Tag Archives: гражданская война в России

Алесь Бузіна. ЦУД НА ДНЯПРЫ

Хаўруснікі. Юзаф Пілсудскі і Сымон Пятлюра ў атачэнні польскіх і ўкраінскіх афіцэраў, якіх менавалі «пілсудчыкамі» і «пятлюраўцамі»; Пілсудскі ў маладосці, як і Пятлюра, быў сацыялістам, але здолеў стаць сапраўдным правадыром нацыі

Увесну 1920 г. палякі разам з Пятлюрам захапілі Кіеў. Тая акупацыя запомнілася кіяўлянам канцэртамі, спекуляцыяй на базары, а яшчэ ўзарваным на развітанне мостам.

Войскі палякаў уступілі ў Кіеў 6 траўня 1920 года. Яны ўвайшлі без бою і без помпы, якую можна было б чакаць ад польскага нацыянальнага характару. Акуратныя жаўнеры. Элегантныя афіцэры. Ніякіх рабункаў, расстрэлаў і кантрыбуцый. Гэтаe апошняе нашэсце іншапляменнікаў на Кіеў сваім размераным парадкам да болю нагадвала самае першае ўварванне немцаў у 1918 годзе. Як і немцы, палякі не буянілі – хіба што, у адрозненне ад іх, не сталі мабілізоўваць баб на мыццё вакзала. (Ніхто, дарэчы, апрача немцаў, за ўсе тыя бурлівыя гады не знайшоў часу памыць вакзал – ані пятлюраўцы, ані чырвоныя, што іх змянілі, ані белыя, ані зноў чырвоныя, якія выціснулі белых.) Палякаў ён таксама задавальняў у сваім натуральным антысанітарным выглядзе – мажліва, яны падсвядома адчувалі, што доўга тут не затрымаюцца. У астатнім жыццё адразу наладзілася.

Кіеўскі мемуарыст Рыгор Грыгор’еў, пераседзеўшы ў горадзе ўсе перавароты, пра воінства маршала Пілсудскага пісаў так: «Знешні парадак у горадзе быў адноўлены. Страляніны ў ночы не заўважалася, пра грабежніцтва нічога не было чуваць. Нават хадзіць увечары зрабілася вольна, без усялякіх абмежаванняў, зусім не так, як тое заўжды было раней ва ўмовах грамадзянскай вайны».

Кніга Грыгор’ева «У старым Кіеве» выйшла мізэрным накладам у 1961 годзе. Гэты яе абзац асабліва каштоўны – цудам праскочыўшы праз савецкую цэнзуру, ён намякаў, што іншыя ўлады, якія захоплівалі горад, каліва буянілі. Цяпер пра гэта можна пісаць адкрыта: першае ўварванне чырвоных у студзені 1918 г. павярнулася публічнымі расстрэламі проста ў Царскім садзе (цяпер парк Ватуціна каля Вярхоўнай Рады). Там выкапалі гіганцкую яму і партыямі валілі «буржуяў» – усіх, хто меў прыстойную адзежу ды інтэлігентны твар. Тысячы дзве настралялі за колькі тыдняў.

Пятлюраўцы, якія ўзялі Кіеў у снежні 1918 г., запомніліся самачыннымі вулічнымі расстрэламі афіцэраў, што падтрымлівалі гетмана Скарападскага. Самае нашумелае забойства – генерала Келера – адбылося проста каля помніка Багдану Хмяльніцкаму.

«Другія» чырвоныя – тыя, што ў пачатку 1919-га выбілі Пятлюру і войска УНР – у садзе публічна ўжо не расстрэльвалі. Іхняе ЧК цяпер сарамліва валіла ахвяры за Інстытутам шляхетных паненак (Кастрычніцкі палац). Расстрэльвалі пераважна рускіх нацыяналістаў, карэнных кіяўлян – прафесароў, прадпрымальнікаў і грамадскіх дзеячаў. Але былі сярод іх і 4 тысячы рабочых, а таксама не менш за 1500 сялян, звезеных з навакольных вёсак. Расследаванне камісіі белага генерала Рэрберга па выгнанні чырвоных «устанавіла 4800 забойстваў у Кіеве асобаў, імёны якіх удалося высветліць. З пахаванняў на могілках выкапана 2500 трупаў. Магілы, старэйшыя за 4 тыдні, не раскрывалі. Агульная колькасць забітых дасягае 12 тысяч чалавек» (цытую паводле кнігі «Красный террор глазами очевидцев», Масква, 2009).

Белыя, заняўшы горад у апошні дзень жніўня 1919-га, неўзабаве арганізавалі яўрэйскі пагром. Яны апраўдвалі свае паводзіны тым, што сярод кіеўскіх чэкістаў пераважалі яўрэі. Ночамі «вылі ад жаху» цэлыя будынкі ў яўрэйскіх кварталах. Гэтая сітуацыя ярка апісана ў артыкуле Васіля Шульгіна, які выйшаў тады сама ў Кіеве, у газеце «Киевлянин» (гл. пра артыкул «Пытка страхом» і адказы Шульгіну матэрыял С. Машкевіча – перакл.). Але паводзіны белых я таксама не ўхваляю – больш лагічна было б узяць Маскву, пералавіць чэкістаў, што ўцяклі былі з Кіева, ну а далей з выкананнем усіх прававых норм, з пачуццём, толкам і расстаноўкай, пакараць іх адпаведна дарэвалюцыйным законам. Прававая база для гэтага мелася – напрыклад, расстрэл, прадугледжаны ваенна-палявым судом.

«Трэція» чырвоныя, якія зноў вярнуліся пасля белых, асабліва пабуяніць не паспелі. Дый не было ў іх такой магчымасці – усіх, каго хацелі, пусцілі ў расход яшчэ за «другімі». I толькі палякі нікога не расстрэльвалі, а запомніліся толькі тым, што адмянілі ўсе грошы, якія датуль хадзілі ў горадзе – і дзянікінскія, і савецкія, і УНР-аўскія, увёўшы заміж іх свае. Бабы на базары адразу пачалі хваліць белагвардзейцаў, якія праз колькі дзён пасля свайго прыходу арганізавана абмянялі жыхарам савецкія рублі на дзянікінскія.

Польскае фінансавае новаўвядзенне адразу разваліла тавараабмен. Народ пераходзіў на бартар, мяняючы адзежу на бульбу. І толькі праз некалькі дзён Гарадская дума выклапатала ў новых акупантаў дазвол пусціць у абарот дарэвалюцыйныя царскія грошы. Але іх было мала. Таму польскія жаўнеры выявіліся нуварышамі, купляючы на сваё вайсковае жалаванне за бесцань дарагія рэчы на таўкучках.

Разам з войскамі 3-й польскай арміі, якой камандаваў малады 36-гадовы генерал Рыдз-Сміглы, у Кіеў увайшлі і іхнія хаўруснікі – нешматлікія пятлюраўцы. Гэта была 6-я сечавая дывізія палкоўніка Марка Бязручкі – былога царскага капітана, ураджэнца Бярдзянскага павета, які яшчэ ў 1908 годзе скончыў Адэскую пяхотную вучэльню. Зрэшты, дывізія – гэта гучна сказана. Уся яна налічвала не больш за тысячу чалавек. Дый трымаліся хаўруснікі адчужана, скоса пазіраючы адно на аднаго. Сардэчнасці ў адносінах паміж палякамі і ўкраінцамі не было. Затое праз два тыдні ў Кіеў прыбыў Пятлюра і, па сваёй завядзёнцы, прыняў парад сечавікоў. Парады ён проста абажаў – як кожны цывільны, што ніколі не служыў нават радавым.

А за Дняпром, проста пад Кіевам, ужо праходзіў фронт. Галоўнай забавай кіяўлян было хадзіць вечарамі на дняпроўскія схілы і глядзець, як у сутонні каля Бравароў шугалі артылерыйскія снарады. Увесь Левы бераг яшчэ не быў забудаваны, і панарама адкрывалася куды больш грандыёзная, ніж сёння. Да Кіева снарады палявых гармат не даляталі – далёкая страляніна здавалася чымсьці накшталт феерверка. У Купецкім садзе (каля цяперашняй філармоніі, у якой тады быў Купецкі сход) нават пастаянна грала музыка. Так і запомнілася польская акупацыя – у асноўным вечаровымі канцэртамі пад акампанемент далёкай арудыйнай перастрэлкі ды працуючымі тэатрамі. А яшчэ зеніткамі, расстаўленымі проста на дняпроўскіх стромах.

Ёсць такі раздзел у польскай гісторыі: «Цуд на Вісле». Ён адбудзецца пазней, калі чырвоныя пагоняць з Кіева палякаў і спыняцца толькі пад Варшавай. А гэта быў «цуд на Дняпры» – вычварная вайна, не дужа падобная да вайны, і акупацыя, што нагадвала веснавы паказ мод у выглядзе новай польскай формы.

Ды раптам цуд скончыўся. Чырвоная армія перайшла ў контрнаступ, і палякі здалі Кіеў, як і занялі, без бою, падпсаваўшы пад канец рамантычную легенду пра сябе. Яны ўзарвалі дом губернатара і найстарэйшы ў горадзе Ланцуговы мост, пабудаваны яшчэ за Мікалаем І. Яшчэ два моста яны пашкодзілі, каб затрымаць чырвоных, пасля чаго 10 чэрвеня адбылі на гістарычную радзіму, прыхапіўшы з сабою і Сымона Пятлюру.

Але ж як так выйшла, што Сымон Васільевіч апошні раз з’явіўся ў Кіеве, па сутнасці, у польскім абозе?

Як Пятлюра з Польшчай пасябраваў

Перш чым вырушыць у апошні паход на Кіеў, Пятлюра 21 красавіка 1920 года заключыў у Варшаве саюз з начальнікам Польшчы Юзафам Пілсудскім. Ён прызнаў уключэнне ў склад Польшчы Галічыны, а таксама правы польскіх памешчыкаў на землі, якімі тыя валодалі на Правабярэжнай Украіне да 1917 года. Паводле варшаўскай дамовы, Правабярэжжа заставалася за Украінскай Народнай Рэспублікай, аднак, паколькі польская арыстакратыя да рэвалюцыі была тут найбуйнейшым землеўладальнікам, атрымлівалася, што распаяваныя надзелы пасля перамогі над бальшавікамі зноў трэба будзе забраць у мужыкоў і вярнуць тым, хто ўладаў імі з часоў польскай экспансіі ва Ўкраіну ў ХVІІ стагоддзі.

Цяжка сказаць, як Пятлюра збіраўся выконваць гэты пункт. Усё саманабытае сяляне ўжо лічылі сваім. Хіба што польскія войскі прымусілі б іх вярнуць майно гвалтам. Бо ў самога Пятлюры на пачатку 1920 года ўся армія разам з абозамі і шпіталямі налічвала 7 тысяч чалавек і 10 гармат!

Аднак, заключаючы варшаўскую дамову, Пятлюра быў шчаслівы – упершыню яго прымалі ў іншай дзяржаве як лідара цэлай краіны! З ганаровай вартай і ўсімі ўшанаваннямі, належнымі паводле пратаколу. Гэта быў яго першы і апошні замежны візіт.

Пятлюраўцы ваявалі разам з палякамі супраць галічан

Хрэшчатык, травень 1920 г. Польскае войска ўступае ў Кіеў, арганізавана абыходзячы трамвай

Галічыну Пятлюра палякам проста не мог не «завяшчаць». Галіцкая армія ў гэты момант пасля чарговай зрады стала ЧУГА – Чырвонай Украінскай Галіцкай Арміяй. Пятлюраўцам нават выпадала біцца з галічанамі. Пра гэты факт афіцыёзныя ўкраінскія гісторыкі маўчаць – чарговы раз робяць выгляд, што такога не было.

А вось як апісвае гэты эпізод у мемуарах, што выйшлі ў ЗША, камандзір палка Чорных запарожцаў Пятро Дзячэнка – у 1920-м пятлюраўскі палкоўнік: «5 сакавіка… Ад камісара ды галічан даведаліся, што горад Бэршадзь заняты 3-м галіцкім корпусам. Перад світанкам полк падышоў да сяла Усце, якое знаходзіцца за два кіламетры ад Бэршадзі. Галічане чакалі ворага, бо засады былі выстаўлены, але не дачакаўшыся, паснулі сном праведнікаў… Усяго полк узяў: 4 гарматы, 4 гарматныя скрыні са снарадамі, 2 цяжкіх кулямёты, 15 вазоў і звыш 120 коней. Загадаў выстраіцца галічанам і прапанаваў ім перайсці да нас. Да 50 стральцоў пагадзіліся. Па дарозе камандзір галіцкай батарэі кінуўся наўцёкі. Некалькі казакаў пусцілі сваіх коней за ім следам. Ужо ў сяле загналі ў пастку, але ён саскочыў з каня і пачаў уцякаць гародамі. Трапным стрэлам паклалі яго на месцы».

Пазней некалькі брыгад ЧУГА, калі чырвоныя пачнуць адступаць, перабягуць на бок палякаў. А іншыя – застануцца ў чырвоных. Такая во рэчаіснасць той вайны.

Асаблівай радасці ад таго, што ваяваць даводзіцца поруч з палякамі, у арміі Пятлюры не было. Традыцыйны гістарычны вораг раптам стаў «сябрам». Як пісаў пазней у кнізе «З палякамі супраць Украіны» генерал-харунжы арміі УНР Юрый Цюцюннік: «Яшчэ большай неспадзяванкай для шырокіх колаў украінскага грамадства было тое, што кіраўніцтва ўкраінскім паланафільствам захапіў не хто іншы, а той самы Сымон Пятлюра, які з пачатку 1919 года дэкламаваў “кары ляхам, кары!” з “Гайдамакаў” Шаўчэнкі».

На практыцы гэты халадок у стасунках братоў па зброі выліўся ў тое, што пятлюраўцы скрозь намагаліся нешта ўкрасці ў хаўруснікаў. Той жа Дзячэнка ўспамінаў пра подзвігі сваіх чорных запарожцаў: «Увесь час па шляху праходзілі абозы польскай арміі. У польскім абозе поўна гусей, курэй і свінняў. Відаць, што ўсё гэта не куплялася. Хлопцы-казачаты паводле свайго звычаю пачалі паляваць на ўсё, што кепска ляжала на польскіх вазах. Толькі і чуваць было “пся крэў” ды смех казакоў, калі ўдавалася нешта сцягнуць».

Уваскрэслая Польшча супраць новай Расіі

Патрыятычны польскі плакат 1920 г. «Гэй! Хто паляк – у штыкі!!»; сатырычны савецкі плакат на тую ж польскую тэму

У адрозненне ад Грушэўскага, Пятлюры і іншых «прафесійных» украінцаў, палякі ў 1918 – 1920 гг. праявілі бясспрэчны прафесіяналізм у «разбудове дзяржавы». Польшча ўваскрэсла пасля Першай сусветнай вайны літаральна з небыцця – з трох частак, якія належалі Расійскай, Германскай і Аўстра-Венгерскай імперыям. Амаль паўтара стагоддзя палякі жылі без сваёй дзяржавы. Нават чыгуначныя пуці ў новай краіне былі розныя: у былой «рускай Польшчы» – шырокія, у астатніх частках – еўрапейскія, вузейшыя. Давялося і іх перашываць пад адзін стандарт. Але памяць пра славу старой Польскай дзяржавы, імпэтны правадыр Юзаф Пілсудскі і мноства грамадзян, гатовых ваяваць за ідэю вялікай Польшчы, вярнулі Варшаву на геапалітычную карту Еўропы.

Пасля сыходу немцаў з Расіі ў канцы 1918 года канфлікт новай Польшчы з чырвонай Расіяй быў непазбежны. Палякі хацелі аднавіць Рэч Паспалітую ў максімальных гістарычных межах – з Літвой, Галіччынай, Валынню і Беларуссю. А бальшавікі марылі пра сусветную рэвалюцыю пад лозунгам «Даеш Варшаву!», які намаўлялі крычаць чырвонаармейцаў перад атакай.

Створанае з ветэранаў Першай сусветнай вайны, якія ваявалі ў арміях трох імперый, польскае войска ўяўляла з сябе грозную сілу. У яго было шмат зброі, баепрыпасаў, аэрапланаў і заходніх інструктараў – пераважна французаў. Характэрна, што першую ў гісторыі бамбардзіроўку Кіева з паветра, паводле савецкіх звестак, правялі менавіта палякі 19 красавіка 1920 года. Праўда, выглядала гэта даволі смешна: прыляцела колькі «этажэрак», панакідала лёгкія бомбы, але нічога не разбурыла – адно напалохала.

Чырвоная Армія ў 1920 годзе, наадварот, была надта знясілена двухгадовай грамадзянскай вайной. Яна страціла многа найбольш актыўных байцоў і камандзіраў, стамілася, перажыла эпідэмію тыфу. Дэфіцыт асабовага складу быў настолькі востры, што ў чырвоныя часці, якія перакідвалі на польскі фронт, уключылі нават былых белагвардзейцаў з арміі Дзянікіна, што здалася пад Наварасійскам. Тым не менш гэтае воінства знайшло ў сабе сілы перайсці ў контрнаступ. Здачу Кіева палякамі прадвызначыў прарыў 1-й Коннай арміі Будзённага, якая пераправілася цераз Днепр у раёне Екацярынаслава, дзе яе ніхто не чакаў. Апасаючыся абыходу з поўдня, польскія войскі ачысцілі Правабярэжжа. А з Беларусі вырушыў у наступ на Варшаву Заходні фронт Міхаіла Тухачэўскага. Аднак узяць сталіцу Польшчы не ўдалося. Вайна скончылася нічыёй і Рыжскім дагаворам 18 сакавіка 1921 года, паводле якога Галічына і Валынь засталіся пад Польшчай. Мала хто памятае, што ў якасці суб’екта міжнароднага права яго падпісала не толькі РСФСР, але і УССР – Украінская Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка (менавіта ў такім парадку стаялі тады словы ў яе назве). Савецкі Саюз з’явіўся толькі на год пазней. У асадку апынуўся Пятлюра. Яго УНР знікла з карты, а сам ён ператварыўся ў эмігранта. Як напісаў прыкладна ў той час украінскі паэт і дыпламат Аляксандр Алесь:

Ці не маці для нас

І для ўсіх УНР?

Манархіст ты ці левы эсер,

Друг ці вораг ты – мера адна…

І стаіць УНР, як карова дурна.

Пераклаў з рускай і ўкраінскай В. Рубінчык паводле: Олесь Бузина. Чудо на Днепре (14.05.2010)

Ад перакладчыка

Ладную частку спадчыны яркага кіеўскага аўтара Алеся Бузіны (нар. 13.07.1969, забіты 16.04.2015) складае публіцыстыка з дамешкам іроніі, звернутая ў мінулае. На «беларускай вуліцы» нечым падобным займаўся і займаецца Сяргей Крапівін, на «яўрэйскай» – Міхаэль Дорфман. Пераклад нарыса пра польскую акупацыю Кіева прымеркаваны да стагоддзя падзеі.

Далёка не ўсё ў тэкстах Бузіны мне блізка, аднак «чырвоныя рысы» ён не перакрочваў. У 2017 г. абурыла тое, што яго кнігі былі выдалены з мінскай міжнароднай выставы (не без удзелу «Нашай Нівы», якая занесла іх у разрад «антыўкраінскай літаратуры»). Зусім не спадабаліся і адказы «вялікай гуманісткі» на пытанні расійскага карэспандэнта:

– Вы ведаеце, хто такі Алесь Бузіна?

– Каторага забілі?.. Але тое, што ён казаў, таксама ўзмацняла злосць.

 – То бок такіх трэба забіваць?

– Я гэтага не кажу. Але я разумею матывы людзей, якія гэта зрабілі.

No comments.

* * *

Да пяцігоддзя забойства літаратара выданне «Эхо Киева» апублікавала цытаты з артыкулаў А. Бузіны 2010-х гг. Па-мойму, і яны заслугоўваюць перакладу на беларускую. Напрыклад:

Любое грамадзянскае процістаянне калі-небудзь выдыхаецца. Тады людзі азіраюцца наўкол і пытаюць сябе: «За што ж мы білі адно аднаго?» Дзеля чаго ўсе гэтыя ахвяры?

«Хто заплаціць за кроў?» – пісаў кіяўлянін Булгакаў. Ніхто не заплаціць. Значыць, не ліце яе. Ні сваю, ні чужую. Не адмыецеся, якія б «шляхетныя» ідэі вы ні вызнавалі.

Мяне пытаюцца, на чыім я баку сёння. Адказваю: на баку ЗАКОНА і МІЛАСЭРНАСЦІ. Гэта не слабадушнасць. Гэта мая фамільная традыцыя. Мой прадзед па кудзелі – царскі афіцэр – адмовіўся ўдзельнічаць у Грамадзянскай. Мой дзед па мячы – у 1919 г. сышоў ад чырвоных, але і да іншых колераў смуты не прыстаў. Затое адваяваў сваё ў Айчынную.

Апублiкавана 25.04.2020  18:45

Жыццё музыкаў Камінскіх (ІІІ)

(заканчэнне; дзве першыя часткі тут і тут)

А жахлівая вайна ішла ды ішла! Ужо было многа ахвяр, і канца гэтаму хаосу не было відаць. У горадзе стала цяжка з харчамі, усё даводзілася «даставаць». Жыццё ўскладнялася з кожным месяцам. Нягледзячы на ўсе гэтыя цяжкасці, мы не ведалі пагалоўнага голаду, як у іншых краях імперыі, дзе ва ўладзе ўжо стаялі бальшавікі. У 1917-м і часткова ў 1918 годзе мы, праўда, паспелі «пакаштаваць» савецкай улады, а таксама з’явіўся антысемітызм, і ён мацнеў. Гэта было брыдка. Мамуля стала нават пабойвацца за тату, але ён толькі аджартоўваўся.

Неўзабаве бальшавікоў змяніла Белая армія на Доне. У канцы 18-га, начуўшыся пра паспяховае прасоўванне бальшавікоў, мама выказала настойлівае, непераадольнае жаданне з’ехаць на Каўказ. Татаў вучань Віця Каклюгін (сын міністра ўнутраных спраў пры Данскім урадзе) быў пасля Лёні Сарокіна маім лепшым сябрам. Дый увогуле, пасля шматгадовых зносін з нашай сям’ёй ён стаў як бы нашым «сямейнікам»: мы ўсе яго шчыра любілі. У Каклюгіных была дача ў Геленджыку, і Віця велікадушна прапанаваў нам перажыць «трывожны час» у іх на дачы. Наладзілі «ваенную раду», дзе пастанавілі: мама і я едзем у Геленджык, перасядзім там неспакойныя часы, потым вернемся дадому і зажывем па-старому. Тата ў час нашай адсутнасці будзе ў Таганрогу, у яго там быў кантракт на сезон. А ў выпадку «зацягнутай трывогі» тата да нас далучыцца!

Пачалося лета 1919 года. Вайна набліжалася да нас! Я затужыў па бацьку, па Лёню, майму любімаму сябру. Я стал угаворваць маці вярнуцца дадому, і ў канцы жніўня, на параходзіку «Гурзуф», мы дабраліся да роднага горада. Я быў вельмі рады захапляльнай сустрэчы на нашым «падворку». Усё там было на сваіх месцах, хлапчукі і дзяўчынкі прыкметна падраслі. Лёня за час маёй адсутнасці хварэў на сыпны тыф; неўзабаве на гэты тыф захварэў і я. Пакуль я адсутнічаў у горадзе і хварэў, моцна адстаў ад таварышаў па гімназіі, трэба было наганяць. У бацькі быў вучань Юра Смаленскі, які ўзяўся мяне «падагнаць па прадметах». Пачалі мы з ім займацца, і справа скончылася, нягледзячы на розніцу ва ўзросце, моцнай дружбай паміж намі; мне толькі споўнілася 12, а яму ўжо ішоў 21-ы. Юра мне падараваў вялікі альбом з маркамі, на якіх я няблага знаўся. Потым Юру мабілізавалі ў Белую армію і ён «стаяў на варце» ў раёне станцыі Таганрог. Я бегаў яго наведаць, прыхапіўшы Лёню. Так і неслі мы службу ўтраіх. Канец майго сябра быў трагічны: пры адступленні Белай арміі Юра памёр на падлозе ў вясковай хаце. Адзін-адзінюткі. Я дагэтуль яго аплакваю.

Тады шмат гаварылі пра Распуціна, пра тое, як яго забілі. Я кепска цяміў у сітуацыі, таму што быў дзіцём, але памятаю словы бацькі: «у цывілізаванай дзяржаве такіх з’яў, як гэты мужык, што кіраваў краінай, быццам манарх, быць не можа. І гэта за жывым царом!» Няўдачы на франтах, агульная неўладкаванасць жыцця, злоўжыванні ў арміі і ўрадзе – усё гэта стварала ў народзе нездавальненне і прыводзіла да неспакою. Пагаворвалі пра магчымую рэвалюцыю. А тата ў тыя дні часта ўспамінаў 1905 год. У лютым 1917 года Мікалай ІІ выракся царства, і была ў яго адзіная просьба: пакінуць для яго сям’і адзін маёнтак, Лівадыю. У мяне гэта тады пакінула глыбокае ўражанне. Я сабе ўяўляў, як былы цар з сям’ёй едзе ў хуткім цягніку з Пецярбурга ў Севастопаль: уявіць гэта ўсё было лёгка, бо геаграфію і шляхі зносін я ведаў віртуозна. Але так і не задаволілі яго дастаткова сціплую просьбу. Забілі іх усіх, усю сям’ю, дзяўчынак, маленькага цэсарэвіча. Мае бацькі абураліся забойствам царскай сям’і, шчыра аплаквалі дзяцей, перадусім жа мой тата не мог дараваць забойцам іхняга злачынства. Да канца жыцця паўтараў: «але дзетак-та за што? Такія слаўныя, выхаваныя, нявінныя дзяўчынкі! А хлопчык, дзіця ж было хворае, у яго кепска згортвалася кроў!»

Ад самага заснавання «рэвалюцыйнага парадку» ў народзе пачаў расці страх. З розных франтоў вайны арганізавана і не арганізавана вярталіся салдаты дадому, вярталіся на Дон і казакі. Данскі атаман, генерал Каледзін, трымаў перад казакамі прамову, ён заклікаў іх згуртавацца і не пускаць на Дон бальшавікоў. Але казакі на «вайсковым кругу» (казацкі парламент) вырашылі так: «нікуды мы не пойдзем, але і на Дон нікога не пусцім!» Казакі былі згодныя: «няхай будзе савецкая ўлада, толькі… без камуністаў!» Не вытрымала казацкае сэрца генерала Каледзіна такой недальнабачнасці і анархіі! Ён застрэліўся, і хавалі яго ў Новачаркаску. Падобныя факты, аднак, ужо мала каго краналі; людзі проста спрабавалі выжыць у гэтым шалёным віры падзей. І мала хто разумеў, што дзеецца ў велічэзнай краіне.

У сакавіку 1918 года бальшавікі заключылі Брэсцкі мір з Германіяй. Умовы для былой імперыі былі цяжкія: немцы занялі Беларусь, Украіну і частку Расіі. Атаман Красноў запрасіў нямецкія войскі ў Данскую вобласць, ліст з гэткай просьбай быў пасланы самому імператару Вільгельму. Прыкладна к маю 1918 года немцы ўвайшлі ў Новачаркаск: вельмі скора спыніўся бандытызм і быў наведзены парадак у горадзе. У вольны час мы з Лёням хадзілі на станцыю, дзе ў немцаў была камендатура. Усё было вельмі цікава. Яны да нас, хлапчукоў, ставіліся добразычліва, дый з дарослымі ў іх былі паважлівыя адносіны, усе іх паводзіны мелі мірны характар. Але і ў немцаў здарылася бяда – таксама рэвалюцыя! І яны паціху згортвалі акупацыю: усё менш і менш іх заставалася ў нашым краі, і, у рэшце рэшт, сышоў іх апошні эшэлон. Пакідалі немцы Расію амаль без зброі; так і скончылася першая нямецкая акупацыя поўдня Расіі.

Пасля немцаў у раёне стаялі данскія казакі і асобныя часткі Дабравольніцкай арміі. Наколькі я памятаю, справы на фронце пайшлі кепска: бальшавікі не без поспеху напіралі, а казакі падзяліліся на белых і чырвоных. Жыхары станіц вярхоўя Дона – Ніжне-Чарская, Цымлянская, Вешанская – сімпатызавалі чырвоным, але жыхары нізавых гарадоў і станіц – Новачаркаск, Растоў-на-Доне, Канстанцінаўская, Старачаркаская – былі пагалоўна супраць. Так надышоў 1919 год – апагей грамадзянскай вайны. Па ўсёй былой імперыі многа крыві пралілося! Чырвоныя марудна, але пэўна прасоўваліся на поўдзень Данской вобласці, які быў заняты белымі. У харчовым плане было, вядома, нашмат горш, чым у «стары добры час», але жыць яшчэ было можна. А вось з цэнтральных, заходніх і ўсходніх губерняў імперыі даходзілі трывожныя весткі: там ужо запанавалі голад, разруха, бандытызм. Усе вакол казалі, што з Расіі трэба ехаць, чакаць тут няма чаго. Да гэтага імкнулася і мая мама. Бацька ж сумняваўся, хаця пазней не раз горка шкадаваў, што не паслухаў маму, яе родных і сваіх сяброў. Дапраўды, пасля яго неабачлівага ад’езду з Пецярбурга наша неадбытая эміграцыя стала яго другой фатальнай памылкай у жыцці!

У Новачаркаску 1919 года мы «пасмакавалі» ўсю мярзоту запусцення, спароджанага вайной і бальшавіцкай рэвалюцыяй. Фронт рухаўся да нас марудна, але пэўна. Бальшавіцкія палкі паспяхова займалі Данскую вобласць. Гэта ўсё было ўжо ў 1920 годзе, а ў 1921-м і да нас дакацілася навіна пра новую эканамічную палітыку (НЭП). Паводле росчырку сіфілітыка Леніна, савецкая ўлада змяніла суворасць жахлівага «ваеннага камунізму» на палёгкі для прыватнага прадпрымальніцтва. НЭП доўжыўся гадоў сем, а ў палітычных адносінах тым часам кансалідаваліся аўтарытарызм і дыктатура.

Пра Растоў-на-Доне

Бацька мой вырашыў пакінуць Новачаркаск і перабрацца ў Растоў-на-Доне менавіта тады, у 1921 годзе. І вось у цудоўны веснавы дзень я з татам пайшоў на вакзал, мы селі ў цягнік Новачаркаск – Растоў-на-Доне і паехалі… Да Растова блізка, усяго-та гадзіны паўтары язды. А вось і ён! Я там часта бываў у дзяцінстве, але той прыезд пакінуў ашаламляльнае ўражанне. Які вакзал, колькі цягнікоў, і на ўсе напрамкі! Трамваі, аўтамабілі! Які рух! Колькі тлуму! Якія вуліцы! Галоўная вуліца Садовая – раскоша! А якія крамы і колькі іх! І ўсе яны прыватныя. НЭП дэманстраваў дастатак і нават багацце.

Майго тату многія ведалі і цанілі ў Растове. Дабраліся мы да нашых знаёмых па прозвішчы Паперыны (ён – скрыпач). Спыніліся ў іх. Прынялі нас цудоўна. Жылі яны на Сянной вуліцы, недалёка ад цэнтра. На наступны ранак прыехала цягніком мама, Растоў яе таксама ўзрушыў. Ёй гэты горад нагадваў, ні многа, ні мала, сам Парыж! У хуткім час бацька мой уладкаваўся на працу ў сімфанічны аркестр: ён заняў, як заўсёды, месца канцартмайстра. Дырыжор быў з Таганрога – Валерыян Гаэтанавіч Мола, наш стары сябар. Для адкрыцця сезона выбралі канцэртны вальс Глазунова. Канцэрт праходзіў на вольным паветры, у Аляксандраўскім садзе. Калі над скрыпачамі ўздымаўся лес смыкоў і лілася незвычайная музыка, проста хацелася плакаць ад асалоды. Божа, як было добра!

А я тым часам знаёміўся з цудоўным горадам Растовам. Увосень я паступіў у музычны тэхнікум і з вялікім здавальненнем займаўся з выкладчыкам Я. Ф. Гіроўскім. Вось шчаслівы час! Потым была знойдзена кватэра на Крапасным завулку ў дом № 72. Мы пераехалі туды і зажылі там на славу. А Растоў усе прыгажэў, я памятаю яго дастатак. Крама «Праваднік» гандлявала гумовым адзеннем і абуткам; крама мужчынскай гатовай вопраткі «Альшванг» – раскоша! Гастранамічныя крамы – фантастычныя! А фрукты ў краме «Абрыкос»! Цяжка апісаць прысмакі – сочыва, цукеркі – якія прадаваліся ў крамах нэпмана Бландова і іншых. Так і жылі мы ўсёй сям’ёй у гэтым цудоўным горадзе. Скора ў Растоў прыехалі мае сябры, Ірачка і Каця Зазерскія. Які я быў рады, і яны таксама цешыліся з сустрэчы. Мае лепшыя сябры Віця і Лёня почасту завітвалі да нас. Праўда, у 1921 годзе савецкая ўлада «прыняла новыя формы кіравання», і ўсе гэтыя іх «формы» пачыналіся і канчаліся найбольш жорсткім тэрорам і бязлітаснасцю. Гэта было жахліва. Горы трупаў усіх узростаў, эпідэміі хвароб уносілі мільёны ахвяр у магілы. Але «вялікі настаўнік усяго прагрэсіўнага чалавецтва» казаў: «Класавая барацьба прыняла новыя формы». Усё, што казаў Ленін, прымалася як закон, запярэчыць якому было найвялікшым злачынствам, за якое кара адна – смерць! Ну, а пасля Леніна прыйшоў наступны бальшавіцкі цар-вылюдак, Сталін, і іншае гадаўё, што жывіліся крывёю ўласнага народа.

Калі я пастаянна жыў у Растове, то часта наязджаў у Новачаркаск. Там у мяне засталося нямала сяброў па Пятроўскай гімназіі, дый увогуле было многа знаёмых, пра якіх я часта ўспамінаў, сумаваў па іх. Не магу забыць і сям’ю Болдыравых. Барыс Болдыраў быў старым, звыклым сябрам. Жылі яны ў вельмі добрым уласным доме на Ратнай вуліцы, № 18. Будаваў гэты дом сам Сяргей Іванавіч Болдыраў, інжынер-архітэктар. Дом быў трохпавярховы, і як жа там было добра гасцяваць! Сяргей Іванавіч для гэтага дома нічога не шкадаваў: усё было прысвечана выгодам і камфорту. Маці Боры, Зінаіда Андрэеўна – «пані» – найрахманейшая жанчына, безразважна любіла свайго Бору, мужа, свой дом і гаспадарку. У двары гэтага дома, у флігелі, жыў прафесар Габрычэўскі. Яго сын, Міша, таксама быў вялікім маім сябрам. Я часта наведваў іх у Новачаркаску, а яны мяне ў Растове, карацей, сяброўства не слабла, а нават мацнела! Часам я прыязджаў у Новачаркаск з канцэртамі і заўсёды радаваўся дзіцячай радасцю, калі сустракаўся з родным горадам. Цяпер, калі ўспаміны пра Новачаркаск адносяцца да далёкага мінулага, хочацца зняць капелюш у яго гонар! Хаця, у разе цвярозай ацэнкі, незвычайнага там быццам бы нічога і не было. Правінцыйны горад, населены спакойнымі, добрымі людзьмі. Але ў той жа час трэба прызнаць: Данская вобласць мела свае «спецыфічныя» рысы, якія адрознівалі яе ад іншых тэрыторый Расійскай імперыі. Прыкладамі могуць служыць асаблівыя «данскі характар» і «данская мова». І тое, і іншае вылучалася сваімі нюансамі. А данскія песні! Цяжка на словах перадаць прыгажосць мелодый гэтых песень. Аднак з такім апісаннем выдатна даў рады Шолахаў у «Ціхім Доне».

Казацкія прозвішчы таксама гучаць своеасабліва. Вось тыповыя: Гыдоскаў, Валошынаў, Курмаяраў, Ломаў, Селіванаў, Касаротаў і г. д. Майму бацьку пісалі на канвертах па-казацку: «Оберу Сакычу Камінскаму». Данцы любілі свой народ і казалі пра сябе так: «Мы прыродныя нацыянальныя данскія казакі!» Усе яны жылі на сваёй зямлі як душа жадае, без клапот. І нікому яны не заміналі, пакуль не з’явіўся Ленін са сваёй хеўрай. Гэтыя параджэнні пекла пачалі знішчаць не толькі данскіх казакаў, але і вольных стэпавых калмыкаў. Колькі ў некаторых чалавечых істотах закладзена злосці! І гэтую «якасць» ці то спарадзіла, ці то разбудзіла ленінская рэвалюцыя. Толькі падумаць, гэта ж недаступна розуму! Мужчын-казакаў па-зверску забівалі ледзь не з дзіцячага ўзросту! А жорсткае, ліхадзейскае абыходжанне з казáчкамі! З пункту гледжання Леніна, як данскія, так і кубанскія казакі падлягалі вынішчэнню, таму што яны былі «памагатымі» царскага рэжыму і, адпаведна, «ворагамі рэвалюцыі»! Няхай яна, гэтая рэвалюцыя, і ўсе яе прыслужнікі будуць праклятыя на векі вечныя!

Наша, Камінскіх, прырода, не такая. Як тата казаў: «Для шчасця патрэбная годнасць сэрца, каб берагчы і помніць толькі добрае ў людзях. Людзей, асабліва блізкіх, трэба любіць і песціць». І дадаваў: «Дый добра жыць на свеце!» Я помню, як ён часта гэта паўтараў у розных варыянтах. Я добра памятаю вучняў бацькі і іх узаемную любоў. У гэтых адносінах я бачыў нешта «боскае». А якія «балі» ладзіла мая мілая, незабыўная мамуля! І з нагоды прыходу вучняў, і ў дні імянін майго бацькі ды маіх, і ў дні нашых народзінаў! Дый проста так, парадаваць нас і сяброў. Як я любіў усё гэта, што патанула ў бяздонні рэвалюцый і войнаў.

У 1935 годзе, з парады бацькі, я паступіў у Маскоўскае музычна-педагагічнае вучылішча (тэхнікум; цяпер інстытут імя М. Ф. Гнесіна) па двух аддзяленнях: фартэпіянным і кампазіцыі. Я быў вельмі рады гэтай акалічнасці. Навучальная ўстанова была зусім прыстойная, вядома, не кансерваторыя, але ў 1935-м я быў для кансерваторыі пераросткам – 29 гадоў. За навуку я ўзяўся з энтузіязмам. Асабліва мяне прыцягвала кампазіцыя, і, папраўдзе, займаўся я няблага. У гэтых жа сценах вучыўся Арам Хачатуран, але ён быў там перада мною. У СССР пра Хачатурана было прынята выказвацца з доляй іроніі. Я заўжды тлумачыў гэта асабістай зайздрасцю. Арам Ільіч быў чалавек вельмі таленавіты – вось, напрыклад, яго балет «Гаянэ»… А яго скрыпічны канцэрт, гэта ж проста шэдэўры!

З задавальненнем успамінаю маіх педагогаў: Генрыха Густававіча Нейгауза, Яўгена Іосіфавіча Меснера, самога Міхаіла Фабіянавіча Гнесіна! У 1940 годзе я скончыў гэтую адметную ўстанову як піяніст і кампазітар, і мяне размеркавалі ў Мінск. Там жа я напісаў 1-ы канцэрт для фартэпіяна з аркестрам на беларускія народныя тэмы. Грала мінская піяністка Ева Якаўлеўна Эфрон, і грала добра! Ёй падабаўся канцэрт, што спрыяла натхнёнаму выкананню. Потым канцэрт запісалі ў Маскве на плёнку з аркестрам радыёкамітэта (дырыжор – А. М. Кавалёў). Неўзабаве ён быў выкананы ў Калоннай зале той жа піяністкай, Е. Я. Эфрон, але з дырыжорам Натанам Рахліным. Наступнае яго публічнае выкананне было ў Мінску, перад самай вайной і з маім удзелам. Я граў канцэрт з дырыжорам Барысам Афанасьевым і з мінскім філарманічным аркестрам. Зразумела, я пісаў музыку і даўней, але з гэтым канцэртам зведаў першы творчы поспех.

А ў 1941 годзе пачалася жахлівая вайна!!! Яе немагчыма апісаць, дый ці трэба? Гінула ўсё. Гэты вар’ят Шыкльгрубер – Гітлер! З самага пачатку нечакана гнюсна паказалі сябе немцы. «Саветы» таксама былі не на «вышыні». З аднаго боку, выявілася поўная бяздарнасць камуністычных правадыроў (пра гэтую бяздарнасць няможна расказаць ні на якой чалавечай мове). А шалёная жорсткасць гэтых правадыроў, пачынаючы з іх «вялікага» Леніна? Дый тых, хто прыйшоў яму на змену, адзін Сталін чаго варты… Я пайшоў на фронт у 1941 годзе, мяне прызначылі камандзірам выязной канцэртнай брыгады на Паўднёва-Заходнім фронце. Мы рэдка, амаль ніколі не выступалі ў тыле да канца 1943 года. А на перадавой было «спякотна» і страшна. Мае любімыя гарады выгаралі: Севастопаль, Новачаркаск, Таганрог, Растоў-на-Доне – гарэлі, Ялец гарэў! Варонеж згарэў на 94%, Мінск практычна на 100%… А людзі! «Саветы» прыхоўвалі сапраўдныя даныя, але падобна, што колькасць ахвяр гэтай страшнай вайны толькі ў СССР наблізілася да 30 мільёнаў чалавек. Божа мой, які гэта быў бясконцы кашмар! Самалётныя і артылерыйскія бамбёжкі! А танкі і кулямёты! А голад і смага! Мне пашанцавала больш за іншых, а колькі сяброў загінула! Лёня, мой любімы сябар, Лёня Сарокін, ніколі не перастану аплакваць цябе… З якой радасцю я аддаў бы табе або тваім дзецям мае ваенныя ўзнагароды! Але каму патрэбныя гэтыя савецкія бляшкі? Ды што там! Жыццё б за цябе аддаў! Але ў цябе, як і ў мільёнаў іншых загіблых, няма дзяцей. І ўсё гэта праз брыдкую троіцу – Ленін-Гітлер-Сталін – ды кагорты іх памагатых, якім няма супыну!

Д. Камінскі на фронце (1942) і ў мірны час (1970)

Так, у канцы 1943 года мяне дэмабілізавалі, накіравалі ў Варонежскі дзяржаўны драматычны тэатр загадчыкам музычнай часткі. Разбураны бамбёжкамі ў 1942 годзе будынак тэатра аднавілі неўзабаве па маім прыездзе, у пачатку 1944 года. За шэсць гадоў да мяне ў горадзе жыў Восіп Мандэльштам, яго там жа арыштавалі, і неўзабаве паэт загінуў. Не давялося сустрэцца… Агулам праца ў Варонежы была добрай па тых часах, але мне хацелася займацца педагагічнай дзейнасцю і кампазіцыяй, а амаль увесь час марнаваўся на тужлівую адміністратыўную работу. І мяне цягнула ў Мінск, куды я і вярнуўся ў 1946 годзе.

Даведкі аб працы Д. Камінскага ў Мінску

Нягледзячы на тое, што бацькам маім не дазвалялася жыць у сталічных гарадах (праз паходжанне мамы), я спадзяваўся, што пасля такой ПЕРАМОГІ і столькіх ахвяр паветра ў СССР разрэдзіцца, бацькі прыедуць да мяне, і мы зноў зажывем разам. Але гэтага не здарылася. Я змог прывезці зусім хворую маму толькі пасля смерці таты.

У Мінску я многа і шчасна працаваў. Мяне ад самага пачатку скарылі багатыя народныя мелодыі краіны, дзе вясёлыя, жыццярадасныя, танцавальныя рытмы перапляталіся часам са своеасаблівай песеннай поліфаніяй. Усё гэта почасту проста «прасілася» ў тэму сімфанічнага і поліфанічнага абрамлення. Дзякуючы гэтым тэмам я напісаў сем фартэпіянных канцэртаў, два скрыпічных, адзін віяланчэльны і многа канцэртных п’ес для народных інструментаў – з акампанементам як народных, так і сімфанічных аркестраў. Мне вельмі мілыя былі беларускія тэмы з выкарыстаннем цымбалаў (сола) у суправаджэнні сімфанічнага аркестра. Асабліва я любіў поліфанічнае пісьмо: напісаў у суме 24 прэлюдыі і фугі на беларускія народныя тэмы (па 12 кожнай). Вядома, з аднаго боку мне можна закінуць падабенства маіх фуг на фугі Баха. Але, з другога, мова поліфаніі заўсёды нагадвае чароўныя інтанацыі вялікага Баха. Дарэчы, чым больш мае фугі прыпадабняліся да Бахавых, тым больш яны мне падабаліся.

Аўтарскі канцэрт у Беларускай дзяржфілармоніі

У Мінску я знайшоў Дору Абрамаўну, таленавітага выкладчыка па фартэпіяна ў музычнай школе-дзесяцігодцы для адораных дзяцей. Потым Дора Абрамаўна стала маёй жонкай, і мы з ёй пражылі шчасліва не адзін дзясятак гадоў у гэтым горадзе. Там жа мяне прызначылі старшынёй Саюза кампазітараў БССР, прысвоілі званне «Заслужанага дзеяча мастацтваў», чамусьці ўзнагародзілі «Ордэнам дружбы народаў», увялі ў камітэт па ленінскіх прэміях пры савеце міністраў СССР. Зрэшты, апошняе прызначэнне я ўпадабаў: можна было мець зносіны з Шастаковічам. Дзмітрыя Дзмітрыевіча я заўсёды вельмі любіў, дый цяпер з пяшчотай шаную яго памяць.

Аднак я аднесся з пагардай да ўсіх гэтых «выгад» (адзін Бог ведае, што я да іх за Саветамі ніколі і не імкнуўся) і не стаў хаваць жадання пакінуць Савецкі Саюз для «ўз’яднання сям’і». Я на ўсё жыццё ўдзячны Доры Абрамаўне за тое, што яна дапамагла мне з’ехаць з Савецкага Саюза ў Канаду, дзе мы шчасліва жывем з ёй, дочкамі і ўнукамі. Ну, а да ад’езду было некалькі спектакляў разыграна. Так, быў скліканы спецыяльны сход Саюза кампазітараў БССР, на якім мяне павінны былі з «трэскам» выключыць з гэтага саюза. Я, вядома, не прыйшоў, але мае «сабраты» і без мяне «справіліся»! Пазней, выпадкова мяне сустракаючы, кожны з іх паўтараў адно і тое ж: «вы ж разумееце, што мяне прымусілі!» Гэта было настолькі аднастайна, што я стараўся да ад’езду іх усіх абмінаць…

Нагадаем, поўны тэкст мемуараў рыхтуецца да публікацыі ў альманаху «Запісы БІНіМ», № 39 (Нью-Ёрк-Менск). Гэты нумар «Запісаў» мае выйсці ўвосень 2017 года.

Апублiкавана 30.04.2017  08:58