Tag Archives: Анатоль Брусэвіч

Ала Петрушкевіч. Няма ў Гародні анёла

Лейб Найдус з тых творцаў, хто назаўсёды застаўся маладым — пайшоў з жыцьця ў 28 гадоў. Гэта адзін з самых яркіх лірычных талентаў новага часу, што ўзгадаваныя ў гарадзенскім Краі. «Сын гарадзенскай зямлі» — так пісала пра яго Іна Анатольеўна Карпюк, дасьледчыца спадчыны паэта, што ўсьлед за Аляксеем Карпюком дбайна клапацілася пра вяртаньне ягонага імя на Радзіму.

Пачатак жыцьця Лейба Найдуса зьвязаны з фальваркам Кусьцін, што непадалёк ад Кузьніцы Беластоцкай, які ў тым часе належаў калескаму саветніку Мікалаю Апехціну. У наш час гэта ўжо замежжа. Арандаваў сядзібу Ісак Найдус. У ягонай сям’і 6 лістапада 1890 году і нарадзіўся будучы паэт. Дзеці, а іх было сямёра, пачыналі навучаньне вельмі рана, у тры гады. Дзеля гэтага быў запрошаны настаўнік, які рыхтаваў іх да здачы штогадовых экзамэнаў экстэрнам у гарадзенскай школе. Асаблівую ўвагу зьвярталі бацькі на вучобу Лейба, які меў добрыя здольнасьці. Ён быў наймалодшым. Хлопчык вучыўся ў розных гарадах: Гародні, Радаме, Беластоку, Коўне, Вільні. У 1911 годзе насуперак волі бацькі пакінуў вучобу, абвясьціўшы, што «зь літаратуры таксама можна жыць. Калі ж прыціскала бяда, вяртаўся ў Кусьцін» — згадвала пляменьніца паэта Валянціна Найдус.

Пісаць Лейб Найдус пачаў вельмі рана. Валянціна Найдус падае цікавыя зьвесткі, разважаючы пра няпросты выбар маладога творцы: «На якой мове пісаць? Адказ быў ня зь лёгкіх. У двары жыла польская сям’я конюха. З ганка можна было зазірнуць у пакоік старэйшай сястры-габрэйкі. Па суседзтве жыла сям’я беларусаў. Непадалёку знаходзіліся таксама беларускія вёскі Вызгі і Даўгасельцы. Крыху далей — польскія вёскі Кавалі і Мерашкоўцы. Няпоўныя тры кілямэтры было да Кузьніцы з касьцёлам на плошчы, царквой на ўзгорку і дзьвюма-трыма бажніцамі». Дамінуючая ў тагачасным грамадзтве моўная паліфанія паспрыяла таму, што спачатку вершы паўставалі на трох блізкіх яму мовах: габрэйскай, польскай і расейскай. Некаторыя крыніцы сьцьвярджаюць, што пісаў ён і па-беларуску. На жаль, тыя творы не захаваліся.

Але ў хуткім часе для творчасьці была абраная выключна мова ягонае душы — ідыш, дэбют на якой адбыўся ў 1907 годзе ў варшаўскім часопісе «Романцайтунг». Справа ў тым, што вялікі ўплыў на яго аказала юная асоба — Ніна Табачнік, шчырая аматарка габрэйскае культуры, патрыётка. Каханьне да гэтае дзяўчыны, што разгарэлася ў душы юнака, сталася для яго вялікай трагедыяй: Ніна памерла ў маладым веку. З часу тае страты пісаў толькі на мове свайго роду, друкаваўся ў варшаўскіх і віленскіх габрэйскіх пэрыёдыках. На ідыш паэт ня толькі пісаў, але і пераствараў творы сусьветнае клясыкі: Гётэ, Шэлі, Гейнэ, Міцкевіча, Пушкіна, Лермантава, По, Бадлера, Верлена і інш., што было вельмі важным для невялікіх крэсовых цэнтраў, бо, як слушна сьцьвярджае Валянціна Найдус, дапамагала супрацьстаяць правінцыйнасьці, культурнай адасобленасьці. Апроч таго, «Лейб Найдус ня толькі даў магчымасьць доступу да твораў перадавых паэтаў заходняга сьвету сваім чытачам, але і сам выразна эвалюцыянаваў пад іх уплывам».

Адной з крыніцаў, што наталялі душэўную смагу творцы, былі старыя габрэйскія песьні, якія чуў з маленства. Захапленьне іх красою выказаў у вершы, дзе найперш зьвярнуў увагу на спалучэньне ў іх багацьця, разнастайнасьці жыцьцёвых перажываньняў, калі гора і радасьць натуральна спалучаюцца між сабою, ураз зьмяняючы адно другое:

Габрэйскія песьні мне мілы,

тут радасьць і боль пераплецены скрозь,

тут горкія сьлёзы сірот ля магілы

зьмяняе нястрыманая весялосьць.

(Пераклад мой празь пераклад з польскай Алены Найдус — А.П.)

У апошнія гады жыцьця цалкам аддаўся літаратурнай працы. Быў шырока вядомы і шанаваны ў габрэйскай грамадзе. Ягоныя вершы ведалі, вывучалі ў школе, іх клалі на музыку. Лейб Найдус шмат рабіў дзеля папулярызацыі паэтычнага слова, выступаў з лекцыямі перад аматарамі паэзіі. Быў частым госьцем у дзіцячых аўдыторыях, у школах, якія масава адкрываліся ў тым часе. Пісаў вершы, прысьвечаныя дзецям. Сярод іншых — іскрысты, лёгкі «Карагод»:

Рушым, дзеці, з душнай хаты
ў сад зялёны, на прастор!
Дружна возьмемся за рукі,створым карагод-узор.
Вось як — так, вось як — так,
карагод наш — бы вятрак!

(Пераклад мой праз пераклад з польскай Алены Найдус — А.П.)

Быў адным з самых шанаваных аўтараў літаратурнага штомесячніка «Literarische Monatsschriften», што ў тым часе пачаў выходзіць у Вільні. Там жа ў 1915 годзе выйшла першая кніга паэта з традыцыйнаю назвай «Лірыка».

Апошнія гады жыцьця правёў у Горадні, дзе падрыхтаваў яшчэ дзьве кнігі: «Флейта Пана» (1918 г.), выхаду якой пасьпеў парадавацца, і «Інтымныя песьні» (1919 г.), што пабачыць сьвет ужо пасьля сыходу паэта.

Фінальны час ягонага жыцьця быў вельмі няпросты. Вайна, спусташэньне, голад. Ягоная сям’я ў Кусьціне таксама мела вялікія страты. Ня стала магчымасьці атрымліваць дапамогу з дому. Да таго ж, у Краі панавалі хваробы. У часе аднае вандроўкі, калі паэт вымушаны быў вяртацца дамоў у перапоўненым вагоне, ён захварэў на дыфтэрыю, што для аслабленага арганізму стала фатальным. Лекара адразу не выклікаў, мяркуючы, што гэта звычайная прастуда. Побач зь ім быў ягоны сябра, літаратурны крытык Абрам Зак. Як сьведчыць Валянціна Найдус, ён адвёз паэта ў шпіталь на дзіцячых санках, але было ўжо вельмі позна.

Лейб Найдус быў пахаваны на Новых габрэйскіх могілках.

З лёгкай рукі гарадзенскага творцы, літаратуразнаўцы Анатоля Брусэвіча, аўтара артыкула «Месца Лейба Найдуса ў беларускай культурнай прасторы», габрэйскага паэта параўноўваюць з Максімам Багдановічам: той жа раньні сыход, у адным і тым жа годзе — літаратурны дэбют, тая ж мізэрная колькасьць выдадзеных пры жыцьці кнігаў, тое ж наватарства ў айчыннай паэзіі, тое ж імкненьне перанесьці ў родную літаратуру ўсё лепшае з чужое глебы, тыя ж жыцьцесьцьвярджальныя, аптымістычныя матывы з аднаго боку, а зь іншага — смутку, адзіноты, эстэтызацыі сьмерці. І лёгкаплыннасьць, іскрыстасьць паэтычнага радка, што асабліва выразна выяўляецца ў перакладзе Максіма Танка на беларускую мову верша «Дождж і сонца». Па сутнасьці, гэта адзіны больш-менш вядомы беларускім аматарам верш габрэйскага паэта. Зроблены ён таксама праз пераклад на польскую мову пляменьніцы паэта Алены Найдус:

Дождж і сонца, дождж і сонца.
Кроплі ў залатых праменьнях
У сваім палёце зьзяюць,
Быццам злучаныя іскры.

Захопленасьць красою жыцьця, нястрымная радасьць існаваньня, сугучнасьць чыстае, незамутнёнае жыцьцёвымі нягодамі чалавечае душы прыроднаму сьвету, той жа Багдановічаў позірк на сьвет «дзіцячымі вачыма» перададзеныя ў паэтычных радках:

Дождж і сонца, дождж і сонца.
Аж калышуцца ўсе кветкі
Пад ласкавым цёплым ветрам,
У сьлязах сьмяюцца дзеці.

Паэтычны паўтор і ў пачатку кожнае страфы, і ў межах пачатковага радка, у якім спалучаныя самыя жыцьцядайныя прыродныя зьявы, паўстае радасна-ўзьнёслым зачынам, настрой якога нязьменна трымаецца ва ўсёй вершаванай прасторы. Лірычнае дзеяньне не замкнутае, не абмежаванае нейкімі пэўнымі рамкамі. Ягоны вэктар скіраваны ў неабсяжныя далі:

Дождж і сонца, дождж і сонца.
Рэчка ў берагах гайдае,
Звонка кроплі толькі б’юцца,
Іх кругі нясуцца ў далеч.

Не абыйдзены творцам вобраз нябеснага цуду — вясёлкі, што паўстае выключна ў часе сугучнага панаваньня дажджу і сонца. Тут можа выклікаць зьбянтэжанасьць каляровае вырашэньне, прапанаванае Максімам Танкам. У перакладзе Алены Найдус, відавочна, больш дакладна — прамяністы, а блакітныя — глыбіні, што ў папярэднім радку:

Дождж і сонца, дождж і сонца.
Адбіваецца на небе
Каляровы мост блакітны,
Шчасьця вечнага дарога.

І ў фінале, як бачым, той жа нястрымны рух, той жа вэктар, які скіраваны ўжо ў неабсяжныя глыбіні часу. Сапраўды, «Лейб Найдус — як слушна сьцьвярджала ягоная пляменьніца Валянціна Найдус, — быў песьняром радаснага аптымізму. Ён прынёс у габрэйскую паэзію непаўторную прыгажосьць прыроды, багатую палітру фарбаў і неспатыканую да яго выключную сэнтымэнтальнасьць да прыроды».

У згаданым вышэй артыкуле Анатоль Брусэвіч падае свой пераклад верша Лейба Найдуса праз падрадковік гарадзенца Рыгора Хасіда, які, як прызнаецца перакладчык, быў зьдзейсьнены ім у адначасьсе:

Я сэрцам сонца п’ю нэктар.
Мой зрок у небе тоне.
Я — малады, прыгожы цар,
Хоць голаў не ў кароне.

У апошні пэрыяд свае творчасьці Лейб Найдус усё часьцей адыходзіць ад рыфмаванага верша. Тлумачыць гэта жаданьнем разьняволіць у паэтычных радках плынь пачуцьцяў:

Дазволіць лёгкаплыніць строфам вольна,
ня сьціснуць сэрца ў ямбы ці харэі,
бязь межаў хай ліецца мова, проста.
Ня стану шліфаваць у вершах словаў,
найперш такіх, як боль і шчасьце.

(Пераклад мой праз пераклад з польскай Алены Найдус — А.П.)

Шчыра верыў паэт у ратавальную сілу прыгажосьці, яе магчымасьць зьмяніць сьвет да лепшага. Не абышло і яго гэтае марнае імкненьне многіх рамантыкаў:

Хацеў бы памагчы народу,
Бо гіне ў болі і самоце.
Хачу яму вярнуць я веру
У бязьмежнасьць хараства
на сьвеце,
Каб стала
будучыня лепшай.

(Пераклад Максіма Танка, 24.05.1994 г.)

Пасьля сьмерці паэта было шмат зроблена дзеля ўшанаваньня ягонае памяці. Невялікая вулка ў цэнтры места, якая здаўна называлася Пясчанай, атрымала імя Лейба Найдуса. Менавіта тут, у невялікім доме, у пакоі на першым паверсе жыў паэт. Тут ён пайшоў з жыцьця. Праз пяць гадоў, у 1923, на ягонай магіле быў адкрыты помнік аўтарства варшаўскага скульптара Абрама Астжэгі. Апушчаныя, надломленыя белыя крылы, якімі прыкрыты твар анёла… Захаваўся здымак: мноства людзей на могілках, што прыйшлі ўшанаваць паэта. Але помнік, што бялее ўдалечыні, на здымку разгледзець немагчыма. Ён захаваўся толькі ў памяці людзей. Так, І.А. Карпюк згадвала, што гэты помнік быў нетыповым, вылучаўся сярод іншых.

У вялікім сьвеце сьляды Лейба Найдуса захаваныя. У розных мясьцінах, па якіх воляю лёсу параскідана габрэйская грамада. Так, на габрэйскіх могілках у Парыжы Гарадзенскім зямляцтвам пастаўлены помнік, на цокалі якога высечаны барэльеф паэта. Тут ушанаваныя гарадзенскія габрэі, што загінулі ў гады Другой сусьветнай вайны. І няхай дапушчана фармальная памылка, бо Лейб Найдус памёр значна раней, усё ж ён па праву належыць да гэтае грамады — гарадзенскага габрэйства. У 1995 годзе на габрэйскіх могілках у Варшаве на сымбалічнай магіле таксама паўстаў помнік паэту.

Але самае галоўнае для творцы — жыцьцё ягонага Слова, літаратурная спадчына. У 20-я гады было зроблена нямала дзеля яе захаваньня. У Варшаве, дзякуючы намаганьням Камітэту імя Лейба Найдуса, да 10 угодкаў сыходу паэта былі выдадзены пяць тамоў яго твораў: «Кніга паэмаў», «Лірыка», «Літоўскія арабэскі», «Сьвет Парнасу», «Расейская паэзія». Астатняе захоўвалася ў Габрэйскім навуковым інстытуце ў Вільні. У гады вайны загінула ў пажары. У далёкай Аргентыне ў 1958 годзе былі выдадзены выбраныя творы. Перавыдадзеныя ў 1972 годзе, сталі апошняй на сёньняшні час кнігай паэта. Менавіта там апынуўся Абрам Зак, які такім чынам сплаціў доўг свайму сябру. Яму належыць артыкул, прысьвечаны жыцьцю і творчасьці Лейба Найдуса, у якім крытык пісаў: «Віртуоз габрэйскай страфы — гэта заслужанае акрэсьленьне паэтычнага аблічча Найдуса… Верш яго быў у сучасным яму грамадзтве узорам рытму і высокага ўзроўню мэлядычнасьці. На чале плеяды габрэйскіх паэтаў стаяў у тым часе Д. Эйнхорн, які пісаў ціхія, мройныя песьні пра белыя бярозкі, і тут прыйшоў Л. Найдус, загучаў сьмелымі акордамі, выверанымі тонамі, і гэта было новым кірункам і цалкам новай тэматыкай. Яго паэзія заіскрылася нязвыклым багацьцем мовы і рэдкай музычнасьцю. Што да мовы і формы, то тут Найдус быў недасягальным віртуозам…».

Гэта той ягоны сябра, які быў да апошняй хвіліны побач, які імкнуўся выратаваць ад сьмерці. Іх, маладых і прыгожых, бачым на здымку, зробленым у Гародні: Лейб Найдус чытае свае вершы Абраму Заку.

Што да імя паэта, то розныя дасьледчыкі па-рознаму называюць яго: Лейб, Лейбл, Леон, згадваюць — Лёнік, як яго клікалі ў маленстве. Аддаем перавагу імені, якім называе паэта ягоная пляменьніца.

Прыкра, што Новыя габрэйскія могілкі пры звычным маўчаньні гарадзенцаў былі зруйнаваныя ў 60-я гады. На іх месцы пабудаваны стадыён. Як напісаў Андрэй Адляніцкі, «на працягу 80-х гадоў пасьля яго сьмерці было шмат намаганьняў, каб памяць пра Найдуса зьнікла разам з гісторыяй усяго габрэйскага Гродна. Яго вершы спалілі фашысты, а магілу зьнішчылі камуністы…»

Няма анёла на той магіле.
Няма й магілы.
Няма анёла і над Гародняй.
Зламаны крылы
былі на ўзьлёце.
Згарэў у палёце
Да сонца й зораў.

З падачы аўтаркі змяшчаю яе ранейшы артыкул.   

Апублiкавана 28 сакавiка 2016 г.