Пра М.В. Данцыга (1930–2017). Ч.1

В. Рубінчык. МАЙ ДАНЦЫГ ЯК «ЯЎРЭЙСКІ НАЧАЛЬНІК»

Ужо амаль радзіліся лісты

І заўтра Май займае ўсе пасты.

(Юлій Таўбін, «Таўрыда»)

Цэлы год Мая Вольфавіча няма на гэтым свеце (у іншасвет ён не верыў, але, спадзяюся, яму там добра). Я не быў ягоным прыяцелем, аднак у 1994–2001 гг. бачыў і чуў на вуліцы Інтэрнацыянальнай, 6 ледзь не кожны тыдзень. Нагадаю – па гэтым адрасе прыкладна 10 гадоў дзейнічала Мінскае таварыства яўрэйскай культуры імя Ізі Харыка (МОЕК).

У МОЕК я прыйшоў увосень 1993 г., калі вучыўся ў выпускным класе, і на многае не прэтэндаваў. Дапамагаў у бібліятэчных справах, часам выконваў даручэнні «начальства» – карацей, быў валанцёрам. Развітаўся з арганізацыяй улетку 2001 г. без аніякіх даведак і запісаў у працоўнай кніжцы. Папраўдзе, наведваў суполку перадусім дзеля бібліятэкаркі Дзіны Звулаўны Харык, бо ёй патрабавалася падтрымка – маральная, а здаралася, і фізічная. Узамен атрымліваў душэўнае цяпло, завязваў знаёмствы… Некаторыя не згаслі дагэтуль.

Cпачатку адносіны з М. В. Данцыгам былі роўныя, карэктныя – старшыня выглядаў імпэтным веселуном. Ён не вельмі зварочваў увагу на тое, як я корпаўся ў бібліятэцы, але ўлетку 1994 г. падпісаў мне рэкамендацыю для паступлення ва ўніверсітэт культуры на бібліятэчны факультэт. Зрэшты, калі па іспытах мне не хапіла балу, то ад далейшых клопатаў прафесар aкадэміі мастацтваў устрымаўся. У верасні 1994 г. незалежна ад МОЕКа (але пры падтрымцы сваёй школьнай настаўніцы французскай мовы Валянціны Лапатнёвай) я паступіў у Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт, і з таго часу адносіны з Данцыгам… не паляпшаліся. Ды я на яго ласку больш і не разлічваў: па-ранейшаму прыязджаў на Інтэрнацыянальную 2-3 разы на тыдзень, кансультаваў гасцей бібліятэкі, афармляў заказы, расстаўляў кнігі… Зрэдчас рыхтаваў выставы, ездзіў па літаратуру ў пасольства Ізраіля або ў прадстаўніцтва «Джойнта».

Пэўны час у сярэдзіне 1990-х наведваў нядзельныя курсы ідыша і лекцыі па ідышнай літаратуры, якія вялі, адпаведна, Абрам Жаніхоўскі і Гірш Рэлес (з імі адносіны складваліся лепей). Арганізоўваліся ў чытальнай зале бібліятэкі таксама лекцыі іншых яўрэйскіх дзеячаў, найперш Якава Басіна: нешта цікавіла больш, нешта менш. Хацеў або не, выпадала слухаць, бо праходзілі яны ў час працы бібліятэкі.

У той жа «гістарычны перыяд» МОЕК здаваў чытальную залу пад урокі іўрыта, за іх адказваў «Сахнут» (офіс яго знаходзіўся наверсе; там жа працаваў ульпан, але, відаць, месца не хапала). Здараліся пікіроўкі з настаўніцамі, якім, натуральна, замінала тое, што ў час заняткаў чытачы бібліятэкі крочылі праз пакой. Асабліва абуралася ізраільцянка Анат Ліфшыц… Калі не было заняткаў, то ў гэтым жа пакоі рэпеціраваў дзіцячы хор – здаецца, таксама сахнутаўскі. Менавіта падчас адной з рэпетыцый я заўважыў, што зух і весялун Данцыг умее быць, мякка кажучы, не дужа ветлівым чалавекам. Праз нейкую драбязу ён раскрычаўся на дзяцей, а потым і на кіраўнічку хору… І пазней Май Вольфавіч імкнуўся паказаць, хто ў акрузе гаспадар. Аднойчы паклікаў мяне ў «сакратарыят» (пакойчык справа ад уваходу) і паведаміў, што «Сахнут» шукае ахоўніка; маўляў, уладкуйся, «нам там патрэбен свой чалавек». Я адмовіўся; гутарка працягу не мела.

Вось яшчэ характэрны эпізод. Бібліятэку наведвала няшмат чытачоў: па картатэцы было звыш 100, а пастаянных, можа, 15-20. Адзін з іх прызнаўся Дзіне Звулаўне, што згубіў кнігу (добра помню – не з каштоўных). Звычайна ў такіх выпадках мы шукалі кампраміс – але собіла ж у тую хвілю апынуцца побач Данцыгу! Крык, скандал… Чытач сышоў і больш не прыходзіў.

Увесну 1998 г., калі святкавалася 100-годдзе з дня народзін Ізі Харыка, Данцыг накрычаў ужо на Дзіну Звулаўну – пры мне і нават пры жанчынках з малой радзімы Харыка, якія прыехалі на юбілей. Потым я паспрабаваў тэт-а-тэт патлумачыць, што… не варта так рабіць. У нейкі момант задаў яму пытанне: «Няўжо Вы спавядаеце прынцып “Я начальнік – ты дурань”?» Ён кінуў у адказ: «Так, я начальнік, а ты – дурань і хамло!»

Мне карцела развітацца з МОЕКам, але шкадаваў удаву паэта (ёй было моцна за 80). Хадзіў і далей, дарма што бачыў –таварыства занепадае, штогод яго наведвае ўсё менш аматараў… Асабліва з канца 1990-х, калі стары артыст-ідышыст Майсей Абрамавіч Свірноўскі і ягоная «капела» перабраліся ў «Хэсэд Рахамім» – там і ўмовы для рэпетыцый былі больш адэкватныя, і творчых людзей лепей заахвочвалі. Клуб «Белыя і чорныя» пераехаў у раён станцыі метро «Усход» яшчэ раней.

У 2000 г., пасля таго, як паступіў у аспірантуру, «дарос» да таго, што намесніца Данцыга папрасіла пачытаць наведвальнікам МОЕКа на Інтэрнацыянальнай некалькі лекцый. Ясна, з санкцыі «самога» – ён мне і грошы адлічваў (хіба долар-два за лекцыю, а іх адбылося пяць або шэсць). Мо і дарэмна браў: пазней, у 2001 г., гэтымі грашыма мяне публічна папракалі, калі стаў задаваць кіраўніцтву нязручныя пытанні.

Пра канфлікт 2001 г., звязаны з высяленнем МОЕКа, напісана нямала – хоць бы ў газетах «Анахну кан», «Берега», «Авив», дый у маёй кніжцы «На яўрэйскія тэмы» (2011). Нехта вінаваціў гарадскія ўлады, якія «нечакана» ўзнялі арэндны кошт за будынак, нехта – «Джойнт», які адмовіўся плаціць у некалькі разоў болей і прапанаваў МОЕКу месца ў тады яшчэ не адкрытым Абшчынным доме на В. Харужай, нехта – саюз яўрэйскіх аб’яднанняў на чале з Леанідам Левіным… Небеспадстаўна ўпікаючы за пасіўнасць кіраўніцтва названага саюза, трэба ўлічваць, што М. Данцыг шмат гадоў быў там віцэ-прэзідэнтам. Праўда, пасля таго, як «хеўра чатырох» у сярэдзіне 1990-х спрабавала скінуць Левіна з пасады, наўрад ці Леанід Мендалевіч давяраў свайму намесніку… Хутчэй трымаў яго для «вітрыны», як старшыню першай «свецкай» яўрэйскай суполкі ў познесавецкай Беларусі (сёлета МОЕКу – 30; спярша ён працаваў пад эгідай Беларускага фонда культуры).

«Антылевінскія» інтрыгі пляліся ў 1994–95 гг. на Інтэрнацыянальнай і ў маёй прысутнасці. Вядома, у 17–18 гадоў мяне збольшага цікавілі іншыя праблемы. Прыпамінаю, не ў захапленні быў ад левінскай дэмагогіі, але і «дэмакратычная» альтэрнатыва, абмаляваная на палосах газеты «Авив хадаш» (рэдактар – Нардштэйн, памочнікі – Басін, Данцыг), не вабіла. Напружвалі як асаблівасці паводзін Данцыга, бадай, не менш схільнага да «культу асобы», чым Левін, так і абыякавасць старшыні таварыства яўрэйскай культуры да мовы ідыш. Дзіна Харык запрашала яго падвучыць мову на курсах, аднак М. Д. заўсёды аднекваўся. Ён ведаў некалькі слоў і меркаваў, што досыць. Я не здзівіўся, калі ў 2002 г. Аляксандр Астравух, адзін з беларускіх рэстаўратараў-ідышыстаў, сказаў у інтэрв’ю пра пачатак 1980-х: «Мастак Май Данцыг, мой выкладчык, ведаў, што мы вывучаем ідыш, але для яго гэта тэма была абсалютна закрытая».

Прыкладна ў 2001 г. ад Леаніда Зубарава я даведаўся, што ўвосень 1988 г. мастака на пасаду старшыні таварыства яўрэйскай культуры прывёў, фактычна, гаркам партыі. Пра тое самае Л. З. напісаў у сваім артыкуле 2013 г.: «Данцыга актывісты ўпершыню пачулі на ўстаноўчым сходзе. Перад тым ніколі ні на водным яўрэйскім мерапрыемстве Данцыга ніхто не бачыў». Але пан Зубараў не надта тужыў, што стаў на тым сходзе толькі намеснікам, а не старшынёй: «Трэба прызнаць, што Данцыг, хоць і адпрацоўваў нешта абяцанае…, але стараўся. Рабіў усё добра, сумленна і з усімі ладзіў». Мяркую, актывісты, якія стаялі ля вытокаў МОЕКа, але неўзабаве пакінулі яго (Фелікс Хаймовіч, Юрый Хашчавацкі…), з гэтым не згодзяцца. Яшчэ адзін колішні прэтэндэнт на лідэрства ў МОЕКу, інжынер Якаў Гутман, летась выказаўся так: «Я не магу даць высокую ацэнку вынікам работы Данцыга. Ён працаваў паводле прынцыпу – ты, работа, нас не бойся, мы цябе не кранем. Калі выдзелілі ў [арэнду] будынак на Інтэрнацыянальнай [у 1991 г. – В. Р.], я быў катэгарычна супраць таго, каб мы яго бралі. Я казаў, што нам не трэба чужога, аддайце нам наша…»

Хіба апошні зварот («Літаратура і мастацтва», май 1990), які Гутман і Данцыг падпісалі разам

Характарыстыка ад Гутмана з’явілася, на жаль, не на пустым месцы. У пачатку 1990-х барысаўскі краязнавец Аляксандр Розенблюм сустракаўся з Данцыгам і расказаў яму пра гаротны стан дома ў Зембіне, дзе нарадзіўся Ізі Харык. У 1997 г. А. Розенблюм, пераехаўшы ў Ізраіль, канстатаваў у «Еврейском камертоне»: «як мне здалося, паважаны прафесар не выявіў да майго расповеду ніякай цікавасці». Увосень 2001 г. дом знеслі.

Не самыя кампліментарныя запісы пра Данцыга ды працу МОЕКа ў першай палове 1990-х знайшліся і ў дзённіку Міхаіла (Ехіэля) Зверава, які да 1995 г. уваходзіў у праўленне суполкі. Дарэчы, у чэрвені 2001 г. Міхаіл Ісакавіч прыйшоў на сход, дзе я пратэставаў супраць планаў закрыцця бібліятэкі і перадачы кніг МОЕКа на хаванне ў Данцыгаву майстэрню. Ён выступіў эмацыйна і крытычна, падкрэсліўшы, што МОЕК ператварыўся ў «гурток пенсіянераў». Данцыг са сваімі апалагетамі (Ала Левіна, Сямён Ліякумовіч…) спрабавалі заткнуць Звераву рот, але прысутнасць карэспандэнткі «Берегов» Алены Кагалоўскай крыху іх стрымлівала.

Нехта скажа: ну во, пакрыўджаны чэл выплюхвае негатыў… Але я нічога не выдумляю і адмыслова не збіраў «дасье» на Мая Вольфавіча; проста яго заўсёды – нават пасля адстаўкі 2001 г. – было настолькі «многа», што факты самі скакалі ў вочы. З каталога Нацыянальнай я лёгка даведаўся пра тое, што мастак у cярэдзіне 1970-х рысаваў такіх знакамітых дзеячаў, як Аляксей Касыгін, Міхаіл Суслаў.

Не ўсіх мастакоў у хрушчоўска-брэжнеўскі час дапускалі да «целаў» і выпускалі за мяжу. Не кожны станавіўся членам праўлення Саюза мастакоў БССР, а вось Данцыгу тое ўдалося ў 32-хгадовым узросце (пазней быў і намстаршыні Саюза). Відаць, начальніцкая пасада наклала адбітак і на яго далейшую жыццядзейнасць. Як трапна выказаўся мастак Андрэй Дубінін, Май Данцыг «выйграў жыццё, але прайграў лёс».

Тым не менш, асоба М. Д. не выклікае ў мяне такой непрыязнасці, як, напрыклад, асоба Левіна. Усё-такі заслужаны мастак працаваў на «яўрэйскай вуліцы» ў няпростых умовах канца 1980-х, калі існаваў як недавер з боку чыноўнікаў, так і моцная канкурэнцыя (к 1991 г., калі Л. Левін узначаліў «усебеларускую» яўрэйскую суполку, большасць актывістаў з’ехала): падпісваў важныя адозвы, хадзіў па «інстанцыях». Пэўны аўтарытэт Май Вольфавіч, які прыклаў руку да з’яўлення ў Мінску першай афіцыйна прызнанай яўрэйскай нядзельнай школы (1990), такі заваяваў, і на Інтэрнацыянальнай у 1990-х гуртаваліся ветэраны, былыя вязні гета, музыкі, шахматысты з шашыстамі… У сакратаркі заўсёды можна было набыць яўрэйскія газеты, а калі-нікалі – часопісы, кнігі. Пад канец, у 2000 г., на другім паверсе адкрыўся музейчык з экспазіцыямі, прысвечанымі даваеннаму яўрэйскаму тэатру і Катастрофе яўрэяў Беларусі, – мала каму ў горадзе вядомы, але ўсё ж… Прытуліў МОЕК і рэдакцыю мінскай газеты «Авив»; рэдактар настолькі расчуліўся, што потым не раз пісаў панегірыкі на адрас М. Данцыга.

Ён запомніўся такім… Фота 1998 г.

Калі старшыня мала спрыяў аматарам ідыша, то не дужа і замінаў ім; пляцовак жа для збору яўрэяў у Мінску 1990-х не хапала, каштоўны быў кожны лапік. Некаторы час «моекаўцы» збіраліся таксама ў бібліятэцы імя Купалы ля Камароўкі – прасторы там было куды больш, чым на Інтэрнацыянальнай. Запомніліся прэзентацыі кніг Арона Скіра «Еврейская духовная культура в Беларуси», Марата Батвінніка «Г. М. Лившиц». Цікава ў 1996 г. мы пасядзелі і паспявалі з Якавам Бадо, акцёрам ізраільскага тэатра «Ідышпіль». А ў 2000 г. на Інтэрнацыянальную завітаў Янка Брыль – прысутнічаў я і на той сустрэчы, слухачоў набілася процьма.

Не забываючыся на ягоныя «дзіўноты і памароцтвы», я ўдзячны Маю Данцыгу за ўсё добрае. Чалавеку, сфармаванаму ў савецкі час, а пагатове ў сталінскі, цяжка было перарабіць сябе. Нават яго пралукашэнкаўскія заявы 1998 г. (у газеце «Белоруссия») і 2014 г. (у часопісе «Беларуская думка») магу зразумець – Лукашэнка ў студзені 1995 г. надаў яму годнасць народнага мастака, а ў верасні 2005 г. узнагародзіў і ордэнам Францыска Скарыны. Усё ж у МОЕКу партрэтаў «правадыра» не назіралася, а вось выявы ідышных пісьменнікаў у чытальнай залі шмат гадоў віселі.

Заслужанае ці не было тое званне «народнага»? Пытанне чыста абстрактнае. Па-мойму, здараліся ў мастацкай творчасці М. В. Данцыга правалы, але ж не бракавала і рэальных дасягненняў. Так, з гісторыі мастацтва і яўрэйскага руху ў Беларусі яго не выкрэсліць.

Вольф Рубінчык, г. Мінск

wrubinchyk[at]gmail.com

26.03.2018

Увага! Скора на сайце – ч. 2 (мастацтвазнаўчыя рэфлексіі Андрэя Дубініна пра творчасць Мая Данцыга і не толькі)

Апублiкавана 26.03.2018  16:46