Tag Archives: любительское кино

«Яўрэйскі» фільм Наты Голавай

07.07.2018  22:02   ВОЛЯ ТРУБАЧ

«Яўрэі падаюцца незразумелымі іншапланецянамі, пра якіх няшмат ведаюць, таму не любяць і баяцца». У Маладзечне паказалі аматарскі фільм пра яўрэйскую культуру ў беларускім мястэчку

Фота Валянціны Цвірко.

28 чэрвеня ў Маладзечне адбылася прэм’ера барысаўскай кінастужкі Наты Голавай і суполкі “МыЗаТанцы” “Чароўныя нажнічкі”. Прымаў паказ маладзечанскі этнаграфічны клуб KOLA.

Гэта была прэм’ера фільма пра яўрэйскую культуру на аснове яўрэйскіх казак. Чорна-белы фільм з тытрамі агучвала  капэла “Жыдовачка”. Пасля паказу патанцавалі яўрэйскія танцы.

Мы звярнулася з пытаннямі да рэжысёра Наты Голавай.

– Чаму кіно пра яўрэяў?

– Ніхто не чапляецца да рэжысёраў “А чаму тваё кіно пра праваслаўных?”. Ці пра рускіх, немцаў. Яўрэі падаюцца незразумелымі іншапланецянамі, пра якіх няшмат ведаюць, таму не любяць і баяцца. Былі сітуацыі, калі людзі адмаўляліся ўдзельнічаць у праекце менавіта праз тое, што ён яўрэйскі.

Часта атрымліваю рэкамендацыі тыпу “Вы няправільна назвалі капэлу, мусіце звацца не «Жыдовачка», а «Евреечка». Запытваю, чаму гэта? Наш любімы беларускі традыцыйны танец у клубе – “Жыдовачка”. І другі любімы – “Жыдок”. І трэці – жыдоўская полька. Чаму нам так не звацца? Гэтыя сітуацыі даюць упэўненасць, што яўрэйскае кіно трэба здымаць. І не адно.

Алег Іваноўскі.

– Як складалася атмасфера фільма? Дзе адбываліся здымкі?

– Сцэнар «Чароўных нажнічак» напісаны паводле прачытанай сотні яўрэйскіх казак. Там былі і зусім старадаўнія сюжэты, і магічныя гісторыі пачатку 20 стагоддзя пра беларускія мястэчкі. Выбрала асноўныя элементы, уласцівыя яўрэйскім казкам. Сачыніла гісторыю пра беднага краўца, якому з неба звалілася і шчасце, і выпрабаванні. Гэта, па маіх назіраннях, нармальная сітуацыя для жыдоўскай казкі, дзе не адсочваюцца прычынна-выніковыя сувязі.

Герой атрымлівае цуд ці катастрофу ў жыцці проста так. Проста таму, што ён жыд, напэўна.

Сцэнар пісаўся з улікам  даступных лакацый, інтэр’ераў, мэблі, рэквізіту. І мясцовых артыстаў. Дзякуй богу, у Барысаве, які больш чым напалову да рэвалюцыі быў жыдоўскім, месцамі захавалася характэрная тагачасная архітэктура, атмасферныя дворыкі ў старой частцы горада. Не ўсё яшчэ сапсаванае сайдзінгам і ўсялякай «прыгажосцю».

– Як ты падбірала акцёраў? Галоўны крытэрый – быць яўрэям?

– Герой на экране мусіць быць тыпажным. Ён жа не іграе запар дзве гадзіны сваю ролю, як у тэатры. І няма адлегласці, як паміж сцэнай і залай. Глядач убачыў, злавіў вобраз – і паехалі. Астатняе дапрацуюць драматургія, ракурсы, мантаж.

Галоўныя героі – з вуліцы. І яны нядрэнна справіліся з задачамі. Як і многія праекты, што грэюць мне душу, гэта напалову аматарскі праект, і цікава было назіраць, як цягам двух-трох тыдняў звычайныя людзі набіраліся акцёрскіх навыкаў. А што тычыцца «яўрэйскага» выгляду персанажаў, у мяне ёсць падазрэнне, што ўсе людзі ў нашых мясцінах трошкі жыды. Проста многія і не трошкі.

– Пагаворваюць, што ў фільма не было фінансавання. Як жа атрымалася зняць фільм?

– Так, грошай у чыстым выглядзе не было. Я нешта выдаткавала, мо, якія 100 ці 150 рублёў на розныя патрэбныя для працэсу рэчы. Увесь бюджэт – асабісты час і навыкі ўдзельнікаў, паліва, аўто, строі, рэквізіт. Кожны прынёс тое, што змог.

Час – самы дарагі ўнёсак. Былі здымачныя дні, якія цягнуліся і па 20 гадзін.

І дзякуй цэнтру творчасці дзяцей і моладзі, пры якім існуе наш клуб гістарычнага танца, што дазволіў скарыстацца памяшканнем, дзе здымалася шмат сцэн і месцілася «кінабаза» з усім  здымачным барахлом.

Тэатр «Відарыс» таксама дапамог і пляцоўкай, і рэквізітам, і святлом, і касцюмамі. І мясцовы тэлеканал СКІФ дазволіў запісаць саўндтрэк для трэйлера ў сваёй студыі, а Леў Машкетаў вазіўся з запісам, бо мы яшчэ толькі-толькі вучыліся іграць разам і трэба было, каб больш-менш прыстойна гучалі. Таму, я кажу – МЫ зрабілі кіно. Так, гэта мая ідэя і мой сцэнар, і мая прапанова суполцы паўдзельнічаць у чарговай авантуры. Але ў праект уклалася шмат людзей.

Ната Голава.

– Чаму і каму ты параіш паглядзець гэта кіно?

– Сваёй настаўніцы па рускай мове і літаратуры, што выкладала ў 5-7 класе. Помню, як атрымала сшытак з адзнакай за сачыненне на тэму «Как я провела лето» і прачытала пасланне чырвонага колеру ад яе: «По-моему, ты всё списала!».

Гэта было першае і дагэтуль апошняе абвінавачванне ў плагіяце. Было крыўдна, бо пачуцці, з якімі пісала тады школьную працу, тыя ж, з якімі ствараліся цяпер «Чароўныя нажнічкі». А больш я нікому нічога раіць не хачу, магу толькі запрасіць усіх, хто гатовы паглыбіцца на гадзіну ў музыку і атмасферу жыдоўскага мястэчка. Якім мы яго бачым.

Водгук наведніка паказу інжынера Алега Чырыцы:

– Фільм выбіваецца з бясконцага шэрагу кіно неардынарнасцю. Але нягледзячы на незвычайнасць, ён прымусіў мяне паверыць акцёрам і створанаму рэжысёрам свету. Атмасфера – гэта тое безумоўнае, чым прываблівае кіно. За гадзіну я паспеў палюбіць і Шмуліка, і Рэбеку, і ўсіх астатніх. І ўсе такія шчырыя, такія сапраўдныя. Усё зроблена вельмі дакладна, вытанчана і з густам. І трэці дзень, калі я еду на працу, у маіх навушніках іграюць яўрэйскія матывы. Дзякуй за гэта капэле “Жыдовачка”, і дзякуй велізарны Наце Голавай за гэта прэўкраснае чарадзейства!

Арыгiнал

Апублiкавана 10.07.2018  16:56

Ёсць і такое меркаванне
Давід Алег Лісоўскі (19.07.2018). Экзотыка заўсёды ў трэндзе  Праблема ў тым, што фiльм мае прэтэнзыю паказаць “як выглядала габрэйскае мястэчка”, а тут не пахне анi габрэямi, анi мястэчкам. Паглядзеўшы фоткі ў вялікім фармаце, знайшоў такі цэлых 2 трапных вобразы (на фотцы з аркестрам – паненка з віяланчэльлю і паненка са скрыпкай). Позіркі, строі, лад – усё цалкам трапнае. Але толькі 2, на жаль. Астатнія дзявочыя вобразы атрымаліся ну зусім не ў той стэп. Хлопцы наогул катастрофа… Міні-капялюшык ані выглядае па-габрэйску, ані робіць габрэйскага ўражаньня.