Tag Archives: миграция

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (74)

Супершалом! Пакуль Нета Барзілай камічна кудахтала й махала стальнымі рукамі-крыламі ў Лісабоне, у Шанхаі за шахматнай дошкай змагаліся дзве дзяўчыны яе пакалення – Тань Чжун’і і Цзюй Вэньцзюн. Апошняя, прэтэндэнтка, 18.05.2018 і стала чэмпіёнкай свету… Сярод ізраільцянак зараз няма нікога, хто мог бы даць ёй рады, і ў бліжэйшы час наўрад ці будзе (Юлія Швайгер-Найдзіч, 1994 г. нар., – 57-я ў рэйтынг-спісе). Ды што казаць, нават у мужчын Барыс Гельфанд у 2014 г. пакінуў першую дзясятку паводле рэйтынгу ЭЛА, а замены яму не відно. Між тым кітаец Дзін Ліжэнь, 1992 г. нар., ужо год у дзясятцы і, мяркуючы па выніках турніру прэтэндэнтаў 2018 г., спакваля падбіраецца да «галоўнай кароны».

Нездарма тым разам я параўнаў рост валавага ўнутранага прадукта ў Ізраілі і Кітаі (дзе ён куды больш імклівы). Баюся, у ХХІ ст. Ізраіль (і яўрэйскі народ увогуле) будуць страчваць свае пазіцыі ў сусветнай эканоміцы, а КНР & кітайцы прадоўжаць экспансію. Прынамсі ў Беларусі гэта ўжо адчуваецца. У першыя гады нашай незалежнасці Ізраіль яўна лічыўся тутака больш перспектыўным партнёрам, і падаецца, што колькасць людзей, якія вывучалі іўрыт, нашмат перавышала колькасць аматараў кітайшчыны; цяпер – наадварот. Вядома, на разварот паўплывалі і майсы з закрыццём-адкрыццём пасольства, і асобныя альтэрнатыўна адораныя паслы Ізраіля ў Мінску, і інцыдэнты ў аэрапорце «Бен-Гурыён» накшталт гэтага і гэтага.

Вынік: ізраільцы яшчэ толькі плануюць запусціць узорна-паказальны аграпрамысловы праект у Віцебскім раёне, кітайцы ж фактычна ўжо кантралююць зусім не малы па плошчы індустрыяльны парк «Вялікі камень», які «раскручваецца» і на міжнародным узроўні, у тым ліку праз «Forbes». Кагадзе ў парку створаны кітайска-беларускі (іменна так; доля беларусаў – 40%) праектны інстытут. Дарэчы, пра інстытуты: калі ўмоўна-яўрэйскі МГІ – міжнародны гуманітарны, створаны ў 1999 г. пры БДУ – накрыўся медным тазам к 2004 г., то інстытут Канфуцыя, які дзейнічае там жа з 2006 г., цвіце і пахне. Ужо ёсць аналагі ў лінгвістычным універсітэце, тэхнічным, нават у Горацкай сельгасакадэміі… Нядаўна адкрыўся «паднябесны» інстытут і ў Гомелі.

Мае памяркоўна-песімістычныя назіранні абапіраюцца і на статыстыку, праўда, ужо не зусім свежую. За 1999–2009 гг. вага кітайцаў у пастаянным насельніцтве Беларусі вырасла ў 22 (да 1642 чал.), a вага яўрэяў зменшылася ў 2,2 разы (да 12926 чал.). У кастрычніку 2019 г. у РБ мусіць прайсці новы перапіс: ніхто не здзівіцца, калі кітайцаў у выніку акажацца яшчэ болей, а яўрэяў – меней, калі «яны» і «мы» зраўнуемся тут па колькасці.

Прачытаў выказванне Юрыя Зісера ў перадачы карэспандэнта «Радыё С.»: «Я ня бачу катастрофы ў нашэсьці кітайцаў ці тых, хто будзе да нас прыяжджаць на працу. Яны ўсе будуць асымілявацца і станавіцца грамадзянамі». А вось што ў студзені пісаў Уладзімір Бараніч, які летась давёў, што не баіцца нязручнай праўды (і яму давяраю неяк болей, чым кручанаму супляменніку-бізнэсоўцу): «Кітайцы, аднойчы прыехаўшы ў якасці часовых рабочых, у адпаведнасці са сваёй традыцыйнай стратэгіяй асваення і захопу чужых тэрыторый могуць паступова ператварыцца ў гаспадароў».

Мо на сёння асцярогі выглядаюць перабольшанымі: паведамляюць, напрыклад, што «Беларусь страчвае прыцягальнасць для замежных мігрантаў», што кітайцы, якія скончылі працу ў Светлагорскім і Добрушскім раёнах Гомельскай вобласці ў 2017 г., з’ехалі на радзіму. Аднак, калі казаць пра Сінявокую, то агульная тэндэнцыя ўсё адно не на карысць яўрэйскай прысутнасці, тым болей што «рэзка павялічыўся іміграцыйны адток у Ізраіль. За перыяд з 2012 года туды з’ехала на 1214 чалавек больш, чым прыехала ў Беларусь, у тым ліку 589 чалавек — толькі за 2017 год».

Дамінаванне кітайскіх фірм у сусветнай эканоміцы, у рэшце рэшт, адаб’ецца і на палітыцы – у прынцыпе, ужо адбіваецца. Ізраілю і яўрэям, якія належаць усё ж (збольшага) да іудзеахрысціянскай цывілізацыі з адметным маральным ядром, прыйдзецца нялёгка: фактычна, з падачы самай масавай кампартыі свет запаланяецца неапаганствам. У трэнд упісваецца і аднагалоснае рашэнне перавыбраць Сі старшынём КНР у сакавіку 2018 г., ды яшчэ дазволіць яму заставацца на пасадзе хоць да скону. Яго думкі летась зрабіліся неабходнымі для вывучэння ўсімі кітайскімі камуністамі, а заадно і школьнікамі…

Ізраіль з Кітаем актыўна гандлююць, ды асаблівай дружбы ў іх ніколі не было; цяпер, пасля галасавання КНР у савеце па правах чалавека ААН (за «незалежнае расследаванне» сутыкнення дэманстрантаў і ахоўнікаў на мяжы сектара Газа), пэўна, i не будзе. Карацей, тым, хто мяне чытае, прапаную задумацца… і схамянуцца, прынамсі ўспомніць пра ўласную годнасць. Вось чаму не пакаралі Саўдаўскую Аравію за парушэнне статута ФІДЭ, нядопуск ізраільскіх шахматыстаў на афіцыйны чэмпіянат свету ў снежні 2017 г.?

Шаную вялікі кітайскі народ – хаця б за тое, што ён даў свету Канфуцыя, Лао Шэ (з манчжураў, але ж лічыў Кітай сваім), Лю Сяабо… У той жа час надта не хочацца разбудовы новых сусветных імперый. Ізраільцам, якія мысляць не ў катэгорыях шука, патрэбная кансалідацыя. Дый беларусам таксама, хіба не?..

Ужо цяпер, у маі 2018 г. зразумела, што ў бліжэйшы час ні Кітай, ні Беларусь не перанясуць пасольствы ў Іерусалім, хоць і па розных прычынах. Кітайцы свядома канкуруюць з ЗША, у тым ліку на Блізкім Усходзе, а РБ, можа, і пайшла б на саступку, ды эканамічна больш залежыць ад мусульманскіх дзяржаў, чым ад Ізраіля. Неабавязкова гэта «арабскія краіны», «арабскі свет», як павярхоўна піша «Белпартызан»: Бахрэйн, напрыклад, далёка не такі агрэсіўны, як неарабскі Іран.

…Прэм’ер-міністр Ізраіля прыняў Нету Б., расцалаваў і каліва патанчыў з ёй. Пры ўсёй павазе да яе перамогі, «Toy» – песня-падзёнка, прыкол на раз. Можа, раблюся старым буркуном, але 20 год таму, калі ў Мінск прыязджаў ансамбль ЦАХАЛу, іхнія спевы і танцы выклікалі ў мяне больш энтузіязму. У тым маі 1998 г. нават схадзіў у канцэртную залу «Мінск» другі раз, балазе пад канец першага выступу абяцалі іншую праграму (да жалю, паўтарылі тую самую). Некаторыя мелодыі помню дагэтуль.

Дзе ж вы цяпер, друзья-однополчане хлопцы і дзяўчаты? Газета «Вечерний Минск» адгукнулася на канцэрты не без іроніі… Мела права.

* * *

Спытаўся ў бахаіста, меламана і чытача belisrael.info пра новы альбом «Толькі б яўрэі былі…», згаданы ў мінулай серыі. Вось жа, Пётр Рэзванаў адказаў: «Ну, на пэўным бязрыб’і і гэты альбом мае права называцца з’явайкалі разглядаць не сучасную Сінявокую, а глядзець больш шырока (і храналагічна, і гістарычна), то пісаць пра яго няма чаго». Агулам ён паставіў Беларусі такі «дыягназ»: «цікавасць да яўрэйскай культуры шмат дзе захоўваецца, але амаль не паказваецца: маю на ўвазе тую меншасць, якая можа не толькі спажываць, але і нешта ствараць». П. Р. тужыць па 2000-х гадах, калі «Польскі інстытут і Інстытут імя Гётэ запрашалі Андрэ Аходла (яго выкананне, канечне, далёкае да таго, што дэманстравала сям’я Лін Ялдаці, але…), быў Дзмітры Сляповіч, які арганізоўваў не толькі камерныя “Жыдовішчы”, але і “Клезмер-шок” у Палацы культуры прафсаюзаў (з-за нашай бюракратыі гэтую спробу ён больш не паўтараў)».

З панам Рэзванавым неабавязкова згаджацца, у сваім блогу ён-такі схільны да максімалізму, але меркаванні яго, дальбог, заслугоўваюць увагі.

Запрашаю паважаную аўдыторыю да дыскусіі на тэму «перспектывы развіцця (каля)яўрэйскай культуры ў Беларусі» – музычнай і не толькі. Я ж магу папярэдне выказаць некалькі тэзісаў:

ад’езд у ЗША (2008) пана Сляповіча, які ў 2006 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю акурат па клезмерскай музыцы, безумоўна, збядніў нацыянальную культуру;

разам з тым у апошняе дзесяцігоддзе на авансцэну выйшлі іншыя адмыслоўцы, якія таксама дэманструюць цікавасць да яўрэйскага музіцыравання;

агулам, іменна ў 2010-х гадах адбылася маштабная рэцэпцыя яўрэйскіх матываў тутэйшымі культуртрэгерамі, афіцыйнымі і не. Напрыклад, склаўся ансамбль «Гілель» пад кіраўніцтвам Максіма Расохі, які ў лістападзе 2017 г. даў канцэрт «Мелодыі яўрэйскага мястэчка» ў самым цэнтры Мінска (мяне там не было, і якасць не ацэньваю; цешыць сам факт). Пра песню на ідышы ў спектаклі «Местачковае кабарэ» Купалаўскага тэатра ўжо выпадала пісаць у 2015 г. Бачу таксама рост цікавасці да вершаў, перакладзеных з ідыша: грамада рэагуе і ў рамках праекта «(Не)расстраляная паэзія», і па-за рамкамі, напрыклад, тут і тут. Прычым Майсей Кульбак ды Ізі Харык трактуюцца як беларуска-яўрэйскія або проста беларускія паэты;

малаверагодна, што ў Мінску адбудзецца фестываль такога ж размаху, як «Kyiv Klezmer Fest» (12-13 мая 2018 г.). Аднак у плане разняволенасці Беларусь увогуле – і яе «яўрэйская вуліца» ў прыватнасці – саступала Украіне як у 2014 г., так і 10, і 20 гадоў таму, хоць там, кажуць, паўсюдна гойсаюць «злыя бЕндэраўцы». У нас затое з 2016 г. ладзяцца «Дні яўрэйскай культуры» з самадзейнасцю ад «Хэсэда» і выявай гангстэра Ланскага як архетыповага яўрэя;

будучыня (амаль) непрадказальная, таму лепей заставацца аптымістамі і верыць, што ўсё (ну, многае) ў нашых руках.

«Цытатнік ад Вольфа»

Салідарызацыя людзей прыводзіць да падзення даверу да фармальных інстытутаў… У краінах, дзе высокі ўзровень абагуленага даверу…, значна больш эфектыўныя эканамічныя транзакцыі, менш патрабуецца высілкаў на падтрыманне сацыяльнага парадку; там людзі зыходзяць з дапушчэння, што чалавек, у прынцыпе, не такая мярзотная істота, якой здаецца на першы погляд (Віктар Вахштайн, 27.03.2018).

Ідэя аб тым, што мэта камунікацый – кагосьці перамагчы, гэта жудасна падлеткавая ідэя. На жаль, інфантылізм парадаксальным чынам з’яўляецца адной з базавых уласцівасцей палітычных эліт. Яны жывуць у інфармацыйнай ізаляцыі. У іх амаль няма магчымасці падвышаць уласны адукацыйны ўзровень. У іх вельмі абмежаванае кола зносінаў і, як ведаюць усе, хто працаваў у бюракратычных структурах, чым вышэй чалавек стаіць у іерархіі, тым больш яго час заняты рытуальнай лухтой (Кацярына Шульман, 24.04.2018).

У свеце мноства цудоўна адукаваных, матэрыяльна забяспечаных, але нездаволеных жыццём інтэлектуалаў, якія пакутуюць ад дэпрэсіі, неўрозаў, страха і іншага негатыву. Іх ніхто ніколі не вучыў даследаваць уласную свядомасць, працаваць са сваімі эмоцыямі, разумець паходжанне сваіх комплексаў. Гігіена эмоцый не менш важная, чым гігіена цела. Вывучаць унутраны свет чалавека не менш важна, чым вывучаць знешні (Далай-лама XIV, 15.05.2018).

Верагодна, колішняя гандлёвая плошча [Слуцка] была месцам старажытных пахаванняў. На гэтым месцы, на галоўнай плошчы горада каля райвыканкаму побач з тэрыторыяй яўрэйскага гета цяпер адбываюцца розныя дзяржаўныя святы, падчас якіх спяваюць і танчаць.

Запыталася ў мінакоў, ці ведаюць яны што-небудзь пра гісторыю плошчы і пра месца габрэйскага гета. Ніводзін з апытаных дакладнай інфармацыяй не валодаў. Нягледзячы на тое, што мясцовыя газеты неаднаразова змяшчалі краязнаўчыя артыкулы пра гісторыю Слуцка, пра трагедыю слуцкага гета (Зінаіда Цімошак, 16.05.2018).

Вольф Рубінчык, г. Мінск

21.05.2018

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 22.05.2018  01:39