Tag Archives: Вольф Рубинчик.

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (21)

Неадменны шалом.by усім прыхільнікам бульварна-кулінарнага серыялу! Калі пачынаў (страшна сказаць, 13 жніўня 2015 г.!), то меркаваў, што давядзецца больш пісаць «пра культуру», а выпадае – «пра палітыку». Праўда, сёлета і восень такая – то выбары-дурабары ў Беларусі ды Расіі, то мітынг(i) у сэрцы Мінска, у ЗША нешта булькаціць… Дый ніхто не абверг пастулата Анатоля Кузняцова з «Бабінага Яра»: «ГОРА СЁННЯ ТАМУ, ХТО ЗАБЫВАЕЦЦА НА ПАЛІТЫКУ».

Тым, каму не падабаецца форма або змест «палітінфармацый», задам простае пытаннечка: «а вам слабо?» Ну, прышліце свае думкі пра Беларусь і/або яўрэйства, няхай не адпаведныя маім, няхай з жорсткай крытыкай, няхай не на мой мэйл, а на мэйл рэдакцыі… Калі без абраз, то ўсё будзе апублікавана. Не так ужо шмат цяпер рэсурсаў, дзе можна вольна выказацца: у Беларусі іх – кот наплакаў… Адрасаваныя майму колу сайты друкуюць або нешта занадта мудрагелістае, або гоняць трэш, папулізм, маралізатарства і прымітыў (значна часцей…). Ва ўсіх выпадках рэдакцыі схільныя ганарыцца сваім кантэнтам і, як правіла, не зацікаўлены ў альтэрнатыўных поглядах. «Спявайце ў хоры або не спявайце ўвогуле» – прыкладна так, здаецца. Ну, часам яшчэ дазволена ставіць пад чужымі матэрыяламі лайк/дызлайк 🙂

Парадавала, што на сайце 1863x.com арыштаванага Эдуарда Пальчыса ёсць каму замяніць: сам сайт не дужа мяне ўражвае, аднак салідарнасць – вялікая справа. Ну, а я пакуль цягну лямку без асістэнтаў, бяруся за трэці дзясятак серый. Найперш – колькі слоў пра «парламенцкія выбары» 11 верасня.

У адрозненне ад некаторых гора-журналістаў і «палітолагаў», мы на belisrael.info за месяц да дня галасавання разумелі, што сітуацыя ў краіне сёлета не такая, як у 2008-м і 2012-м, і прадчувалі, што ў «палаце № 6» з’явіцца кволае прадстаўніцтва «альтэрнатыўных сіл». Прабіліся дзве дамы – Алена Анісім з Таварыства беларускай мовы і Ганна Канапацкая з Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Абедзьве дэпутаткі прадстаўляюць агульнанацыянальныя па ахопу, але другарадныя па сутнасці арганізацыі, да якіх дэ-факта належаць хіба па тысячы-дзве беларусаў, і граюць у іх не галоўныя ролі: Анісім – другі чалавек у ТБМ, Канапацкая ў АГП – пяты-дзясяты. Мяркую, чаканні фанатаў Алены і Ганны неўзабаве акажуцца завышанымі: наўрад ці новыя абранніцы лёсу здолеюць больш, чым у свой час здолелі Вольга Абрамава і Надзея Цыркун. Дарэчы, у 2002-2003 гг. дэпутатка-псіхолаг Цыркун слала звароты ў абарону помнікаў архітэктуры (у т. л. мінскіх сінагог) – ёй прыходзілі адпіскі ад высокіх чыноўнікаў.

alena_hanna

А. Анісім і Г. Канапацкая (фота: svaboda.org

Тым не менш пазбаўленне беларускага парламента стэрыльнасці – падзея для нашых палестын… Я б ставіў на Канапацкую як на прадстаўніцу нязводнага прыватнага сектара. Нічога асабістага супраць Анісім не маю, але 25 год у «мовазнаўчым» інстытуце Акадэміі навук здольныя адбіць ахвоту да ініцыятывы ў каго заўгодна. У першым жа інтэрв’ю пасля перамогі спадарыня вымавіла глупства: «Жанчыны ня больш лагодныя, а больш настойлівыя, больш перакананыя. Жанчыны не адступаюць. Яны заўжды дамагаюцца свайго». Калі б такое сказала феміністка, то я б зразумеў, але, паводле А. А., яна «ні ў якім разе не феміністка». Ладна, зробім скідку на час правядзення інтэрв’ю (другая гадзіна ночы…)

Цяжка назваць вялікім поспехам тое, што ТБМ выдае газету «Наша слова» (наклад 2000 ас.; нават не ўсе актывісты суполкі хочуць яе выпісваць, на што рэдакцыя, у якую ўваходзіць і А. Анісім, час ад часу наракае). «Пшыкам» абярнулася задума «Усебеларускага Кангрэса за незалежнасць», скліканага ў снежні 2014 г. пры чынным удзеле А. А., сабраць мільён подпісаў «у абарону беларускай дзяржаўнасці».

Калі капнуць крыху глыбей, то Алена Анісім разам са сваім шэфам па ТБМ нядаўна адзначылася ў распрацоўцы спрэчнай «Стратэгіі развіцця беларускай нацыі». Такія тэзісы, як «Нішто ў сучасных умовах не можа так спрыяць будаўніцтву дзяржавы як прыналежнасць большасці грамадзян да аднаго этнасу (83.7% насельніцтва краіны адчуваюць сябе беларусамі, 2009)» і скараспелы вывад «Сярод шэрагу мадэляў будаўніцтва дзяржавы (грамадзянская/цывільная, культурная, уяўная) выбар мадэлі этнанацыянальнай дзяржавы ў найбольшай ступені адпавядае рэальнай сітуацыі ў Беларусі» не з’яўляюцца навуковымі, і гэта шчэ лагодна сказана. У практычным вымярэнні яны могуць прывесці толькі да этнакратыі, падзелу грамадзян Беларусі на «першы гатунак» (этнічныя беларусы) і «другі/трэці гатункі» (астатнія…), дарма што аўтары абяцалі «роўныя правы грамадзянам меншасцяў».

Карацей, пакуль не ўважаю навуковую супрацоўніцу Акадэміі за сваю апору ў парламенце. Уласна ж на выбарчы ўчастак 11-га я схадзіў, бюлетэнь у празрыстую ўрну апусціў… Людзей было вобмаль – зважаючы на подпісы ў табліцах, прагаласавала ў той дзень хіба працэнтаў 20-25 (пра датэрміновае галасаванне не ведаю). Не парадавала сумная атмасфера ні на ўчастку, ні ў маёй «роднай» школе, дзе гэты ўчастак атабарыўся. Школу перарабілі ў гімназію, а казёншчына нікуды не падзелася. Са скрухай таропіўся я і ў «піянерскі» стэнд, і ў інструкцыю класным кіраўнікам – забяспечыць збор 20-25 працэнтаў мяхоў палай лістоты…

Пацешыла, што трохі актывізаваліся палітычныя партыі. На Дамброўскай акрузе балатаваліся 6 кандыдатаў, і ўсе ад розных партый, прычым прадстаўнік БНФ, прадпрымальнік Васіль Астроўскі, меў найбольшы гадавы даход: пад 400 мільёнаў рублёў. А яшчэ кажуць, што апазіцыю ў Беларусі прыціскаюць 🙂 Ды прайграў Васіль шэранькаму праўладнаму кандыдату…

У кастрычніку маюць адбыцца – хто б мог прадбачыць? – выбары новага Старшыні Руху «За свабоду»! Пэўна, «долгоиграющий проигрыватель» на чале суполкі ў рэшце рэшт надакучыў не толькі фундатарам, а і сам сабе. Нездарма ж надоечы ў «За свабоду» было прынята аж 87 новых членаў – камусьці на канферэнцыі патрэбна масоўка… Сярод актывістаў руху ёсць і мае знаёмыя, неблагія рабяты-дзяўчаты. З думкай пра іх далейшыя перспектывы і закранаю сюжэт канкурэнцыі між першым намеснікам Губарэвічам ды проста намеснікам Лагвінцом, а так бы прамаўчаў («што мне Гекуба?..»)

ales_juras

А. Лагвінец, Ю. Губарэвіч (фота: pyx.by)

Алеся Лагвінца я ведаю (дакладней – ведаў; даўненька не бачыліся) асабіста, Юрася Губарэвіча – не. Усё ж аддаў бы голас за другога, які валодае больш каштоўным бэкграўндам у палітыцы: у 2003 г. Юрась быў выбраны ў Белаазёрскі гарсавет Брэсцкай вобласці і, як ні дзіўна, некалькі месяцаў нат выконваў функцыі намесніка старшыні савета. За былым жа выкладчыкам ЕГУ цягнецца паласа няўдач… Успомніўся эпізод 9 мая 2007 г., калі Алесь разам з «босам» і сынам-школьнікам прыходзіў на мінскую «Яму» (яму трэ было зрабіць серыю здымкаў для «свабодаўскага» сайта, паказаць, як «прэзідэнт незалежнага грамадства» дбае пра яўрэяў). Лагвінец папрасіў мяне коратка расказаць сыну пра «Яму»; я выканаў яго просьбу, як умеў. Гаварыў па-беларуску, але тата «перакладаў» мае сентэнцыі на… беларускую мову. Мы з жонкай пераглянуліся, настолькі забаўна ўсё гучала. Рыхтык «пераклад з рускай на маскоўскую» пры сустрэчы пісьменніка ў Маскарэпе (Вайновіч, «Масква-2042»). Там персанаж паясняў: «Мы сапраўды карыстаемся прыкладна адным і тым жа слоўным складам, але кожная мова, як вядома (мне гэта якраз не было вядома), мае не толькі слоўны, але і ідэалагічны змест, і перакладчыца для таго і патрэбна, каб перакладаць размову з адной ідэалагічнай сістэмы ў другую».

Смех смехам, а насцярожыла мяне сёлета «паслядоўнасць» кандыдата ў кандыдаты. У пачатку жніўня ён пацвердзіў, што дарыў газеты тым, хто падпісваўся за яго. А ў канцы месяца ўжо казаў у інтэрв’ю, што «Народную волю» на яго пікеце «раздавала рэдакцыя дзеля рэкламы выдання». Нестыковачка, на якую акулы пяра не пажадалі звярнуць увагі… Мо зараз, пасля заяўкі прэтэндэнта на лідэрства («я шчыры і сумленны… гатовы быць кандыдатам нумар 1 ва ўсіх бліжэйшых выбарчых кампаніях»), правядуць-такі «допыт маладога Вертэра палітыка»? 🙂

УВАГА, канструктыўная ідэйка для Беларускай асацыяцыі журналістаў, да якой ніколі не меў гонару належаць, і ў бліжэйшы час наўрад ці. Прыняла БАЖ да сябе ў ганаровыя сябры С. А. Алексіевіч – не бачу праблем, хаця для нобелеўскай лаўрэаткі гэтага замала, для былой савецкай журналісткі, якая і ў 30 год (не ў 20…) «тапырылася» ад Фелікса Дзяржынскага – мо і замнога. А чаму б не прыняць таксама Віктара Купрэйчыка – міжнароднага гросмайстра па шахматах, адзінага беларуса ў «Зале славы» ФІДЭ, экс-рэдактара зборніка «Шахматы, шашки в БССР» і, апошняе па ліку, але не па важнасці, гадаванца журфака БДУ? Многія памятаюць і смелы ўчынак Віктара Давыдавіча; у 1997 г. ён (у кампаніі з гімнасткай Аленай Ваўчэцкай) галасаваў супраць зацвярджэння Аляксандра Лукашэнкі прэзідэнтам Нацыянальнага алімпійскага камітэта, дарма што звыш сотні членаў НАК галасавалі «за». Не змяніў ён сваіх перакананняў і ў 2010-я гады.

Так, хочацца, каб ганаровым членам БАЖ быў і аўтар belisrael.info Дзмітрый Ной, які жыве ў ЗША, не парываючы сувязей з Беларуссю. Зразумела, ён не такі вядомы ў свеце, як Алексіевіч або Купрэйчык, аднак ужо тое, што сп. Дзмітрый, дыпламаваны ўрач, загружаны напоўніцу, у 1960-90-х вёў шахматныя аддзелы ў некалькіх выданнях (а ў «Физкультурнике Белоруссии» 50 год таму – цэлую старонку «64»), заслугоўвае ўвагі. Пачаў жа ён друкавацца яшчэ ў 1950-х гадах, таму зараз, пасля сыходу А. Я. Ройзмана, мае лічыцца найстарэйшым працаўніком беларускай шахматнай журналістыкі. Безумоўна, я не стану бегаць за кіраўнікамі БАЖ так, як яны бегалі за Алексіевіч. Упэўнены, калі cуполцы спатрэбіцца мая дапамога ў зносінах з Купрэйчыкам і Ноем, то мяне знойдуць… Дый яшчэ пытанне, ці захочуць набыць новае званне Віктар К. і Дзмітрый Н. – не пытаўся ў іх пра гэта 🙂

І пра культурку. Палюбляў і палюбляю творы як Ільфа і Пятрова, так і Міхаіла Булгакава. Наткнуўся колькі дзён таму на эсэ з працягам, дзе аўтар даводзіў, што «12 крэслаў», як і «Залатое цяля», напісаў Булгакаў, якому карцела падзарабіць і ўставіць «шпільку» савецкай уладзе. Прозвішча аўтара (Галкоўскі) я чуў з 1990-х, некалі зазіраў і ў яго «Бясконцы тупік». Во, думаю, свежыя думкі, дый падагнаныя дэталі не без досціпу… Пры другім прачытанні блога выявілася, што многае шыта белымі ніткамі, а Ільф і Пятроў – небязгрэшныя, хто б спрачаўся – занадта прыніжаны («рэдкія лайдакі»). Не помню, каб «яўрэйская нацыяналістычная прапаганда» надавала нейкую асаблівую важнасць запісным кніжкам Ільфа (мабыць, Галкоўскі паблытаў Ільфа з Герцлем або Жабацінскім?). На трэцім заходзе зрабілася проста брыдка, таму што дабрыў да запісу ад 14.03.2016, дзе Галкоўскі разважае следам за сваім кумірчыкам: «што б яўрэй ні рабіў, на ўсім ляжыць пячатка недарэчнасці, а любая яўрэйская “справа” няўхільна валіцца ў кепскі анекдот». Выходзіць, і літаратуразнаўчым аналізам з дамешкам псіхалогіі папулярны блогер заняўся, каб «ачысціць» Вялікую Рускую Літаратуру ад розных там Ільфаў-Файнзільбергаў… Такія цяпер у Расіі інтэлектуалы – не ўсе, але шмат іх. Зрэшты, невядома, хто горшы: русафіл-юдафоб ці «юдафіл-русафоб», які запрашаў нас захапляцца пагромшчыкам Булак-Балаховічам? Абодва горшыя, інфа 100%.

I показка пра шахматны «усенавуч» ды воз, пастаўлены перад канём (няшахматным). Брэсцкі трэнер Уладзіслаў Каташук сёння гукаў на сваім сайце: «узяў 2 гадзіны факультатыва ў суседняй школе (для інтарэсу і разумення тэмы), сёння мне давялося пісаць каляндарна-тэматычнае планаванне. Чарговае беларускае ноў-хаў: хады фігур у 1-м классе вывучаюць на 5-8 занятках, а тэмы «шах, мат, пат, вечны шах, ракіроўка, план у шахматнай партыі» і да т. п. – на 1-4 занятках. О, жах! Хто гэта складаў? Падкажыце мне прозвішча!»

Вольф Рубінчык, г. Мінск

13.09.2016

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 14.09.2016  11:41