Прыслаў чытач… (Алесь Рэзнікаў)

Яшчэ будзе

Cябры, яшчэ маюцца месцы на нядзелю 11.12.2016 на апошнюю ў гэтым годзе выязную вандроўку з Іванам Сацукевічам пад назвай «Бабруйск! Палацы паміж Добаснай і Дняпром».

Для даўніх аматараў нашых вандровак з габрэйскім акцэнтам «Літвіны і літвакі» паведамляем, што наш вядомы беларускі ідышыст Алесь Астравух едзе з намі, а значыць, будзе магчымасць паўдзельнічаць ў майстар-класе па мове ідыш, пачуць і развучыць цудоўныя спевы на ідыш, якія нікога не пакінуць абыякавымі!

Не прапусціце магчымасць пабачыць і пачуць дуэт харызматычных вядоўцаў!

Нагадаем, вандроўка пройдзе па шыкоўным маршруце: Бабруйск – Красны Бераг – Жылічы. Гэта экскурсія ў памежныя раёны Магілёўскай і Гомельскай абласцей, дзе нас чакае знаёмства з цудоўным горадам Бабруйскам, а таксама двума велічнымі палацава-паркавымі комплексамі ў Красным Беразе (1893) і Жылічах (1830-1864). Яны ўваходзяць у дзясятку самых уражальных рэзідэнцый у Беларусі.

http://otdyhaem.by/belarus/ekskursii_belarus/krasny_bierag_ragachow_zhylichy/

У Бабруйску мы паглядзім на самую вялікую крэпасць у Еўропе і зразумеем, чаму гэты горад займае ганаровае 3-е месца ў Беларусі па захаванасці старадаўняй архітэктуры. Мы наведаем неагатычны касцёл з незвычайным уваходам, які вельмі яскрава характарызуе стаўленне да культавых будынкаў у савецкі час. Палюбуемся скульптурамі баброў, параўнаем помнік Шуры Балаганава з акцёрам Леанідам Кураўлёвым. І «такі да», зойдзем у сінагогу! І нават пачуем і навучымся спяваць песні на ідыш, мове, на якой пару стагоддзяў таму размаўляў ці не ўвесь Бабруйск.

У Красным Беразе знаходзіцца палацава-паркавы комплекс Козел-Паклеўскіх – багатых сібірскіх прамыслоўцаў беларускага паходжання, якія ў 1891 годзе набылі маёнтак Красны Бераг на рацэ Добасне недалёка ад Рагачова і пабудавалі выкшталцоны палац у стылі неаготыкі. Рэстаўрацыя інтэр’ераў палаца завяршылася ў 2015 годзе. Таксама ў Красным Беразе знаходзіцца адзіны ў Беларусі дзіцячы мемарыял (2008, аўтар – Леанід Левін), прысвечаны трагедыі Вялікай Айчыннай вайны.

У Жылічах Кіраўскага раёна знаходзіцца палацава-паркавы комплекс Булгакаў, які будаваўся ў некалькі этапаў на працягу амаль 40 гадоў. Разам з паркам ён размясціўся на тэрыторыі ў 100 га. Разыначка экскурсіі: у Красным Беразе мы ўбачым вадасцёкі ў выглядзе гаргулляў, а ў Жылічах сапраўдныя кесонныя (ячэістыя) столі, якія захаваліся ў Беларусі толькі там. У Міры і Нясвіжы такія столі – навароб!

Кошт 42 бел. руб. + музеі, заўсёднікам і групам – зніжкі.

Просім вызначацца з удзелам і аплачваць загадзя!

Запіс на вандроўку, як заўсёды, па мабільных тэлефонах (+37529)1342804, (+37525)5458430 (Валерыя), а таксама па гарадскіх тэлефонах у Мінску: (+37517)2175515, (+37517)2832198, (+37517)2374038.

ДАРЭЧЫ, напрыканцы сакавіка 2017 г. плануецца вандроўка ў беларускі Ізраіль са знакамітым мастацтвазнаўцам і гісторыкам архітэктуры Сяргеем Харэўскім!

Вандроўка з Мінска па маршруце Ерусалім – Мёртвае мора – Хайфа – Ака – Галілейскае мора (возера Кінерэт) з наведваннем сусветна вядомага музейнага комплексу гісторыі Халакосту Яд Вашэм будзе каштаваць 710 еўра і 45 бел. руб.

У гэты кошт уваходзяць:

– аплата ўсіх калектыўных пераездаў па Беларусі і Літве (ці Польшчы);

– 2-хразовыя шэнген-візы (пры патрэбе) і медыцынская страхоўка;

– транспартнае абслугоўванне падчас экскурсіяў;

– усе экскурсіі па Ізраілі;

– пражыванне ў камфартабельных гатэлях у Ерусаліме і Хайфе (4 ночы);

– абавязковыя «чаявыя» для гіда і кіроўцы ў Ізраілі;

– наведванне Мемарыяла Яд Вашэм і яшчэ аднаго музея па праграме.

Дадаткова аплачваюцца абеды і вячэры, наведванне пляжа Мёртвага мора, наведванне музеяў звыш праграмы.

Аплата прымаецца ў два этапы:

– да 10 студзеня 2017 г. – 200 еўра для набыцця авіябілетаў + 45 бел. руб;

– да 15 лютага 2017 г. – астатнія 510 еўра для гатэляў і інш.

Даведкі і запіс на вандроўку (29)180-28-38 (Святлана).

Ужо было

У Мінску адбыўся спектакль «Паліто з Бабруйска» ў падзабытым жанры вадэвіля, прасякнуты настальгіяй па непаўторнай атмасферы «габрэйскай сталіцы Беларусі», дый іншых гарадоў краіны пачатку ХХ стагоддзя (анонс мы цытавалі тут.belisrael.info). Пастаноўка інтэрактыўная, можна было удзельнічаць у танцах. Прагучала шмат анекдотаў, смешных гісторый з жыцця бабруйскіх габрэяў, а таксама папулярныя музычныя кампазіцыі 1930-50-х гадоў.

Напрыканцы выйшаў расчулены глядач: «Вялікі дзякуй, я сам былы бабруйчанін, хоць і не габрэй, але так прыемна было ўспомніць горад дзяцінства…»

Эпізоды cа спектакля

Апублiкавана 9.12.2016  17:15

Leave a Reply