Tag Archives: иврит в Беларуси

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (55)

Цёплы (+18 паводле Цэльсія) шалом пасля незразумелага майскага снегу! Ажыла прырода, адгрымелі фанфары Дня Перамогі, Лаг ба-Омер падкраўся непрыкметна.

9 мая традыцыйную цырымонію на «Яме» вёў новы старшыня Саюза беларускіх яўрэйскіх грамадскіх аб’яднанняў і абшчын Уладзімір Чарніцкі. Здаецца, у цэлым усё было няблага, з удзелам новага ж ізраільскага пасла… Гэта праўда, што без пары прамоў можна было абысціся. Свята «са слязьмі на вачах» атрымалася, я не адчуў «победобесия», пра якое тут разважае экс-дэпутат Вярхоўнага Савета Павел З. Дальбог, мне няўцям, чаму не варта адзначаць 9 мая ў Беларусі. Няўжо толькі таму, што гэты дзень адзначаюць Лукашэнка ды Пуцін? Дык ім уласціва і дыхаць – нам перастаць дыхаць паветрам?

Агулам людзей да «Ямы» прыйшло багата (ажно вышэйзгаданы пасол здзівіўся), але ветэранаў было ўжо зусім мала. Напярэдадні ў сталіцы памёр Міхаіл Трэйстэр, ураджэнец Віцебска, былы вязень Мінскага гета і канцлагера СС на вул. Шырокай, партызан… Ён пражыў 90 гадоў і 1 дзень. Не раз сустракаў М. Т. на Інтэрнацыянальнай, 6 у памяшканні МОЕКа яшчэ ў 1990-х гадах, бачыліся і пазней, размаўлялі па тэлефоне. Казаў, што газета «Анахну кан» патрэбная, на фельетон пра 12 віцэ-прэзідэнтаў (апублікаваны ў пілотным выпуску) адгукнуўся так: «Считай, что мне понравилось», хоць сам быў сярод гэтых «віцэ». За словам у кішэнь старшыня Беларускай асацыяцыі яўрэяў – былых вязняў гета і канцлагераў ніколі не лез, і нездарма яго вершыкі-«матрэйкі» выйшлі асобнай кніжкай. Працытую парачку паводле газеты «Авив» (№ 3-4, 2002), дзе Міхаіл Абрамавіч з лета 2004 г. быў членам рэдкалегіі:

ПЛАТНОМУ ПАТРИОТУ

Бесплатно чти народ свой и конфессию

И будешь Богу во стократ любезней;

Но тот, кто превратил любовь в профессию,

Рискует заболеть дурной болезнью.

ПОЭТ В РОССИИ

Поэт в России – больше, чем поэт,

Но тех, кто «больше», там сегодня нет,

А если правду говорить об этом,

Остались те, кто меньше, чем поэты.

Яшчэ россып «матрэйкаў» (матрэек?) плюс сяброўскі шарж на іх аўтара можна ўбачыць тут.

Дзіўна, але факт: апошнім часам ёсць што пачытаць і ў газеце «Берега», якая знаецца на перадруках з расійскіх, беларускіх і ізраільскіх сайтаў. У красавіцкім нумары: «З 4 па 7 верасня плануецца арганізаваць семінар Цэнтра мовы і культуры ідыш пры Сусветным яўрэйскім кангрэсе для дзеячаў у галіне яўрэйскай адукацыі з Беларусі. Паведаміць пра сваё жаданне быць удзельнікам семінара вы можаце па адрасе: iro.belarus@yandex.by або па тэл. +375(29)1938910». Можа, трох-чатырохдзённы семінар акурат станецца той іскрай, з якой разгарыцца полымя… Так ці іначай, я не назіраю іншых крокаў у бок заснавання вышэйшых курсаў ідыша ў адным з беларускіх гарадоў (ідэя была агучана амаль год таму, у 15-й серыі «Катлет & мух»).

У красавіцкім жа выпуску «Берегов» – развагі старшыні тутэйшага Іудзейскага рэлігійнага аб’яднання Рыгора Хайтовіча пра «кансалідацыю» яўрэйскай абшчыны ў Беларусі. На гэтую тэму ён разважаў і 4 гады таму, калі мы пазнаёміліся ля «Ямы» (тады бізнэсмен Хайтовіч быў яшчэ намеснікам Юрыя Дорна), а сёлета падрыхтаваў цэлую «праграму». Мяркую, некаторыя тэзісы вартыя перакладу на беларускую ды цытавання:

Выступаю за абмежаванне знаходжання на пасадзе Старшыні [Cаюза бел. яўр. грамадскіх аб’яднанняў і абшчын] двума тэрмінамі: гэта не пажыццёвая пасада, кіраўнік павінен рэальна планаваць свае дзеянні на ёй. Адной з маіх прапаноў была арганізацыя пошуку абшчын-пабрацімаў для нашых арганізацый – амерыканскія і еўрапейскія яўрэі могуць аказаць ім адрасную дапамогу, але ў гэтым можа і павінен дапамагчы Саюз…

У Беларусі можна было б стварыць Усебеларускі яўрэйскі кангрэс паводле расійскага ўзору (Расійскі яўрэйскі кангрэс). У яго ўвайшлі б найбольш аўтарытэтныя і ўплывовыя яўрэі…

Тыя, хто не з’ехаў і захаваў яўрэйскую ідэнтычнасць тут, у Беларусі – наколькі яны ўключаны ў жыццё яўрэйскіх арганізацый?.. Многія ўваходзяць у тыя ці іншыя структуры, час ад часу звяртаюцца да нас з рознымі пытаннямі і просьбамі, але сярэдні ўзрост членаў арганізацый можа перавышаць 60.

Карпаратыўныя інтарэсы асобных структур не заўсёды і не ва ўсім супадаюць з агульнаяўрэйскімі, нават у пытанні аб кансалідацыі. Яе ў Беларусі хутчэй няма…

Мяркую, гэты «маніфест» ад Хайтовіча заслугоўваў вышэйшай ацэнкі, чым выстаўленая на з’ездзе СБЯГА 9 красавіка (яго аўтар, прэтэндуючы на пасаду старшыні, сабраў толькі 6 галасоў дэлегатаў; Галіна Левіна – 22 галасы, Уладзімір Чарніцкі – 48). Большасць, відаць, па-ранейшаму жыве сённяшнім днём, не будуе перспектываў і на наступны год, не тое што на 2037-ы. А некаторыя зацыкленыя на мінулым – на «залатым веку» з мястэчкамі, кагаламі і прыкагалкамі…

Яшчэ ў свежых «Берегах» – цікавы артыкул кандыдаткі гістарычных навук Іны Герасімавай «Мястэчка Калінкавічы ў гісторыі сіянізму», раздзел з будучай кнігі. Засмуціла рэмарка: «© Цытаванне і выкарыстанне гэтага артыкула толькі з дазволу аўтара!» Паводле закона РБ ад 17.05.2011 г. аб аўтарскім праве і сумежных правах (арт. 36, п. 2), «Артыкулы… правамерна апублікаваныя ў зборніках, а таксама газетах, часопісах і іншых друкаваных сродках масавай інфармацыі, … могуць быць узноўлены шляхам рэпрадуктавання і іншага ўзнаўлення ў адукацыйных і даследчых мэтах».

«Шляхам рэпрадуктавання»

Мне цяжка ўявіць сабе іншыя мэты выкарыстання артыкула пра сіяністаў пачатку мінулага стагоддзя, акрамя як адукацыйныя і даследчыя. Дазволю сабе праігнараваць «забарону» і працытаваць колькі сказаў з тэкста І. Герасімавай у перакладзе на беларускую: «У канцы ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя лідэрам яўрэйскай моладзі, вядомай асобай сярод яўрэйскіх настаўнікаў не толькі ў мястэчку, але і ў Маскве і Пецярбургу, становіцца пісьменнік і настаўнік іўрыта Ёсеф-Хаім Дарожка… Ён нарадзіўся ў 1869 годзе ў Калінкавічах і памёр там сама ў 1919 годзе… З імем Дарожкі звязана арганізацыя новай яўрэйскай школы ў Калінкавічах, дзе вывучаўся іўрыт. Такая школа была адчынена ў 1911 годзе, крыху раней быў створаны яўрэйскі дзіцячы сад, дзе з дзецьмі таксама займаліся іўрытам… У канцы 1911 года ў школу прыехалі выкладаць маладыя настаўнікі, якія скончылі Гродзенскія настаўніцкія курсы: Якаў Бодас, Аўрагам Слуцкі, Сара Мендліна».

Цешыць, што І. Г., дасягнуўшы паважнага ўзросту, не закінула творчасці нават пасля эміграцыі з Беларусі ў Германію (2012). Пад канец 2016 года ў Маскве выйшла яе кніга «Марш жизни. Как спасали долгиновских евреев», прысвечаная, як няцяжка здагадацца, подзвігу палітрука-партызана Мікалая Кісялёва, які ў 1942 г. вывеў з наваколля Даўгінава на тэрыторыю Расіі звыш 200 яўрэяў (старых, жанчын, дзяцей). У верасні 2005 г. Кісялёву пасмяротна надалі званне «Праведнік народаў свету». У мінулым стагоддзі «Яд Вашэм» практычна не ганараваў такім званнем службоўцаў Чырвонай арміі, бо лічыў, што ратаваць яўрэяў на акупаванай тэрыторыі ўваходзіла ў іх абавязкі (з гэтай прычыны было адмоўлена ў хадайніцтвах на карысць камандзіра атрада імя Шчорса Паўла Пранягіна). Тое, што ўрад праз Беларускі штаб партызанскага руху ў студзені 1943 г. выпісаў Кісялёву прэмію за паспяховы марш праз усю Віцебшчыну (800 рублёў), таксама магло зашкодзіць прысваенню звання. Але ж «Яд Вашэм» прыняў рашэнне, запісаўшы, што ўрад ніяк не заахвоціў героя за подзвіг.

Азнаямляльны фрагмент кнігі І. Герасімавай даступны, напрыклад, тут. Кніга каштоўная яшчэ і тым, што дадаткова развейвае міф пра татальны няўдзел беларусаў у вынішчэнні яўрэяў. У той жа час і ў самой кнізе, і на гэтым дзіўнаватым сайце трохі навязліва гучаць заявы пра тое, што І. Г. – «першаадкрывальніца» тэмы. Безумоўна, Іна Паўлаўна шмат зрабіла для яе распрацоўкі, знайшла некаторых уратаваных, дакументы, але першым у найноўшы час пра подзвіг Кісялёва, прычым досыць падрабязна, распавёў усё-такі Аркадзь Тэвелевіч Лейзераў, доктар юрыдычных навук (1922–2007). У газеце «Авив» за ліпень 2000 г.

Тая самая публікацыя

Міжволі запрасіў чытачоў на «мерапрыемства» ў музеі Вялікай Айчыннай вайны 22 мая (прэзентацыю вышэйназванай кнігі). Што ж, такая, відаць, мая планіда ў гэтай серыі – даваць анонсы. Дык вось, у Акадэміі музыкі намячаецца канцэрт украінскіх музыкаў пад кіраўніцтвам польскага дырыжора…

Канцэрт цікавы і тым, што на ім будзе выконвацца сачыненне нашага даўняга знаёмца Дзмітрыя Лыбіна «Подых восені».

Нядаўна мяне «з залы» крытыкавалі за тое, што не вельмі добра стаўлюся да белапазіцыі. Па-першае, мне не ў кайф само слова «апазіцыя»: прымаючы яго, апаненты рэжыму заранёў згаджаюцца, што іх меншасць. Па-другое, з пераважнай большасцю публічных асоб, якія прэтэндуюць на тое, каб стаць альтэрнатывай клану Лукашэнак, у мяне чыста музычныя рознагалоссі… Звычайна гэтыя асобы проста не трапляюць у такт: маўчаць, калі трэба гаварыць, гавораць, калі трэба дзейнічаць, мітусяцца, калі трэба падумаць. Скандал вакол «Хартыі» і «Беларускага дома» – новае пацверджанне. Сумна, што цяпер ужо двое кандыдатаў у прэзідэнты 2010 г. выракліся сваіх начальнікаў штабоў (у 2015 г. Някляеў зганіў Андрэя Дзмітрыева, сёлета Саннікаў – Уладзіміра Кобеца). Калі палітык не здольны падабраць сабе надзейны штаб, як жа ён краінай будзе кіраваць?

Цікавыя норавы не толькі на істэрычнай «Хартыі», а і на больш прыстойным «Белпартызане»: частковы рэрайтынг майго тэкста detected. Гл., напрыклад, пасажы пра Кнэсет i навукаёмістасць 🙂

Анансаваць дык анансаваць. Грамадзяне Украіны, здаецца, праз месяц здолеюць-такі ездзіць у Еўрапейскі Саюз без віз – праўда, толькі носьбіты біяметрычных пашпартоў, а за іх трэба плаціць па 30 еўра. Беларусі разняволенне ўласных грамадзян даецца яшчэ больш складана… Затое ў Мінску 30 мая пачнецца чэмпіянат Еўропы па шахматах з сотнямі ўдзельнікаў (і ўдзельніц)! Найлепшы беларускі ігрок Сяргей Жыгалка з ELO 2639 у рэйтынг-спісе толькі 51-ы, і наўрад ці здолее паўтарыць поспех Аляксея Аляксандрава, які ў 2000 г. стаў віцэ-чэмпіёнам Еўропы. З Ізраіля прыедзе звыш дзясятка гросмайстраў і майстроў, у тым ліку такія мацакі, як Максім Радштэйн, Ілья Смірын, Эміль Сутоўскі… Будзе на што паглядзець.

У гэтым жа месяцы мае быць падрыхтаваная і стужка пра беларускіх пісьменнікаў, забітых у Мінску-1937. Маладыя людзі з Акадэміі мастацтваў (рэжысёр, сцэнарыстка, аператарка) пакажуць родныя месцы творцаў, дадуць гледачам паслухаць урыўкі з вершаў і меркаванні сучасных жыхароў Беларусі пра «нерасстраляную літаратуру». Сярод чатырох паэтаў, выбраных для фільма, двое пісалі на ідышы: Майсей Кульбак, Ізі Харык. Дэманстрацыі стужкі чакаю нават з большым нецярпеннем, чым чэмпіянату кантынента па шахматах 🙂

Канкурэнцыя Беларусі з Ізраілем на конкурсе песні «Еўравізія-2017» прывяла да таго, што 13 мая «сінявокая» заняла ў фінале 17-е месца, а «жорсткавыйны» – 23-е (з 26). Напэўна, варта было спевакам паяднацца і выставіць адзіную беларуска-яўрэйскую песню, яна б каціравалася вышэй. З аднаго боку, «Еўравізія» – шумнае, неабавязковае шоу. З другога… «калі зоркі запальваюць…» Ну і г. д.

Вольф Рубінчык, г. Мінск

14.05.2017

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 15.05.2017  02:11

Л. Лавреш. Лидская школа «Тарбут»

(под оригиналом – перевод на русский)

Леанід Лаўрэш

Лідская Тарбут-школа

Я больш за 15 гадоў хацеў даведацца, якому будынку належала дзіўная сцяна (падобная на барочную), якая стаяла ў цэнтры горада і да якой быў прылеплены сціплы будынак 1950-х гг. У 2001 г. першай лічбавай камерай, якая патрапіла мне ў рукі, я зрабіў здымак гэтай сцяны, з тых часоў яна не змянілася, толькі сцяну разам з будынкам адрамантавалі і пафарбавалі ў іншы колер. А да рамонту заходні край сцяны знізу не меў тынку і была добра бачна цэгла, адну я нават выняў і патрымаў у руках. Гэты была вялікапамерная гладкая цэгла даўжынёй прыкладна 30 см. На жаль, я не зрабіў абмеру цэглы.

І толькі нядаўна, пад час аналізу пабудоў старога цэнтра горада пры стварэнні 3D-мадэлі, гэтую загадку праясніў мой добры знаёмы Віталь Бурак, за што аўтар выказвае яму шчырую падзяку. На гэты месцы, па вуліцы Садовай з 1920-х гг. знаходзілася лідская Тарбут-школа другой ступені. Тарбут (іўр. – культура) – яўрэйская свецкая асветніцка-культурная арганізацыя, пад эгідай якой у перыяд паміж дзвюма сусветнымі войнамі была створана сетка свецкіх адукацыйных устаноў на іўрыце.

Яўрэйская свецкая Тарбут-школа ў горадзе стала выконвала ролю культурнага цэнтра. У канцы кастрычніка 1931 года ў «яўрэйскай школе Тарбут” па вуліцы Садовай лектарам з Вільні быў зачытаны рэферат на тэму гісторыі сіянізму за апошнія 50 гадоў. Падчас дыскусіі абмяркоўваліся яўрэйска-арабскія стасункі ў Палесціне і справы каланізацыі. Прысутнічалі 60 чалавек – у большасці яўрэйская моладзь з сіянісцкіх арганізацый». 26 ліпеня 1932 года ў зале Тарбут-школы (вуліца Садовая, 11) адбыўся сход навуковага яўрэйскага таварыства горада Ліды. Была абрана новая ўправа таварыства ў складзе Гірша Палячака, Абрама Гурвіча, Адольфа Левінсона, Гірша Альпяровіча і Ільі Зайгера, а таксама рэвізійная камісія. У 1933 годзе заснаваны гістарычны камітэт, які збіраў матэрыялы па гісторыі лідскіх яўрэяў для выдання манаграфіі, аднак гэтая праца не была выканана да канца.

Па адрасе Садовая, 11 знаходзіўся пляц вядомай і разгалінаванай лідскай сям’і Ілютовічаў. Якаў Ілютовіч пісаў: «Мой бацька Ерамія Ілютовіч па сваёй маці належаў да сям’і Пупко-“Ханчыкаў”, ад імя заснавальніка сям’і, чыё імя было Хана. Усе Ханчыкі мелі вялікую вагу ў справах кагалу. З-за свайго радаводу мой бацька нават змог выслізнуць ад каманды лаўцоў рэкрутаў, якія павінны былі выхапіць яўрэйскіх дзяцей у салдаты на 25 гадоў… Калі мой бацька быў яшчэ толькі маленькім хлопчыкам, ён зімовым вечарам выйшаў з ешывы, дзе вучыўся. Раптоўна каманда лаўцоў, якая толькі што ўвайшла ў горад, акружыла яго. Мясцовы паліцэйскі, які прымаў удзел у хапуне, асвятліў яго твар ліхтаром, і сказаў: “Адпусціце яго. Ён адзін з Ханчыкаў”».

Якаў Ілютовіч быў адным з заснавальнікаў сіянісцкага руху ў Лідзе. Самі сіяністы лічылі, што самае галоўнае яны зрабілі ў сферы адукацыі – іхнім ідэалам была поўная яўрэйская школа. Піянерамі яўрэйскай школы ў Лідзе былі малады студэнт Матат’я Рубін, сын Рубы-Ханы Рубін, і яго будучая жонка Нойта, да замуства – Рабіновіч. Яны першымі адкрылі клас на іўрыце. У іх не было грошай на арэнду памяшкання, і яны з адабрэння папячыцеляў сінагогі вучылі ў пакоі для абслугоўваючага персаналу пры малельным доме канторы пахаванняў. З гэтага вырасла школа на іўрыце, якая вучыла да 6-га класа па праграме гімназіі. Далей павышаць узровень адукацыі не дазволілі фінансавыя абмежаванні, бо асноўныя высілкі засяроджваліся на ўмацаванні становішча класаў Народнай школы для непісьменных.

Такім чынам, можна з адноснай упэўненасцю сказаць, што ў Лідзе захавалася сцяна малельнага дома пры канторы пахаванняў Ілютовічаў. Гэтая сцяна былой сінагогі – адзінае, што засталося ад пабудоў старога цэнтра горада. Дырэктарам Тарбут-школы быў Ханан Ілютовіч. Яе наведвала 500 вучняў, у канцы 1930-х стары будынак стаў замалы, і яўрэйская грамада пачала будаваць трохпавярховую новую Тарбут-школу ў іншым раёне горада, гэты гмах захаваўся да нашага часу.

Сцяна малельнага дома мае рысы, характэрныя для сінагог Беларусі. Асабліва яна нагадвае так званую «халодную» сінагогу ў Менску, якая з’явілася ў XVІІ ст. «Халодная» сінагога на былой вуліцы Школьнай – невялікі па аб’ёму будынак, доўгі час яна з’яўлялася адной з самых старых мураваных пабудоў у горадзе. Некаторыя даследнікі лічаць, што спачатку гэта была капліца Петрапаўлаўскага манастыра. Аднак да XІX ст. бажніца належала яўрэйскай грамадзе. У 1965–1966 гг. пад час разбурэння гістарычнай забудовы вуліцы Нямігі будынак сінагогі быў знішчаны.

Цікава, што вуліца Садовая ў Лідзе, па якой знаходзілася Тарбут-школа, з’явілася толькі пасля вялікага пажару 1891 г., яна была прарэзана ад галоўнай Сінагогі да вуліцы Каменскай. На ўсім участку, дзе яна ішла, раней быў вялікі фруктовы сад, які належаў фармацэўту Юстыну Шымкевічу. За плотам з невялікіх драўляных пралётаў, стаяла аптэка фармацэўта і яго дом. Пасля пажару фармацэўт страціў сад і прадаў свой участак для забудовы яўрэям. У 1899 г. Шымкевіч атрымаў 35 рублёў за зямлю, якая адчужалася ў яго для правядзення Садовай вуліцы. А пасля пажару 1941 г. вуліца знікла.

Для нашага горада гэты адзіны парэштак «затануўшай Атлантыды» яўрэйскага свету, ён мае культурнае значэнне, і трэба думаць пра ахову яго дзяржавай.

***

Перевод

Более 15 лет я хотел узнать, какому зданию принадлежала странная стена (похожая на барочную), которая стояла в центре города и к которой было прилеплено скромное здание 1950-х гг. В 2001 г. первой цифровой камерой, попавшей мне в руки, я сделал снимок этой стены, с тех пор она не изменилась, только стену вместе со зданием отремонтировали и покрасили в другой цвет. А до ремонта западный край стены снизу не имел штукатурки и были хорошо видны кирпичи, один я даже вынул и подержал в руках. Это был большого размера гладкий кирпич длиной примерно 30 см. К сожалению, я не сделал обмер кирпича.

И только недавно, во время анализа построек старого центра города при создании 3D-модели, загадку прояснил мой хороший знакомый Виталий Бурак, за что автор выражает ему искреннюю благодарность. На этом месте по улице Садовой с 1920-х гг. находилась лидская Тарбут-школа второй ступени. Тарбут (ивр. – культура) – еврейская светская просветительско-культурная организация, под эгидой которой в период между двумя мировыми войнами была создана сеть светских образовательных учреждений на иврите.

Еврейская светская Тарбут-школа в городе постоянно исполняла роль культурного центра. В конце октября 1931 года в «еврейской школе “Тарбут” по улице Садовой лектором из Вильнюса был зачитан реферат на тему истории сионизма за последние 50 лет. Во время дискуссии обсуждались еврейско-арабские отношения в Палестине и дела колонизации. Присутствовали 60 человек – в большинстве еврейская молодежь из сионистских организаций». 26 июля 1932 года в зале Тарбут-школы (улица Садовая, 11) состоялось собрание научного еврейского общества города Лиды. Было выбрано новое правление общества в составе Гирша Полячека, Абрама Гурвича, Адольфа Левинсона, Гирша Альперовича и Ильи Зайгера, а также ревизионная комиссия. В 1933 году был основан исторический комитет, который собирал материалы по истории лидских евреев для издания монографии, однако эта работа не была выполнена до конца.

По адресу Садовая, 11 находился участок известной и разветвленной лидской семьи Илютовичей. Яков Илютович писал: «Мой отец Иеремия Илютович по своей матери принадлежал к семье Пупко-“Ханчиков”, от имени основателя семьи, чье имя было Хана. Все Ханчики имели большой вес в делах кагала. Из-за своей родословной мой отец даже смог ускользнуть от команды ловцов рекрутов, которые должны были захватить еврейских детей в солдаты на 25 лет… Когда мой отец был еще маленьким мальчиком, он зимним вечером вышел из иешивы, где учился. Внезапно команда ловцов, только что вошедшая в город, окружила его. Местный полицейский, который принимал участие в облаве, осветил его лицо фонарем, и сказал: “Отпустите его. Он один из Ханчиков”».

Яков Илютович был одним из основателей движения сионистов в Лиде. Сами сионисты считали, что главное они сделали в сфере образования – их идеалом была полная еврейская школа. Пионерами еврейской школы в Лиде были молодой студент Мататья Рубин, сын Рубы-Ханы Рубин, и его будущая жена Нойта, до замужества – Рабинович. Они первыми открыли класс на иврите. У них не было денег на аренду помещения, и они с одобрения попечителей синагоги учили в комнате для обслуживающего персонала при молельном доме конторы захоронений. Из этого выросла школа на иврите, которая учила до 6-го класса по программе гимназии. Дальше повышать уровень образования не позволяли финансовые ограничения, так как основные усилия сосредоточивались на укреплении положения классов Народной школы для неграмотных.

Таким образом, можно с относительной уверенностью сказать, что в Лиде сохранилась стена молельного дома при конторе захоронений Илютовичей. Эта стена бывшей синагоги – единственное, что осталось от построек старого центра города. Директором Тарбут-школы был Ханан Илютович. Ее посещало 500 учеников, в конце 1930-х старое здание стало маловато, и еврейская община начала строить трехэтажную новую Тарбут-школу в другом районе города, это сооружение сохранилось до нашего времени.

Стена молельного дома имеет черты, характерные для синагог Беларуси. Особенно она напоминает так называемую «холодную» синагогу в Минске, которая появилась в XVII в. «Холодная» синагога на бывшей улице Школьной – небольшое по объему здание, долгое время оно являлось одной из самых старых каменных построек в городе. Некоторые исследователи считают, что сначала это была часовня Петропавловского монастыря. Однако до XIX в. молельня принадлежала еврейской общине. В 1965–1966 гг. во время разрушения исторической застройки улицы Немиги здание синагоги было уничтожено.

Интересно, что улица Садовая в Лиде, по которой находилась Тарбут-школа, появилась только после большого пожара 1891 года, она была прорезана от главной синагоги до улицы Каменской. На всем участке, где она шла, ранее был большой фруктовый сад, принадлежавший фармацевту Юстину Шимкевичу. За забором из небольших деревянных пролетов, стояла аптека фармацевта и его дом. После пожара фармацевт потерял сад и продал свой участок для застройки евреям. В 1899 г. Шимкевич получил 35 рублей за землю, которая отчуждалась у него для проведения Садовой улицы. А после пожара 1941 г. улица исчезла.

Для нашего города это единственный из останков «затонувшей Атлантиды» еврейского мира, он имеет культурное значение, и надо думать об охране его государством.

Леонид Лавреш, г. Лида

P.S. Без ссылки на belisrael.info запрещено использовать русский перевод.

Ранее на belisrael.info была опубликована статья Л. Лавреша «Яўрэі Ліды». Он же перевел на белорусский язык статью М. Шимелевича «Яўрэі Шчучына».

Опубликовано 12.05.2017  21:01

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (53)

Сайт belisrael.info неабыякавы да кур’ёзаў… Бабруйская фірма «Чырвоны харчавік» выпусціла разрэкламаваную навінку – зефір з мацовай абсыпкай, 15 штук у каробцы на 249 грамаў, з надпісамі на іўрыце. Чаму б не на ідышы?

Мо варта было б падскочыць у Бабруйск, забраць у фірмы грошы за піяр… Ну ды ладна, матстановішча там і так наўрад ці бліскучае – не было каму падказаць, што 28 красавіка ўжо позна рэкламаваць гэты «ўнікальны прадукт» як «падарунак да Песаха». Хіба што да Пэйсаха-2018? Аднак чаму тады тэрмін захоўвання зефіру толькі 4 месяцы? 🙂

На вул. Дуніна-Марцінкевіча ў Мінску. Гаспадар адмывальні яўна не без гумару…

* * *

Cкора праграма «Вольная Беларусь» (згаданая ў мінулай серыі) адпусціць мяне і тутэйшую палітбагему, ды пакуль не адпусціла. Адзін з аўтараў дакумента, калега Усаў, расхваліў сваё дзецішча ў інтэрв’ю 28.04.2017: «гэтая праграма стала такой папулярнай… праграмы іншых палітычных рухаў былі прывязаныя да канкрэтных палітычных партыяў, а палітычныя партыі ня вельмі папулярныя ў краіне». Падкрэсліў, што «Вольная Беларусь» – «адкрыты праект, і крытычныя моманты, заўвагі будуць улічаныя ў наступнай рэдакцыі праграмы».

Цягне паспрачацца з тым, што праграма «такая папулярная». Сумняюся, што большасць беларусаў за апошнюю дэкаду красавіка нават даведалася пра ініцыятыву Пазняка і яго памочнікаў, не кажучы аб падтрымцы апошняй. Інтэрнэт-хвалі прыходзяць, сыходзяць; масавы «вірусны» прагляд не гарантуе таго, што праз месяц-два віртуальны праект не садзьмецца. Перасцярогай служыць, напрыклад, лёс расійскай спявачкі Алісы В., выканаўцы песні «пра лабутэны», мегапапулярнай на прасторах СНД у пачатку 2016 г. Ужо ў лістападзе на яе канцэрт у Мінску не ламіліся.

Магчыма, разважаючы пра «адкрыты праект», д-р паліталогіі выдае пажаданае за сапраўднае, бо нішто не паказвае на тое, што ён упаўнаважаны выступаць ад імя ўсяго аўтарскага калектыву (амаль 10 чалавек). Паўтаруся – магчыма… Бо наступная заява паказвае, што выдае-такі: «Калі раней… беларусы ня бачылі альтэрнатывы сёньняшняй сыстэме, то гэтая праграма на тэарэтычным узроўні паказвае, што ёсьць альтэрнатыва, шлях і мэханізмы яе дасягнуць».

Чаму праграма не з’яўляецца – і наўрад ці з’явіцца – эфектыўным мабілізацыйным рычагом, крыху пісаў ужо. Асноўная праблема, аднак, не ў «тарашкевіцы» і памылках друку (што паддаецца карэкцыі), дый не ў тым, што першая прэзентацыя кніжачкі прайшла ў Польшчы заміж Беларусі. Праблема ў іншым.

Лейтматыў пераважнай часткі тэксту – змаганне «супраць», а не «за», г. зн. аўтары наступаюць на тыя ж граблі, што і апазіцыя БНФ у Вярхоўным Савеце 25 год таму (тады многім здавалася, што дастаткова скінуць Вячаслава Кебіча, «чырвоных дырэктароў» – і зажывем…) Пачаць з уводзін: «Сельская гаспадарка – калгасная, эканоміка – стратная, тэхналягічна састарэлая, спынілася на савецкім узроўні». «Энэргетычнае забесьпячэньне эканомікі штучна прывязана толькі да рэсурсаў чужой дзяржавы (Расеі)». Нават калі б гэта было на 100% праўдай, лозунгі без канкрэтыкі выклікаюць адштурхоўванне… Аднак ярлык «калгасная» і несправядлівы ў дачыненні да фермераў, якія ўносяць важкі ўклад у беларускую сельгасвытворчасць, і здатны пакрыўдзіць саміх «калгаснікаў» – работнікаў сельскіх унітарных прадпрыемстваў і акцыянерных таварыстваў – бо ў кантэксце яўна паказвае на нешта другараднае… Энергетычнае ж забяспечэнне «прывязана» не толькі да расійскіх рэсурсаў – былі пастаўкі нафты і з Азербайджана, а электраэнергію Беларусь у асноўным вырабляе сама. І г. д.

Досыць рэзкую крытыку ад добразычлівага, у прынцыпе, каардынатара супольнасці хрысціянскіх журналістаў на адрас «рэлігійнага» раздзела праграмы можна пачытаць тут. Максім Г. канстатуе дыскрымінацыйнае стаўленне «Вольнай Беларусі» да праваслаўнай епархіі, і цяжка не згадзіцца з тым, што «вынікам можа стаць рост міжканфесійнай і ўвогуле сацыяльнай напружанасці ў краіне, калі дзясяткі, калі не сотні прыходаў будуць пазбаўленыя сваіх храмаў».

Той «канструктыў», што фігуруе ў праграме (адмова ад «царскіх» паўнамоцтваў прэзідэнта ў Канстытуцыі, узмацненне ролі парламента), істотна псуецца праз агаворкі і спробы тлумачэнняў, «як яно павінна быць насамрэч». На думку аўтараў, у заканадаўчым органе маюць засесці 360 народных прадстаўнікоў, як на пачатку 1990-х. Вядома, у парламенце Францыі аж 577 дэпутатаў (+348 сенатараў), але ж на радзіме Заля і Дэ Голя трохі больш насельнікаў, чым у нас, усяго-та ў сем разоў 🙂 У Ізраілі, з колькасна блізкім да беларускага насельніцтвам (перавысіла 8,65 млн), заканадаўчы орган складаецца са 120 членаў Кнэсета. Мяркую, і ў Беларусі хапіла б 120 дэпутатаў, ну, максімум 150.

Аўтары спасылаюцца на «слабасьць і вынішчэньне палітычнага клясу за часы аўтарытарнай дыктатуры», што нібыта вымагае сфармаваць вялікі «народны парлямант». Між тым іхні довад працуе акурат супраць іх. У Беларусі небагаты вопыт парламентарызму. Да 1991 г. большасць у Вярхоўным Савеце кантралявалася з ЦК КПБ, з 1992 г., пасля некалькіх месяцаў разгубленасці, ёю пачаў апекавацца ўрад Кебіча. «Непаслухмянасць» многіх дэпутатаў да 1996 г. не варта перабольшваць: лік самастойных палітыкаў у Вярхоўным Савеце ніколі не перавышаў 100. Так што і 110 прафесійных дэпутатаў, якія б аргументавана баранілі свае погляды, умелі ісці на кампрамісы etc., у бліжэйшы час нялёгка будзе знайсці. І трэба ж эканоміць рэсурсы… (пагаджуся з планамі скасавання верхняй палаты, амаль бяздзейнага «Савета рэспублікі»).

«Фішка» праекта – адмова ад абласнога і раённага падзелу Беларусі, пераход на ваяводствы і паветы cа зменай межаў. Ідэя, мякка кажучы, няўчасная… Зараз сілы, альтэрнатыўныя лукашэнкаўскай «вертыкалі»,  расцярушаны; у Мінску, іншых буйных гарадах яшчэ можна казаць пра «грамадзянскую супольнасць», а шмат дзе «на месцах» – на жаль… У райцэнтрах ды невялікіх паселішчах актывістаў лягчэй маргіналізаваць… Карацей, ёсць у Беларусі раёны, дзе даўно не бачылі жывога «бээнэфаўца». У гэткіх умовах новая ўлада сутыкнецца з тым, што ў рэгіянальныя органы ўлады пасля «люстрацый» праточацца людзі малакампетэнтныя, і на нейкі час узнікне крызіс кіравання. Калі ж яшчэ памяняць межы адміністратыўных адзінак, то верагоднасць хаосу павялічыцца ў разы. І каму тое выгадна?..

Дэкларатыўным і занадта сціслым – на адну старонку – выйшаў параграф «Навука, культура». Мала ў наш прагматычны час паабяцаць: «Прыярытэт акадэмічных дасьледваньняў будзе скіраваны на разьвіцьцё фундамэнтальнай навукі і новых тэхналёгіяў», варта ўдакладніць, якія сферы маюцца на ўвазе… І няма ў гэтым параграфе разлікаў, худа-бедна зробленых у раздзелах «Адукацыя», «Палажэнні сацыяльнай палітыкі», «Войска. Абарона». Колькі ж працэнтаў ад ВУП/бюджэту пойдзе на навуковыя даследаванні? Ужо і акадэмік, старшыня рэспубліканскага фонда адзначае, што «ў Беларусі невялікая навукаёмістасць ВУП. Так, у краінах з развітай эканомікай гэтая доля перавышае 3%. У Беларусі ж гэтая лічба звыш 20 гадоў не перасягае 1%. У такіх умовах, лічыцца, навука не можа ўплываць на эканоміку». Няўжо Зянон П. следам за загадчыкам кафедры ў Акадэміі кіравання Сяргеем К. (хутчэй ідэолагам, чым навукоўцам) верыць, што маладых даследчыкаў можна ўтрымаць у краіне і навуцы дзякуючы «патрыятычным» пропаведзям?

* * *

Хто радуе, дык гэта Беларуская чыгунка, дакладней, яе мінскае аддзяленне. Летась некаторыя надпісы на дэкаратыўнай канструкцыі (уваход у залу чакання сталічнага вакзала) былі выкладзены з памылкамі. Пасля зваротаў у канцы сакавіка – пачатку красавіка 2017 г. усе дзесяць памылак тыпу «КарЕлічы» і «ФаніпОль» выправіліся цягам месяца – а гэта ж не папяровую раздрукоўку памяняць, там мастацкая праца… Павага майстрам-скульптарам і іхняму куратару Грыбанаву Івану Іванавічу, намесніку начальніка аддзялення.

Як было 25.04.2017 і стала 30.04.2017

Вось тое, што 24.04.2017 сфоткаў на выездзе са Шчучына Гродзенскай вобласці (і ўездзе на вул. Пушкіна):

Можа, гэтую недарэчнасць (у беларускай мове няма літары «Щ») адпаведныя службы прыбяруць яшчэ да афіцыйнага звароту?

А тут – «усяго» тры памылкі на афіцыйным бланку. Хіба толькі ў асобна ўзятым раёне такое? Хацелася б верыць.

Нямала прыкладаў чынавенскай непісьменнасці сабраў і апублікаваў гомельскі актывіст Ігар С. Каб даць рады, ён прапануе заснаваць у Беларусі «моўную інспекцыю» пад дахам міністэрства адукацыі. Помню, з аналагічнай ідэяй на пачатку 1990-х насіўся дэпутат Яўген Цумараў, а Сямён Букчын кпіў з яго. Дарма што далёка не Букчын, лічу прапанову… не тое што бессэнсоўнай або звышнебяспечнай, а рызыкоўнай. Кантрольныя органы ў сучаснай Беларусі імкнуцца да пашырэння сваіх паўнамоцтваў за кошт правоў чалавека, да ператварэння ў карныя – раз. З цяперашняй сістэмай падбору кадраў у інспекцыю трапілі б, хутчэй за ўсё, «знаёмыя знаёмых», а не кваліфікаваныя юрысты і лінгвісты – два. Аб’ектыўна, дзяржава, змагаючыся за пісьменнасць, мусіць найперш звяртаць увагу не на цэтлікі, а на дзіцячыя садкі/школы/універсітэты – тры.

Іншымі словамі, я аддаю перавагу дэцэнтралізаваным рухам: канструктыўнай крытыцы, калі гэта магчыма (як у выпадку з чыгункай), або высмейванню малапісьменных «слуг народа». А таксама самадасканаленню, бо маральна цяжка патрабаваць пісьменнасці ад іншых, калі сам усцяж прапускаеш «ляпы».

Практычна не сачу за тым, што кажа/піша Ірына Хакамада (усё ж яна ў сваёй краіне, мы ў сваёй), але надоечы натрапіў на інтэрв’ю, насычанае цікавосткамі. Прынамсі высвятліў для сябе, чаму вострая на язык Ірына сышла з палітыкі… Калі Святлана Алексіевіч запросіць яе ў свой «інтэлектуальны клуб», як мерылася, то можна будзе падтрымаць суму маналогаў дыялог.

Я не хаджу туды, дзе няма перспектыў, калі ад цябе нічога не залежыць.

Лібералы – не тыя, хто супраць дзяржавы. Лібералы тыя, хто лічыць, што мусіць быць акрэсленае функцыянальнае раздзяленне ролі дзяржавы ў эканоміцы (мабыць, мела на ўвазе, што дзяржава павінна ведаць межы ўмяшання ў эканоміку. – В. Р.)

Большасць расійцаў – побытавыя лібералы. Таму што адсутнасць дзяржаўнай дапамогі пачала рабіць вельмі незалежнымі, схільнымі да рызыкі і адказнымі… Што да палітычнага лібералізму, то іх [лібералаў] вельмі мала, гэта проста 0,2%… Там, наверсе, арыентуюцца толькі на большасць.

Пэўны песімізм прасочваецца ў І. Х. – дама дагэтуль перажывае, што была толькі «маленькім міністрам», а не віцэ-прэм’ерам. Адчуваю, што ў Беларусі прыхільнікаў ліберальнай мадэлі не 0,2% – можа, у сто разоў больш. Іх і ў Расіі не бракуе. Пытанне ў тым, як канвертаваць прагу побытавых выгад у дасягненне палітычных свабод…

Свежая прычына для ўцехі – беларускі суд, самы гуманны ў свеце. 27 красавіка суддзя Аляксандр Петраш адмовіўся караць турмой (нават і «хіміяй») мясцовага перформера ад анархізму Вячку Касінерава. За пятлю на статуі гарадавога – 5 базавых, або каля 60 USD, яшчэ прымальна. Ці не?.. З падсудным не знаёмы, сам са скульптурамі не ваюю, ды матывы яго ўчынку зразумець няцяжка. Дапраўды, абышлася б сталіца без гэткага «сімвала стабільнасці».

Вольф Рубінчык, г. Мінск

30.04.2017

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 30.04.2017  18:58