Tag Archives: Иосиф Середич

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (68)

Проста шалом. Год завяршаецца, хто толькі не падводзіць вынікі (або падвёў ужо). Закарцела прапанаваць і ўласныя, катлетна-мушыныя развагі.

У 2017-м стаў сведкам – ці нават удзельнікам – некалькіх лакальных перамог. У публічных месцах краіны (папр-р-рашу не блытаць з бардэлямі) пабольшала пісьменных надпісаў. Выпадак з вакзалам раскрыўся ў красавіку, а ўвосень выправілі і паказальнік на паўднёвым выездзе са слаўнага горада Шчучына, што ў Гродзенскай вобласці.

Было 24.04.2017 і стала 07.10.2017 (слушна праз «Шч»)

Як і многія ў Мінску, спрабую прайсці паміж Сцылай згодніцтва з уладамі і Харыбдай адмаўлення ад кантактаў. На мой одум, асцярожна супрацоўніцаць з мясцовымі адміністратарамі для ліквідацыі «рэзруху ў галовах» – гэта нічога, гэта кашэрна, абы застацца сабой. Не ўсе чыноўнікі – боўдзілы, як і не ўсе грамадскія актывісты – супергероі (тут я ступаю на тэрыторыю Кэпа Відавочнага…). Пісаў ужо, што ад некаторых работнікаў дзяржустаноў бачыў больш дабра, чым ад «блізкіх» прадстаўнікоў «трэцяга сектара». Шкада, вядома, калі пад удар трапляюць карысныя ініцыятывы, але ў нечым разумею Еўрапейскі Саюз, які скараціў фінансаванне мясцовых хітрых канторак… Адна з іх, што месяц таму быццам бы правяла «тыдзень асветніцкіх дзеянняў супраць фашызму і антысемітызму», нават не пажадала прыслаць прэс-рэліз, дый проста адказаць на мой запыт.

На стагоддзе расійскай рэвалюцыі ў Беларусі «нацыянальнага круглага стала», пра неабходнасць якога так доўга гаварылі бальшавікі Сярэдзіч і Со., не адбылося, quod erat demonstrandum. Агулам, газета, якой звыш 20 год кіруе ініцыятар «рыцарскай сустрэчы», дэградуе ўсё болей… На старонцы «акына» Бараніча падрабязна расказана, як «НВ» разам з іншымі «змагарамі за свабоду слова» падцерла звесткі пра затрыманне і адседку ў 2015 г. небезвядомага айцішніка Віктара Пракапені. Ну дзіва што, пасля адседкі таварыш зрабіўся ледзь не даверанай асобай гаспадара «Чырвонага дома»! Кажуць, «дэкрэт № 8» пра блокчэйн, майнінг і токены – заслуга былога вязня… Нормы ўступяць у сілу толькі праз тры месяцы, але офіс падпісанта ўжо хваліцца, што «дакумент… дае сур’ёзныя канкурэнтныя перавагі краіне ў стварэнні лічбавай эканомікі ХХІ стагоддзя».

І тэкст, і кантэкст дакумента, і кадры, якія да яго спрычыніліся – усё дае падставы засумнявацца, што ў Беларусі рэальна будуць істотныя перавагі. Хутчэй за ўсё, мы чуем «размовы на карысць бедных» і назіраем чарговую піяр-акцыю… Ну, а парк высокіх тэхналогій у Мінску, тэрыторыя якога пашыраецца аж на 10% (да 55 гектараў), становіцца чымсьці накшталт сярэдневечнага яўрэйскага гета. Туды запрашаюць спецыялістаў з усяго свету, вабячы іх падатковымі ды іншымі льготамі аж да 2049 г., аднак, здаецца, у яўрэяў Сярэдневякоўя аўтаноміі было паболей… Напрыклад, персанальны склад Назіральнай рады («юдэнрата»?) зацвярджаецца прэзідэнтам. Адміністрацыя ПВТ апісваецца ў дэкрэце як «дзяржаўная ўстанова»… карацей, усё пад кантролем. Рэзідэнты ПВТ маюць пэўны імунітэт ад рэпрэсіўнай сістэмы РБ, але пастка ў тым, што радзе, згодна з Палажэннем, лёгка пазбавіць фірму або ІП статуса рэзідэнта – і тады «шчасліўчыка» запакуюць па поўнай, у тым ліку і падатковыя органы.

Так жартуны малююць «біткойн па-беларуску»

Калі вы – патэнцыйны кліент ПВТ, майце на ўвазе: я не выступаю ні за, ні супраць вашага далучэння да спісу рэзідэнтаў, у якім амаль 200 радкоў… «Думайце сами, решайте сами» (С). Проста ўпаўнаважаны заявіць: калі праблемы ва ўсім арганізме (краіне), у рэшце рэшт і асобна ўзятаму органу можа быць балюча.

Яшчэ больш сумнеўны праект – зборка ў Беларусі «народных» легкавых аўтамабіляў «Geely» паводле кітайскіх тэхналогій. Завод «Белджы» пад Барысавам (асноўны ўладальнік – дзяржаўны БелАЗ) працуе ўжо не адзін год, але толькі ў верасні 2017 г. распачаты серыйны выраб легкавікоў. Праз пару месяцаў на заводзе паказаўся «найвысачэйшы госць» і паставіў задачу «прадаваць мінімум 35 тыс. аўтамабіляў за год», бо, маўляў, 10 тыс. штук прыбытку не дадуць… Паабяцаў перасадзіць падначаленых на «Geely» – дапусцім, на год дасць рады, а далей што?.. Продажы на Захадзе праблематычныя праз перанасычанасць рынку, продажы ў Расіі – праз непапулярнасць гандлёвай маркі… На пытанне дэпутата намеснік міністра прамысловасці РБ Агароднікаў адказаў, што «Geely прадаецца ў Расіі лепей за іншыя кітайскія аўто», але ж не. За студзень-кастрычнік 2017 г. у суседзяў прадалося каля 25 тыс. машын з радзімы Канфуцыя; з вялікім адрывам лідзіравалі «Lifan» і «Сhery», а «Geely» не выпаўзае з 3-га месца (аж 1872 штукі за 10 месяцаў). Публічная мана або дэманстрацыя некампетэнтнасці – кепскі пачатак для будзь-якога праекта.

Сітуацыю магла б падправіць нізкая цана аўтамабіля, аднак, улічваючы заявы віцэ-прэм’ера, цана будзе яшчэ тая… Карацей, ёсць нямалая рызыка таго, што з «Белджы» атрымаецца прыкладна тое, што з «Фордам». Або з мінскім велазаводам, аka ААТ «Матавела».

Я далёка не аўтааматар. Па горадзе лепей гойсаць на грамадскім транспарце або на ровары (а між гарадамі пашырыць сеціва лятучак-электрычак, на крайняк пусціць «бусы»). Шмат дзе ў мінскіх дварах і так не прадыхнуць, а навала «народных аўтамабіляў» станецца для некаторых стымулам павысякаць апошнія дрэўцы… Усё ж, калі б мне давялося выбіраць аўто, то пры іншых роўных умовах улічваў бы і маральны аспект. У ліпені 2017 г. у Кітаі памёр Лю Сяабо, нобелеўскі лаўрэат, зацкаваны ўладамі. Ён пісаў:

Кітайскі эканамічны бум крочыць дзякуючы экспарту недарагіх тавараў, якія вырабляюцца на фабрыках з патагоннымі ўмовамі, дзе рабочыя не маюць ні прафсаюзаў, ні страхоўкі, ні юрыдычнай дапамогі, карацей, не маюць правоў. Падыход «максімальная прадукцыйнасць любым коштам», які практыкуецца гаспадарамі гэтых прадпрыемстваў, прыводзіць да вялізных страт энергіі і бессэнсоўнага здзеку з навакольнага асяроддзя.

Да таго ж на радзіме «Geely» групы людзей дагэтуль публічна асуджаюць на смяротную кару перад натоўпам на стадыёнах. Пры ўсёй павазе да вялікага кітайскага народа, гэта – дзікунства, і ніякія мільённыя інвестыцыі ў нашу эканоміку маёй пазіцыі не зменяць. Паўднёвая Карэя, дзе доўга думаюць, перш чым пакараць нават аднаго забойцу, неяк больш сімпатычная… Як там у Талмудзе? Сінедрыён, які асуджае на смерць часцей, чым раз на 7 (або нават 70!) гадоў, мянуецца «крыважэрным».

Раз пра суды завялася гамонка, не магу не вярнуцца да «рэгнумаўскага» працэсу ў Мінску. Нарэшце бок абвінавачвання апрылюдніў цытаты, за якія судзяць траіх грамадзян РБ. Прайшло некалькі дзён ад пачатку пасяджэнняў, аднак доказаў таго, што іхнія артыкулы прывялі да распальвання варожасці паміж народамі, здабыта не было. Так, заявы накшталт «Абсалютная большасць беларусаў жадае аб’яднацца са сваёй гістарычнай радзімай — Расіяй» і «Беларусь — частка рускай тэрыторыі» — глупства, але за глупствы не судзяць, іначай прыйшлося б пасадзіць за краты 90-95% чыноўнікаў і журналістаў.

На маю думку, ініцыятары крымінальнага пераследу ў канцы 2016 г. былі апантаныя страхам, які ажывіў у іх вірус істэрычных празмерных рэакцый (ВІПР). Вірус гэты сядзіць у крыві многіх сучасных людзей – не толькі фанатыкаў (успомнім гісторыю з «двушачкай» для «Рussy Riot» у Расіі-2012). Паўтару свой запіс ад 14.01.2017: «Усе чацвёра (плюс А. Лапшын – В. Р.) інтэрнэт-аўтараў “награшылі”, хутчэй за ўсё, на штраф, а іх да суда кінулі ў турму…» Зараз найбольш разумнае – спыніць справу за адсутнасцю складу злачынства, выпісаўшы кожнаму па 92–230 рублёў ($46–115) у парадку адміністрацыйнага спагнання за абразу дзяржаўнай мовы. «У беларускай мовы ўсё роўна няма ніякіх шанцаў», «беларуская мова – мёртвая», «У беларускай мове нават няма ўсіх словаў, каб выказацца», – усё гэта, хутчэй за ўсё, падпадае пад арт. 9.22 КоАП РБ («Парушэнне заканадаўства аб мовах»).

Натуральна, свае пасады мусяць пакінуць чыноўнікі, «эксперты» і следчыя, якія найбольш актыўнічалі ў справе. Не ведаю, ці рэальна вылічваць з пенсіі экс-міністаркі інфармацыі Ліліі А. кампенсацыю за незаконнае ўтрыманне людзей у турме, але што яна страціла маральнае права на кіраўнічыя пасады, нават няўрадавыя (у Саюзе выдаўцоў і распаўсюднікаў друку), гэта без пытанняў.

Цікава, што пасля леташняга выступу пра Ірыну А., з гвалтам над заканадаўствам «выбраную» дэпутаткай палаты прадстаўнікоў у 2004 г., яна перастала-такі быць старшынькай мінскай арганізацыі ўсебеларускага «Саюза жанчын» (480 пярвічных партарганізацый). Год таму Ірыну перавялі ў намесніцы – дзякуй чэсным жэншчынам, хоць трохі менш сораму за тое, што адбываецца ў краіне.

Ахтунг! Небяспека! Убачыце гэтых прыгажуньабыходзьце за кіламетр 🙂

Затое нейк асабліва вінавачуся ў апошнія дні за Аксану Мянькову – кідальніцу молата, летась пазбаўленую «золата» за Пекін-2008 (праўда, Міжнародны алімпійскі камітэт прыпазніўся на 8 год; за гэты час дама паспела «вызначыцца» з анаболікамі і ў Лондане-2012). Мала таго, што яна кіруе магілёўскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школай, дык яшчэ пнецца ў дэпутаткі гарсавета. Калі ў лютым 2018 г. высветліцца, што яе «выбралі» – будзе сорам у квадраце. А ўвогуле-то Магілёў пакінуў у мяне добрыя ўспаміны…

Вясёлы дацэнт Ігар Пушкін (у цэнтры & y акулярах) вядзе экскурсію для ўдзельнікаў міжнароднай навуковай канферэнцыі. Магілёў, май 2014 г.

З пазітыву адзначу тое, што асабіста не знаёмы мне прадпрымальнік Валерый Сарока спрабуе даказаць: яўрэі ў Беларусі не толькі паміралі… Па адукацыі В. С. гісторык, што не ўратавала яго ад кпінаў (хамаватых, як на мой густ) шэфа мінскіх прагрэсіўных паралітыкаў іудзеяў, маўляў, «няпрофільны чэл прыскакаў з боку… няхай паскача». Сароку падтрымлівае паважаная мною, дапраўды таленавітая Валерыя Гайшун, і я спадзяюся, што ўвесну (афіцыйны старт «яўрэйскага маршруту») у яго ўсё атрымаецца, нягледзячы на даволі спрэчны цэннік.

Тым часам ізраілец Аўраам адкрыў у Мінску рэстаран з кашэрнай кухняй – хай пашанцуе і яму. Рэкамендаваць не бяруся, бо пакуль не наведваў. Задума добрая, але ж дадам, што рэстарацый з «яўрэйскімі матывамі» цяпер не так ужо мала ў сталіцы, і на адным кашруце выехаць будзе цяжка.

Майстар-клас па дыпламатычнай мове (як сказаць так, каб нічога не сказаць) далі супрацоўнікі міністэрства замежных спраў, напісаўшы пра сустрэчу Софы Ландвер з паслом Беларусі ў Ізраілі. Ах, ну сапраўды, у дзвюх краін ёсць «графік узаемных візітаў» – прама-такі атракцыён нечуванай дружбы… Якая Ізраілю карысць ад такіх сустрэч, адразу не вымавіш: нягледзячы на шырокую ўсмешку міністаркі Ландвер, пенсіі жыхарам Ізраіля ўрад РБ дагэтуль не выплачвае, а 21.12.2017 Беларусь прагаласавала за тое, каб дыппрадстаўніцтвы не адкрываліся ў Іерусаліме як сталіцы Ізраіля, хоць магла б устрымацца…

Расчуліла тое, як тутбаеўскі «эксперт у міжнародным праве» Аляксандра Б. пракаментавала крок амерыканскага прэзідэнта ад 06.12.2017: «Рашэнне Дональда Трампа перанесці сталіцу Ізраіля [sic], а разам з ім і пасольства сваёй краіны з Тэль-Авіва ў Іерусалім… Вы толькі падумайце, што заўтра прэзідэнт ЗША раптам вырашыць, што не прызнае Мінск сталіцай Беларусі і пераносіць яго ў іншае месца!» Няўжо Мінск – гэта як Тэль-Авіў у Ізраілі? У чым «неправамернасць» заявы Трампа, я так і не зразумеў. Але жэстыкулюе і ўсміхаецца Аляксандра годна – іспыт на (аб)сурдаперакладчыцу, пэўна, здала б 🙂

Вольф Рубінчык, г. Мінск

wrubinchyk[at]gmail.com

24.12.2017

Апублiкавана 25.12.2017  07:13

***

От редактора сайта

В конце публикации Рубинчик положительно отметил неизвестного ему Валерия Сороку.

Отмечу, что ссылку на проект Сороки, незадолго до того, как В.Р. начал начал писать КиМ (68), я ему отправил лишь в плане ознакомления. Но коль он, который в течение ряда лет практически на голом энтузиазме делает огромную работу, решил сделать бесплатную рекламу, то следовало ожидать, что люди, которые делают бизнес, хотя бы для начала поблагодарят. Поскольку они не захотели заметить очевидное, то 5 января я отправил письмо в адрес В. Сороки, предлагая не идти по такому пути и как-то договориться. Уж слишком дорого достается сам сайт, который будет еще рекламировать бизнес с достаточно высокими ценами. Прошло уже 4 дня, но ответа от В.С. я так и не получил. А потому вынужден написать дополнение, которое будет иметь значение для желающих поехать по еврейским местам Беларуси. Тем более, что сайт становится все более известен, как среди белорусов, так и израильтян, и не только русскоговорящих, а также живущих в Америке и др. странах. Кроме того считаю, что мы сами постепенно можем начать организовывать такие поездки, привлекая к сотрудничеству тех из  живущих в Беларуси, кто заслуживает достойного поощрения.

09.01.2018  06:44 

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (64)

Трэці год цягнецца катлетна-мушыны серыял, бы той караван у пясках… 50 кіламетраў выпускаў… 60… Гэтая серыя таксама ў нейкім сэнсе юбілейная, бо для шахматыстаў (і шашыстаў) лік «64» ледзь не сакральны 🙂 Так, удалося запоўніць на «дошцы» ўсе «палі», аднак восеньскі дожджык за акном і слабая зваротная сувязь навяваюць маркотныя думкі. Напэўна, час канчаць з аглядам бягучых падзей ды анонсамі: як хто цікавіцца актуальнасцю «яўрэйскага жыцця», то хай наведвае групы ў «сацыяльным» сеціве, напрыклад, «Белорусские евреи», «Еврейские новости в Беларуси», «Яма», «Еврейские лица Беларуси». Тое, што мінімум на адной з гэтых старонак пануюць непамысныя засцярогі, а пост Міхаіла Гохмана ад 07.09.2017 cа спасылкай на мой даўні артыкул, прысвечаны ўнутраным праблемам у «галоўным яўрэйскім саюзе», прыбралі ў той жа дзень, ужо іншае пытанне. Карацей, у далейшым «Катлеты & мухі» калі і будуць выпускацца, то зрэдчасу, праз нешта экстраардынарнае.

Пару гадзін сёння, 17.09.2017, вылучыў на «Дзень яўрэйскай культуры» ля мінскай ратушы. Падалося, што вярнуўся на год назад у машыне часу – той жа дызайн афішы з раскладам, тыя ж «Сцяна плачу», краў-мага ды «мастацкая самадзейнасць» на вялікай сцэне… І палаткі з «Яўрэйскай кухняй» (піты за 0,5$ расчаравалі – у Ізраілі яны ў два-тры разы таннейшыя ды смачнейшыя).

Сёлета фэст меў спартыўнае адценне – нездарма ж побач улады зладзілі выставу ў гонар 80-годдзя барца Аляксандра Мядзведзя, ганаровага грамадзяніна г. Мінска… (здымак справа).

Старшыня мінскай іудзейскай абшчыны Давід Старобінскі выжымаў штангу, а экс-чэмпіён свету па шашках, 77-гадовы Аркадзь Плакхін даваў сеанс адначасовай гульні

Імпрэза каторы раз пацвердзіла, што «залаты Іерусалім» шмат каму хацелася б любіць на адлегласці. Вось як мастак Давід Дукорскі, былы актывіст «беларускага зямляцтва», які вярнуўся з Ізраіля ў Мінск яшчэ ў сярэдзіне 2000-х. Абяцаў – зрабіў.

Злева – творы Д. Дукорскага; справа – беларуска-яўрэйскі жарт невядомага аўтара

Каму хочацца больш «яўрэйскіх культурных» фотак з плошчы Свабоды, тых адрасую да рэпартажу Алега Грушэцкага. Я ж азірнуся на паўгода назад – у сакавіку Мінск віраваў… Не адмаўляюся ад сваіх слоў пра тое, што грамадзяне Беларусі змяніліся, і мы на стаім на парозе грандыёзнага шухера перамен. Аднак – і гэта, бадай, натуральна – знешнія праявы перамен пакуль сціплыя.

Пасля лекцыі пра Кульбака 8 верасня выйшаў на галоўны праспект… і наткнуўся на купку людзей з бел-чырвона-белымі сцягамі, якія адзначалі «Дзень беларускай вайсковай славы», а разам пратэставалі проці супольных з Расіяй вучэнняў… Пратэстоўцаў было, можа, дзве сотні. Ні іхнія лозунгі тыпу «Русский солдат, иди домой – водки здесь нет» (антырэклама для завода «Крышталь»?), ні «шматлікасць» не пераканалі мяне далучыцца да дэманстрацыі. Адна справа, калі сёння выходзіць 200 чалавек, заўтра – 500, паслязаўтра – 1000, з’яўляюцца новыя ідэі, лідары… Другая – калі адны і тыя ж зухі штогод паўтараюць сімвалічныя рухі.

Як слушна заўважыла маскоўская паліталагіня Кацярына Шульман (рэальная паслядоўніца Макса Вебера), няможна недаацэньваць ролю сімвалічнага ў палітыцы. Іншымі словамі, і сізіфава праца некаму патрэбная. Аднак я ўсё ж аддаю перавагу рацыянальным крокам… Тым болей што на другім баку «барыкад» нямала халодных рацыянальных розумаў, якія збольшага далі рады з нейтралізацыяй спантаннай пратэстнай хвалі ў РБ на пачатку 2017 года.

Варта прызнаць, што сістэма «ручнога» кіравання эканомікай яшчэ не вычарпала свае рэсурсы. Беларускі рубель сёлета не валіўся, інфляцыя была мінімальная (у летнія месяцы назіралася нават дэфляцыя), экспарт актывізаваўся, золатавалютныя рэзервы выраслі… Але, як некалі занатоўваў Ілья Ільф, «радыё правялі, а шчасця няма». Будуецца небяспечная АЭС, па-ранейшаму ганіцца іншадумства, адказнасць за правалы перакідваецца на «стрэлачнікаў». Нарэшце, «зверху» ўпарта навязваецца мадэль, у якой «кагосьці трэба проста нахіліць» (ды што там «кагосьці» – 24.08.2017 таварыш хваліўся, што для збору ўраджаю ў інтуітыўна вызначаныя ім тэрміны ён усю краіну «наклонил»). Ну, і дзе той Сярэдзіч, які ў лютым абдымаў згаданага таварыша і насіўся з планам «круглага стала», як… разумнік з пісанай торбай?

Адрадзіць ва ўсёй Беларусі ГУЛаг а-ля Паўночная Карэя ў тутэйшых «эліт» няма ні жадання, ні магчымасцей, ды ахвярам лакальных актаў садызму ад гэтага наўрад ці нашмат лягчэй; не ўсе ж ахвяры – мазахісты. Тое, што ў суседзяў бывае горай (збіццё ў жніўні маскоўскага актывіста Івана Скрыпнічэнкі, які праз некалькі дзён памёр у бальніцы… помнікі Сталіну і Івану Жахліваму… забарона кнігі слыннага польскага дзеяча Яна Новака-Езёраньскага «Усходнія развагі» як «экстрэмісцкай»…), таксама не дужа суцяшае.

Усё ж і ў Расіі не бракуе «выспачак бяспекі», якія, у прынцыпе, паддаюцца пашырэнню. Добрым знакам для мяне сталася заваёва «альтэрнатыўнымі» кандыдатамі соцень мандатаў на выбарах у мясцовыя саветы Масквы 10 верасня. На перыферыі расійская «апазіцыя» выступіла не так паспяхова; выбарцы па-за МКАДам жывуць горш, затое сістэма больш напружаная і мабілізаваная. Ну, можа, галоўнае наперадзе… І на мясцовых выбарах у Беларусі (пачатак 2018 г.) трэба чакаць адноснага поспеху людзей, не звязаных з адміністрацыяй. Бо многім абрыдлі такія «дзяржымордачкі», як Людміла К., дзяжурная па ідэалогіі Глыбоцкага райвыканкама, з яе пагрозамі журналісту на адкрытым мерапрыемстве. (Мне ўспомніўся падобны эпізод і з беларуска-яўрэйскага жыцця.) У Глыбокім чыноўнічкі наогул тыя яшчэ фрукты: 14.09.2017 абвясцілі на сваім сайце пра «каменданцкую гадзіну» на тэрыторыі раёна ў сувязі з вучэннямі, назаўтра прыбралі гэтую інфу. Дзякуй, што да «Дня адкрытых забойстваў» не даўмеліся… Калі ўсчаўся шум, выставілі тую самую К. тлумачыць, што «каменданцкая гадзіна» была «вучэбная» 🙂

Ці во Павел С., несамавіты ідэолаг з Мінска, у чэрвені 2017 г. узяўся вызначаць, якія песні патрэбныя народу, якія не. Нацкаваў на музыку Алеся Дзянісава (гурт «Dziecіuki») і паэта Алеся Чобата цэлы «мастацкі савет», а потым забараніў выкананне праграмы «Кароткая гісторыя Беларусі» у сталічным клубе «ІЛІ».

Я паслухаў нумары праграмы, балазе ўсе даступныя ў сеціве. У цэлым яна даволі змрочная – ну, а жыццё (было) якое?.. У некаторых песнях згаданыя пагромы і «жыды». Спробы знайсці апраўданне генералу Булак-Балаховічу крыху рэзалі вуха, але, на маю думку, не выходзілі за рамкі прымальнага. Цяпер заяўнік канцэрта судзіцца з чыноўнікамі, і правільна шчыруе – цэнзура ў нас пакуль яшчэ забаронена Канстытуцыяй, а права на самавыяўленне, наадварот, гарантаванае (арт. 33). Ды прага ўсё кантраляваць і вырашаць за іншых, як ім сябе паводзіць, на практыцы найчасцей дамінуе над «Асноўным законам». Чатыры гады таму захацелася «некаторым» ліквідаваць Вышэйшы Гаспадарчы суд, прадугледжаны Канстытуцыяй, – і ліквідавалі.

Вядома, нікуды тутэйшыя ідэолухі і «моцныя гаспадарнікі» не дзенуцца з наменклатуры, але ў выбарных органах, будзьма лічыць, налета іх усё ж паменее. Як бы ні імкнулася нобелеўская лаўрэатка давесці, што народ у цэлым «падтрымлівае Пуціна і Лукашэнку», па стане на верасень 2017 г. павераць у гэта хіба што самыя наіўныя грузінскія слухачы.

Бяда не ў дробных чыноўніках, а ў тых, хто іх прызначае. Таксама і ў «інтэлектуалах», якія не бачаць рэальных праблем, а бачаць уяўныя, заводзячы сваю паству ў тупік.

Не раз адзначаў ужо, што істэрыкі пра «дзікунскі рэжым» часам ладзяцца на пустым месцы, што падрывае аўтарытэт «незалежных СМІ», апанентаў лукашызму ўвогуле. Зволілі, да прыкладу, пенсіянера, які загадваў філіялам дзяржаўнага музея ў Брэсцкай вобласці ды не зусім спраўляўся з гаспадарчымі справамі (хоць экскурсіі ладзіў добрыя) – адразу гвалт пра непапраўную шкоду для культуры. Сам герой публікацый не хацеў агалоскі, але каго тое хвалюе?.. Ці во свежы выпадак: прафесар-беларус з Пецярбурга быў заяўлены на Міжнародным Скарынаўскім кангрэсе, не змог прыехаць праз недахоп грошай – значыць, яго даклад «забаронены». Не толькі сумнавядомая «Хартыя», а і «Радыё Свабода» 14.09.2017 істэрычна гукнула пра тое, што прафесару «адмовілі ва ўдзеле», ды праз гадзіну-дзве ціхенька паправілася, маўляў, справа ў «тэхнічных прычынах». Атракцыён нечуванай павагі да чытачоў…

На 950-годдзе беларускай сталіцы «Свабода» 09.09.2017 унесла раман М. Кульбака ў спіс 20 найлепшых кніг пра Мінск. Добра, але і тут не без задзірыны: «Пісаў на дзяржаўнай мове ідыш». М. К. пісаў на ідышы задоўга да таго, як гэтая мова стала афіцыйнай у БССР.

Чарговы раз стрэліў міма касы Гары Каспараў, якому я шчэ летась радзіў аддаліцца ад грамадска-палітычнай дзейнасці. Ад эмігранта – ані слова падтрымкі (ці простага спачування) арыштаваным у Расіі экс-чыноўнікам Бялых і Улюкаеву, затое шмат зласлівасці, памножанай на няведанне гісторыі: «Няхай адны бандыты “мочаць” іншых – гэта аслабляе рэжым». Пра Эрнста Рома, забойства якога ў 1934 г. толькі ўзмацніла гітлераўскую ўладу, нагадалі ў каментах… Я перакананы, што Пуцін не тоесны Гітлеру, але ў каспараўскай сістэме каардынат, дзе Аляксей Улюкаеў быў «рэйхсміністрам», а Мікіта Бялых – «гаўляйтарам», згадка дарэчная. Але нашто далёка хадзіць – чаму Г. К. было не зірнуць на Беларусь, дзе «міністры-карупцыянеры» арыштоўваюцца ўжо гадоў 20, а рэжым ад гэтага не паваліўся?..

Кепскія навіны з Украіны: 6 верасня ў аварыі на дарозе загінула чацвёра палітолагаў і адзін журналіст. Папраўдзе, нікога з іх не ведаў, але балюча, калі сыходзяць калегі… У Беларусі чорным годам для паліталогіі стаў 2011-ы, калі з інтэрвалам у некалькі месяцаў памерлі Святлана Навумава, Віталь Сіліцкі, Ірына Бугрова. На жаль, тых, хто застаўся, не пачалі цаніць больш, і во сёлета ў канцы жніўня пайшоў з жыцця паліттэхнолаг з Полаччыны Алег Багуцкі. У 49 гадоў (!) Апошнія гады ён жыў у Кіеве, а памёр у кыргызскім Бішкеку, што таксама сведчыць пра тутэйшую атмасферку.

А добрая вестка нечакана прыйшла з Азербайджана – Ільхам Гейдаравіч Аліеў адпусціў-такі свайго палоннага, ізраільска-расійскага блогера Аляксандра Лапшына, пра якога мы пісалі, напрыклад, тут і тут. Мілая драбяза: акурат перад вызваленнем вязня або спрабавалі забіць (так ён сам кажа), або ён быў даведзены да спробы самазабойства (паводле заявы афіцыйнага Баку). Няйначай у апошні момант умяшалася валавокая Мехрыбан і змякчыла сэрца «султана»: акурат як у рамане Аляксандра Бяляева «Арыэль» (1941) раджыня, адрозна ад свайго супруга, спачувае галоўнаму герою.

Тым часам Дональд Фрэдавіч Трамп узяў прыклад з Рыгоравіча, махнуў рукой на брутальных мужычкоў ды прасунуў на пасаду дырэктара Белага дома па камунікацыях экс-мадэльку Хоўп Хікс. Каму-каму, а ёй з тутэйшай скромніцай Наталляй Эйсмант будзе пра што пагаманіць – мо вялікаразумныя дамы нават зафрэндзяць адна адну, абмяркуюць навіны моды, фітнэсу… Няхай жыве амерыканска-беларуска-прэс-сакратарская дружба!

Вольф Рубінчык, г. Мінск

17.09.2017

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 18.09.2017  02:07

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (45)

Сам не чакаў, але ў мінулым месяцы агораў «марафон» (42,195 катлеты з мухамі)… Пакуль ёсць што сказаць – працягваю пазнавальна-каляпалітычны серыял жахаў, пагатоў, як вяшчаюць бізнэс-дарадцы, нікому яшчэ не зашкодзіла «прайсці лішнюю мілю».

Ізноў пра дэкрэт № 3, падпісаны ў 2015 г. і прысвечаны «сацыяльным утрыманцам». Выглядае, што Беларусь – толькі палігон для абкаткі падобных ініцыятыў (як мага больш забраць у бедных…) Імкненне дэмантаваць «сацыяльную дзяржаву» характэрнае апошнім часам для ўрадаў на розных кантынентах.

Пасля ганебных «высвятленняў матэрыяльнага становішча», калі чыноўнікі даводзілі просьбітаў да слёз, і шматтысячных шэсцяў пратэсту, улады ў канцы лютага 2017 г. далі «задні ход». Гэта адчуваецца нават у афіцыёзным віртуальным «імхаклубе», які выдае сябе за «вольную пляцоўку» для абмеркаванняў. Пачалі транслявацца думкі тыпу «дэкрэт пра сацыяльнае ўтрыманства, вядома, неадназначны. Нездавальненне людзей такой формай дадатковага спагнання сродкаў у бюджэт зразумелае. Справядліва паўстае пытанне – калі ўзяліся за дармаедаў, то чаму дагэтуль няма падатку на раскошу?» «Нагоду для нездавальнення далі самі ўлады, выдаўшы непрадуманы і супярэчлівы дакумент, які юрысты бяруцца аспрэчыць у судах… у ім куча нарматыўных парушэнняў». Так пішуць лукашысты сярэдняй ступені ўплывовасці – «спахапіліся», выдаюць сябе за «сяброў народа». Адзін з іх, між іншага, бачыць у беларускай эканоміцы праявы НЭПу і заклікае ўрад «раскулачыць» банкі – наскок па ўласнай ініцыятыве або зандаж грамадскай думкі?..

На сайце Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі pravo.by зладзілі былі апытанне, мэтай якога, відавочна, была дэманстрацыя «народнай падтрымкі» дэкрэта № 3. Аднак вынікі (як ні дзіўна :)) выявіліся для «сістэмы» яшчэ горшымі за тыя, што фігуравалі на неафіцыйным тутбаі – 83,2% апытаных выступілі супраць пабораў з «дармаедаў». 24 лютага пасля падачы 1647 галасоў апытанку закрылі і ўвогуле выдалілі старонку з ёй, аднак інтэрнэт, кажуць, помніць усё (насамрэч бывае іначай – гл. гісторыю з някляеўскім інтэрв’ю).

Справа не так у грошах, як у самасцвярджэнні «начальства» за чужы кошт, чаго чыноўнікі асабліва і не хаваюць. Галоўны ж 28.02.2017 дагаварыўся да таго, што «дармаедаў»-пратэстоўцаў «спрабуюць выкарыстоўваць у самых карыслівых мэтах» (самакрытычненька…) Абурыў жыхароў краіны эпізод з жыхаркай Мазыра, якая расказала пра свой паход з хадайніцтвам пра вызваленне ад платы ў райвыканкам: «У заяве я напісала, што муж і бацькі не будуць плаціць падатак за мяне. Тады адна жанчына з камісіі сказала: што гэта за муж такі, які не можа заплаціць за жонку? Трэба развесціся, і, можа, знойдзецца добры чалавек, які не будзе прымушаць жонку плакаць на крэсле перад камісіяй. А старшыня і астатнія члены камісіі падтрымалі яе жартамі і смехам». Дарэчы, «жарт» у духу Іосіфа Сярэдзіча, той таксама ў 2000-х кінуў маёй жонцы: «Мы вам іншага мужа падбярэм».

Чынавенска-міліцэйскі «гумар» – тэма асобная, не пабаюся гэтага слова, спецыфічная. У прынцыпе, і ў МУС умеюць жартаваць, калі пастаўлена адпаведная задача… Вунь 4 сакавіка ў Мінску адбыўся парад да 100-годдзя міліцыі, дык намеснік міністра, вымаўляючы словы падзякі, не забыў службовых сабак, якія «прайшлі амаль шыхтом і з усмешкамі». Даволі годны быў таксама жарт ад міліцэйскага начальніка, адрасаваны дзяўчатам: «Шыхтовая падрыхтоўка лепей за фітнэс… запрашаю ўсіх, хто марыць пахудзець, пазаймацца шыхтовай падрыхтоўкай у Акадэміі МУС!» Паэтка Валярына Кустава з праграмай «Фітнэс-шмітнэс» нервова курыць у старонцы…

Агулам жа мяне вабіць іншая гумарыстыка, такая, як у тутэйшых фірмачак, што прапануюць зніжкі «дармаедам». Цешыць, што гэта не адзінкавы феномен – ідэйку падтрымалі ў розных рэгіёнах Беларусі, не выключаю, што незалежна адно ад аднаго. Нехта ўжо адкрыта высмейвае адну з самых адыёзных чыноўніц РБ, суправаджаючы яе партрэт у цэнтры Мінска подпісам: «Гэта я аўтар падатку на беспрацоўных».

Нярэдка выдавала «перлы» пра нашу сітуацыю «Луркамор’е» – вось хаця б тут, у артыкуле пра лакальны беларускі мем «паўкабана». Не без цікавасці сачу за бітвай «Залюстроўе – Луркамор’е», што распачалася пару тыдняў таму. Пакуль расійскі сайт выйграе ў міністэрства інфармацыі РБ па ачках… Пасля нашай публікацыі чыноўнік мінінфарма зрабіў ласку і патлумачыў прычыны блакіроўкі, іх цэлых дзве: «Распаўсюджвалася непраўдзівая інфармацыя, плюс прысутнічала нецэнзурная лексіка, забароненая для распаўсюду ў СМІ».

Вымагаць ад сатырычна-меметычнай энцыклапудыі (у пэўным сэнсе, пародыі на «Вікіпедыю») распаўсюду выключна праўдзівай інфармацыі, гэта, безумоўна, магутны крок, варты самога тав. Агурцова, які «даставаў» клоўнаў у «Карнавальнай ночы» Эльдара Разанава. Што да «нецэнзурнай лексікі» – сам практычна не ўжываю, хіба што гадоў сем таму на пошце часам даводзілася. Тым не менш, пазіраючы на сітуацыю на постсавецкай прасторы, дый у свеце, усё менш ахвоты ганіць чыйсьці афарызм: «лепей быць сумленным чалавекам, які лаецца матам, чым ветлівай сволаччу». Па-мойму, на «Лурку» табуяваных выразаў не больш, чым у жыцці, дый гэта ніякі не «сродак масавай інфармацыі». На жаль, пастанова 2015 г. дае чыноўнікам падставы блакаваць інтэрнэт-рэсурсы без суда, і ладна б тое тычылася толькі рэальных ліхадзеяў, гандляроў наркотыкамі ці зброяй… 🙁

Падказка для цэнзараў – можна яшчэ блакаваць інтэрнэт-рэсурсы за памылкі друку; таксама ж «непраўдзівая інфа», збівае з тропу школьнікаў! Першымі ў такім разе могуць апынуцца сайты адміністрацыі прэзідэнта, міністэрстваў культуры, адукацыі, дый самога мінінфарма 🙂 Праўда, памылачкі ў прэс-рэлізе ад 27.02.2017, ненавязліва згаданыя тут, праз пару дзён аказаліся выпраўленымі.

Пакуль не заблакаваны «спартыўны» ўрадавы сайт па стане на 06.03.2017. Н. Крайко амаль тры гады таму зволілі са скандалам і судом, А. Валюк таксама даўно не руліць СДЮШАР-11. Ранейшыя заўвагі не падзейнічалі…

Партрэт чыноўніцы Мар’янкі, згаданы вышэй, улады зафарбавалі аператыўна – у дзень з’яўлення, 5 сакавіка. Аднак славутае графіці з калючым дротам красавалася ля вакзала цэлы месяц… Асабліва радуе той fuckt, што аўтара з’едлівай падмалёўкі, нягледзячы на гучныя заявы «мэра» ў снежні 2016 г., так і не знайшлі. Крымінальнай справы з нагоды псавання «высокага мастацтва» сілавікі не завялі, абмежаваўшыся «адміністратыўкай». Мо’ ўважаю пажаданае за сапраўднае, аднак падаецца, што «вярхі» ўжо не могуць захоўваць татальны кантроль над грамадствам, дый не надта хочуць… Прынамсі ва ўладзе існуюць розныя групоўкі, і канкурэнцыя паміж імі адчыняе простым смяротным «форткі магчымасцей».

Падзеі ў Курапатах разглядаю, зыходзячы з разважнага сэнсу. Каля двух тыдняў ля Мінскай кальцавой дарогі, усутыч з будоўляй бізнэс-цэнтра, пачатай у сярэдзіне лютага, кругласутачна трываў лагер «нефармалаў», якія па меры сіл тармазілі працэс. У рэшце рэшт кіраўнік будаўнічай фірмы здаўся і паабяцаў сысці з пляцоўкі, дарма што гарадскія ўлады афіцыйна яго не выганялі.

Па-мойму, тут цікавы прэцэдэнт, які сведчыць пра істотнае зніжэнне даверу бізнэсу да ўрада. Прыпамінаю, як у верасні 2001 г. мы з Якавам Гутманам (пэўны час памагаў і Саша Элентух) змагаліся супраць канчатковага знішчэння будынка сінагогі на вул. Дзімітрава, 3. Разбуральнікі паводзілі сябе дужа агрэсіўна і не звярталі ўвагі нават на прадпісанне спыніць працу да высвятлення ўсіх абставінаў, якое спрабаваў ім уручыць Дзмітрый Бубноўскі, «цэлы старшыня» камітэта па ахове гісторыка-культурнай спадчыны пры міністэрстве культуры. Бізнэсоўцы мелі «лапу» значна вышэй, чым у камітэце, і спадзяваліся адбіць усе выдаткі, пабудаваўшы дом з элітнымі кватэрамі. Зараз жа фірма-забудоўшчык сама не зусім упэўнена, патрэбны ёй бізнэс-цэнтр у Мінску або не… Пратэсты зрабіліся добрай нагодай, каб «захаваць твар» і сысці ў астрал.

Да 2014 г. месца ля Курапат, дзе разгарнуліся баталіі, фармальна знаходзілася ў ахоўнай зоне – але ж чыноўнікі і бальшыня пратэстоўцаў згодныя ў тым, што расстрэлаў там не вялося. У гэтым пытанні давяраю такім спецыялістам, як Антон Астаповіч і Вадзім Гліннік. Ад спрэчнай пляцоўкі да Курапацкага лесу – мінімум 150 метраў, нават болей, чым ад суседняга шматпавярховіка па вул. Мірашнічэнкі. Не ўсім зразумела, чаму жыць і паркаваць аўтамабілі ў «ахоўнай зоне» можна, а займацца бізнэсам – не. Той самы Антон А. 22.02.2017 адказваў максімалістам так: «няма міжнародных нарматываў і стандартаў па вызначэнні ахоўных межаў у 300 метраў, а згодна з нашымі нарматывамі, калі браць могілкі, то гэта ўсяго 50 метраў». Аднак пераможцаў не судзяць, хоць часам і палохае мяне іхняя зацятасць.

Ёсць яшчэ нюанс. Калі ў канцы 2001 г. прыходзіў да вогнішча маладафронтаўцаў у Курапацкі лес, каб не дапусціць пашырэння кальцавой дарогі за кошт месцаў пахаванняў, то «матывацыю» меў простую: трэба ўспамінаць не толькі герояў Вялікай Айчыннай вайны, а і ахвяр палітычных рэпрэсій. Некаторыя ж актывісты 2017 г. (nomina odiosa) процістаўляюць адну катэгорыю другой, дый не лічаць перамогу над нацыстамі дасягненнем для беларусаў, бо ў выніку вярнулася Чырвоная армія! Я б не пісаў пра гэта 10 дзён таму, але зараз, калі вострая фаза канфлікту прайшла, чаму б і не папярэдзіць пра трывожныя, лагодна кажучы, тэндэнцыі.

Дзяржаўныя знакі памяці – на другім варта было б напісаць «рэпрэсій» з адной літарай «с». Мінск, 05.03.2017.

У цэлым жа не магу не вітаць «абуджэнне мас». Параўноўваў РБ-2017 з БССР-1989, аднак 28 год таму людзей усё ж лягчэй было раскатурхаць на фоне адсутнасці электронных гаджэтаў і… браку спіртнога. Любы п’янтос часу дзеяння «антыалкагольнага закона» ахвотна перанёсся б у нашу эпоху.

На самым відным месцы ў буйным мінскім універсаме, 01.03.2017. Бедныя дзеці…

Чамусьці асобы, адказныя за раскрутку Беларусі на Захадзе, не робяць стаўку на «алкатуры» – дару ім такую ідэю. У харошым роліку ад «Ветліва», дзе асабліва вылучаюцца акарыны, – толькі намёк на выпіўку, пры тым што секс-паслугі рэкламуюцца куды больш выразна 🙂 Няхай бы замежнікі паціху ўсю нашу акавіту выпілі або з сабой забралі – дальбог, цвярозым беларусам лягчэй бы жылося.

А тым часам прыступіў да працы ў Мінску новы пасол Ізраіля, Алон Шогам. Яго першае вялікае інтэрв’ю (16.02.2017), хоць і не пазбаўленае «ружовага туману», збольшага спадабалася; прынамсі сп. Шогам не стаў, як яго папярэднік, разважаць пра тое, чаго не ведаў. Натуральна, дзеля займанай пасады пасол мусіць з аптымізмам пазіраць на ізраільска-беларускую эканамічную супрацу, аднак гісторыі са згаданым у інтэрв’ю «Світландам» і не згаданым рыбаводчым прадпрыемствам «Ясельда», у якое таксама ўклаліся ізраільцы, сведчаць, што падстаў для радасці нямнога. Выдача Аляксандра Лапшына з Мінска ў Баку 07.02.2017 падарвала давер на высокім узроўні; застаецца верыць, што нядаўняе затрыманне ў Ізраілі «беларуса», які планаваў далучыцца да «Ісламскай дзяржавы», не адаб’ецца на іміджы нашай краіны сярод людзей паспалітых.

Вольф Рубінчык, г. Мінск

06.03.2017

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 06.03.2017  18:57

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (41)

Пяты дзясятак аўтару яшчэ не пайшоў, а серыям – пайшоў… Чаму б і не пісаць, што думаеш, калі ёсць маральная падтрымка? 🙂

Здарылася падзейка: у Мінску пажылы рэдактар недзяржаўнай газеты сам-насам сустрэўся з Лукашэнкам і згуляў з ім у «абдымашкі», а заадно падзяліўся набалелым, бы з тым псіхатэрапеўтам. Штопраўда, злыя, няветлыя людзі заўважылі, што не варта было абдымацца з чалавекам, які цябе незаконна зволіў: Вольга Седакова з яе паняццямі пра «зло» не адабрае. Яшчэ злейшыя ўспомнілі, што ў 1995 г. Іосіф С. доўга без працы не сядзеў: змяніў «Народную газету» на «Народную волю» і неўзабаве пабудаваў сабе з «апазіцыйнасці» дом пад Мінскам. Прайграныя на роўных месцах суды з выплатай вялізных штрафаў, страта даверу палітыкаў і экспертаў, падзенне тыражу – усё гэта не збянтэжыла былога камсамольскага сакратара і слухача Акадэміі грамадскіх навук пры ЦК КПСС. Не, зразумела, і такое «жаўтаватае» выданне, як «Народная воля», мае сваю аўдыторыю – наклад 25 тыс. таксама не жарт. Але прыпамінаю: калі ў 2009–2011 гг. я рабіў на пошце, жыхары Мінска падпісваліся на «НВ» даволі вяла, куды радзей, чым на «АиФ» ды «КП».

Пасля таго, як І. Сярэдзіч агучыў прапанову да А. Лукашэнкі «стаць другім Ярузэльскім» і сесці за круглы стол, пачаліся кпіны. Даследчык Павел Усаў мяркуе: «Зыходзячы з асаблівасцей функцыянавання беларускай палітычнай сістэмы, месца апазіцыі ЗАЎСЁДЫ будзе ПАД СТАЛОМ, а не за ім». Мяне нудзіць ад такой катэгарычнасці: людзі, якіх залічваюць у апазіцыю (лепей бы называць іх альтэрнатыўнымі або дэмакратычнымі сіламі), не настолькі бязглуздыя, як часам выглядае. Адсотак «разумнікаў» сярод іх не меншы, а нават большы, чым сярод чыноўнікаў; ну, запрашаў жа Міхась Мясніковіч Стася Багданкевіча ў 2011 г. для кансультацыі ў цяжкі час, і не пад стол садзіў, а за стол… Уражвае, як аналітык У. адмаўляецца прызнаваць змены апошніх гадоў: «Беларускае грамадства не мяняецца, як не мяняецца сутнасць самой палітычнай сістэмы, у якой няма нічога беларускага. За ўсімі палітычнымі дэкарацыямі (часткай якіх можа стаць «круглы стол») зеўрае агромністая цывілізацыйная пустэча». Грамадства мяняецца, разумнее, няхай і марудна; іншая рэч, што мы не ў Польшчы, і Лукашэнку няма сэнсу апранаць на сябе мундзір Ярузэльскага. Хутчэй гаворка можа ісці пра лібералізацыю паводле пярсідскага іспанскага ўзору.

Прачытана ў першым-лепшым рэфераце: «Іспанія ў 1959 прыняла «План эканамічнай стабілізацыі», які аслабіў адміністрацыйны кантроль над эканомікай. Быў адкрыты шырокі доступ замежнаму капіталу… Ф. Франка пільна сачыў, каб лібералізацыя адносілася толькі да сферы эканомікі і адпрэчваў дэмакратызацыю палітычнага і сацыяльнага жыцця». І тым не менш: «Лібералізацыя эканомікі і эканамічны рост у 1960-я гады суправаджаліся некаторымі палітычнымі саступкамі. У 1966 быў прыняты Арганічны закон, які ўнес рад ліберальных паправак да канстытуцыі».

Відавочна, логікай «спачатку эканоміка, а калі-небудзь, праз гады – правы чалавека і палітыка» кіруюцца і заходнія дабрадзеі, нават тыя, хто яшчэ не зусім загруз у цынізме. «Круглы стол» такі мажлівы, аднак, вядома, у бліжэйшы час ён прывядзе толькі да касметычных змен у сістэме. Напрыклад, за «грандыёзную саступку» патэнцыйным інвестарам і крэдыторам з ЕС можна выдаць увядзенне ў Беларусі суда прысяжных (нагадаю, паабяцанага Лукашэнкам яшчэ ў 2010 г.) або пасады ўпаўнаважанага па правах чалавека, «омбудсмена». Пра патрэбу ў гэтай пасадзе таксама гаварылася шмат гадоў таму, але і ў 2001 г., абяцаючы стварыць «інстытут упаўнаважанага», кандыдат мянціў так: «Але прэзідэнт не можа перакласці свой канстытуцыйны абавязак быць гарантам правоў чалавека на якім б там ні было інстытут. Толькі галава дзяржавы, валодаючы паводле Канстытуцыі шырокімі паўнамоцтвамі, зможа забяспечыць гарантыю правоў і свабод грамадзян». Амаль тое самае чаўпе апошні год. Ну, гэта вядомая ў палітыцы з’ява: «речка движется и не движется» (С), упаўнаважаны патрэбен і непатрэбен…

На добры лад, што варта было зрабіць з судамі ў рамках канстытуцыйнай рэформы (рэферэндум жа ўсё адно мае адбыцца): адмяніць або абмежаваць прызначэнне суддзяў прэзідэнтам, а дэ-факта міністэрствам юстыцыі і клеркамі з адміністрацыі Лукашэнкі, перадаць гэтае права парламенту. Ліквідаваць верхнюю палату цяперашняга «нацыянальнага сходу», што дазволіць зэканоміць кучу грошай (тожа мне англійскія лорды – «Савет рэспублікі»…). Правесці новыя выбары паводле такой сістэмы, якая дазволіла б трапіць у парламент альтэрнатыўна мыслячым людзям, і не 1%, а хаця б 15-25%. У Бібі Нетаньягу апазіцыя ў Кнэсеце больш самавітая, кантралюе да 40-45% месцаў – і нічога, з 2009 г. прэм’ер-міністр неяк дае рады, жывіцца ад сваіх супернікаў «непрычасанымі» ідэямі.

Чаму я раптам пра Ізраіль? Па-першае, сайт ізраільска-беларускі… Па-другое – тутэйшыя чыноўнікі, дый іхнія апаненты, любяць спасылацца на досвед блізкаўсходняй дзяржавы. От доктар гістарычных навук Ігар Марзалюк, калі быў членам «сената» Савета рэспублікі, каментаваў прыняцце ўказа пра нелегальныя археалагічныя пошукі ў Беларусі: «Жорсткае да вандалаў заканадаўства, напрыклад, у Ізраілі, дзе за вольныя раскопкі адразу прадугледжваюцца тэрміны зняволення ад 5 гадоў» (сумняваюся, што так «адразу»; артыкул пра закон 1978 г. не пацвярджае…). Цяпер, перабраўшыся ў «ніжнюю палату», доктар заклікае пры забеспячэнні правоў беларускамоўных грамадзян дзейнічаць «роўна і спакойна», «на першы план ставіць свабоду выбару чалавека». У прынцыпе-та ніхто не за «гвалт», але ж довады ў гісторыка… «Напрыклад, іўрыт быў мёртвай мовай, мовай Торы, але жаданне ў сэрцах мільёнаў яўрэяў зрабіла яго жывой мовай, адрадзіла гэтую мову. Усё залежыць ад жадання, самае важнае – гэта мова сэрца». Мне аднаму здаецца, што мову Торы, а дакладней, ТАНАХу, які ў ХІХ ст. штодня чыталі тыя самыя мільёны, некарэктна называць «мёртвай»? Дый энтузіясты адраджэння іўрыта як гутарковай мовы не чакалі, пакуль мільёны прачнуцца… І адбывалася адраджэнне не толькі «па жаданні сэрца» тых адраджэнцаў, а і з ужываннем адміністратыўных вагароў. У Палестыне пачатку ХХ ст. вяліся несупынныя «моўныя войны», ахвярай якіх стаў, у прыватнасці, ідыш: «без гвалту і прымусу» не абышлося. Думаю, прафесар пра ўсё гэта ведае, аднак хітруе, прапануючы ісці «мірным яўрэйскім шляхам».

«Заляпіў» і Зянон Пазняк у канцы снежня 2016 г. – у духу савецкай песні «и вновь продолжается бой, и сердцу тревожно в груди»: «Барацьба за Беларусь-ВКЛ ня скончана… Яна будзе працягвацца ўвесь час, пакуль будзе існаваць маскоўская імпэрыя і яе палітыка Арды. Наша становішча можна дакладна параўнаць са становішчам дзяржавы Ізраіль у арабскім сьвеце. І дакладна гэтак, як Ізраіль, мы мусім дзейнічаць, каб быць і адстойваць сваё існаваньне, а ў канцовым варыянце – перамагаць. Дзяржаўнымі прыярытэтамі мусяць быць – Беларуская мова, высокатэхналягічная эканоміка, рынкавая нацыянальна абумоўленая вытворчасьць, адукацыя, моцная сучасная армія і тэрытарыяльная абарона». Як Беларусь у Еўропе можа дзейнічаць «дакладна гэтак», як Ізраіль у Азіі? Аб’явіць Расіі вайну (зрэшты, Зянон лічыць, што вайна і так ужо ідзе)? Пачаць прызываць дзяўчат у войска? Зноў завезці на тэрыторыю краіны ядзерную зброю? Ад 90 да 99% беларусаў не прымуць такія ідэі ні оптам, ні ў розніцу; відаць, адчуваючы гэта, Зянон Станіслававіч і не едзе да нас ужо 21-ы год.

Гэты ж «антылюмпенскі» палітык пару тыдняў таму аж у трох месцах бухнуў дыялогамі з нядаўна памерлым Антонам Шукелойцем: тут, тут, тут. Адначасна З. П. кінуўся крытыкаваць амерыканскую даследчыцу Катастрофы Аніку Вальке, інтэрв’ю з якой змяшчалася і на belisrael.info: яна, маўляў, спрабуе пашырыць адказнасць за масавае знішчэнне яўрэяў на ўсе нацыі, акупаваныя немцамі, у тым ліку і на беларусаў. Пазняк, таксама гісторык з адукацыі, безапеляцыйна сцвярджае: «Поўны правал адбыўся ў Беларусі. Фактаў не знайшлося. Тым больш, што дасьледчыца выявіла ў нямецкіх архівах данясеньні нямецкага акупацыйнага камандаваньня ў Бэрлін аб тым, што спробы немцаў уцягнуць беларусаў у пацыфікацыю жыдоў праваліліся. Немцы не змаглі тут гэтага арганізаваць. Беларусы ня ўдзельнічалі ў гітлераўскай палітыцы Галакосту».

Вядома, я не стану сцвярджаць следам за амерыканскім юрыстам Джонам Лофтусам (і праф. Іофе з Мінска, які некрытычна яго цытаваў), што «яўрэяў выяўлялі калабаранты і заганялі іх у гета… Людзі Радаслава Астроўскага (прэзідэнта Беларускай Цэнтральнай Рады – В. Р.) усё рабілі за немцаў… Ні ў якой іншай краіне мясцовыя жыхары так бесчалавечна не цкавалі сваіх суседзяў». Аднак фактаў удзелу беларусаў у «гітлераўскай палітыцы Галакосту» багата, іх не абавязкова вышукваць у «нямецкіх архівах». Сам бачыў украй юдафобскія артыкулы ў «Беларускай газэце» за 1942–43 гг., рэдагаванай у Мінску Ул. Казлоўскім, у 1930-х – знаным дзеячам беларускага студэнцкага (і не толькі) руху. Ю. Віцьбіч, «культавая постаць» пасляваеннай беларускай эміграцыі, пад акупацыяй таксама займаўся «жыдаедствам». Тут можна прачытаць яго адпаведныя опусы, перадусім «Народ золотого тельца» (1942). Калі гэта не заклік да знішчэння яўрэяў, то апраўданка дакладна. Былі аналагічныя артыкулы і ў паліцэйскім часопісе «Беларус на варце», які ў 1943–44 гг. выдаваўся з удзелам яшчэ адной «культавай асобы», Ф. Кушаля (рэдактарам быў іншы «свядомы беларус» Ул. Дудзіцкі).

Гадоў трох таму мне давялося перакласці кнігу ізраільскага гісторыка Леаніда Рэйна «Каралі і пешкі. Калабарацыя ў Беларусі ў час Другой сусветнай вайны», я ўжо згадваў гэтую працу. Нягледзячы на недахопы кнігі (пэўная неахайнасць і казуістычнасць, няўменне або нежаданне раскрыць тэму яўрэйскай калабарацыі), аўтар здолеў агаліць стан беларускага грамадства ў 1941–44 гг.: так, у Барысаве «дапаможныя паліцыянты (з мясцовай паліцыі, набранай улетку 1941 г.) кантралявалі выкананне загадаў аб “жоўтай лаце” і назіралі за засяленнем яўрэяў у гета. Падчас т. зв. акцый менавіта мясцовыя паліцыянты выганялі яўрэяў з хат… Насамрэч цяжка назваць органы («мясцовага самакіравання» – В. Р.), якія так ці інакш не скарысталіся б з вынішчэння яўрэяў. Выбітнае месца сярод галоўных атрымальнікаў маёмасці [яўрэяў] займала “Беларуская народная самапомач”» і г. д., і г. д.

Падобна, заангажаванасць беларусаў у працэс знішчэння яўрэяў была меншай, чым заангажаванасць украінцаў і літоўцаў, але як гэта – саўсім адмаўляць «беларускі след», ды цяпер, калі яшчэ жывыя некаторыя сведкі той вайны?.. Палітык, ужо злоўлены на непраўдзівым «выкрыцці» Дзмітрыя Булахава, канчаткова выйшаў у мяне з даверу. Відаць, яго захапленне Змітраком Бядулям («наш выбітны пісьменьнік, габрэй і беларус») нагэтулькі ж шчырае, як майса Лукашэнкі-старэйшага пра Аляксандра Лапшына 3 лютага: «Мы згодна з рашэннем Інтэрпола яго затрымалі». Пазней, калі Лапшына ўжо выслалі ў Азербайджан (07.02.2017, адразу пасля пасяджэння Вярхоўнага суда Беларусі, парушыўшы права арыштаванага на зварот у міжнародныя інстанцыі і на дадатковую юрыдычную дапамогу), высветлілася, што не было такога рашэння Інтэрпола… «Д’ябал у дэталях».

Вольф Рубінчык, г. Мінск

15.02.2017

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 15.02.2017  20:27