Tag Archives: Конституционный суд Беларуси

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (84)

Яблычны Спас шалом! І грушавы таксама!

Толькі днямі я натрапіў на песню «Кампраміс» гурта «Бі-2», хоць адпаведны кліп убачыў свет у 2016 г. Мне, аўтару чатырох кніг пра шахматыстаў, павінна было спадабацца: як жа, шахматота ў творчасці вядомых расійскіх музыкаў беларускага паходжання (мо іх натхнілі «жывыя шахматы» ў Мінску-2015?)… Да таго ж гэтыя музыкі ў 1990-х нейкі час жылі ў Ізраілі, значыцца, «нашы людзі»… Але не, зусім не спадабалася 🙁

Мінск, чэрвень 2015 г. (фота С. Рубінчык); кадр з кліпа гурта «Бі-2».

У некласічнай аўтарскай музыцы – якую не падзяляю жорстка на папсу, джаз, рок ці там бардаўскае выкананне – цаню інавацыйнасць, шчырасць, гумар і/або іронію. Праказалі Лёва & Шура ў сваёй песні нешта новае? Не-а; максімабагдановіцкая сентэнцыя, маўляў, «няма таго, што раньш было», мільгала ўжо 100500 разоў, у тым ліку і ў расійскіх рокераў. З ходу, у БГ: «Когда ты был мал, ты знал всё, что знал…» У Макарэвіча: «И жизнь его похожа на фруктовый кефир…» І, вядома, у Цоя: «Когда-то ты был битником, уу-уу…», «Раньше в твоих глазах отражались костры…» Песня пра бітніка з ранняга альбома «Кино» («45», 1982) падабаецца мне найбольш, бо яна шчырая і канкрэтная, і досціпы з першых радкоў, і няма ні безвыходнасці, ні просталінейнасці.

А ў «Бі-2»? «Друг дорогой» відавочна не быў гатовы аддаць душу за рок-н-рол – ён «пил и курил, зажигал и тусил», а потым, пасля «ўзросту Хрыста», бач, нейкая «мара» павярнулася спінай… І цяпер жыццё – «сплошной проклятый компромисс». Пададзена прыгожа, гламурненька, з камп’ютарнымі спецэфектамі, а падмурак гнілы. Кампраміс як узаемныя саступкі – у прынцыпе, зброя моцных, плата за джэнтльменства і жыццё ў сучаснай цывілізацыі. Лямант пра «кляты кампраміс» – па сутнасці, чарговы заклік да прымітывізацыі, архаікі, у якую і так ужо шмат гадоў скочваецца няшчасная Расія, цягнучы за сабою суседнія краіны…

Скажаце: як песня не спадабалася, навошта ёй ахвяраваць свой час? Дык гурт усё ж небезвядомы – сёлета яму 30 год, быў заснаваны ў Бабруйску-1988. І 15 з нечым мільёнаў паглядзелі кліп… Вельмі многія лічаць, што гэта песня – з «глыбокім філасофскім тэкстам». Як тут не збянтэжыцца і не адрэагаваць? 🙂

З таго, што выканана былымі ізраільцамі, я б аддаў перавагу, як ні дзіўна, простай песеньцы «Круто ты попал на ТV» – хаця б з той прычыны, што 20 год назад пазнаёміўся з яе аўтарам, Сашам Еліным. Пару разоў сустракаліся ў іерусалімскім абшчынным доме на вул. Яфа, 36; ён там меў свой кабінецік як супрацоўнік ірыі (муніцыпалітэта), здаецца, адказваў за культуру і PR. Нават браў у яго, актывіста партыі «Ісраэль ба-алія», інтэрв’ю для сваёй дыпломнай работы пра палітычныя сілы рускамоўных у Ізраілі. Запомнілася з яго вуснаў: «Я апазіцыянер, штэрнавец» (мелася на ўвазе – прыхільнік Юрыя Штэрна, олеў а-шолем). Чаму? Таму што ішоў у партыю з канкрэтным праектам, які людзі Шчаранскага спачатку паклалі пад сукно, а потым прысабечылі. Пра стаўленне сабраў да імігрантаў: «Нас любяць, пакуль мы бедныя».

Карацей, займальная выйшла гутарка: скончылася яна распіццём віна з пластыкавых чарачак, акурат напярэдадні Рош-а-Шонэ (на працоўным месцы майго суразмоўцы, але зараз пра гэта ўжо можна казаць :)).

Пазней Елін перайшоў у партыю «Наш дом Ізраіль», а ў пачатку 2000-х, пэўна, расчараваўшыся ў блізкаўсходняй кар’еры, вярнуўся ў Расію і нанова праявіў сябе як «поэт-плесенник» (яго словы). Штораз, выпадкова чуючы «Круто ты попал…» – у 2000-х гэты матыўчык гучаў ледзь не з кожнага праса – я ўспамінаў хітраватую елінскую фізіяномію, і настрой мой паляпшаўся. Слуханём?

Прынамсі няма тут пустых прэтэнзій на філасафічнасць, а ёсць гульня слоў (пачынаючы з назвы) і гумарок.

А. Елін, 2001 г. Фота адсюль.

22 жніўня г. г. Еліну Аляксандру Міхайлавічу, аказваецца, споўнілася 60. Набівацца ў прыяцелі цярпець ненавіджу, але тое даўняе знаёмства 1998 г. для мяне, як мінімум, не перашкода ў жыцці. Нават крыху грэе…

* * *

Зараз пра менш прыемных асоб, якія доўгі час сядзелі не ў сваіх санях, а некаторыя сядзяць і дагэтуль… Хто сачыў за серыялам, помніць, як скептычна я выказваўся пра колішняга старшыню БНФ і экс-начальніцу Беларускага Хельсінскага камітэта. Зараз – чарга былога старшыні Канстытуцыйнага суда, які заняў гэтую пасаду ў 1997 г., пасля дужа сумніўнага рэферэндуму, а ў 2008–2011 гг. служыў генпракурорам.

«Еўрарадыё» ахвотна дае гэтаму чалавеку (самому Рыгору В-чу!) трыбуну – вось і 22.08.2018 ён заявіў, што «Прэзідэнт прызначае прэм’ер-міністра са згоды Палаты прадстаўнікоў, але ў Канстытуцыі не сказана, што гэта згода павінна быць папярэдняй… Таму, калі будзе праходзіць бліжэйшая сесія, тады і будзе разгледжанае гэта пытанне — ніякіх адступленняў ад Канстытуцыі тут няма». Паводле загадчыка кафедры канстытуцыйнага права юрфака БДУ, «Сяргея Румаса цалкам карэктна ўжо цяпер, да разгляду яго кандыдатуры ў парламенце, называць менавіта прэм’ер-міністрам, а не выконваючым абавязкі».

Рэдкая казуістыка… Паводле арт. 106 Канстытуцыі, якую гэты юрыст быццам бы некалі рыхтаваў (няпроста паверыць): «Прэм’ер-міністр назначаецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь са згоды Палаты прадстаўнікоў. Рашэнне па гэтаму пытанню прымаецца Палатай прадстаўнікоў не пазней як у двухтыднёвы тэрмін з дня ўнясення прапановы па кандыдатуры Прэм’ер-міністра». Па-мойму, ясна: пакуль няма згоды ніжняй палаты парламента – няма прэм’ер-міністра.

Дзеля-мадзеля вырашыў спытаць у Аляксандра Розенблюма – не доктара навук, але юрыста з велізарным стажам, не зацікаўленага хлусіць (яму за 90). А. Розенблюм адказаў мне ў той жа дзень, 23.08.2018: «Да згоды парламента прэм’ер можа быць прызначаны толькі з прыстаўкай “в. а.”». І прыслаў спасылку на сваю цікавую публікацыю 2011 г. пра гора-суддзю 1980-х гадоў Уладзіміра Сідарэнку: «Штрих к советскому правосудию». Прачытайце, яна кароткая.

Рыгор В-ч, 1955 г. нар., які разважае ў духу таго Сідарэнкі («Ён [Румас] прызначаны прэм’ер-міністрам, а Палата прадстаўнікоў выкажа ў далейшым сваю згоду. Тым больш, што прэм’еру і ўраду трэба выконваць свае абавязкі»), дапраўды быў выхаваны ў савецкі час, і яго ўжо наўрад ці выправіш. Але моладзь, што гадуецца на «ягоным» факультэце, шкада мне… Быў бы я галоўным – адправіў бы ўсіх студэнтаў юрфакаў на 5-7 гадоў павучыцца і папрацаваць у цывілізаваных краінах пры адвакацкіх бюро, у судах, пракуратурах… З умовай, каб вярнуліся і занялі ключавыя пасады ў тутэйшай юстыцыі. Тады, мажліва, і быў бы нейкі плён – і апраўдальных прысудаў пабольшала б, і Канстытуцыйны суд пачаў бы даказваць свайму статусу. Цяпер ён больш нагадвае юрканцылярыю пры адміністрацыі прэзідэнта, гатовую праштампаваць ледзь не кожны ягоны ўказ. Зараз хіба 90% юрыстаў у РБ падпішуць антызаконнае рашэнне, калі яго ім падкажа (або навяжа) «вялікі начальнік»… А трэба, каб доля такіх «паршывых авечак» не перавышала 10%.

Прыслалі мне выказванні Алёны К-й, якая лічыць сябе праваабаронцай і ўзначальвае суполку «Рэгіён 119». Каму яна рэальна памагла, я не ў курсе. Калі ў пачатку 2000-х у мяне здараліся праблемы юрыдычнага характару, то звяртаўся да праваабаронцаў Валянціна Стэфановіча і Мікалая Мякекі – яны дапамагалі, прынамсі прыходзілі на судовыя пасяджэнні. З супрацоўнікамі «Рэгіёна» не сутыкаўся, але дапусцім, што суполка працуе… Вось толькі яго дырэктарка яўна не адпавядае пасадзе. Летась яна казала, што ў Беларусі няма палітзняволеных – я прамаўчаў, бо падумаў: «А раптам гэта “фінт вушамі”, каб ямчэй бараніць вязняў?..» Сёлета яна пачала «троліць» пратэстоўцаў ля рэстарана Зайдэса – ну дапусцім, яны дапраўды часам рабілі абы-што. Але як вам падабаюцца свежыя заявы пра «шматкроць»: «я не разумею» і «такіх слоў у беларускай мове ніколі не было».

 

Дама – на хвілю, вучылася ў БДУ – не толькі недасведчаная, а і гультаяватая: ёй было ўлом залезці ў той жа google… Прыклады ад людзей, якія зналіся/знаюцца на беларускай:

«Такая была сьмешная норма, якую мы ўсё ж знаходзiлi магчымасьць перакрыць шматкроць» (Васіль Быкаў, «Доўгая дарога дадому»).

«Як шматкроць падымае ён цану літаральна кожнага слова, нават неабавязковага, уводнага, выпадковага!» (Андрэй Федарэнка, «Мяжа»).

«шматкроць паўтаральны (па сутнасці няспынны) і заўжды абнаўляльны “жыццёвы цыкл” літаратуры» (Таццяна Вабішчэвіч, кандыдатка філалагічных навук, «Роднае слова», № 8, 2010)

«Т. Дакутовіч шматкроць паўтарае пра контррэвалюцыйны лібералізм…» (Ганна Запартыка, дырэктарка БДАМЛМ, «Полымя», № 12, 2017)

Яшчэ, як выявілася, «праваабаронца» прапануе лічыць мацярок, што змагаюцца за змякчэнне выракаў для сваіх дзяцей, асуджаных па «антынаркатычных» артыкулах («Маці-328»), гэткімі ж злачынцамі… Ну, гэта поўны трэш і дно.

Калі мне раптам выпадзе cесці за краты (ад чаго ў стабільнай і працвятаюшчай ніхто не застрахаваны – нядаўна вунь кіраўніка віцебскай іудзейскай суполкі Леаніда Томчына «павязалі»), я б лепей без абароны застаўся, ніж з такімі «прыяцелькамі».

Антыгероі гэтай серыі. Здымкі: «Еўрарадыё» і «БелГазета»

Медыябізнэс у Беларусі – небяспечны занятак. Ва ўзросце крыху за 50, на маёй памяці, памірае ўжо чацвёртая постаць нацыянальнага маштабу. У 2002 г. не стала Ігара Гермянчука, у 2014 г. – Пятра Марцава, 24.09.2016 – Юрыя Базана, і вось 23.08.2018 – Алеся Ліпая… Цырымонію развітання падпсаваў адзін скандальны паэт-палітык, на фальш якога «купілася» колькі публічных асоб. Некаторыя паспяшаліся выплюхнуць сваю жоўць у бок праваслаўнай царквы; каму-каму, а Юрыю Зісеру гэтага не варта было рабіць (праўда, потым ён папрасіў прабачэння).

Каторы раз выпадае шкадаваць пра безадказнасць нашага «магната». Вось навошта было несці лухту, маўляў, «у евреев нет покаяния: что натворил, то за тобой и осталось навсегда» (25.08.2018)? Дарма што агностык, чалавек бываў у сінагозе – хоць бы навёў даведкі пра «ямім нараім», малітвы на Ём-Кіпур, тшуву ўвогуле…

Яшчэ ў ХІХ ст. Стэндаль пісаў, а як пра сённяшні дзень: «Пакуль Балівар вызваляў Амерыку… мой сусед, уладальнік папяровай фабрыкі, зарабіў дзесяць мільёнаў. Тым лепей для яго і ягоных дзетак. Але нядаўна ён займеў уласную газету, і цяпер штосуботу вучыць мяне, што менавіта я павінен любіць. Ён жа дабрадзей чалавецтва. Застаецца толькі паціснуць плячыма».

«Вольфаў цытатнік»

«Нашаe шахматнае ўладкаванне сёння ўяўляе з сябе палац з прыгожым фасадам, які так і цягне сфатаграфаваць і выкласці здымкі куды-небудзь у сацсеціва. І тады гэтыя фоты атрымаюць тысячы лайкаў. Але тыя, хто іх ставяць, не адчуюць смурод з далёкіх пакояў» (Уладзіслаў Каташук, 01.08.2018)

«[У параўнанні з брэжнеўскім СССР] якасць унутранай і знешняй палітыкі, якасць дзяржаўнага кіравання засталася ў цэлым на ранейшым узроўні, калі не пагоршылася. Зрабілі больш эфектным фасад, затое стала больш брыдка там, дзе наўпрост не відаць» (Аляксандр Бур’як, 24.08.2018).

«У доўгай перспектыве выйграе той, хто шмат не хлусіць. У кароткай перспектыве можны выйграць гэтыя канкрэтныя выбары, можна дабіцца гэтай канкрэтнай пасады, можна колькі-та часу ўседзець на гэтай пасадзе. Але ў цэлым палітычная тэндэнцыя перамагае тая, якой уласцівая блізіня да рэальнасці, якой уласцівая адказнасць» (Сяргей Пархоменка, 21.08.2018).

Вольф Рубінчык, г. Мінск

27.08.2018

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 27.08.2018  23:43