Яўрэяў помняць на Беласточчыне

У Бельску-Падляшскім праходзяць Дні яўрэйскай культуры

Бельск-Падляшскі пад знакам яўрэйскай культуры. У мясцовай Гарадской публічнай бібліятэцы адбываюцца «Дні яўрэйскай культуры – мы помнім». У першы дзень мерыпрыемства праходзіць прэзентацыя яўрэйскіх звычаяў, музыкі ды страваў, побыту бельскіх яўрэяў ды паказ фільму «Яўрэйскі мікрараён» («Dzielnica żydowska») аўтарства Ірэнэўша Пракапюка.

Мерапрыемства пачалося з адкрыцця выставы «Здабыткі яўрэйскай пісьменнасці», дзе можна паглядзець старадрукі са збораў Анджэя Вэрэса.

Кажа збіральнік: «Гэта шырокі раздзел яўрэйскага пісьменства. Выданні, каментары, Торы, самы ранні старадрук датуецца 1500 годам. Прадстаўлена шмат арыгіналаў».

У наступныя дні можна будзе між іншым прыняць удзел у майстар-класах па напісанні імён на стараяўрэйскай мове, паслухаць даклады, прысвечаныя культуры ды гісторыі яўрэяў і іх прысутнасці ў Бельску-Падляшскім. «Дні яўрэйскай культуры – мы помнім» будуць праходзіць да суботы 4 сакавіка. Арганізатарам падзеяў выступілі Фонд аховы Бельскай зямлі ды Гарадская ўправа ў Бельску-Падляшскім. Больш падрабязнасцей пра мерапрыемства на сайце Гарадской публічнай бібліятэкі ў Бельску-Падляшскім.

Сакрэты стараяўрэйскай мовы вывучалі ў Бельску-Падляшскім

У мясцовай гарадской публічнай бібліятэцы адбываюцца майстар-класы па пісанні імёнаў на стараяўрэйскай мове. Вядзе іх бельскі даследчык яўрэйскай культуры Анджэй Вэрэс. «Гэтая мова не належыць да ліку простых, але нас зацікавіла», – згодна кажуць удзельнікі заняткаў.

– Алфавіт досыць кароткі, мала літар. Можна яго засвоіць, толькі не з першага разу.

– Для маладых людзей гэта цікава. Трэба гэта зразумець, каб з гэтага скарыстаць. Гэта значна адрозніваецца ад польскага. Вельмі мне падабаецца.

– Варта вучыць розныя мовы. Гэта спрыяе нашаму развіццю, дапамагае нашаму разуменню свету.

Пасля майстар-класаў адбыўся таксама паказ фільмаў беластоцкага рэжысёра Тамаша Вісьнеўскага, прысвечанага яўрэйскай тэматыцы. Заняткі па пісанні імёнаў на стараяўрэйскай мове адбываюцца ў рамках «Дзён яўрэйскай культуры – мы помнім».

Працяг мерапрыемства ўжо ў нядзелю, у планах даклады і паказы, прысвечаныя культуры падляшскіх яўрэяў.

Мацей Рацінеўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара

Апублiкавана 04.03.2017  23:20

Leave a Reply