Tag Archives: Леонид Моряков

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (65)

Два месяцы ані дбаў пра мушыныя катлеты, і няблага сябе адчуваў. Нічога надзвычайнага, каб тэрмінова рыхтаваць новую серыю, не адбылося, ды пару зачэпачак ё, і зараз пазнавальна-каляпалітычны серыял жахаў зноў з вамі… Трывайце або вітайце 🙂

Паслясмачча ад праекта «(Не)расстраляная паэзія» даволі добрае, між іншага і таму, што 28 верасня, перад лекцыяй, прысвечанай Ізі Харыку, нарэшце пазнаёміўся з Бенькай (aka Святлана Бень). Жывая прэм’ера яе песні ў той жа дзень – з рэчытатывам «Век настане такі…» – спадабалася мне больш, чым студыйны запіс; па-мойму, ён занадта ўжо «касмічны» & змрочны. Але як бы ні было, творчасць Харыка – і Кульбака, і многіх іншых – вярнулася ў грамадскі кантэкст.

Неўзабаве, у сярэдзіне кастрычніка, асоба Мойшы Кульбака стала прадметам срачу спрэчкі ў цэлым фэйсбуку. «Усе цяпер шыхтам любяць Кульбака – хоць бы хто пры гэтым вывучыў тры словы на ідышы», – не без іроніі заўважыў надоечы малады філосаф. Выявілася, далёка не ўсе любяць… Доктарка філалогіі Ганна К. прачытала ўспаміны нямецкай актрысы Мішкет Ліберман, якая на пачатку 1930-х жыла ў Менску (Ліберман была знаёмая з Кульбакам, і ён папрасіў яе памяняцца кватэрамі; актрыса згадзілася, у выніку пісьменнік палепшыў свае жыллёвыя ўмовы, пераехаўшы з аднапакаёвай у трохпакаёвую). Ганна К. знайшла ў іх пацвярджэнне сваёй няхітрай тэорыі «пісьменнікі – сволачы». Потым параўнала аўтара «Зельманцаў» з крымінальнікам: «Я ў савецкія часы чула пра махнуцца шапкамі… Калі вечарам ў падваротні бандзюкі прапаноўвалі памяняць новую шапку на “старую-зручную”…». Маўляў, Кульбак націснуў на няшчасную жанчыну сваім аўтарытэтам.

Многія не згадзіліся з вядомай філалагіняй, выхаванкай Акадэміі навук, а нехта згадзіўся… На жаль, і асобы, якія пазіцыянуюць сябе як гісторыкі (Зміцер Д., Антон Р.), паказалі, што не ўмеюць крытычна падыходзіць да наяўных крыніц, дый лянуюцца шукаць дадатковыя. Калі б крыху пашукалі, то даведаліся б, што: а) у Менску пачатку 1930-х камунальнага жытла востра бракавала, а «прыватнасць» кватэр была паняццем адносным, і ўлады ўсё адно не далі б Ліберман раскашаваць адной у трох пакоях (найчасцей у такіх выпадках падсялялі «нязручных» суседзяў); б) у Кульбака к таму часу былі жонка і сын, якія ва ўспамінах Ліберман чамусьці засталіся «па-за кадрам»; натуральна, аўтар «Zelmenyaner», прагны стварыць працяг, не хацеў туліцца з сямейнікамі ў адным пакоі. Дадам, што сама актрыса калі і шкадавала, то адно пра тое, што не забрала ў новую кватэру шафу, таму праз 85 год абурацца «замест яе» з пазіцый сённяшняга дня (калі квадратныя метры – адзінае, чым уладаюць многія «інтэлігентныя» мінчукі…) неяк смешна.

Кульбака, які ў 1930-х напісаў (або падпісаў) шэраг не вартых яго тэкстаў, зусім не ідэалізую, аднак варта знаць меру ў прэтэнзіях… Іначай дойдзем да таго, што будзем дакараць Пушкіна А. С. за неахайнасць (доўгія пазногці), а, умоўна, Барыса Пастарнака за нежаданне мыць посуд па чарзе з жонкай. З аднаго боку, файна, што Майсей Саламонавіч трактуецца ў фэйсбучных маналогах як жывы чалавек; з другога – мнагавата «пад крылом Цукерберга» стала тых, хто самасцвярджаецца за чужы кошт… Укрывай Б-г, не заклікаю да цэнзуры; проста, калі FB застанецца прытулкам для плеткароў і фэйкаробаў, то паступова сам сябе зжарэ.

Навінка мінулага тыдня: Аляксандр Лукашанец, кіраўнік з цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН, выбраны-такі акадэмікам… Напэўна, мае рэальныя заслугі. Але цяжка забыцца і на тое, як 14 год таму гэты доктар навук, тады яшчэ в. а. дырэктара інстытута мовазнаўства, сваёй вагой «прыдушыў» беларускую мову ў часопісе «Шахматы». З яго «экспертнага заключэння» на № 1 «Шахмат»:

«пагатоў (не літаратурнае слова), гульцы (трэба: ігракі); “Замежны досвед” (слова досвед не адпавядае сучаснаму літаратурнаму ўжыванню, відаць, лепш было б: вопыт)шараговых (трэба: радавых)… Аб стаўленні гульцоў(трэба: ігракоў)адмысловага бюлетэня (трэба: спецыяльнага); адмысловае грамадскае аб’яднанне (трэба: спецыяльнае), вядучых гульцоў (трэба: вядучых ігракоў)Такая колькасць граматычных памылак і недакладнасцей словаўжывання недапушчальная для інфармацыйна-асветніцкага перыядычнага выдання».

З акадэмічнага «Тлумачальнага слоўніка беларускай літаратурнай мовы» (Мінск, 1999): «ПАГАТОЎ, прысл. Тым больш» (с. 406); «ГУЛЕЦ (разм.). Удзельнік якой-н. гульні» (тамсама, с. 160; у 2017 г. гэтае слова вызірае ў Мінску з афіш міністэрства спорту і турызму РБ); «АДМЫСЛОВЫ. 1. Адметны, своеасаблівы… 2. Спецыяльны, асобага прызначэння» (тамсама, с. 40).

Слова «досвед» сапраўды не было ў названым слоўніку, што не зашкодзіла, напрыклад, Гродзенскаму ўніверсітэту выдаць дзве часткі працы доктара філалагічных навук Паўла Сцяцко пад назвай «Мовазнаўчы досвед» (2005). І «шараговым» хто толькі не карыстаўся: тая ж газета «Звязда»… Мо’ на ўжыванне гэтых слоў у шахматным часопісе трэ’ было дастаць ліцэнзію ў інстытуце мовазнаўства, хто ведае?.. 🙂

Пасля 2003 г. Лукашанец пайшоў «угору» (дзіва што, з такім каранём у прозвішчы :)) і ў 2009 г. зрабіўся членам-карэспандэнтам НАН. Не зацыкліваючыся на гэтым, у 2000–2010-х гг. я час ад часу паказваў публіцы, што да галоўнага беларускага мова(в)еда ёсць пытанні. Нават ахвяраваў старонку ў сваёй шахматнай кнізе 2010 г., дзе цалкам апублікаваў ягоную пісулю… I вестка пра тое, як «яго» інстытут нядаўна лажануўся з просценькім надпісам на цыгарэтных пачках, не здзівіла ні на грош.

Насамрэч важнай у 2000-х задачай для мяне з’яўлялася – пашырыць сферу ўжывання беларускай мовы ў шахасяродках (у т. л. з дапамогай часопісаў і кніг) або, прынамсі, дажыць да яе пашырэння. У рэшце рэшт, я перамог. Сёлета адкрыўся пераважна белмоўны клуб «Шахматны дом», на сайце Беларускай федэрацыі шахмат пачалі рэгулярна публікавацца матэрыялы па-беларуску… Не за гарамі выхад адпаведнага падручніка.

Пасля выбараў у НАН 16.11.2017 адчуваю пэўную грэблівасць, але без крыўды: калі могуць лічыцца «навуковай элітай» Я. Бабосаў і А. Лакотка, у якіх адміністратыўны імпэт даўно дамінуе над творчым, то чаму няможна Сан-Санычу? Да цырку ў краіне даўно прызвычаіўся, от хіба квіткі дарагавата каштуюць…

А. Лакотка, які любіць устаўляць у свае артыкулы цытаткі з Рыгорыча, у 2015 г. злётаў у КНР і ў навуковым (!) выданні пад уласнай рэдакцыяй вешае локшыны пра гармонію гаспадароў і прыроды. Агаага, «гармонія»… «Сёння на кітайскім рынку з’яўляецца новы сегмент – продаж «бутляванага» свежага паветра з экалагічна чыстых куткоў планеты».

І пра квіткі. За 4 рублі схадзіў 09.11.2017 у кінатэатр «Беларусь» на фільм «Зніклая паэзія», анансаваны і на belisrael.info. Паглядзеў яго ўпершыню, «у камплекце» з двума іншымі дакументальнымі фільмамі («Янка Купала» і «Вернікі»). Уражанні ад прагляду збольшага станоўчыя; згаджуся з Дзмітрыем Быкавым, які аптымістычна казаў: «Момант, калі працаваць, тварыць становіцца цікавей, чым красці і забараняць, – гэты момант блізкі». Дарма што сказана пра Расію, але і нас тычыцца; я б яшчэ дадаў да «забараняць» – «палохаць». Во якраз адышлі ў лепшы свет двое гандляроў страхам (у Расіі – Міхаіл З., у Беларусі – Эдуард С.), таксама прыкмета пераменаў. Хай спяць спакойна.

Вяртаючыся да «Зніклай паэзіі»… Увесну 2016 г. і праз год сустракаўся са сцэнарысткай – нагаварыў ёй столькі, што хапіла б на два фільмы 🙂 Але ў канчатковы варыянт увайшлі толькі асобныя «прыколы». Сярод «гаваркіх галоваў» – Віктар Жыбуль і Андрэй Хадановіч, мяне ж аўтары фільма ласкава пазначылі як кансультанта (разам з Леанідам Мараковым, памерлым у снежні 2016 г.).

Фішкі «Зніклай паэзіі» – вандроўкі ў электрычках да родных месцаў паэтаў і «вясёлыя карцінкі» ад Маргарыты Макляцовай (напрыклад, Ізі Харыка ў залі слухаюць дзясяткі харыкападобных маладзёнаў, што імітуюць яго шавялюру…). Развіццё гэтай лініі спарадзіла б комікс або нават мультфільм.

Калі б я праглядзеў стужку перад паказам, то паказаў бы на шурпатасці і ў цітрах, і ў вымаўленні (усё-ткі прозвішча мсціслаўскага паэта – не «Таўбін», а «Таўбін»), і ў расповедах некаторых персанажаў. Але, паўтаруся, стужку першы раз пабачыў 9 лістапада. Што ж, гэта свядомы выбар двух маладых спецыялістаў – І. Бажко і М.-Д. Клінавай.

Як чытачы belisrael.info ўжо ведаюць, спрабую пераканаць «інстанцыі» ў тым, што патрэбна ў цэнтры Мінска дошка з прозвішчамі З. Аксельрода, М. Кульбака, І. Харыка. Не згодзен з тымі, хто называў Гірша Рэлеса (1913–2004) «апошнім з магікан», або «апошнім паэтам Беларусі, які пісаў на ідышы». Зерне, кінутае ў ніву пералічанымі тут асобамі – і часопісамі «Штэрн», «Саветыш геймланд», «Ды ідышэ гас»… – дало ўраджай: напрыклад, летась у мінчаніна Фелікса Барысавіча Хаймовіча выйшаў зборнік ідышных вершаў «Рэдн міт эхо» («Гутарыць з рэхам»). Штопраўда, не ў родным Мінску, а ў Тэль-Авіве.

Ф. Хаймовіч (фота з сайта СБП) і вокладка яго кнігі

Дарэчы, хацеў бы ўдакладніць тэкст 2015 г., які праз два гады ў перакладзе на беларускую трапіў у мой ненавукова-папулярны зборнік «Выйшла кніга». Ф. Б. Хаймовіч паведаміў: «Федзю Шадлецкага я ведаў асабіста, і дастаткова блізка: ён сябраваў з маім бацькам, а сяброўства гэтае пачалося ў жніўні 1941 года ў Мінскім гета. Федзя быў татавым сувязным. Не Сяргееў накіраваў яго ў гета, а Казінец накіраваў яго ў лес на пошукі партызан, каб выводзіць у лес людзей з гета. Казінец яго звязаў і з Кабушкіным (Жанам), які, дарэчы, не адзін раз начаваў у доме, што быў штабам татавай падпольнай групы. Немцы яго шукалі, але ім у голаў не магло прыйсці, што “партызанскі бандыт” хаваецца ў гета. Так што не Сяргееў выйшаў на Шадлецкага, а Шадлецкі на атрады Сяргеева і Пакроўскага, што дзейнічалі разам. У партызаны Федзя перайшоў разам з усёй татавай групай, якую ён і Міша Рудзіцар (абодвум было па 17 год) і выводзілі ў лес. Першым жа партызанам з Мінскага гета лічылі не Федзю, а майго бацьку. У кнізе Смоляра “Мсціўцы гета”, што выйшла ў выдавецтве “Дэр эмес” у 1947 годзе, раздзел, прысвечаны майму бацьку, так і называўся: “Першы партызан з Мінскага гета”».

Што ж, nobody is perfect… Яшчэ раней я даверыўся кімсьці пастаўленай даце на ксеракопіі з газеты «Рабочий» (копію ўзяў у тэатральным архіве пры Яўрэйскім універсітэце на гары Скопус – улетку 1998 г.), і ў выніку ў кнізе «На яўрэйскія тэмы» (Мінск, 2011) засумняваўся, што Кульбак быў расстраляны ў 1937 г.: як жа, яго забілі, а ў 1938 г. cтавiлі п’есу?

Насамрэч публікацыя «Все сроки сорваны» мела месца ў 1936 г.; нядаўна праверыў год у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Прашу прабачэння ва ўсіх, каго скіраваў на памылковы шлях сваімі сумневамі – дальбог, ненаўмысна.

Шахматна-бюракрацкая навіна. Разам з азербайджанцамі і туркменамі ў Асацыяцыю шахматных федэрацый (АШФ, існуе з 1992 г.), зарэгістраваную ў Маскве, уступіла Беларуская федэрацыя шахмат. З моманту заснавання АШФ узначальвае Аляксандр Рыгоравіч… не, не той, а гнуткі расійскі функцыянер Бах (1939 г. нар.), які ў 1980-х уваходзіў у найбліжэйшае атачэнне Анатоля Карпава.

У пачатку 1990-х сэнс у каардынацыйным органе, пераемніку Шахматнай федэрацыі СССР на прасторах СНД, напэўна, быў. К 2017 г. нацыянальныя федэрацыі даўно прынятыя ў ФІДЭ і «самі з вусамі»… Карацей, карысць ад уступлення ў суполку, якой чвэрць стагоддзя кіруе адзін чалавек, невідавочная. АШФ не надае званняў, не ўдасканальвае правілы і не налічвае рэйтынгі. Яна з’яўляецца саарганізатарам традыцыйнага опэн-турніра «Аэрафлот» у Маскве, але беларусы там выступалі і без членства ў асацыяцыі.

Вялікай шкоды ад чарговага піяр-кроку БФШ не відаць, але, з майго гледзішча, лепей бы паважаная суполка занялася падрыхтоўкай да масавага турніру ў гонар 150-годдзя Давіда Яноўскага (1868–1927), ураджэнца Ваўкавыска. Юбілей – у маі. Ад такога турніру быў бы як іміджавы наедак, так і плён для тутэйшых аматараў. Можа, і я б згуляў.

Вольф Рубінчык, г. Мінск

21.11.2017

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 22.11.2017  13:45

В. Рубінчык пра Якава Бранштэйна

Некалькі слоў пра Якава Бранштэйна

(да 120-годдзя з дня яго нараджэння)

Якаў Анатолевіч Бранштэйн – так ён падаецца ў беларускіх даведніках (насамрэч, відаць, бацьку звалі не Анатолем)… Нарадзіўся будучы крытык, прафесар, член-карэспандэнт Акадэміі навук БССР 10 лістапада 1897 г. у Бельску. Цяпер гэта – Бельск-Падляскі ва Усходняй Польшчы, але спрэчная тэрыторыя належала і Прусіі (на рубяжы ХVIII-XIX cт.), і БССР (пасля 1939 г.). Доўгі час жыў у Польшчы, а калі трапіў у Расію (Арол, 1919 г.), то запісаўся ў Чырвоную Армію, ваяваў на розных франтах. Пасля дэмабілізацыі працаваў у газеце «Орловская правда».

Я. Бранштэйн на здымках розных гадоў

Мяркую, былы чырвонаармеец праявіў сябе так, што не было пытанняў, да якой партыі ён далучыцца. З 1925 г. Я. Бранштэйн меў бальшавіцкі партбілет. У тым жа годзе публіцыст, які друкаваўся з 1918 г., паступіў у Маскоўскі ўніверсітэт.

Лёгка заўважыць, што ў жыццёвым шляху Бранштэйна прасочваюцца пэўныя падабенствы з біяграфіяй Ізі Харыка. Пазней абодва прыехалі ў Менск, працавалі ў рэдкалегіі часопіса «Штэрн», уваходзілі ў ідышную секцыю Саюза пісьменнікаў БССР і атрымалі пасады ў Акадэміі навук. Бранштэйн і Харык бывалі сааўтарамі: напрыклад, у артыкуле пра яўрэйскую літаратуру Беларусі (газета «Літаратура і мастацтва», 11.04.1932; трэцім стаў Хацкель Дунец). Як успамінала Дзіна Харык, «Моцнае сяброўства звязвала Ізі Харыка з Яшам Бранштэйнам… Бранштэйн часта да нас заходзіў. Гутаркі іх былі дзелавыя, сур’ёзныя».

Такім чынам, светапогляд у Бранштэйна і Харыка наўрад ці моцна адрозніваўся, пра што сведчыў і Гірш Рэлес у сваім нарысе 1992 г. «Лёс кагорты»: «Вядучы крытык Якаў Бранштэйн паводле ідэйна-палітычных поглядаў быў блізкі да Ізі Харыка». Дый «органы» прыйшлі па літаратараў амаль адначасова (па Бранштэйна – у чэрвені, па Харыка – у верасні 1937 г.), завялі на іх падобныя справы. Абодвух расстралялі ў канцы кастрычніка 1937 г., а рэабілітавалі ў 1956 г.; іхнія жонкі былі кінуты ў турму, потым у лагер… Тым не менш выглядае, што Харык застаўся ў гісторыі беларускай літаратуры як персанаж са станоўчым знакам, а Бранштэйн – з адмоўным.

У даведніку «Беларускія пісьменнікі» Ірына Багдановіч пісала пра Бранштэйна: «Разглядаў як агульнаметадалагічныя светапоглядныя пытанні, так і творчасць асобных пісьменнікаў (Я. Купалы, Я. Коласа, А. Александровіча, М. Зарэцкага, М. Лынькова, І. Харыка і інш.). Пісаў пра ўплыў творчасці А. Пушкіна на беларускую літаратуру. У тэарэтычных канцэпцыях беспадстаўна атаясамліваў метад са светапоглядам, супрацьстаўляў рэалізм усім “антырэалістычным кірункам”. Памылкова лічыў, што ўздым мастацкай культуры непасрэдна залежыць ад уздыму палітычнай свядомасці творцы, а значыць, ад палітычнай накіраванасці мастацкай літаратуры. Прытрымліваўся характэрных для таго часу вульгарна-сацыялагічных пазіцый і ў ацэнцы беларускай дакастрычніцкай літаратуры, а таксама дзейнасці літаратурна-мастацкіх арганізацый “Маладняк”, “Узвышша”».

Нічога добрага не сказалі пра Якава Анатольевіча і іншыя беларускія літаратуразнаўцы канца ХХ – пачатку ХХІ ст. У лекцыі «Феномен літаратурнага сервілізму» Пятро Васючэнка выказаўся так: «У нетрах БелАППу аформілася структура, якая выконвала адначасова некалькі функцыяў: працягвала літаратурную палеміку, распачатую яшчэ ў часы “маладнякізму”, захапіла манаполію на літаратурную крытыку, выпрацоўвала афіцыйную “лінію” палітычнай цэнзуры, “доносительства”, а пасьля — літаратурна-крытычнага забесьпячэньня фізычнай расправы з творцамі. Імёны “прафэсіяналаў” набылі сумную вядомасьць: Л. Бэндэ, А. Кучар, І. Барашка, Я. Бранштэйн, А. Канакоцін ды іншыя».

Віктар Жыбуль у сваёй рэцэнзіі на кнігу Леаніда Маракова «Ахвяры і карнікі» напісаў: «ня памятае Менск Акопнага завулка, а гаворка йдзе ўсё пра той самы 2-гі Апанскі. І пра той самы дом № 4б. У 1-й кватэры жыў Майсей Кульбак (насамрэч у Менску ён жыў на Омскім завулку – В. Р.), а ў 2-й, празь сьценку, — Якаў Бранштэйн. Першы зь іх займаўся прозай, паэзіяй, драматургіяй, а другі правяраў пісьменьнікаў на прадмет палітычнай пільнасьці і вышукваў у іхніх творах «нацыянальна-дэмакратычныя» ўхілы. Можна ўявіць сабе, як неспакойна жылося Кульбаку з такім небясьпечным суседам». Упершыню я не згадзіўся з паэтам-архівістам, палічыў яго падыход спрошчаным… Паведаміў яму пра гэта – і атрымаў адказ: «Згодны, што ў асобе Якава Бранштэйна трэба глыбей разабрацца».

Мне здаецца, што ў ацэнцы аўтараў 1920–1930-х гадоў трэба сыходзіць з наступнага: а) якую рэальную шкоду нарабілі іхнія тэксты і/або ўчынкі; b) якія былі матывы гэтых аўтараў, а менавіта, ці верылі яны самі ў тое, што казалі/рабілі; c) што іх саміх чакала ў сталінскі час.

Наконт веры («b») – не думаю, што Рэлес памыляўся, пагатоў і дачка Якава Бранштэйна Іна пацвярджае, што бацька быў адданым камуністам. З «с» таксама ясна: многія пытанні здымае сам факт жахлівай смерці і некалькіх месяцаў катаванняў перад ёю. А вось пункт «а» раскрыць няпроста, дый знаёмы я далёка не з усёй літаратурна-крытычнай спадчынай Я. Бранштэйна (зрэшты, хацеў бы я бачыць чалавека, які прачытаў бы ўсе яго тэксты – і на ідышы, і па-беларуску, і па-руску). Тым не менш паспрабую разабрацца…

Бюст Я. Бранштэйна, створаны яго прыяцелем Заірам Азгурам. Фота адсюль.

Вядома, ужо тое, што ў другой палове 1920-х гг. Я. Б. вучыўся ў Камуністычнай акадэміі – установе Цэнтральнага выканаўчага камітэта СССР, адной з галоўных прыладаў для насаджэння аднадумства – наклала адбітак на яго дзейнасць. Ён лічыўся марксісцкім крытыкам, які хістаўся разам з лініяй партыі. Даволі іранічна, хоць і не без сімпатыі, адгукаўся пра Бранштэйна Гірш Рэлес у вышэйзгаданым нарысе: «Быў эстэтам, не пазбаўленым аналітычнага розуму. Але быў зацятым палемістам, артыкулы яго так і стракацяць палемікай. І занадта ўжо цвёрда стаяў на варце ідэйнай чысціні літаратуры. Часта даставалася ад яго яшчэ больш вядомаму крытыку Майсею Літвакову, які рэдагаваў у Маскве ўсесаюзную яўрэйскую газету «Дэр Эмес» («Праўда»)… Варта было з’явіцца крытычнаму артыкулу Літвакова, як адразу ж Бранштэйн знаходзіў, да чаго прычапіцца… Не ведаю, як Літвакоў, але Бранштэйн не крывіў душой. Ён быў верны сваім поглядам, але мог і памыліцца. Нельга сказаць, што ўсё напісанае Бранштэйнам не вытрымала часу. Многія яго выказванні і артыкулы і цяпер не страцілі значэння…»

М. Літвакоў і застаецца больш вядомым крытыкам: прынамсі ў расійскім варыянце «Вікіпедыі» пра яго артыкул ёсць, а пра Я. Бранштэйна няма. Літвакова арыштавалі ў тым самым 1937-м годзе; ці значыць, што крытыка з Менска неяк паўплывала на яго трагічны лёс? Думаю, не; дакладней, калі паўплывала, то хіба як частка агульнай атмасферы.

Ідышыст Генадзь Эстрайх у 2013 г. згадваў кур’ёзны выпадак, які здарыўся з ім у бібліятэцы ў час падрыхтоўкі чарговай кнігі: «Я замовіў некалькі работ, якія выйшлі з-пад пяра вядучых менскіх яўрэйскіх літаратурных крытыкаў і тэарэтыкаў – Якава Бранштэйна і Хацкеля Дунца, але, пачаўшы іх чытаць, неўзабаве адчуў млоснасць і галавакружэнне. Са мной такое і раней здаралася – на лекцыях па гісторыі КПСС і начартальнай геаметрыі… Карацей, я паспяшаўся закрыць гэтыя перапоўненыя марксісцкай казуістыкай працы і больш да іх не вяртаўся, а кніга мая так і засталася без главы пра Менск…»

Не здымаючы з Бранштэйна адказнасці за стварэнне ў літаратурным свеце задушлівай атмасферы 1930-х гадоў і за млоснасць Г. Эстрайха ў наш час, хацеў бы запярэчыць тым, хто бачыць у кожным артыкуле з папрокамі на адрас таго ці іншага пісьменніка «літаратурны данос» (або проста «данос»). Сёй-той сабе ўяўляе, што пасля лупцавання ў СМІ да ахвяры ў сталінскі час абавязкова выязджаў «варанок», але нават у 1937 г. так бывала не заўсёды. Напрыклад, у артыкуле А. Турэцкага ад 27.07.1937 у газеце «Рабочий» (папярэдніца цяперашняй «Советской Белоруссии») пад красамоўнай назвай «О вредительстве в педвузах БССР» выкладчыку мінскага педагагічнага інстытута Барысенку былі прысвечаны аж тры абзацы, даволі-такі пагрозлівых: «гэты выкладчык у сваіх лекцыях студэнтам абвяшчаў ворага народа, шпіёна Чарота “заснавальнікам беларускай пралетарскай паэзіі”, двурушніцкую антымастацкую паэму Александровіча “Цені на сонцы” ён выдаваў за “пярліну беларускай савецкай літаратуры”, ён ідэалізаваў БелАПП – гэтае гняздо фашысцка-трацкісцкіх дыверсантаў у савецкай літаратуры…» і г. д. Тым не менш Васіль Барысенка не адправіўся следам за Чаротам і Александровічам: ён яшчэ шмат гадоў служыў дырэктарам Інстытута літаратуры і мовы Акадэміі навук БССР (як да вайны, так і пасля).

Прыклад з Барысенкам я выбраў яшчэ і таму, што менавіта гэты дзеяч неўзабаве пасля арышту Бранштэйна напаў на яго ў газеце «ЛіМ» («Вораг пад маскай крытыка», 30.06.1937). Хто ведае, можа, і з (ня)лёгкай рукі Барысенкі ўкаранілася меркаванне аб тым, што Я. Бранштэйн нанёс беларускай літаратуры толькі шкоду?

Стыль палемікі ў Бранштэйна быў насамрэч наступальны і «бальшавіцкі» (з абвінавачваннямі, карыстаннем «зручнымі» цэтлікамі), і нездарма зборнік яго артыкулаў 1930 г. зваўся «Атака». Я ж працытую абзац з больш даступнага бранштэйнаўскага артыкула («Пытанні тэорыі і практыкі літаратурнага паходу», «Полымя рэвалюцыі», № 2, 1935): «Ва ўмовах жорсткай класавай барацьбы працякае літаратурны паход. Не выключана, што тую ці іншую чытку мастацкіх твораў класавы вораг, кулацкія агенты, нацдэмы паспрабуюць выкарыстаць у сваіх класавых антысовецкіх, контррэволюцыйных інтарэсах… (вылучана аўтарам – В. Р.) Аб’ектывісцкая… устаноўка кіраўніка чыткі можа толькі ліць ваду на млын класавага ворага і даць яму магчымасць выкарыстаць трыбуну чыткі для антысовецкай, нацыяналістычнай і кулацкай прапаганды». Так, аўтар заклікаў да пільнасці ў літаратуры, разам з сумнавядомым Жданавым ганарыўся тэндэнцыйнасцю савецкай літаратуры, дапускаў бестактоўнасці, у тым ліку на адрас Максіма Багдановіча з яго «нацыяналістычным творам пра слуцкую ткачыху» (тамсама)… Ды ўсё ж не прыкмеціў я, каб ён спрэс і ўсюды абрынаўся на калегаў па «цэху» з палітычнымі прэтэнзіямі.

Іншая справа, што ён падпісаў калектыўны зварот да Сталіна супраць падсудных у Маскве, ідэя якога, хутчэй за ўсё, была спушчана «зверху».

З газеты «Рабочий», 24.08.1936

Але, паклаўшы руку на сэрца, ці многія адмовіліся б падпісаць такі ліст, рызыкуючы ў выпадку непадпісання патрапіць назаўтра за краты? Да таго ж, на жаль, у 1936 г. арыштаваныя былі ўжо вырачаны незалежна ад кропкавай рэакцыі «на месцах» (гэта ў 1920-х грамадская думка магла яшчэ запаволіць або спыніць кола рэпрэсій…). Ізноў жа, я не апраўдваю Бранштэйна і яго таварышаў-падпісантаў, проста разважаю… запрашаючы да разваг іншых зацікаўленых асоб.

Часам Я. Б. нават спрабаваў прыцішыць напал жарсцяў: маю на ўвазе яго артыкулы«Супраць вульгарызатарства» («ЛіМ», 08.10.1932), «Аб крытыцы» («Полымя рэвалюцыі», № 6, 1935, дзе лупцаваўся небезвядомы Лукаш Бэндэ, «крытык з рэвальверам»). Крытыкаваў Бранштэйн і свайго таварыша Ізі Харыка, праўда, у адносна бяскрыўднай форме: «ранні Харык [сярэдзіны 1920-х] па-лявацку абураецца на мястэчка. Ён шле праклён “хмурым дзядам”, … агулам асуджае мястэчка на гібель» («Звязда», 17.11.1935).

Лейтматыў нарысаў Бранштэйна пра пісьменнікаў – пераадоленне апошнімі «цяжару мінулага». У сувязі з гэтым у 1935 г. ён адзначаў: «Кампазіцыйна аповесць “Салавей” зроблена як звычайная гістарычная эпапея, з моцным сюжэтным касцяком, калі не лічыць лірыка-іранічнага ўступу (гл. “спевы салаўя”, “нядзельныя званы”), які звязвае гістарычнае мінулае з сучасным». І яшчэ «Аповесць “Дрыгва” Якуба Коласа напісана пісьменнікам-рэалістам, які праўдзіва апісвае асноўную законамернасць людзей у іх руху – вось у чым сіла яго кнігі… Яго героі вельмі блізкія да герояў народных казак». Карціць згадзіцца незалежна ад ідэалагічнай падаплёкі (Я. Б. пастуляваў адыход Бядулі і Коласа ад нацдэмаўскіх поглядаў)… Або вось памысная заўвага: «Нельга абмяжоўвацца публіцыстычным пераказам твораў, зводзіць чытку літаратурных твораў і абмеркаванне іх да агульна-палітычных фраз».

Відаць, Бранштэйн быў надзелены найперш арганізацыйнымі здольнасцямі – пра гэта сведчыць доўгая, на цэлую пяцігодку, ягоная праца адказным сакратаром аргкамітэта Саюза пісьменнікаў БССР, а потым уласна Саюза (у 1932–1937 гг.). Але ж і з яго тэкстаў пра літаратуру можна вылушчыць «рацыянальнае зерне»; не быў юбіляр такім просталінейным, як яго часам малююць. Напэўна, мела рацыю «Электронная еврейская энцыклапедыя»: «цікавыя, хоць і спрэчныя, крытычныя артыкулы Бранштэйна пра творчасць І. Харыка, З. Аксельрода, А. Кушнірова, І. Фефера, Д. Бергельсона, Г. Орланда» (у мяне дайшлі рукі толькі да артыкулаў пра Харыка).

На фота з tut.by: Я. Бранштэйн і яго жонка, педагог Марыя Мінкіна (1930 або 1931 г.)

У 2007 г. у Мінскім яўрэйскім абшчынным доме адзначалася 110-годдзе Якава Бранштэйна (сустрэча «Памяць сэрца»), і я не меў бы нічога супраць аналагічнай вечарыны да 120-годдзя… Памяці – не панегірыкаў і не запозненых выспяткаў – гэты чалавек яўна заслугоўвае.

Вольф Рубінчык, г. Мінск

10.11.2017

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 10.11.2017  21:55

Віктар Жыбуль пра Юлія Таўбіна

ЮЛІ ТАЎБІН – ПАЭТ ВЕЧАРОВАГА ЗАДУМЕННЯ

Таленавіты паэт і перакладчык Юлі (Юдаль) Абрамавіч Таўбін пражыў кароткае, але поўнае няспынных творчых пошукаў жыццё. Нарадзіўся ён 2(15) верасня 1911 г. у горадзе Астрагожску Варонежскай губерні (цяпер Варонежская вобласць, Расія) у сям’і аптэкара. У 1921 г. пераехаў з бацькамі ў Мсціслаў, дзе вучыўся ў сямігодцы. Закончыў Мсціслаўскі педагагічны тэхнікум (1931), адукацыю працягваў на літаратурным факультэце Мінскага педінстытута, але ўсім яго планам перашкодзілі сталінскія рэпрэсіі: 25 лютага 1933 г. паэт быў арыштаваны, а 10 жніўня 1933 г. прыгавораны да двух гадоў высылкі на Урал. Жыў у Цюмені, дзе працаваў загадчыкам літаратурнай часткі мясцовага тэатра. Пасля высылкі непрацяглы час жыў у Маскве. 4 лістапада 1936 г. паўторна арыштаваны і этапаваны ў Менск, дзе 29 кастрычніка 1937 г. выязная сесія ваеннай калегіі Вярхоўнага суда СССР прысудзіла Юлія Таўбіна да вышэйшай меры пакарання. У ноч на 30 кастрычніка Ю. Таўбін у ліку 26 беларускіх літаратараў быў расстраляны ў двары турмы НКУС. Рэабілітаваны па першай справе 24 жніўня 1956 г., па другой – 29 ліпеня 1957 г.

Ю. Таўбін

Паэтычны талент Ю. Таўбіна раскрыўся яшчэ ў перыяд яго навучання ў сямігодцы – першыя яго вершы ў 1926 г. надрукаваў часопіс “Маладняк Калініншчыны” (г. Клімавічы). З таго часу малады паэт уваходзіў у Амсціслаўскую літаратурную студыю, актыўна публікаваўся ў самых розных перыядычных выданнях. Асабліва плённым для яго быў перыяд 1930–1932 гг., калі ў Ю. Таўбіна адна за другой убачылі свет 5 кніг. У першую з іх – “Агні” (1930) – увайшлі вершы 1926–1929 гг. І хоць крытыка ўспрыняла кнігу неадназначна (адна з рэцэнзій на яе мела назву “Агні, якія не гараць” [2]), сам паэт быў вельмі ўзрушаны яе з’яўленнем. З думкай пра наступныя творчыя здзяйсненні ён напісаў верш пад назвай “Мая другая кніга” (датаваны 12-13-V 1930), у якім пісаў пра сваю наступную кнігу як пра ўжо здзейснены факт: “Яна [песня – В. Ж.] ідзе за мной – / І зброя, і ратунак, / Яна – адзіны мой / Краіне пачастунак. // Я без яе – гультай, / Апошні маталыга… / Наборшчык! Набірай / Хутчэй другую кнігу” [7, с. 73–74]. Гэты верш даў назву зборніку Юлія Таўбіна “Мая другая кніга”, які, паводле аўтарскай задумы, павінен быў аб’яднаць пад адной вокладкай творы, напісаныя з восені 1929 па восень 1930 г. Аднак згаданы зборнік выйшаў пазней, чым разлічваў паэт, – у траўні 1932 г. – і насамрэч з’яўляўся ўжо не другой, а чацвёртай яго кнігай: за гэты час паспелі ўбачыць свет не запланаваныя раней зборнікі “Каб жыць, спяваць і не старэць” і “Тры паэмы” (абодва 1931), творы ў якіх аб’яднаныя паводле ідэйна-тэматычных і жанравых прынцыпаў. Асобным выданнем у Менску выйшла паэма “Таўрыда” (1932).

Вокладка кнігі “Таўрыда” (ілюстрацыі М. Аксельрода) і ўступныя радкі – прысвячэнне Заіру Азгуру.

Юлі Таўбін – прадстаўнік урбаністычнай плыні ў беларускай паэзіі 1920–1930-х гг. Сама па сабе гарадская тэма ў той час набывала папулярнасць, аднак сярод адпаведных твораў пераважалі вершы “гараджанаў у першым калене”, што адлюстроўвалі настроі і ўражанні маладых людзей, якія ўпершыню прыехалі ў горад з вёскі на навучанне альбо працу. Большасць паэтаў “маладнякоўскай” генерацыі мела сялянскае паходжанне. Жыццё ж Юлія Таўбіна з самага нараджэння было звязана з горадам і гарадской культурай, таму яго творы выяўляюць спакойнае, без залішняй экзальтаванасці і пафаснасці, але разам з тым інтымна-даверлівае стаўленне да горада. “Плошчы гожыя”, “гарадскія праспекты”, “зломлены драўляны тратуар”, “будынка даўняга фасад”, “вітрыны і афішы”, “дзёрзкія аўто” – звычайныя рэаліі для яго вершаў. І калі, напрыклад, Язэп Пушча пісаў: “Я сын дубровы круглалістай, / Я сын сялянскіх ураджаяў” [5, с. 37], “Душой сагрэты спеў / Прынёс я вам з лясоў” [5, с. 90], то Юлі Таўбін прызнаваўся ў адваротным: “Я прыйшоў ад каменных будоў, / Ад асфальтавых сцежак і троп, / Я прынёс табе шчырасць-любоў / І ў напевах – жалезны настрой. // Я прыйшоў на прасторы палос / Палюбіць і сказаць, што я сын / Родных сэрцу лясоў і бяроз, / Краявідаў імшыстых нізін” (“Панарамы лясоў і балот…”) [7, с. 27]. (Гэтыя радкі нарадзіліся ў паэта ў ліпені 1929 г. у Самацеевічах – напэўна, Юлі Таўбін гасцяваў там у свайго сябра Аркадзя Куляшова.) Атмасфера правінцыйнага горада, які добра захаваў дух старасветчыны, але паступова ўбірае ў сябе павевы новай эпохі, тонка перададзена паэтам у невялікай лірычнай паэме “Гарадок” (1929).

З восені 1929 г. ціхі невялікі Мсціслаў у вершах Ю. Таўбіна саступае месца шумнаму сталічнаму Менску. Адно з наймацнейшых уражанняў на паэта зрабіў тады запуск трамвайнай лініі. Юлі Таўбін прысвяціў гэтай падзеі верш, у якім часткова надаў вобразу трамвая шырэйшы, алегарычны сэнс: новы для Менска транспартны сродак стаў увасабленнем нацыянальнага тэхнічнага прагрэсу: “І кожны наш дзень — / гэта новы вагон, / Нясе нас у гэткія шыры, / Дзе ўсё напярэдадні сонечных дзён — / Важатыя і пасажыры” [7, с. 45]. Роднасны вобраз “цягніка гісторыі”, у якім адбылася спрэчка Кандуктара з Пасажырам, прысутнічае і ў адначасова створанай паэме Уладзіміра Дубоўкі “Штурмуйце будучыны аванпосты” (ліпень – лістапад 1929).

Аднак больш арганічным для Ю. Таўбіна як паэта-ўрбаніста з’яўляецца стварэнне малюнкаў вячэрняга гарадскога пейзажу. Змрок і сцішанасць робяцца агульным фонам, на якім абвострана ўспрымаюцца многія праявы навакольнага свету, незаўважныя ўдзень, якія паэт накрэслівае яркімі штрыхамі: “Ноч над горадам. / Зоры зялёным запалкавым ззяннем / Ціха свецяцца там — / На выбоях асенніх нябёс” (“Гарадок”) [7, с. 33]. У вершы “Вечар… У горадзе вечар… Снягі пасінелі…” (1929) паэт быццам пераводзіць позірк з блізкіх яму гарадскіх рэалій (тэлефонная сець, трансфарматарная вежа, электрычнае праменне) на “бязмежныя нябёсы”, а ў фінале верша адкрывае перспектыву на бясконцы сусвет, пасярод якога горад здаецца толькі маленькай выспачкай: “Вечар… У горадзе вечар… Над горадам месяц. / А за горадам снежны прастор” [7, с. 26]. Вялікую ўвагу паэт надае і слыхавым вобразам: усё, што чуе ў начной цішы лірычны герой (“крокі па цёмных, шырокіх панэлях”, “гукі фабрычнае песні”, шум матора) у яго ўспрыманні зліваецца ў адзіную ўрбаністычную гукавую палітру.

Вечар і ноч – улюбёны час сутак Ю. Таўбіна. Нават прызнанне ў любові роднаму краю паэт пачынае словамі: “Люблю я край, дзе вечары / Ў далёкім небе сцелюць столкі” [7, с. 14]. Ноч – гэта час судакранання з Прыгожым і Вечным – калі паэт застаецца сам-насам з кнігамі і – то ў думках, то ў сне – сустракаецца і вядзе гутарку з “паэтычнымі калегамі”, сваімі папярэднікамі, сімпатызуючы і суперажываючы ім як жывым: “Я хадзіў з сляпым спявакам / На вячоркі-пагулянкі, / З Сірано дэ Бержэракам / Быў адметным дуэлянтам. // А пад ранне, ў цемры сіняй, / Пераддосвіткавым часам – / Быў з Шэнье пад гільяцінай / І канаў з Тарквата Таса” [7, с. 50].

Адметная рыса паэзіі Юлія Таўбіна – гэта яе заглыбленасць у кніжную стыхію, што выяўляецца нават у пабудове “літаратурацэнтрычных” вобразаў, метафар і параўнанняў: “Харэі і ямбы, і пругкія дактылі / Заўсёды на варце ў мяне”, “Трамвай праляцеў, як двухстопны анапест” [7, с. 51]. Разнастайныя літаратурныя і фальклорныя алюзіі дый проста згадкі пра паэтаў розных эпох і народаў дазваляюць скласці дакладнае ўяўленне пра дыяпазон літаратурных прыхільнасцяў і зацікаўленняў Ю. Таўбіна. Характэрныя ў гэтым плане ўжо самі загалоўкі твораў (“Якубу Коласу”, “Жывому Маякоўскаму”, “Сірано дэ Бержэрак”, “Пушкін”, “За Шыллерам”, “Дужы вецер і маладзік з Гётэвае аповесці”), а таксама эпіграфы (з У. Дубоўкі, Т. Кляшторнага, І. Анненскага, С. Кірсанава, А. Пушкіна, М. Ціханава). Шэраг вершаў прысвечаны тагачасным беларускім паэтам, сябрам па пяры: З. Астапенку і А. Куляшову, С. Фаміну, У. Хадыку, заўчасна памерламу П. Трусу…

Новая эпоха “вялікага пералому”, якая прыйшла на змену НЭПу, патрабавала новых настрояў, тэм, вобразаў у літаратуры і мастацтве, і на гэтай хвалі паэт у 1931 г. напісаў верш “Мой добры, мой даўні ментар”, у якім нават развітаўся з тым, што раней было для яго дарагім, блізкім, прынцыповым, – з вечарам, які ў Ю. Таўбіна набыў персаніфікацыю і названы “даўнім ментарам” і “настаўнікам маёй хады”. Цяпер паэт мусіў жыць і тварыць ужо не паводле ўласнай інтуіцыі, што абуджалася ў вечаровай цішыні, а паводле клічу новых “шырокіх шляхоў”. У той час Ю. Таўбін больш актыўна звярнуўся да паэтычнай публіцыстыкі, прычым дамінавала ў яго міжнародна-палітычныя тэматыка, як напрыклад, у вершах “Знаёмства чатырох”, “Злучаныя Штаты”, “Праклён”, “Каляндар”.

Пісаў Юлі Таўбін і для дзяцей – прычым як адзін (“Зімовае”, “Петрык-цыганёнак”, “Пра ўдалога Янку”, “Гарыбальдзі і П’еро”), так і ў суаўтарстве з сябрамі Змітром Астапенкам (“Пра мядзведзя Самуся”, “Агацін тата”) і Аркадзем Куляшовым (“Байка пра Зайку”). У некаторых вершах маладыя паэты спрабавалі вачыма дзіцяці зірнуць на такія “дарослыя” праблемы, як, напрыклад, п’янства: “Быў у Агаты / П’яніца-тата. / Дома не начуе — / Ходзіць у піўную. / А на заводзе / Толькі працы шкодзіць. / Пасьля ночы п’янай / Не ўстае ён рана. / Гудок гудзіць, / А тата сьпіць. / Крычыць Агата: / “Уставай, тата!..” / А тата ў дванаццаць / Выходзіць на працу / З цяжкой / Галавой” [1, с. 192].

Дзякуючы творчаму тандэму Таўбіна і Астапенкі на старонках часопіса “Іскры Ільіча” ў 1929 г. з’явіўся легкадумны і гультаяваты, але здольны вучыцца на сваіх памылках персанаж – “слаўны хлопчык” Клім Качкін, які выступаў і героем, і аўтарам гумарыстычных вершаў. Пад гэтым псеўданімам сябры-паэты апублікавалі творы “Брыгада Ганкі і новыя санкі”, “Як яны рака злавілі”, “Разумны Клім” і інш. Калі ж да гэтага паэтычнага дуэту далучаўся і Аркадзь Куляшоў, творы падпісваліся псеўданімам Язэп Качкін. Тут адчуваецца відавочная іронія ў дачыненні да папулярнага ў той час расійскага камсамольскага паэта Іосіфа Уткіна (1903–1944), чые імя і прозвішча нашыя паэты дасціпна пераклалі на беларускую мову.

Мастацкім перакладам Юлі Таўбін займаўся з 1928 г. Спачатку аддаваў перавагу творам на рускай (У. Маякоўскі, А. Безыменскі, С. Анісімаў, А. Чэхаў), украінскай (Л. Скрыпнік, Г. Міхайлец, М. Чумандрын), польскай (А. Лемеш), яўрэйскай (І. Харык) мовах. Вывучыўшы ў педыінстытуце нямецкую мову, Ю. Таўбін пачаў звяртацца да творчасці Ёгана Вольфганга Гётэ і Генрыха Гайнэ. Апошні так захапіў, што беларускі паэт падрыхтаваў цэлы зборнік яго вершаў. Калі б Ю. Таўбін не быў арыштаваны і зборнік выйшаў, гэта было б першае выданне твораў Г. Гайнэ па-беларуску. Але тым перакладам было наканавана праляжаць у архіве шмат дзесяцігоддзяў, пакуль іх не знайшоў і не апублікаваў у гістарычна-літаратурным зборніку “Шляхам гадоў” (1990) Уладзімір Сакалоўскі. Як зазначыў аўтар публікацыі, “Калі большасць беларускіх перакладчыкаў страчвалі ад таго, што перайначвалі Гайнэ на свой манер, набліжаючы яе да беларускай сістэмы вершаскладання – абеларушвалі, то Таўбіна можна папракнуць толькі ў адваротным: ён так моцна набліжаецца да Гайнэ, аддаляючы яго ад беларускай паэтычнай стыхіі, што часам паэт робіцца нялёгкім для беларускага ўспрымання” [6, с. 226]. Сярод перакладзеных Ю. Таўбіным вершаў Г. Гайнэ – такія сусветна вядомыя творы, як “Лёрэляй”, “Вестка”, “Гады праходзяць, прыходзяць…”, “Нявольніцкі карабель” і інш. Вялікая заслуга Ю. Таўбіна – у тым, што ён перакладаў, арыентуючыся цалкам на нямецкі арыгінал, не стараючыся запазычваць вобразы і звароты, якія сустракаюцца ў здзейсненых раней перакладах на рускую мову.

Як бачым, творчы ўзлёт Юлія Таўбіна быў імклівым, хуткаплынным, але надзвычай плённым. Малады творца знаходзіўся ў стане пастаяннага пошуку і самаўдасканалення – мала таго, ён спяшаўся жыць і сталець, нібыта адчуваючы, што пражыць яму наканавана нядоўгі век. “Маладосць наша крыгай растала. / Палюбілі мы свет без акрас. / Рэчаісная сціплая сталасць / Спатыкае настойлівых нас” (“Сталасць”) [7, с. 76], – напісаў паэт, калі яму было ўсяго 19. У кантэксце верша, аднак, прысутнічае не лірычнае “я”, а “мы”, і ранняя сталасць выступае як калектыўная якасць, як адзнака цэлага пакалення, якому давялося жыць у неспакойны час нялёгкіх гістарычных выпрабаванняў (“Наша сталасць – ад працы і боек, / Наша сталасць – ад бацькаўскіх крат…”). Аднак ці прадчувала тагачасная моладзь, што, нягледзячы на свой шчыры працоўны энтузіязм, таксама будзе кінутая ў пякельныя жорны сталінскіх рэпрэсій? Падобна, што ў Юлія Таўбіна нейкае падсвядомае трагічнае прадчуванне ўсё ж было. У 1932 г. ён напісаў аб’ёмны верш (фактычна невялікую паэму) пад назвай “Смерць”, у якім распавёў пра сваё жаданне – “Каб адчуванне жыцця ніколі мяне не пакідала, – / Поўнае і шматкаляровае, / як вясёлкавы паўкруг” [7, с. 141]. З верша бачна, што менавіта адчуванне немінучай смерці (незалежна ад таго, хутка ці няхутка яна адбудзецца) падштурхоўвала паэта, з аднаго боку, спазнаваць усе радасці жыцця, а з іншага – паспець зрабіць паболей. “Хочацца бегчы навыперадкі з трамваямі, / Поўна думак, / вынашаных і нявынашаных” [7, с. 147].

Так атрымалася, што верш “Смерць” (“Чырвоная Беларусь”, 1932, № 17) стаў адным з апошніх твораў паэта, апублікаваных пры жыцці ў беларускай перыёдыцы. На пачатку 1933 г. Юлі Таўбін яшчэ здолеў падаць голас са старонкі “ЛіМ’а”, распавёўшы пра свае творчыя планы: «У 1933 годзе хачу дапісаць даўно пачатую вершаваную аповесць “Доктар Батурын”. Хачу напісаць некалькі вершаў, што даўно ў мяне насьпяваюць. Выйдзе кніга “Лірыка. Эпас”. Буду перакладаць ангельскіх і нямецкіх паэтаў» [4, с. 3]. Але з-за арышту паэта ягоным марам не было наканавана ўвасобіцца ў жыццё: аповесць “Доктар Батурын” (урыўкі: ЛІМ, 1932, 6 сак.) засталася няскончанай; падрыхтаваныя да выдання кнігі паэзіі “Лірыка. Эпас” і перакладаў Г. Гайнэ не ўбачылі свет. На шчасце, рукапісы дзвюх згаданых кніг захаваліся ў архіве сумнавядомага крытыка-вульгарызатара Л. Бэндэ (Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва, далей – БДАМЛМ; ф. 66, воп. 1, адз. зах. 1046, 1336, 1337).

Апынуўшыся ў цюменскай высылцы, Юлі Таўбін не перапыніў літаратурную дзейнасць. З твораў гэтага перыяду (паэт пісаў тады на рускай мове) да нас дайшла паэма “Михайло” (1934) пра жыццё знакамітага вучонага М. Ламаносава. Яе рукапіс (БДАМЛМ, ф. 71, воп. 3, адз. зах. 387, 388) збярог украінскі пісьменнік Нічыпар Белаконь, які адбываў высылку разам з Ю. Таўбіным. У 1960-х гг. Н. Белаконь перадаў рукапіс Станіславу Пятровічу Шушкевічу, які збіраў усю магчымую інфармацыю пра свайго сябра маладосці. Другі асобнік паэмы захаваўся ў фондзе паэтаў Максіма Лужаніна і Яўгеніі Пфляўмбаўм (БДАМЛМ, ф. 140, воп. 2, адз. зах. 259), як і яшчэ адзін твор Ю. Таўбіна ссыльнага перыяду – паэма “Осада” (адз. зах. 258), прысвечаная падзеям Грамадзянскай вайны. Тэксту папярэднічае тлумачальная запіска М. Лужаніна (1977 г.): «Праўка аўтара. Экзэмпляр быў у рэдакцыі “Октября”, вярнуўся з рэзалюцыяй А. Суркова: “Талантливо, но рыхловато”. […]. З гэтай рэччу Таўбін прыехаў у 1935 г. у Маскву з Цюмені, так паэма і засталася ў маіх паперах». Акрамя таго, у Расійскім дзяржаўным архіве літаратуры і мастацтва (г. Масква) захаваўся рукапіс верша “Помнишь сажалку с пятнами плесени…” (ф. 619, оп. 1, ед. хр. 3350), таксама дасланы ў часопіс “Октябрь”.

Юлі Таўбін (краіні справа) на высылцы ў Цюмені, 1935 г. Побач сябры Аляксандр Кучынскі і Змітрок Паваротны.

Юлі Таўбін марыў ізноў публікавацца, што для пісьменніка з таўром “ворага народа” было вельмі праблематычна. Тым не менш, два яго рускамоўныя вершы – “Друзьям” (“Знамя”, 1936, № 5) і “Тэдди” (“Огонёк”, 1936, № 22) – у друк усё ж трапілі. Першы са згаданых твораў напісаны ад імя вандроўніка, які чуў у свеце шмат моваў і пераканаўся, што сяброўская ўсмешка больш зразумелая за ўсялякія словы; другі верш – ад імя чалавека, які сябраваў з Эрнстам Тэльманам, старшынёй камуністычнай партыі Германіі і асноўным палітычным апанентам Гітлера, а на той момант – вязнем гестапаўскай турмы. Твор прасякнуты спачуваннем да зняволенага, надзеяй на яго вызваленне. Толькі вось наўрад ці ведала рэдакцыя “Огонька” пра адну акалічнасць, якая напраўду збліжала біяграфіі беларускага паэта і нямецкага палітыка: Э. Тэльман быў схоплены гестапа 5 сакавіка 1933 г. – амаль у той самы час, калі быў арыштаваны органамі НКУС і сам Ю. Таўбін. Так што, магчыма, верш “Тэдди” з’яўляецца не проста “дзяжурнай” праявай салідарнасці з вядомым палітвязнем-антыфашыстам, а хавае ў сабе і глыбейшы падтэкст.

Невыпадковым у такім разе выглядае і зварот Ю. Таўбіна да вершаў англійскага паэта А. Хаўсмана, адзін з якіх (“Законы Бога и людей”) успрымаецца сёння як своеасаблівае “пасланне з таго свету” [3, с. 33], прадбачанне ўласнай трагічнай пагібелі, на што звярнуў у свой час увагу вядомы даследчык рэпрэсій Леанід Маракоў: “Они грозят – иди назад, / Не то – тюрьма, петля и ад. / Как не робеть мне! / Суд их скор. / Могу ль вступить в неравный спор? / Не я построил этот мир. / Я в нем блуждаю, чужд и сир. / Хоть глупые, но господа – / Они. Их сила, их права. / А нам на Марс не улететь / С тобой, душа моя… Так впредь / Смирись и следовать сумей / Законам Бога и людей…” [3, с. 33]. “Антология новой английской поэзии” (Ленинград: Гослитиздат, 1937), куды па недаглядзе цэнзуры ўвайшлі таксама пераствораныя “ворагам народа” Ю. Таўбіным вершы У. Б. Ейца, Дж. М. Сінга, Г. К. Чэстэртана, Дж. Мэйсфілда, выйшла праз 20 дзён пасля расстрэлу перакладчыка.

Юлі Таўбін застаўся ва ўспамінах сяброў і знаёмых як сардэчны чалавек з прыветлівым лагодным тварам і, акрамя таго, “чалавек надзвычай таленавіты” з “выдатнай здольнасцю да хуткага асваення замежных моў”, “цудоўны майстар беларускага верша” [8, с. 2]. І застаецца толькі здагадвацца, як бы ён мог узбагаціць беларускую культуру, калі б яго лёс не склаўся так трагічна.

Зборнічак Ю. Таўбіна (Мінск, 2017)  

P. S. Нядаўна ў серыі “Паэты планеты” выйшла кніга выбраных твораў Юлія Таўбіна, укладзеная Андрэем Хадановічам. Пад адной вокладкай выйшлі вершы, паэмы, пераклады з Г. Гайнэ. Некаторыя з гэтых твораў пасля смерці аўтара не перавыдаваліся. Ёсць і зусім эксклюзіўныя рэчы – напрыклад, два рускамоўныя вершы, дбайна пераствораныя ўкладальнікам на беларускую мову. Кніга ўпершыню была прэзентавана 1 верасня 2017 г. падчас адкрытай лекцыі А. Хадановіча пра жыццё і творчасць Ю. Таўбіна ў рамках праекта “(Не)расстраляная паэзія”.

Лекцыя А. Хадановіча, прысвечаная Ю. Таўбіну

“Маўклівая кніга” – нататнік з выявай Ю. Таўбіна (дызайн Кацярыны Пікірэні)

 

Літаратура

  1. Астапенка, З., Таўбін, Ю. Агацін тата: [Верш] / Астапенка, Таўбін // Arche. 2002. № 2.
  2. Кабакоў, Н. Агні, якія не гараць / Н. Кабакоў // Маладняк. 1931. № 6-7.
  3. Маракоў, Л. Шасцёра на фотаздымку / Л. Маракоў // Роднае слова. 1999. № 5-6.
  4. Пісьменнікі і крытыкі ў 1933 годзе: Юлі Таўбін // ЛіМ. 1933. 28 студз.
  5. Пушча, Я. Збор твораў. У 2 т. Т. 1. Вершы, паэмы, артыкулы. 1922–1930 / Я. Пушча. – Мінск: Маст. літ., 1993.
  6. Сакалоўскі, У. Невядомыя пераклады Юлія Таўбіна / У. Сакалоўскі // Шляхам гадоў: Гіст.-літ. зб. – Мінск: Маст. літ., 1990.
  7. Таўбін, Ю. Вершы / Ю. Таўбін. – Мінск: Беларусь, 1969.
  8. Шушкевіч, С. Слядамі паэта // Святло Кастрычніка (г. Мсціслаў). 1967. 28 кастр.

* * *

Віктар Жыбуль – кандыдат філалагічных навук, вядучы навуковы супрацоўнік БДАМЛМ. Яго артыкул пра Ю. Таўбіна ўпершыню з’явіўся ў мінскім часопісе “Роднае слова” (№ 9, 2011) – акурат да 100-гадовага юбілею расстралянага паэта. У 2017 г. аўтар дапоўніў свой артыкул спецыяльна для belisrael.info. Раім таксама прачытаць артыкул В. Жыбуля “Невядомы верш Юлія Таўбіна” (2016).

Мы б хацелі дадаць, што першая публікацыя Ю. Т. адбылася, найхутчэй, у часопісе “Беларускі Піонэр” (№ 4, 1925, с. 12). Нататка “Трэба падцягнуцца!” з Мсціслава была падпісана “Ю. Гаўбін (Вуч. 7 клясы)”, aле з верагоднасцю 99% гэта наш герой. Тым болей што пачыналі друкавацца ў гэтым часопісе і іншыя паэты, “народжаныя Кастрычнікам”: З. Півавараў (№ 6, 1925, с. 10, 21), В. Маракоў (№ 8, 1925, с. 11).

Апублiкавана 09.11.2017  18:33

Як нарадзілася «Зніклая паэзія»

Беларуска-польская стужка пад назвай «Зніклая паэзія» (2017, 32 мінуты) будзе дэманстравацца 9 лістапада 2017 г. на кінафестывалі «Лістапад». Мінск, Юбілейная плошча, кінатэатр «Беларусь», з 17:30. Сайт 34mag.net уважае, што падрыхтавацца да прагляду дапаможа гайд па «(Не)расстралянай паэзіі».

Пра кінатвор, прысвечаны паэтам Беларусі, якія былі забіты 80 год таму (канкрэтна, Тодару Кляшторнаму, Майсею Кульбаку, Юлію Таўбіну, Ізі Харыку), распавядаюць сцэнарыстка Марта-Дарыя Клінава і рэжысёр Ілля Бажко.

М.-Д. Клінава: Ідэя фільма ўзнікла два гады таму, у лістападзе 2015 года. Я шукала матэрыял для дыпломнага сцэнара, і так атрымалася, што мае жаданні супалі з прапановай майго мастацкага кіраўніка: у той лістападаўскі дзень, калі я задумалася, ці не зрабіць мне дакументальны фільм пра рэпрэсіі, яна мяне запытала: «Не хочаш узяць тэму рэпрэсаваных літаратараў?».

Далей пачаўся пошук героя. Літаратараў было шмат, і трэба было вызначыць, на кім менавіта сканцэнтраваць свой позірк. Да таго ж ахоп быў вялікі: спачатку я хацела закрануць увесь 1937-ы год. Потым знайшла кнігу Леаніда Маракова, у якой узгадваліся падзеі 29 кастрычніка 1937 года, калі было расстраляна больш за 100 прадстаўнікоў інтэлігенцыі. Тады я зразумела, што гаворка пойдзе менавіта пра гэтую дату.

Сам Леанід Маракоў шмат дапамагаў мне потым, раіў, на што звярнуць увагу, нягледзячы на цяжкі стан свайго здароўя. На жаль, пачаць здымаць яго мы так і не паспелі…

Мой пошук працягваўся, і я задалася пытаннем, творы якіх паэтаў і пісьменнікаў, што загінулі ў тую ноч, найбольш цікавяць сучасных літаратараў і моладзь. Шмат новага для мяне адкрылі такія вядомыя ў беларускіх літаратурных колах асобы, як Віктар Жыбуль, Андрэй Хадановіч, Вольф Рубінчык. Пазнаёміў мяне бліжэй з творчасцю Тодара Кляшторнага студэнт філфака БДУ Цімур Буйко. Для мяне таксама было важна паказаць герояў розных па ўзросце, папулярнасці, этнічнай прыналежнасці. Нехта з іх пісаў па беларуску, нехта на ідышы. Юлія Таўбіна лічылі гарадскім паэтам, Тодар Кляшторны натхняўся краявідамі роднай вёскі.

З рэжысёрам Іллём Бажко мы знайшлі адзін аднаго выпадкова – я збіралася ў вёску, дзе нарадзіўся Тодар Кляшторны, і шукала аператара, каб гэта задакументаваць. Ілля мяне амаль не ведаў, але ў апошні момант пагадзіўся на такую авантуру. Яму спадабалася ідэя фільма, і ён прапанаваў зрабіць яго разам.

І. Бажко: 1920-я гады мне падаліся па-свойму вельмі цікавымі. Бо пра царскую эпоху шмат вядома, як і пра Другую сусветную вайну, і тое, што адбывалася пасля. А вось 20-я, калі быў НЭП, калі на Беларусі было чатыры дзяржаўныя мовы – гэтая эпоха неяк схавалася ў кішэньку гісторыі.

Таксама мяне захапіла, што героі, якіх адабрала Марта, былі пэўным культурным андэрграўндам таго часу.

Нам шмат распавядалі пра творы паэтаў, пра літаратурныя стылі. А мне было цікава, што гэта былі за людзі, чым яны дыхалі, як яны адчувалі тую эпоху. Тое, што яны не пісалі пра сябе самі.

Мы горача спрачаліся з Мартай наконт фільма, сварыліся, хіба што не біліся ўжо. Бо яна заўсёды настойвала на фактах, каб усё было дасканала. Я хацеў па-свойму тлумачыць факты, каб было цікавей глядзець фільм. Але мы адразу дамовіліся, што заўсёды будзе кампраміс, што ніхто не будзе гнуць сваю лінію. Бывала, мы доўга прыходзілі да кампрамісу, начамі перапісвалі тэксты. Таму ў нас атрымаўся добры баланс паміж дакладнасцю і мастацкім упрыгожваннем.

М.-Д. Клінава: Найбольшай складанасцю, з якой мы сутыкнуліся, быў недахоп інфармацыі, асабліва візуальнай. У вёсках і мястэчках, дзе жылі нашыя героі, амаль нічога не засталося ад іх прысутнасці.

І. Бажко: У час мантажу адразу стала зразумела, што захавалася вельмі мала фотаздымкаў, ці партрэтаў нашых герояў. Зрабіўшы кінапастаноўку, я сапсаваў бы атмасферу фільма. Адзінае, што нам з Мартай заставалася, – намаляваць некаторыя моманты. Я адразу сцяміў, каму хацеў бы даверыць гэтую працу – мастачцы Марго Макляцовай.

Разам мы ўчытваліся ва ўспаміны сяброў паэтаў, параўноўвалі іх з нашымі сябрамі, каб лепш разумець адзін аднаго. Марго вывучала фотаздымкі і малявала па начах. О! І мае фантазіі ажывалі, гэта было цудоўна. Мы шмат працавалі над дэталямі, нават наколькі валасатай зрабіць нагу ў Кульбака.

М.-Д. Клінава: Ілля хацеў паказаць паэтаў у больш нефармальнай атмасферы – мне гэтая ідэя спадабалася, бо хацелася крыху адвесці на некаторы час ўвагу ад трагедыі, якая іх напаткала, і паказаць асобаў, якія, таксама як і мы, жылі, натхняліся, сустракаліся з сябрамі за келіхам…

Анонс фільма на тэлеканале «Белсат» можна бачыць тут.

Ад belisrael.info: шчыры дзякуй спадарыні Клінавай за дасланыя нам матэрыялы.

Апублiкавана 08.11.2017  06:44

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (36)

Чарговая гадавіна «прэзідэнцкіх выбараў» 2010 г., пасля якіх, калі верыць адной знанай пісьменніцы, «мы жывем у іншай краіне, вярнуліся ў 30-я сталінскія гады… Ужо няма адной Беларусі, ужо дзве Беларусі». Я ўспрымаў сітуацыю не так эмацыйна і 20.12.2010 панёс адрасатам з «абедзвюх Беларусяй» купу газет, пісьмаў і паведамленняў. Праца на пошце была добрая тым, што прышчапляла філасофію кшталту «вайна вайной, а абед згодна з раскладам».

Дзень, калі ў Мінску выйшлі ў цэнтр горада тысячы, былі затрыманы сотні, а многіх з іх збівалі на горкі яблык, заслугоўвае таго, каб яго памяталі. Надоечы адзін круты палітык (што там хаваць, сам Мікола С.!) прапанаваў абвясціць 19 снежня «Днём годнасці». Была, вядома, і годнасць, аднак перамогай яна не абярнулася. Мо таму, што, як казаў польскі сацыёлаг Рышард Радзік (цытую з «Аrche» № 4, 2016), «беларускія апазіцыйныя эліты схільныя бачыць рэчаіснасць такой, якой яна павінна быць, замест таго, каб даследаваць яе такой, якой яна ёсць насамрэч».

«Лідэры», якія збіралі «народ», па-ранейшаму мелі справу збольшага з атамізаванымі індывідамі; падзеі 2001 і 2006 гг. мала чаго навучылі апанентаў Лукашэнкі. Прыпамінаю абяцанкі Уладзіміра Някляева ў «Народнай волі» (07.12.2010): «Гэтым разам плошча будзе мірнай. Створаныя намі дружыны гатовыя ва ўсім супрацоўнічаць з міліцыяй». Не прайшло і двух тыдняў, як Някляеў, сур’ёзна траўмаваны па дарозе на «мірную плошчу», апынуўся ў бальніцы, адкуль быў гвалтоўна адпраўлены за краты, і чытачам «Нашай Нівы» давялося бараніць яго права на медычную дапамогу.

Роля «дружын» да канца не зразумелая, як і сама ідэя «мірных пратэстаў» пасля аб’явы цэнтрвыбаркама пра вынікі «выбараў». Задоўга да 2010 г. у мяне склалася ўражанне, што апаненты Лукашэнкі вырашылі пераняць знешні бок украінскага Майдана… іншымі словамі, перамагчы суперніка ў сімвалічным полі, не замахваючыся на рэальныя рычагі ўлады. Як пісаў Андрэй Сіняўскі звыш 50 гадоў таму пра познесталінскую літаратуру: «Ні пры якіх умовах, нават для карысці справы, станоўчы герой не мае здавацца адмоўным… І вось ужо ён перамагае ворага не спрытам, не розумам, не фізічнай сілай, а адным сваім гордым выглядам». «Матрыца» сацрэалізму, відаць, і ў 2010 г. трымала тых сфармаваных у СССР літаратараў і літаратуразнаўцаў, якія апраналіся ў шаты палітыкаў і паліттэхнолагаў… Выстаўленне перад публікай «дзевяці Вацлаваў Гаўлаў» (выраз не мой, а дылетанта ад усіх навук Віктара М.) дапаўняла карціну.

І праз шэсць гадоў Беларусь застаецца «жандаром» – калі не для свету, то для постсавецкай прасторы дакладна. Справа даўняя, але ці выпадкова ў 2008 г. іменна ў Мінску з падачы БАБа пасадзілі за краты грамадзян ЗША – хітрамудрага адваката Эмануіла Зельцара і яго сакратарку? Пра Баўмгертнера і траіх «беларусафобаў» гаварылася ў 34-й серыі, а цяпер – новы эпізод: арышт у Мінску 14.12.2016 блогера з ізраільскім пашпартам Аляксандра Лапшына. Паведамлялася, што яго патрабуюць выдаць улады Азербайджана, бо ён без іх санкцыі ездзіў у Нагорны Карабах і пісаў пра гэта (страшны грэх!) У выніку Лапшын арыштаваны на два месяцы – цешыць, што нетаропкае міністэрства замежных спраў Ізраіля ўсё ж заступілася за суайчынніка.

Чыноўнікі Беларусі, пачынаючы з галоўнага, сваімі рукамі ствараюць імідж для сінявокай… Зрэшты, многіх палітыкаў у суседніх (і не толькі) краінах імідж лукашэнкаўскай Беларусі ў цэлым задавальняе; ён надаецца хаця б для таго, каб палохаць уласных грамадзян. 20 год таму ўмоўны «Захад» мог адносна лёгка стаць на шляху спаўзання Беларусі ў аўтарытарызм, ды не пажадаў… Праўду зараз наўрад ці хто скажа, але існуе канспіралагічная версія пра патаемную дамоўленасць эліт: «мы» вывелі ядзерную зброю з тэрыторыі Беларусі (вывад завяршыўся 27.11.1996 – акурат пасля другога рэферэндуму, выйгранага Лукашэнкам), а «вы» імітуйце сабе змаганне за дэмакратыю і правы чалавека, прымайце рэзалюцыі, заахвочвайце «апазіцыю» рабіць тое самае, вазіце яе на семінары – абы рэальнай канкурэнцыі з намі не вялося. І воўкі цэлыя, і авечкі сытыя…

У 1997-98 гг. слухаў я лекцыі некаторых тутэйшых і замежных выкладчыкаў у ЕГУ пра паступовы пераход Беларусі да дэмакратыі, і задаваў сабе пытанне: няўжо яны не бачылі, што адбывалася наўкол? Падаецца, што не хацелі бачыць… Затое пасля 19.12.2010 некаторыя «заходнікі» рабілі выгляд, што здзіўлены: «Рэжым Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі адрэагаваў з нечаканай жорсткасцю» (з прадмовы старшыні фонда Адэнаўэра да кнігі «Голас волі з-за кратаў», 2013 г.). Усё б нічога, калі б гэтая робленая наіўнасць не адбівалася на лёсах маіх суайчыннікаў. У рэшце рэшт нават Андрэю Саннікаву, аднаму з самых празаходніх дзеячаў беларускай «апазіцыі», надакучылі выбрыкі партнёраў: «здзіўленне і стала трэндам і мэйнстрымам у аналітыцы… І ў гэту «здзіўленую» супольнасць сталі імкліва ўлівацца палітыкі, журналісты, цэлыя выданні, творчыя асобы, грамадскія дзеячы, нават праваабаронцы. А потым і наогул дзіўнае адбылося: вось гэта вось здзіўленне, чытай некампетэнтнасць, і сталі лічыць палітыкай». Аднак я амаль упэўнены, што ў бліжэйшы час ён не вернецца ў Беларусь і не пачне ўсё наноў з тымі, ад каго рэальна залежыць будучыня краіны. Чаму? Таму

Пара б кандыдатам на ролю «беларускага Гаўла» ўцяміць, што, перш чым ісці «бацьку біць», трэба хоць міжсобку дамовіцца. У гэтым сэнсе заслугоўвала ўвагі прапанова Аляксандра Ярашука аб стварэнні адзінай «апазіцыйнай» партыі, выказаная колькі месяцаў таму. Зразумела, падобныя прапановы агучваліся і раней, ды прыслухацца да іх лепей позна, чым ніколі. Тым болей што нядаўна стала вядома пра фактычнае банкруцтва «грамады» на чале з Шушкевічам. Ледзь ліпяць і іншыя партыйкі/аргкамітэты.

Сэнс узбуйнення – не толькі ў эканоміі на юрыдычных адрасах і офісах, а найперш у тым, каб мець «ячэйкі» іншадумцаў у кожным населеным пункце, на кожным прадпрыемстве. Назваць новую арганізацыю можна было б, доўга не думаючы, «партыя перамен»; арыентавацца на людзей вольных прафесій і найбольш амбітных наёмных работнікаў. Іншымі словамі (скарыстаем рыторыку марксістаў…), для ліквідацыі перажыткаў феадалізму патрэбен саюз дробнай буржуазіі з рабочым класам.

Чакаць «цудаў 17-га года» налета не выпадае, аднак да наступных «выбараў» партыя магла б сфармавацца і годна праявіць сябе. Штопраўда, пры ўмове, што ў кіраўніцтва не пралезуць скампраметаваныя асобы. Так, дзейнасць Аляксандра Ф. у беларускім палітыкуме стала ўжо сумным анекдотам, нават калі забыць на месца яго працы ў 1994 г. Характэрна, аднак, што пасля таго, як у 2006 г. выявіліся факты парушэння гэтым чалавекам аўтарскага права (тут я выказваюся вельмі лагодна), у 2010 г. ён стаў адным з кіраўнікоў кампаніі «Гавары праўду», даверанай асобай кандыдата Някляева…

Пры ўсёй павазе да заснавальніка (Павел Шарамет быў подла забіты ў Кіеве 20.07.2016), сайт «Беларускі партызан» агулам не вылучаецца павагай да аўтарскіх правоў. Так, у 2009 г. нехта перапісаў мой артыкул з bychess.com пра часопіс «Шахматы», сказіўшы яго сэнс: «партызаны» дадалі загаловак «Беларусь засталася без шахматных выданняў», дарма што ў Лунінцы выходзіў бюлетэнь «Альбино» з дадаткам «Альбино плюс». Пісьмо з прэтэнзіяй да Шарамета засталося тады без адказу, а судзіцца з былым лукашэнкаўскім вязнем падалося мне збыткоўным. Можа, я і памыляўся… Прынамсі на днях «БП» дапусціў новае парушэнне: сталы аўтар сайта, д-р сельскагаспадарчых навук Міхаіл К. перапісаў чужы артыкул 2013 г. пра тролінг, «забыўшыся» спаслацца на расійскага аўтара Сударыкава.

Тое, што хамства пануе сярод высокіх чыноўнікаў, медычны факт, і вось свежы прыклад ад міністра абароны, да якога звяртаўся Мікола Статкевіч:

Гэта не глупства, гэта пазіцыя.

Ідэі ў эканоміцы, прававой сферы і г. д. не ўспрымаюцца, падвісаюць у паветры, калі няма маральнай альтэрнатывы паводзінам цяперашніх дзяржаўных службоўцаў з іх «зубамі, якія трэба паказваць». Мяркую, адным з галоўных органаў «партыі перамен», калі такая будзе створана, мусіць зрабіцца пастаянна дзеючая камісія па этыцы, як бы яна ні звалася IRL. Каб такія выпадкі, як перапісванне чужых тэкстаў або «выспятак Рымашэўскаму» (2012 г.), цягнулі за сабою неадкладнае развітанне са звадыяшам.

Папраўдзе, я спадзяюся перадусім на тых, каму зараз 18-25 гадоў, г. зн. народжаных ужо ў несавецкі перыяд: яны больш вандруюць, лепей кантактуюць з замежнікамі… Маё пакаленне – прынамсі тыя, хто імкнуўся нешта змяніць – у 2000-х мусіла таптацца на месцы, бо грамадства жывілася постсавецкімі ілюзіямі. «Яўрэйскага руху» тое таксама тычылася, прынамсі я назіраў ціхую дэградацыю. У 2010-х абстаноўка пакрысе пачала мяняцца ў лепшы бок, і фэст «Сіці Ханука», праведзены ў Мінску 18.12.2016, служыць новым доказам… Хоць арганізатары не сабралі дастатковай сумы праз краўдфандынг, дый наведвальнікаў сёлета было малавата.

Пані Зося з «Шынка “13 крэслаў”» святкуе Хануку, а ты?

* * *

Зусім нядаўна мы страцілі Леаніда Маракова, бізнэсоўца, які ў 1990-х, уражаны лёсам свайго дзядзькі (паэт Валер Маракоў, 1909-1937), перакваліфікаваўся ў даследчыка… Пра роднага дзядзьку – адна з першых яго кніг. Яго мартыралогі, дарма што не пазбаўленыя недахопаў, запоўнілі многія прагалы ў ведах пра савецкі час, і нездарма праца над імі трактавалася як «подзвіг». Я быў крыху знаёмы з Леанідам, бачыўся з ім у Нацыянальнай бібліятэцы ў 2004-м. Ён казаў, што дачка Дзіяна займаецца шахматамі, наракаў на РЦАП… Хто мог тады ўявіць, што гэты моцны чалавек не дажыве да 60. Светлая яму памяць.

У студэнцкі час мне запаў у душу верш В. Маракова «Рахунак паэта…», і зараз я працытую найбольш яркія, гуманістычныя радкі на развітанне з пляменнікам аўтара:

Чалавек – гэта вам не мумія,

Узяў са склепу і выштурхнуў вон.

Чалавек — гэта сад з залатымі думамі,

Дзе па жылах праходзіць блакітны агонь…

Як паведамляе «Радыё Рацыя», сябры Слонімскага згуртавання дэмакратычных сіл падрыхтавалі і выдалі насценны каляндар на 2017 г. «Знакамітыя людзі Слонімшчыны».

Print

Навіна пазітыўная; на маю думку, каляндар быў яшчэ лепшы, калі б на ім быў партрэцік паэта Хаіма Ленскага (Штэйнсона), ураджэнца Слоніма. Зусім нядаўна Фелікс Баторын прадставіў вершы Ленскага ды яго кароткую біяграфію тут і тут, аднак і да 2016 г. у Беларусі пісалі пра творцу, закатаванага ў Сібіры. Напрыклад, у кнізе «На ізраільскія тэмы» (Мінск, 2011).

Ад пачатку года не заходзіў на сайт «Інтэрактыўная мапа Беларусі», а там, высвятляецца, абнаўленні: прынамсі з’явіліся партугальскамоўная, сербскамоўныя ды іншыя версіі. На іўрыце/ідышы версій пакуль няма… Зрэшты, тут бачыцца і элемент «гістарычнай справядлівасці»: аж занадта ў апошнія гады было замежных яўрэйскіх суполак (не кажучы пра асоб), якія падкрэслівалі, што гісторыя Беларусі іх не цікавіць.

Аднойчы баявітаму навуковаму рэдактару «Электроннай яўрэйскай энцыклапедыі» Абраму Т. далі зразумець, што варта паправіць артыкулы «Минск» і «Белоруссия». Адказ ад 18.12.2015: «Што да крытыкі, цалкам яе прымаю. Фінансаванне выдання было спынена 15 год таму… Нядаўна знайшліся спонсары, і работа аднавілася, але да многіх артыкулаў, у тым ліку і тых, якія Вы назвалі, рукі не дайшлі». Яны «не дайшлі» і праз год 🙁

Вольф Рубінчык, г. Мінск

19.12.2016

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 19.12.2016  21:09