Tag Archives: Ефрем Соколов

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (44)

Палымяны беларускі шалом! Як казаў Рыгор Барадулін, 82-ую гадавіну якога некалькі дзён таму адзначыла ўсё прагрэсіўнае чалавецтва, «сабе я надакучыў сам – а вам?» Тым не менш падазраю, што камусьці патрэбен гэты серыял несамавіты… Надоечы журналіст «Радыё Свабода» паблажліва паляпаў нас па плячах: «Чытаю вашыя агляды – даволі цікава, часам шкада, што гэта не ідзе на вялікую аўдыторыю». І параіў завесці акаўнт у фэйсбуку, маўляў, больш людзей убачыць. Дзякуй, дзядзечка, за параду; за колькасцю чытачоў не ганюся, дый мне дарагія правераныя сябры, а не «фрэнды». Карацей, толькі сёння і толькі для вас: «Піянерская зорка» «Катлеты і мухі» зноў у прамым эфіры.

«Зорку», дарэчы, таксама цяпер паслухаць можна: пасля распаду СССР перадача знікла з эфірнага сеціва, і вось у 2017 годзе адрадзілася ў РБ – усяго-та праз 10 гадоў пасля вяртання «акцябрат»… «У нас так часта бывае: новае ледзь з’явіцца і адразу ж выцясняецца старым. Каб насаджаць новае, трэба замнога сіл і энергіі» («Запіскі пра кашэчы горад»).

Раз ужо на піянЭраў перайшлі, то спадабалася мне ці то показка, ці то былічка з тутбая: «Школа – гэта месца, дзе казаць “не” наркотыкам вучаць людзі, няздольныя сказаць “не” падпісцы на “Юный спасатель”» (Юля, 11-ы клас). Сапраўды, якой толькі макулатуры не навязваюць педагогам… Ценькая газетка «Юный спасатель» з каляровымі ілюстрацыямі, якой я шмат папацягаў у бытнасць паштальёнам (выпісвалі яе не толькі школы, а і дзіцячыя садкі) – яшчэ, бадай, не найгоршы варыянт.

Перачытваеш раман «На ростанях» Якуба нашага Коласа, прысвечаны настаўнікам пачатку ХХ стагоддзя, і дзівішся – куды ўсё сплыло за сотню гадоў? Некалі – пашана педагогам з боку вучняў, іх бацькоў дый мясцовых «аўтарытэтаў», цяпер – ледзь не таптанне нагамі… Дырэктарам гімназіі ў Магілёве прызначана асоба, раней асуджаная за махлярства? Нічога, «піпл схавае»: гэта ж не першы раз, калі ваўчугаў ставяць сцерагчы авец… Скора, напэўна, будзе так, як у антыўтопіі 1932-33 гг. празорлівага маньчжура Лаа Шэ, замардаванага за сваю празорлівасць у час «культурнай рэвалюцыі» 1966 г.:

«Следам за дзецьмі я вырушыў да школы. Гэта была пустая пляцоўка, абкружаная мурам. Дзеці ўвайшлі ў браму, а я пачаў назіраць з вуліцы. Адныя школьнікі качаліся па зямлі, другія лезлі на мур, трэція нешта малявалі на ім… Настаўнікаў не было. Нарэшце ўдалечыні паказаліся трое дарослых, худых як шкілеты… Настаўнікі – іх прафесію было цяпер лёгка вызначыць – ішлі марудна, трымаліся за мур… Калі яны ўпаўзлі ў браму, школьнікі працягвалі качацца, шумець, сваволіць…

– За брамай замежнік!

Школьнікі прыціхлі.

– З вамі хоча гаварыць дырэктар.

Дырэктар выйшаў уперад і паглядзеў на схіленыя голавы.

– Сёння для вас урачысты дзень, вы канчаеце інстытут…

Я ледзь не страціў прытомнасць. Гэта інстытут, і гэтыя смаркачы канчаюць яго?

– Зараз будуць выдавацца дыпломы.

Дырэктар выцягнуў з-пад мура купу каменных пласцінак і вымавіў:

– Вы ўсе занялі першае месца, можаце ганарыцца! Зараз падыходзьце і бярыце любы дыплом. Яны абсалютна аднолькавыя…»

Калі я чытаў пра «аднолькавыя дыпломы», то ўспомніўся «замалот» першага прэзідэнта ўлетку 2006 г.: «Я не думаю, што ва Урадзе юрысты слабейшыя, чым у Адміністрацыі, або наадварот. Юрысты ўсе аднолькавыя». Натуральна, з безаблічных «аднолькавых» падбіраюцца тыя, хто не пярэчыць, і… «профіт», прававая дзяржава наадварот: указ, дэкрэт і дырэктыва (а ў рэшце рэшт, воля аднаго чэла) мацнейшыя за Канстытуцыю. І што, няўжо ў 2010 г. з «найвышэйшай трыбуны» гучала абяцанка ўвесці суд прысяжных, пра які ў Беларусі гаворыцца акурат 25 гадоў, з вясны 1992 г.? Ну дык крэпкі хазяйсцвеннік – гаспадар свайго слова; сам даў, сам не помніць! Аднак, калі будзем сябе добра весці «калі гэта сапраўды трэба», то нам, наіўным занудам, дазволяць памарыць пра дэмакратызацыю судоў яшчэ гадоў …ць.

Адзін нямецкі палітык, калі верыць Генры Пікеру, у пачатку 1940-х прыкладна гэтак ставіўся да правазнаўцаў і права:

«Ніводзін разумны чалавек не ў стане зразумець прававыя навукі, напрыдумляныя юрыстамі – не ў апошнюю чаргу пад уплывам яўрэяў… Ён зробіць усё, каб выклікаць грэблівасць ад вывучэння права, то боку усіх гэтых прававых ідэй. Бо вывучэнне права такім вось чынам не дазваляе падрыхтаваць загартаваных людзей, прыдатных для таго, каб гарантаваць падтрыманне ў дзяржаве натуральнага правапарадку. Так іх толькі прывучаюць да безадказнасці. Ён будзе клапаціцца пра тое, каб выдаліць з упраўленняў юстыцыі ўсіх, за выняткам мо 10 працэнтаў сапраўдных суддзяў. Будзе скончана з судовымі засядацелямі, бо суд з іх удзелам – гэта сапраўднае махлярства. Ён больш не дапусціць, каб суддзя сыходзіў ад адказнасці за свае рашэнні, адгаворваючыся тым, што засядацелі ў большасці былі супраць яго… Любы юрыст або ад прыроды непаўнавартасны, або з цягам часу зробіцца такім».

Чым заклікі да «натуральнага правапарадку» і «найвялікшай адказнасці» скончыліся для Германіі, досыць добра вядома. Увогуле, часцей за ўсё неправавыя рашэнні – на першы погляд, простыя і эфектыўныя – вядуць да ўскладненняў у эканоміцы, дый невыгадныя палітычна. Узяць хаця б сумнавядомы дэкрэт № 3 ад 02.04.2015, «удасканалены» 12.01.2017. Калі меркаваць па масавых пратэстах у беларускіх гарадах за адзін люты 2017 г., «той, хто крыху вышэй за Бога» і яго каманда сваімі рашэннямі стрэлілі сабе ў ногі. За пратэстоўцамі – «маўклівая большасць»: паводле апытання tut.by, распачатага 20.02.2017 (больш за 92 тыс. чытачоў па стане на 27 лютага), чатыры пятых лічаць, што дэкрэт трэба скасаваць. Ну, няхай тры чвэрці, калі дапусціць хітрыкі з боку не(да)нармалізаванага Зісера… 🙂

Пакуль адчуванне ў мяне такое, што вярнуўся 1989-ы – фактычна першы, калі ў Беларусі адбыліся масавыя мітынгі непасрэдна супраць «наменклатуры» (удзельнікі кастрычніцкага шэсця 1988 г., разагнанага міліцыяй, ставілі перад сабой іншыя мэты). КПСС яшчэ панавала і нават лічылася «кіруючай сілай савецкага грамадства, ядром яго палітычнай сістэмы» – артыкул 6 канстытуцыі будзе адменены толькі ў 1990-м – аднак яе ўжо не дужа баяліся, пагатоў толькі што заснаваны БНФ набіраў сілу. Мяркую, рэйтынг Аляксандра Лукашэнкі ў 2017 г. наблізіўся да папулярнасці (дакладней, антыпапулярнасці) беларускага «правадыра» канца 1980-х Яфрэма Сакалова, калі нехта яшчэ памятае такога.

Міф пра «вечнае вяртанне» як ён ёсць. Жывучы ў сінявокай, часам адчуваеш сябе ў лабірынце, зачараваным коле або на цягніку з «Камедыі строгага рэжыму»: зноў і зноў валтузня ў Курапатах, зноў і зноў размовы пра звышбяспечную АЭС… Наколькі легкадумна ў Беларусі ставіліся да радыяцыі, расказала знаёмая выкладчыца, якая ў 1989 г. якраз паступіла ў магілёўскі інстытут, а ў 1990-м паехала на практыку (раскопкі) пад Быхаў. Дазіметр іхні трашчаў і зашкальваў, але кіраўнік практыкі Вячаслаў К-н нават тады, праз 4 (!) гады пасля катастрофы, калі многа было вядома, не палічыў неабходным згарнуць экспедыцыю… Б-г яму суддзя: чалавек памёр, не дажыўшы да 60.

Нават афіцыйны даклад «30 год Чарнобыльскай аварыі», вытрыманы збольшага ў аптымістычных танах, не хавае таго факта, што на тэрыторыі Беларусі ў 2016 г. захаваліся здаравезныя плямы цэзія і стронцыя. А таксама таго, што за тры дзесяцігоддзі колькасць хворых на рак шчытавіднай залозы вырасла ў Беларусі ў сем і больш разоў… Новых ядзерных сховішчаў у сінявокай, ясен пень, толькі і не хапала.

І этыка працы ў нас – куды там Японіі з яе Фукусімай ці Францыі з Фламанвілем! Эх, варта было мне стрымана пахваліць Скідзельскі цукровы завод за беларускую мову на пакунках з цукрам, як там адбылася трагедыя: выбух, у выніку якога пяць жанчын атрымалі моцныя апёкі. Харош і «Гродна Азот» (31.01.2017 – трэцяя сур’ёзная аварыя за паўтара года, чытаць тут і тут)… У Беларусі мінаў 13-ы год з моманту прыняцця «дырэктывы № 1» пра «жэстачайшую дысцыпліну».

* * *

Надакучыла мне разграбаць завалы тутэйшых чыноўнікаў і квазінавукоўцаў, але пару казусаў не праміну-такі згадаць. 24.02.2017 міністэрства інфармацыі (начальніца – прыгажуня Лілія, аматарка бачыць сваё імя на вокладцы ненапісаных ёю кніг) заблакавала ў Беларусі доступ да вясёлай і бесцырымоннай інтэрнэт-энцыклапедыі «Луркамор’е», якую пачытваю звыш пяці гадоў, а пару артыкулаў і сам падрэдагаваў… Cёння адказам на запыт http://lurkmore.to мне служыць надпіс: «Ресурс заблокирован в соответствии с законодательством Республики Беларусь», але дастаткова змяніць у адрасе адну літару, і тады… Стоп, не стану падказваць чыноўнікам, дзе яны «недадушылі» вольнае слова; нечыноўнікі ж самі разбяруцца, як абысці забарону. Хто не дацяміць, спытайцеся ў Максіма Міровіча

Тлумачэння, у чым «Луркамор’е» парушыла заканадаўства, на сайце мінінфарма няма: і праўда, хто мы такія, каб нешта тлумачыць? Галоўная навіна ад 27.02.2017: «Представители Министерства информации и подведомственных организаций приняли участиев республиканском физкультурно-спортивномпразднике “Минская лыжня-2017”, который состоялся 25 февраля 2017 года на базе Минской городской лыжероллерной трассы в столичном микрорайоне «Веснянка»» (стыль і арфаграфія арыгінала захаваныя).

Экс-дырэктарцы цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па шахматах і шашках Наталлі К., арыштаванай пару гадоў таму, таксама бывала весела ў час спартыўных святаў.

Дзіва што летась, паводле некаторых апытанняў, толькі мізэрная доля жыхароў Беларусі лічыла, што здольная паўплываць на ўладу – як на агульнадзяржаўным, так і на мясцовым узроўні. Гэтая доля – менш за 2% – трапляе ў межы статыстычнай хібнасці, што асабіста мне цяжка прыняць, да таго ж за паўгода многае змянілася. З іншага боку, падаецца, што ў савецкім 1989-м беларусы насамрэч менш баяліся начальства ды больш верылі ў свае магчымасці (і жыватворную сілу БНФ :)), чым у «незалежным» 2017-м.

На карысць познесавецкага перыяду гаворыць і тое, што нормы дабра і зла, сумленных і несумленных паводзін тады яшчэ не зусім размыліся. Так, дыямат «руліў», але наўрад ці ў канцы 1980-х у галоўнай навучальнай установе доўга трымалі б прафесара, які ў «навуковым выданні» для падмацавання сваіх тэзісаў спасылаўся на… звесткі з тэлепраграм. Гаворка пра д-ра Б. і яго кнігу 2009 г., даступную ў нэце. У 2014 г. гэтага Б. павысілі: прызначылі загадчыкам кафедры інавацыйнага менеджменту Белдзяржуніверсітэта.

Урывачак з той самай кнігі. «Паніжэнне інтэлекту» – з хворых галоў на здаровыя.

У лістападзе 2013 г. аўтар «Белгазеты» з’едліва заўважыў, разважаючы наконт прафанацыі вышэйшай адукацыі ў РБ: на эканамічным факультэце БДУ «студэнтам сур’ёзна тлумачаць, што ва ўсіх бедах эканомікі вінаватыя або “сусветнае закуліссе”, або нават “атланты”, якія перажылі гібель Атлантыды (!!!)» Сітуацыя не змянілася і праз тры гады, што дазволіла гора-палітыку Яраславу Р. чарговы раз папіярыцца, у гэтым выпадку на допісе Арцёма Каратчэні. Аднак ідэю выгнаць шарлатанаў, якая ляжыць на паверхні, я падтрымліваю – галоўнае, потым новых не набраць…

Тым часам расійскі віцэ-прэм’ер паставіў Беларусь «на лічыльнік»: спачатку патрабаваў за газ 550 мільёнаў «зялёных», цяпер – 600. Чаму ў тутэйшым урадзе ніхто не прыпомніў, што гэты мужычок – шахматыст, сын шахматыста? На перамовы з ім трэ’ было адпраўляць не Сямашку, а Жыгалку або Азарава… Можа, нашыя «гросы» адыгралі б палову доўгу. Азараў – той яшчэ і юрыдычна падкуты; даб’ецца таго, што Расія cама прыплаціць за паліва і кампенсуе маральную шкоду 🙂

Вольф Рубінчык, г. Мінск

27.02.2017

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 27.02.2017  18:30

Водгукi з фэйсбука:

Алена Ждановіч 21:54 Так і жывем, я вось пазбаўлена права выкладаць. Нема пед. адукацыі…А выкладала я апошнія гады ў Глебаўцы шрыфты, каліграфію, тыпаграфіку…зараз магу толькі падлогу ды посуд мыць, са сваей архітэктурнай…