Tag Archives: «Белсат»

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (77)

Шалом, ён жа мір! Тут за «прэзідэнцкі» шакалад з аўтографам-зычэннем бізнэсовец Аляксандр Машэнскі, «наш чалавек», выклаў 10 тыс. USD – хоць стой, хоць падай… Раней мне выпадала прасіць на друк ідышна-беларускіх кніг па 50-100 долараў, дык і тады калегі сп. Аляксандра круцілі носам. Калі хто раскашэльваўся, то «люд паспаліты».

А. Машэнскі (фота А. Несхадзімава для РБК) і яго прыз

Кажуць, грошы за супершакаладку пойдуць дзецям… Добра, калі так, дый увогуле не маю нічога супраць тутэйшага трэцяга прадпрымальніцкага саслоўя. Больш за тое, хацеў бы, каб яно, у рэшце рэшт, стварыла «сваю» палітычную партыю – дахадзяжная АГП з яе гумарным старшынёй на гэтую ролю не цягне 🙁 Пакуль жа, выглядае, гродзенская панчошная фірма фінансуе чужых палітыкаў – няйначай новы прэм’ер-міністр Італіі Джузэпе Контэ быў выбраны, каб прапіярыць вырабы «Conte» 😉

Попыт у Беларусі на партыйную сістэму, адрозна ад першых лукашэнскіх гадоў, цяпер ужо ёсць. У грамадстве па меры развіцця капіталізму – амаль паводле дзеда-Леніна – нарастаюць супярэчнасці і фармуюцца групы ціску. Аптымальнай сталася б двухпартыйная сістэма а-ля ЗША або Вялікабрытанія. Мазаіка а-ля цяперашні Ізраіль з яго крохкімі кааліцыямі, а пагатоў італьянская палітчахарда тут непамысныя, бо выдаткі на «згладжванне вуглоў» акажуцца завялікімі. У горшым выпадку зноў забуяе аднапартыйнасць з дэкарацыйнымі карлікавымі парцейкамі (зірнем на КНР).

Карацей, патрэбныя выбары ў «парламент» (зараз палата прадстаўнікоў – гэта квазіпарламент, але потым – хто ведае?) паводле прапарцыйнай сістэмы з досыць высокім прахадным бар’ерам, хіба 10%. Для ізраільскіх партый доўгі час ён сягаў 1% ад галасоў выбаршчыкаў, потым падвышаўся, але і цяпер, па-мойму, занадта нізкі (3,25%).

Cтратэгічная задача партый у РБ – пераключыць «знешні локус кантролю» на ўнутраны. Іначай кажучы, важна, каб грамадзяне (пераважная большасць…) паверылі ў свае сілы ды перасталі шукаць рашэнняў па-за межамі краіны. Як «правацэнтрысты» Губарэвіч, Лябедзька і Рымашэўскі з іх травеньскай выправай у ЗША. Ці як Лукашэнка ды яго паплечнікі, што занадта часта ківалі на сусветны эканамічны крызіс, злы Рассельгаснагляд etc.

«Аб’яднанне апазіцыі» ў адной суперпартыі – утопія; сёлета, у сувязі з адзначэннем 100-годдзя БНР і падзеямі вакол Курапатаў, гэта высветлілася канчаткова. Узбуйненне ж альтэрнатыўных сіл непазбежнае. Да 2020-га, году фармавання палаты прадстаўнікоў чарговага склікання, можна было б падрыхтавацца – зляпіць і раскруціць дзве магутныя партыі (два магутныя блокі?) «левых» і «правых», якія здолелі б правесці ў ПП НС па некалькі асобаў. Нават паводле мажарытарнай сістэмы і з улікам агульнавядомых «нюансаў» падліку.

Няхай бы левыя ў парламенце крытыкавалі Лукашэнку за адмену льгот і камерцыялізацыю сацыяльнай сферы, а правыя, са свайго боку, – за недастатковыя тэмпы прыватызацыі, паборы з прадпрымальнікаў і г. д. Спярша гэта можа выглядаць як гульня, пазней з лідараў блокаў вырастуць сапраўдныя палітыкі… I не прыйдзецца ўжо прыхільнікам перамен выбіраць паміж (Сірожам, Алегам – непатрэбнае закрэсліць) Гайдукевічам ды Таняй Караткевіч.

Ізноў жа, усё гэта падобна да ўтопіі, але праект хітры план ажыццяўляльны. Агулам, некаторыя ідэі з серыяла рэалізуюцца, хоць і ў скажоным выглядзе: расфармаваны Інстытут журналістыкі БДУ (дый інстытут псіхалогіі працуе з канца 2016 г. – у структуры педуніверсітэта; лепей бы самастойна ці пры тым жа БДУ), людзі ў Беларусі менш сталі бухаць, чым пазалетась. Пішуць, паводле ўжывання алкаголю краіна з 2-га месца пераехала на 27-е; з іншага боку, МУС РБ за першыя 5 месяцаў 2018 г. зафіксавала ажно 600 смяротных атручванняў, так што цешыцца ранавата.

А тут яшчэ адна песімістычная канстатацыя ад обер-кардыёлага: «Сярод жанчын за апошнія пяць год колькасць курчых павялічылася ў тры разы і складае 14%. Сярод мужчын [у Беларусі] паляць 46-52%». Паводле звестак 2016 г., Беларусь аказалася на 3-м месцы ў свеце па спажыванні цыгарэт (Ізраіль – у шостым дзясятку, і тым не менш каля 20 ізраільцаў паміраюць штодня ад хваробаў, звязаных з курэннем). Можа, хто і верыць, што курэнне памагае даць рады са стрэсам, а я не веру: паводле колькасці суіцыдаў Беларусь таксама ў 2016 г. была сярод першых у свеце (5-е месца, 26,2 выпадкі на 100 тыс. чал.; Ізраіль – у сярэдзіне, там 5,4 выпадкі). Анамія, выкрытая мудрым французам Эмілем Дзюркгеймам яшчэ пад канец ХІХ ст., – у рот ёй ногі…

За апошні месяц актывізаваліся «настаўнікі жыцця» для яўрэяў і беларусаў. Часткова гэта звязана з праблемай Курапатаў – у скандальную ўстанову харчавання «Поедем поедим» былі ўкладзены т. зв. «яўрэйскія грошы», што непакоіць не толькі Марата Гаравога, а і Зянона Пазняка. З. П. заявіў, што «ў Курапатах стаіць помнік габрэям, расстраляным энкавэдзістамі. Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя – БНФ плянуе таксама паставіць там мэмарыяльны знак у памяць расстралянага менскага габрэйскага паэта Ізі Харыка».

У асяроддзі пратэстоўцаў загучала прапанова – запрасіць у Курапаты прэзідэнта Ізраіля Рэўвена Рыўліна (можа прыехаць у канцы верасня на адкрыццё трасцянецкага мемарыяла), падвесці да «народнага» помніка расстраляным яўрэям, каб госць пранікся… Асабіста я сумняюся, што з гэтага штось атрымаецца, але марыць не забаронена.

Перадача пра адносіны яўрэяў і беларусаў на «Белсаце» планавалася яшчэ ў красавіку… Выйшла ў эфір пару тыдняў таму ў рамках праграмы «Intermarium» пад шматабяцальнай назвай «Беларусы і габрэі: што насамрэч адбылося?» Нягледзячы на нелюбоў да польскага псеўдаліберальнага канала, мусіў паглядзець… На жаль, вядучы і рэдактары адпрацавалі на ўжо знаёмым узроўні. Чаго варты зачын: «Беларуская дзяржава… па-ранейшаму праводзіць гістарычную палітыку Савецкага Саюзу. Гісторыя габрэяў у Беларусі амаль не даследуецца». І што за трызненне далей? «Другая сусветная вайна цалкам справядліва прымусіла нас глядзець на масавыя забойствы ХХ ст. толькі як на трагедыю габрэйскага народу, толькі як на гісторыю габрэяў».

Абмеркаванне адразу ж скацілася ў заезджаную тэму, як нас называць: яўрэі, габрэі ці жыды. Мо’ каму гэта й цікава, мне – не (збольшага выказаўся на той конт у публікацыі яшчэ 2000 года). Ладна журналісты… Фальшывай выявілася і «арыя ізраільскага госця», што не дзіўна (пра «пана прафесара» гл. напрыклад, тут, тут і крыху тут). У яго яшчэ ўзялі асобнае інтэрв’ю: павярхоўшчына руліць. То слова «жыд» у БССР з афіцыйнай мовы выдалілі нібыта ў 1926 г. (насамрэч у 1925 г., і «БАН», г. зн. Беларускай акадэміі навук, тады не існавала, дзейнічаў Інбелкульт), то Лукашэнка апошні раз быў на «Яме» ў 2005 г. (насамрэч – у кастрычніку 2008 г.), то ў Лідзе – адзіная вуліца Шолам-Алейхема ў Беларусі (а як жа горад Рагачоў?) То кожны з былых прэзідэнтаў Ізраіля, народжаных тутака, называў сваю радзіму «не Беларуссю, а Усходняй Польшчай»… Шымон Перэс, які ў 1990-х двойчы наведаў нашу краіну, такі менаваў Беларусь сваёй малой Радзімай і ўласнаручна пазначыў на кнізе, што «Ізраіль нарадзіўся ў Беларусі», ды каго хвалююць факты?

Шыльда ў Вішневе, на месцы, дзе жыў Ш. Перэс. З’явілася ў 2013 г.

Парады адносна рэстытуцыі мелі б пад сабой грунт у пачатку 1990-х – там, здаецца, і «закансерваваўся» гісторык С-цкі. Пасля 20+ гадоў кіравання «адзінага палітыка» ясна, што маёмасць былых яўрэйскіх абшчын вяртаецца суполкам цяперашнім толькі ў выключных выпадках, калі ў дзяржавы не стае рэсурсаў юзаць будынкі старажытных сінагог… Нярэдка спаруды, вернутыя на перыферыі, «вылазяць бокам». Яскравы прыклад – Слонім, дзе амаль няма жыхароў-яўрэяў, але сінагогу ў 2000 г. перадалі на баланс Іудзейскага рэлігійнага аб’яднання РБ. У выніку, звыш 10 год рамонту ў ёй фактычна не вялося.

Што да разваг пра тое, ці з’яўляецца гісторыя яўрэяў Беларусі неад’емнай часткай гісторыі Беларусі – тут ужо не рэкамендацыя разбіць мур ілбом, а спроба ўзламаць адчыненыя дзверы… Даўно ўсе адэкваты разумеюць, што з’яўляецца, і няма цяпер такога, што «яўрэі ў Беларусі – самі па сабе, беларусы – самі па сабе». Інтэракцыі ідуць пастаянна, на розных узроўнях – часам незалежна ад «Чырвонага дома», часам з яго санкцыі.

На лакальным узроўні ў многіх дзяржаўных музеях усталяваныя стэнды, дзе гаворыцца пра яўрэяў (Пінск, Магілёў…). У школах ладзяцца конкурсы краязнаўчага характару з выхадам на «яўрэйскі тэмат» (паказальна, што ў Навагрудку адзін з школьных класаў у 2010 г. узяў сабе імя Джэка Кагана)… Райвыканкамы найчасцей не замінаюць захаванню памяці пра яўрэяў, а бывае, і падтрымліваюць. Амаль ва ўсіх раённых «Кнігах памяці», выдадзеных у 1990-х–2000-х гадах згодна з пастановай ураду, ёсць звесткі пра ахвяраў адпаведных гетаў, нярэдка і пра партызанаў-яўрэяў.

На ўзроўні нацыянальным – Дні памяці ахвяр арганізоўваюцца больш-менш рэгулярна, пачынаючы з 1993 г. Нямала ў іх казёншчыны (вось і зварот пра конкурс 2018 г. пад эгідай мінінфармацыі насцярожвае бюракратычным слэнгам), але ёсць і нешта жывое. У 2008 г., напрыклад, дзяржава дапамагла паставіць рад помнікаў і зняць дакументальны фільм, узнагародзіла медалямі былых вязняў гета, падпольшчыкаў – чым кепска?

Даўно не вымагае празмерных высілкаў апублікаваць артыкул (ці некалькі), прысвечаны яўрэям, у навуковым/навукова-папулярным выданні. Нябожчык Рыгор Рэлес друкаваў матэрыялы пра яўрэйскіх пісьменнікаў у часопісе «Полымя» (1995–1996), я расказваў пра сінагогі Беларусі ды ідышных паэтаў у «Родным слове» (2005), Фелікс Баторын агледзеў яўрэйскую літаратуру Беларусі ў розных нумарах газеты «Літаратура і мастацтва» (2015)… «Яўрэйскі спецвыпуск» міністэрскага часопіса «Маладосць» (№ 4, 2016) таксама пра нешта сведчыць. Як і тое, што Нацыянальны мастацкі музей ахвотна ўключае мастакоў-яўрэяў (Якаў Кругер, Натан Воранаў…) у серыю «Славутыя мастакі з Беларусі».

Ясная рэч, праблем & шурпатасцей у становішчы яўрэяў Беларусі было і ёсць гарою, пра што безліч разоў пісаў (тут, тут, тут, тут…). Але за 40 з чымсьці мінут тэлепраграмы ўдзельнікі прымудрыліся не заглыбіцца ні ў адну з рэальных праблем. ¯\_(ツ)_/¯

Не хадзіце, дзеці, на ТV гуляць! 🙂 І яшчэ бачу, што беларусістыка ў Ізраілі па-ранейшаму мадзее. Канстатаваў гэта 7 год таму ў зборніку «На ізраільскія тэмы», паўтара года таму ў «Катлетах…» Мала што мяняецца. Перакананы, што ў кітайскіх універах даследуюць беларускую сітуацыю куды глыбей, чым у Тэль-Авіўскім, таму і поспехі на тутэйшым рынку ў выхадцаў з КНР значна большыя. Ізраільскі ж партнёр «Белсату» даводзіць, што «развіццё беларуска-ізраільскіх адносінаў вельмі тармозяць арабскія краіны». Тыповы казус знешняга локусу кантролю, ці, прасцей кажучы: «кепскаму танцору…»

Як пазначаецца «тэрыторыя ўплыву». Гродна, май 2018 г. На люку з гербам горада, вырабленым у дзясятках экземпляраў, – надпіс па-кітайску, але ні ідыша, ні іўрыта... Для даведкі: у 1816 г. у Гродне жылі 8422 яўрэі (85% насельнікаў), у 1859 г. — 10300 яўрэяў (53%), у 1887 г. — 27343 (68,7%), у 1897 г. — 22684 (48,4%), у 1910 г. — 31055. Нават 80 год таму яўрэяў сярод гараджанаў была амаль паловатрохі болей, чым кітайцаў.

«Вольфаў цытатнік»

«Людзі, на жаль, у нас як бы пазбаўлены памяці. Яны як бы згадзіліся з тым, што памятаць не трэба, і гэта ўсё роўна, што грузіць сябе… Гэта ўмова такога папулісцкага рэжыму, як наш. Усё спрашчаецца. І першы элемент спрашчэння – гэта страта памяці» (Глеб Паўлоўскі, 12.06.2018).

«Няма такога дыктатара, які б не гукаў пра асаблівы шлях краіны”, бо гэта галоўны довад для падтрымання веры ў рэжым… Ідэялагічныя локшыны маюць за мэтавую аўдыторыю толькі ўнутранага спажыўца… На самай справе ў Беларусі зусім не ўнікальная, а хрэстаматыйная дыктатура з заканамерным фіналам у перспектыве» (Андрэй Вардамацкі, dw.com)

Вольф Рубінчык, г. Мінск

15.06.2018

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 15.06.2018  13:21

Як нарадзілася «Зніклая паэзія»

Беларуска-польская стужка пад назвай «Зніклая паэзія» (2017, 32 мінуты) будзе дэманстравацца 9 лістапада 2017 г. на кінафестывалі «Лістапад». Мінск, Юбілейная плошча, кінатэатр «Беларусь», з 17:30. Сайт 34mag.net уважае, што падрыхтавацца да прагляду дапаможа гайд па «(Не)расстралянай паэзіі».

Пра кінатвор, прысвечаны паэтам Беларусі, якія былі забіты 80 год таму (канкрэтна, Тодару Кляшторнаму, Майсею Кульбаку, Юлію Таўбіну, Ізі Харыку), распавядаюць сцэнарыстка Марта-Дарыя Клінава і рэжысёр Ілля Бажко.

М.-Д. Клінава: Ідэя фільма ўзнікла два гады таму, у лістападзе 2015 года. Я шукала матэрыял для дыпломнага сцэнара, і так атрымалася, што мае жаданні супалі з прапановай майго мастацкага кіраўніка: у той лістападаўскі дзень, калі я задумалася, ці не зрабіць мне дакументальны фільм пра рэпрэсіі, яна мяне запытала: «Не хочаш узяць тэму рэпрэсаваных літаратараў?».

Далей пачаўся пошук героя. Літаратараў было шмат, і трэба было вызначыць, на кім менавіта сканцэнтраваць свой позірк. Да таго ж ахоп быў вялікі: спачатку я хацела закрануць увесь 1937-ы год. Потым знайшла кнігу Леаніда Маракова, у якой узгадваліся падзеі 29 кастрычніка 1937 года, калі было расстраляна больш за 100 прадстаўнікоў інтэлігенцыі. Тады я зразумела, што гаворка пойдзе менавіта пра гэтую дату.

Сам Леанід Маракоў шмат дапамагаў мне потым, раіў, на што звярнуць увагу, нягледзячы на цяжкі стан свайго здароўя. На жаль, пачаць здымаць яго мы так і не паспелі…

Мой пошук працягваўся, і я задалася пытаннем, творы якіх паэтаў і пісьменнікаў, што загінулі ў тую ноч, найбольш цікавяць сучасных літаратараў і моладзь. Шмат новага для мяне адкрылі такія вядомыя ў беларускіх літаратурных колах асобы, як Віктар Жыбуль, Андрэй Хадановіч, Вольф Рубінчык. Пазнаёміў мяне бліжэй з творчасцю Тодара Кляшторнага студэнт філфака БДУ Цімур Буйко. Для мяне таксама было важна паказаць герояў розных па ўзросце, папулярнасці, этнічнай прыналежнасці. Нехта з іх пісаў па беларуску, нехта на ідышы. Юлія Таўбіна лічылі гарадскім паэтам, Тодар Кляшторны натхняўся краявідамі роднай вёскі.

З рэжысёрам Іллём Бажко мы знайшлі адзін аднаго выпадкова – я збіралася ў вёску, дзе нарадзіўся Тодар Кляшторны, і шукала аператара, каб гэта задакументаваць. Ілля мяне амаль не ведаў, але ў апошні момант пагадзіўся на такую авантуру. Яму спадабалася ідэя фільма, і ён прапанаваў зрабіць яго разам.

І. Бажко: 1920-я гады мне падаліся па-свойму вельмі цікавымі. Бо пра царскую эпоху шмат вядома, як і пра Другую сусветную вайну, і тое, што адбывалася пасля. А вось 20-я, калі быў НЭП, калі на Беларусі было чатыры дзяржаўныя мовы – гэтая эпоха неяк схавалася ў кішэньку гісторыі.

Таксама мяне захапіла, што героі, якіх адабрала Марта, былі пэўным культурным андэрграўндам таго часу.

Нам шмат распавядалі пра творы паэтаў, пра літаратурныя стылі. А мне было цікава, што гэта былі за людзі, чым яны дыхалі, як яны адчувалі тую эпоху. Тое, што яны не пісалі пра сябе самі.

Мы горача спрачаліся з Мартай наконт фільма, сварыліся, хіба што не біліся ўжо. Бо яна заўсёды настойвала на фактах, каб усё было дасканала. Я хацеў па-свойму тлумачыць факты, каб было цікавей глядзець фільм. Але мы адразу дамовіліся, што заўсёды будзе кампраміс, што ніхто не будзе гнуць сваю лінію. Бывала, мы доўга прыходзілі да кампрамісу, начамі перапісвалі тэксты. Таму ў нас атрымаўся добры баланс паміж дакладнасцю і мастацкім упрыгожваннем.

М.-Д. Клінава: Найбольшай складанасцю, з якой мы сутыкнуліся, быў недахоп інфармацыі, асабліва візуальнай. У вёсках і мястэчках, дзе жылі нашыя героі, амаль нічога не засталося ад іх прысутнасці.

І. Бажко: У час мантажу адразу стала зразумела, што захавалася вельмі мала фотаздымкаў, ці партрэтаў нашых герояў. Зрабіўшы кінапастаноўку, я сапсаваў бы атмасферу фільма. Адзінае, што нам з Мартай заставалася, – намаляваць некаторыя моманты. Я адразу сцяміў, каму хацеў бы даверыць гэтую працу – мастачцы Марго Макляцовай.

Разам мы ўчытваліся ва ўспаміны сяброў паэтаў, параўноўвалі іх з нашымі сябрамі, каб лепш разумець адзін аднаго. Марго вывучала фотаздымкі і малявала па начах. О! І мае фантазіі ажывалі, гэта было цудоўна. Мы шмат працавалі над дэталямі, нават наколькі валасатай зрабіць нагу ў Кульбака.

М.-Д. Клінава: Ілля хацеў паказаць паэтаў у больш нефармальнай атмасферы – мне гэтая ідэя спадабалася, бо хацелася крыху адвесці на некаторы час ўвагу ад трагедыі, якая іх напаткала, і паказаць асобаў, якія, таксама як і мы, жылі, натхняліся, сустракаліся з сябрамі за келіхам…

Анонс фільма на тэлеканале «Белсат» можна бачыць тут.

Ад belisrael.info: шчыры дзякуй спадарыні Клінавай за дасланыя нам матэрыялы.

Апублiкавана 08.11.2017  06:44