28.02.2018 / 14:57
Анатоль Сідарэвіч: 25 Сакавіка патрэбны кампраміс
Калі Мікола Купава ды іншыя дзеячы пачалі ствараць аргкамітэт дзеля падрыхтоўкі да святкавання 100-х угодкаў абвяшчэння назалежнасці БНР, я адмовіўся ў яго ўвайсці. Па-першае, з досведу мінулых гадоў я не выключаў, што да гэтага аргкамітэта прымажуцца дзеячы, якія нікога не прадстаўляюць, але надта хочуць папіярыцца і нешта зарабіць на гэтым — не абвязкова грашамі. Па-другое, я ведаю закон аб масавых мерапрыемствах.
Ніякі аргкамітэт не можа падаць заяву на правядзенне шэсця, дэманстрацыі ці мітынгу, бо гэтыя аргкамітэты — што на чале з паважнымі акадэмікам Радзімам Гарэцкім ды Міколам Купавам, што на чале з Міколам Статкевічам ды іншымі — нейкае часовае аб’яднанне прыватных асоб без правоў і абавязкаў. Гэты камітэт ніякім родам не можа ўзяць на сябе адказнасць за правядзенне масавага мерапрыемства. Такое права маюць толькі сябры камітэта. Як грамадзяне, як фізічныя асобы, яны могуць падаць індывідуальную ці калектыўную заяву на правядзенне масавага мерапрыемства, якім плануецца ўдзел 1000 чалавек. Арганізатарамі ж сходу, мітынгу, шэсця, дэманстрацыі, пікетавання з удзелам больш як адной тысячы чалавек могуць быць толькі палітычныя партыі, прафсаюзы ды іншыя арганізацыі, якія зарэгістраваны органамі юстыцыі і з’яўляюцца юрыдычнымі асобамі.
Калі мы разлічваем, што святкаваць 25 Сакавіка выйдзе не адна тысяча мінчукоў, то падаць заяву на правядзенне масавага мерапрыемства мае права толькі так званая тытульная апазіцыя (палітычныя партыі), а таксама грамадскія аб’яднанні. Гэта ў першую чаргу (пералічваю ў алфавітным парадку) Аб’яднаная грамадзянская партыя, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), Партыя БНФ і Рух за свабоду. Вядома, што да гэтай кампаніі з вядомых прычын не далучацца Кансерватыўна-хрысціянская партыя БНФ і Партыя «Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада» (такая яе афіцыйная назва).
Улада ідзе насустрач пажаданням грамадзян адзначыць 100-годдзе Акту 25 Сакавіка. Яна дазваляе святочны канцэрт пад адкрытым небам, але выказваецца супраць шэсця ці то дэманстрацыі. Гэта скрозь зубы я магу назваць прагрэсам. І нават магу знайсці апраўданне дзеянням улады, якая вымушана цяпер круціць галавою і прыслухоўвацца то да Бруселя, то да Масквы ды шукаць нейкую сярэдзіну. Не дазволіць масавае мерапрыемства 25 Сакавіка ўлада не можа (тут і Брусель, і разуменне ды нават прызнанне таго, што дзяржаўнае будаўніцтва Беларусі пачалося не з ласкі бальшавікоў). Але ўлада не можа дазволіць і шэсце. А раптам пад бел-чырвона-белымі сцягамі выйдуць некалькі дзясяткаў тысяч чалавек. І хто сказаў, што Масква пракаўтне такую пілюлю моўчкі?