзін, таму не мае значэння, дзе яму молішся…

Менавіта падобнымі развагамі кіраваўся і я…

(крыніца: газета «Анахну кан», Мінск, № 4, май 2002)

Апублiкавана 03.06.2018  21:53

От редактора. Напоминаю о необходимости и важности финансовой поддержки сайта.
Текст на русском и как это сделать, читайте внизу этой публикации