Давід Шульман. Каця і Валодзя

Апавяданне

Апошнім часам ён адчуваў, што пачаў дзічэць. Добра, калі размоў збіралася на паўгадзіны ў дзень. Нязначных пытанняў-адказаў. Прысутныя месцы – тэатры, спартыўныя пляцоўкі і стадыёны, рэстарацыі – неяк таксама выпалі з яго ўвагі. Пустэльніцтва, якое незразумела чаму пачалося, прымушала яго калі-нікалі чытаць кнігі і часопісы ўслых. Дома, зразумела. Каб мышцы рота не атрафіраваліся. Усе астатнія мышцы ён трэніраваў жалезам. Якраз у пачатку “дзічэння” занёс у кватэру гантэлі, што спакойна “спалі” шмат гадоў у кладоўцы. Чамусьці раптам спусціўся на першы паверх, дзе было шэсць аднолькавых пакойчыкаў два на два метры. Адчыніў свой, падумаў, што трэба было б навесці тут парадак. Даўно не прыбіраў. Усё, што непатрэбна было ў кватэры, запіхваў сюды. Хаця жыццё паказвала, што трэба было адразу несці да бакаў, гэтых зялёных жалезных “жаб” . Убачыў гантэлі і занёс іх на гаўбец.

Ён прапанаваў ёй пажыць разам, калі яны стаялі метры за тры адзін ад аднаго ў яго кабінеце. Былі знаёмыя гадоў восем, але амаль столькі ж і не бачыліся. Не, блізкімі ніколі не былі. Гэта было знаёмства ў адной агульнай кампаніі. Сустракаліся некалькі разоў у добрай абстаноўцы.

Яна адышла яшчэ на метр і, нібы прыцэньваючыся, агледзела яго. Зверху да нізу, потым наадварот. Выглядала гэта грубавата, нават нахабна.

– Нешта ў тваёй прапанове ёсць. Ці адчуваць сябе вольнай сярод іншых, чужых людзей, у гатэлі, ці трошкі скаванай, але побач са знаёмым чалавекам.

– У цябе будзе асобны пакой, гасцявы. Там ёсць усё, што трэба для лазенкі: душ, рукамыйнік і парцалянавае белае “крэселка”. Джакузі ў іншай лазенцы.

– Ты яшчэ карыстаешся мовай?

– Калі-нікалі. Памяць падсоўвае словы з той мовы найбольш дакладныя.

– Цікава, цікава. Вось і яшчэ адна прычына ў дадатак да іншых.

Яна зноў прабегла па ім позіркам, але не так нахабна, як мінулым разам.

– Пагаджуся з тваёй прапановай. Тым болей, што ты будзеш прывозіць мяне на работу і з работы. Я ў вас дні на тры-чатыры. Нешта “выведаю”. Увогуле, стандартная, графікавая праверка. Не ведала, што сустрэну цябе.

– Я дам даручэнне нашаму бухгалтару. Яна будзе, па магчымасці, адказваць на твае пытанні і паказваць паперы. Ты хочаш пачаць зараз? Ці першы дзень дасі на…

– Адпачну.

– Тады спачатку паабедаем. Потым я завязу цябе дадому, а сам вярнуся на працу.

У рэстаране яны разгаварыліся.

– Мяркуючы па тым, што я спынюся ў цябе, ты жывеш адзін?

– Так, адзін.

– Даўно?

– Ужо шэсць гадоў.

– І за ўвесь гэты час нікога не падчапіў на пастаянна?

– На пастаянна не. А так чапляў.

– Хто б сумняваўся. Маючы такую, як кажуць, фактуру, у цябе не павінна быць адбою ад нас.

– Яны мне сталі нецікавыя. Як бы гэта ні выглядала ненатуральным у маім добрым мужчынскім узросце.

– Што ты кажаш? А як я? – яна з выклікам глядзела ў ягоныя вочы.

– Ты задаеш складанае пытанне… На некаторыя пытанні лепей не адказваць адразу.

– Выслізнуў. Але добра. Я яшчэ трошкі вып’ю. Табе не прапаную. Ты за рулём. Хоць тост скажу. Восем гадоў таму, калі мы пазнаёміліся, быў вельмі добры час! Я была закаханая! У свайго мужа.

– А зараз?

– А зараз мы вось ужо паўгода не жывем разам.

– А пачуцці?

– Нешта трымціць часам. Пэўна, вялікія пачуцці маюць абмежаваны тэрмін захоўвання.

– Не трэба піць астылую гарбату, калі можна заварыць новую.

– Але гэта зусім не проста. Ды і з добрай “заваркай” такія праблемы… Карацей, вязі мяне дадому. Я хачу адпачыць.

– А тост?

– Увечары. Я спадзяюся, ты пачастуеш даму ўвечары?

*

– Вось гэта твой пакой. Зараз прынясу свежую бялізну і рушнікі. Гэта табе ключ ад кватэры. Халадзільнікам трэба карыстацца. Але калі чаго-небудзь захочаш іншага, тэлефануй. Я заеду і куплю. Размяшчайся, а я зноў на працу. Пакуль.

– Пакуль, пакуль.

Яна прайшлася па кватэры. Даволі аскетычна, па-мужчынску. Але ўтульна, спадручна і… дорага. Пераслала ложак, знятае кінула ў пустую пральную машыну. Праходзячы ў кухні міма халадзільніка, адчыніла. Для халасцяка ён быў даволі поўны. Прычым паўфабрыкатаў не было. Ёгурты, тварагі і сыры да апошніх не адносяцца. Як і гародніна з фруктамі. Там была чырвоная каструля з баршчом, адваранае мяса ў чырвонага колеру місачцы. Здаецца, яму падабаецца чырвоны посуд. Любіць яркасць. Аўтаматычна адчыніла шафку і ўбачыла тры рознай ёмістасці патэльні. Чырвонага колеру.

Скончыўшы “абыход”, яна памылася ў душы. Памыла трусікі і станік, павесіла на гаўбцы сушыцца. Уселася ў фатэль, утульненька, з нагамі. Насупраць тэлевізара. Націснула кнопку на пульце. Засвяціўся экран. Узгадала, што рэчы з валізкі было б нядрэнна павесіць у шафе. Зноў націснула на кнопку пульта. Экран патух. Пайшла ў свой пакой, раскрыла валізку, дастала рэчы. Добра, што ўзяла шмат. Побач жа будзе мужчына. Хоць, падумала з усмешкай, мужчынам больш падабаецца, калі жанчына ў касцюме Евы. Нешта паклала на паліцу ў шафе, астатняе павесіла на плечыкі. Прылегла на рыплівы ложак і хутка заснула.

*

Седзячы ў кабінеце, ён успамінаў падзеі васьмігадовай даўніны. Вясёлая кампанія блізкіх людзей, цікавыя размовы, прыгожыя дзяўчаты. І, у асноўным, разумныя. Тады ён лічыў сабе неабазнаным у жаночым пытанні, хоць і была ў яго пераможная знешнасць. Здольнасці ўгаворваць толькі пачыналі развівацца. У адрозненне ад яго сяброў, якія ўжо часта круцілі раманы. Затое ўгаварыла яго адна дзяўчына з той кампаніі. На два гады. А Кацярыну ён запомніў. Прыгожая жанчына, хоць і легкадумная. Шчодрая для многіх. Так яму тады здавалася. Яна некалькі тыдняў не “выдыхалася” з яго, хоць у той час ён ужо праходзіў букетна-цукеркавы перыяд з будучай жонкай.

*

– Па логіцы жыцця мы павінны з табой пераспаць, – сказала яна на трэці дзень. – І я хачу гэтага, а ты – тым больш. Але нешта не дае аддаць каманду для дзеянняў.

– Можа, галоўнае, дзеля чаго ты прыехала, – твая справаздача, якую ты зробіш заўтра? Усё ж найперш ты чыноўніца.

– Дарэчы, высокага рангу. У справаздачы ўсё будзе ў парадку. Нічога дрэннага я не накапала. Хоць мой шэф адправіў мяне, добрага спецыяліста, менавіта “накапаць”. “Не накапанае” не мае аніякай сувязі з табою і маім нейкім абавязкам табе. Проста добрая работа ўсіх дае добры вынік. У тваёй фірме ўсё, як кажуць, пад кантролем. Зробім так: заўтра ў дзесяць раніцы я аддаю акт праверкі, і мы – я зусім вольная – вяртаемся назад сюды.

– Да дзесяці раніцы дванаццаць гадзін. Ёсць варыянты правядзення часу: ідзем спаць кожны да сябе, накіроўваемся ў які-небудзь бар піць піва і слухаць музыку ці едзем купацца ў начным моры.

– Ідзем тупа спаць. Каб заўтра, нарэшце, адчуць тваю прысутнасць гаспадаром не толькі ў сваёй кватэры, але і… Але пацалаваць цябе я магу.

Яна прыціснулася да яго і ўмела ўпілася вуснамі.

– Твае вусны ідэальна падыходзяць маім, – сказала яна. – Але добры пацалунак – гэта справа мужчыны. І я спадзяюся на тваю “спраўнасць”. Добрай ночы. Дарэчы, я бачыла на паліцы ў лазенцы лязо, небяспечнае лязо. Ты голішся ім? Цяпер няшмат мужчынаў карыстаюцца такім.

– Карыстаюся. Гэта ад бацькі. І лязо ягонае, старое, але з выдатнай сталі.

– Паважаю! Цяпер разумею, чаму ў цябе выдатна паголены, прыемны твар. Пра парфуму я ўжо і не кажу.

– Раней мужчыны галіліся ў цырульніка. З першапачатковым гарачым кампрэсам. Далей намыльванне пенай. Дарэчы, не даланёю, а густым, як звычайна ў добрых майстроў, памазком з барсучынай шэрсці. Яна больш мяккая ў параўнанні са свіной шчэццю. А на заканчэнне – рабілі зноў кампрэс, толькі ўжо халодны. Такога галення хапала на тыдзень.

– І ты так робіш?

– Амаль, толькі я галюся два-тры разы на тыдзень.

– Канечне, – сказала яна і правяла рукой па яго твары. – Прыемны, смачны. Дай я пацалую гэтыя шчочкі. А цяпер яшчэ раз, добрай ночы.

Стаяла ў лазенцы пад душам. Тугім струменем і рукамі давяла сябе да аргазму. Затрэслася ў экстазе, выцялася галавой аб шкло кабінкі. Выцерлася і лягла ў ложак. Хутка заснула. Як неспрактыкаваны мужчына пасля блізкасці з жанчынай.

*

– Добры каньяк у цябе. Уздымае настрой і расслабляе. Але ў мяне пытанне, працягваючы размовы пра тыя старыя падзеі. Тычыцца той мовы. Ты ж чалавек тэхнічны па адукацыі?

– Палітэх.

– А тады вы, некалькі чалавек з кампаніі, размаўлялі паміж сабой на ёй. Прычым большасць з размоўнікаў была не “карэннай нацыянальнасці”. Чаму?

– Мы і зараз размаўляем на ёй. Гэта выйшла непрыкметна, пасля чытання добрых кніг на беларускай мове, а таксама пасля сустрэч з цікавымі людзьмі. Ну а далей знаёмствы паглыбіліся і размовы сталі звычайнай справай. Цяпер, лічы, гэта неабходнасць. Толькі магчымасці зносінаў абмежаваныя. Няма побач суразмоўнікаў.

– У тваім хатнім кабінеце паліцы з кнігамі і часопісамі на роднай мове.

– Так. І з гэтага выпадку…

– І з гэтага выпадку тост, абяцаны некалькі дзён таму: каб былі ў цябе суразмоўнікі, асабліва суразмоўніцы! Ну, як я сказала?!

– Дзякуй, Каця. Прыгожая ты жанчына, жаданая суразмоўніца.

– Рада, што я табе падабаюся. Я гэта заўважыла яшчэ да сённяшняга каньяку. Дарэчы, ты заўсёды такі мілы?

– Толькі калі падабаюся жанчыне.

– О-о! Ты цяпер такі харошы, што вельмі хочацца сарваць з цябе вопратку.

– І што перашкаджае?

– Ні-чо-га! Тым болей, што цела маё ўжо паспела. Перабіраемся ў твой пакой!

*

– Усё так цудоўна! Гэта было лепш, чым я чакала. У некаторыя імгненні не разумела, што адбываецца – проста выпадала з жыцця, губляла прытомнасць. Ты – майстар!

– Гэта таму, што ты выдатная! Ува ўсім, і ў целе, і ў… гімнастыцы. І столькі адкрытых таямніц падчас гэтых шчырасцяў.

– Дарэчы, кожная жанчына любога ўзросту перакананая, што таямніцы ейнага цела ёсць, ці былі – самыя выдатныя таямніцы! Таму, пэўна, разглядаюць паблажліва красунь у часопісах. Але я хачу вось у чым табе прызнацца. І, думаю, таму ў нас з табой усё цудоўна! Мяне так хвалюе пах твайго цела!.. Мяне хвалюе твой натуральны пах, які зыходзіць ад скуры і які ёсць у кожнага чалавека. Я ўжо вялікая дзяўчынка, з “прабегам”, мне трыццаць пяць, і я ведаю: у большасці мужчын ён непрыемны. І таму ім без парфумы не абысціся. Твой водар я пусціла б на парфуму. Для мужчын. Ён прыцягваў бы жанчын. Але тады я б не была гаспадыняй, прабач мне, уладальніцы твайго паху. Не, дарагі, пакуль мы разам, толькі я адна ў свеце буду раставаць у тваім незвычайным водары. Астатніх жанчын у іхніх мужчынах няхай прыцягваюць стандартныя парфумныя пахі.

– Ты застанешся яшчэ на дзень?

– Хацела б, але не магу. Запісаная ў працоўны графік. – Яна пагля­дзела на Валодзю, і прабегла галоўная на гэты момант думка: “Як жа з ім зручна!” – Але я прыеду, калі не будзеш супраць.

– Я? Супраць?

– У цябе ёсць з кім цалавацца ў навагоднюю ноч? Пакуль няма? Тады я прыеду. Засталося ўсяго тры тыдні. А пакуль… Давай пражывем яшчэ хвіліны радасці сэрца і цела. Я не занадта дакучлівая?

– Не, не, мне гэта падабаецца. Смакаваць з табою слодыч знаходак нашай блізкасці, дзячыць за гэта Багіню, якую завуць Выпадковасць!

– Ты не ведаеш, чаму людзі жэняцца?

– Ім патрэбны сведка іх жыцця.

– Мне добра з табой! І для гэтага ты зусім не абавязаны быць “сведкам”. Я – чалавек вольны! І ўвогуле, прыемна грэць адно аднаго ўначы.

Яна прыехала праз тыдзень. І яны былі разам тры дні. А потым Валодзя сустракаў яе трыццатага снежня. Сказала, што застанецца толькі на некалькі дзён, бо… Ён не даў ёй дасказаць.

– Асалода тых нашых дзён не давала мне спакойна спаць. Усё круціліся перад вачамі закальцаванай стужкай.

– Нязручна пра гэта казаць… Мая прытомнасць была запоўнена эратычным голадам і жаданнем. У тую нашу першую ноч я сем разоў узнеслася на пік асалоды. Такое не забываецца. Я, вядома, з самага пачатку магла б пагуляць у недатыкальнасць, але…

– Ты жанчына таго тыпу, якія заўсёды падабаліся мне: высокая, стройная, лёгкая, вясёлая, з розумам…

– Ты таксама вельмі ўжо мужчына. І разумнік, і прыгожы, і дзелавы, і забяспечаны, і такі… гулец!

– Я ведаю таямніцы спакусы. Лініі чалавечага цела, іх мова – бяздонная крыніца ідэй і фантазій. Паслухай, мне здаецца, што стрынгі такія нязручныя!

– Таму дзяўчаты любяць іх здымаць. Ха-ха! Мы перабіраемся ў твой пакой, мяркуючы па нашых словах? Але я не ўсё магу. Сёння апошні дзень, калі яшчэ “квітнеюць цыкламены”. Заўтра я ўжо буду ў поўнай баявой. І “разлічуся” за сёння.

*

На навагоднюю ноч ён замовіў столік у рэстаране. У дзесяць вечара назіраў, як Каця апраналася.

– Прыгожая бялізна падобна да вышэйшай адукацыі: яна не бачная, але самаацэнку падымае, – лыбячыся, сказала Каця. Яна сабе падабалася, і бачыла, што не толькі сабе.

– Мне яе зняць?

– Так, так!

– Я ведаю, што магу лепей, але вельмі вялікім было жаданне.

– Лепей не бывае, родны.

– Мне так з табой пашанцавала!

– Час ад часу добрым хлопцам дадзена ў жыцці шанцаванне.

*

Яны выйшлі з таксоўкі, было дзве гадзіны ночы, у вокнах дамоў мільгалі бліскавіцы тэлеэкранаў.

– Там было вельмі шмат віна, ежы і жанчын. Табе не хацелася памяняць мяне на якую-небудзь з іх?

– Навошта?

– Ну, я магла ўжо і надакучыць. А жанчыны, што весяліліся там, гатовыя былі раскрыцца для цябе.

– Мая жанчына – гэта ты, жанчына з патройным эфектам: разумная, пяшчотная, сексуальная. Лепшая!

– Лепшае – для лепшых! Адчыняй дзверы, я чамусьці стамілася.

– Ты так скакала…

– Мы нядрэнна павесяліліся. А зараз вымай мяне з гэтай сукенкі і саджай у крэсла. Шчыра кажучы, я не люблю навагоднія святы. Разумееш, што весялосць ужо не тая, хоць табе толькі і… ужо трыццаць пяць. Падай, калі ласка, маю сумачку.

Яна дастала з яе напоўнены шпрыц у футарале, зняла наканечнік, што накрываў іголку, і злёту ўвагнала ў мякаць вышэй за калена. Наўпрост праз панчоху.

– Што гэта, Каця?!

– Гэта дыябет. У мяне вельмі салодкая кроў.

– Даўно?

– Спадчыннае. Па жаночай лініі. Бабуля, матуля, я, сястра. А ў брата ўсё нармалёва. Я некалькі гадоў не хацела нараджаць. Баялася, што будзе дзяўчынка. Але адважылася, і ў мяне, дзякуй Богу, хлопчык. Ты не пытаўся пра дзяцей, вось я і не казала. Пакуль я ў ад’ездах, ён жыве ў маёй маці. А ў сястры – дзяўчынка, і таксама, як і мы… Шмат навін у навагоднюю ноч?

– Яны нічога не мяняюць у маіх пачуццях да цябе. Я, наадварот, буду больш уважлівым.

– А вось гэтага мне не трэба. Заставайся такім жа, якім быў дзесяць хвілін таму. Мне гэтага хапае. Шкадаваць не трэба. Я добра знаёмая са сваім жыццём. На жаль, так ужо заведзена: чаго нельга, таго вельмі хочацца. Але я ўмею жыць! Думаю, у хаце ёсць элексір жыцця, што жыве ў бутэльцы?

Яны пілі віскі, п’янелі, але не цяжка.

– А за “проста так” мы ўжо пілі?

Каця глядзела скрозь шкло, праз шклянку з залацістай вадкасцю на трэць яго.

– За ўсё ўжо пілі, а за “проста так” яшчэ не.

– Тады за яго, а потым…  Я ведаю пяць моваў, але зараз мы будзем “размаўляць” яшчэ на адной, на любімай: на мове сексу.

*

– Я ўсё ж сёння паеду.

– Чаму? Наперадзе яшчэ тры дні выходных.

– Мы кладземся ў санаторый, на пракапванне. Папрымаем лекі ўнутрывенна. Мы робім гэта два разы на год. А ў санаторый таму, што там іншае, не бальнічнае адчуванне, натуральнае.

– Надоўга?

– Дзесяць дзён. Маленькі адпачынак.

– Можа мне да цябе прыехаць?

– Ні ў якім разе! Я магу перастаць падабацца. Не, я не стану страшнаваценькай, крый Божа. Проста мы з сястрой у гэтыя дні вельмі збліжаемся, расслабляемся і… дурэем. У звычайным жыцці мы гэтага сабе дазволіць не можам. Абедзве пры салідных пасадах і заўсёды навідавоку.

*

Калі Каця з’ехала, Валодзя ўспомніў аднаго знаёмага. У таго таксама быў цукровы “заводзік” унутры. Аднойчы на пляжы знаёмы стаяў, глядзеў на мора, побач былі жонка і дзеці. Раптам ён упаў, тварам у пясок, як падпілаванае дрэва. Было жыццё, і ў імгненне яго не стала. Гэтая карціна “жыцця і не жыцця” пачала Валодзю пераследаваць.

*

Каця з сястрой звычна размясціліся ў “сваім” пакоі. Яны заўсёды жылі ў гэтым люксе. Закруціўся цыкл двухтыднёвага адпачынку-лекавання. Толькі гэтым разам нешта было не так. Туга па Валодзю настолькі згусцела, што Каця разумела: гэта была сустрэча з тых, што змяняюць жыццё. І Час – нагрувашчванне падзей і дат – пайшоў інакш. Гэта было так прыгожа, так камфортна! У Валодзю адчуваўся сапраўдны мужчына: ён умеў абняць, прыціснуць, у яго дужыя рукі. Каця прызнавалася сабе, што ён – адзін з лепшых, з нямногіх лепшых. Яна ўспамінала, як Валодзя сядзеў на канапе, а яна ляжала, паклаўшы ногі яму на калені. Ён вывучаў выгіны яе ступняў, рух пальчыкаў, лашчыў іх пяшчотна сваімі чуллівымі пальцамі. А потым ён цалаваў яе пальчыкі. І яна ўвайшла ў імглістую асалоду. Далей усё было ў тым жа тумане… А цяпер яна ляжыць пад кропельніцай, думае пра тое, што вельмі часта не хапае часу жыць, а не мітусіцца.

*

– Я сыходжу…

– Куды?

– Туды, адкуль не вяртаюцца… Я ў бальніцы.

– Ты маеш на ўвазе санаторый?

– Не, я ўжо ў бальніцы.

– Чаму ты лічыш, што…

– На мяне жаласліва глядзяць медсёстры і ўсе астатнія. Карацей – у мяне паўзучае з клешнямі. Неяк рэзка атрымалася. Я ведала, што такое магчыма ў маёй салодкай сітуацыі. Але каб так хутка і са мною… Лёс не пытае, а выбірае сам. Ён вырашыў звесці мяне з гэтага свету…

– Паслухай, Каця, ты не перабольшваеш?

– Не, любы. Усё на самой справе. І мне страшна. Вечны страх, што раніца для цябе не наступіць.

– Я еду да цябе.

– А вось гэтага не трэба. Смутак нявечыць, старыць, і прывабнасць губляецца.

– І ўсё ж…

– Не і не. І развітвацца са мной не прыязджай. Нашая казка канчаецца. Ёсць мінулы час, але няма нічога мінулага. Мне так падабалася спаць з табой! Гэта было ўсё роўна, як есці забароненыя цукеркі: з’еў адну – хочацца другую, з’еў другую… Мне так падабалася размаўляць з табой! Мне так падабалася гатаваць табе ежу! Мне так падабалася, мне так падабалася…

– Я сабе не дарую, калі не прыеду да цябе.

– Не, родны мой. Навошта на цудоўнай карціне маляваць паўзверх пустую, змрочную вуліцу, дзе няма ні асколка жыцця. Я сама, пакуль змагу, буду табе тэлефанаваць.

Яго адзіноту вышэйшай пробы разбурыла Каця. І Валодзя быў такі шчаслівы, калі яна разбурылася. І хоць заўсёды, ва ўсе часы, адны і тыя ж размовы: аб коштах, надвор’і, рамонтах, аб начальстве, пра суседзяў – іхнія былі натуральныя і не так прыкметныя пад той аўрай, сярод якой яны кахалі адзін аднаго. У межах лёсу змянялася яго жыццё, і ён упершыню, нягледзячы на вопыт свайго жанатага жыцця, пазнаваў хараство сумеснага быцця з любімай жанчынай. “Ніколі не позна зрабіць тое, што трэба!” – казаў ён сабе, уяўляючы іх сумеснае жыццё.

*

– Ведаеш, родны, мне стала лепей.

– Ну вось бачыш, дарэмна панікавала.

– Гэта перад канцом. Так часта бывае. Я зараз так хацела б сказаць табе: “Займіся са мной каханнем! Вярні мне тваё цела!” Перад сыходам хочацца не вады, а сексу…

*

У ціхай глыбіні начы зазвінеў тэлефон.

– Гэта Вера, сястра. Каця толькі што сышла…

– Я ведаю.

– Адкуль?

– Я не мог заснуць.

– Яна прасіла перадаць, што вы лепшае, што было ў ейным жыцці. Яшчэ яна казала, каб вы, калі не надакучыць, глядзелі ў адну вядомую вам абодвум карціну. Вы не прыязджайце, добра?

– Так, я ведаю. Трымайцеся. Я вельмі яе кахаў… Бывайце.

– Усяго вам лепшага.

*

Таемная, вышэйшая прысутнасць будзіць нас, прымушае рабіць нечаканыя ўчынкі. Валодзя сеў у машыну. На набярэжнай, нягледзячы на тры гадзіны ночы, было шумна, людна. Ён спусціўся да вады. Мора несла хвалі нячутна, быццам баялася лішняга шуму. Ён любіў сябе сам, пад вялікай поўняй. На яго крык падышла незнаёмка, прыгледзелася і сказала: “Я б магла дапамагчы табе сабою”.

– Я гэтага не хачу.

– У цябе бяда?

– Якая табе справа?

– У свеце ўсё ўзаемазвязана, толькі не ўсе пра тое ведаюць. Вечнасць мора і нашыя ўтрапёныя душы, адляцяць аднойчы таксама ў вечнасць. Ідзі, напіся алкаголю.

– Ты хто?

– Жанчына, якая баіцца ночы. Гэта не мой час, хаця, здавалася б, усё заціхае і быццам можна гаспадарыць у сваім жыцці. Але я заўсёды чакаю раніцу. Бывай.

Яна адвярнулася і пайшла ўздоўж берага. Яе хада і пастава нагадвалі Кацю. Валодзя закрыў вочы, пахіснуўся, зноў паглядзеў услед незнаёмцы. “Нейкая містыфікацыя”, – падумаў ён і тузануў сябе за нос. Стала балюча…

Ён піў тры дні. Потым выйшаў на працу. І больш за ўсё зноў палюбіў сваю справу.

Пагаліўся праз месяц.

Верасень 2017

(паводле часопіса «Дзеяслоў», № 91)

* * *

Д. Шульман адпачывае ў Ждановічах пад Мінскам, чэрвень 2017 г. Фота В. Рубінчыка.

Ад belisrael.info. Так, у пачатку 2018 года паважанаму жыхару Эйлата споўнілася 70. Мазлтоў!

Яшчэ адно апавяданне Д. Шульмана на нашым сайце Пра пляж і не толькі

Cёлета ў пісьменніка мае выйсці ў Мінску новая кніга (на рускай), у ёй будзе і пераклад апавядання «Каця і Валодзя».

Апублiкавана 06.04.2018  09:58