Минск. Путешествие по Либкнехта и Волоха

Лібкнехта і Волаха: 5 месцаў раёна паказвае неверагодная супрацоўніца Купалаўскага

Падбрушша Грушаўкі
Як адрозніць Чыжоўку ад Шабаноў і што ўбачыць у Малінаўцы, не выходзячы з машыны? CityDog.by прапануе новы фармат знаёмства з Мінскам: цікавыя людзі будуць паказваць пяць знакавых месцаў свайго любімага раёна.
________________________________________________________________________________________________________

Сёння запаветныя месцы паказвае Вольга Бабкова – архівістка, пісьменніца і загадчыца літаратурна-драматургічнай часткай Купалаўскага тэатра.

Самы час для такой рубрыкі! Не магла прыдумаць яе ўвесну? – смяецца фатограф. – Ну нічога, затое будзе эфект скандынаўскіх краявідаў.

Некалькі швэдраў, цёплае паліто, двое рукавічак – у самы разгар халадоў сустракаемся ў Лютэранскім скверы на вуліцы Лібкнехта.

– Толькі мяне не трэба здымаць, я паталагічна не магу гэтага трываць, – просіць гераіня.

– Можа, хаця б здалёк? – прапануе фатограф.

– А можна са спіны? – смяецца Вольга.

Наш гід пражыла на Карлачцы ўсё жыццё.

– Мая маці, якая вучылася на філфаку ў 50-я гады, тут здавала лыжны крос. Ад брамы лютэранскіх могілак (а брама была цагляная, ажурная, з дзюркамі) яна ехала кудысьці ў палі, не разумеючы, што потым будзе там жыць усё жыццё. Тады гэта ўсё былі пагоркі і абсалютная пусташ.

Ад вуліцы Харкаўскай да Карла Лібкнехта ляжалі землі хутара Нядзвежына, пасля гэта стала вёска Малое Нядзвежына. Так што мы ідзём па Нядзвежыне. Тут вельмі цікавыя назвы ў наваколлі: Доўгі Лог, Кальварыя, Плешчанка, Тучынка, Грушаўка. Мы – падбрушша Грушаўкі – так заўжды смяёмся.

МЕСЦА №1, ЧАЛАВЕЧНАЕ: ЛЮТЭРАНСКІЯ МОГІЛКІ

– Я жыву на вуліцы Волаха, але сваю старую назву Лютэранская яна атрымала ад гэтага месца. Гэта былыя лютэранскія могілкі, іх яшчэ называлі Нямецкія. Калонія немцаў-лютэран, якія жылі на вуліцы Захар’еўскай (цяперашні праспект Незалежнасці. – Citydog.by), выкупілі тут кавалак зямлі, каб хаваць сваіх памерлых. Месца было на водшыбе, на ўзвышшы.

Раён атрымаў назву Нямецкая слабада: тут сталі сяліцца выхадцы з Сілезіі. Вуліца Карла Лібкнехта называлася Нямецкай, а потым Малалютэранскай, мая Волаха – Лютэранскай, а Розы Люксембург – Мацвееўскай.

У гістарычным архіве захавалася судовая спрэчка: нейкі яўрэй, якіх тут, безумоўна, было шмат, для сваіх гаспадарчых патрэб выкапаў яму – проста на дарозе, на цяперашняй Карла Лібкнехта. І лютэране судзіліся з ім, бо яма не давала праехаць пахавальным працэсіям, усім гэтым вазкам і фурманкам.

Пазней тутэйшыя вуліцы забрукавалі. І ў гэтым годзе, калі пачалася рэканструкцыя дарогі, калі пачалі раўняць гэту такую класную крывізну (вуліцы Лібкнехта. – Рэд.), выкапалі і рэшткі старога бруку.

Ад рэканструкцыі пацярпелі і два шэрагі старажытных клёнаў, якія я страшэнна любіла. Гэта была мая… я не ведаю… любоў мая. Таму што я дакладна ведала, калі яны робяцца залатымі. Божа мой, як іх было шкада!.. Я думаю, яны памяталі яшчэ тыя пахаванні, якія тут адбываліся.

“Цяпер на месцы старой алеі пасадзілі тры дрэўкі – адно, дарэчы не прыжылося – з разуменнем, што некалі яны будуць тут квітнець”.

У 1877 годзе тут адбылася неверагодная падзея. Тут хавалі 77-гадовага менскага акушэра. Апроч таго, што ён быў акушэрам, ён быў фантастычны доктар і проста вельмі-вельмі добры чалавек. Гэты чалавек быў абсалютна бескарыслівы, ён прыходзіў, калі яго клікалі – у любы час, у любое надвор’е. Ён аддаваў свае грошы. Ён таксама лекаваў вар’ятаў. Карацей, такога чалавека ва ўсе часы запамінаюць. Ён быў мінскім немцам, яго звалі Вільгельм-Павал Данілавіч Гіндэнбург.

Яго хаваў увесь горад, дзясяткі тысяч чалавек сюды прыйшлі. Нават з Вільні была запрошана конная паліцыя, каб сачыць за парадкам. Як кажуць, над яго труной плакалі рабін і пастар. Большая частка горада пачынала жыццё з яго рук.

Гэта пахавальная цырымонія была такой незвычайнай, што дачка мінскага банкіра Лур’е, уражлівая дзяўчына, мастачка, апісала яе ў лісце да Фёдара Міхайлавіча Дастаеўскага, а той – у сваім дзённіку, дзе назваў мінскага акушэра “общим человеком”.

“Дарэчы, у доктара Гіндэнбурга быў руды кот, і калі ён хадзіў на прыёмы, то кот заўсёды хадзіў за ім. І звалі ката Бурмістр, – усміхаецца Вольга. – А я малая пару разоў была на могілках і памятаю старыя надмагіллі, яны мяне ўражвалі, бо былі вельмі несавецкія. Стаяў ствол дуба з адрэзанымі галінамі, напрыклад… І дзе-нідзе было напісана “фон” у прозвішчах”.

Таму, калі сёлета тут пачалі выкопваць каўшамі рэшткі людзей і бязлітасна, па-варварску сталі закідваць іх на грузавікі і вывозіць за горад, было ясна, што горад рана ці позна павінен быў адрэагаваць. У выніку рэшткі сталі вывозіць на перапахаванне.

МЕСЦА №2, ТАЯМНІЧАЕ: АНАТАМІЧНЫ ТЭАТР

– На пачатку вуліцы Волаха ў канцы 19-га стагоддзя быў завод, які вырабляў простае мыла. Валодаў заводам нейкі Данішэўскі. Пасля ён з сынамі заснаваў фабрыку, якая назвалася “Парфумная фабрыка “Вікторыя”. Прадстаўніцтва гэтай фабрыкі было ў Маскве, Пецярбурзе, у Рызе – то бок раскруціліся.

А пасля, калі ў Менску ў 1921 годзе заснавалі ўніверсітэт, у будынку былой мылаварні Данішэўскіх зрабілі філіял анатамічнага тэатра. Тут студэнты-медыкі слухалі публічныя лекцыі па анатоміі. Традыцыя анатамічных тэатраў паходзіць з Сярэднявечча: раней ледзь не на пляцы рабілі ўскрыцці, каб спазнаць структуру чалавечай сярэдзіны. Нават афішы выраблялі спецыяльныя.

«Гэту скульптуру ў пачатку Волаха паставілі нядаўна, і мне яна вельмі падабаецца: тут і Інь і ян, двухаблічны Янус і многа чаго яшчэ».

МЕСЦА №3, МІЛАЕ: ВОЗЕРА МУХЛЯ

– Зараз, канечне, такая суворая зіма, а ўлетку тут проста фантастычна, – кажа Вольга.

Здаецца і зімой у вас тут вакол адна рамантыка… – яно праўда, хоць і паціраем насы, і размінаем пальцы, замёрзлыя ў пальчатках.

–  Канечне, зімой таксама, – згаджаецца гераіня. – Але зімой мы не пабачым, напрыклад, дэкаратыўныя лілеі, якія нехта пасадзіў на нашым возеры.

Мы набліжаемся да Мухлі, самага мілага месца ў раёне.

Вольга Бабкова здымае Мухлю у розныя поры году.

– Гэтаму возеру больш за сто гадоў. Яго назвалі ў гонар татарскага князя Мухлі Бекіра Александровіча, чый род жыў у Менску здаўна. Так ставок называюць і дагэтуль. Дзіўным чынам татарскі князь спрычыніўся да 21-га стагоддзя. Такія рэчы мяне заўсёды цешаць і вабяць.

На гэтым возеры столькі людзей выгадавалася ў вазочках – гэта проста неверагодна! Яшчэ тут рыбакі ловяць рыбу. Купацца ўжо забаронена, але ў спякоту дзеці ўсё адно купаюцца. А зімой тут каток. Я малая аднойчы каталася, упала і напаролася на канёк. У мяне была сапраўдная дзюрка ў назе. Але на марозе кроў не цякла, толькі дома пачала. Такая вось ў мяне была на Мухлі крывавая гісторыя!

Смяёмся.

За Мухляй цяпер – безаблічная прамзона, але і пра яе ёсць успамін:

– Там, дзе цяпер стаіць гэтая трубішча, да 70-х гадоў быў хутар. У ім жыў дзед, які плёў кашы. Для нас было сапраўднай прыгодай прайсці праз паляну і ўбачыць гэтага дзеда. Яшчэ там рос вялікі дуб. Калі я была малая, я аднойчы залезла на гэты дуб, а злезці не магла. Прывозілі ледзь не эвакуатар, каб мяне зняць.

А яшчэ было такое. Мае вокны выходзяць якраз на трубу, і аднойчы я прачынаюся, гляджу ў акно, а на самай макаўцы гэтай трубы вялікімі літарамі напісана “ТАНЯ”. То бок залез нейкі закаханы хлопец і напісаў.

– Можа, сама Таня і напісала?

– Не-е-е, гэта закаханы напісаў! – рамантычная версія перамагае. – А пасля ў 90-я я думала: вось бы залезці туды і сцяг паставіць!..

Праз яблыневы сад – гэта таксама рэшткі былога хутара – ідзём да самага ўтульнага месца ў раёне – Маланядзвежынскага сквера, або Паляны.

МЕСЦА №4, УТУЛЬНАЕ: МАЛАНЯДЗВЕЖЫНСКІ СКВЕР

– Некалі гэта месца было абсалютна голым, мы называлі яго Паляна. І дагэтуль так называем, хоць гэта ўжо ніякая не паляна. Я памятаю, як дрэвы садзілі, тады жыхары дапамагалі, мой тата таксама саджаў.

Ёсць вельмі важны для мяне ўспамін з таго часу – такія рэчы фармуюць будучую творчасць. Калі тут пачалі садзіць сквер, то восенню выкопвалі яміны пад дрэвы – для вясны. Яміны напаўняліся вадой і ў час маразоў замярзалі. І мы з дзецьмі гэты лёд нагамі раскатурхвалі і рабілі так, каб ільдзіна перавярнулася. І там былі такія неверагодныя гатычныя палацы! Ну проста палац Снежнай каралевы, думала я. Гэта была адна з найпрыгажэйшых рэчаў, каторыя страшэнна натхнялі.

– І яшчэ хачу такую сумную гісторыю расказаць. Калі па Волаха пракладвалі нейкую чарговую трубу, то спілавалі каштаны ўздоўж дарогі. Яны былі маладыя, такія прыгожыя! Мы тут каштаны грудамі збіралі… Іх спілавалі, і я зразумела, што могуць спілаваць і хвоі насупраць майго акна. А гэтыя хвоі вельмі прыгожыя. Тут крумкачы сядзяць і дзюбамі блішчаць залатымі… Мне часам падаецца, што я ў лесе жыву. І вось вядуць трубу, і каштаны спілавалі, і ўжо паставілі ля хвой працоўны вагончык. А ў мяне ў гэтыя дні памёр тата. І вось у мяне тата ляжыць пакоі, а яны збіраюцца пілаваць гэтыя хвоі. І я ў такім стане афекту выйшла да гэтых рабочых і кажу: “У мяне памёр тата, я вас вельмі прашу, не пілуйце гэтыя дрэвы”. І гэтыя дрэвы засталіся.

Са свайго балкону я з дзяцінства бачыла не толькі гэтыя хвоі, але і Кальварыю, і макаўку касцёла. Цяпер з-за забудовы ўжо не бачу, а раней бачыла. І таму я хачу быць там пахаванаю. Каб гештальт завершыць, – усміхаецца гераіня.

– За скверам у нас воданапорная вежа пачатку 20 стагоддзя. Яна зроблена з цэглы, якую рабілі на цагляных заводзіках Нядзвежына, якіх было ажно тры – тут вельмі гліністая глеба. Аднойчы ў мяне ў такую глебу чырвоны боцік усасаўся – і тата прыходзіў з рыдлёўкай і выкопваў. Гэтая цагляная вежа мяне ў дзяцінстве страшэнна вабіла. У яе уверсе ў акенцах такое юлёвае, бэзавае святло гарэла! Мне спачатку здавалася, там цыганы жывуць, якія дзяцей крадуць. Пасля пра нейкіх фей думалася. І вось хто там мог так прытульна што рабіць?..

МЕСЦА №5, ТРАГІЧНАЕ: КРЫВАВЫЯ КАР’ЕРЫ І ЗАГАДКАВЫЯ АЗЁРЫ

Падыходзім да  апошняга дома на вуліцы Волаха.

– У гэтым месцы да 60-х гадоў былі кар’еры, на якіх здабывалі гліну для цаглянага заводу. Але падчас вайны гэта была жахлівая мясцовасць: тут расстрэльвалі людзей. Расстрэльвалі палонных, габрэяў і проста цывільных, якія чымсьці не спадабаліся. Таму я думаю, што царква якая паўстала тут зусім нядаўна, яна справядлівая.

А ёсць яшчэ гісторыя, якую мне бабуля расказвала. Там, дзе цяпер царква, некалі было два возеры, іх называлі Багданаўкамі. Увогуле, наш раён вельмі мокры: тут і Няміга пачынаецца, і Мухля, і азёры з трытонамі былі, і балоты, у якія я аж правальвалася… І вось з Багданаўкамі звязана трагічная гісторыя, нават містычная. Маўляў у адной маці было два сыны. І адзін загінуў, калі чыніў ток. Калі яго неслі хаваць, працэсія ішла ўздоўж гэтых азёраў, і ў другога сына кепка зляцела ад ветру і ўляцела ў возера. А ўлетку ён у ім патануў. Пра гэта ў раёне казалі, і бачылі ў гэтым нейкі знак.

Тут сканчаецца наш раён Маскоўскі і пачынаецца Фрунзенскі. Я вельмі хачу дажыць да часоў, калі раёны будуць называцца адпаведна.

 І ЯШЧЭ КРЫХУ

Гук раёна: Тут раней жыло шмат чыгуначнікаў, і нават разведчык Волах, у гонар якога названа вуліца, нарадзіўся ў Менску ў сям’і чыгуначнікаў. Увесь наш раёнчык працяты гукамі чыгункі. Адна, вялікая, чыгунка ідзе на Вільню, а другая, малая – яе так называю – на цагляны завод. Як яны гудуць уначы, каб вы ведалі!

Пах раёна: Смачна прыгатаванай ежы: ад кагосьці курыным булёнам, ад кагосьці пірагамі. У нас у пад’ездзе – не ведаю, ці выдам я тайну, ці не – калісьці жыў бубнач “Старога Ольсы”. А ён цудоўна ўмее гатаваць. Калі заходзіш у пад’езд, і так пахне смажанай бульбай, чосныкам – я ведаю: усё, гэта з яго кватэры пах.

Смакі раёна: Яны з дзяцінства. Там, дзе запраўлялі сіфоны, таксама прадавалі марозіва. Гэта была замарожаная садавіна, практычна лёдзік з садавіны, яго трэба было палачкамі з кардонкі даставаць. А аднойчы мяне паклікала бабуля і дала свежы-свежы абаранак з макам і на ім быў свежы-свежы маргарын. Гэта так смачна было! Гэтага я ўжо не ем і напэўна ніколі ўжо не буду.

Колер раёна: Бела-зялёны. У траўні, мне здаецца, прыгажэйшага раёна няма. Я разумею, што так можа кожны сказаць, але гэта праўда. Таму што тут безліч груш, я іх ведаю проста кропачна, дзе якая. Груша – маё любімае дрэва, мне здаецца, яно вельмі арыстакратычнае. А каралева груш расце на перасячэнні Харкаўскай і Загараднага завулка. Калі яна ў росквіце, то можна проста медытацыю рабіць. І яшчэ тут вельмі багата ліп, і шыпшына цвіце. Тут вельмі старыя дрэвы, і я проста трываць не магу тых, хто гэтыя дрэвы нявечыць.

Арыгiнал

Апублiкавана 17.12.2016  19:59

Leave a Reply